Адзін з вызначальных момантаў рамантычнай паэзіі — апяванне, узвышэнне Айчыны праз вобраз каханай, калі ствараецца праўдзівы культ, якому верна служыць і перад якім у пашане схіляецца рыцар-паэт. У беларускай і польскай паэзіі гэтае велічнае двуадзінства годна прагучала найперш у творчасці Адама Міцкевіча і Яна Чачота.
Каханкаю першаю нашай — айчына,
Ёй служым, яе мы шануем,
Другое ж каханне — вядома ж, дзяўчына,
Якую кахаем, мілуем. [1, с. 87. Тут і далей творы Я.Чачота ў перакладзе К.Цвіркі]
Гэтыя ўзнёслыя радкі з балады Яна Чачота «Наваградскі замак» сталі сімвалам веры і вернасці і для самога аўтара і для Адама Міцкевіча. Айчына — занядбаная, паняволеная, але гэтак любая сэрцу песняроў Літва-Беларусь, што на чужыне паўставала перад Адамам Міцкевічам ў вобліку Марылі Верашчакі, а перад Янам Чачотам у вобразе Зосі Малеўскай.
Даследчыца беларускага рамантызму І.Э.Багдановіч адзначае наступную асаблівасць: «Рамантычны рэгіянальны культ Айчыны быў звязаны ў Міцкевіча не толькі з канкрэтнай гістарычнай сітуацыяй, у якой ён пачынаў свой творчы шлях, але і з нацыянальнай сармацка-рыцарскай традыцыяй, калі Айчына і каханая былі прадметамі рыцарскага служэння і абагаўлення. Ва ўспрыняцці Міцкевіча гэтыя два ідэалы часам былі настолькі блізкімі, што паэтычны вобраз аднаго іх адразу ж выклікаў асацыятыўную сувязь з другім, цесна зліваючыся ў адну карціну» [2, с. 18–19]. Гэтае меркаванне цалкам магчыма аднесці і да Чачотавай паэзіі.
Гісторыя кахання да Марылі і сапраўды, як піша А.А.Лойка, стала адной з шматлікіх легендаў жыцця вялікага паэта. Тое каханне, што зарадзілася на золку маладосці, «перавярнула ўсё ягонае жыццё, кінула ў вір глыбокіх перажыванняў» [3, с. 11].
Смутная і адначасна такая ўзнёслая, узвышаная гісторыя гэта мае свой адметны сюжэт, неад’емна знітаваны з паэтычным шляхам Адама Міцкевіча. На самым пачатку — вясна. Час пяшчотных сустрэчаў, зачаравання, замілавання. Калі кожнае ейнае жаданне — наймацнейшым стымулам яму: «Напішы штосьці падобнае!» Падобнае да легендаў-паданняў зачараванага краю, што, пачутыя ад мясцовага люду, знаходзілі водгук у маладых сэрцах. І ён напісаў! Уся першая кніга «Балады і рамансы» створана пад знакам кахання, імя якога зліваецца з найсвяцейшым — Марыля. І гэта была вясна польскай паэзіі. «Ад пралескі, апаэтызаванай у «Баладах і рамансах», сапраўдным прадвеснем павеяла ва ўсёй польскай літаратуры, якая да гэтага ў халодным рацыяналізме халадзела на шаблонных катурнах класіцызму» [4, с. 8].
«Пралеска» — першы, зачынны твор, што адкрывае кнігу. Пралеска — самы яскравы сімвал вясны, што мае далікатную, някідкую красу. Як вядома, менавіта гэткаю прыгажосцю была абдаравана і сама Марыля:
Ні зарой не пунсавееш,
Ні чалмы ў цябе цюльпана,
Ні сукеначкі лілеі,
Ні грудзей, што ў ружы ўбранай. [5, с. 68 Пераклад М.Аўрамчыка]
Цепло, пяшчота пралескі супрацьпастаўлены яшчэ магутнай волі зімы. Як і пачуццё закаханых цалкам у руках жорсткага лёсу. Пралеска — той сіні матылёк-аднадзёнка, што яркімі іскрынкамі лунае над абуджанай зямлёй. Будзіць душы да святла, напаўняе іх імкненне да красы, прагай кахання, ахвяруючы сваім жыццём перад пагрозай знішчэння. Але гэткае жыццё-імгненне больш вартае, чым доўгае, ды халоднае, бяздумнае існаванне:
Нашы дні — век матыліны:
Зранку — жыў, а ўдзень — змярцвелы,
У красавіку хвіліна
Лепш, чым снежня месяц цэлы. [5, с. 68]
У гэтым маналогу пралескі адначасна гучаць і глыбокая пакора лёсу, і нязломная воля, свабодны выбар.
Першая кніга — зачын, сталася і вянком «на курганок па каханні да Марылі» [4, с. 8]. Таму матыў развітання, сыходу гучыць тут яскрава, выразна.
Адзін з ранніх санетаў «Успамін», напісаны на пачатку 1819г., уяўляе сабой зварот да каханай, згадку пра вясновыя сустрэчы, што былі праўдзівым святам. Гэтыя спатканні, акутаныя мроямі, летуценнямі, адводзілі закаханых у свет, дзе панавалі толькі ён і яна. Яны ж — далучаныя да свету прыроды, адвечнай красы.
Лаура! Ты ці помніш нашы святы,
Калі мы ў мроях маладых ляцелі
І дбаць пра свет, чужы нам, не хацелі,
Адно сабою мы былі заняты. [5, с. 46]
Вобраз каханай напоўнены красой незямной, становіцца крыніцай высокай духоўнай асалоды: «Твая краса дарыла боскасць зроку» [5, с. 46]. У гэтым санеце Адам Міцкевіч хіба ўпершыню называе сваю каханую Лаурай, ставячы яе ў адзін шэраг з несмяротнымі вобразамі, што натхнялі вялікіх творцаў. «Імя Марылі стане ўслед за імёнамі Лаурай Петраркі і Шылера, услед за Дантавай Беатрычэ, поруч з пушкінскай Керн» [4, с. 8].
Знакаміты санет «Да Нёмна», напісаны ў гасцінным шчорсаўскім маёнтку, што ўзвышаўся над самай ракою, мае найбольшую колькасць перакладаў на беларускую мову з усіх твораў Міцкевіча — адзінаццаць. Вобраз Лауры-Марылі знітаваны з вобразам беларускай ракі. Нёман — выток радаводу, калыска маленства, рака маладосці, крыніца натхнення, сімвал Краю. Хвалі ракі адлюстроўваюць дзявочую красу, як сама яна ўвабрала прыгажосць гэтай зямлі:
Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,
Валасы заплятала і ўквечвала скроні,
Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні
Я слязамі ў запале муціў у жудзе. [5, с. 54. Пераклад Р.Барадуліна]
Заключныя тэрцэты — гэта рытарычныя пытанні да Нёмна, у якіх — незагойны боль па страчанай маладосці, каханні:
Радаводная рэчка мая, дзе твае
Маладыя крыніцы, што білі няспынна,
Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?
Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?
Дзе Лаура мая? Дзе былая сябрына?..
Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае! [5, с. 54]
У невялікім вершы — ужо «Марылі Путкамер», што, відавочна, ёсць надпісам на кнізе, — спроба пераплавіць каханне ў сяброўства, дзе галоўнае — еднасць духоўная. Адсюль прыняты ў хрысціянскім свеце зварот — сястра:
Сястра Марыя! Мы зрадніліся з табой
Не крэўнасцю, а душамі і духам. [5, с. 60. Пераклад К.Цвіркі]
У вершы «Да М***” галоўны матыў памяці, што, адзіная, не здольна знікнуць, што ўвесьчасна вяртае мінулае. І ніякі, нат самы жорсткі загад-прымус не можа знішчыць памяць. Больш за тое, аддаленасць у часе і прасторы яшчэ болей будзіць успаміны, бо звязаны яны з наймацнейшымі парывамі душы. Двойчы паўтораная страфа гучыць лейтматывам верша:
Так, месцы, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам. [5, с. 61. Пераклад К.Цвіркі]
Кульмінацыяй інтымнай лірыкі Адама Міцкевіча — цыкл «Санеты» або «Любоўныя санеты», напісаны ў 1825 г. Некалькі вершаў цыклу прысвечаны Лауры-Марылі. Зачынны санет «Да Лауры…». Каханне, безнадзейнае, пакутнае, вышэй за зямныя перашкоды, бо яно асвечана вышэйшым законам — нябесным:
Мо з другім пойдзеш ты пад вянец, не са мною.
Толькі ведай, о любая, — што мне хавацца! —
Заручыў Бог душу маю ў небе з тваёю. [5, с. 143. Пераклад К.Цвіркі]
Вобраз каханай рамантызаваны, абрысы рэальнай зямной кабеты страчаны. Яна — ідэал вышэйшай, духоўнай красы, вартая малітоўнай пашаны. І няхай яна не ззяе «пыхлівай красой» (санет «У цябе ні іскрыцца вучонасцю слова…»), усё ж ёсць праўдзівай каралевай, прыгажосць якой здольна ўбачыць, аддаць ёй належнае і годна ўславіць толькі асоба, далучаная праз свой талент да духоўных вышыняў, — паэт. Звычайныя зямныя людзі могуць толькі застыць ў бязмоўі, не разумеючы, што сталася. Адчуўшы далучанасць паэта да красы, натоўп горача вітае яго ў хвіліны ўзрушэння:
І не ведаў ніхто, з-за чаго ўсе пасталі.
Ды паэт падказаў: «Тут анёл пралятаў!»
І віталі яго, хоць не ўсе і пазналі. [5, с. 144. Пераклад К.Цвіркі]
Заключным акордам легенды можа гучаць верш «Да ***», напісаны ў Альпах у 1829 г. Упэўненасць героя ў нязломнай моцы пачуцця, што пераадолела ўсе ростані і перашкоды, нарадзіла веру: сапраўднае каханне непераможнае: «Ніколі на свеце мне ўжо не расстацца з табою!» [5, с. 165. Пераклад К.Цвіркі]. Гэта фінал з бясконцым працягам, бо праз яе — каханую — перад зрокам паэта паўстае Айчына:
На небе замглёным шукаю палярную зорку,
Шукаю Літву маю, дом твой, цябе на падворку. [5, с. 166]
Кампазіцыю легенды пра каханне Адама Міцкевіча да Марылі, створаную паэтам у вершах, можна адлюстраваць праз наступную нізку: Марыля-пралеска — Марыля-Лаура — Марыля-Айчына. Лёс вёў паэта ад паэтызацыі роднага, ад захаплення спадчыннай народнай культурай да найлепшых здабыткаў культуры сусветнай і ўваскрашэння найвышэйшага ідэалу праз адзінасутнасны вобраз жанчыны-Айчыны.
Праўдзівай музай Яна Чачота праз усё жыццё была Зося Малеўская, дачка рэктара Віленскага універсітэта, сястра блізкага сябра паэта Францішка. Вершаў, прысвечаных Зосі, багата. Гэта «Зосіны песні»: творы філамацкага перыяду, болей за сто напісаных у турме і ўрэшце паэтычныя пасланні з ссылкі з глыбіні Расіі, куды паэт-выгнаннік трапіў з-за актыўнага ўдзелу ў дзейнасці Таварыства філаматаў.
У большасці сваёй па жанру гэта лірычныя песні. Зрэшты, многія вершы і былі пакладзены на музыку Станіславам Манюшкам і хораша гучалі ў выкананні самой Зосі, што мела дасканалы голас. Звяртаўся паэт і да Марылі Путкамеровай (Верашчакі) з просьбай напісаць музыку да ягоных песняў, дасылаў вершы. Сёння, дзякуючы нястомнаму збіральніку беларускіх скарбаў Адаму Мальдзісу, вядомы лісты Яна Чачота да гападыні Больценікаў, што знойдзены ў Парыжы ў Польскай бібліятэцы. У адным з іх чытаем: “...Нарэшце калі-небудзь з’явілася б надзея, што Пані дапасуе музыку. Якая гэта будзе для нас раскоша, калі Зося будзе спяваць твор на Пані музыку; цяжка гэта выказаць!” [6, с. 176].
Вершы вылучаюцца яскравым налётам сентыменталізму. Пачуццёвасць, захопленасць дзявочай красой, радасць ці смутныя перажыванні, пакуты — асноўнае ў «Зосіных песнях» шчаслівага філамацкага перыяду.
Да прыкладу — «Песенька на два галасы». Усё вакол асвечана прысутнасцю яе, каханай. Усё мае сэнс толькі таму, што спрычынілася да яе, захапіла ейную ўвагу. Ствараецца ўражанне, што пачуццё так і ліецца з паэтычных радкоў, лёгкаплынных, узнёслых. Паўторы, выклічнікі, адмоўны паралелізм набліжаюць твор да песняў народных, ствараюць надзвычай меладычны рытмічны малюнак:
Ах, не кветка гэта — казка,
Бо яна трымала,
Ах валошка — з красак краска,
Бо яна сарвала. [1, с. 43]
У каханай паэта мноства імёнаў: яна, мілая, любая, ты, адзіная. Часам, як і Адам Міцкевіч, Ян Чачот скарыстоўвае адкрыты біяграфізм: імя Зося гучыць для паэта найдасканалай песняй. «Неяк ля гаю мы з Зосяй лічылі…» — верш, у якім іскрысты гумар, дасціпны жарт пераплятаюцца з шчырым замілаваннем, захапленнем дзявочай красой. У аснове верша — мілы жарт, паэтычная гульня-лічылка. Колькасць палічаных ім і ёю ружаў ніяк не супадае, хоць кветкі пералічаны неаднаразова. У яе — пятнаццаць, ён жа ўпарта паўтарае — шаснаццаць. Як жа хораша развейвае закаханы неўдаваную злосць любай, ставячы яе ў адзін шэраг з кветкавай каралевай:
Тут на мяне Зося аж зазлавала —
Хоча ўцячы, размаўляць перастала.
«Зося, чакай, не ўцякай, мая міла:
Гэта ж сябе, пэўна, ты не лічыла!» [1, с. 51]
Верш быў пакладзены на музыку і, як відаць з прыпіскі да рукапісу, быў прыхільна сустрэты Зосяй-ружай: «Гэту песню вельмі часта мы з ахвотай спявалі на праходкай па гаі» [1, с. 321]. Можна толькі ўявіць тую ідылічную карціну — найшчаслівейшыя хвіліны ў так абдзеленым на пяшчоту жыцці паэта: яны гуляюць ля гаю, а ў наваколлі разносіцца суладны малады спеў.
Як заклінанне, як клятва вернасці, гучаць словы паэта, змешчаныя тут жа. Відавочна, напісаныя яны былі напярэдадні высылкі на далёкі Урал: «Зося для мяне найдаражэйшая, заўсёды помніце: Зося наша найдаражэйшая, заўсёды помніце, Зося для нас наймілейшая, заўсёды помніце» [1, с. 321].
Тое каханне не было ўзаемным. Прыгажуня Зося Малеўская не спяшалася дарыць пяшчоту закаханаму паэту. Ён разумеў і прымаў гэта. І толькі ў вершах выказваў свае пачуцці, між якіх нярэдка — смутак і журба:
Тая, для якой так многа
У збалелым сэрцы ласкі,
Мне адвагі не ўдзяліла
Краскі ёй паднесці міла! [1, с. 46]
У працытаваным вершы «Для каго збіраю краскі?» — кранальны лірычны сюжэт. Кветкі, непатрэбныя любай, ускладзеныя на магілку маленькага дзіцяткі дзеля ўцехі спакутаванай маці: «То ж анёлы прыляталі // На магілку краскі ўсклалі!» [1, с. 46].
Глыбокае ўражанне пакідае апошняя страфа, у якой прадчуванне: адзінота не пакіне яго і па сконе. І сціплае жаданне, прадказанне, надзея:
А я бедны, нешчаслівы,
Зноў складу тут крыжык з кветак.
Як памру з тугі, мо гэтак
Чалавек які зычлівы
І на мой грудок з палетку
Прынясе, ускіне кветку. [1, с. 46]
Ягоны «грудок» гэтак недаступны сёння, бо — у замежнай Ротніцы.
У многіх вершах асабістыя пачуцці аўтара схаваны за рознымі сюжэтамі. Гэтак, у вершы «Трэн» створаны вобраз смутнага рыцара, асуджанага на адзіноту праз нераздзеленае каханне. Сярод пышнай каралеўскай сябрыны ён быццам хмурная здань, што вымушаны хаваць у сабе шквал пачуццяў:
Нямы. Бы скала, што хавае вулканы,
Што ледзьве трымае ў сабе вір агняны.
А з кім размаўляць? Ён няпэўны, нясмелы. [1, с. 47]
Бо толькі яна — усеўладная гаспадыня, каралева валодае ягоным сэрцам. Так блізкая і так бясконца далёкая, недасяжная:
З адной гаманіў бы ён дзень і век цэлы.
Ды як пераняць яе позірк імклівы,
Салодкі і мройны, ад балю шчаслівы? [1, с. 47]
Ян Чачот напісаў цэлы цыкл трэнаў — журботных элегій. Яны вядомы пад агульнай назвай «Заблудны», які літаратуразнаўцы называюць своеасаблівай «аўтабіяграфічнай паэмай», дзе папраўдзе адбіліся шмат якія моманты з жыцця паэта» [7, с. 19].
«Развітанне Касцюшкі з Юляй» — гэта стылізацыя пад вядомую ў тым часе песню пра развітанне нацыянальнага героя з каханай. Ян Чачот, адштурхоўваючыся ад гэтага сюжэта, адлюстроўвае свае пачуцці: верш напісаны перад высылкай. Ізноў патрыёты Айчыны становяцца выгнаннікамі. За імем Юля схавана тая ж Зося. Па форме — гэта спеўны дыялог, дуэт. Закаханыя жывуць адным пачуццём, адной верай у незгасальную сілу кахання. Тут гучаць заклінанні: «Пра маё каханне ўспамінай!», «Пра маё каханне не забудзь», «З Богам будзь. Любая… Кахаю.. Не забудзь…», клятвы вернасці: «Я цябе няспынна буду сніць», «Юляю адзінай буду жыць», прадчуванне ростані навекі: «Мо я не вярнуся з даляў тых» і ўпэўненасць у тым, што каханне здольна пераадолець і прасторавыя, і часавыя межы: «Любасць пераможа нават час» [1, с. 52].
У прадмове да выдання кнігі Яна Чачота «Наваградскі замак» К.Цвірка вылучае сярод іншых гэткую асаблівасць паэтычных твораў аўтара, як «крылатасць» [8, с. 13]. У прадмове да выдання ў «Беларускім кнігазборы» (дарэчы творы Яна Чачота адкрываюць «залатую бібліятэку Беларусі», што ёсць знакам вялікага шанавання) гэтая адметнасць адсутнічае. Мяркуецца, дарэмна, бо для вершаў паэта характэрны не толькі рытмічная лёгкаплыннасць, але і шмалікія вобразы крылатых пасланцоў неба: «Да голуба», «Голуб», «Вандроўная пташка», «Зязюлька», «Прыляцелі саколікі», «Спявай па-над Сольчай, салоўку». Першыя два вершы ўспрымаюцца як дыстых. «Да голуба» напісаны ў вязніцы. Вядома, што Зося дасылала лісты зняволенаму паэту, каб падтрымаць яго ў нялёгкі час. Гэта было найвялікшым шчасцем — «ліст ад яе. // Мілай слова!» Тыя лісты натхнялі паэта: за дзень ён пісаў па некалькі «Зосіных песень».
Верш «Голуб» быў напісаны ўжо ў высылцы. Голуб — птушка-пасланец, у звароце да якой і глыбокае каханне, і незагойны смутак:
Я паслаў бы, голуб,
Цябе ў любы край,
Дзе маё каханне,
Дзе мой светлы май. [1, с. 57]
У гэтым вершы гучыць галоўны матыў «Зосіных песняў» — любасць да Краю і дзяўчыны. А найбольш выразна ён прагучаў у вершы «Толькі Айчына і Зося…», таксама напісаным на чужыне:
Толькі Айчына і Зося —
Сёння мне ўцехай адзінай.
Сёння мне ўцехай адзінай,
Жалю і смутку прычынай. [1, с. 55]
Глыбіня і стрыманасць пачуццяў, узвышанае гучанне адрозніваюць гэты твор ад тых мілых сентыментальных песняў, што былі напісаны ў філамацкі перыяд. Гэта праўдзівы раманс, дзе пераплятаюцца высакароднасць і палымянасць:
Я панясу да магілы
Любасць да краю і Зосі,
Хоць мне любоў гэта ў сэрцы
Столькі няшчасцяў прыносіць. [1, с. 56]
Да «Зосіных песняў» адносяцца не толькі інтымныя вершы Яна Чачота, але і гэткія ўзоры патрыятычный лірыкі, як «О ты, край мой нешчаслівы». Прадвызначаны вобразы роднай нівы, нашай долі, што стануць галоўнымі ў творчасці беларускіх нашаніўцаў амаль праз стагоддзе:
О ты, край мой нешчаслівы!
Дзе ж твае ўсе абаронцы?
Ці ўжо ўбачаць твае нівы
Шматчаканай волі сонца? [1, с. 48]
І Адам Міцкевіч і Ян Чачот былі тымі высакароднымі рыцарамі, абаронцамі паняволенай Айчыны, што праз усё жыццё пранеслі веру ў яе ўваскрашэнне.
Ала Петрушкевіч