Кажучы пра найноўшыя вынікі вывучэння гісторыі Першай сусветнай вайны, зазначым, што ўвага да яе ў Беларусі прысутнічае, хаця нейкім значным прарывам яе назваць нельга. На мяжы ХХ – ХХІ стст. з’явіліся рознага ўзроўню працы Бабкова А., Карнелюка В., Лапановіча С., Лігуты У., Мазеца В., Рудовіча С., Саматыя В., Скалабана В., Смальянінава С., Чарапіцы В., Шведа В. [1 – 16]. Тэмамі найноўшых даследванняў беларускіх даследчыкаў сталі пытанні дэмаграфічных перамен, выкліканых вайной, дзейнасці грамадзянскай і ваеннай улады ў беларускіх населеных пунктах, войска, бежанцы, палітычныя партыі, вайсковае будаўніцтва.
90-я гг. ХХ ст. і першае дзесяцігоддзе ХХІ ст. сталі часам актыўнага вывучэння праблем, звязаных з гісторыяй Першай сусветнай вайны расійскімі гісторыкамі. Гэты паварот да дадзенай гістарычнай падзеі звязаны найперш з падкрэсленай увагаю расійскіх даследчыкаў да тэматыкі, звязанай з дарэвалюцыйным, імперскім часам, пра які ў савецкі перыяд вывучалася толькі ў рэчышчы камуністычнай ідэалогіі. Сярод тэматыкі даследванняў нас найбольш цікавіць тыя працы, якія закранаюць аспекты вайны, звязаныя з асвятленнем становішча на беларускіх землях, насельніцтвам з Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Гэта працы Алёхінай Е.В., Бахурына Ю., Бяловай І., Варабчук А., Вароніна В., Гаражанінай М., Курцева А., Лесуян О., Нам І., Полуршынава А., Сцяпанава А., Утгоф В., Цовяна Д., Чэрцішчэва А., Шчавінскай Л., Шчэрова І., Шчацінінай Г., Яшунскага І. [17 – 34].
Згаданы тэарэтычны матэрыял, назапашаны навукай ў апошнія дзесяцігоддзі, разам з крыніцамі разнастайных архіваў Беларусі, Расіі, Польшчы дазваляюць ўзяцца за справу комплекснага вывучэння праблемы бежанцаў і бежанства з Беларусі.
Працэс самога бажанства, якім яно было з 1915 г. ажыцяўляўся пад мэтанакіраваным ўздзеяннем з боку розных устаноў і арганізацый: дзяржаўных, грамадскіх і палітычных. На першым месцы з пачатку стаялі дзяржаўныя высілкі ў справе ачольвання бежанцаў, упарадкавання іх перамяшкання, рассялення, харчавання, забяспячэння пэўнымі сродкамі існавання, медыцынскага нагляду, арганізацыі асветы і працаўладкавання. Будаваліся і ўсталёўваліся пункты харчавання ў гарадах, мястэчках, па лініях чыгунак звычайна ў прыстасаваных памяшканнях. У вельмі рэдкіх выпадках гэта былі спецыяльна пабудаваныя баракі – шырокія і са сталовымі. Халодная страва, гарбата, тытунь – найбольш распаўсюджаны рацыён такіх пунктаў [35]. На гэты бок дзяржаўнай палітыкі звяртае ўвагу шмат даследчыкаў. [ 9, 15, 17, 19, 21, 22, 23, 24, 26, 32]. Тут нам неабходна зазначыць, што якраз „унізе”, на месцах, было шмат людзей, якія непасрэдна выконвалі працу па ўладкаванню бежанцаў, прыкладаючы намаганні і рэальна рызыкуючы здароўем і жыццём.
Кажучы пра дзяржаўны антысемітызм у дачыненні да бежанцаў-габрэяў, згадаем загад ад 25 лютага 1915 г.: ”Начальніку этапна-гаспадарчага аддзела Штаба ІІІ арміі. Цяпер жа неабходна прыняць меры дзеля ачышчэння ўсяго раёна арміі з яе тылавымі ўстановамі ад усіх падазроных неблаганадзейных асоб, высяляя іх у абшары Расіі этапным парадкам. Незалежна ад усяго ва ўсіх гарадах, мястэчках і буйных сёлах неабходна браць закладнікаў, найперш габрэяў… [ 34, с. 4].
Геаграфія рассялення бежанцаў і эвакуяваных ахоплівала ледзь не ўсю Расію. Такі раскід істотна ўскладняў каардынацыю дзейнасці розных дабрачынных арганізацый, улік і кантроль за размеркаваннем фінансавых і матэрыяльных сродкаў для дапамогі бежанцам. Толькі дзевяць паветаў Гродзенскай губерні сваімі ўстановамі былі размешчаны па васьмі гарадам цэнтральнай частцы Расіі [36].
Для разумення памераў бежанства трэба ўсебакова разгледзіць стан тых людзей якя бяжалі са сваіх зямель. Яшчэ у пачатку свайго руху ў бежанства жыхары беларускіх зямель сутыкаліся з такім мерапрыемствам уладаў як рэквізіцыі. Кошт усяго забранага рэквізіцыйнай камісіяй з 4-х чалавек павінен быў адпавядаць рынкаваму і гаспадары павінны атрымліваць дакумент аб рэквізіцыі [37, с. 74]. Толькі гэтак гладка далёка не заўсёды выходзіла. Дзейнасць рэквізіцыійных камісій улетку, увосень 1915 г. у хуткім часу стане прадметам увагі як з боку бежанцаў, так і з боку дзяржаўных структур.
Адным з накірункаў матэрыяльнай падтрымкі насельніцтва пацярпеўшага ад вайны была кампенсацыя стратаў, якія панеслі людзе падчас рэквізіцый і тэрміновага высялення са сваіх гаспадарак. Гэтыя фінансавыя аперацыі – яшчэ адно з дзеянняў дзяржаўных устаноў па добраўпарадкаванню бежанцаў. Страты бежанцаў былі велізарныя. Пра факт разбурэння гаспадаркі, што засталася на бацькаўшчыне згадала 56,7 % апытаных былых бежанцаў з Беласточчыны [39]. Таму вяртанне хоць некай маёмасці і грошаў за яе было істотным дзеяннем. Ажыцяўлялася гэтая кампенсацыя марудна. Яе галоўным крытэрыям былі кошты на тыя сельскагаспадарчыя прадукты працы, якія мелі сяляне і, якія страцілі [40]. Згодна з разлікамі на працягу двух месяцаў 1916 г. кампенсацыі за рэквізіраваную маёмасць атрымалі 43 гаспадара з Гродзенскага павету на суму 3269090 рублёў [41]. Фінансавая дапамога была адным з галоўных форм падтрымкі бежанцаў на новых для ніх землях імперыі. Красамоўныя дакументы ў гэтай справе – прашэнні і хадайніцтва бежанцаў. Праца з німі была адным з адказных участкаў дапамогі бежанцам. Толькі за студзень 1917 г. у Гродзенскае аддзяленне Таццянінскага камітэта паступіла 372 хадайніцтва. У 249 выпадкаў матэрыяльная дапамога была аказана [42]. Згодна з улікам Гродзенскага Камітэта пазыкі пазыку па закону ад 3 мая 1916 г. на ўмовах 6% гадавых са дня выдачы, атрымала за перыяд з сакавіка па лістапад 1917 г. 763 чалавекі на суму 117170 рублёў. Сумы пазыкі вагаліся ад 30 да 600 рублёў, але большая частка сум складала 300-400 рублёў [43]. Прыняцце рашэння аб дапамозе патрабавала ўважлівага азнаямлення са звесткамі аб гэтых бежанцах, у тым ліку аб крыніцах, з якіх бежанцы ўжо маглі атрымлдіваць нейкую дапамогу. А такіх крыніц магло быць немала. Па-сутнасці каардынацыі дзейнасці паміж дабрачыннымі арганізацыямі амаль не было. Каб некалькі адчуць ступень адказнасці, якую мелі працуючыя з такімі хадайніцтвамі бачыцца карысным звярнуцца да аднаго выпадка звароту за дапамогаю сялянкі Гродзенскай губерні Беластоцкага павеьу Ганны Малышка, жонкі гарадавога Беластоцкай паліцыі, мабілізаванага на фронт. “Маю гонар прасіць Вас аказаць мне адзінаразавую дапамогу, бо цяпер усё дорага і немагчыма пражыць. Плачу за комнату 5 р. і на сваіх дровах. Маю пры сабе 4-х дзецей: Ядзвігу 12 год, Уладзіміра 10 г., Антона 4 год, Яўгенію 1 год. Муж мой зназодзіцца ў акопах і не можа мне аказаць дапамогі, то прашу вас не забыцца на маё прашэнне”. На гэтым, датуемым 12 студзеня 1917 г., прашэнні – рэзалюцыя: “Сям’я з 5 чалавек атрымлівае штомесяц па 32 руб 40 кап.”. І яшчэ прыпіска: “Муж атрымлівае жалаванне і сутачныя грошы ў камандзіроўцы ў райне ўмацаваных пазіцый”. З такой нагоды гэтая жанчына нічога не атрымала. А праз два месяцы ў гэтае ж аддзяленне Таццянінскага камітэта прыйшло новае прашэнне гэтай жа сялянкі: “Не маючы ніякіх сродкаў на пахаванне маёй дачкі Яўгеніі маю гонар прасіць Камісію не адмовіць ў выдачы мне магчымага грошоваага пасобія”. Цяпер Ганна Малышка атрымала 50 рублёў [44]. А такіх зваротаў былі сотні і сотні, і у кожным свая бяда і свая, можа, апошняя надзея.
Для разумення стану рэчаў у дадзенай справе дапамогі бежанцам трэба адзначыць немалую колькасць прыкладаў, якія сведчаць пра высокую маральнасць тых, хто непасрэдна працаваў з бежанцамі. Прыкладам такога стаўленне да працы з’яўляеца рэакцыя ніжэйшага, валаснога Камітэта па аказанні дапамогі бежанцам на распараджэнне Павятовага Камітэта ад 16 лістапада 1916 г. аб скасаванні на 50% пайка ўсім бежанцам (605 чалавек) ў павеце і правадзянне прынцыпа індывідуалізацыі пайкавой дапамогі. Такое рашэнне было выклікана пэўнай разбэшчанасццю у забаспечанні сродкамі існавання бежанцаў, якая ў сваю чаргу выцякала найперш з-за нескаардынаванасці дзеяння дабрачыных арганізацый, пастаяннай міграцыяй бежанцаў, дрэнным улікам апошніх. Але самое рашэнне выглядала спрошчанным рашэннем праблемы і рэакцыя супрацоўнікаў ніжэйшай структуры Камітэта не прымусіла сябе чакаць: “З пратаколу паседжання Маклакоўскага мясцовага камітэту па аказанню дапамогі бежанцам:…Камітэт лічыць сваім маральным долгам заявіць, што пры такім парадку… цалкам парушаецца сапраўдная мэта забяспячэння бежанцаў ад голада…, а таму Камітэт са свайго боку лічыць, па-першае да адкрыцця палявых прац ( 1 мая) захаваць былы парадак выдачы бежанцам пайка, …а надалей выдаваць гэты пайк больш абачліва. Без гэтага Камітэт не лічыць магчымым выконваць свае абавязкі і просіць Павятовы Камітэт арганізаваць новы склад (!! – заўвага мая) мясцовага Камітэта. 29 лістапада 1916 г.” [41]. Здавалася б, прачыталі распараджэнне і пераразмеркавалі грошы, дык не: “нелічым магчымым выконваць” – маральны абавязак.
Такія прыклады, а яны не адзінкавыя, сведчаць пра тое, што гісторыя арганізацыі і правядзення дапамогі бежанцам мела розныя ўроўні. Першы ўровень – афіцыйны, палітычны – гэта арганізацыя нарматыўна прававой базы, улік абставін з вышыні вялікай палітыкі і ваенных разлікаў. Другі, масавы, унізе, на месцах, твар у твар з самімі бежанцамі, калі прыняцце правільнага рашэння нярэдка было непасрэдным выратаваннем людзей.
Толькі 21 верасня 1915 г. была пачата больш-менш арганізаваная рэгістрацыя бежанцаў, якую кантраляваў Таццянінскі камітэт. Безумоўна, Таццянінскім камітэтам была зроблена вялікая праца па рэгістрацыі, анкетаванні і ўліку бежанцаў, зборы шматлікіх звестак пра бежанцаў і іх месцазнаходжанні па Расіі, але гэта рабілася падчас самога бежанства і першы яго перыяд адбываўся для ўладаў і дабрачынных арганізацый, па-сутнасці, навобмацак [3].
Жыццё жыхароў з Беларусі ў бежанстве для ўсебаковага вывучэння трэба структурыраваць наступным чынам: працаўладкаванне, вучоба дзяцей, крыніцы матэрыяльнага забяспечання, страта сваякоў і блізкіх, працэс і характар вяртання на бацькаўшчыну. На факт страты кагосці з сям’і ў час бежанства паказала 45,1 %.
Вяртанне дадому, якое расцягнулася на добрых пяць гадоў – з 1916 па 1923 гг. – суправаджалася новымі захворваннямі, смерцямі, стратаю маёмасці. Вяртанне бежанцаў з 1919 г. ажыцяўлялася па-сутнасці у “новую айчыну. Выданне “У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд”, якое ўбачыла свет у 2001 г. змяшчае матэрыялы ўспамінаў жыхароў краю, які ўваходзіў у склад Гродзенскай губерні. З 74 гэтых рэспандэнтаў, якія апавядалі пра эканамічныя ўмовы жыцця ў складзе Польшчы ў міжваенны перыяд 36 ( 48, 8%) згадвалі бежанства, звязваючы ўмовы развіцця гаспадаркі з абставінамі вяртання сем’і з Расіі [42]. Характар успамінаў вельмі падобны, бо згадвалася рэспандэнтамі найперш ненза, разбуранасць гаспадаркі, голад.: Кішыцкі Аляксандр ( Кнышэвічы) “Прыехалі ўвосень. Вёска папалена была, у нас адна стадола стаяла. Спачатку жылі ў склепе…. Елі картофлю, навесну крапіву варылі і лебяду. У суп адну картофельку цэлую кідалі і крапіву….” Міхальчук Конан (Трашчоткі) “Пасля вяртання з Расіі не было для нас нармальных умоў для жыцця. Зямля ляжала аблогам, большасць вёсак была спалена, не было чаго есці. Людзі “чапляліся” гаспадароў, якія не выязджалі…” [43].
Згодна са зместам успамінаў з 1919 па 1923 гг. вярнулася 60,6 % рэспандэнтаў. Дарэчы, па вяртанні ў Польшчы нават пісьменныя бежанцы апынуліся ў становішчы непісьменных, непольскамоўных [44].
Неабходна паглядзець на бежанства як на вялікі дэмаграфічны рух насельніцтва, які меў не толькі жахлівы выгляд, але і шмат уплывовых вынікаў на развіццё разнастайных палітычных і сацыяльных падзей, якія адбываліся падчас I сусветнай вайны на тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку на гэтых пяці губернях. Усё гэта адбівалася перш за ўсё на саміх бежанцах. Мы ўбачым, што вайсковыя ўлады былі зусім непадрыхтаванымі, да таго ж каардынацыя іх дзейнасці з грамадзянскімі мясцовымі ўладамі была невысокая.
Для такога погляду на гісторыю бежанства ёсць рацыя. Час вайны – гэта час росквіту нашага беларускага руху, гэта перыяд драматычнай заявы пра сабе цераз палітыку Беларускай Народнай Рэспублікі. Бежанцы, якія вярталася, траплялі ў гушчар падзей, дзе да іх таксама задаваліся пытанні: з кім ты, які бок бярэш? І адказы ў бежанцаў на гэтыя пытанні былі розныя.
Карнялюк В.Р.
Военно-историческое наследие Первой мировой войны в Республике Беларусь и Российской Федерации : проблемы изучения, сохранения и использования : сб. науч. ст./Учреждение образования "Гродненский гос. ун-т им. Я.Купалы"; Ред. коллегия: А.Н. Нечухрин, С.А. Пивоварчик, В.А. Белозорович, С.В. Донских, М.В. Мартен.- Гродно : ГрГУ им. Я. Купалы, 2016