Категории

Метадалагічныя падыходы да вывучэння мемуарнай літаратуры і іх рэалізацыя ў дачыненні да крыніц па гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ �

10 минут на чтение

Пачынаючы з першай паловы ХІХ ст., калі ў расійскай і польскай гістарыяграфіі з’явіліся першыя крытычныя і тэарэтычныя працы аб мемуарах, у навуковай літаратуры фарміруюцца два асноўныя падыходы да аналіза дадзенага віда крыніц. Яны грунтуюцца на розным стаўленні даследчыкаў да суб’ектыўнай прыроды віда [9, с. 16], а ў сувязі з гэтым – на розным разуменні каштоўнасці мемуараў, вызначэнні іх месца сярод іншых крыніц, прымяненні пэўных метадаў.

Першы з падыходаў у навуковай літаратуры акрэсліваецца наступнымі тэрмінамі: “вузка-прагматычны” [18, с. 106, 128], “факталагічны” [18, с. 108, 109], “канкрэтна-гістарычны” [5, с. 125]. Так як асноўнымі мэтамі даследаванняў у межах дадзенага падыхода з’яўляецца ўстанаўленне або ўдакладненне гістарычных фактаў, не адлюстраваных або недастаткова адлюстраваных у іншых крыніцах, то найбольш адпаведным прадстаўляецца выкарыстанне тэрміна “факталагічны падыход”. Метадалагічныя асновы для яго выпрацоўкі былі закладзены расійскім даследчыкам К.М. Бястужавым-Руміным яшчэ ў ХІХ ст. [18, с. 108]. З таго часу факталагічным падыходам карыстаецца не адно пакаленне гісторыкаў.

Ен адзначаецца крытыкай суб’ектыўнасці мемуарыста. Шэраг даследчыкаў трактуюць суб’ектыўнасць як спецыфічны недахоп, які зніжае вартасць успамінаў. Так у 20-х – пачатку 30-х гг. ХХ ст. гісторык С.А. Піянткоўскі разглядаў суб’ектыўнасць як адмоўную уласцівасць мемуараў, выкарыстоўваючы амаль як сінонім паняцця “недакладнасць” [18, с. 116]. З другой паловы 60-х гг. ХХ ст. тэрміны “суб’ектыўны” і “памылковы” атаясамліваліся. Аднак, у некаторых працах суб’ектыўнасць разглядалася як недахоп, які, разам з тым, не зніжае вартасці ўспамінаў, так як яго можна цалкам пераадолець праз сапастаўленне розных крыніц [18, с. 129 – 130].

Як вынік, пры агульным факталагічным падыходзе да мемуараў даследчыкі па-рознаму разумелі іх месца ў шэрагу іншых крыніц. Амаль поўнае непрыняцце па прычыне іх суб’ектыўнасці, размяшчэнне ўспамінаў на ніжэйшай прыступцы іерархічнай лесвіцы гістарычных крыніц характарызуе погляды даследчыкаў М.А. Двайнішнікава, Ш.І. Чывадза, А. Лукашова, З.Жданоўскай і інш. [18, с. 127, 167].

Большасць даследчыкаў лічылі мемуары дапаможнымі, другараднымі крыніцамі ў адносінах да архіўных і іншых гістарычных крыніц. Такую пазіцыю адстойвалі Г.П. Саар, Я.В. Тарле, М.М. Пакроўскі [18, с. 109 – 113, 128], М.М. Чарнаморскі [26, с. 6] і інш. І толькі некаторыя даследчыкі ў межах дадзенага падыхода разглядалі мемуары як паўнавартасную крыніцу, напрыклад  В.Я. Баршчэўскі, А.Л. Угрумаў [18, с. 128, 154].

Прыхільнікі факталагічнага падыхода каштоўнасць мемуараў вызначаюць у залежнасці ад колькасці і якасці інфармацыі ў іншых крыніцах, г. зн. больш каштоўнымі лічацца мемуары, якія асвячаюць малавядомыя або ўвогуле не адлюстраваныя ў другіх дакументах факты. Павышае каштоўнасць мемуараў, на іх думку, выкарыстанне аўтарамі іншых пісьмовых крыніц і гістарычных прац [18, с. 143].

Іншы падыход у навуковай літаратуры атрымаў назву культурна-гістарычнага. Адным з яго заснавальнікаў быў расійскі вучоны              М.Д. Чачулін, які яшчэ ў канцы ХІХ ст. сцвярджаў, што ўсе без выключэння мемуары даюць нам цікавейшы матэрыял для назірання за ладам мыслення і развіццем сучаснага аўтару грамадства [18, с. 108]. На фоне панаваўшага ў савецкай гістарыяграфіі факталагічнага падыхода аналіз мемуараў з культурна-гістарычнага пункту погляду найбольш выразна праяўляецца з канца 70-х – пачатку 80-х гг. ХХ ст.

У супрацьвагу папярэдняму падыходу суб’ектыўнасць і прадузятасць мемуарыста ўжо ацэньваюцца як добрыя якасці ў даследаваннях В.С. Галубцова, М.Н. Варшаўчыка і інш. і прызнаюцца асноўнымі, вызначальнымі рысамі мемуараў у працах А.А. Курносава, С.С. Мінц і інш. [9, с. 18 – 19]. Менавіта ў суб’ектыўнасці мемуарыстаў, на думку С.С. Мінц, адлюстроўваецца сацыяльная псіхалогія [16, с. 31], а вучоныя А.А. Курносаў і В.С. Галубцоў вызначаюць спецыфіку мемуараў як “гістарычнае самапазнанне чалавекам самога сябе” [9, с. 18]. У гэтым плане мемуары не могуць быць заменены ні дакументамі афіцыйнага справаводства, ні ўласна гістарычнымі працамі, ні творамі мастацкай літаратуры.

Прыхільнікі дадзенага падыхода адстойваюць права мемуараў лічыцца паўнавартаснымі гістарычнымі крыніцамі. Так                            С.В. Жытомірская выступіла супраць звядзення ацэнкі мемуарных крыніц да такіх тэрмінаў, як “суб’ектыўныя”, “вузкакласавыя”, “аднабаковыя” і выкарыстання іх ў якасці сіноніма слова “недакладныя” [18, с. 140].

Асаблівую каштоўнасць мемуарныя крыніцы набываюць у сувязі з гуманізацыяй сусветнай гістарычнай навукі, якая (следам за французскай Школай Аналаў – першаадкрывальнікамі “гістарычнай антрапалогіі”) звярнулася да вывучэння чалавека мінулага з яго захапленнямі і перажываннямі [19, с. 62]. Асоба, яе сусвет, светаўспрыманне, суадносіны з грамадствам становяцца галоўным аб’ектам даследавання ў межах такіх навуковых накірункаў, як гісторыя ментальнасці, гісторыя паўсядзеннасці, мікрагісторыя, гендэрная гісторыя і інш. Каштоўнасць мемуараў як гістарычнай крыніцы для дадзеных даследаванняў заключаецца ў захаванні і перадачы імі тэарэтычнай і рэфлексіўнай інфармацыі (па класіфікацыі С.В. Бялкоўскага [9, с. 27 – 28]), г.зн. поглядаў, уяўленняў, ацэнак мемуарыста, звестак аб яго псіхічным стане, адносінах да навакольнага грамадства. Улічваючы дадзеныя факты, культурна-гістарычны падыход можна назваць антрапалагічным. Такі тэрмін найбольш ярка перадае сутнасць даследаванняў.

У межах пазначаных падыходаў прымяняюцца як агульныя, так і асобныя для кожнага з іх метады даследавання. Агульнымі з’яўляюцца метады крыніцазнаўчага аналіза, а менавіта вызначэнне: гістарычных умоваў узнікнення крыніцы; аўтарства; абставін стварэння крыніцы; гісторыі тэкста крыніцы, яе рукапісу, наступных спіскаў і рэдакцый; гісторыі публікацыі крыніцы; а таксама інтэрпрэтацыя крыніцы з мэтай устанавіць той сэнс, які ўкладваў у гэты твор аўтар [15, с. 47 – 52].

Для факталагічнага падыхода найбольш характэрным з’яўляецца метад сапастаўлення і ўзаемаправеркі звестак успамінаў з іншымі крыніцамі. М.Н. Чарнаморскі адзначаў, што для даследавання неабходна вызначыць і прыцягнуць усе наяўныя крыніцы, дзе маецца інфармацыя аб вывучаемых фактах і падзеях. Гэта могуць быць матэрыялы перыядычнага друку, дакументы, як апублікаваныя, так і архіўныя, успаміны іншых удзельнікаў падзей і інш. На думку аўтара, дадзены метад дазваляе ўстанавіць правільнасць апісання фактаў і падзей, паўнату іх асвячэння і ўплыў асобных суб’ектыўных фактараў на характар іх апісання [26, с. 8, 41].

Пры антрапалагічным падыходзе дадзены метад не мае такога важнага значэння. Пэўнае сапастаўленне інфармацыі праводзіцца для высвятлення абставін, якія вымусілі мемуарыста сказіць факты, але не з мэтай выпраўлення памылак, а для лепшага разумення яго асобы, уяўленняў, поглядаў і пачуццяў [18, с. 137]. Шэраг гісторыкаў мяркуе, што вывучэнне пэўных тэмаў магчыма толькі на аснове мемуарных крыніц. Прыкладам можа служыць даследаванне польскага гісторыка Д. Рольніка, у якім ен на падставе ўспамінаў вывучае партрэт шляхты часоў крызісу і ўпадку Рэчы Паспалітай. Аўтар адзначае перавагі мемуарных крыніц у параўнанні з дакументальнымі і эпісталярнымі адносна тэмы ўласнага даследавання і лічыць правядзенне сапастаўлення атрыманых вынікаў з іншымі крыніцамі прадметам асобнай працы [1, с. 39 – 40, 49].

У межах антрапалагічных даследаванняў мемуарных крыніц найбольш характэрным з’яўляецца сістэмны падыход. Даследчыца Л.А. Калеснікава, грунтуючыся на даследаваннях І.Д. Кавальчанкі [8, с. 115], вылучае некалькі аспектаў дадзенага падыхода: прагматычны, семантычны і сінтаксічны. Прагматычны аспект яна бачыць у вывучэнні адносін гісторыка да інфармацыі мемуарнага комплекса з пункту погляду яе навуковай каштоўнасці (у аксіялагічным плане). Семантычны – у вывучэнні зместа крыніцы, а менавіта фактаграфічнай, тэарэтычнай і рэфлексіўнай інфармацыі (падзел, прапанаваны С.В. Бялкоўскім). Сінтаксічны аспект – у вызначэнні структуры гістарычнай інфармацыі асобнай крыніцы [9, с. 26 – 29]. Згодна канцэпцыі І.Д. Кавальчанкі, мемуарныя крыніцы ўтрымліваюць выразную (свядома, непасрэдна зафіксаваную аўтарам) і схаваную (ненаўмысна ўключаную) інфармацыю [8, с. 119].

Прымяненне сістэмнага падыхода да мемуарных крыніц дазваляе падрыхтаваць крыніцу да матэматычнай апрацоўкі колькаснымі метадамі аналіза. Адным з метадаў, якія дазваляюць “матэматызаваць” змест апісальных тэкстаў, з’яўляецца кантэнт-аналіз. Яго мэта – на базе сістэматызацыі і ўпарадкавання тэкставага матэрыяла раскрыць змест крыніцы [9, с. 29, 31 – 36]. Вывучэнне мемуарных крыніц з дапамогай колькасных метадаў адрознівае антрапалагічны падыход ад факталагічнага.

У беларускай гістарыяграфіі адсутнічаюць працы, накіраваныя на вывучэнне калі не цэлага комплекса мемуараў, якія ўтрымліваюць звесткі па гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст., то хаця б асобных яго частак, маючых пэўнае тэматычнае адзінства. Асобныя працы, аўтары якіх хаця б нейкім чынам звяртаюцца да пазначаных мемуарных крыніц, можна падзяліць на некалькі катэгорый:

  1. Абагульняючыя даследаванні крыніц увогуле або менавіта мемуараў па гісторыі Беларусі, якія ахопліваюць большы за вывучаемы прамежак часу, але ўтрымліваюць і неабходныя звесткі. Гэта справаздача аб вывучэнні мемуараў і дзеннікаў канца ХVІІІ – ХХ стст., праведзеным даследчыкамі гістарычнага факультэта БДУ [20, с. 3 – 5], артыкулы А.М. Філатавай [23, с. 52 – 53], А. Лукашэвіча [10, с. 214], праца С.М. Ходзіна [25, с. 130 – 145], раздзел “Крыніцы” у Т. 4 энцыклапедыі “Гісторыя Беларусі” [4, с. 37 – 40]. У дадзеных працах вылучаюцца толькі самыя агульныя рысы мемуарных крыніц пазначанага перыяда, звяртаецца асноўная ўвага на адлюстраваныя ў іх факты, магчымасць іх выкарыстання пры вывучэнні сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага развіцця, культурнага і канфесійнага жыцця Беларусі.
  2. Даследаванні асобных крыніц розных перыядаў, у тым ліку і мемуараў, якія адрозніваюцца ад папярэдняй катэгорыі падрабязным асвячэннем іх зместа. Так у працы М.М. Улашчыка, выдадзенай на падставе яго рукапіснай спадчыны, можна сказаць, падрабязна заканспектаваны дзеннік падарожжа вучонага В. Севергіна, запіскі жандарма А. Ламачэўскага [22, с. 58 – 65]. Падобны падыход рэалізуецца ў даследаваннях А. Мальдзіса, які звяртае ўвагу на ўспаміны Н. Керсноўскага, Е. Сарокі [13, с. 137 – 138], Т. Корзана,        Л. Патоцкага, барона Сталя, Э. Фялінскай, запіскі падарожных барона фон Кампенгаузена, Ю. Нямцэвіча, Я. Маяркевіча, К. Контрыма [14, с. 180 – 191]. У артыкуле А.І. Чарняевай перадаецца змест мемуараў, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі Акадэміі Навук Беларусі. Сярод іх для вывучэння гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. важнае значэнне маюць успаміны Г. Дабрыніна, В. Севергіна, К. Контрыма,          І. Крашэўскага, Э. Паўловіча, У. Сыракомлі, І. Дамейкі, С. Шумскага [27, с. 125 – 129].

Дадзеныя працы прадстаўляюць значную каштоўнасць, так як пералічаныя мемуары ў 1960-я – 1970-я гг., калі праводзіліся даследаванні пазначанымі аўтарамі, з’яўляліся бібліяграфічнымі рэдкасцямі. Звяртаючыся да іх, аўтары тым самым уводзілі іх у навуковы зварот і садзейнічалі павышэнню інтарэса да мемуарных крыніц у навуковых колах. Больш сучасным, апублікаваным у 1999 г., з’яўляецца артыкул І. Запрудскага, у якім аўтар, вывучаючы “Літоўскія абразкі” А. Кіркора, найбольш падрабязна ахарактарызаваў змест і літаратурныя ўласцівасці “Першага абразка” [6, с. 11 – 13].

  1. Артыкулы (прадмовы) да перакладаў пэўных мемуараў, дзе асноўная ўвага надаецца характарыстыцы жыццевага шляху іх аўтараў, гісторыі стварэння, публікацыі, перавыдання і перакладаў твора і, у меншай ступені, ацэнцы іх каштоўнасці, часцей з пункту погляду інфарматыўнасці прадстаўленых у іх фактаў. Гэта прадмовы М. Хаўстовіча да пераклада ўспамінаў І. Яцкоўскага [24, с. 879],                А. Філатавай – да ўспамінаў Л. Патоцкага [17, с. 5 – 9], С. Кузняевай – да твора П. Шпілеўскага [29, с. 3 – 8], В. Макарэвіча – да мемуараў                 Т. Корзана [12, с. 110 – 112], А. Фядуты – да твораў Ф. Булгарына [3, с. 5 – 42], Т. Кляшчанок – да ўрыўкаў з успамінаў М.К. Агінскага [2, с. 81 – 90], К. Цвіркі – да мемуараў У. Сыракомлі [21, с. 5 – 10] і інш.
  2. Працы, у якіх мемуары служаць крыніцамі пры вывучэнні пэўных тэмаў. Прычым мемуары ў адных даследаваннях выкарыстоўваюцца разам з іншымі відамі крыніц, напрыклад у артыкуле С. Шыдлоўскага [30, с. 33 – 34] і інш. У іншых выпадках мемуары з’яўляюцца асноўнай крыніцавай базай даследавання, напрыклад, у артыкулах А.А. Кісялева [7, с. 205 – 206], В. Шведа [28, с. 22 – 23], М.В. Ярашук [31, с. 109 – 113; 32, с. 196] і інш.

Такім чынам, аналіз прыведзеных вышэй прац дазваляе меркаваць, што вядучым падыходам пры вывучэнні мемуарных крыніц па гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. з’яўляецца факталагічны. Погляды, думкі, пачуцці мемуарыстаў, так званая тэарэтычная і рэфлексіўная інфармацыя выкарыстоўваецца ў дадзеных даследаваннях у большай ступені для “ажыўлення” пэўных фактаў, але не становяцца асобным аб’ектам вывучэння. У апошні час у даследаваннях сталі прымяняцца і элементы іншага, антрапалагічнага або культурна-гістарычнага падыхода. Прыкладам можна служыць артыкул В. Макарэвіча, у якім на падставе мемуараў даследуецца полілінгвізм шляхты Беларусі у ХІХ ст. [11, с. 117] Аўтар звяртае ўвагу на мову, моўныя катэгорыі, якімі карыстаюцца мемуарысты і якія прадстаўляюць сабой ненаўмысна ўключаную інфармацыю. Дадзеныя звесткі даюць аб’ектыўную характарыстыку аўтара ўспамінаў, яго светаўспрымання і схільнасцей.

Прымяненне новага падыхода ў даследаванні мемуараў як крыніц па гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. сутыкаецца з шэрагам праблем. Шматлікая мемуарная літаратура, якая датычыцца пазначанага перыяда (намі былі вылучаны і даследаваны творы каля 320 аўтараў), прадстаўляе шырокае поле для выкарыстання колькасных метадаў аналіза, рэалізацыі сістэмнага падыхода. Праблема ж заключаецца ў складанасці доступа да дадзеных крыніц. Значная іх частка была апублікавана ў ХІХ ст. і не мела перавыданняў, таму з’яўляецца рэдкасцю. Творы на замежных мовах сканцэнтраваны ў бібліятэках іншых краін, напрыклад Польшчы, і толькі невялікая іх частка была перакладзена на беларускую або рускую мову, у асноўным успаміны, звязаныя з падзеямі 1812 г. У апошні час мемуарная літаратура стала больш даступнай дзякуючы рэсурсам Інтэрнэт, дзе дзейнічае аб’яднаная сетка польскіх лічбавых бібліятэк (Federacja Bibliotek Cyfrowуch), асобныя тэматычныя сайты, напрыклад, прысвечаныя вайне 1812 г., рускім мемуарам розных перыядаў, яўрэйскай літаратуры і інш. Праблему прадстаўляе таксама адсутнасць вопыту прымянення сістэмнага падыхода і метадаў колькаснага аналіза мемуарных крыніц у беларускай гістарыяграфіі. Яе магчыма вырашыць, выкарыстоўваючы распрацоўкі польскіх і расійскіх даследчыкаў адносна не толькі успамінаў, але і крыніц іншых відаў, і дастасоўваючы іх менавіта да аналіза мемуарных твораў, якія служаць крыніцай па гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст.

Ярашук М.В.

Развитие методологических исследований и подготовка кадров историков в Республике Беларусь, Российской Федерации и Республике Польша: сборник научных статей; под науч. ред. проф. А.Н. Нечухрина. – Гродно: ГрГУ, 2011. – 372 с.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Перыяд ХІХ – пачатку ХХ ст. характарызуецца своеасаблівай модай на мемуарную літаратуру. У гэты час была створана вялікая колькасць успамінаў, дзённікаў, нататак падарожнікаў. Гэта так званыя “крыніцы асабістага паходжання”. У цэнтры твораў мемуарнай літаратур...
Кажучы пра найноўшыя вынікі вывучэння гісторыі Першай сусветнай вайны, зазначым, што ўвага да яе ў Беларусі прысутнічае, хаця нейкім значным прарывам яе назваць нельга. На мяжы ХХ – ХХІ стст. з’явіліся рознага ўзроўню працы Бабкова А., Карнелюка В., Лапановіча...
На рубяжы ХVІІІ – ХІХ стст. назіраецца спроба перасэнсавання вопыту Французскай буржуазнай рэвалюцыі паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Вынікам стаў перагляд поглядаў на грамадства як на суму індывідаў, на магчымасць розуму да пераўтварэння свету. Гэта ста...