Адно жыццё, аддадзенае паэзіі. Адно жыццё, што ўмясціла столькі, колькі не агледзець зрокам, бо надта багатым на разнастайныя плёны сталася яно. «Адно жыццё» – такую назву даў кнізе выбранага знакаміты беластоцкі паэт Ян Чыквін. Асабіста мною яна ўспрымаецца праз прызму светлага ўспаміну пра вечарыну-прэзентацыю кнігі ў Гародні. Паэт з’явіўся на сустрэчу з шыкоўным падарункам літаральна для ўсіх прысутных – з гэтай кнігай, якая напярэдадні выйшла з друку. Выдадзеная грунтоўна і густоўна, гэтая кніга ўспрымаецца як падвядзенне вынікаў амаль пяцідзесяцігадовай творчасці. Адно жыццё ў паэзіі.
Тая незабыўная сустрэча адбылася ў часы восеньскай слоты, што не спяшалася саступіць месца каляндарнай, законнай зіме, у часе, калі асабліва неабходна душэўная акавіта, што не дасць змарнець жыццёвым сілам. І гэта цудоўна, калі прыгожае святло ў людскіх сэрцах запальваецца дзякуючы паэзіі, Слову, што гучыць, што пераствараецца ў мноствах сэнсаў праз успрыняцце ў залежнасці ад жыццёвага досведу, ад умення слухаць і чуць.
Менавіта такое свята паэзіі падараваў нам Ян Чыквін, кіраўнік Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, што завітаў у Гародню напрыканцы мінулага году. Белавежцы, на жаль, не частыя госці ў горадзе над Нёманам, бо ўсё яшчэ межы надзейна адгароджваюць нашы месты, бо ўсё яшчэ актуальна напісанае гарадзенскай паэткай Данутай Бічэль многа гадоў таму:
Між суседак-краін не заўсёды ўсё гладка.
Прагавітасць да ўлады – то мір, то вайна.
Тут граніца зыбалася, бы дашчаная кладка.
Ды любоў і нянавісць у сяброў тут адна [1, с. 323].
Ян Чыквін з кагорты тых паэтаў, што абралі шлях слугавання Красе ў яе разнастайных праявах. Шлях, запачаткаваны ў нашым прыгожым пісьменстве сто гадоў таму Максімам Багдановічам. Невыпадкова творчасць гэтага паэта асабліва шануецца Янам Чыквіным. Таму першым акордам вечарыны і стала песня “Па-над белым пухам вішняў…” на верш класіка ў далікатна-прыгожым выкананні студэнткі Насці Саковіч.
Кніга выбранага ўмясціла ўсё самае значнае, што створана паэтам ледзьве не за паўстагоддзя тврчасці. На пачатку – вершы з першага зборніка «Іду» (1969 г.), назва якога, па словах самога паэта, увасобіла імкненне выказаць унутраны пратэст тым стомлена-заспакоеным станам, што панаваў у жыцці грамадства. Маладому творцу хацелася падкрэсліць неабходнасць зрухаў, прагрэсу найперш у духоўным жыцці, хацелася падштурхнуць гэтыя немінучыя зрухі. Таму зачынны аднаіменны верш успрымаецца не толькі як вяртанне да роднага, да першавытокаў, да самага роднага чалавека – мамы, а як скіраванасць да зменаў, руху наперад.
Вершы маюць свой лёс. Між тых твораў Яна Чыквіна, якім асабліва пашанцавала, верш “Даўно нежывы бацька полем ідзе…” са зборніка “Кругавая чара” (1992 г.). Паэт Алесь Разанаў прысвяціў яму эсэ “Безназоўны” верш Яна Чыквіна”. Цікава разважае аўтар над тым, чаму твор, дзе столькі знакавых назваў-назоўнікаў, застаўся “безназоўным”. Выснова гэткая ж арыгінальная, як і роздумы: “Безназоўны” верш Яна Чыквіна прыводзіць нас да разумення істоты пытання, не задаючы пытання, і да прадчування істоты адказу, не даючы адказу” [2, с. 122]. Верш пераствораны на чатыры мовы: польскую, нямецкую, італьянскую, французскую, пры гэтым пераклад па-французску быў неспадзеўкай і для самога Яна Чыквіна, і для зацікаўленых прысутных на вечарыне. Ён быў прачытаны ўпершыню. Верш перастварыла маладая гарадзенская паэтка Ганна Аўчыннікава, аўтару быў падараваны аўтограф. Як хораша прагучала гэтае шматмоўнае паэтычнае суквецце ў выкананні юных філалагіняў!
Вечнасць жыцця зашыфравана ў вершы ў вобразе бацькі-сейбіта. Бацька, ён жа і Творца, (гэты цэнтральны вобраз Алесь Разанаў слушна называе найпершай рэаліяй) – сейбіт жыта – жыцця, адначасна аб’ект гэтага найвышэйшага акту-чыну, і ягоны суб’ект:
Ён і плуг.
Ён і скіба раллі, і зерне.
І водсвет далёкага раю [3, с.135].
Вечнае адбіваецца ў штодзённым праз канкрэтныя рэаліі земляробчага побыту: плуг, скіба раллі, зерне, радно. Але кожная з гэтых выяваў прадметнага свету вырастае да вобраза глыбока сімвалічнага. Да прыкладу, зерне, з якога растуць каласы, а каласы – гэта людзі, засеяныя і ўзгадаваныя Творцам, штохвілінна знаходзяцца пад сярпом ягоным, прад вечнасцю. Ці тое ж радно, шматлікія сэнсы якога глыбока паэтычна расшыфраваны Алесем Разанавым: “Радно чуе і распазнае ў сабе і рад – лад, паслядоўнасць, парадак, што гаспадарыць у прыродзе; і раду – перад тым, як зярнятам рассеяцца, яно збірае іх разам; і радасць – у ім адзінкавае “я” выяўляе сваю многасць; і адно – яно не частка нечага, а цэласнасць, што займае сабою жыццёвы абсяг; і дно – апору, дзякуючы якой магчыма ўзыходжанне (тут можна дапоўніць: дно і як апошняя мяжа, тое ж дно магілы, за якім быццам ужо нічога няма, але насамрэч там, далей, таксама зямныя глыбіні, таксама працяг); і роднае – падставу якою рознае ўраўноўваецца ў падобным; і Радаўніцу – свята…” [2, с. 123].
Прыём люстэрка, характэрны сімвалісцкай паэзіі, ствараецца ў гэтым вершы праз самы яскравы вобраз – вачэй, што і ёсць люстэркам патаемнага, Боскага ў чалавеку – душы, а гэта значыць, неразраўнай повяззю Творцы з ягоным тварэннем:
Вочы, якімі ён глядзіць на свет,
Тыя самыя вочы, што яго сузіраюць [3, с. 135].
Гэтую карціну – вочы ў вочы, што адлюстроўваюцца ў глыбінях прасторы і часу, бачыць паэт, якому дадзена ствараць новы свет, новую мастацкую рэальнасць. А гэта і ёсць паэзія.
Вечныя пытанні пра пачатак пачаткаў, вечная нязгода праўдалюбцы, вольнага птаха з выгодамі “падкантрольнага раю”, вечныя шляхі-дарогі вандроўніка-мужчыны ў пошуках адказаў і вечнае чаканне жанчыны, маці, каханай, сястры, – усё гэта прываблівае ў вершы Яна Чыквіна “Размова з сястрою” з кнігі “Крэйдавае кола” (2002 г.), што на вечарыне быў прачытаны па ролях. Адно з самых актуальных пытанняў, сфармуляванае ў беларускай літаратуры на пачатку ХХст. пісьменнікам-аналітыкам Максімам Гарэцкім, – “Што яно?” Яно як нейкі першапачатак, перашааснова, таямніца. Якую гэтае яно мае форму, у чым палягае змест, якія сэнсы выяўляе? Ян Чыквін, безумоўна, не абыходзіць гэтыя пытанні. У вершы "Размова з сястрою" скарыстаны матыў ірэальнага падарожжа, калі герой вяртаецца да вытокаў, у дадзеным выпадку на радзіму, дахаты, да сястры, якая назаўсёды засталася там як вартаўніца скарбу, бачыцца носьбіткай народнай, спрадвечнай маралі, ісціны.
Што ёсць пачаткам пачаткаў? Адказ на гэтае філасофскае пытанне шукаецца праз побытавае, штодзённае, сялянскае, вясковае, што цалкам лагічна ў кантэксце твора:
Што ж было на самым пачатку
яна, тая курка, ці – яйка? [3, с. 231]
Філасофская сентэнцыя, выказаная сястрой, мае зместам і вяртанне да вытокаў, у родную хату, дзе тое кола замыкаецца, дзе “спакой … вячэрні”. Але дайсці да душэўнага спакою, суладдзя няпроста, як і вырашыць загадку быцця, бо тая дарога роўнавялікая жыццёваму шляху. У фінале верша асабліва адчуваецца нязменнасць, адвечнасць таго, што адбываецца там, дома – у пачатку-канцы. Тут і матыў заўсёднага наканавання кабеты – вартаваць адвечны агонь (у гэтым выпадку – вячэрні спакой), чакаць – мужа, сына, брата. Ды і ці маюць сэнс тыя бясконцыя мужчынскія адысеі, калі скарб – чарадзейнае яйка (іншым у гэтым кантэксце ён быць не можа), даўно ў роднай хаце, у руках жанчыны:
Насця сядзіць на ганку,
у руках – чарадзейнае яйка.
А я ўсё яшчэ ў дарозе
да яе, каб рашыць загадку [3, с. 232].
Для чаго ставіцца ў вершы пытанне што да першаіснасці ў жыцці? Відавочна, каб падысці да іншага, што так хвалявала яшчэ аднаго героя, беларускага інтэлігента пачатку ХХ стагоддзя – Андрэя Лабановіча і ягонага творцу – Якуба Коласа: для чаго жыве чалавек? Гэтае пытанне тут не прамаўляецца, бо герой скіроўвае размову на іншае, на розныя жыццёвыя пазіцыі, каб выказаць сваё непрыняцце “подласці, здрады, балота”. Сястра Насця адказвае амаль так, як бабка Мар’я Лабановічу (вобраз Яна Чыквіна вельмі нагадвае народны беларускі характар жанчыны, зрэшты, як і Коласава гераіня). У тым адказе чуецца натуральнае ўспрыняцце жыцця і смерці як двух бакоў адной звычайнай з’явы, без драматызацыі фатальнай асуджанасці чалавека на нябыт. І як бы між іншым, вельмі дакладна, лаканічна характарызуе кабета розных людзей, розныя жыццёвыя пазіцыі і вытокі ўсяго гэтага: бо адны ад светлага духа, ад Неба на зямлі з’явіліся, іншыя ж маюць супрацьлеглы пачатак:
–Ёсць духасветлыя і бестыяры,
і ўсе, жывучы, паміраюць… [3, с. 232]
Адна з самых глыбокіх высноваў, якую паэт укладвае ў вусны сястры, прамаўляецца між іншага, як звычайная рэч: “Жыццё імкнецца ў форму кола”. У свядомасць вясковай кабеты, мажліва, гэта ўвайшло, падказана тою ж формай яйка, яшчэ не кола, але пазначана імкненнем да колавай правільнасці, замкнутасці, завершанасці. Да таго намаляванага на зямлі кола, якое захавана ў памяці з маленства, з дзіцячых гульняў, калі ніхто не меў права пераступіць тваю ахоўную мяжу, парушыць тваё ўладанне. І да таго кола, якое малюецца, каб адагнаць злых духаў, бо не пасмеюць жа і сілаў такіх не маюць, каб тое кола пераступіць. Тут ужо згадваецца гогалеўскі “Вій”. І ўрэшце – да крэйдавага кола, вобраза, што даў назву паэтычнай кнізе.
Кальцавая кампазіцыя верша “Размова з сястрой” яшчэ раз падсвечвае матыў вяртання да вытокаў.
Наогул, Ян Чыквін стварыў адметную мастацкую канцэпцыю чалавечага існавання найперш праз вобраз кола, які ў вершы “Vita mea” (зачынны ў кнізе “Крэйдавае кола”), як слушна адзначыла літаратуразнаўца Вольга Шынкарэнка, “прадстае аналагам чалавечага жыцця, уключаным у прасцяг чужых лёсаў” [5, с. 61].
Серабрыцца лісце бярозы
Пад шаўковым ветрыкам жніўня.
Замыкаецца кола лёсу,
Замяняецца кроў у вадзіцу [3, с. 201].
Трэці радок – гэта сэнсавы цэнтр верша. Ён самадастатковы, гучыць як завершаны твор. Калі прад тым матыў развітання толькі легкавейна праступае праз лірычны абрыс сярэбранага лісця, бо не адчуваецца яшчэ знішчальнай сілы, магутнага павеву, усяго толькі шаўковы ветрык, то тут пачынае гучаць на высокай і аданачасна стрыманай, але ад таго не менш трагічнай ноце. Пачатак жыцця, яго рухавік гарачая кроў, што нараджае жаданні, памкненні, ператвараецца ў ваду. Кола замыкаецца.
Колькі чытаю вершы Яна Чыквіна, столькі не пакідае ўражанне, што адлюстраванае бачыцца аўтарам з вышыні, з вялікай адлегласці і ў прасторы, і ў часе, адкуль, як вядома, усё паўстае асабліва выразна, калі зрок выхоплівае кожную драбніцу і яна становіцца праўдзівым сімвалам вечнасці. Быццам аўтар ужо даўно ўзышоў на тую вяршыню, пра якую пісаў сто гадоў таму Максім Багдановіч у сваіх пентаметрах:
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, –
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыну прыбрэжнай страмніны, –
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
[4, с.135].
Толькі з праўдзівай вяршыні, на якую творцу ўздымае не толькі талент, але і інтэлект ды багаты жыццёвы досвед, можна ўгледзець істотнае, значнае і праз канкрэтныя рэаліі, напоўненыя шматлікімі сэнсамі, яго намаляваць.
Паэзія Яна Чыквіна філасофска-аналітычнага складу, якраз і мае гэтую выразную адзнаку: важкія праблемы быцця, пытанні, якія ўзнімае паэт (а за ім невыпадкова “трывала замацавалася літаратурная рэпутацыя паэта пытанняў” [6, с. 145]), звычайна адлюстроўваюцца праз вобразы канкрэтна-рэчыўнага свету, самы паказальны прыклад – жыццё праз жыта, што ў сваю чаргу абумоўлена “спалучэннем у свядомасці сусветна-значнага і запаветна-асабістага, калі адчуваюцца конадні самаўсведамлення, якое забяспечвае чалавеку каштоўнаснае апірышча, нягледзячы на чараду дасягненняў-страт, збытых сэнсаў…” [7, с. 68].
Асабістыя рэчы чалавека – гэта ягоныя адбіткі, якія паўстаюць як носьбіты чалавечага досведу. Толькі чалавек надае ім форму і змест. Пра тое – верш “Неспакметна выглянуўшы ў вечнасць…” Праз бытавыя драбносткі, адзенне ўвасабляецца ў гэтай паэтычнай фантасмагорыі трагедыя развітання. Рэчы, пакінутыя чалавекам, трацяць усялякі сэнс, як усё пакінутае. Шчымлівасць, рамантычны шарм надае сітуацыі тое, што рэчы належалі маладой прыгожай пані.
Погляд з вышыні высвечвае неверагоднае бязмоўнае дзейства (рэчам жа не дадзенае слова), якое паэт называе ціхадзействам-месай, загадкавае, поўнае незвычайных рухаў. Цікавы наватвор, створаны праз зліццё словаў ціха і чарадзейства, бо чарадзейства творыцца ў цішыні. Наватвор тут, зразумела ж, не самамэта, а ўсё тая ж паэтычная “патрэба будавання сэнсу”. Мэта ціхадзейства – недасяжная, бо страта – назаўсёды, незваротная. Але пра тое ведае толькі аўтар-глядач, якому давялося падгледзець чужую, глыбока інтымную таямніцу, ведае, што чарадзейства-пошук рэчаў не мае сэнсу: яны назаўсёды кінутыя гаспадыняй – паняй. Эмацыянальны зрух у душы героя, ягоная збянтэжанасць, узрушанасць сведчаць пра тое, што перад намі не проста старонні раўнадушны назіральнік, а чалавек, які зведаў пакуты страты, якому таксама баліць:
Я гляджу асталапелы ціхадзейства-месу:
Блузка, трусікі, калготкі ды спадніца
Як зышліся, нібы птахі ў паднябессі
Кружаць і шукаюць – царствы дзе і грудзі!?
Тое, што заўжды было ім жыва-круглым, голым…[3, с.206]
Відавочна, матыў страты тут мае не фантасмагарычны, а глыбока псіхалагічны, эмацыйны змест: насамрэч жанчына пакідае не рэчы, і баліць не ім, а праз іх. Праз рэчы перададзены чалавечы боль і пакута ростані, страты.
Вобраз свечак, якія выступаюць не проста складнікамі фону, адным з прадметаў дэкарацыі да дзейства, а ягонымі непасрэднымі ўдзельнікамі – шчырымі плачкамі, што кампазіцыйна абрамляе сюжэт верша, эмацыйна не толькі дапаўняе трагедыю ростані, але і падказвае: свечак тры, лічба не для развітання назаўжды:
Тры няшчасных свечкі слёзы льюць наўкола:
Цела гэтай гаспадыні ім вялікай таямніцай [ 3, с. 206].
Ужо сама назва верша “Раздвоенасць” скіроўвае чытача ізноў жа да творчасці Максіма Гарэцкага, да той праблемы, якую ён упершыню ўзняў у беларускай прозе – раздваенне душы. У гэтай назве мноства сэнсаў. Найпершы – у адпачатковай супярэчнасці, што закладзена ў слове: раздвоенасць узнікае толькі ў выніку пэўных раз’яднальных працэсаў у пэўным адзінстве. Раздвоенасць – гэта незавершанасць, якая нясе ў сабе вынік разбурэння, таму яна павінна імкнуцца да сваёй першапачатковай сутнасці – адзінства.
Пачатак верша – амаль пейзажная замалёўка-зачын, што ўводзіць нас у пэўнае месца, у пэўны час: “Ў затонах ціхіх нашага падворка // Стаіць цяпло. І ўвесь гарод цвісці гатоў” [3, с. 210].
Гэта яшчэ не росквіт таго, чым Творца шчодра ўпрыгожвае свет. Гэта толькі прадчуванне пышнага буяння хараства ў найдасканалых формах і фарбах, у сцяблінах, лістах, пялёстках, суквеццях. І гэта зачыннае, звычайнае спатрэбілася паэту, каб падысці да асэнсавання спрадвечнага – заўсёднага красавання жыцця пад вечным небам:
І зацвіце жыццё пад гэтым небам зорным,
Як год таму і тысячы таму гадоў [3, с. 210].
Тут раздвоенасць штодзённага і вечнага адлюстравана дзеля таго, што чалавек здольны адчуць вечнае толькі праз прызму штодзённага, красу праз краскі, тысячы гадоў – праз адно імгненне. І для чалавека, існага ў пэўным часе, у пэўнай хвіліне, найвялікшую каштоўнасць мае менавіта гэта – ягоны штодзённы свет. Тыя даўно сплылыя тысячы гадоў і тыя, што будуць плысці нязменна, большай каштоўнасці, чым гэтае імгненне, мець не могуць.
У кульмінацыйнай другой страфе – найдасканалая раздвоенасць, дадзеная зямному свету: жанчына і мужчына, яна і ён, інь і янь. Кожны сам у сабе заключаюць цэлы свет, цэлы космас, недарэмна ж у Яна Чыквіна: “жанчына-дрэва” і “мужчына-дрэва”, што сімвалізуе касмічнае дрэва, у якім магутныя, скіраваныя ўглыб зямлі і геннай памяці карэнні. І гэтая раздвоенасць мае сэнс толькі ў адзінстве, вечным, як само жыццё, што ўзнікае праз найвялікшае з пачуццяў – каханне. Тут паэтам скарыстаны, і гэта цалкам лагічна, сімвалы – самыя знакамітыя вобразы закаханых у сусветнай літаратуры – Рамэа і Джульета:
І к палкаму жачыне-дрэву схіліцца мужчына-дрэва,
На ўсё імгненнае жыццё сябе рукамі абаўюць без слоў.
У ззянні свету будуць для сябе яны Джульетай і Рамэам,
І здасца ім, што перад імі тысячы гадоў [3, с. 210].
Каб узнікла пачуццё, якое ёсць гарэннем, неабходна крыніца цяпла, энергіі. Яна ў самым чалавеку. Таму і выкарыстоўвае паэт дасканала дакладны эпітэт – палкаму. Ствараецца неабдымны космас вялікай любові, што перамагае час і прастору.
У фінале – той погляд зверху, з вечнасці, пра што йшлося на пачатку артыкула. Лірычны герой над чалавечым, канкрэтным, штодзённым. Ён у бясконцым, усёчалавечым. А там – заўсёдная самотнасць, бо няма ад чаго ў тым свеце запалымнець цяплу, пачуццю, якое існуе тут. І ў гэтым аснова трагічнай раздвоенасці – адсутнасці гармоніі праз адсутнасць любові, святое месца якой у чалавечай душы не можа быць вольным: там пасяляецца смутак, прыручэнне якога справа небяспечная, бо вядзе да разладу з самім жыццём:
А мы ў самотнасці тугу ўсечалавечую галубім…
Ці нас жыццё не любіць? Ці мы жыцця не любім? [ 3, с. 210]
Вялікі свет раздвойваеца, на першы погляд, у малым, нязначным. Але тое малое для канкрэтнага чалавека ёсць гэткім жа вялікім. Таму ён, чалавек, і паядноўвае сваімі пачуццямі і ўспрыняццямі раздвоенае ў часе і прасторы. І ў гэтым сэнсе ён – у цэнтры Сусвету.
Ян Чыквін вядомы як даследчык літаратуры, аўтар многіх манаграфій. Асаблівы уклад зрабіў ён у адкрыцці беларускага замежжа, вяртанні творцаў, незаслужана забытых на Беларусі. Артыкулы з ягонай кнігі “Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа” прысвечаныя знакавым імёнам: Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Ларыса Геніюш… Гэтыя працы хораша ўспрымаюцца студэнтамі, знаходзяць водгук у юных літаратуразнаўцаў. Так, студэнтка 4-га курса Пышынская Юлія стварыла сапраўднае эсэ, якое з увагай было ўспрынята і аўтарам, і прысутнымі, паводле артыкула Яна Чыквіна “Зэльвенская непаслушніца” пра творчасць Ларысы Геніюш. Імя яе было ўзгадана яшчэ таму, што сёлетні год юбілейны: спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вялікай паэткі.
Што да асобы паэта Масея Сяднёва, то з ім аўтар быў асабліва блізкім, мяркуецца, найперш успрыняццем прыгожага (“красы староннік найзвычайны”), што адчуваецца і ў артыкуле “Узыходжанне на вышыню (Лірыка Масея Сяднёва)” з кнігі “Далёкія і блізкія”, і ў дыстыху “Бемоль Сяднёва”, дзе падказаны яшчэ адзін накірунак для развагі. Жыццё не напоўніцу, бо на эміграцыі, бо далёка ад роднага берага, ды і наогул, “між берагамі” (Наталля Арсеннева), “у акіяне ночы” (Масей Сяднёў), бо “я толькі кропля ў акіяне”. Алюзіяй на гэтую апошнюю цытату з верша Масея Сяднёва бачацца радкі Яна Чыквіна, дзе новае, цалкам супрацьлеглае разуменне гэтай “кроплі”, бо яна не “толькі кропля”, а ўмяшчае вялікі змест, у ёй адбіліся, адлюстраваліся, увасобіліся, а, значыць, назаўсёды ў аналах памяці засталіся шматлікія падзеі. Іншая справа, што ўсё гэта “пераблытана”, бо знішчана, перарвана асноўная жывая повязь – з першапачаткам, з Радзімай, таму і ўзнікае адчуванне хаосу, дысгармоніі. Жыццё ўспрымаецца як вялікая самакаштоўнасць, як вялікі дар, але напоўнена яно імглой, цемрай, калі дзень і ноч аднолькава невыразныя, цьмяныя, насычана рознымі выпадковымі падзеямі, што адбываюцца па-за воляй чалавека і што злучаюцца таксама хаатычна, выпадковымі звеннямі, што могуць ураз жа і знішчыцца. “Па-за кадрам” час, які паскорыўся, які ляціць, нясецца і нясе на сваіх крыллях усё, і не дае мажлівасці прыпыніцца, асэнсаваць і разблытаць нітку лёсу. Таму вельмі змрочная мазаіка запаўняе кроплю жыцця:
Ноч у імгле і дзень у тумане –
ліхаманкавы вобраз падзей і мыслення,
пераблытаны лёсы, людзі і звенні
у кроплі жыцця, мне дараванай [2, с. 218].
І таму “наводдаль”– гэта не толькі ў пазамежнасці, вечнасці, але і на страчанай Радзіме, на Беларусі, якая здалечы зазвычай ідэалізуецца, успрымаецца светлаю явай, адсюль – “светлае кола быцця”, а два сонцы можна расчытаць як два асноўныя складнікі шчасця ў паэтаў-рамантыкаў: Айчына і каханая. Згадаем знакамітых эмігрантаў з нашага Краю ХІХ стагоддзя: “Шукаю Літву … і цябе” (Адам Міцкевіч), “Толькі Айчына і Зося // сёння мне шчасцем адзіным” (Ян Чачот).
Спадзяюся, для тых, хто слухаў паэта, змрочныя дні, што надараюцца ў жыцці, будуць асвечаны ягонымі вершамі. І, магчыма, для кагосьці гэта будуць радкі, што часта гучаць у маёй душы:
І як ні ідзі ты, а будзе твой шлях заўжды па ўскрайку,
Бо ты адтуль, дзе толькі актавы болю і скрухі…
І ты, як кастрычнік, палка ўспылаўшы,
Сваю маладосць у вогнішча дзён ярэмных кідаеш [3, с. 258].Ф