Категории

Формы вітання і развітання на тэрыторыі Беларуска-польскага памежжа:лінгвакультуралагічны аспект

6 минут на чтение

Зносіны чалавека — важны і складаны працэс, які вывучаецца рознымі навукоўцамі ўжо не адно стагоддзе. Аднак не ўсе аспекты названай праблемы даследаваны, а некаторыя, хоць і вывучаліся, усё роўна застаюцца спрэчнымі і не атрымалі адназначнага тлумачэння. Такое становішча ў пэўнай ступені назіраецца і з праблемай маўленчага этыкету як раздзела камунікацыйнай лінгвістыкі.

Вывучэнне слоўнага этыкету ў беларускай лінгвістыцы пабудавана ў асноўным на апісанні. Што да раскрыцця ўнутранай спецыфікі слоўнага этыкету беларусаў, то такіх асобных публікацый пакуль што няма.

Асноўная функцыя маўленчага этыкету — устанавіць кантакт паміж суразмоўцамі, аднак адрасат і адрасант могуць быць з розных рэгіёнаў адной краіны і павінны зразумець адзін аднаго. Таму прынята лічыць, што слоўны этыкет з’яўляецца ўнармаваным і традыцыйным. Аднак, пры ўсёй сваёй устойлівасці, усё ж у розных рэгіёнах Беларусі назіраецца неаднолькавае выкарыстанне тых ці іншых слоўных этыкетных выразаў або ўвогуле адсутнасць некаторых з іх.

Як вядома, традыцыйны беларускі маўленчы этыкет ніколі не меў адрозненняў у залежнасці ад сацыяльнага становішча суразмоўцаў. Таму ў беларусаў не было адрозных моўных адзінак для падтрымання або разрыву кантакту з асобай, вышэйшай ці ніжэйшай па сацыяльным становішчы, што падкрэслівала пэўную роўнасць паміж усімі грамадзянамі і дэмакратычнасць адносін. Падобнае становішча можна назіраць і ў сучасным вясковым асяроддзі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, што пацвярджаецца нашымі дадзенымі, атрыманымі ў выніку праведзенага апытання жыхароў беларускіх вёсак. Аднак, як адзначаюць самі грамадзяне, адрозненне ў залежнасці ад сацыяльнага становішча суразмоўцаў пачалося з прыходам Савецкай улады ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі і польскага ўплыву ў заходніх абласцях.

Як ужо адзначалася вышэй, беларускія этыкетныя формы аднолькава распаўсюджаныя па ўсёй тэрыторыі краіны, што абумоўлена кантактаўстанаўляльнай функцыяй, а таксама адносна невялікай тэрыторыяй Беларусі, аднак ёсць некаторыя асаблівасці пры ўплыве з боку польскай мовы.

Семантычная группа вітанняў з’яўляецца самай разнастайнай і прэзентавана самай вялікай колькасцю адзінак. Тлумачыцца такая з’ява наяўнасцю розных вітальных выразаў у дачыненні да часу (раніца, дзень, вечар, ноч) і месца, дзе людзі вітаюцца (лес, бераг ракі, хата і г. д.), што, несумненна, паказвае на адмысловасць слоўнага этыкету беларусаў.

Вітанні раніцай. Гэтая падгрупа прэзентаваная адзінкамі добрай(-ае) раніцы, добрага ранку, дабранак. Раніцай людзі на вёсках звычайна займаліся хатнімі справамі, не выходзілі на вуліцу і стараліся не сустракаць адзін аднаго. Звязана такая традыцыя з тым, што ў добрага гаспадара павінна быць шмат работы, таму чым даўжэй ён з ёю ўпраўляецца, тым лепшы і стараннейшы ён гаспадар. Нават у госці ніколі не хадзілі адзін да аднаго зраніцы, выключэннем былі толькі «нядобрыя госці», хто прыносіў розныя

Вітанні днём прэзентаваныя формамі добры дзень (дзянёк), дабрыдзень і дзянь добры (пад уплывам польскай мовы). Такія адзінкі распаўсюджаныя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца найбольш ужывальнымі, аднак выкарыстоўваюцца з некаторымі факультатыўнымі элементамі. Напрыклад, пры вітанні ўдзень, калі трэба зайсці у хату, гаворыцца добры дзень у хату, што азначае павагу як да саміх жыхароў будынка, так і да самой хаты.

Цікавай для аналізу з’яўляецца форма добры дзень вам у параўнанні з добрага дня вам. Пры займенніку вам павінны быць формы прыметніка і назоўніка ў родным склоне: вам <жадаю> (чаго?) добрага дня. Аднак, назіраецца аб’яднанне назоўніка і прыметніка ў адну намінацыю, што, на нашую думку, абумовіла таксама і з’яўленне формы дабрыдзень.

Вельмі часта пры вітанні днём ужываюцца і формы звароту і прыцягнення ўвагі: напрыклад, добры дзень, мама; добры дзень, спадар. Нават, у некаторых выпадках, вітальныя формы могуць ужывацца ў значэнні звароту да незнаёмага чалавека: Добры дзень! Падкажыце, калі ласка...

Вітанні ўвечары прадстаўлены адзінкаю добры вечар (вечарок). Гэтая форма з’яўляецца універсальнаю па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ужываецца, як і дзённыя формы вітання, з дадатковымі элементамі і, часам, утварае адну намінацыю пры ўжыванні з займеннікам вам.

Вітанні ноччу прадстаўлены па ўсёй тэрыторыі Беларусі таксама адной адзінкаю, добрай ночы (ночкі) што абумоўлена самой спецыфікай пары сутак: людзі звычайна ў гэты час спяць. На Магілёўшчыне сустрэлася ў адзінкавым ужыванні (Хоцімскі раён) форма светлай ночкі, якая выкарыстоўвалася пры вітанні з пастухамі, што пасвілі кароў уначы.

Вітанні ў любы час падзяляліся на універсальныя, залежныя ад полу камунікантаў і залежныя ад месца ўтварэння камунікацыі.

Да ўніверсальных належаць: вітаю, прывітанне, здрастуйце, добрага здаровейка, вітам, чэсць, чэсць і павага (апошнія тры формы пад уплывам польскай мовы).

Да вітанняў у любы час, залежных ад месца камунікацыі, належаць наступныя формы (яны ўжываюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі):

  • памагай бог (вітанне ў час працы па гаспадарцы);
  • спор у працы (вітанне ў час працы па гаспадарцы);
  • плён у працы (вітанне ў час працы, звязанай з разумовай дзейнасцю);
  • смачна пад’есці (з’есці) (вітанне ў хаце з боку госця, калі ўсе ядуць);

У паўночна-ўсходніх гаворках (Віцебская вобласць) пры вітанні з боку госця, калі ўсе за сталом, ужываецца форма хлеб ды соль.

У паўднёва-заходнім дыялекце (Брэсцкая вобласць) сустрэліся дастаткова цікавыя формы вітанняў-пажаданняў:

  • грыбна вам (вітанне ў лесе ў час збору грыбоў);
  • рыбна вам (вітанне на беразе ракі ў час лоўлі рыбы);
  • сытна вам (вітанне ў хаце з боку госця, калі ўсе ядуць);
  • гульна вам (вітанне ў любым месцы ў час свята).

У час, калі ўсе за сталом, госць вітаецца, звычайна, смачнога (пад уплывам польскай мовы) або смачнага (пад уплывам украінскай мовы).

Дастаткова часта ў жыхароў, што спавядаюць рымска-каталіцкую веру, пры ўваходзе гавораць пахвалёны ў хату, што, на нашую думку, з’яўляецца кантамінацыяй скарочанай формы вітання ў палякаў Niech będze pochwalony Jezus Chrystus  і формы вітання ў беларусаў добры дзень (вечар) у хату.

Такім чынам, аналіз формаў групы вітання паказаў, што дадзеныя адзінкі дастаткова шырока прэзентуюць маўленчы этыкет у сістэме вуснага маўлення беларусаў, ствараюць шырокія магчымасці для выбару той ці іншай формы ў залежнасці ад часавай, полавай або лакальнай прыкметы.

Развітанне. Дадзеная семантычная група слоўнага этыкету беларусаў прэзентавана 12 адзінкамі, што дастаткова шырока адлюстроўваюць гасціннасць народа.

Як вядома, развітанні па сваім характары падзяляюцца на 2 катэгорыі: развітанні на кароткі час і развітанні назаўсёды. У слоўным этыкеце беларусаў пашыранымі з’яўляюцца развітанні на кароткі час, бо заўсёды гаспадар жадаў бачыць добрага госця не аднойчы ў сваёй хаце. Формамі да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, чакацьмець выражалася спадзяванне на хуткую сустрэчу ў часе. У адказ госць павінен быў адказаць шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя або дастаткова шырока сярод насельніцтва, што спавядаюць рымска-каталіцкую веру, ужываецца форма пахвалёны ў хату, што адначасова выкарыстоўваецца і ў якасці прывітальнай формы.

Калі госць у хаце здалёк, яму трэба было збірацца ў дарогу, то разам з іншымі пажаданнямі гаспадар павінен быў пажадаць шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі, што выражала не толькі ўвагу да госця ў час, калі ён знаходзіцца ў хаце, аднак і ў той момант, калі ён пакінуў яе.

Разам з разнастайнымі развітальнымі адзінкамі існуюць толькі дзве формы, што выражаюць развітанне назаўсёды. Гэта распаўсюджаная адзінка бывай (-це) і мала вядомая, але дастатковая цікавая прасці (-це), што была зафіксаваная ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Дадзеная форма, на нашую думку, ёсць скарачэнне гасціннага выслоўя прасці (прабач), калі што (якое) не так. Вялікай абразай для гаспадара з’яўляўся выезд госця з хаты са злобай або нядобрымі думкамі пра яго сям’ю. Таму і засталася такая форма, што разам з развітальнай функцыяй выражае і просьбу прабачэння.

 

Як паказана вышэй, беларусы на сённяшні дзень маюць дастаткова разнастайную ў колькасных адносінах этыкетную маўленчую сістэму. Адныя формы з’яўляюцца агульнымі для ўсіх славянскіх моў, другія — унікальныя, выражаць спецыфічную адмысловасць вербальных формаў зносін нашага народа, а пэўныя формы ўжываюцца на памежных рэгіёнах і з’яўляюцца спецыфічнымі толькі ў іх. Важна памятаць адно: формы, што бытуюць у вуснай практыцы вясковага насельніцтва, дастаткова шырока ўжываюцца ў мастацкай літаратуры, амаль ніяк не апісаныя ў літаратурнай мове, таму і мала ўжываюцца, напрыклад, у гарадах Беларусі. І той слоўны этыкет, што з’яўляецца для нас звычайным, у замежных людзей выклікае вялікае здзіўленне пры знаёмстве з вербальнымі сродкамі зносін беларусаў. Ніводная еўрапейская мова не мае такой разгалінаванай сістэмы слоўнага этыкету, якую захавала беларуская мова і, у некаторай ступені, дзякуючы гэтай сістэме, наш народ і па сённяшні дзень лічыцца самым гасцінным і адкрытым.

Томчык Д.С.  по материалам: "Шлях да ўзаемнасці 2012"

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Пра распаўсюджанасць кавальства сведчаць дадзеныя тапанімікі. Увогуле на Беларусі каля паўсотні мясцовасцяў маюць корань каваль-каваць. На Гродзеншчыне 17 населеных пунктаў маюць назвы  Кавалёўшчына, Кавалёўка, Кавалі, Кавалікі, Кавалічы, Каварыкі. З іх Кавалі...
Праблема ваеннага і цывільнага асадніцтва ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца нераспрацаванай. Прычына гэтага факту заключаецца ў адсуднасці метадалагічнага падыходу, з дапамогай якога магчыма усебакова раскрыць данную праблему. Першапачаткова непаўнацэннай ра...
Пашырэнне мадэрнізацыйных працэсаў у 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. абумовіла карэнныя змены ў грамадстве беларуска-літоўскіх губерняў Расійскай імперыі. Пад іх уплывам адбываліся прынцыповыя змены ў асновах сацыяльнай стратыфікацыі грамадства. Нягледзячы на ўр...