Категории

Грамадска-палітычны рух у Беларусі за адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага (канец XVIII – першая чвэрць ХХ стст.)

2 минуты на чтение

Важнай асаблівасцю гістарычнага працэсу канца ХVIII – першай чвэрці ХХ стст. ва Усходняй Еўропе з’яўляліся пошукі народамі былога Вялікага Княства Літоўскага, асабліва беларускім і літоўскім, свайго нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання. Іх перакананасць у неабходнасці, немінучасці аднаўлення Княства і здольнасці гэта зрабіць нашмат перажыла самую дзяржаву і заявіла аб сабе як значная грамадска-палітычная сіла.

Але пры дамінаванні доўгі час погляду на гісторыю Беларусі скрозь прызму польскай або расійскай канцэпцыі рух за адраджэнне ВКЛ знаходзіўся «ў цяні» змагання за адбудову Рэчы Паспалітай. Непрызнанне савецкай уладай альтэрнатыўных мадэляў дзяржаўнасці беларускага народа ў першай чвэрці ХХ ст. выключала магчымасць правядзення навуковых даследаванняў яе ранейшай гісторыі не толькі як рэальнасці, але нават як ідэі. Ігнараванне дзяржаватворчых сіл і інтарэсаў Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ стст. спрыяла замацаванню за беларусамі іміджу недзяржаўнага народа, вяло да адмовы ад гістарычнай спадчыны ВКЛ, да прыніжэння яго ролі ў еўрапейскім цывілізацыйным працэсе.

З памежжа ХХ–ХХІ стст. набірае сілу гістарыяграфічная тэндэнцыя разгляду лёсу беларускага і літоўскага народаў у 1795–1939 гг. скрозь прызму  палітычнай спадчыны ВКЛ (тэрыторыя, сталіца і інш.), на якую прэтэндавалі таксама Польшча і Расія. Каталізатарам правядзення новых даследаванняў і пераасэнсавання ведаў сталі юбілеі гістарычных падзей і асоб, з якімі звязана пастаноўка пытання аб адраджэнні ВКЛ: 200-годдзе вайны 1812 г., 150-годдзе паўстання 1863 г., 100-я гадавіна пачатку Першай сусветнай вайны, 250-годдзе нараджэння М. К. Агінскага і інш.

Сучасная гістарычная навука, маючы пэўныя здабыткі па вывучэнні спроб адраджэння ВКЛ у 1811–1812 і 1915–1916 гг., тэму змагання за вяртанне ВКЛ на палітычную карту Еўропы далёка не вычэрпвае. Да таго ж гэта змаганне не зводзілася да двух фрагментарных, храналагічна абмежаваных і радзеленых стагоддзем часу сюжэтаў палітычнай гісторыі Беларусі, але з’яўлялася своеасаблівым «сімвалам веры» яе грамадска-палітычнага руху на працягу прыкладна 130 гадоў.

Наспела патрэба правядзення спецыяльнага даследавання, дзе б рух за адраджэнне ВКЛ прасочваўся цэласна, у дынаміцы і на ўсім працягу яго бытавання. Падрыхтоўка такой працы набывае мэтазгоднасць і актуальнасць у кантэксце ўзмоцненай навуковай і грамадскай цікавасці да шматвяковага досведу, на які абапіраецца беларускі народ у сучасным нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве.

Морозов Сергей Павлович

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Абарончыя  ўмацаванні на працягу ўсёй гісторыі мелі  важнае значэнне для функцыянавання грамадства і яго інстытутаў.  У сувязі з гэтым  актуальным  для даследавання гісторыі Беларусі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляецца вывучэнне пр...
У палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ХІІІ ст. і іх царкоўна-рэлігійным жыцці ХІV – ХV стст. Наваградку належала вялікая, а нярэдка і вызначальная роля. Валянцін Пікуль, рускі гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную Беларусь: “К...
У разглядаемы перыяд у Беларусі налічвалася значная колькасць мястэчак. Беднасць архіўных дадзеных перашкаджае дакладна вызначыць колькасць мястэчак у другой палове XVIII ст. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у Беларусі налічвалася каля 290 мястэчак. Іх колькасц...