Першая сусветная вайна пакінула глыбокі след у гісторыі чалавецтва. Нездарма ж яна лічыцца мяжой паміж Новым і Найноўшым Часам. Вайна карэнным чынам паўплывала на гістарычны лёс шмат якіх народаў Еўропы, у тым ліку, і беларускага.
Вядома, што горад Баранавічы апынуўся ў эпіцэнтры падзей, якія адбываліся на Усходнім фронце Першай сусветнай вайны. Тут на працягу першага яе года знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскай арміі [5; 6; 8]. У гэтым рэгіёне ўлетку 1916 г. адбывалася Баранавіцкая (другая назва: Скробаўска-Гарадзішчанская) наступальная аперацыя расійскіх войск [1; 5; 7]. Ды і надалей горад, што з канца верасня 1915 г. апынуўся пад акупацыяй войскамі Чацвярнога Саюза, захоўваў, прынамсі, да пачатку перамоў у Брэст-Літоўску, сваё стратэгічнае значэнне ў якасці прыфрантавога населенага пункту і буйнога чыгуначнага вузла.
Здавалася б, што з захаваннем памяці пра гэтую важную гістарычную падзею ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне не павінны ўзнікнуць праблемы. Аднак не ўсё так проста. І справа тут не толькі ва ўзроўні гістарычнай самасвядомасці жыхароў рэгіёна.
З пэўнай доляй умоўнасці можна сцвярджаць, што Першай сусветнай вайне “не пашанцавала” з гістарычнай памяццю нашага грамадства. У межах савецкай ідэалогіі за ёй замацаваўся ўстойлівы вобраз несправядлівай з абодвух варожых бакоў, імперыялістычнай вайны, найбольш яскравай праявы нялюдскай сутнасці свету эксплуатацыі і гвалту. Такі падыход адпаведным чынам уплываў і на афіцыйную гістарыяграфію, і на масавую гістарычную самасвядомасць. Таму і не мела савецкае грамадства зацікаўленасці ў захаванні памяці пра вайну.
Не было такой зацікаўленасці і ў грамадства Другой Рэчы Паспалітай (як вядома, Баранавічы разам з іншымі заходнебеларускімі землямі ўваходзілі ў яе склад на працягу 1921 – 1939 гг.). У дадзеным выпадку стаўленне да гэтай вайны як да “чужой” тлумачылася вельмі проста: яе асноўнымі ўдзельнікамі на Усходнім фронце былі дзяржавы (альбо іх гістарычныя папярэдніцы), якія ў другой палове XVIII ст. раздзерлі на часткі Першую Рэч Паспалітую. Таму і няварта было чакаць, што польскія ўлады надта ўжо заклапоцяцца пра замацаванне ў гістарычнай свядомасці падзей, звязаных, напрыклад, з імем апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ. Хіба што толькі палякі прагматычна мадэрнізавалі абарончыя ўмацаванні, пакінутыя немцамі, а яшчэ паставілі ў вёсцы Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёна помнік Польскаму Легіёну, жаўнеры якога змагаліся на баку Расіі [1; 4].
У якасці альтэрнатывы гістарычнаму афіцыёзу магла б разглядацца вусная гісторыя. І сапраўды, у народзе доўга захоўвалася памяць пра “германскую” вайну. Аднак тады, калі яна захоўвалася, не знаходзілася тых, хто б зафіксаваў успаміны людзей, а потым ужо было позна па прычыне натуральнай змены пакаленняў. Да таго ж трагічныя і велічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны засланілі ў народнай памяці падзеі Першай сусветнай вайны.
Абуджэнне цікавасці да Першай сусветнай вайны і да ролі ў ёй Баранавіцкага рэгіёна адбылося адносна нядаўна, некалькі гадоў таму, і не ў апошнюю чаргу было выклікана набліжэннем 100-годдзя з пачатку вайны. Грамадства са здзіўленнем заўважыла чарговую “белую пляму” ў сваёй гістарычнай свядомасці. Адсюль вынікае неабходнасць аддаць “даніну той вялікай вайне” [9] (тут і далей пераклад аўтара з рускай мовы на беларускую – А.Л.). Доказ таму – пералік электронных рэсурсаў, змешчаных ніжэй у спісе выкарыстаных крыніц. Тут дарэчы будзе адзначыць, што пералік гэты не з’яўляецца поўным. Адпаведныя матэрыялы можна сустрэць як на спецыялізаваных (гістарычных, краязнаўчых, рэгіянальных), так і на неспецыялізаваных сайтах.
Работа можа весціся і вядзецца ў некалькіх накірунках. Адзін з іх – даследаванне таго перыяду, калі ў Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскай арміі. Гаворка ідзе аб умоўным паўднёва-цэнтральным мікрараёне сучаснага горада. Гэты мікрараён знаходзіцца ў заходнім і паўднёва-заходнім напрамку ад чыгуначнага вакзала “Баранавічы-Палескія”. Дарэчы кажучы, па стану на пачатак вайны Стаўка была размешчана па-за межамі населенага пункта, які тады можна было ахарактарызаваць, як мястэчка, а не як горад [8]. Захавалася дастатковая колькасць фатаграфій, у тым ліку, з выявай Мікалая ІІ, для таго, каб хоць у агульных рысах атрымаць уяўленне аб тых умовах, у дастатковай ступені спартанскіх, у якіх дзейнічала Стаўка [6].
Як бачна з гэтых фатаграфій, пераважалі драўляныя будынкі, хаця сам Вярхоўны Галоўнакамандуючы жыў у адмысловым, прыстасаваным пад жытло вагоне (апошні не трэба блытаць з імператарскім цягніком, на якім Мікалай ІІ раз-пораз наведваў Баранавічы) [6; 8]. Не высветлена дакладна, дзе менавіта знаходзіліся цягнікі Стаўкі. Паводле найбольш верагоднай версіі, яны “стаялі ў раёне вуліц Свердлава і 50-годдзя УЛКСМ” [8].
Літаральна да нашага часу захаваліся драўляныя будынкі, якія мясцовыя людзі прызвычаіліся называць “баракамі”. Іх трываласць робіць гонар тагачасным будаўнікам, якія выбіралі выдатны матэрыял. Час, аднак, браў сваё, будынкі прыходзілі ў заняпад, ператвараючыся ў нягеглыя хаціны, якія сваім выглядам горад не ўпрыгожвалі. Таму і было вырашана іх разбурыць, каб вызваліць тэрыторыю пад будаўнічыя пляцоўкі [3]. У якасці “кампрамісу з гісторыяй” было прапанавана рашэнне захаваць адзін з іх, што знаходзіцца на вуліцы Заслонава, адрэстаўраваўшы і ператварыўшы яго ў музей Першай сусветнай вайны [3]. Аднак гэтае рашэнне вельмі няпростае для рэалізацыі, паколькі патрабуе сур’ёзных капіталаўкладанняў, якія могуць быць не па сілах для гарадскога бюджэту. Пытанне аб стварэнні музея, такім чынам, застаецца дыскусійным.
Яшчэ адным накірункам дзейнасці па аднаўленню памяці пра вайну ў рэгіёне з’яўляецца прыцягненне мясцовага матэрыялу ў працэсе вывучэння баявых дзеянняў, якія ў час правядзення Баранавіцкай наступальнай аперацыі былі надзвычай інтэнсіўнымі. Аднак і па-за межамі дадзенай аперацыі тут мелі месца факты, цікавыя з пункту гледжання ваеннай гісторыі. Напрыклад, 5 лістапада 1915 г. у раёне станцыі Баранавічы ў выніку абстрэлу з боку нямецкай зенітнай артылерыі пацярпеў катастрофу знакаміты расійскі самалёт “Ілля Мурамец” (дакладней, “Ілля Мурамец-3”), які перад гэтым здзейсніў бамбардзіроўку станцыі [5].
І ўсё ж у ваенную гісторыю рэгіён увайшоў дзякуючы Баранавіцкай аперацыі 1916 г., у цэлым няўдалай для расійскай арміі. Гэтая аперацыя прывяла да шматлікіх ахвяр з абодвух бакоў, пры гэтым страты расійскай арміі былі значна большымі. А там, дзе страты ў жывой сіле – там і пахаванні, і помнікі.
Да такіх помнікаў на тэрыторыі Баранавіцкага раёна, акрамя ўжо ўзгаданага манумента ў вёсцы Старыя Войкавічы, адносяцца мемарыяльная дошка на брацкай магіле ў вёсцы Скробава Горнае, нямецкія вайсковыя пахаванні ў вёсках Бярозаўка і Кісялі [4], а таксама пахаванні германскіх, аўстра-венгерскіх і расійскіх салдат на могілках у вёсцы Вялікая Каўпеніца з напаўразбураным нямецкім помнікам [1]. Іх неабходна падтрымліваць у належным стане і, няхай гэта гучыць крыху цынічна, выкарыстоўваць у турысцкіх мэтах, распрацоўваючы альбо спецыяльныя, альбо комплексныя маршруты, арыентуючыся на турыстаў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Германіі.
Гэтыя маршруты маглі б зацікавіць і сяброў шматлікіх у наш час клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Прыкладам такой рэканструкцыі, прынамсі, выкарыстання яе элементаў, можа служыць аўтапрабег па маршруце Брэст – Баранавічы, здзейснены ўдзельнікамі групы “Рубеж” [1]. Падчас прабегу яны, выконваючы ролі расійскіх і германскіх вайскоўцаў, а таксама сясцёр міласэрнасці, наведалі згаданыя вышэй помнікі. Пры гэтым варта пазнаёміцца з іншымі адметнасцямі краю, не звязанымі наўпрост з Першай сусветнай вайной, што і было зроблена ў дадзеным выпадку.
Першая сусветная вайна, як вядома, у шмат чым мела пазіцыйны, “акопны” характар. У ходзе яе былі прадэманстраваны яскравыя прыклады фартыфікацыйнага майстэрства. У гэтым сэнсе не з’яўляецца выключэннем тэрыторыя Баранавіцкага раёна. Напрыклад, няблага зберагліся, калі ўлічваць амаль стогадовую адлегласць, нямецкія збудаванні каля вёскі Сталовічы. Яны патрабуюць адпаведных даследаванняў, і такія даследаванні праводзяцца, праўда, на аматарскім узроўні [7]. Лепш, аднак, каб гэтай справай займаліся адпаведныя спецыялісты, паколькі ў такім выпадку будзе больш карысці для гістарычнай навукі. Ды і небяспечна аглядаць пазіцыі людзям без належнай падрыхтоўкі, паколькі заўжды ёсць рызыка натрапіць на бяду ў выглядзе, напрыклад, неразарванага снарада.
Тэмай, якая патрабуе асобнага разгляду і даследавання, з’яўляецца тэма пад умоўнай назвай “Баранавічы і акруга ў перыяд акупацыі (1915 – 1918 гг.)”. Акупацыі папярэднічала спроба эвакуацыі моладзі мястэчка Баранавічы, ініцыятарам якой выступілі расійскія ўлады, аднак яна фактычна была праігнаравана большай часткай насельніцтва [5].
Пры адступленні расійскія войскі выкарысталі “тактыку выпаленай зямлі”, пастараўшыся знішчыць усё тое, што немагчыма было вывезці. Да таго ж бежанцы, што ўцякалі на ўсход праз Баранавічы, не па сваёй волі спрычыніліся да ўзнікнення эпідэмій дызентэрыі і халеры [5].
Немцы ўстанавілі тут жорсткі акупацыйны рэжым: “у Германію вывозілася абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, працаздольнае насельніцтва, а таксама сельскагаспадарчыя жывёлы і прадукты” [5]. Такі жорсткі рэжым тлумачыўся не ў апошнюю чаргу прыфрантавым становішчам рэгіёна, што выявілася ў існаванні нямецкіх ваенных камендатур, прыкладам адной з іх з’яўляецца камендатура ў мястэчку Лясная [2].
Гэтыя факты раскрываюць антычалавечы характар вайны і дазваляюць пазбегнуць яе неапраўданай рамантызацыі. Яны могуць быць выкарыстаны ў ходзе правядзення краязнаўчай работы, як на ўзроўні школьнага гуртка, так і на ўзроўні навуковай канферэнцыі.
Яшчэ адной формай работы з’яўляецца правядзенне тэматычных выставак. На такіх выстаўках экспанатамі могуць быць дакументы, фатаграфіі, плакаты, ордэны, медалі, іншыя артэфакты часоў Першай сусветнай вайны [9]. І неабавязкова, дарэчы, іх праводзіць толькі напярэдадні памятных датаў.
Такім чынам, у справе захавання памяці пра Першую сусветную вайну ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне зроблена нямала, але, мабыць, трэба зрабіць яшчэ больш. Варта ўсвядоміць, што такія грандыёзныя падзеі, нягледзячы на іх антыгуманную сутнасць, аказваюць вялікі ўплыў на гістарычнае развіццё і адбіваюцца ў лёсах як народаў, так і асобных людзей, у тым ліку, нашых продкаў і землякоў.
Літвінскі А.У.
Военно-историческое наследие Первой мировой войны в Республике Беларусь и Российской Федерации : проблемы изучения, сохранения и использования : сб. науч. ст./Учреждение образования "Гродненский гос. ун-т им. Я.Купалы"; Ред. коллегия: А.Н. Нечухрин, С.А. Пивоварчик, В.А. Белозорович, С.В. Донских, М.В. Мартен.- Гродно : ГрГУ им. Я. Купалы, 2016