Сельскагаспадарчыя адносіны ў гісторыі Беларусі заўсёды выклікалі вялікую цікавасць у даследчыкаў. “Валочная памера” 1557 г. з’яўляецца адной з найбольш значных падзей у эканамічнай гісторыі Новага часу нашай краіны. Гэтая рэформа вызначыла шлях развіцця краіны амаль на тры стагоддзі наперад, заклала падмурак для новых гаспадарчых адносін і павялічыла прыбыткі дзяржаўнага скарбу ў некалькі разоў.
Рэформе Жыгімонта ІІ Аўгуста папярэднічаў эксперымент сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў Боны Сфорца і яе адміністрацыі ва ўладаннях каралевы ў першай палове XVI ст. Фактычна вопыт рэфармавання сельскагаспадарчых адносін на землях Беларускага Палесся лёг ў аснову “Валочнай памеры” 1557 г. Галоўная заслуга каралевы – ажыццяўленне шэрагу мерапрыемстваў перавода эканомікі з натуральных адносін на таварна-грашовыя, што паўплывала на павелічэнне даходу з рэфармуемых маёнткаў.
Самае поўнае і грунтоўнае тлумачэнне межаў Беларускага Палесся сярод гісторыкаў прапанаваў М.К. Любаўскі ў сваёй працы “Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского статута : исторические очерки”. Межы Беларускага Палесся, паводле М.К. Любаўскага, ахопліваюць рэгіён басейна рэк Прыпяць, Лань, Шчара і Ясельда, што супадае з межамі Пінскага, Клецкага і Кобрынскага старостваў Вялікага Княства Літоўскага ў першай палове XVI ст. Цяпер прынята меркаваць, што ў геаграфічных межах Беларускае Палессе ахоплівае басейн рэк Прыпяці і Бярэзіны, займае вялікую частку Брэсцкай, Гомельскай, невялікую частку на поўдні Мінскай і на крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці, што складае каля 30 % тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Сельскагаспадарчыя адносіны ў эвалюцыі кожнай дзяржавы займаюць выключнае месца, бо ад іх залежыць не толькі поспех вырашэння ўнутраных праблем развіцця краіны, але і яе выжывальнасць, а таксама гістарычная перспектыва ў цэлым. Выбар кірунку эканамічнага развіцця набыў асабліва важнае значэнне для Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку Новага часу, калі ішло фарміраванне рынку і адбываўся пераход ад натуральнай гаспадаркі да таварна-грашовых адносін.
Тэма рэфармавання сельскагаспадарчых адносін на тэрыторыі Беларускага Палесся першай паловы XVI ст. застаецца пакуль недастаткова распрацаванай у гістарыяграфіі. Закраналіся толькі асобныя гаспадарчыя прыёмы каралевы Боны на гэтых землях у працах У.І. Пічэты, М.В. Доўнар-Запольскага, М. Космана, В. Пацехі і іншых навукоўцаў. У савецкі час асаблівы адбітак на гэту праблему наклаў вектар успрымання ВКЛ як чужой для насельніцтва Беларусі дзяржавы. Іншая сітуацыя ў гістарыяграфіі склалася ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гг. XX ст. Тады ў сувязі з працэсам распаду Савецкага Саюза і абвяшчэннем незалежнасці Беларусі, Літвы і Украіны гісторыкі пачалі па-іншаму ўспрымаць гісторыю ВКЛ і яго сацыяльна-эканамічны напрамак развіцця.
Працэс будаўніцтва незалежнай і эканамічна стабільнай Рэспублікі Беларусь патрабуе ўсебаковага даследавання развіцця яе рэгіёнаў. Актуальнасць гэтай тэмы на вышэйшым узроўні падкрэслівае “Государственная программа социально-экономического развития и комплексного использования природных ресурсов Припятского Полесья на 2010–2015 годы”, зацверджанная загадам кіраўніка дзяржавы А.Р. Лукашэнка ад 29 сакавіка 2010 г. №161. Выпрацоўка аптымальнай стратэгіі эканамічнага росту краіны патрабуе звароту да гісторыі рэфармавання эканамічных адносін у тым ліку на тэрыторыі Беларускага Палесся, вызначэння канструктыўных і дэструктыўных тэндэнцый, што маюцца ў гэтай сферы.
Актуальнасць тэмы “Рэфармаванне сельскагаспадарчых адносін на землях Беларускага Палесся ў першай палове XVI ст.” абумоўлена таксама тым, што перад беларускай грамадскай думкай востра стаіць праблема асэнсавання працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і яе рэгіёнаў. Вырашэнне гэтай праблемы дазволіць у кантэксце еўрапейскай цывілізацыйнай мадэлі цэласна разглядаць механізмы гаспадарчага рэгулявання, напрамкі рэгіянальнай спецыялізацыі, прычыны і вынікі змен у формах і метадах гаспадарання на тэрыторыі Беларусі ад пачатку ўзнікнення дзяржаўнасці да нашага часу.
Василенка Анна Юрьевна