Категории

Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.) у адлюстраванні айчыннай гістарыяграфіі

3 минуты на чтение

Перыяд Вялікай Айчыннай вайны –  асобы перыяд у гісторыі Беларусі. З 22 чэрвеня 1941 г.  па 28 ліпеня 1944 г.  яе тэрыторыя з’яўлялася зонай германскай акупацыі,  якая мела для рэспублікі катастрафічныя наступствы.

Беларускі народ унёс значны ўклад у агульную перамогу над нацызмам. За мінулы час многае змянілася ў свеце. Але па-ранейшаму не слабее цікавасць да ўсяго таго, што звязана з летапісам мінулай вайны. Вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны было і застаецца адным з прыярытэтных напрамкаў айчыннай гістарычнай навукі.  У манаграфіях,  абагульняльных даследаваннях,  артыкулах у зборніках і часопісах,  энцыклапедычных выданнях,  успамінах непасрэдных удзельнікаў падзей; доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях з розных метадалагічных пазіцый раскрываюцца важнейшыя пытанні пачатковага перыяду,  партызанскай і падпольнай барацьбы, акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі,  вызвалення рэспублікі,  арганізацыі аднаўленчых мерапрыемстваў,  удзелу беларусаў на франтах вайны і ў еўрапейскім руху Супраціўлення.

У савецкі перыяд былі дасягнуты значныя поспехі ў арганізацыі навуковых даследаванняў,  падрыхтоўцы спецыялістаў,  праведзена значная праца па камплектаванні архіўных фондаў,  іх сістэматызацыі,  публікацыі дакументаў і матэрыялаў,  што спрыяла колькаснаму і якаснаму росту навуковых даследаванняў па праблемах гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.  Акцэнтацыя на асвятленне толькі поспехаў,  перамог, гераізму і подзвігаў і ігнараванне ці замоўчванне паражэнняў, няўдач, пралікаў і іх наступстваў аб’ектыўна перашкаджалі стварыць поўную,  гістарычна дакладную карціну складаных працэсаў,  якія адбываліся ў Беларусі ў гады вайны.  Разам з тым айчыннымі гісторыкамі падрыхтаваны працы,  якія да сённяшняга дня не страцілі сваёй навуковай каштоўнасці.

Асаблівасцю постсавецкага перыяду стала з’яўленне побач з традыцыйнымі тэмамі новых накірункаў даследаванняў (пралікі ў ходзе падрыхтоўкі да вайны,  трагічны лёс савецкіх салдат,  якія апынуліся ў акружэнні і палоне,  дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Арміі Краёвай і антысавецкага падполля,  ідэалагічнае супрацьстаянне на акупіраванай тэрыторыі,  роля каталіцкай і праваслаўнай цэркваў,  прымусовая праца грамадзян Беларусі,  палітыка нацысцкага генацыду ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва,  страты ў Чырвонай Арміі і сярод мірнага насельніцтва пры правядзенні ваенных аперацый і інш). У гістарыяграфіі 1990-х – пачатку 2000-х гг.  знайшлі адлюстраванне не толькі пафас перамог, але і трагізм паражэнняў.

Аднак,  нягледзячы на вялікую ўвагу беларускіх гісторыкаў да ваеннай  гісторыі,  вывучаліся толькі асобныя пытанні гістарыяграфіі.  У айчыннай гістарычнай літаратуры адсутнічае спецыяльнае комплекснае даследаванне, прысвечанае гістарыяграфіі гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.  Таму распрацоўка праблемы,  заяўленай у якасці тэмы дысертацыі, дазволіць у значнай ступені запоўніць існуючыя прабелы і будзе садзейнічаць далейшаму паглыбленню,  сістэматызацыі навуковай інфармацыі пра мінулую вайну.  Вывучэнне гістарыяграфіі названай праблемы ўяўляе асаблівую даследчую цікавасць ва ўмовах таго,  што адбылося вылучэнне,  афармленне і развіццё ўласнай беларускай гістарыяграфіі,  пераацэнка і выпрацоўка новых крытэрыяў інтэрпрэтацыі падзей мінулай вайны, пераасэнсаванне цэлага шэрагу метадалагічных, гістарычных і тэрміналагічных аспектаў тэмы. Без крытычнага асэнсавання назапашанага даследчага вопыту немагчыма ўсвядоміць і спецыфіку сучаснага становішча гістарычнай навукі,  яе сацыяльнай, інтэлектуальнай і духоўнай функцый у грамадстве.

У адрозненне ад папярэдніх прац беларускай і замежнай гістарычнай навукі,  прысвечаных гістарыяграфіі гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны,  у дысертацыі ў цэласным выглядзе разгледжаны працэс навуковага вывучэння гісторыі рэспублікі 1941–1945 гг.,  вызначаны і ахарактарызаваны асноўныя перыяды і этапы гістарыяграфіі заяўленай праблемы,  выяўлены заканамернасці і асаблівасці фарміравання і развіцця навукова-даследчых прац па тэме пачынаючы з 1941 г. Упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы ў гістарыяграфічным плане прааналізаваны напрацоўкі даследчыкаў па праблеме пачатковага перыяду вайны, эвакуацыйных працэсаў у Беларусі ў 1941 г., партызанскай і падпольнай тэматыцы,  разнастайных аспектах акупацыйнага рэжыму,  паказаны ўклад айчынных гісторыкаў у вывучэнне пытанняў удзелу ураджэнцаў Беларусі на франтах вайны і ў еўрапейскім руху Супраціўлення,  завяршальнага этапу Вялікай Айчыннай вайны і аднаўлення народнай гаспадаркі на тэрыторыі рэспублікі.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Вялікая Айчынная вайна савецкага народа 1941 – 1945 гадоў, уключаючы беларускі народ, была вызваленчай барацьбой супраць фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і саўдзельнікаў. Яна складае арганічную і самую гераічную старонку Другой сусветнай вайны, якая пачалася 1...
22 чэрвеня 1941 года Германія, парушыўшы пакт аб ненападзенні, без аб'яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. На беларускім участку заходняй дзяржаўнай мяжы СССР нямецкае камандаванне сканцэнтравала супраць савецкіх войскаў самую магутную групоўку войскаў - ...
Праблема ваеннага і цывільнага асадніцтва ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца нераспрацаванай. Прычына гэтага факту заключаецца ў адсуднасці метадалагічнага падыходу, з дапамогай якога магчыма усебакова раскрыць данную праблему. Першапачаткова непаўнацэннай ра...