Праблема ваеннага і цывільнага асадніцтва ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца нераспрацаванай. Прычына гэтага факту заключаецца ў адсуднасці метадалагічнага падыходу, з дапамогай якога магчыма усебакова раскрыць данную праблему. Першапачаткова непаўнацэннай распрацоўцы праблемы садзейнічала савецкая палітычная кан’юктура, якая апіралася на марксісцка-ленінскую метадалогію, а ў 90-я гады ХХ стагоддзя – адсутнасць цікавасці да разглядаемай тэмы і разрозненнасць метадалагічных падыходаў.
Першы этап беларускай гістарыяграфіі асадніцтва адносіцца да 20–50-х гадоў XX стагоддзя. Аўтарамі прац былі сучаснікі тых падзей. У большай ступені, гэтыя даследванні, магчыма, характарызаваць як прапагандысцка-ідэалагічныя, чым навуковыя. Тлумачыцца гэта стылем напісання, які пераважна з’яўляецца літаратуна-публіцыстычным. У аснове даследвання гэтых прац закладзены эмпірычны падыход. Беларуская гістарыяграфія разглядала ваеннае асадніцтва ў кантэксце аграрных рэформ, а цывільнае асадніцтва не даследавалася наогул. У цэлым, матэрыял аб асадніцтве ўтрымліваецца ў даследаваннях як эканамічнага, так і абагульнена-палітычнага характару. Да апошніх адносяцца працы А. Беразоўскага, М. Лучаніна, і Г. Ягорава. Найбольш падрабязна, пытанне аб асадніцтве разглядаецца ў працы А. Беразоўскага. У ей палітыка асадніцтва раскрыта ў форме параўнальнага аналіза ў адносінах да беларускага сялянства. Акцэнтуецца ўвага на ваенных асадніках. Даецца агляд умоў рэалізацыі палітыкі, праўда, не зусім аб’ектыўна ў параўнанні з палажэннямі закона ад 17 снежня 1920 года. У цэнтры ўвагі негатыўныя паводзіны асаднікаў, якія з’яўляюцца “асобамі падлейшага гатунку” [1, с. 12]. Асноўнай мэтай палітыкі асадніцтва лічыцца паланізацыя мясцовага насельніцтва, аднак на думку аўтара, гэта рэформа не была рэалізавана, а паслужыла працэсу ўзмацнення беларуска-рэвалюцыйнага руху.
Эканамічная гісторыя Заходняй Беларусі атрымала самастойны навуковы напрамак у 30-я гады XX стагоддзя, што была выклікана палітыка-ідэалагічнай кан’юнктурай таго перыяду. Эканамічная гісторыя міжваеннага перыяду даследавалася Л. Гакам у манаграфіі “Аграрная палітыка польскай буржуазіі ў Заходняй Беларусі”. Дадзенае даследаванне ахоплівае храналагічныя рамкі перыяду 1920-1932 гадоў і пабудавана на аснове апісання падзей эканамічнага развіцця заходнебеларускага рэгіёну з прыярытэтам у аграрным накірунку. У цэнтры ўвагі даследчыка – сацыяльны склад насельніцтва заходнебеларускай вескі і адносіны паміж рознымі катэгорыямі сялян. Праз сацыяльную сферу грамадства характарызуецца палітычны стан II Рэчы Паспалітай. Гісторык падыходзіць да праблемы асадніцтва з сацыяльна-палітычнага боку, характарызуючы асадніцтва як ваенна-палітычнае мерапрыемства [2, с. 46]. Мэта асадніцтва, на думку Л. Гака, зводзілася да ўзмацнення надзейнымі элементамі акупаванных тэрыторый, да падрыхтоўкі гэтых тэрыторый як плацдарму ў новай вайне супраць Савецкага Саюза, да якой “польскія імперыялісты шаленымі тэмпамі рыхтуюцца” [2, с. 47]. У “Саюзе ваенных асаднікаў” даследчык бачыць цэнтральны орган ваеннага камандавання, якому падпарадкоўваліся асаднікі. У манаграфіі адзначаецца, што асаднікі “мелі замаскаванную сувязь з паліцыяй, і ахранкай, і часткамі войск, якія расквартаваны ў мясцовасці” [2, с. 48].
Неабходна падкрэсліць, што прыведзеная сувязь з ваеннымі органамі ўлады, паліцыяй, ахранкай у гістарыяграфіі 60-80-х гадоў XX ст. успрымалася як прамая дзейнасць у вызначаных органах з мэтай каланізатарскай палітыкі. Што тычыцца характарыстыкі дзейнасці асаднікаў, то яна выключна падаецца з палітычнага напрамку. Даследчык атаясамляе асаднікаў з фашысцкімі агентамі, якія разганяюць мітынгі, вядуць бандыцкія напады на рабочыя дэманстрацыі, эксплуатуюць сялян шляхам размяркавання павіннасцей, падаткаў мясцовага значэння.
На працягу ўсяго даследвання гісторык супрацьпастаўляе асаднікаў беднякам і сераднякам, а падводзячы вынік аналізу дадзенага аспекта, адзначае, што ў большасці памеры гаспадарак асаднікаў былі серадняцкія – сярэдні памер адной такой гаспадаркі складаў 17.32 гектара. Вяртаючыся яшчэ раз да гаспадарчай дзейнасці асаднікаў, па даследванню Л. Гака можна прасачыць дастаткова важны момант, які ставіць пад сумненне эксплуататарскія адносіны асаднікаў да сялян паўфеадальнага характару – гэта сістэма найму сялян за грашовыя выплаты. Прычым падкрэсліваецца, што яна была больш распаўсюджана ў параўнанні з арэнднай сістэмай [2, с. 50]. Нягледзячы на “ідэалагічныя перагібы” і супярэчнасці даследвання, манаграфія ўяўляе значную навуковую цікавасць у першую чаргу тым, што ўтрымлівае шмат дакументальнага матэрыялу, асабліва з “Запросаў беларускіх паслоў у польскі сейм” і з перыядычных выданняў таго часу (статыстычнага і справаводскага характару). У галіне эканамічнай гісторыі працаваў таксама І. Гальдштэйн. Ім была напісана манаграфія “Аграрные отношения в бывшей Польше, Западной Украине и Западной Беларуси”. І. Гальдштэйн падыходзіць да праблемы асадніцтва з эканамічна-тэарэтычнага боку. Асноўная мэта даследвання – аналіз эканомікі II Рэчы Паспалітай. Па-гэтаму ў аснове яго працы – лічбавыя падлікі, статыстычныя дадзеныя.
У манаграфіі грунтоўным чынам даследуюцца перадумовы рэформ, адзначаецца, што “буржуазія не была зацікаўлена ў рэформах з прычыны сфармаваўшыхся капіталістычных адносін, але вузасць унутранага рынку застаўляла прымаць пэўныя меры” [3, с. 178]. Далей гісторык адзначае, што неабходнасць была зразумела ўсім, аднак губляць свае эканамічныя пазіцыі буржуазна-памешчыцкі клас не хацеў, таму рэформы ў выніку не насілі характару рэфармавання эканомікі, а толькі рэфармавання асобных гаспадарак [3, с. 180].
Аднак асадніцтва у цэлым І. Гальдштэйнам разглядаецца фрагментарна. На нашу думку, гэта звязана з тым, што гэтая рэформа мела больш эканамічна-палітычны характар, чым сацыяльны. Разам з тым асадніцтва можна характарызаваць таксама і з сацыяльнага, і з нацыянальна-канфесіянальнага боку, што зразумела выходзіць за рамкі эканомікі. Што тычыцца надзялення зямлей асаднікаў, то як заяўляў Пілсудскі і падкрэслівае І. Гальдштэйн, “гэтая мера не ўнясе радыкальныя змены ў зямельныя адносіны” [3, с. 177]. І як пазней паказаў выканаўчы працэс рэформы, такая пазіцыя была дамінуючай. Палова асаднікаў папаўняла бядняцкі клас, вышэйшыя чыны папўнялі памешчыцкі клас, а “сярэдняе звяно” ваенных-кулакоў і сярэднякоў, якія хацелі “пралезць у багатыя”, часам шляхам палітычнай дзейнасці. Даследванне І. Гальдштэйна – гэта грунтоўная дакументальная навуковая праца з аналітычным падыходам. Гісторык прыводзіць шмат статыстычных дадзеных польскага Інстытута Сацыяльнай Гісторыі, Пулаўскага інстытута. Навуковая праца І. Гальдштэйна не страчвае сваю навуковую значнасць у рамках распрацоўкі эканамічнай гісторыі і ў сучасны момант, асабліва з крыніцазнаўчага погляду. У многім паслядоўнікам І. Гальдштэйна ў 70-я гады XX стагоддзя з’яўляўся Б. Е. Кухараў.
Даследчыкі, якія працавалі ў 50–80 гады XX стагоддзя не змянілі традыцыйнага кантэкставага падыходу да праблемы, зноў жа такі акцэнт ставіўся на палітычна-эканамічны і сацыяльна-эканамічны характар ў залежнасці ад асноўнай тэмы. Да эканамічнага даследвання адносіцца праца А. А. Сарокіна “Аграрный вопрос в Западной Белоруссии 1920–1939 гг.”. Гісторык, абазначыў эканамічны-палітычны падыход і зацвердзіў разгляд асадніцтва ў кантэксце аграрных рэформ: у кантэксце такіх рэформ, як парцэляцыя, камасацыя, ліквідацыя сервітутаў разглядаецца і характаразуецца працэс “насаджэння асадніцтва” [7, с. 71]. Даследванне асадніцтва пачынаецца з вылучэння прычын, сутнасць якіх зводзіцца да пастулатаў афіцыёзнай гістарыяграфіі – паланізацыя і каланізацыя заваёваных тэрыторый з дапамогай устойлівага элемента. Разглядаючы асадніцтва ў кантэксце аграрнай рэформы, А. А. Сарокін характарызуе апошнюю як план каланізацыі, распрацаваны ваенным міністэрствам. Цэнтральнае месца займае выканаўчы працэс “насаджэння асадніцтва” і мэты, якія павінны быць дасягнуты ў ходзе рэформы. Сутнасць іх зводзілася да каланізацыі тэрыторыі, стварэння апоры буржуазнаму нацыяналізму, “барацьбы антысавецкіх элементаў з камуністычнай заразай, умацаванню эканамічных пазіцый фінансавага капіталу”. Вызначаныя мэты павінны былі быць дасягнуты ў ходзе палітычнай дзейнасці. Робячы спробы разглядзець асадніцтва як сацыяльную праслойку грамадства, А. А. Сарокін выражае негатыўныя адносіны да дадзенай сацыяльнай катэгорыі, называючы апошніх казацтвам, аракчэеўшчынай двадцатага стагоддзя. Падводзячы вынік у сваёй манаграфіі, гісторык адзначае: “военное осадничество обманывает возложенные на него надежды, осадничество не оправдало себя и даже действовало в противовес польской политике” [7, с. 83]. У выніку атрымоўвалася яшчэ адна супярэчнасць: ваеннае асадніцтва не апраўдала сябе, але польскі ўрад працягваў палітыку правядзення асадніцтва, толькі ў вобліку цывільных асаднікаў. Апошнія характарызуецца А. А. Сарокіным так: “…задачи и цели оставались те же, менялись только некоторые пути достижения” [7, с. 83]. Праблема асадніцтва у разглядаемай працы раскрыта вельмі павярхоўна, а канцэптуальны падыход пераклікаецца з даследваннем Л. Гака. Паколькі гэта адзінае даследванне свайго часу па аграрным рэформам у тым ліку і па асадніцтву, то на працягу некалькі дзясяткаў гадоў высновы, зробленыя Сарокіным А.А. з’яўляліся пастулатамі па вывучэнню праблемы.
Важны ўклад у распрацоўку праблемы быў унесены Б. Е. Кухаравым у яго манаграфіі “Сельское хозяйство Западной Белоруссии (1919–1939 гг.)”. Кухараў даследуе эканамічнае развіццё заходнебеларускага рэгіёна па галінах спецыялізацыі – жывелагадоўля і земляробства. У кантэксце аграрных рэформ, як і ў манаграфіі А. А. Сарокіна даследуецца рэформа асадніцтва. Даследчык вызначае каланізатарскі характар рэформы, аднак не ў такой радыкальнай форме, як у А. А. Сарокіна. Упершыню Кухараў вызначае, што за зямельные надзелы асаднікам неабходна была плаціць шляхам крэдытнай сістэмы [6, с.16]. Заканадаўчы працэс па пытанню не даследаваўся. Цэнтрам увагі Кухарава з’яўляецца выканаўчы працэс, прыводзяцца падлікі колькасці зерня, жывелы і іншых агратэхнічных культур, выдзяленных асаднікам польскім урадам, характарызуецца сістэма крэдытаў, прадстаўляемых асаднікам і падаецца аўтарам, як аснова іх гаспадаркі. Асноўнае месца ў выніку займае эканамічны падыход да асадніцтва. Б. Е. Кухараў бачыць у асадніцтве адзін з новых тыпаў гаспадарак з яго сістэмай землеўладання і землекарыстання. Такім чынам, даследаванне Б. Е. Кухарава з’яўляецца самым аргументаваным з эканамічнага падыходу да праблемы асадніцтва.
Гістарыяграфія 80–90 гадоў не унесла змяненняў у метадалагічныя падыходы да праблемы асадніцтва. У цэлым, неабходна адзначыць, што тэма асадніцтва страчвае сваю актуальнасць, на першае месца выдзяляюцца праблемы палітычнага, канфесіянальнага і нацыянальнага характару. Праблема польскага асадніцтва разглядаецца у абагульненных эканамічных даследаваннях і тэарэтычна абапіраецца на высновы зробленныя гісторыкамі папярэдняга часу.
Што тычыцца сучаснай гістарыяграфіі, праблема польскага асадніцтва набывае актуальнасць. Разгляд праблемы выходзіць за эканамічныя рамкі. Аднак, неабходна адзначыць, што сацыяльна-эканамічны падыход у працах многіх вучоных застаецца базісным. У даследаваннях С. Грэся палітыка асадніцтва разглядаецца як эканамічная рэформа, якая пры рэалізацыі закранула ваенна-сацыяльную сферу. Даследуецца выканаўчы працэсс рэалізацыі рэформы. У артыкулах даследчыка упершыню зроблены аналіз узаемасувязі ваеннага і цывільнага асадніцтва. У многім даследчык апіраецца на пастулаты савецкай гістарыяграфіі, так напрыклад асаднікаў ен называе ваеннымі каланістамі, а саму палітыку каланізатарскай [5, с. 178]. Асадніцтва падаецца як мера якая садзейнічала інкарпарацыі зямель Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай.
На падобных пазіцыях у сваіх даследаваннях ваеннага і цывільнага асадніцтва знаходзіцца Гарматны В. Аўтар даволі падрабязна аналізуе выканаўчы працэсс рэформы, разглядае яго дэтальна па ваяводствам і паветам. Аднак даследаванне не выходзіць за рамкі сацыяльна-эканамічнай рэформы. У сваіх артыкулах аўтар вызначае храналагічныя рамкі 1921-1939 гады, а пры аналізе спыняецца на 1922 годзе, калі ажыццяўляўся выканаўчы працэсс, астатнія гады падаюцца павярхоўна і фрагментарна.
Першая спроба выпрацаваць новы метадалагічны падыход зроблена ў даследаваннях А. Сцяпанавай. Аўтар падыходзіць да праблемы асадніцтва як да эканамічна-палітычнай меры, якая прывяла да стварэння новай сацыяльнай катэгорыі грамадзян: ваенных і цывільных асаднікаў. Асаднікі як сацыяльная катэгорыя, зыходзячы з свайго сацыяльна-эканамічнага становішча, пераклікаліся з іншымі сацыяльнымі катэгорыямі насельніцтва Заходняй Беларусі, аднак яны імкнуліся ўсімі формамі захаваць сваю аўтахтоннасць. З гэтай нагоды ствараліся грамадскія асадніцкія арганізацыі і выпрацоўвалася грамадска-палітычная, сацыльна-эканамічная палітыка ў адносінах да апошніх. Аўтар дэталёва распрацоўвае ўсе сферы жыццядзейнасці асаднікаў, якія, як паказвае практыка, выходзяць шырока за межы аграрнай дзейнасці [8, с. 205]. У даследаваннях А. Сцяпанавай шырока раскрыта культурна-асветніцкая дзейнасць асаднікаў, аналізуючы якую асаднікаў складана аднесці да катэгорыі каланістаў.
Такім чынам, на наш погляд, метадалагічныя падыходы да праблемы эвалюцыянізіруюць, аднак, у многім, базіруюцца на сацыяльна-эканамічным падыходзе. З гэтай прычыны для большасці даследчыкаў пастулаты савецкай гістарыяграфіі застаюцца базіснымі.
С. А. Сіткевіч, А. Ф. Сцяпанава