Імя Максіма Багдановіча ўваходзіць у нашу свядомасць з дзяцінства і застаецца ў ёй сімвалам гарачай любові да роднага краю і веры ў творчыя сілы беларускага народа. Літаратурная спадчына М. Багдановіча з’яўляецца унікальнай з’явай у гісторыі беларускага мастацкага слова. Пра творчасць Максіма Багдановіча напісана многа цікавых і змястоўных прац. І ўсеж шэраг пытанняў, якія датычацца «загадкі Багдановіча», патрабуюць больш глыбокага асэнсавання. Важным сярод іх па-ранейшаму застаецца пытанне аб уплыве на яго творчасць антычнай культуры і літаратуры.
Як вядома, антычнасць, яе эстэтычныя ідэалы, вобразы і матывы займаюць значнае месца ў паэтычнай спадчыне Максіма Багдановіча, што дае цікавы матэрыял для вывучэння складанай праблемы ў нашым літаратуразнаўстве. Яго творчасць грунтоўна ў ракурсе гэтай праблемы не даследавалася і не вывучалася, хоць і можна сустрэць у асобных працах слушныя назіранні аб ролі антычнай культуры ў яго творчасці. Сур’ёзнаму асвятленню гэтага пытання садзейнічалі работы такіх вучоных, як Ю.А. Дрэйзін, С.К. Майхровіч, А.А. Лойка, В.А. Каваленка, В.У. Івашын, М.М. Барсток, Н.І. Лапідус, А.К. Кабаковіч і інш. Аднак многае застаецца яшчэ зусім не высветленым або толькі часткова закранутым. Найчасцей гэта праблема разглядалася толькі ў агульнаметадалагічным плане. Падставы для такога сцверджання, бясспрэчна, існуюць: амаль поўная адсутнасць значных навуковых даследаванняў, якія б грунтаваліся на дакладным і ўсебаковым аналізе антычных матываў на багатым і канкрэтным літаратурным матэрыяле Максіма Багдановіча. Гэта і дае нам падставу спыніцца ў дадзеным раздзеле манаграфіі на даследаванні наступных праблемаў: устанавіць тыпалагічныя падабенствы і паралелі ў паэзіі Максіма Багдановіча і рымскага паэта Гая Валерыя Катула; апісаць міфалагічныя элементы антычнасці ў яго творчасці і паспрабаваць на канкрэтных прыкладах вызначыць своеасаблівасць уплыву антычнай культуры на Багдановічаву паэзію і паказаць спецыфіку выкарыстання ім антычнага матэрыялу; разгледзець узоры выкарыстання антычнай паэзіі ў перакладах Максіма Багдановіча.
Творчасць Максіма Багдановіча як новы этап засваення антычнай спадчыны ў беларускай літаратуры. Агульнавядома, што абсяг літаратурных і навуковых інтарэсаў Максіма Багдановіча быў незвычайна шырокі: ад Гарацыя і Авідзія да Верлена і Брусава. У беларускай літаратуры ніхто так дасканала не валодаў майстэрствам паэтычнага пераўвасаблення, як М. Багдановіч. Адразу кідаецца ў вочы разнастайнасць творчых пошукаў паэта. Багдановіч вучыцца на вопыце многіх сусветных літаратураў, чэрпае з іх для сваёй творчасці паэтычны матэрыял. Ён свядома і мэтанакіравана працаваў над тым, каб далучыць беларускае слова да скарбніцы сусветнай культуры, добра валодаў лацінскай, французскай, нямецкай і многімі славянскімі мовамі. Атрыманыя веды ў Ніжагародскай класічнай гімназіі, а затым у Яраслаўскім юрыдычным ліцэі паэт дапаўняў і пашыраў самаадукацыяй. Нагадаем, што Максім Багдановіч нарадзіўся і выхоўваўся ў сям’і, дзе панавалі інтарэсы навукі і літаратуры. Ужо з маленства ён пазнаёміўся з культурай і літаратурай антычнага свету. Першым настаўнікам паэта ў гэтай справе быў яго бацька, Адам Ягоравіч, які кіраваў пазакласным чытаннем сына. Пазней Максім Багдановіч успамінае: «Мы змалку праходзілі гэтую сусветную школу. Бацька пачынаў, з чаго пачынае кожны народ у сваёй творчасці, з эпасу. Мы ўжо ў дзяцінстве ведалі «Рустэма і Зараба», «Іліяду», «Калевалу», быліны...»7.
Значны ўплыў на юнака Багдановіча аказаў І.У. Белавусаў, настаўнік Яраслаўскай гімназіі, «дасканалы знаўца грэчаскай і лацінскай моваў і класічнай старажытнасці», новых еўрапейскіх моваў. Да Максіма Белавусаў адносіўся з вялікай сімпатыяй, і Максім вельмі часта наведваў свайго настаўніка. Гутаркі з гэтым высокаадукаваным чалавекам па пытаннях літаратуры і мастацтва, безумоўна, паўплывалі на развіццё Максімавага густу і мастацкага чуцця. Ён жа кіраваў заняткамі Максіма пры вывучэнні ім грэчаскай, італьянскай і французскай моваў, якімі будучы паэт «займаўся не толькі ў гімназічны час, але і ў гады студэнцтва, карыстаючыся кіраўніцтвам і ўказаннямі гэтага свайго настаўніка і сябра»8. Максіма Багдановіча з гэтым чалавекам звязвалі і агульныя інтарэсы, і ўзаемная сімпатыя. Уплыў, які зрабіў настаўнік на Багдановіча, «пераацаніць цяжка: ён, бясспрэчна, адбіўся на яго юнацкім светапоглядзе, закрануўшы фармаванне мастака — эстэтычнага густу геніяльнага падлетка»9 .
Захапленне антычнай культурай спалучалася ў Максіма Багдановіча з любоўю да Радзімы, да фальклорнай спадчыны. У сваіх творах ён часта згадвае антычных пісьменнікаў — Гамера, Анакрэонта, Феакрыта, Катула, Вергілія, выкарыстоўвае імёны такіх вядомых міфалагічных персанажаў, як Геракл, Антэй, Гея, Пегас і інш.
З вялікім замілаваннем гаворыць Максім Багдановіч аб паэзіі старажытнагрэчаскага паэта-лірыка Анакрэонта, творчасць якога стала ў літаратуры сімвалам кахання, сяброўскіх баляванняў, любоўнай і эратычнай паэзіі. Вершы яго радасныя, бестурботна вясёлыя, бадзёрыя. Вызначаюцца вытанчанасцю форм, музычнасцю і лёгкасцю. Каханне і віно – бадай што асноўная тэма яго творчасці.
Вялікай папулярнасцю пачаў карыстацца Анакрэонт яшчэ ў антычны час. Выразы з твораў паэта, яго рэмінісцэнцыі сустракаюцца ў трагедыях Еўрыпіда «Іпаліт» і «Вакханкі», а таксама ў камедыі Арыстафана «Ахарняне». У рымскай паэзіі вобраз Анакрэонта сустракаецца ў некаторых одах Гарацыя. Не забыліся пра Анакрэонта і пісьменнікі Візантыі, пра што сведчаць адпаведныя слоўнікі і шматлікія схоліі да Гамера, Гесіёда, Эсхіла, Еўрыпіда.
Водгаласы паэзіі Анакрэонта сустракаюцца ў літаратуры эпохі Рэнесансу Старажытнага Усходу. У першую чаргу гэта праяўляецца ў творчасці вялікіх паэтаў фарсімоўнага Усходу – Рудакі, Саадзі, Хафіза, Амара Хаяма, Румі, Джамі і інш.
Анакрэантычная тэма мае багатую традыцыю ў заходнееўрапейскай літаратуры, дзе асаблівую папулярнасць паэзія Анакрэонта набыла ў ХVІІІ – ХІХ стст.
Значнае распаўсюджанне атрымала анакрэонтыка ў французскай літаратуры ХVІІІ ст. у паэтаў галантна-эратычнага напрамку Вальтэра і Парні, а пазней водгукі паэзіі Анакрэонта прасочваюцца ў інтымнай лірыцы Беранжэ.
Анакрэантычная паэзія аказала адметны ўплыў на развіццё рускай літаратуры. Слава Анакрэонта ў Расіі пачынаецца з Ламаносава, аўтара вершаванай сюіты «Размова з Анакрэонтам». Паэзія Анакрэонта знайшла адбітак у творчасці Дзяржавіна, Гнедзіча, Рылеева і іншых рускіх паэтаў.
Яскрава праяўляюцца водгукі анакрэантычнай тэматыкі ў творчасці Аляксандра Пушкіна. Імя Анакрэонта асабліва часта сустракаецца ўжо ў вершах ліцэйскага перыяду. Сведчанне таму верш «Труна Анакрэонта», дзе юны паэт Пушкін сцвярджае сваё жыццялюбства пад уздзеяннем запавета анакрэантычнай мудрасці:
Смертный век твой – привиденье:
Счастье резвое лови;
Наслаждайся! Наслаждайся!
Чаще кубок наливай;
Страстью пылкой утомляйся
И за чашей отдыхай!10
Для Максіма Багдановіча паэзія Анакрэонта — гэта высокі ўзор мастацкай творчасці. Узор, які варты «глыбокага асэнсавання і творчага наследавання»11. Каб больш дакладна акрэсліць месца анакрэонтыкі ў паэзіі беларускага пісьменніка, прасочым, як ён сам вызначаў сваё паэтычнае крэда:
Бледны, хілы, усё ж люблю я
Твой мудры і кіпучы верш, Анакрэон.
Ён у жылах кроў хвалюе,
Ў ім жыццё струёю плешча, вее хмелем ён.
Верш такі — як дар прыроды,
Вінаграднае, густое, цёмнае віно:
Дні ідуць, праходзяць годы, —
Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно12.
Мудрым і кіпучым вершам сцвярджалася тое, што найбольш імпанавала Багдановічу як паэту. А іменна — мудрасць, як духоўны запавет паэзіі, як адна з яе першаасноў. І яшчэ жыццярадаснасць, эмацыянальная насычанасць і змястоўная напоўненасць. Тут, у вершы, не толькі аналізуецца паэзія старажытнагрэчаскага лірыка, але і даецца эмацыянальная ацэнка вобразнай сістэмы анакрэантычнай лірыкі, прасякнутай адчуваннем хуткацечнасці чалавечага быцця, радасці і хвалявання. Анакрэантычная сімволіка вырастае з рэальнага жыццёвага асяроддзя Максіма Багдановіча, напоенага тым «віном» і «паветрам», якім ён жыў і дыхаў. Як бачым, сваё захапленне паэзіяй Анакрэонта беларускі паэт выражае «праз канкрэтны паэтычны вобраз, які вельмі ўзмацняе экспрэсіўнасць верша ў цэлым»13. Зазначым, што тут як бы выступае ўнутраная пазіцыя аўтара беларускіх твораў. У сваіх радках беларускі паэт гаворыць, што вершы лірыка Старажытнай Грэцыі не старэюць з цягам часу, а становяцца, накшталт вінаграднага віна, мацнейшымі і хмяльнейшымі. Гэтыя ж думкі аб «п’янасці і хмельнасці» паэзіі гучаць і ў іншым вершы Максіма Багдановіча:
Мудрай прамовы
Мёд залацісты,
Поўныя соты
Мне да спадобы;
Але не меней
Сэрцу панадны
Мёд сваім хмелем
Светлым і тонкім 14.
Уражваюць і захапляюць вершы паэта, падказаныя яму матывамі анакрэонтыкі, якую ён так любіць і імкнецца прышчапіць на роднай літаратурнай глебе яе ўзоры. У вершы спалучаюцца ўраўнаважаная весялосць і мудрасць, «сэрцу панадная лёгкасць» і роздумнасць. Тонкая музычнасць, выразнасць думкі, прастата і закончанасць формы характарызуюць гэты верш. Паэт выказаў у гэтай мініяцюры сваё імкненне да гармоніі думкі і пачуцця. Хмельнасць і п’янасць паэзіі ўяўляюць сабой спецыфічныя рысы творчасці Максіма Багдановіча, якія ў цэлым дынамічна-стрыманыя. Іх існасць — рух. Рух наперад. І яшчэ падобны «дынамізм» (тэрмін М. Гарэцкага) — адна з перадумоваў развіцця нацыянальнай паэзіі на шляху «выкарыстання тых здабыткаў паэзіі, якія выпрацавала сусветная культура»15.
Максім Багдановіч прасякся «анакрэонтавым» духам і стылем, праявіў сябе сапраўдным майстрам «лёгкай» паэзіі. Параўноўваючы паэзію з «вінаградным, густым, цёмным віном», ён прарочыў ёй славу і вечнасць, пракладаў новыя шляхі, узбагачаў яе трапнымі назіраннямі, пашыраў яе мастацкія мажлівасці.
Але нярэдка хмель віна і мёду выклікаў у яго душы ўнутранае гарэнне. Тады радкі паэтавы загараліся агнём маланкі:
Думка! Калі я цябе выліваю
Ў слова халоднае, ў песню сваю,
Гэткае ж пекла ў душы сваёй маю.
Паліць яна мне ўсю душу маю16.
Анакрэантычныя матывы адыгрываюць немалаважную ролю ў паэзіі Максіма Багдановіча, сведчаць аб павышанай цікавасці нашага песняра да чалавека, сцвярджаюць прыгажосць яго ўнутранага свету, выяўляюць і даносяць да чытача тонкія адценні чалавечага пачуцця, яго жыццесцвярджальнага і бесклапотнага існавання.
Максім Багдановіч першы ўводзіць у беларускую літаратуру памеры антычнай паэзіі — гекзаметр і пентаметр.
Пентаметры Максіма Багдановіча заключаюць у сабе цэлую гаму пачуццяў, нясуць адбітак думак паэта аб вечнай барацьбе супрацьлеглых пачаткаў, якой скрозь напоўнена чалавечае жыццё, аб незнікаючым чалавечым імкненні да яго пазнання. Паэтавы радкі прасякнуты самымі разнастайнымі адценнямі чалавечых дум і пачуццяў, увасобленых у пластычна яркія вобразы. Пентаметр у Максіма Багдановіча гэтак жа мілагучна гучыць і па-беларуску, як ён некалі гучаў на паэтычнай і легендарнай мове элінаў. Прыклады гекзаметраў мы знаходзім у багдановічаўскіх вершах «Непагодаю маёвай», «На цёмнай гладзі сонных луж балота», «Тая крыніца, што раньш к акіяну нясла свае хвалі», «Да вагітнай» і інш.
Побач з гекзаметрамі і пентаметрамі, дзякуючы Максіму Багдановічу, у беларускай паэзіі з’явіўся александрыйскі верш — агульнапрыняты памер эпічных паэм і трагедый у канцы XVIII — пачатку XIX стст. Гэты шасцістопны ямб з цэзурай пасярэдзіне вершаванага радка сваім паходжаннем звязаны з горадам Александрыя і «александрыйскай» школай паэтаў — Феакрытам, Калімахам, Апалоніем Радоскім. У рускай паэзіі александрыйскі верш быў улюбёным памерам паэтаў эпохаў класіцызму і асветніцтва. Пасля Ламаносава ён дасягнуў найбольшай выразнасці ў Хераскава, Князьніна, Дзяржавіна, а ў пачатку XIX стагоддзя з новай сілай загучаў у паэзіі Пушкіна і Баратынскага. Пазней пачэснае месца александрыйскі верш заняў у анталагічных творах Фета і Майкава. З сучаснікаў Максіма Багдановіча шасцістопным ямбам карыстаўся В. Брусаў, у прыватнасці, ім напісаны яго гістарычныя імітацыі. Гэтым памерам напісаны верш Максіма Багдановіча «Ліст да п.В. Ластоўскага», у якім паэт засведчыў сваю любоў да грэчаскай паэзіі:
Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус,
Хаваючы агонь пад снегам. Хто in rebus
Musarum знаецца, не можа не любіць
Тваёй паважнасці. Таму-то аднавіць
Хацелася табой мне звычай пазабыты
Эпісталы пісаць. Ну, а цяпер спачні ты17.
Але гэта не адзіны ў Максіма Багдановіча ўзор александрыйскага верша. Класічнымі «александрынамі» намаляваны вобраз вясковай дзяўчыны-маці ў вершы «У вёсцы». Вобраз дзяўчынкі азораны святлом прыгожага, увасобленага ў «Сіксцінскай мадонне». Гэта сімвал душэўнай велічы і прыгажосці. Зазначым, што беларускі паэт аднаўляе не проста архаічны шасцістопны ямб, а, хутчэй за ўсё, архаічную «жанравую функцыю метра: пасланне, эпісталу, сяброўскі ліст»18.
Для беларускага паэта свет антычнасці — гэта свет прыгажосці, свет высокіх эстэтычных каштоўнасцей. Антычная літаратура і культура адбівалася на агульным пафасе вершаў Максіма Багдановіча, напісаных у класічнай традыцыі. Відавочна адчувальны ўплыў на яго паэзію Гамера і Вергілія. Знаёмства з грэчаскім і рымскім эпасам заклала ў душы Максіма Багдановіча цікавасць да ўсёй антычнай літаратуры. Ён вельмі тонка адчувае Гамера і Вергілія. Іх творы захапілі Максіма Багдановіча грандыёзнасцю ідэй, велічнасцю прастаты і гуманізмам. Возьмем для прыкладу ўрывак з верша Максіма Багдановіча:
Падобны знічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць, бліскучая, ўся ў агні нясецца,
А ў глыбіні сваёй халоднай застаецца19.
Параўнаем радкі беларускага паэта з радкамі паэмы Гамера «Іліяда», дзе апісваецца сузор’е Арыёна:
Як ён па полі ляцеў, весь бліскучы, усё роўна
як зорка
тая, што ў восені ўсходзіць і ярыцца блескам
вялізным
высока з неба між зорак многімі ў цёмную
ночку —
Псом Арыёна яе называюць з прадвечнага веку,
а хоць яна найярчэйшая, знакам нядобрым
бывае,
многа варожыць няшчасця бо марнаму роду
людскому...20
(Пераклад Бр. Тарашкевіча)
Варта супаставіць прыведзеныя ўрыўкі, каб пераканацца, як шмат агульнага ў абодвух аўтараў у паэтычнай трактоўцы вобразаў, іх сапраўднай прыгажосці. Як бачым, вялікае хараство вершаў беларускага паэта ні ў чым не саступае хараству твораў геніяльнага песняра Старажытнай Элады. Максім Багдановіч успрыняў дух гамераўскага эпасу, яго пластыку і гармонію. Багдановічава пластыка відавочна змыкалася з пластыкай Гамера. Пра гэта сведчыць скульптурная выразнасць вобраза, захаваная прапарцыянальнасць, паэтычныя памеры. У антычнага генія беларускі паэт вывучыўся ўлюбёнасці ў «зямнога і матэрыяльнага чалавека, у яго цела і матэрыю, у фізічнага героя»21, які абараняе свой народ і перамагае стыхійныя сілы прыроды, пераадольвае цяжар пакут. А.А. Лойка слушна заўважыў, што пакутаў цела і духу нямала выяўлена ў творах Максіма Багдановіча, дзе «і сапраўды нейкай сваёй гранню ці не грэчаскі па сіле аптымізм выяўляў паэт?»22.
Нездарма адзін з першых даследчыкаў паэзіі Максіма Багдановіча Міхайла Грамыка выказаў на гэты конт глыбокую і, лічым, універсальную па абагуленасці думку, што беларускі паэт — «гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы... Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыццё»23.
У некаторых вершах Максіма Багдановіча таксама адчуваецца супадзенне асобных матываў з матывамі Вергілія, пра што сведчаць наступныя яго радкі:
Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені,
З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэта ты24.
Прыведзены дыстых Максіма Багдановіча нагадвае адзін з вячэрніх пейзажаў Вергілія:
Видишь, волы на ярмах уж обратно плуги свои тащат,
Скоро уж солнце, клонясь, удвоит растущие тени.
Я же горю от любви. Любовь возможно ль измерить?25
Рымскі паэт любіць прыроду і тонка адчувае яе, як бы ўдыхае ў сябе водар вячэрняга пейзажу, калі ад гор падаўжаюцца цені. Чалавек у прыродзе — гэта часцінка яе агромістага свету, і нават не галоўная часцінка; у сусветным кругазвароце ён падпарадкоўваецца агульным законам, і чым болей пакорліва падпарадкоўваецца, тым лепш для яго. Гэта думка характэрная для ўсёй антычнасці. «У чым шчасце?» — пытаўся чалавек. «У тым, каб жыць адпаведна з прыродай», — адказваў філосаф.
Вольная прырода і залежны ад яе чалавек — гэтая антытэза праходзіць праз некаторыя вершы беларускага паэта, у якіх ён імкнецца знайсці адказы на праблемы чалавечага быцця: пра сутнасць прыроды, кахання, маладосці, смерці і інш. Паэт нібы адчуваў, што чалавечае жыццё набывае асаблівую каштоўнасць, калі супастаўляецца з неўміручым жыццём прыроды.
Відавочна, што ўплыў на беларускага паэта твораў Гамера і Вергілія не выклікае сумненняў. Заўважым яшчэ, што ўсё гэта сказана не для гучнага слова, не для яркага параўнання, а для таго, каб паказаць, што паэтычная культура Максіма Багдановіча ў многім вырасла з культурных і літаратурных традыцый Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма.
Вядома, што за супастаўленне такіх далёкіх эпох і такіх далёкіх адзін да аднаго паэтаў нас маюць права папракнуць. І ўсё ж на падобных тыпалагічных супастаўленнях антычных паэтаў з Максімам Багдановічам можна смела настойваць. У тыпалогіі мы маем на ўвазе не абсалютную тоеснасць, якая праяўляецца ў літаратуры толькі як эпігонства, наследаванне ці аранжыроўка. Так, напрыклад, вядомы літаратуразнаўца і крытык М.Б. Храпчанка аддае перавагу тэрміну «тыпалагічная агульнасць», замяняючы ім «паўтаральнасць». «У гэтым выпадку ўпадабляюцца, — адзначае даследчык, — перш за ўсё з’явы, якія могуць быць названыя роднаснымі — у тых ці іншых адносінах роднаснымі не толькі з прычыны генетычных сувязей, але і ў сілу блізкасці, падабенства некаторых істотных сваіх асаблівасцей»26.
Адсюль відавочна, што пры такім разуменні тыпалагічнай агульнасці навуковаму супастаўленню падлягаюць на роўных падставах як літаратуры народаў, блізкіх па мове, культуры і гістарычнаму лёсу, так і літаратуры, у якіх такой блізкасці няма.
Творчасць антычных аўтараў узбагачае арсенал паэтычных сродкаў Максіма Багдановіча, садзейнічае больш моцнаму гучанню яго паэзіі. Паэт сапраўды «ідэяй свайго жыцця, мастакоўскага прызначэння свядома выбраў ідэю служэння высокай мастацкасці, прыгожай форме, майстэрству яе стварэння, прывіцця роднай літаратуры эстэтычнага вопыту высокаразвітых літаратур»27.
Максім Багдановіч узбагаціў беларускую літаратурную прасодыю, смела ўвёўшы ў свой паэтычны арсенал ледзь не ўсе прыёмы і формы антычнай паэтыкі. Аналізуючы засваенне традыцый антычнай паэтыкі беларускага мастака слова, нельга не адзначыць, што пры асэнсаванні гэтых традыцый фарміраваліся светапоглядныя моманты яго паэтычнага мыслення. Сведчанне гэтаму шматлікія факты, якія выяўляюцца ў розных суадносінах як у галіне ідэйна-эстэтычных набыткаў, так і на ўзроўні формаў і сюжэтаў, памераў і жанраў.
Максім Багдановіч і Гай Валерый Катул. У паэтычнай творчасці М. Багдановіча асаблівае месца займае рымскі паэт Гай Валерый Катул (каля 87 – 54 гг. да н.э.) — адзін з выдатнейшых паэтаў не толькі рымскай, але і сусветнай літаратуры. Незвычайнасць і шматграннасць таленту, сіла і яркасць пачуццяў, неўтаймаванасць духу дазволілі гэтаму сыну сваёй эпохі з выразнай паўнатой адлюстраваць «час і сябе» і забяспечылі яму славу на многія стагоддзі.
Творчасць Катула выходзіць за межы рымскага жыцця і рымскай літаратуры, за межы антычнасці і складае этап у развіцці сусветнай мастацкай літаратуры, значэнне якога цяжка пераацаніць. Творы паэта нясуць на сабе адбітак моцнага паэтычнага таленту ў рымскай літаратуры. Гэта паэт, які ўвайшоў у свядомасць новага часу як «сапраўдны заснавальнік рымскай лірыкі»28 і «адкрывальнік рамантычнага, духоўнага кахання»29.
Катул стаяў на чале гуртка паэтаў-неатэрыкаў, якія захапляліся паэзіяй эліністычнай эпохі. Прыхільнікі старой школы недаверліва называлі іх «наватарамі». Такімі яны і былі на самай справе. Сам Катул перакладаў александрыйскага паэта Калімаха, аддаваў даніну павагі і архаічнай паэзіі Элады. Дзівосным прыкладам у гэтым сэнсе можа служыць мелічны шэдэўр Сапфо «Богу равным кажется мне по счастью человек...», які Катул упершыню пераклаў на лацінскую мову, захаваўшы «сапфічную» страфу. «У цэлым новаўвядзенне лірыкі Катула і ўся дзейнасць «наватараў» была тым ферментам, які разбурыў ранейшыя ўстарэлыя эпіка-драматычныя формы старажытнай паэзіі Рыма і абнавіў яе новай, як бы веснавой свежасцю»30. Заўважым, што творчая спадчына Катула невялікая па аб’ёме — усяго 116 вершаў, але і разам з тым вельмі разнастайная і надзвычай «цудоўная па сіле эмацыянальнага ўздзеяння»31. Невялікая кніжачка твораў гэтага паэта-лірыка прайшла праз вякі і асталася здабыткам чалавецтва. З таго часу, калі ў Вероне ў ХІ стагоддзі быў знойдзены пергамент з вершамі Катула, яго паэтычная спадчына пачала пракладваць дарогу да чытачоў і паэтаў Еўропы. Гэта было другім нараджэннем рымскага паэта.
Катул пакінуў пасля сябе арыгінальныя ўзоры інтымнай лірыкі. Пагэтаму ён стаў адным з самых любімых антычных паэтаў у эпоху Адраджэння. Важнае месца займае лірыка Катула ў паэтычнай спадчыне Франчэска Петраркі — заснавальніка новай гуманістычнай культуры. Любоўныя вершы Катула сугучныя рэнесанснаму духу паэтычнага свету вялікага фларэнційца. Літаратурную славу Петрарку прынёс яго цыкл любоўнай лірыкі «Canzoniere» (Канцаньерэ), які аказаў вялікі ўплыў на ўсю еўрапейскую паэзію Адраджэння. Сваю каханую Петрарка апяваў у вершах і санетах пад імем Лауры. Каханне ў Петраркі, як і ў Катула, з’яўляецца глыбокім пачуццём, якое прыносіць яму адначасова радасць і пакуты, боль і асалоду. Высока цанілі Катула паэты сямізорнай Плеяды, заснавальнікі класічнай французскай літаратуры. Асабліва значны ўплыў аказалі любоўныя вершы Катула на фарміраванне ідэйна-мастацкіх прынцыпаў лірыкі самага славутага паэта «Плеяды» П’ера Рансара. Рансар апяваў у сваіх вершах многіх жанчын. Тры з іх сталі найбольш вядомымі. Гэта Касандра, Марыя, Елена. Вобраз каханай у Рансара — увасабленне ідэала паэта, яго ўяўленняў і мараў аб прыгажосці і каханні.
Асабліва захапляўся творамі рымскага паэта А.С. Пушкін. Матывы лірыкі Катула адчуваюцца ў яго вершах, якія прысвечаны дружбе і каханню, сябрам і таварышам па духу. Ёсць у творчасці вялікага рускага паэта і вершы — вольныя пераклады з Катула, у прыватнасці, верш «Хлопчыку»:
Пьяной горечью Фалерна
Чашу мне наполни, мальчик.
Так Постумия велела,
Председательница оргий32.
Як ужо адзначалася вышэй, у паэзіі Катула значнае месца займаюць вершы пра каханне. Непаўторным і своеасаблівым было каханне, апетае Катулам у сваіх творах. Амаль усе яны звязаны з імем лірычнай гераіні Лесбіі, увасабленнем Клодзіі. Менавіта гэтыя вершы якраз і прынеслі паэту вялікую славу. Лічыцца, што Лесбія — гэта псеўданім, навеяны вершамі паэтэсы Старажытнай Грэцыі Сапфо з вострава Лесбас, якая аказала значны ўплыў на творчасць Катула. Так, наследуючы вядомы верш Сапфо, Катул знайшоў прасякнутыя глыбокім пачуццём словы:
Будзем, Лесбія, жыць і мілавацца,
Не зважаць на ўсе тыя пагалоскі,
Што вакол нас чародамі віюцца.
Хай заходзіць і зноў усходзіць сонца —
Нам аднойчы дзень кароткім падаўся,
Ноч затое бясконца доўгай стала.
(Пераклад Л. Баршчэўскага)
Лірыка Катула аб каханні глыбока эмацыянальная, лагодная і пяшчотная. Шчыра і ўсхвалявана, з пачуццём годнасці гаворыць паэт пра светлае каханне. Ён складае ў гонар Лесбіі цудоўныя па сваёй музычна-мастацкай выразнасці песні, выкарыстоўвае любую мажлівасць, каб яшчэ і яшчэ раз уславіць сваю каханую. Менавіта каханне становіцца для паэта крыніцай натхнення, радасці і шчасця:
Если что-то иметь мы жаждем и вдруг обретаем
Сверх ожиданья, стократ это отрадней душе.
Так же отрадно и мне, поистине злата дороже,
Что возвращаешься ты, Лесбия, к жадному мне.
К жадному ты возвращаешься вновь, и сверх ожиданья;
Ты ли приходишь, сама. Ярко отмеченный день.
Кто же сейчас счастливее меня из живущих на свете?
Что-либо можно ль назвать жизни желанней моей?33
(Пераклад С. Шэрвінскага)
Як бачым, у гэтых радках паэт выражае радасць і надзею ў сувязі з вяртаннем да яго каханай жанчыны Лесбіі-Клодзіі. Паэт жадае адзначыць гэты дзень белым каменем. У Старажытным Рыме існаваў такі звычай адзначаць знамянальныя і шчаслівыя падзеі ў жыцці чалавека «белым каменем». Трыумфальнымі аркамі, стэламі і скульптурамі пазначаліся гэтыя светлыя дні. Такое ж жаданне з’яўляецца ў паэта і ў другім вершы:
Маленький дар принесла она дивной ночью, украдкой
С лона супруга решась тайно похитить его.
Я же доволен и тем, что мне одному даровала
День обозначить она камнем белее других34 .
(Пераклад С. Шэрвінскага)
Максім Багдановіч звяртаецца да вопыту паэта-неатэрыка ў пошуках эстэтычных арыенціраў, мастацкіх сродкаў, літаратурных прыёмаў, тэмаў антычнай лірыкі, яе памераў і жанравых формаў. І гэта не выпадкова.
Максім Багдановіч неаднаразова выкарыстоўваў узятыя з Катула словы «Я белым камнем отмечу этот день...»:
Дзень гэты, — так пісаў Катул, —
Я белым каменем адзначу.
Дасюль я рад, калі пабачу
Алею, дзе пад ліпаў гул
Мне парасонкам на пяску
Штось ручкі мілыя пісалі,
Што — не скажу. Вы адгадалі,
І словы ўжо на языку35.
Словы Катула ўжыты М. Багдановічам як паралель у вершы «Успамін», які ён прысвяціў сваёй каханай. Катулаўскі радок падкрэслівае значнасць асабістых успамінаў беларускага аўтара, надае ім узнёслы эмацыянальны настрой.
Другі раз «Я белым камнем отмечу этот день...» ужыты беларускім паэтам у якасці эпіграфа да артыкула «Памяти Т.Г. Шевченко». Тут словы Катула набываюць трохі іншы сэнс: дзень нараджэння вялікага ўкраінскага Кабзара з’яўляецца для аўтара артыкула памятным і знамянальным. Сведчанне гэтаму — сам артыкул, дзе Максім Багдановіч сказаў сваё арыгінальнае, глыбокае і пранікнёнае слова пра ўкраінскага паэта, «пра чароўную сілу яго самабытнай паэзіі»36.
Сустракаем згаданы радок і ў тэксце пісьма, што адрасавана вядомаму рускаму філолагу Ф.Я. Коршу (1843 – 1915), які пераклаў 25 вершаў Катула і ў 1899 годзе выдаў брашуру «Рымская элегія і рамантызм», дзе даў тлумачэнне этапаў кахання да Лесбіі. Радкі пісьма «незнаёмага беларуса» сведчаць пра глыбокую пашану Максіма Багдановіча да вядомага даследчыка класічных тэкстаў, гавораць пра найвялікшую сціпласць аўтара віншавання, які нават з-за сваёй сціпласці не пасмеў назваць сябе паэтам.
Звяртаючыся да паэзіі Максіма Багдановіча, у прыватнасці, да інтымнай лірыкі, якая займае ў яго творчасці адно з цэнтральных месцаў, нагадаем думку А.К. Кабаковіч: «Творы Катула сталі для Максіма Багдановіча эстэтычным арыенцірам у спробе кампенсаваць амаль поўную адсутнасць у беларускай паэзіі пачатку ХХ стагоддзя любоўнай і эратычнай лірыкі, якая займае значнае месца ва ўсіх развітых літаратурах свету»37.
Вершы Максіма Багдановіча аб каханні перадаюць разнастайныя адценні гэтага пачуцця. Каханне ў паэта светлае і прыгожае. Яно ў душы запалена на ўсё жыцце:
Маладыя гады,
Маладыя жадання!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання.
Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі.
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі38.
Гэты верш — сапраўдны гімн жыццю, услаўленне ўсяго маладога і прыгожага ў пачуццях чалавека. Каханне ўзвышае чалавека, робіць яго добрым, чуйным і высакародным, кранае лепшыя струны душы, сагравае яе ў цяжкі момант. Расце ліпа, а з ёю і надпіс на кары — «Вераніка». Гэта апафеоз каханню і разам з тым жывы помнік духоўнасці:
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй39.
Адным з улюбёных вобразаў паэта з’яўляецца бог кахання Эрот (у старажытнарымскай міфалогіі — Амур альбо Купідон). Вобраз Амура — гарэзлівага, вераломнага хлапчука — адзін з яркіх вобразаў сусветнай любоўнай паэзіі. Яго апявалі старажытнагрэчаскія і рымскія паэты. Часта ён сустракаецца і ў паэзіі эпохі Адраджэння. Рускія паэты, пачынаючы з Ламаносава, таксама звяртаюцца да постаці гэтага вечнага і чароўнага боства. Трактоўка вобраза Амура вельмі разнастайная і арыгінальная і залежыць ад творчых здольнасцей таго ці іншага паэта. Вось якім паўстае Амур у адным з санетаў П’ера Рансара, вялікага французскага паэта XVI стагоддзя:
Уж этот мне Амур — такой злодей с пелёнок.
Вчера лишь родился, а ныне — столько мук.
Отнять у матери и сбыть буяна с рук,
Пускай за полцены — на что мне злой ребёнок 40.
Старажытным рымлянам Амур уяўляўся ў выглядзе крылатага кучаравага хлопчыка, са стрэламі, з лукам і калчанам. Максім Багдановіч у вершы «Купідон» апісаў яго ў такім выглядзе, якім той уяўляўся старажытнаму чалавеку:
І ўстанеш ты перада мной
З крылатай, гостраю стралой,
Мне ў сэрца мецячай, і з лукам,
Пяяць гатовым поўным згукам41.
Страла Эрота называецца стралой-блізнёй, двайной стралой грацый, таму што яна напаўняе радасцю нават тое жыццё, якое яна знішчае.
Лірычны герой верша Максіма Багдановіча закахаўся ў мілы вобраз і патаемна марыць аб сваім каханні. Аказваецца, ён ужо даўно носіць у сэрцы стрэлы Купідона, аднак нешта стрымлівае яго пачуцці:
Ды ўсё жа быў не бачан ён,
Хоць я і слёзы ліць прымаўся.
Што ж ты вачам не паказаўся,
Ўладар кахання, Купідон?42
Паэт прымушае лірычнага героя хаваць чары глыбока на дне душы, але любоўны агеньчык не дае ім загаснуць. Яму ўсё здаецца, што вось-вось з’явіцца яго Купідон, і ён будзе шчаслівы:
З тых часоў многа лет прайшло,
Прайшло — і зеллем парасло,
І зноў забытае пытанне
Ўстае ў сувораму чаканні.
Я Купідона зноў шукаць
Бяруся сквапна і рухава,
Ды так няскладна гэта справа,
Што лепш аб ёй маўчаць43.
Максім Багдановіч паэтызуе каханне як моцнае і прыгожае пачуццё, услаўляе першае каханне і першае нясмелае прызнанне. Каханне выступае як жыццесцвярджальная сіла, дае пачатак новаму жыццю, перамагае нават смерць. Яркім прыкладам гэтаму з’яўляецца верш «На могілках», дзе вобраз Амура сімвалізуе перамогу кахання над смерцю:
Паўсюль крыжы, вянкі... Чаго жа
Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?44
Матыў кахання і смерці, іх нечаканага ці наўмыснага суседства была адной з тэм, пра якія Максім Багдановіч шмат думаў і пісаў. Паэт здзіўлены і ўсхваляваны тым, што сустрэў на могілках, дзе «сцень і прах», незвычайны помнік і выказаў сваё меркаванне з гэтай нагоды:
І ціха думаў я: быць можа
Любоў, палегшы ў трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы45.
Думка-здагадка паэта кружыць вакол рэалій могілкавага пейзажу. Нездарма адсюль і жанравае вызначэнне верша — рандэль, што азначае ў перакладзе «круглы»: тройчы паўтораны першы радок «Амур і сумны і прыгожы», а таксама сістэма рыфмаў дапамагаюць паглыбленаму «канцэнтраванню настрою і думак»46.
«Гэты верш, – сцвярджае Н.І. Лапідус, – напісаны пад непасрэдным уплывам казкі Максіма Горкага «Дзяўчына і смерць»47. Горкаўская ідэя перавагі кахання над смерцю гучыць у заключных радках яго твора:
... Любовь и Смерть, как сестры,
Ходят неразлучно до сего дня,
С любовью Смерть с косою острой
Тащится повсюду, точно сводня.
Ходит, околдована сестрою,
И везде — на свадьбе и на тризне —
Неустанно, неуклонно строит
Радости Любви и счастье Жизни48.
Аднак з думкай Н.І. Лапідуса поўнасцю пагадзіцца нельга. Справа ў тым, што перавага кахання над смерцю ў вершы беларускага паэта сцверджана праз вобраз Амура. Больш правільна было б сказаць, што гэты верш напісаны Багдановічам пад уздзеяннем казкі пра Амура і Псіхею, якую запазычыў з грэчаскага фальклору як устаўную навелу ў раман «Метамарфозы, ці Залаты асёл» рымскі паэт Апулей. У цудоўнай казцы каханне перамагае смерць. Псіхея (па-грэчаску «Душа») апускаецца ў царства мёртвых, праходзіць праз выпрабаванні і назаўсёды злучаецца з Амурам. Глыбокі змест паэзіі Максіма Багдановіча таксама заключаецца ў дзіўным спалучэнні кахання і пакуты, святла і цемры, жыцця і смерці, якія паўстаюць перад намі ў паэтычнай аўры і якія вельмі цесна звязаны паміж сабой, амаль заўсёды ходзяць поруч. Усё гэта адбываецца ў свеце прыроды, бо каханне і смерць звязаны з прыгажосцю свету, зліваюцца з наваколлем. Смерць сваёй блізкасцю як бы ўзмацняе каханне. Каханне ў М. Багдановіча — гэта адзіная аплата непаўнаты, падманлівасці і горычы кароткага жыцця, якое асуджана на смерць. І гэта, напэўна, таму, што ён адчуваў сваю хваробу і ўсведамляў, што канец жыцця не такі і далёкі.
У многіх вершах паэта можна сустрэць могілкі, склепы, грабніцы. Дастаткова прыгадаць іх назвы, каб упэўніцца ў гэтым: «Дзве смерці», «На могілках», «Белы крыж, пліта, пад ёй — магіла», «Хаўтуры» і інш. Зямны шлях чалавека ў гэтых вершах надзвычай нетрывалы і кароткі. Невыпадкова ў адным са сваіх вершаў паэт ужывае антычны выраз Disce Mori — «вучымся паміраць»:
Але строгі надпіс: «Disce Mori»
Нагадае, што з табою было49.
Высечаны на пліце надпіс апраўдвае смерць. Вечная слава і вечная памяць чалавечаму праху, ды слава не толькі таму, хто памёр за сваю Бацькаўшчыну, але і той жанчыне, якая ахвотна прыняла пакуты і ахвяравала сваім жыццём дзеля захавання другога жыцця:
Слава тым, хто сілу мае
Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,
Хто ў мучэннях памірае,
Каб жыццё дзіцёнку даць50.
У такім жа значэнні ўжывае Максім Багдановіч і выказванне з Бібліі «Смертию смерть поправ»:
«Смертию смерть поправ»,
Ты ад жыцця адпачыла;
Ў муках памерла сама,
Але дзіцё спарадзіла51.
Вельмі арыгінальны верш, які хаця і не заключае ў сабе антычных вобразаў, але агульным зместам і пафасам сугучны з антычнай паэзіяй. Смерць тут як з’ява атрымлівае звыклае, аптымістычнае, па-філасофску глыбокае асэнсаванне. Яна паўстае перад намі як магутная багіня. Такое аптымістычнае ўспрыняцце смерці — адваротны бок песімістычнага настрою аўтара. Аднак, як мы ўжо адзначалі, для антычнасці падобная аптымістычная трактоўка смерці была непрымальнай, хоць у маральных трактатах філосафа Сенэкі мы знойдзем сапраўдны яе культ. Але гэта — філасофія, народжаная змрочнай эпохай імператарскага дэспатызму, самавольства і поўнага бяспраўя асобы.
Увесь старажытны свет жыў сучасным і мінулым. Бяссмерце належным чынам не ацэньвалася героямі Старажытнай Грэцыі. Успомнім Ахіла, які хацеў «простым падзеншчыкам жыць на зямлі», каб толькі не заставацца ў царстве мёртвых:
О, Одиссей, утешения в смерти мне дать не надейся;
Лучше б хотел я живой, как поденщик работая в поле,
Службой у бедного пахаря хлеб добывать свой насущны,
Нежели здесь над бездушными мертвыми царствовать, мертвый52.
У Ахіла няма сілы, якая змагла б прымусіць яго дзейнічаць насуперак яго характару, хоць усе яго слаўныя подзвігі «авеяны трагізмам прадбачанай яму ранняй смерці»53. Для старажытных рымлян бяссмерце таксама з’яўляецца цяжарам. «Смерць — адзіная ўзнагарода за няшчасце нараджэння, — гаворыць Пліній, — і што нам у ёй, калі яна вядзе да бяссмерця?» Хрысціянства заўсёды выспавядала падзенне і слабасць чалавека, грэшнасць і немач чалавечай прыроды. І ў той жа час хрысціянская антрапалогія прызнае абсалютнае і царскае валадарства чалавека, таму што расказвае аб ачалавечванні Бога і абагаўленні чалавека, аб узаемапранікненні «прыроды абагаўлёнай і прыроды чалавечай». У хрысціянстве вера ў бессмяротнасць была адным з асноўных маральных прынцыпаў. Прызнаючы сваю вечнасць, хрысціяне інакш ужо глядзелі на будучае, таму што ў іх былі закладзены станоўчыя ідэалы, у імя якіх хацелі жыць і змагацца, разбураць стары свет. Калі нельга выйграць жорсткую сутычку з лёсам, трэба да краёў напоўніць кожную хвіліну і кожнае імгненне свайго існавання радасцю і шчасцем жыцця:
Жывеш не вечна, чалавек, —
Перажыві ж у момант век54.
Як бачым, зусім іншае, светла афарбаванае і сур’ёзнае ўспрыняцце смерці гучыць у радках гэтага верша. Звернем увагу на яшчэ адну важную акалічнасць, на Багдановічаў пераклад з верша Г. Гейнэ «Der Asra», дзе апісваецца, як прыгожая дачка султана, гуляючы па садзе, пастаянна сустракала ля фантана чорнага нявольніка. Аднойчы яна спытала ў яго, хто ён і адкуль. І той пакорліва, але з трагічнай інтанацыяй адказаў ёй:
«Клічуць
Магаметам з Іемена,
А народ мой — тыя азры,
Што канаюць ад кахання»55 .
Думаецца, што Максім Багдановіч з багатай гейнэўскай паэтычнай спадчыны невыпадкова выбраў для перакладу менавіта гэты твор, у аснове якога ляжыць старажытная легенда аб моцным і трагічным каханні. У М. Багдановіча ёсць верш, радкі якога амаль супадаюць з радкамі Гейнэ:
Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём,
Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём.
Пэўна, прыйдзецца мне пахавацца ў сырую зямлю,
Каб уцішыць мучэнні і тую забыць, што люблю56.
Істотнымі фактамі літаратурнага жыцця з’яўляюцца матэрыялы зборнікаў паэзіі старажытнарымскага і беларускага паэтаў. Літаратуразнаўчая навука сёння толькі яшчэ падыходзіць да сапраўднага вывучэння тыпалагічных падабенстваў і паралеляў у творчасці гэтых магутных талентаў сусветнай літаратуры. Параўнальны аналіз зборніка «Вянок» Максіма Багдановіча са зборнікам «Лірыка» Валерыя Катула паказвае, што іх вельмі многае яднае. Безумоўна, творчасць Максіма Багдановіча не абмяжоўваецца «Вянком». Але нагадаем, што гэта быў адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча, як сталася і ў Катула. Гэта цэласныя, закончаныя выданні, якія даюць магчымасць меркаваць пра творчасць кожнага з паэтаў як пра яскравую літаратурную з’яву. У самой будове абодвух зборнікаў можна заўважыць многа агульнага.
Зборнік вершаў Катула складаецца з трох цыклаў. Вершы, якія дайшлі да нас у рукапісах і навуковых выданнях, звычайна размешчаны паводле фармальнага метрычнага прынцыпу: спачатку ідуць кароткія вершы розных лірычных памераў (поліметры), затым вялікія творы розных памераў і ў канцы — вершы, напісаныя элегічным дыстыхам. Усе яны з’яўляюцца непасрэдным выражэннем эмацыянальных пачуццяў, якія хвалююць сэрца паэта.
Першы цыкл зборніка вершаў Катула адкрываецца лірычнымі творамі, якія прысвечаны каханню да Лесбіі. Каханне — вечная тэма паэзіі. Але ў кожную эпоху матыў як шчаслівага, так і горкага кахання гучаў па-свойму. Падобнае назіраецца і ў Катула. Апетае ім каханне прыносіць яму не толькі асалоду і шчасце, але і невыносныя пакуты.
Другі цыкл вершаў звернуты да сяброў і ворагаў паэта. У гэты ж цыкл уваходзяць вострыя эпіграмы і вершы, якія накіраваны супраць прыхільнікаў старой літаратурнай школы.
Сярод блізкіх сяброў Катула — яго аднадумцы паэты-неатэрыкі, землякі з Паўночнай Італіі. У вершах гэтага цыклу шчыра гучаць і радасць сустрэч, і горыч расстання.
У апошні цыкл увайшлі творы Катула, звязаныя з яго падарожжам у Малую Азію і кароткім жыццём пасля вяртання на радзіму. Гэты цыкл істотна адрозніваецца ад двух папярэдніх як зместам, так і формай большасці твораў, змешчаных у ім. Трэба адзначыць, што разнастайныя творы Катула як па форме, так і па эмацыйным каларыце аб’яднаны ў асобныя цыклы тэматычна.
Структура і тэматыка зборніка «Вянок» Максіма Багдановіча нагадваюць зборнік вершаў Катула. Кніга «Вянок» была задумана аўтарам у трох частках. Пра гэта гаворыць А.А. Лойка, які адзначае: «Першая частка павінна была называцца «Малюнкі і спевы», другая — «Мадонны», трэцяя — «Каханне і смерць»57.
Пачынаецца «Вянок» цыклам «У зачарованым царстве», апорныя вобразы якога — сама прырода і найстаражытныя яе беларускія міфалагічныя праявы; наступная нізка — «Згукі Бацькаўшчыны», куды ўвайшлі творы, пабудаваныя па законах паэтыкі песеннага фальклору; далей у паслядоўным парадку: «Старая Беларусь», «Места», «Думы», «Вольныя думы», затым ідзе нізка «Старая спадчына», арыентаваная на лепшыя ўзоры сусветнага мастацтва, нібы своеасаблівая «выстава» класічных формаў верша, завяршае зборнік цыкл «Мадонны», дзе выступае агульначалавечы сімвал-вобраз Мадонны. Сама ж назва «Вянок» выяўляе класічную цэласнасць, закончанасць, анталагічнасць зборніка. Гэтая кніжачка выбраных вершаў з друкарні пана Марціна Кухты, з плывучай па вадзе лябёдкай, пайшла ў свет і засведчыла высокія здольнасці беларускага мастака.
У кампазіцыі зборнікаў заўважаюцца яшчэ некалькі дэталяў: і ў Катула, і ў М. Багдановіча кнігі адкрываюцца своеасаблівай паэтычнай прадмовай — уступным словам, ці інакш кажучы, зваротам да чытачоў.
У вершы Катула, які адкрывае зборнік, чытаем:
Так, каков он ни есть, прими мой сборник!
А твоим покровительством, о Дева,
Пусть он век не один живет в потомстве58.
А верш М. Багдановіча «Вы, хто любіце натрапіць...», што распачынае «Вянок», гучыць так:
Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ужо даўно забытай,
Блеклы, высахшы лісток, -
Праглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, свежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцця59 .
У прыведзеных радках згаданых паэтычных прадмоў гучаць асноўныя скразныя тэмы і матывы зборнікаў паэтаў: абодва аўтары імкнуцца перамагчы няўмольны час, пераадолець хуткаплыннасць жыцця. Катул жадае «...пусть он век не один живет в потомстве», а М. Багдановіч імкнецца захаваць «на паперы краскі, свежыя калісьці, думак шчырых і чуцця».
Працытаваныя радкі падводзяць нас да думкі, што яны як бы акрэсліваюць характар усёй творчасці абодвух паэтаў, пачынаюць тэму, як прынята называць у літаратуры, паэта і высокага прызначэння паэзіі. Праўда, зробім агаворку, што асноўнымі і вырашальнымі ў гэтай праблеме з’яўляюцца верш «Разложу и прижму вас, негодяи» Катула і верш «Песняру» Максіма Багдановіча. У першым выпадку старажытнарымскі паэт заклікае:
Сердце чистым должно быть у поэта,
Но стихи его могут быть иными.
Даже блеску и соли придает им
Легкой мысли нескромная усмешка60.
Гэта сказана Катулам пра паэта і яго вершы, дзе жыве лірычны герой, ад імя якога вядзе аповед як паэт, так і Катул. Шматзначнасцю і шматмернай глыбінёй пранікнення ў сутнасці жыццёвых дачыненняў вызначаецца змест катулаўскіх радкоў. Лірычны герой старажытнарымскага паэта мае мажлівасць угледзецца ў твар вечнасці, хаосу. І паэту, і яго лірычнаму герою патрэбна захоўваць чысціню і маральную бездакорнасць свайго жыцця і правільна адлюстроўваць яго.
Максім Багдановіч таксама звяртаецца да песняра як паэт да паэта:
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення.
Разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення.
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеннем.
Як ударыш ты ім, — ён, як звон, зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў61.
Прызнанне Багдановіча зводзіцца да сцверджання, што паэт павінен звінець вершам, як звонам, а вершы павінны выкрэсліваць іскры з каменняў — чалавечых сэрцаў. Беларускі паэт скіроўвае свае думкі да сэрца чалавека, да яго душы, да яго пачуццяў, паэт сваім святым і пачэсным абавязкам павінен быць карысным народу.
Зусім натуральна, што М. Багдановіч не застаўся раўнадушным да красы паэзіі старажытнарымскага лірыка, чэрпаў у яго творчасці тэмы, вобразы, творчыя падыходы да іх раскрыцця. Наогул, у тэмпераменце і многіх іншых рысах лірыкі Максіма Багдановіча назіраецца яе падабенства з лірыкай Катула.
Узнікае пытанне: чым тлумачыцца блізкасць твораў гэтых аўтараў? Можа, гэта ўплыў Катула? Але наўрад ці варта гаварыць аб прамым уплыве, хаця з абсалютнай упэўненасцю яго адмаўляць нельга. Зазначым толькі наступнае, што па творчасці і характару светаадчування, па мастацкіх асаблівасцях сваёй творчасці і па той ролі, якую адыграў у сваёй літаратуры кожны з гэтых паэтаў, мы можам сцвярджаць, што і Катул, і Багдановіч з’яўляюцца паэтамі-наватарамі.
Катул увёў у рымскую паэзію новыя лірычныя памеры з грэчаскай лірыкі, пашырыў музычныя і мастацка-выяўленчыя мажлівасці паэтычных твораў, развіў іх лексіку, ажывіў іх народнымі словамі і зваротамі.
У зборніку «Вянок» Максіма Багдановіча ёсць раздзел «Старая спадчына», дзе ў якасці эпіграфа беларускі паэт выкарыстоўвае паэтычныя радкі В. Брусава: «Мы зёрна древние лелеем, мы урожай столетий жнем». Увесь гэты раздзел складаецца з вершаў, вытрыманых у цвёрдых, «кананічных» формах санетаў, рандо, трыялетаў, тэрцын, актаў. Паэтычныя творы цыкла «Старая спадчына» найбольш выразна паказваюць на засваенне Багдановічам антычных традыцый.
Катул і Максім Багдановіч усведамляюць сябе адмысловымі мастакамі слова, разумеюць, што паэзія прынясе рэальную карысць жыццю і людзям не інакш, як толькі застаючыся да канца паэзіяй. Паэт, на іх думку, не проста чалавек, а нешта вышэйшае — прарок.
Многа агульнага можна знайсці ў жыццёвых біяграфіях паэтаў. Абодва паэты тварылі на чужыне, у далечыні ад роднай зямлі. Таму адным з асноўных у іх паэзіі з’яўляецца матыў тугі і смутку па роднай старонцы, з якой звязваюцца светлыя мары і спадзяванні. Чалавечы лёс наканаваў абодвум кароткі адрэзак жыцця. Яны ў маладым узросце заўчасна памерлі, аднак за такое кароткае жыццё зрабілі вельмі многа для літаратуры, а яшчэ больш не паспелі зрабіць... Усе гэта сведчыць аб тыпалагічнай блізкасці творчасці старажытнарымскага і беларускага паэтаў.
Паміж эпохамі, у якіх жылі Катул і Максім Багдановіч, прайшлі тысячагоддзі. Дзве такія далёкія і розныя эпохі, але, заўважым, такія блізкія па духу творчасці і чалавечым лёсе паэты.
На жаль, бязлітасны час мала пакінуў нам матэрыялаў, каб з яшчэ большай упэўненасцю правесці тыпалагічныя паралелі ў творчасці двух вялікіх паэтаў свету. Вядома, і тыя паралелі, якія мы абазначылі, могуць аказацца выпадковымі. Але «існуе ў самой гэтай магчымасці супастаўлення нейкая наканаванасць агульнага чалавечага лёсу, самога жыцця ў яго анталагічных рысах ад пакалення да пакалення»62.
Антычныя міфалагічныя матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча. Паэзію Максіма Багдановіча нельга ўявіць без міфалагічных вобразаў антычнасці, без грэчаскіх, рымскіх багоў і герояў. Але веданне літаратуры і культуры антычнасці не зводзіцца ў паэта да выкарыстання міфаў і вядомых персанажаў. Для Максіма Багдановіча старажытнае — гэта выток сучаснасці:
Ёсць чары ў забытым, старадаўным,
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
І жыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным, —
Мы любім час далёкі ўспамянуць63.
У Максіма Багдановіча старажытна-таемнае, піша В.А. Каваленка, яднаецца з родным, нацыянальным у такой ступені, што яны адно з другога цяжка вылучаюцца. Яскравае сведчанне таму верш «Бура»:
Панурая, вялізная жывёла
Па шыры неба ў даль марудна праплывае.
Ўсё сціхла. Але вось паветра рассякае
Агністы меч і зіхаціць вясёла.
Ударыў ён — і грукат пракаціўся;
Мігае грозы меч, удары не сціхаюць,
І ўніз халодныя бічы крыві сцякаюць,
А людзі кажуць: гэта дождж праліўся64.
У дадзеным вершы дождж, які сыплецца з неба, набывае міфалагічную сутнасць. Гэта не дождж, а кроў панурай, вялізнай жывёліны. Алюзія на вобраз дажджу вынікае са старажытнай міфалогіі. Бог Зеўс уяўляўся старажытнаму чалавеку ўладаром маланак і дажджоў, які сваёй крывёй поіць зямлю. Параўнанне хмары з вялізнай жывёлінай на зямлі набывае філасофскую значнасць і паэтычную веліч.
«Чары забытага, старадаўняга» прыцягваюць беларускага паэта «мінулым мудрым», паэт цягнецца душой у мінулае, маючы на ўвазе мэту самую надзённую — паказаць гэтыя чары як не што іншае, «як чары таго, што сказалі пісьменнікі мінулага»65.
У старажытных грэкаў ёсць міф, які вылучаецца глыбокім філасофскім зместам. Гэта міф пра Геракла, які абяссмерціў сваё імя дванаццацю подзвігамі. Аднойчы ў пошуках саду з залатымі яблыкамі ён на сваім шляху сустрэў асілка Антэя — сына Геі (багіні Зямлі) і Пасейдона. Геракл уступіў у бой з Антэем. Але Антэй заставаўся непераможным, таму што дакранаўся да Зямлі, свае мацеры, якая давала яму новыя сілы. І толькі калі Геракл імгненна напаў на Антэя, схапіў яго і ўзняў угору, той страціў сілы і задыхнуўся ў магутных руках асілка. Гэты сюжэт пакладзены ў аснову верша Максіма Багдановіча «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя»:
Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя,
Як вецер валіць поўны колас да раллі, —
Ўдыхнула моц у грудзі сына мацер Гея,
І вось, цвярды, як дуб, яшчэ, чым перш, сільнее,
Ён, напружыўшыся, падняўся ўраз з зямлі66.
Паэтызуючы родную зямлю, паэт праводзіць думку, што цесная сувязь з радзімай з’яўляецца для героя гаючай крыніцай, таму што кожнае дакрананне да маці-зямлі дае змагару новыя сілы. Ці ж выпадкова, што ў цяжкі момант свайго жыцця, у страшную хвіліну адчаю звяртаецца Максім Багдановіч да вобраза Антэя, параўноўвае свой лёс з яго лёсам. Паэт, нібы старажытны Антэй, знаходзіць паратунак у еднасці з радзімай. Толькі родная зямля, як маці, здольна прыняць, прытуліць да грудзей сваіх сына і даць яму душэўныя сілы для жыцця і творчасці. Паэт усклікае:
Паломаны жыццём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, пранікнуў я к табе,
І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы,
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе67.
Заўважым, што тэма лёсу закранаецца Максімам Багдановічам неаднаразова, і ў раскрыцці яе паэт вельмі блізкі да антычнага разумення фатуму (мойры). Гэта — нешта такое, што кіруе чалавечым жыццём, «не падлягае даследаванню, не мае ніякога імені і перавышае патрэбы і чалавечыя здольнасці. Гэта — лёс»68.
А вось яшчэ адзін антычны вобраз, вобраз старажытнарымскай багіні чалавечага лёсу, да якога ў крытычны момант звяртаецца М. Багдановіч, сумна разважаючы аб сваім жыцці:
Прыйдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку.
Моладасць плыне, а следу няма ніякога.
Эт, і чаму ж нагадала суворую Парку
Нітку мне прасці гатунку такога благога69.
Лірычны герой глядзіць на жыццё без надзеі, але ў гэтых мужных радках няма закліку, нават дробнага намёку на прымірэнне з непазбежнасцю смерці і зямных пакутаў. Наадварот, у вершы гучыць гордасць за чалавека. Атмасфера лёсу і яго непазбежнасці, якая ахутвае чалавека з яго зямнымі турботамі, рассейваецца, як толькі ён давярае сябе клопатам мудрасці. Быць па-сапраўднаму шчаслівым, магутным, жыць, не асцерагаючыся ўдараў року, капрызаў фартуны, можна толькі за мяжой пазнання, якое накіравана да вышэйшай ідэі, да самаўдасканалення. Паэт высока цэніць прыгажосць жыцця ў імя сваёй чалавечай годнасці, не адступае перад цяжкасцямі і небяспекай, і нават перад самой смерцю.
Як правіла, міфалагічныя вобразы выкарыстоўваюцца паэтам для адлюстравання сучаснасці, канкрэтнай рэальнасці, праецыруюцца на яго асабісты лёс.
Выкарыстанне антычных вобразаў для беларускага паэта — з’ява не выпадковая. Вобразы антычнасці паўстаюць перад чытачом вельмі часта, прычым паўстаюць у самых розных сітуацыях. Яскравы прыклад гэтага — згаданы ўжо вышэй верш «Ліст да п.В. Ластоўскага». Максім Багдановіч пачынае яго антычнай прымаўкай «несць у Афіны совы». Справа ў тым, што, паводле міфалогіі старажытных грэкаў, сава лічылася свяшчэннай стравай багіні мудрасці Афіны Палады, якая нарадзілася з галавы вярхоўнага бога Зеўса. І разам з тым сава — эмблема розуму. Паэт ужывае прымаўку у тым сэнсе, што навучае мудрасці таго, у каго яе і так хапае.
У вершы М. Багдановіч усхваляе музыку кампазітара Сальеры. Сальеры прываблівае беларускага песняра сваімі адносінамі да працы:
Прыемнае дае Сальеры ўражэнне.
Уменне да ігры Сальеры здабываў
Праз мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?70
У трагедыі А.С. Пушкіна Сальеры абвінавачваецца ў здольнасці на здраду, на злачынства, а, як вядома, геній і злачынства — дзве несумяшчальныя рэчы. Дзеля музыкі і мастацтва Сальеры адмаўляецца ад усіх выгодаў жыцця. Але да музыкі ён падыходзіць як рамеснік:
Ремесло
Поставил я подножием искусству;
Я сделался ремесленник: перстам
Придал послушную, сухую беглость
И верность уху. Звуки умертвив,
Музыку я разъял, как труп. Поверил
Я алгеброй гармонию71.
Сустрэча з Моцартам сталася для Сальеры пагібеллю. Ён адразу зразумеў нізкасць свайго таленту, сапраўднае майстэрства Моцарта выклікала ў яго зайздрасць. Ён разумее, што перад геніем Моцарта яго талент нішто, і тут жа ён вырашае атруціць сябра. Сваё рашэнне злачынец імкнецца апраўдаць клопатам пра будучыню лёсу мастацтва.
Максім Багдановіч становіцца на абарону Сальеры ад паклёпу, для чаго ўмела выкарыстоўвае антычны вобраз Музы, якая ў судны дзень апраўдвае Сальеры:
Сальеры — вечны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —
Спакойна Музе ён і проста ў вочы гляне,
І будзе за любоў да здольнасці сваёй
Апраўдан Музай і ўласнаю душой72.
Беларускі паэт, абараняючы Сальеры, адстойвае права на ўласны погляд, жадае памерацца сіламі з вялікім рускім паэтам, імкнецца «не толькі браць чужое», але і весці «дыялог з чужым»73.
Міжволі можна пагадзіцца з А.А. Лойкам, калі ён не без завастрэння сцвярджае наступную думку: «Па сутнасці, вобраз Сальеры ў «Лісце...» — своеасаблівы аўтапартрэт Багдановіча, а «Ліст...» у цэлым — паэтызацыя роздуму, «спакойнай думы» і працы, паэтычнага майстэрства як асноўнага ў падвалінах паэзіі Багдановіча»74.
Важна падкрэсліць, што канцоўка верша яўна насычана антычнымі вобразамі і паняццямі:
Табе прывет нясу, ласкавая Камэна, —
Натхненнем упаіў нас ключ твой Гіпакрэна75.
Камэны ў старажытных рымлян валодалі дарам прароцтва, а з ІІІ ст. да н.э. атаясамліваліся з грэчаскімі Музамі, з’яўляліся апекунамі навук і мастацтваў. Як бачым, з твора паўстае тут перад намі і крыніца на гары Гелікон, якую, паводле падання старажытных грэкаў, выбіў капытом крылаты конь Пегас і вада з якой натхняе паэтаў. Нарэшце спашлёмся на выказванне Ю. Дрэйзіна, што «гэты ліст да В. Ластоўскага ёсць праўдзівы ліст аднаго прыхільніка антычнасці да другога такога ж прыхільніка яе»76.
Цікавы зварот да антычнасці мы назіраем у творы «Вераніка». Ад вобліку юнай Веранікі павявае такім хараством, таямніцу якога імкнуцца спасцігнуць мастакі ўсяго свету. «Вераніка» — частка светапогляду і эстэтыкі77 Максіма Багдановіча. У гэтай невялічкай паэме Максім Багдановіч праадхінуў завесу таямніцы кахання да цемнавокай дзяўчыны. Свой чароўны твор паэт заканчвае антычнымі вобразамі, «як быццам нейкая пячатка антычнасці павінна надаць канчатковую паэтычнасць яго апавяданню»78.
І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасля.
Ды як знайсці сляды Пегаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жа трохі, верны верш! 79
Гара Парнас — сімвал паэтаў і паэзіі, а выраз «узысці на Парнас» азначае — стаць паэтам. Конь Пегас з’яўляецца атрыбутам паэтычнага таленту. У грэчаскай міфалогіі Пегас з’яўляецца плодам сувязі гаргоны Медузы з Пасейдонам. Гэты конь з’явіўся з кропель крыві Медузы, калі яе забіў Пярсей. Імя Пегас атрымаў ад таго, што нарадзіўся ля вытокаў акіяна. Конь на Алімпе дастаўляе Зеўсу грымоты і маланкі. Хто зможа сесці на гэтага каня і стрымаць яго, таго крылаты Пегас узнясе на Парнас, і там ён стане вядомым паэтам.
Можна сказаць з упэўненасцю, што крылаты конь «узнёс» Максіма Багдановіча на Парнас, таму што «без Багдановіча, — адзначае Р. Бярозкін, — без уліку і асэнсавання таго, што зрабіў ён, агульная карціна пошукаў і станаўлення беларускай літаратуры пачатку стагоддзя, яе рэальных багаццяў і магчымасцей, яе заўтрашняга развіцця мела б выгляд не толькі няпоўны, але і неапраўдана збеднены»80.
Усё сказанае сведчыць, што Максім Багдановіч зусім арыгінальны і самастойны ў выкарыстанні антычнасці: антычныя вобразы і сюжэты служаць выключна сродкам, а не мэтай паэтычнага адлюстравання, яны ўспрымаюцца паэтам як сюжэтная аснова, па якой ён ішоў часамі да здзяйснення сваіх высокапаэтычных задум. У яго паэтычнай спадчыне назіраецца «гранічнае перапляценне матываў асабістых і анталагічных (літаратурных, фальклорных, міфалагічных), што ідуць ад культуры, эрудыцыі. Таму антычныя альбо міфалагічныя персанажы, выкліканыя з глыбінь старажытнай культуры Багдановічам і ахрышчаныя ў крыніцы душэўнага смутку, натуральна і лагічна паклаліся на знакавую сістэму новабеларускага вершаскладання і адразу надалі ёй літаратурна-цывілізаваны выгляд»81.
Нацыянальны вобраз свету выпрацоўваўся ў свядомасці чалавецтва з часоў старажытнасці на аснове разнастайных міфалагічных уяўленняў, у тым ліку і праз сілы прыроды, што ўладараць у гэтым свеце. Паэзія М. Багдановіча — гэта яго пачуванне сябе ў свеце — сусвеце, паміж зораў светлых і цёмных, у касмічнай, па сутнасці, прасторы. Зорная сімволіка ў вершах М. Багдановіча невыпадковая. Сведчанне таму — верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...». Верш, на першы погляд, інтымнага, а на самай справе — глыбока філасофскага зместу. Верш, які нясе ў сабе ідэю захавання міру і дружбы паміж народамі на планеце Зямля. І разам з тым гэта твор, які можна паставіць побач з «касмічным» рэпертуарам паэтаў канца ХХ стагоддзя. Гэта варыянт тэмы палёту: Per aspera ad astra (праз церніі да зорак):
Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?82
Гэта верш-заданне і разам з тым, як бачым, верш-пытанне з эпохі Максіма Багдановіча, адрасаванае нам сённяшнім. Прарастае ў нашу свядомасць сацыяльна-палітычным і філасофскім сэнсам глабальнай маштабнасці і вастрыні. Гучыць праўда думкі і пачуцця проста і разам з тым вобразна, своечасова для нашай бурнай эпохі. Хто ж мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?83
«Сваркі і звадкі» зневажаюць чалавечую годнасць, чалавечае прызначэнне ў таямніцах Сусвету. Як актуальна, як папераджальна гучаць гэтыя радкі! Для паэзіі Максіма Багдановіча характэрна падобнае «сусветнае бачанне, уласцівае найперш для касмічнай эры»84. Чалавек — дзіця Космасу, у якім усё ўзаемазалежна, і калі мы сеем, у тым ліку думкі, эмоцыі, дык абавязкова пажнём і адпаведны ўраджай. Так і ў Бібліі гаворыцца: «Кожны атрымае адпаведна думкам і справам яго»85. Сучаснасць для Максіма Багдановіча — гэта заканамерны этап на шляху з мінулага ў будучае. А сам паэт — нібы сувязны ці пасланец тых часоў у новую эру. І ён, беларускі паэт, сын свайго народа, перакладае Авідзія і Гарацыя, Гейнэ і Верхарна, Шылера і Пушкіна, стварае цыклы вольных перайманняў рускіх, украінскіх, іспанскіх, сербскіх, скандынаўскіх, японскіх і персідскіх народных песень. Кожны з паэтаў старажытнага і новага свету быў для Максіма Багдановіча паэтычнай індывідуальнасцю і прадстаўляў свой народ, сваю культуру і адпаведную гістарычную эпоху. У свой час М. Стральцоў пісаў, што адметнасць творчасці Максіма Багдановіча якраз і заключалася ў тым, што ён «як бы ішоў да нацыянальнага ад агульналюдскога, а не наадварот»86.
Ці не здавалася Максіму Багдановічу, што чалавечае жыццё народжана з таямніцы Космасу і падаравана яму ў наканаваны час? Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб убачыць яго прыгажосць і красу, буйныя і ясныя зоркі Геркулеса, адчуць сябе ў палёце, бо «...усе мы разам ляцім да зор». Зоры над намі, душы з зорамі, зорныя душы ў нас. Але ж ці даляцім мы да зор, аблытаныя «сваркамі і звадкамі», бо «ясныя зоркі Геркулеса» — гэта пекната, ясната, светлата. Да ясных зорак «ляціць наша сонца, і нясецца за сонцам зямля», а мы, людзі, — толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс.
Калі гаварыць пра светапоглядныя і этычныя ўстаноўкі старажытнага часу, то для іх ідэалістычных варыянтаў, як правіла, быў характэрны песімізм. Чалавек — «пясчынка ў Космасе, ён нікчэмны, слабы, падуладны заганам і асуджаны ў зямным жыцці на пакуты»87.
У якасці прыкладаў з антычнай літаратуры можна прыгадаць герояў Сафокла. Сафоклаўскі герой — цар Эдып — імкнецца да дабра, але яго дзеянні прыводзяць да няшчасця. Эдып імкнецца пазбегнуць свайго лёсу, але ідзе насустрач яму, і, сам не ведаючы таго, учыняе злачынствы. Такім чынам, увесь час змагаюцца, супрацьстаяць дзве сілы: магутныя і суровыя багі, якія праследуюць лепшага з людзей, і чалавек, які залежыць ад лёсу.
Максім Багдановіч бачыць чалавека ў гармоніі з Сусветам. Чалавек — арганічная часцінка сусветнай касмічнай іерархіі, і багацце яго зместу прама прапарцыянальнае яго спалучанасці з космасам88. Чалавек — непаўторны індывідум, але разам з тым частка калектыву, «сусветнага адналюбства». Так і Беларусь, родная старонка М. Багдановіча — гэта звяно агульнага сусветна-гістарычнага працэсу. М. Багдановіч звяртаўся да Чалавека, да людзей усіх часоў і пакаленняў. Напэўна, упершыню з яго вуснаў у беларускай паэзіі «прагучала думка пра агульнасць чалавечага лёсу ў бязмежным космасе, пра духоўнае адзінства ўсяго чалавецтва»89.
«Касмаганічнасць» светаўспрымання М. Багдановіча абумовіла частыя звароты яго да Сонца, Месяца, зорак... Нават позіркі закаханых, якія разлучаны многімі кіламетрамі, паэт накіроўвае на зорку Венеру, быццам яна з’яўляецца нечым самым блізкім, самым родным. Пад гэтай зоркай нарадзілася каханне паэта, якое натхніла яго на стварэнне цудоўнага і найвялікшага шэдэўра лірычнай паэзіі. Як вядома, тут размова ідзе не столькі пра Багдановічава каханне «да канкрэтнай зямной жанчыны, колькі пра каханне як спрадвечны зорны міф». Тут «Месяц зорцы голас падае», зорцы Венеры — багіні кахання, Месяц, пад знакам якога жыве сам паэт». Паэт, які «бальны, бяскрыдлаты», якога ўсюды, як сімвал трагічнага лёсу, суправаджае «маркотны месяца сярпок» — маладзік, якому «не суджана стаць поўняй» і не суджана сустрэцца з зоркай Венерай, на сваім нябесным шляху сустракаючыся з усімі планетамі, якая не сустракаецца толькі з Месяцам. Іх раздзяляе Млечны Шлях (у міфалогіі — рака смерці)90.
Лёс звязвае шматлікія часавыя прасторы, прыводзіць іх у рух. Але сапраўднай сувяззю, якая вызначае цэласнасць і гарманічнасць свету, з’яўляецца іншая, не менш вялікая сіла — сіла кахання. Каханне кіруе зямлёй і морам, і нават небам высокім. Дантэ ў «Боскай камедыі» пісаў:
Здесь изнемог высокий духа взлёт;
Но страсть и волю мне уже стремила
Как если колесу дан ровный ход,
Любовь, что движет солнце и светила91.
(Пераклад М. Лазінскага)
У Максіма Багдановіча лёс і каханне — гэта касмічныя сілы, якія звязваюць у адзінае цэлае свет і чалавека, супрацьдзейнічаюць і пагаджаюцца. Усё, што знаходзіцца ў гармоніі з Космасам, мае сваё адпаведнае месца. Чалавек — вышэйшае звяно іерархіі зямнога існавання. Цела яго належыць зямному свету, а душа накіравана ўвышыню, да вечнай ісціны.
Парой прыгажосць космасу ў Максіма Багдановіча пераплятаецца з рэаліямі чалавечага існавання. Сусвет аказваецца адчужаным, раўнадушным да чалавека, да яго гора і радасці. Для прыкладу возьмем верш, які гучыць нібы песня-заклінанне, амаль як праклён, як трагічнае прадказанне:
Ў космас схаваліся кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёныя.
Хцівасць жадання іх томіць
таёмная,
Томіць таёмная,
Сіла няскромная.
Але дарэмна ў іх сокі б’юць
шпаркія,
Сокі б’юць шпаркія,
Свежыя, яркія.
Звянуць яны, тыя кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя
Неапылёнымі92.
Нават сваім рытмам верш нагадвае нешта таемнае, хвалюючае і трагічнае. У ім на дзіва цесна спалучаецца прыгожае з сумным, няўлоўна-трагічным. Паэт удала яднае алегарычную форму з паэтычнай думкай: прырода за марнасць карае не толькі кветкі, але і людзей, якія такія ж дзеці яе, як і «кветы». Дарэмна страчаныя сілы, «хцівасць жадання» караюцца бясплоддзем. Раскрываючы свае таямніцы, Космас патаемы вучыць чалавека спасцігаць ісціны і філасофію зямнога жыцця.
Імкненне Максіма Багдановіча асэнсаваць гармонію Сусвету, касмічную прастору, пазнаць загадкавую душу чалавека ў сваёй аснове набывае глыбокі філасофскі сэнс і дае новыя перспектывы канцэптуальна-светавага погляду на ўсю яго творчасць.
Паэтычная распрацоўка касмічнай тэматыкі і яе вобразаў складаюць той непаўторны бок філасофскай лірыкі Максіма Багдановіча, які нам дае ўсе падставы зблізіць паэта з антычным светам па яго настроі і светаўспрыманні, па духу.
Зварот Максіма Багдановіча да антычнасці амаль заўсёды звязаны з яго эрудыцыяй і захапленнем культурай Старажытнай Грэцыі і Рыма. Антычныя ідэі, матывы, вобразы і сюжэты ў беларускага паэта зліты з яго светаўспрыманнем. Для яго антычнасць з’яўляецца асаблівым мастацкім светам, нараўне са светам старажытных славян, светам беларускіх летапісаў і казак, паэзіі італьянскага адраджэння. Класічная старажытнасць становіцца для Максіма Багдановіча неад’емнай часткай яго творчага метаду, адной з прыкметаў яго паэтычнай індывідуальнасці, адным з праяўленняў яго паэтычнага густу і таленту.
Развіццё традыцый антычнай літаратуры ў паэзіі Максіма Багдановіча немагчыма без наватарскага іх скарыстання. Развіваючы лепшыя традыцыі беларускага фальклору, культуры мінулых эпохі ў першую чаргу традыцый антычнай культуры і літаратуры, Максім Багдановіч выступае ў сваёй творчасці пісьменнікам, які выводзіў беларускую мастацкую літаратуру на вялікі шлях сусветнай культуры, падняў яе на вышыню перадавога светавога мастацтва. Ён узбагаціў беларускую паэзію новымі ідэямі, формамі, жанрамі, якіх раней ёй так не хапала.
Антычная спадчына ў перакладах Максіма Багдановіча. Геніяльнасць вялікага беларускага мастака слова Максіма Багдановіча праявілася не толькі ў тым, што ён пад уплывам антычнай культуры і літаратуры стварыў новыя сюжэты, жывыя вобразы, увёў арыгінальныя матывы, але і ў тым, як ён выкарыстаў антычныя традыцыі і мастацкую спадчыну гэтай эпохі ў сваіх творах.
Звяртаючыся да антычнай культуры, беларускі паэт ствараў нацыянальную літаратуру, якая па ідэйна-эстэтычных якасцях адпавядала лепшым узорам сусветнай літаратуры.
Відавочна, што з творамі антычнай класікі Максім Багдановіч меў мажлівасць знаёміцца не толькі па перакладах, але і па арыгіналах, якія заўсёды вабілі яго. Ды ён не толькі чытаў, але і перакладаў іх. А, як вядома, галоўнай формай кантактных сувязей і ідэйна-мастацкай узаемнасці ў развіцці нацыянальных літаратур з’яўляецца пераклад. Сказанае падводзіць нас да думкі, што для ўсіх літаратур новага часу пераклады з’яўляліся школай мастацкай вучобы. Асабліва пераклады паэзіі, дзе ярка праяўляецца непарыўная сувязь зместу і формы. У прыватнасці, для еўрапейскіх літаратур матэрыялам для перакладу служыла антычная паэзія. Як вядома, антычная класіка ў перакладчыцкай спадчыне Максіма Багдановіча займае важнае месца. Паэт пераклаў на беларускую мову заключную оду з трэцяй кнігі одаў Гарацыя, вядомую пад назвай «Памятнік», і два ўрыўкі з «Метамарфоз» Авідзія.
Квінт Гарацый Флак (65 – 8 гг. да н.э.) — рымскі паэт афіцыйнага напрамку прынцыпата Аўгуста. У сваіх творах паэт стварыў выключна канкрэтныя вобразы, якія «заўсёды спалучаюцца ў яго з патрабаваннем змястоўнасці і выразнасці»93. Лірычная паэзія ў поўнай меры абавязана Гарацыю тым, што ён упершыню перасадзіў яе з грэчаскай роднай глебы на рымскую. «Я першым, — пісаў ён, — паказаў Лацыуму пароскія ямбы, запазычыўшы ў Архілоха яго натхненне, яго памер...»94. Тое, што менавіта эалійскую лірыку Гарацый выбраў узорам, не было выпадковасцю. Архілох, Алкей і Сапфо яшчэ пры жыцці сталі прадметам усеагульнага захаплення. Платон нават назваў Сапфо дзесятай Музай. Да архаічнай паэзіі Старажатнай Грэцыі Гарацыя прыцягвала «сама прырода яго асабістага даравання, паэтычная роднасць душ»95.
Ужо прайшло амаль дзве тысячы гадоў з таго часу, як памёр Гарацый, як няма Старажытнага Рыма і яго першасвяшчэннікаў з іх Вясталкамі. Але не памёр Гарацыеў дух. Аб чым марыў старажытнарымскі паэт, тое перавысіла яго спадзяванні. Ён прарочыў сабе славу толькі ў Італіі, ды і то ў абмежаваным часе існавання Старажытнага Рыма; а здарылася так, што аб ім даведаўся ўвесь свет. І ў наш час кожны дзень служыць людзям яго прароцтва:
Создал памятник я, бронзы литой прочней,
Царственных пирамид выше поднявшийся96.
(Пераклад С. Шэрвінскага)
Максім Багдановіч адзін з першых сярод паэтаў новага часу па-сапраўднаму зразумеў класічных аўтараў, у тым ліку і Гарацыя. Пераклад оды «Памятнік» рымскага паэта сведчыць аб тым, што Максіма Багдановіча вабіць высокае майстэрства Гарацыя, яго думка пра тое, што сапраўдны жыццёвы подзвіг — уменне гаварыць са сваім народам на яго роднай мове. Гаварыць з беларускім народам на яго роднай мове — адзін з запаветных прынцыпаў Максіма Багдановіча.
Зазначым, што славуты «Памятнік» Гарацыя перакладаўся рускімі паэтамі М. Ламаносавым, А. Фетам, В. Брусавым. Да гэтага твора звярталіся Дзяржавін і Пушкін. Тут будзе да месца сказаць, што свой верш Гарацый напісаў першай (малой) асклепіядавай страфой, якая складаецца з чатырох разоў паўторанага «асклепіядава» верша. Гэтая назва паходзіць ад прозвішча грэчаскага паэта Асклепіяда (III ст. да н.э.). Гарацый у сваіх одах выкарыстаў 5 варыянтаў асклепіядавай страфы.
У арыгінале першая страфа «Памятніка» Гарацыя гучыць так:
Exegi monumentum aere perennius
regalique situ pyramidum altius,
quod non imber edax, non Aquilo impotens
possit diruere, aut innumerabilis Hor. [III, 30]
Пераклады гэтай оды на рускую мову былі не заўсёды бясспрэчныя і дакладныя, бо перакладчыкі часам адыходзілі ад зместу і формы арыгінала. Каб абгрунтаваць падобныя вывады, звернемся да перакладаў М. Ламаносава, Г. Дзяржавіна, А. Пушкіна, А. Фета. Нагадаем страфу першага перакладчыка славутай оды Гарацыя на рускую мову М.В. Ламаносава:
Я знак бессмертия себе воздвигнул
Превыше пирамид и крепче меди,
Что бурный Аквилон сотреть не может,
Ни множество веков, ни едка древность97.
Падкрэслім, што гэта адзін з найбольш яркіх перакладаў Ламаносава ямбамі, які ён уключыў нават у сваю «Рыторыку». І сапраўды, гэты пераклад набыў не толькі літаратурнае значэнне, але і стаў фактам біяграфіі Ламаносава, своеасаблівай «формай асэнсавання яго асабістых заслуг» у рускай паэзіі98.
А вось калі звернемся да «Памятніка» Дзяржавіна і параўнаем яго з одай Гарацыя, то заўважым, што гэта зусім не дакладны пераклад, а вольная перапрацоўка. Верш Дзяржавіна насычаны рускім матэрыялам, хоць асобныя радкі арыгінала перададзены дастаткова дакладна. Так, праз верш Дзяржавіна, як і верш Гарацыя, праходзіць думка аб бессмяротнасці паэзіі, і абодва аўтары ганарацца сваёй творчасцю. Ужо ў першай страфе рускі паэт заяўляе:
Я памятник себе воздвиг чудесный, вечный,
Металлов тверже он и выше пирамид;
Ни вихрь его, ни гром не сломит быстротечный,
И времени полет его не сокрушит99.
У наступных радках, развіваючы на свой лад матыў Гарацыя, Дзяржавін вызначае геаграфічныя межы сваёй будучай славы:
Слух пройдет обо мне от Белых вод до Черных,
Где Волга, Дон, Нева, с Рифея льет Урал;
Всяк будет помнить то в народах неисчетных,
Как из безвестности я тем известен стал...100
Сэнс вершаў абодвух паэтаў заключаецца ў сцверджанні неўміручасці паэтычнага слова: паэтычны помнік мацнейшы і вышэйшы за матэрыяльныя гістарычныя помнікі — «прочнее меди и выше царских пирамид». Параўнанне, вядома, абстрактнае: з фараонамі і царамі паэты не змагаліся. Сваю асабістую славу яны лічылі ў межах яе існавання: у Гарацыя: «Пока на Капитолий будет восходить жрец с молчаливой жрицей» — г.зн. пакуль стаіць Рым: рымская рэлігія асвятляла рымскую дзяржаўнасць. У Дзяржавіна: «Докуль славянов род вселенна будет чтить». Адпаведна заўважаецца падабенства і розніца ў сэнсе вызначэння сваіх заслугаў перад паэзіяй у старажытнарымскага і рускага паэтаў.
Перапрацоўку Дзяржавіна творча выкарыстаў А.С. Пушкін, дзе змест яго верша ўзнімаецца зусім на новую ідэйна-мастацкую вышыню. Ідэю вялікасці рускай дзяржавы сучаснай і будучай Пушкін выказаў словамі: «Гордый внук славян», «могучий внук славян», але сваю паэтычную славу ён бачыць у больш шырокіх межах існавання чалавецтва і культуры. Выходзячы, такім чынам, з межаў дзяржаўнай улады ў будучым, ён у свой час уступае ў канфлікт з уладай, а дакладней, з яе сімвалам. Ён свядома апусціў аўтабіяграфічныя звесткі з жыцця Гарацыя — сацыяльнае паходжанне і месца нараджэння (бераг бурлівай ракі Аўфід), дзе, паводле легендаў, калісьці кіраваў старажытны цар Даўн, а таксама адкінуў вобраз рымскай багіні пахавання Лабіціны, ад улады якой ухіляецца паэт з прычыны сваёй неўміручасці. І калі Гарацый працягласць уласнага вечнага існавання вызначае захаваннем культа багіні Весты:
Usque ego postera
crescam laude recens, dum Capitolium
scandet cum tacita Virgine pontifex.
Hor. [III, 30]
(г.зн. пакуль на Капітолій з маўклівай дзевай будзе ўзыходзіць вярхоўны жрэц), то Пушкін уводзіць зусім іншы вобраз, можа, не такі тыповы, але ў перспектыве вельмі дакладны:
Нет, весь я не умру — душа в заветной лире
Мой прах переживет и тленья убежит...101
Асабістая ж слава і папулярнасць, лічыць рускі паэт, будзе жыць на свеце да таго часу, «...доколь в подлунном мире жив будет хоть один пиит».
Цяпер праілюструем пераклад А. Фета:
Воздвиг я памятник вечнее меди прочной
И зданий царственных превыше пирамид;
Его ни едкий дождь, ни Аквилон полночный,
Ни ряд бесчисленных годов не истребит102 .
Для А. Фета пераклад «Памятніка» Гарацыя стаў цяжкай, неадольнай працай. Да таго ж бачым, што ў свой пераклад А. Фет уводзіць перакрыжаваную рыфму, што не адпавядае антычнаму вершаскладанню. Але мы не выпадкова прыгадалі мастацкі эквівалент Фета, які быў адным з любімых паэтаў М. Багдановіча.
Афанасій Фет — аўтар поўнага перакладу Гарацыя, Катула, Вергілія, Авідзія. Ідучы ўслед за гэтым паэтам, Максім Багдановіч не мог не паглыбляцца ў антычнасць.
Максім Багдановіч пераклаў гарацыеўскую оду вершаваным памерам арыгінала — першай (малой) асклепіядавай страфой. Вось як гучыць першая страфа ў перакладзе беларускага паэта:
Лепшы медзі сабе памятнік справіў я,
Болей усіх пірамід царскіх падняўся ён;
Не зруйнуе яго сівер, ні едкі дождж,
Ні гадоў чарада, вечнага часу рух103.
Вельмі дакладна пераклаў Максім Багдановіч першую частку верша антычнага аўтара. Рытм твора павольны, поўны роздуму. Але беларускі паэт у асобных выпадках адступае ад арыгінала, нават дапаўняе верш новымі вобразамі, якія нясуць нацыянальную афарбоўку.
Так Гарацый заяўляе, што пасля смерці людзі скажуць:
Dicar, qua violens obstrepit Aufidus
et qua pauper aquae Daunus agrestium
regnavit populorum, ex humili potens,
princeps Aeolium carmen ad Italos
deduxisse modos.
Hor. [III, 30]
(Ён (Гарацый. — Д.Л.) першым перанёс эалійскую песню ў італійскую паэзію, падняўшыся з нізоў, адтуль, дзе шуміць імклівы Аўфід і бедны на ваду цар Даўн над сельскімі плямёнамі ўладарыў...).
Максім Багдановіч пераклаў словы Гарацыя «ex humili potens», як адзначалі даследчыкі104, радком: «Ён да славы дайшоў, хоць і не панам быў». Увёўшы слова «пан» у свой пераклад, Максім Багдановіч узмацняе гэтым сацыяльную характарыстыку Гарацыя, які быў сынам раба-вольнаадпушчаніка. Няцяжка здагадацца, пра што думаў беларускі паэт, калі перакладаў гэтыя радкі. Дэмакратычныя погляды і высокае мастацкае майстэрства — вось рысы паэзіі Гарацыя, якія прыцягвалі ўвагу Максіма Багдановіча.
А далей ідуць такія радкі:
Першы стаў я складаць на эолійскі лад
У нашым родным краю песні пад лірны звон105.
Беларускі паэт уводзіць у свой пераклад вобраз роднага краю, якога няма ў рымскім арыгінале: «princeps Aeolium carmen ad Italos...». І гэта не выпадкова, таму што прыведзеная страфа сваім гучаннем, паэтычнай структурай, як відаць, нічым, па сутнасці, не адрозніваецца ад арыгінала: ні па змесце, ні па форме, але разам з тым нельга не адчуць, што яна нясе ў сабе пэўную эмацыянальную навізну, якая ствараецца лексічнымі сродкамі беларускай мовы, умела выкарыстанымі паэтам. Гэта сведчыць пра тое, якім прынцыпам кіраваўся беларускі паэт пры выбары твораў для перакладу. Ён даваў узоры антычнай паэзіі на роднай мове і разам з тым «прышчапляў» у беларускай літаратуры складаныя памеры Гарацыя. Родны край нарэшце дачакаўся песні «на эолійскі лад», г.зн. класічных узораў паэзіі.
Такім чынам, Максім Багдановіч у асноўным правільна перадаў змест Гарацыевага «Помніка», захаваў яго форму і складаную асклепіядаву страфу, хоць і ў асобных выпадках адышоў ад арыгінала, развіваючы і дапаўняючы асобныя радкі сваім вобразным зместам. Параўнанне паказвае, што Максім Багдановіч не парушыў ні змест, ні форму трыццатай оды старажытнарымскага класіка. Хоць пераклад, як бачна, не зусім літаральны, але ў ім беларускі паэт смела заменьвае некаторыя лацінскія словы новымі словамі, прычым так умела, што яны поўнасцю перадаюць пачуцці і думкі, выражаныя ў лацінскім вершы, надаюць ім своеасаблівае, больш выразнае эмацыйнае адценне. У Максіма Багдановіча, як і ў Гарацыя, праходзіць думка не толькі аб вечнасці паэзіі, але адчуваецца гонар за сваю творчасць. Беларускі паэт перакладам Гарацыя пашырыў як слоўнікавы матэрыял, так і сам светапогляд беларускага чытача. У сувязі з гэтым нельга не прыслухацца да думкі С.К. Майхровіча, які ў свой час адзначыў, што Гарацый аказаў значны ўплыў на творчасць Максіма Багдановіча і «спрыяў фарміраванню літаратурных поглядаў і творчаму наследаванню лепшых узораў антычнай паэзіі»106.
Другім старажытнарымскім паэтам, творы якога пераклаў Максім Багдановіч, стаўся Публій Авідзій Назон (43 г. да н.э. – 18 г. н.э.). Творчая спадчына Авідзія багатая і разнастайная. Ім напісаны: «Любоўныя элегіі», «Героіды», «Навука любві», «Лекі ад кахання», «Метамарфозы», «Журботныя элегіі», «Пісьмы з Понта». Найбольш значным і цікавым творам з’яўляецца яго паэма «Метамарфозы», якую называюць «паэтычнай энцыклапедыяй антычнай міфалогіі». Менавіта з гэтага твора Максім Багдановіч бярэ ўрывак для перакладу, дзе апавядаецца вядомы міф пра Дзедала і Ікара.
Паводле міфа, Дзедал быў вынаходнікам сталярных інструментаў, адмысловым архітэктарам і скульптарам. Ікар — яго сын. Абодва яны нявольнікі. Каб пазбавіцца рабскай долі, бацька з сынам вырашылі ўцячы на крыллях з пер’яў, змацаваных воскам. Узляцеўшы ў неба, Ікар захапіўся палётам і наблізіўся да сонца. Сонечныя промні растапілі воск, і Ікар упаў у марскую бездань.
У перакладзе Максіма Багдановіча антычны міф выступае ва ўсёй сваёй паэтычнай красе. Паэт змог перадаць не толькі чароўнасць і «паэтычнае абаянне арыгіналу»107, але і своеасаблівую форму яго, рытм і памер (гекзаметр):
Дзедал пачаў чарадой прыладжваць пер’я. На сам
перш
Дробныя, дальш падаўжэй, і думаць бы можна, што
быццам
Пер’я на кочцы растуць. Складалася так жа патроху
З розных няроўных кускоў чароту жалейка пастуш’я.
Далей ён ніткай звязаў сярэднія пер’я, а рэшту
Воскам зляпіў па канцах. Скрапіўшы такой працай
скрыдлы,
Дзедал іх трохі сагнуў, каб да птушыных сталі
Падобны108.
Максім Багдановіч не выпадкова выбраў прыгаданы ўрывак для перакладу. Паэзія Авідзія захапляла яго не толькі мастацкім хараством, прыгажосцю, але і глыбінёй філасофскай думкі. Дадзены пераклад беларускага аўтара абумоўлены яго маральна-эстэтычнай філасофіяй, яго адносінамі і поглядамі на паэзію, на культуру ўвогуле як на магутны сродак збліжэння народаў і пераемнасці іх культур. Паэт спадзяваўся, што беларускі селянін зможа адчуць родную душу ў «рыбаку з вудай у руках, у пастуху, што абпёрся кіем, у аратаю з сахой, што аслупянелі ад здзіўлення, гледзячы, як хлопчык Ікар ляціць «на склыдлах сваіх між вадой і сонцам»109.
На вялікі жаль, Максім Багдановіч не пераклаў апошніх строф урыўка, дзе апісваецца гібель Ікара. Але перакладу паэта належыць яшчэ адзін урывак з паэмы «Метамарфозы», у якім пераказваецца міф аб узнікненні сузор’я «Карона», што нібыта ўзнікла з кароны, якую бог Апалон, зняўшы з галавы, кінуў у неба:
Бог Апалон з галавы зняў карону і кінуў у неба.
У светлым паветры яна пралятае; агнямі малымі
Робяцца ў ёй на ляту ўсе каменні каштоўныя. У небе
Быццам карона жа між на каленях стаячага Нікса
І паміж Цмока яна, затрымаўшыся, блешча
на месцы110.
Апалон у старажытных грэкаў атаясамліваўся з богам Геліясам і з’яўляўся богам сонечнага свету, навук і мастацтваў. Ён валодаў дарам прароцтва і надзяляў гэтай якасцю некаторых людзей. У перакладзе Максіма Багдановіча вобразная напоўненасць вельмі блізкая да антычнага міфа. Тут апісваюцца сузор’і: Геракл, які змагаецца са змеем, і Геракл, які трымае змея. Усё гэта надае вершу перакананасць, жыццёвасць, напаўняе паэтычны радок узнёсласцю і радасцю. Апалон у творы з’яўляецца богам, які прарочыць будучыню, абвяшчае высокую ісціну, валадарыць над «ілюзорным бляскам прыгажосці ва ўнутраным свеце фантазіі»111 і адначасова з’яўляецца сімвалам мастацтва.
Як бачым, у антычнай міфалогіі Максім Багдановіч знаходзіў цэлую скарбонку для адказу на пытанні пра сэнс чалавечага жыцця, яго існаванне, што і абумовіла яго асаблівую цікаўнасць да творчасці Авідзія, асабліва да яго «Метамарфоз».
Як вядома, глыбокі след пакінула паэзія Авідзія і ў творчасці вялікага рускага паэта А.С. Пушкіна. Вобразы твораў Авідзія і вобраз самога антычнага паэта больш поўна раскрыліся генію ў час яго ссылкі на поўдзень Расіі, у Бесарабію. У гэты край, па мясцоваму паданню, быў сасланы некалі і Авідзій. Таму свой лёс выгнанца рускі паэт не раз супастаўляе з лёсам рымскага паэта. Так, у вершы «Да Авідзія» ён піша:
Овидий, я живу близ тихих берегов,
Которым изгнанных отеческих богов
Ты некогда принес и пепел свой оставил...
Как ты, враждующей покорствуя судьбе,
Не славой – участью я равен был тебе112.
У цяжкія моманты горкай адзіноты Пушкін жыў духоўным светам Авідзія. Суровы славянін добра разумеў пакуты свайго сабрата з далёкай Італіі. Цень Авідзія нагадвае рускаму паэту пра яго магчымую неўміручасць як мастака.
На Беларусі да нашых дзён таксама існуе паданне аб высылцы Авідзія ў пачатку І ст. н.э. на землі, якія пазней былі заселены славянамі. На Палессі ёсць некалькі ўзгоркаў, якія народ называе горамі Авідзія. На аснове гэтага падання заснаваў свой верш «Авідзій на Палессі» выдатны паэт сярэдзіны ХІХ ст. Уладзіслаў Сыракомля (1823 – 1862):
А паэт ва ўладаннях князёў Радзівілаў
У Давыд-Гарадку адышоў у магілу,
І завецца гара яго імем дагэтуль...
Вельмі ж горкая доля ў чуллівых паэтаў113.
(Пераклад М. Лужаніна)
Напісаны гэты верш пасля высылкі самога Сыракомлі ў ягоную Барэйкаўшчыну за ўдзел у антыцарысцкай маніфестацыі ў Варшаве.
Ліра Авідзія стала блізкай Максіму Танку — аднаму з самых буйных і арыгінальных прадстаўнікоў беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. Светлым ценем старажытнарымскага паэта навеяны верш Максіма Танка «Ля помніка Авідзію». Тут жа мы знаходзім высокую ацэнку паэзіі антычнага песняра:
Знаць, калі плыў ён лодкай Харона
З краю выгнання ў ценяў краіну,
Гэтым далінам, адхонам
Ліру сваю пакінуў.
Бо нат і сёння, калі растае
Прысак сузор’яў, перагарэўшы,
Дыхае далеч марская
Авідзіянскім вершам114.
Цікава адзначыць, што ў перакладах Максіма Багдановіча з антычнага мастацтва выпрацоўваецца творчы падыход да мастацкага перакладу: паэт, не парушаючы арыгінала, імкнецца творча перадаць аўтарскую задуму, яго ідэю, знайсці ў роднай мове адпаведныя эквіваленты мастацкім вобразам, каб перакладны твор стаў арганічным здабыткам беларускай паэзіі.
Аб значэнні перакладаў Максіма Багдановіча з антычнасці слушна піша А.А. Лойка: «Без ведання гісторыі цывілізацыі, развіцця паэзіі, як бы гаварыў паэт гэтымі перакладамі, нельга адчуваць сябе падрыхтаваным у паэзіі наогул, нельга ўзняць паўнацэнны гмах паэзіі ў прыватнасці»115. Думаецца, няма патрэбы ўносіць сёння карэктывы ў дадзеную ацэнку. Ад сябе дапоўнім, што Максім Багдановіч знайшоў у беларускай мове адэкватныя вобразныя сродкі, каб перадаць багацце зместу і дасканаласць лацінскага тэксту, і тым самым паказаў, што беларуская літаратурная мова ўжо ў яго час дасягнула такога развіцця, што на яе можна перакладаць любы твор замежнага аўтара.
Максім Багдановіч стаў першым паэтам-перакладчыкам у гісторыі нашай літаратуры, які падараваў свету на мове беларусаў класічныя ўзоры антычнай паэзіі, паклаў пачатак больш глыбокаму знаёмству беларускага чытача з творамі далёкіх мінулых часоў.
Такім чынам, перакладчыцкая дзейнасць Максіма Багдановіча з антычнасці мае фундаментальнае значэнне не толькі для творчасці самога паэта, а і ў кантэксце ўсёй беларускай літаратуры ўвогуле для развіцця мастацкага перакладу з еўрапейскіх літаратур. Пераклады Максіма Багдановіча з антычнай класікі на беларускую мову — шкада, што іх не так многа — заслугоўваюць высокай ацэнкі. Яны ўзбагачаюць мастацкую культуру беларускага народа.
Антычнасць у творах Максіма Багдановіча выступае найчасцей сродкам узмацнення лірычнай экспрэсіі, сродкам выяўлення ўнутраных перажыванняў і настрояў лірычнага героя. Антычныя традыцыі становяцца працэсам, непасрэдна звязаным з творчай актыўнасцю, талентам, спеласцю светапогляду беларускага мастака слова. І гэта было не знешнім супадзеннем ці пагоняй за арыгінальнасцю. Антычная этыка і эстэтыка цалкам адпавядалі індывідуальнаму жыццёваму і псіхалагічнаму вопыту гэтага паэта, яго думкам, настроям і запатрабаванням эпохі. Яго творчы падыход да антычнай спадчыны заключаецца ў тым, каб, перапрацоўваючы і ўзбагачаючы антычныя матывы і вобразы, уздымаць іх да ўзроўню агульнанацыянальнага і праз іх да агульначалавечага.
І.В. Жук, Д.М. Лебядзевіч, А.М. Петрушкевіч, А.М. Пяткевіч.
Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манагр. / І.В. Жук [і інш.].; пад рэд. І.В. Жука — Гродна : ГрДУ, 2009.