Категории

Крыніцы па гісторыі штодзённасці беларускага сялянства ў XVIII ст.

минута на чтение

Абуджэнне ў беларускім грамадстве цікавасці да сваіх каранёў ставіць перад даследчыкам задачу максімальна цэласна звязаць багатыя звесткі аб сацыяльна-эканамічным стане беларускай вёскі з яе духоўнасцю, традыцыяй і культурай. Пры гэтым асноўным элементам, які аб’ядноўвае два згаданых канструкты, можна лічыць асобу селяніна, з уласцівымі яму характарыстыкамі: імем, прозвішчам, мянушкай, прыналежнасцю да канкрэтнай сельскай абшчыны і маёнтка, занятасцю будзённай сельскагаспадарчай працай, асаблівасцямі баўлення вольнага часу, сістэмай ўнутрысямейных паводзінаў, адносінамі да пана, царквы, дзяржавы, прадстаўнікоў сваёй і чужой абшчын, павіннасцей, вайны, рэлігіі, музыкі, мастацтва, чужаземцаў, чарадзейства, забабонаў, цудаў і г.д.  

Храналагічныя рамкі даследавання ахопліваюць XVIII ст. — перыяд, які характарызуецца выхадам на авансцэну гісторыі арганізаванай сялянскай абшчыны–соцыума са сваім парадкам штодзённага жыцця. Тэрытарыяльныя рамкі — беларускія землі ў іх этнаграфічных межах.

Крыніцазнаўчая база даследавання абапіраецца на апублікаваныя і неапублікаваныя дакументы XVIII ст., якія зберагаюцца ў Нацыянальным архіўным фондзе Рэспублікі Беларусь, а менавіта ў Нацыянальных гістарычных архівах Беларусі ў Мінску і Гродна, і асвятляюць падзеі і абставіны штодзённага жыцця сялянскага насельніцтва Беларусі. Большасць асветленых у даследаванні крыніц як дакументы па гісторыі штодзённасці ў гістарыяграфіі дагэтуль не разглядаліся. 

Аспекты гаспадарчага, асабістага і грамадскага жыцця раскрываюць канфесійныя (метрычныя кнігі, візіты), гаспадарчыя (інвентары, рахунковыя кнігі, акты куплі-продажу), судовыя крыніцы са справаводства ўстаноў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі (скаргі, данясенні возных, дэкрэты, позвы, прысягі, інш.; адносіны, рапарты, пратаколы апытанняў). Асобнай крыніцай, якая дадае новыя факты са штодзённага жыцця беларускага сялянства XVIII ст. з’яўляюцца наратыўныя (апавядальныя) крыніцы — мемуары і дзённікі, публіцыстыка, запіскі падарожнікаў, эпісталярная спадчына, звесткі вуснай гісторыі.

Комплекснае даследаванне крыніц штодзённай гісторыі сялянства Беларусі XVIII ст. праводзіцца ўпершыню. Асвятленне тэмы мае вялікую значнасць для развіцця гісторыі штодзённасці, крыніцазнаўства, архівазнаўства, архіўнай справы і генеалогіі.

Урублеўскі Вадзім Валер’евіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

На  працягу  большага  перыяду  айчыннай  гісторыі  асноўную  частку беларускага  насельніцтва  складала  сялянства,  якое  адыгрывала  вырашальную ролю  ў  эканоміцы  рэгіёна,  з’яўлялася  асноўным  вытворцам  матэрыяльнага багацця  і  захавальнікам нацыяналь...
Імя Максіма Багдановіча ўваходзіць у нашу свядомасць з дзяцінства і застаецца ў ёй сімвалам гарачай любові да роднага краю і веры ў творчыя сілы беларускага народа. Літаратурная спадчына М. Багдановіча з’яўляецца унікальнай з’явай у гісторыі беларускага мастац...
Сельскагаспадарчыя адносіны ў гісторыі Беларусі заўсёды выклікалі вялікую цікавасць у даследчыкаў. “Валочная памера” 1557 г. з’яўляецца адной з найбольш значных падзей у эканамічнай гісторыі Новага часу нашай краіны. Гэтая рэформа вызначыла шлях развіцця краін...