Категории

Асаблівасці вясельнай абраднасці Берштаўскага мікрарэгіёну на прыкладзе вёскі Замасцяны Шчучынскага раёну.

7 минут на чтение

Вёска Замасцяны размешчана ў Шчучынскім раёне, блізка да літоўскай мяжы. Спецыфіка рэгіёну заключаецца ў тым, што на дадзенай тэрыторыі спалучаюцца культурныя асаблівасці беларускага Панямоння, польскай і літоўскай народнай культуры. Усё гэта ў суме і дае рэгіянальныя асаблівасці берштаўскага мікрарэгіёну і непасрэдна в. Замасцяны, якая характырызуецца вялікай ступенню захаванасці традыцынай беларускай абраднасці.

Беларускі традыцыйны абрад – сукупнасць устаноўленых звычаем дзеянняў, звязаных з выкананням рэлігійных ці бытавых традыцый беларусаў [1, с. 111]. Абрадавыя святы жылі на тэрыторыі Беларусі доўгі час. Зараз, дзякуючы больш дасканаламу вывучэнню мінулага, яны атрымалі другое нараджэнне.

Вясельнай абраднасці прысвечаны шэраг артыкулаў і манаграфій як айчынных так і замежных этнографаў. Займаючыся вывучэннем дадзенай праблематыкі навукоўцы часцей за ўсё апісваюць увогуле саму абраднасць, асобна не разглядаюць рэгіянальныя асаблівасці [2, c. 13].

Вясельная абраднасць беларусаў, як звычай мае шмат агульнага з абраднасцю іншых славянскіх народаў. Усё пачыналаса з сватаўства. “Выглядалі” дзяўчыну бацькі звычайна у царкве ці касцёле, , дзе моладзь збіралася ў час хрысціянскіх святаў, або на кірмашах, якія ладзіліся на святы ад храмаў і дзе таксама было шмат моладзі. Самі ж маладыя людзі часта знаёміліся яшчэ i на вечарынах, якія праводзіліся ў час Піліпаўскага посту ці Каляд: “На вячорках знаёміліся, на танцах. Некалі з кудзелямі хадзілі, кудзелі пралі, вот на вечарке ўсе зьбіраліся, ужэ знакомяцца у хаце” [3]. У весцы спецыяльна ездзілі да патэнцыяльнага жаніха ці нявесты аглядаць ix гаспадарку, гэта яшчэ да сватоў. Але  не заўсёды жаніліся па разліку ці выбару бацькоў: “Як за маёй памяццю, то не слухалі бацькоў. Больш жаніліся, як любіліся” [4]. Звычайна сватаўство і вяселле прыпадала на восень. Сватам мог быць любы жанаты мужчына – сваяк ці сусед. Стараліся выбраць чалавека не надта маладога, заможнага, паважанага, добра, каб яшчэ ён быў гаваркім. Сватанне праходзіла па-рознаму, у залежнасці ад таго, ці была дзяўчына загадзя згодна на шлюб менавіта з гэтым хлопцам, ці прыход сватоў быў нечаканым. Ішлі у сваты таксама па рознаму: на кані са званочкамі “бразгунамі”, ці ішлі пад вечар, каб надта ix не бачылі [5]. Знакі згоды дзяўчыны на шлюб ці адмовы ад яго ў розных вёсках былі рознымі, у Замасцянах звычайна дзяўчына уцякала і казала: “Не пайду”. Права адмовіць меў i хлопец, але гэта быў крайні выпадак. У замасцянскіх дзяўчат было сваё ў’яўленне аб годнасці і гонары. Лічылася ганьбай для дзяўчыны, калі яна згаджалася iсці замуж за першага хлопца, які засылаў сватоў. За гонар лічылася, калі дзяўчыну сваталі 3 – 4 розных хлопца, i толькі пасля гэтага яна шла замуж.

Пасля сватання адбываліся заручыны (запоіны). Іншым разам сватаўство i заручыны сумяшчаліся. Па нормах традыцый другіх мясцовасцей ад сватання да заручын павінен быў прайсці некаторы час. У Замасцянах такое не практыкавалася. Галоўнай тэмай размоў на заручынах быў пасаг.

Наступным этапам перадвясельнага перыяду была запаведзь, ці “аглашэнне”. За гэты час неабходна было высветліць, ці няма перашкод для шлюбу маладой пары. Перашкоды маглі быць рознымі: “Родственьнікам не разрашалі жаніцца” [6]. У перыяд ад заручын да вяселля абедзьве сям'і гатавалі, што неабходна да вяселля, а ў маладых людзей была магчымасць сустракацца.

У розных мясцінах перад вяселлем маладая i малады паасобку збіралі сваіх сяброў, каб правесці з iмi апошні вечар свайго халастога жыцця. Па сваім змесце i настроі гэтыя вечарыны былі зусім не падобныя адна на адну. Дзяўчына запрашала cвaix сябровак, каб яны звілі шлюбны вянок. Таму на большай частцы раёна гэты вечар называўся “вянкі”. На вечарыне ў дзяўчыны выраблялі таксама кветкі, якія потым на вяселлі дзяўчаты з дружыны маладой прышпільвалі хлопцам з дружыны маладога. Маладая на вечарыне павінна была плакаць.

Зусім інакш праходзіла вечарына ў маладога. Назва вечарыны маладога тлумачыцца тым, што туды нярэдка прыносілі сапраўдны каравай. На вечарыне ў маладога шмат спавалі, пілі гарэлку і танцавалі.

Раніцай у вясельную нядзелю ў хатах маладых збіраліся жанчыны-сваячкі, каб дапамагчы гаспадарам прыбраць належным чынам хату, усё падрыхтаваць да прыходу гасцей.

Малады падыходзіў да бацькоў, станавіўся перад iмi на калені i цалаваў рукі бацьку i маці, просячы ix благаслаўлення. Дружыну маладога складалі сват i дружбанты (ix яшчэ называюць дружкамі або шаферамі), сярод якіх браты, сестры i лепшыя сябры маладога.

У доме маладой ужо ўсё было падрыхтавана да сустрэчы. Жаніх, пад’ехаўшы да варот, часцей за ўсё заставаў іх зачыненымі. Гэта традыцыя для в. Замасцяны была абавязковая. Каб адчыніць вароты, трэба было заплаціць выкуп (гарэлка). Ля парога дома маладога i яго дружыну запынялі яшчэ раз, i зноў жаніх вымушаны быў плаціць выкуп, на гэты раз, каб увайсці ў хату. Пасля гэтага адбывалася сустрэча маладога. Бацькі маладой выходзілі насустрач з хлебам-соллю i запрашалі яго з дружынай у хату. Выводзілі маладую звычайна браты ці шаферы пад музыку спецыяльнага вясельнага марша: “У гэты час усе дружбанты ад маладога становяцца з аднаго боку за сталом, маладая вядзе дружак, i проціў каторага дружбанта дружка папалася, таму яна прышпільвае цьвяточак. Хто проціў каго папаўся, тая пара ўсё вяселлё далжна быць разам” [7].Пасля таго як маладая выйдзе з хаты, ніхто больш туды не заходзіць, перастаюць гучаць песні.

Наступным этапам вяселля было вянчанне. У царкву маладыя заходзілі разам, але яшчэ не ўзяўшыся за рукі. 3 царквы маладыя выходзілі ўжо разам. Жаніх саджаў нявесту ў свой воз, i ўсе ехалі да маладой.

Перад хатай маладой, а іншым разам яшчэ i па дарозе маладым рабілі “браму” – загароджвалі дарогу вясельнаму поезду, каб атрымаць ад маладых выкуп: па абодва бакі ад дарогі ўкопвалі маладыя ссечаныя бярозкі упрыгожвалі ix, ставілі паміж iмi столік з іконай, хлебам-соллю i не пускалі вясельны поезд, пакуль сват ці малады не давалі выкуп. Потым пачыналася застолле, якое доўжылася да глыбокай ночы. Сярод звычаяў першага дня вяселля ў маладой быў абавязковы танец маладой. Пасля якога маладая адорвала гасцей падарункамі. Абавязкова былі песні “каб маладая плакала”, бо лічылася, што чым больш слёз пралье маладая ў час вяселля, тым менш ix будзе ў сямейным жыцці [8].

Уволю нагуляўшыся, клаліся адпачываць ужо пад раніцу. Маладыя ішлі ў адведзенае ім месца, іх адыход да сну не суправаджаўся ніякімі цырымоніямі. На наступны дзень, ішлі “будзіць маладых”, якія да гэтага caмi не ўставалі хаця i прачнуліся. Госці збіраліся а дванаццатай гадзіне або нават пазней. Маладая выходзіла ў святочнай, але не шлюбнай сукенцы. Зноў усе садзіліся за сталы. У гэты дзень адбывалася дарэнне маладой. Цырымонія дарэння ў розных вёсках мела свае асаблівасці. У адных мясцінах, напрыклад, дарылі з падзелам каравая, у другіх – без каравая. У Замасцянах дарэнне адбывалася прыкладна такім чынам: усе госці выходзілі з-за стала, заставаліся толькі маладыя ці адна маладая. Са стала здымалі ўсё лішняе, пакідалі толькі каравай. Пасля чого маладыя збіраліся ехаць да маладога.

У хаце жаніха даўно ўжо чакалі маладых. Сустракалі ix бацькі маладога гэтак жа, як у маладой ад вянца.На двары маладых сустракалі песнямі. Першыя хвіліы маладой у хаце мужа былі строга рэгламентаваныя: “Як прыходзіць маладая да маладога, то, бывало, ікону найперш павесіць у покуці з рушніком. А тады кругом каб пазавешвала гэтымі рушнікамі” [9]. Пасля таго як усе рассаджваліся, пачыналася застолле ў маладога. Звычайна яно праходзіла больш шумна i весела, чым у маладой. Пагуляўшы колькі часу ў хаце маладога, моладзь ішла на танцы ў іншую хату (пазней – у клуб), а старэйшыя заставаліся, i вяселле працягвалася.

Kaлi наставаў час класціся спаць, нярэдка здаралася так, што маладыя не знаходзілі cвaix падушак, а то i ўвогуле ўсёй пасцелі. Зноў іх трэба было выкупаць. Першай шлюбнай ночы, калі яна адбывалася ў хаце маладога, таксама, як і ў маладоў, не папярэднічалі ніякія спецыяльныя дзеянні. Абавязковыя дзеянні другога дня – дарэнне (“дары”) маладога i змена галаўнога ўбора ў маладой. Акрамя гэтага маладую жанчыну правяралі на спрытнасць у хатняй рабоце, яна павінна была вымесці падлогу.

У в. Замасцяны  праз тыдзень маладая са сваёй новай раднёй ішла ці ехала на “пірагі” да свaix бацькоў. На “пірагах” спявалі розныя песні сямейна-бытавой тэматыкі. Некаторыя з ix так моцна замацаваліся за мясцовымі традыцыямі, што лічыліся абавязковымі для выканання. Пасля “пірагоў” вяселле лічылася скончаным, i пачыналіся жыццёвыя будні маладой сям’і.

Як бачым традыцыйная вясельная абраднасць в. Замасцяны мае шмат агульнага з вясельнай абраднасцю іншых славянскіх народаў і іншых рэгіёнаў Беларусі. Асаблівасцю з’яуляецца працягласць вяселля, тактыка дарэння, упрыгожванне і прычоска маладой. Наяўнасць вялікай колькасці архаікі.

Т.Г.Кедрова

The article deals witu the peculiarities of wedding ceremonies of the village Zamastyany. The article is based on the literature, oral history and on the observations of the author.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Сватанне (сваты) (у якасці пастаноўкі выступае ў г. Масты) – першы з этапаў вясельнай абраднасці. Зрэдку яму папярэднічалі “пярэгляды” (узаемныя аглады гаспадаркі патэнцыяльных жаніха і нявесты). С. адбываліся часцей за ўсё восенню, а таксама ў зімовы мясаед а...
Абуджэнне ў беларускім грамадстве цікавасці да сваіх каранёў ставіць перад даследчыкам задачу максімальна цэласна звязаць багатыя звесткі аб сацыяльна-эканамічным стане беларускай вёскі з яе духоўнасцю, традыцыяй і культурай. Пры гэтым асноўным элементам, які ...
Традыцыйная абраднасць беларусаў Гродзеншчыны – складаная і шматгранная з’ява, што развівалася на працягу многіх стагоддзяў. Даследаванні традыцыйнай абраднасці рэгіёна распачынаюцца з пачаткам этналагічнага вывучэння краю, цікавасць да якога абуджаецца разам ...