Асоба Кастуся Каліноўскага з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай гісторыі Беларусі і гістарычнай памяці беларусаў. Яго дзейнасць была звязана з важнай грамадска-палітычнай падзеяй ХІХ ст. – паўстаннем 1863 – 1864 гг.
Першыя трактоўкі К. Каліноўскага як беларускага нацыянальнага дзеяча-героя з’явіліся яшчэ ў пачатку ХХ ст. падчас афармлення канцэпцыі незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Аднак цікавасць інтэлектуалаў да гістарычнай ролі гэтай постаці найбольш актыўна праявілася толькі ў канцы ХХ ст., што стала вынікам некаль- кіх прычын.
Па-першае, палітычыя падзеі 90-х гг. ХХ ст., а менавіта ўзнікненне Рэспублікі Беларусь, сталі ідэалагіч- ным штуршком для пошуку гістарычных вытокаў і абгрунтавання беларускай дзяржаўнасці, для выяўлення і ўстанаўлення пантэону нацыянальных герояў, да якога адносілі К. Каліноўскага. Таму ідэалагічнай асновай беларускага Адраджэння канца ХХ ст. сталі “сфармуляваныя Кастусём Каліноўскім грамадска-палітычныя ідэі” [1, с. 33].
Па-другое, даступнасць з пачатку 1990-х гг. масіва раней засакрэчаных крыніц стала адной з прычын узнікнення вялікай колькасці публікацый і розных інтэрпрэтацый асобы і дзейнасці К. Каліноўскага. На думку Лоўрэнса Стоўна, гістарычныя інтэрпрэтацыі мінуўшчыны робяцца пазнавальнымі, здабываюць сваю тоеснасць праз супастаўленне з іншымі інтэрпрэтацыямі; яны становяцца сабою толькі на аснове таго, што ўжо стала іншым. Кожны, хто ведае толькі адну інтрэрпрэтацыю, не ведае ўвогуле ніводнай інтэрпрэтацыі гэтага феноме- на [2, с. 69]. З улікам таго, што ў беларускай гістарыяграфіі і грамадстве ўвогуле суіснуюць два процілеглыя накірункі: нацыянальная гістарычная канцэпцыя і мадэрнізаваны заходнерусізм, К. Каліноўскі прадстаўлены і як стваральнік беларускай нацыянальнай ідэі, і як польскі шавініст-тэрарыст. Пры гэтым прадстаўнікі і прыхільнікі абодвух канцэптуальных падыходаў абапіраюцца на тыя ж самыя крыніцы (“Мужыцкую праўду”, “Лісты з-пад шыбеніцы”, успаміны сучаснікаў і паплечнікаў К. Каліноўскага), але высновы, да якіх яны прыхо- дзяць, з’яўляюцца процілеглымі. Дасягнуць адзінства ў ацэнцы кіраўніка паўстання ў дадзеным выпадку вельмі складана, бо прадстаўнікі кожнага з названых накірункаў маюць сваю пазіцыю і яе абсалютызуюць.
Ва ўсёй шматграннасці паўстае асоба К. Каліноўскага ў наш час. Яго дзейнасць даследуецца ў кантэксце праблемы фарміравання беларускай нацыі, пераемнасці ў развіцці грамадска-палітычнай думкі Беларусі [3, с. 109]. На сучасным этапе ў аснову вострай навуковай дыскусіі вакол асобы кіраўніка паўстання пакладзены пы- танні, якія датычаць яго палітычнай, рэлігійнай і нацыянальнай пазіцыі, у тым ліку нацыянальнай са- маідэнтыфікацыі [4, с. 99].
У пачатку 1990-х гг. услед за савецкай гістарыяграфічнай традыцыяй па інерцыі быў створаны няпэўны вобраз чалавека, які з’яўляўся барацьбітом за сацыяльнае разняволенне сялян і знішчэнне феадальна- прыгоннага ладу, за звяржэнне царызму і “нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне народаў Літвы і Беларусі” [5, с. 22] у межах польскага вызваленчага руху і на аснове ідэй рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў. К. Каліноўскі пададзены змагаром за свае сацыяльныя і эканамічныя ідэалы, але чалавекам з неакрэсленай нацыянальнай прыналежнасцю. Мела месца спроба прадставіць яго дзеячам, “які закладваў першыя камяні ў фундамент рэва- люцыйнага расійска-польскага брацтва” [5, с. 20].
У 1990-я гг. шэраг гісторыкаў абвясцілі К. Каліноўскага беларускім нацыянальным героем [6, с. 85], які ў сваёй дзейнасці спалучаў ідэі нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Яго паказалі адукаваным і прагр- эсіўным чалавекам для свайго часу, які добра арыентаваўся ў гісторыі філасофскай думкі чалавецтва, быў знаё- мы з вучэннямі Канта, Фіхтэ, Гегеля, з поглядамі сацыяліста-ўтапіста Оўэна, але зацвердзіўся на пазіцыях матэрыялізму рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, успрыняў іх утапічны сацыялізм, цесна зліты з ідэяй народ- най рэвалюцыі, рэвалюцыйным дэмакратызмам [3, с. 111]. Абапіраючыся на тэксты “Мужыцкай праўды”, “Лістоў з-пад шыбеніцы”, даследчыкі даказалі, што К. Каліноўскі абгрунтаваў першую праграму барацьбы за палітычнае і духоўнае разняволенне беларускага народа, праграму пабудовы суверэннай дэмакратычнай Бела- русі на аснове канстытуцыйнага і парламенцкага досведу дэмакратычных краін [1, с. 30]. Гісторыкі паспраба- валі разглядзець асобу і дзейнасць К. Каліноўскага ўсебакова, звесці ў адно яго ідэю беларускай дзяржаўнасці і нацыянальную ідэю з ідэяй сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў [7]. Яны перакананыя, што К. Каліноўскі адным з першых спрычыніўся да афармлення і абвяшчэння беларускай нацыянальнай ідэі, якую ўзяў за аснову і развіў грамадска-палітычны рух пачатку ХХ ст. Гэта ідэя была сфармулявана ў яго апошнім звароце да бела- рускага народа: “Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але не жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, шчырасці слова мае перадсмертнае… Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную” [8, с. 24]. Навукоўцы, хоць у некаторай ступені і лічылі К. Каліноўскага ўтапістам, бо створаны ім ідэал грамадска-экананамічнага ладу не мог быць рэалізаваны, аднак бачылі ў ім прыклад патрыятызму і гераізму, на якім неабходна выхоўваць маладое пака- ленне беларусаў.
Вобраз нацыянальнага героя, патрыёта і змагара за свабоду Беларусі гісторыкі змаглі “ачалавечыць” шля- хам вывучэння яго асабістага жыцця, а менавіта ўзаемаадносін з Марыяй Ямант, яго нарачонай. Галоўнай крыніцай для раскрыцця гэтай старонкі яго біяграфіі сталі ўспаміны Людвікі Звяждоўскай, сястры Марыі. Навукоўцы асабліва падкрэслівалі, што маладых людзей аб’ядноўвалі не толькі пачуцці, але і ідэалы нацыяна- льна-вызваленчай барацьбы, мары пра народнае шчасце, дзеля здзяйснення якіх яны былі гатовыя ахвяраваць жыццём [9, с. 71]. Даследчыкі перакананы, што К. Каліноўскі як асоба валодаў характарыстыкамі харызматыч- нага лідэра з яркай індывідуальнасцю, непаўторнымі рысамі, рознабаковай таленавітасцю, высокімі чалавечымі якасцямі [10, с. 11].
Аднак у беларускай гістарыяграфіі 1990-х гг. развіваўся і іншы погляд на асобу, дзейнасць і гістарычную ро- лю К. Каліноўскага. Прыхільнікі гэтага падыходу пераконваюць, што ён не меў ніякага дачынення да ўсяго таго беларускага, што яму прыпісваюць, бо стаяў на пазіцыях адраджэння польскай дзяржаўнасці. Пры гэтым апелю- юць да “Мужыцкай праўды” і ўспамінаў сучаснікаў [11]. К. Каліноўскага абвінавачваюць ў “сярэдневяковым цемрашальстве” і “абмежаванасці кругагляду” адносна праваслаўя, у агрэсіі і пагардзе да яго. У пытанні рэ- лігійнай свабоды ён не пераконваў і не тлумачыў, а загадваў, навязваў сваю пазіцыю як адзіна магчымую [4, с. 99]. Даследаванне жыцця і дзейнасці К. Каліноўскага працягваецца ў ХХІ ст. Новы віток цікавасці да яго по-
стаці і новая хваля дыскусій выкліканы 150-годдзем паўстання 1863 – 1864 гг. Дасягнуць адзінства або хоць бы ўзгодненасці ў поглядах па-ранейшаму не ўдаецца [12].
Адны гісторыкі лічаць К. Каліноўскага “адным з самых любімых нацыянальных герояў” беларусаў [13, с. 140], свядомым змагаром за незалежнасць беларускага народа [14, с. 12; 15], уклад у станаўленне і развіццё якога складана пераацаніць. Ён трактуецца як лідэр радыкальнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні сярод “чырвоных”, які ва ўмовах паўстання вымушаны быў пайсці на супрацоўніцтва са шляхецкімі рэваюцыянерамі, дзейнічаць ад імя польскага нацыянальнага ўраду [16, с. 29, 31]. Але энергічна выступіў супраць планаў поль- скіх шляхецкіх нацыяналістаў далучыць Беларусь і Літву да Польшчы на правах ваяводстваў [17, с. 360]. Ад- значаецца прагрэсіўнасць і смеласць яго ідэй, непрыманне ўсёй шматіерархічнай буржуазна-памешчыцкай сістэмы як характэрная рыса светапогляду [18, с. 93]. Сцвярджаецца, што сацыяльна-канкрэтны характар па- няццяў свабоды і праўды для народа, справядлівасці, сфармуляваных К. Каліноўскім, стаў першай формай вы- ражэння ідэальнага пачатку ў рэвалюцыйна-дэмакратычнай думцы Беларусі [19, с. 109]. К. Каліноўскі прадстаўлены як мысліцель, што сфармуляваў ідэалы дзяржаўнага і грамадскага ўладкавання [20]. Падаецца ён таксама крытыкам тагачаснай педагогікі, які стаяў на пазіцыях усегульнага навучання і аднолькавых умоў для атрымання адукацыі для жанчын і мужчын [21, с. 150].
Прадстаўнікі супрацьлеглай гістарыяграфічнай плыні лічаць сфальсіфікаванай міфалагізацыяй трактоўку К. Каліноўскага безумоўным беларускім нацыянальным героем. Так, А. Гронскі прытрымліваецца думкі аб яго польскім паходжанні і патрыятызме, бо ён не меў ніякіх адносінаў да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху па вызначэнні, падтрымліваў сувязі з Варшавай і ўсю асабістую перапіску вёў на польскай мове, а да адміністрацыі звяртаўся на рускай мове. Беларускамоўная ж спадчына К. Каліноўскага не такая багатая, каб можна было яго залічыць да нацыянальных дзеячаў [22]. Прыхільнікі такой інтэрпрэтацыі здзіўляюцца, як
«гербавы» паляк, што зрабіў сялян сродкам для самасцвярджэння, змог стаць нацыянальным героем Беларусі [23, с. 81]. Яны лічаць, што кіраўніка паўстання зрабілі агіяграфічнай святыняй, надзеленай якасцямі, якія ака- заліся неабходнымі сучасным часу і сілам, стварыўшым гэтага святога [24, с. 361].
Такім чынам, у гістарычнай навуцы Рэспублікі Беларусь цікавасць да постаці К. Каліноўскага ўзмацніла- ся. Выкрышталізаваліся дзве супрацьлеглыя ўзаемавыключныя трактоўкі яго асобы: як беларускага нацыяналь- нага героя і як польскага патрыёта, змагара за адраджэнне Польшчы. Яны тлумачацца рознасцю традыцыйных канцэптуальных падыходаў беларускіх даследчыкаў.
А.М.Весялуха
Наука-2013 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. А. Хацкевич (гл. ред.), Г. М. Третьяков (зам. гл. ред.) [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2013. – 377 с.