Категории

Літаратурнае жыццё Гродзенскай губерніі першай чвэрці XIX ст.

9 минут на чтение

Літаратурнае мінулае з’яўляецца неад'емнай часткй грамадска-культурнага жыцця. У данным артыкуле пойдзе гаворка пра «ліратаратурнае жыццё» як гістарычную з’яву першай чвэрці ХІХ ст. Пад “літаратурным жыццем” мы будзем разумець перыядычны друк, кніжныя крамы, літаратурныя гурткі, бібліятэкі, прыватныя зборы і інш., што можна аднесці да катэгорыі “літаратурнае”. Вывучэнне такой праблемы дазваляе глыбей пазнаеміца з культурным мінулым Гродзенскай губерніі, тым больш што разглядаемая тэма на дадзенны момант не была прадметам асобнага даследвання.

Такім чынам, мэтай дадзенай працы з'яўляецца – на аснове архіўных крыніц і прац як гісторыкаў, так і літаратуразнаўцаў даць карціну “літаратурнага жыцця” у Гродзенскай губерніі першай цвэрці XIX cт. Даследаванне “літаратурнага жыцця” пэўнай тэрытарыяльнай адзінкі забяспечвае раскрыццё многіх асаблівасцей, тэндэнцый развіцця грамадства ў пэўны гістарычны адрэзак часу.

Першая чвэрць ХІХ ст. у культурным жыціі Гродзенскай губерніі характарызуецца існаваннем літаратурна-грамадскага руху, польскім па свайму зместу, звязаным з ідэямі польскага нацыянальна-вызваленчага руху [1, c. 58]. На літаратурнае жыцце Гродзенскай губерніі ўвогуле ўплывала яе заходняе становішча на ўскраіне Расійскай імперыі, а таксама тэрытарыяльная блізкасць Віленскага універсітэта ў адзначаны перыяд [2, с. 6].

Першай газетай на тэррыторыі будучай Гродзенскай губерніі была «Gazeta Grodzienska», якая з’явілася на свет ў 1776 г. у друкарні Антонія Тызенгаўза. Праіснавала газета да 1783 г. Гэта была штотыднёвая газета на польскай мове ў 2 старонкі, фарматам 15х20 см. Газетная справа праз некалькі гадоў была працягнута ўжо іншымі выданнямі: «Wiadomosci Grodzienskie» (1792), «Kurier Litewski» (1796-97). Палітічныя працэссы, якія адбываліся на тэрыторыі былой ужо Рэчы Паспалітай пазбавілі надоўгі час Гродна, а у будучым Гродзенскую губернію ў друкаванні ўласных газет і часопісаў [3, с.10] .

На думку шэрагу беларускіх гісторыкаў, у першай трэці ХІХ ст. на даўніх землях ВКЛ значна хутчэй, чым у мінулыя стагоддзі, развіваліся паланізацыйныя працэсы. З гэтым меркаваннем можна пагадзіцца, але належыць разумець сутнасць самой так званай паланізацыі мясцовай шляхты, а таксма бачыць прычыны і вынікі гэтага працэсу. Карыстанне польскай мовай ці каталіцкае веравызнанне не было ў гэты час вызначальнай прыкметай для аднясення асобы да этнічных палякаў. Нават саманазва «паляк» не з'яўлялася абсалютным аргументам для такой ідэнтыфікацыі, паколькі сутнасць гэтага тэрміну ў той час не была цалкам этнічнай. Між іншым, апошняе палажэнне ўжо добра ўкарэнілася ў беларускай гістарычнай думцы [4, c. 20].

На самой справе ў губерніі мелі распаўсюджанне польскія часопісы і газеты, галоўным чынам тыя, што друкаваліся ў Вільні і адыгрывалі важную ролю ў літаратурным жыцці Гродзенскай губерніі. У 1803-1806 гг. гэта: «Gazeta Litewska», «Kurier Litewski», «Tygodnik Wileсski». У 1815 – 1822 гг. іх было ўжо восем: «Kurier Litewski» пад рэдакцыяй А.Марціноўскага, «Tygodnik Wileсski», «Pamiкtnik Magiczny Wileсski», «Wiadomoci Brukowe», «Pamiкtnik Farmaceutyczny Wileсski», «Dziennik Wileсski», «Dzieji Dobroczynnoњci Krajowej i Zagranicznej» , «Miesiкcznik Poіocki» [5, с.73].

Так, напрыклад, у 1819 г. Віленскае дабрачыннае таварыства, камітэт па вучэбнай частцы, прапанаваў губернатару распаўсюдзіць па Гродзенскай губерні штомесячны часопіс на польскай мове, і высылаў праспект у 15 асобнікаў [6, aрк. 1].

У той жа час, архіўныя справы даюць інфармацыю аб подспісцы на рускія часопісы і кнігі, якія не мелі моцнай папулярнасці ў насельніцтва, але мелі месца быць. Што тычыцца прапаноў аб падпісцы на перыядычныя выданні, то галоўным чынам яны праходзіла праз канцылярыю гродзенскага губернатара. Так у 1823 г., Імператарскае Вольнае эканамічнае таварыства прапануе губернатару распаўсюдзіць па паветах наступныя выданні аб «Фландрскай сельскай гаспадарцы» і высылае 6 асобнікаў, таксама аб «Глебападымнай машыне», гравіраванай малюнкамі. Кошт першага выдання – 3 рублі, другога – 5рублеў [7, арк. 5 – 6]. Трэба адзначыць сярод памешчыкаў выданні не мелі папулярнасці. У Гродна памешчыкі спасылаліся на тое, што фландрская гаспадарка ім не падыходзіць, і такім чынам яны не маюць патрэбы ў кнігах [7, арк. 14]. Негледзячы на гэта, у Пружанскім павеце купілі адзін асобнік «Аб Фландрскай гаспадарцы» [7, aрк. 10]. У Навагрудскім павеце і аб «Фландрскай сельскай гаспадарцы» і аб «Глебападымнай машыне» [7, арк. 8]. Гэты факт больш сведчыць не пра неадукаванасць памешчыкаў, а пра іх імкненне весці сваю гаспадарку на аснове прыгоннага права, не выкарыстоўваючы новыя метады [7, арк. 8].

Цікавай справай з’яўляецца справа аб падпісцы на часопіс «Соревнователь». У 1822 г. Санкт-Пецярбургскае Вольнае таварыства аматараў расійскай славеснасці таксама піша губернатару аб распаўсюджанні свайго часопіса [8, aрк. 1]. Падпісаліся на часопіс толькі ў Гродна, гэта камандзір Літоўскага пяхотнага палка палкоўнік Нікіцін, які падпісаўся на часопіс на ўвесь год і заплаціў суму ў 30 рублёў асігнацыямі; палкоўнік 24-ай артылерыйскай брыгады; кіраўнік гродзенскай мытні падпісаўся на паўгода і заплаціў ўжо 20 рублёў; камандзір другой брыгады ўнутранай варты 12-й акругі; гродзенскі губернскі пракурор; тытулярны саветнік Белазёрскі [8, aрк. 17]. Уласна губернскі часопіс з’явіцца толькі ў1838 г.

Што датычыцца распаўсюджання кніг, то кніжны гандаль на беларускіх землях развіваўся ў гэты час тымі ж шляхамі, што і іншыя формы гандлю. Асноўнымі былі тры: стацыянарны (кніжныя крамы), якую утрымліваў купец Ян Пехоўскі ў Гродна [9, с. 114]; развазны і гандаль па падпісцы цераз паштамты. Продаж кніг – пераважна, танных выданняў для народа, малітоўнікаў – ажыццяўляўся таксама на кірмашах. Стацыянарны гандаль толькі пачаў складвацца. Невялікая колькасць патэнцыяльных пакупнікоў у гарадах не пакідала прасторы для пашырэння аб’емаў кнігагандлю. Часцей за ўсё кнігі прадаваліся побач з іншымі таварамі і ў невялікім асартыменце. Развазны гандаль канцэнтраваў у сабе распаўсюджанне кніг, прызначаных для малаадукаваных пластоў грамадства-танных падручнікаў, малітоўнікаў [5, с. 72].

Гандаль па падпісцы, як можна меркаваць, быў распаўсюджанай формай пакупкі кніг у правінцыі. Дзеля гэтага друкаваліся каталогі кніжных крамаў і анонсы новых кніг у часопісах [5, с. 73]. Напырклад, у Пецярбургу Аляксей Агінскі выдае на рускай мове «Гісторыю Грэцыі» Голдшміда ў 2-ух частках. Абедзве часткі пры падпісцы на рускай мове каштавалі 5 рублёў. Гэтак жа ён прапаноўваў новую кнігу «Гісторыю аб рымлянах» таго ж аўтара, якая складалася таксама з 2-ух частак і каштавала ўжо 10 рублёў адной кнігі і ўсе гэта было магчыма атрымаць па падпісцы [10, арк. 3-4].

Шмат кніг прывозілася з-за мяжы. Напрыклад, у 1827г. на мяжы губерніі была затрымана скрыня з 64 кнігамі на нямецкай і французскай мовах ўладальнікам якой з’яўляўся памешчык Віктар Юнзел [11, aрк. 11].

У першай чвэрці XIX ст. кніжную прадукцыю выпускалі пераважна прыватныя друкарні, у першыя дзесяцігоддзі – найбольш на лацінскай, польскай, яўрэйскай мовах, затым на рускай. Найбольш выходзіла рэлігійнай літаратуры. Разам з тым выпускаліся такія салідныя свецкія выданні, як «Пачатковая навука аб правілах найбольш характэрных прапорцый, якія ўдасканальваюць малюнак» Г.Эйманта (1802), «Гутаркі Платона са сваімі вучнямі» Ф.Карпінскага (1802), «Курс маралі ў пытаннях і адказах...» Я.Багушэўскага (1808), «Кароткі нарыс першапачаткаў літоўскага народу» Т.Нарбута (1818), які, дарэчы, мясцовыя ўлады стараліся не дапусціць у друк [3, c. 41].

Тут жа узгадаем фармаванне інстытута свецкай цэнзуры [5, с. 71]. З уваходжаннем у склад Расійскай імперыі на беларускія землі аўтаматычна распаўсюджваліся цэнзурныя забароны, якія раней былі накладзены Кацярынай ІІ на некаторыя творы. У лік іх трапілі, да прыкладу, асобныя сачыненні французскіх Асветнікаў, якімі поўніліся грамадскія і прыватныя бібліятэкі былой Рэчы Паспалітай. Але рэвізія гэтых бібліятэк не праводзілася яшчэ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, што, між іншым, уплывала на ўзровень вальнадумства жыхароў новадалучаных земляў [4, c. 69]. Напрыклад, адзін з цыркуляраў Міністэрства паліцыі ў 1819 годзе, сведчыць пра недазвол кнігагандляроў прадаваць замежную літаратуру, на якой адсутнічала месца выдання, нават калі кніга праходзіла цэнзуру [12, aрк. 1].

Знаемства з літаратурай адбывалася ў так званых «благородных сходах», дзе збіраліся менавіта дваране, ваенныя і цывільныя чыны, пачэсныя грамадзяне, купцы першых 2-ух гільдый. Каб уваходзіць трэба было ў год заплаціць 10 рублеў серабром [9, c. 289]. У сходах можна было чытаць часопісы і газеты. У Гродзенскай губерніі выпісвалася 885 экземпляраў газет і часопісаў, сярод якіх былі выданні на польскай, французкай і нямецкіх мовах [9, c. 289].

Бібліятэка ў губерніі з’явіцца толькі ў 1834 годзе. Аднак існавалі прыватныя кнігазборы. На пачатак XIX ст. ў Гродзенская губерніі ў маентках вядучых магнатаў існавала некалькі буйных кнігазбораў. Так у маентку Міхаіла Казіміра Агінскага ў  Слоніме існавала вялікая бібліятэка, якая налічвала 1780 тамоў па дадзеным на канец XVIII cт,.і друкарня [13, с. 80]. У Вялікай Бераставіцы “старая” бібліятэка Касакоўскіх налічвала 3000 тамоў кніг на розных мовах па гісторыі, праву, філасофіі [2, с.81]. У Шчучыне ў маентку Друцкіх-Любецкіх таксама існавала бібліятэка [13, c. 82].

Бібліятэка хутчэй за ўсё была ў кіраўніка брэсцкай мытні Якова Мірнавіча. Яго сын прыгадваў, што ен атрымаў разнастайныя веды ў хаце. Наогул берясцейскія мытнікі былі павінны сачыць за тым, каб цераз мяжу не правозіліся недазволенныя выданні, і былі адукаванымі. Як правіла, у спісах падпісчыкаў на цікавыя кнігі ці часопісы можна знайсці прозвішча мытнікаў – Каржанеўскага, Ястрабава і інш [14, c. 263].

Нельга абмінуць і дзейнасць Біблейскага таварыства ў разглядаемы перыяд (1817 – 1824 гг). Распаўсюджванне Бібліі і кніг сярод непісьменнага насельніцтва было абсурдным мерапрыемствам, таму сябры таварыства прыкладалі намаганні ў развіцці адукацыі, стварэнні ланкастарскіх школ у правінцыйных гарадах. Напрыклад, у Гродзенскай губерні іх прапагандаваў М.Т.Бутаўт-Анджэйкавіч, губернатар і масон. Ён напісаў брашуру «Аб школе Ланкастара, аб’яўленай 16 мая 1819 г. жыхарам Літоўска-Гродзенскай губерні» (Гродна, 1819, на польскай мове) [15, c.73].

Сувязь з Пецярбургам Гродзенскае аддзяленне Біблейскага таварыства падтрымлівала пастаянна. Адтуль прысылалася патрабуемая колькасць Біблій і розная рэлігійная літаратура. Так, ужо пры стварэнні бібліятэка Гродзенскага таварыства атрымала Біблію на 9 мовах. З 1817 г. па 1824 г. з Пецярбурга прыслалі ў Гродна 253 кнігі на розных мовах (славянскай, немецкай, французскай, польскай і іншых). З іх 43 пакінулі ў бібліятэцы камітэта, а астатнія размеркавалі наступным чынам: 35 выслалі павятовым маршалкам Навагрудскага, Слонімскага, Лідскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага паветаў і 13 – генерал-маёру Патулаву, які ў Брэсце стварыў свой камітэт; раздалі бясплатна 20 штук яўрэям, 2 – арыштантам гродзенскай турмы, 34 кнігі – бедным; прадалі камітэтам таварыства 54 кнігі. На момант закрыцця ў Гродзенскім аддзяленні засталося 95 кніг [15, с.73].

У дзейнасці Гродзенскага аддзялення Біблейскага таварыства адчуваўся значны польскі ўплыў. Так, аналіз кніг для спісаў сяброў Таварыства паказвае, што большасць іх была палякамі, спісы прозвішчаў па-руску – рэдкасць. Уся дакументацыя (спісы, ведамасці аб наступленні рэлігійных кніг, кніга аб выдатках грошаў і іншыя) вялася на польскай мове [15, c.73].

Такім чынам можна зрабіць наступныя высновы. Літаратурнае жыцце Гродзенскай губерніі было даволі інтэнсіўнае: бесперашкодна можна было выпісваць газеты, заказваць кнігі з-за мяжы. Але большай папулярнасцю сярод памешчыкаў карысталіся польскія часопісы, рускія жа выпісваліся рускімі чыноўнікамі. Адзначым, што дзеля такой справы трэба было мець сродкі і адукацыяю, якія ў ніжэйшых слаях адстунічалі. “Літаратурнае жыццё” было прывілеем вузкага кола грамадства.

А.В.Седунова

Наука-2015 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. М. Третьяков (гл. ред.)  [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2015. – 291 с.

The article is based mainly on archival affairs and devoted to the history of "literary" heritage of Grodno province in the first quarter of the XIX century. Describes the development of the press and journalism in Grodno region, revealed features of the development of society in a given period.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Адно жыццё, аддадзенае паэзіі. Адно жыццё, што ўмясціла столькі, колькі не агледзець зрокам, бо надта багатым на разнастайныя плёны сталася яно. «Адно жыццё» – такую назву даў кнізе выбранага знакаміты беластоцкі паэт Ян Чыквін. Асабіста мною яна ўспрымаецца п...
Важнай асаблівасцю гістарычнага працэсу канца ХVIII – першай чвэрці ХХ стст. ва Усходняй Еўропе з’яўляліся пошукі народамі былога Вялікага Княства Літоўскага, асабліва беларускім і літоўскім, свайго нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання. Іх перакананасць у неабх...
Жыццё выдатнай польскай дэмакратычнай пісьменніцы Элізы Ажэшка было цесна звязана з Гродзеншчынай і з горадам Гродна. Тут яна нарадзілася, жыла, пісала свае лепшыя творы. Яна добра ведала жыццё беларускага народа, і гэта знайшло самае шырокае адлюстраванне ў я...