У кожнай вялікай справе ёсць тыя, хто узняты на самую вяршыню, чые імёны вядомыя. Бо гэта імёны правадыроў, кіраўнікоў, ідэйных натхняльнікаў. Але для здзяйснення вялікіх спраў неабходны і безліч іншых працаўнікоў, хто не выступаў у першых шэрагах, а старанна і аддана рабіў сваю справу. У нашым вялікім Адраджэнні, грамадска-палітычным, нацыянальным, культурным, літаратурным, пачатку ХХ стагоддзя такое месца, на першы погляд непрыкметнае, належыць Зосьцы Верас. Яе можна назваць праўдзівай Пчолкай беларускага Адраджэння, руплівасцю і шчырасцю якое рабіліся многія справы. Асабліва многа рабіла для дзяцей: арганізавала ў прыфрантавым Менску прытулак для дзяцей-сіротаў, якім пастаянна апекавалася, школку, летні адпачынак у знакамітай Карпілаўцы – маёнтку Антона Іванавіча Лявіцкага. Пазней, ужо ў Вільні, выдавала часопісы для дзяцей «Заранка» (1927–1931), «Пралескі» (1934–1935), вельмі многа зрабіла для Гудзеўскага комплексу музеяў, адзін з якіх – музей народнай медыцыны імя Зоські Верас.
Яна шмат пісала пра іншых, бо была знаёма з многімі цікавымі асобамі нашаніўскай пары: Максімам Багдановічам, Ядвігіным Ш., Гальяшом Леўчыкам. Дапамагала ў выданні твораў беларускіх аўтараў, спрычынілася да з’яўлення зборніка вершаў зняволенага заходнебеларускага паэта Міхася Машары «Малюнкі», рукапіс якога вынесла з турмы. А сама не выдала ні адной сваёй мастацкай кнігі. Хоць друкавацца пачала яшчэ ў нашаніўскі час. Жыла ў Вільні, у лясной хатцы, захоўваючы памяць пра тыя вялікія падзеі і знакамітых людзей. Заставалася апошняй нашаніўкай або «апошняй з магіканаў», як, па сведчанні А.М. Пяткевіча, з гонарам і адначасна з гумарам называла сябе.
На Беларусі стала вядомай пасля з’яўлення ў друку яе ўспамінаў пра Максіма Багдановіча «Пяць месяцаў у Мінску: З жыцця Максіма Багдановіча» ў газеце «Літаратура і мастацтва» за 29 верасня 1967 года. А да таго часу роўна 29 гадоў (з 1938) – ні адной публікацыі. І толькі ў 1985 годзе, калі пісьменніца мела ўжо 87 гадоў, выйшла яе кніжка «Каласкі».
Адзін з шматлікіх псеўданімаў Людвікі Сівіцкай – Шара пташка. Надзвычай сціпла і дакладна вызначыла пісьменніца сутнасць таго, чаму аддавалася ўсёй душой. Яна была мала прыкметнай між кагорты вялікіх, між класікаў, але рабіла такую працу, якая заўсёды была патрэбнай, якую іншыя зрабіць не мелі магчымасці. Яна клапацілася пра дзяцей. У гэтым плане заступіла месца Алаізы Пашкевіч, Цёткі маленькага беларуса-сірацінкі. І адзіная мастацкая кніга Зоські Верас «Каласкі» таксама прысвечана дзецям.
У кнігу ўвайшлі вершы і празаічныя творы, напісаныя ў розныя часы: на пачатку ХХ стагоддзя, у 20-ыя і 30-ыя гады.
Вершы, што склалі першы раздзел «Чароўны край» – гэта не проста пейзажныя замалёўкі, якія раскрываюць перад юнымі чытачамі свет прыроды. У іх знаходзяць водгук лёсавызначальныя праблемы беларускай нацыі, што яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя былі ўвасобленыя ў яркіх, аптымістычных выявах-вобразах. Да прыкладу, у зачынным вершы «Сонейка грэе» заключная страфа:
І прыйшоў вось час жаданы:
Рады мы вясну сустрэць,
Просім сонца край каханы
Абудзіць і абагрэць [21, с. 7]
пераклікаецца з назвай аднаго з самых вядомых выдавецтваў, што было заснавана ў Пецярбурзе Браніславам Эпімах-Шыпілам і Вацлавам Іваноўскім, – «Загляне сонца і ў наша ваконца», у якой увасоблена жыццесцвярджальная ідэя паўстання Беларусі з нябыту.
Адзін з лепшых у мастацкім плане вершаў Зоські Верас «Я не баюся» выходзіць за рамкі дзіцячай літаратуры. Можа быць узорам выхавання чалавечай, грамадзянскай пазіцыі для тых, хто стаіць на парозе сваёй будучыні, бо ў ім узнята праблема бездухоўнасці, бязмэтнага існавання, што, як сцвярджае аўтарка, горай за смерць фізічную. Твор, што быў напісаны зусім юнай паэткай, відавочна змяшчаў яе ўяўленне пра жыццёвыя ідэалы:
Але ж баюся я ўтраты веры,
траты энергіі баюся без меры,
баюся жыці без ідэалу,
бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала…
Больш чым цялеснай баюся смерці –
душой умерці… [21, с. 9]
Верш, які даў назву раздзелу, «Чароўны край» уяўляе сабой паэтычную экскурсію, у якой перад дзіцячымі вачыма раскрываецца свет красы і вялікага багацця. На першы погляд – гэта звычайныя рэчы, але як замілавана апавядаецца пра іх, колькі ўсяго можна ўбачыць уважлівым, зацікаўленым позіркам. І сапраўды – чароўны край. Бо экскурсаводам у адной асобе добрая матуля і адначасна настаўніца, педагог, што вядзе дзіцятка ў незвычайны свет. Адкрыццю незвычайнага ў прыродзе спрыяе шчырасць, даверлівасць інтанацыі, пяшчотны зварот – «сыночку маленькі». Узнікае матыў вяртання ў страчаны рай, дзе існуе гармонія чалавечага і прыроднага:
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Цябе павяду я ў нязведаны край,
Мы пойдзем вузенькай мяжою ўдваіх;
Так мякка, нат крокаў не чуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча… аж рай! [21, с. 12]
У пачатку верша пераважаюць вобразы пачуццёвага, эмацыянальнага плану, якія настройваюць дзіцячую душу, рыхтуюць да ўспрымання разнастайнага, багатага свету.
Сама «экскурсавод» шчыра захопленая гэтай красой. І гэта ёсць умовай працы з дзецьмі – не быць абыякавай, любіць тое, што любіць заклікаеш. Краса прыроды, на першы погляд, няяркае, звычайнае ў ёй, раскрываецца перад пільным зрокам дзіцяці ў разнастайных праявах, паўстае як казка. Кожны новы вершаваны радок – новая зрокавая карціна, што змяняюць адна другую, рухомыя, напоўненыя розным рытмам, розным настроем. Шматстайнасць, багацце жыцця не можа не ўразіць маленькую даверлівую душу:
Па чыстай, празрыстай азёрнай вадзе
Лілея свае карагоды вядзе…
Камарыкі роем лявоніху скачуць…
Ля берага вербы хістаюцца, плачуць… [21, с. 13]
А напрыканцы верша, у адпаведнасці з педагагічнымі, выхаваўчымі мэтамі аўтарка прапануе пытанне-заданне: «Чаго яны плачуць? Ты сэрцам згадай», каб пачуць водгук маленькага сыночка, ягонае разуменне, адчуванне, каб уключыць яго ў дыялог, у размову пра вечнае. А галоўнае тут – уведаць, ці закранула «экскурсія» дзіцячае сэрца.
У наступным раздзеле кнігі «Поры года» змешчаны празаічныя творы Зоські Верас. Але, як слушна заўважыў А.М. Пяткевіч, «яе вершы і проза складаюць у кніжцы адзінае цэлае, бо празаічныя творы – замалёўкі-імпрэсіі, псіхалагічныя эцюды, паэтычныя мініяцюры – скрозь эмацыянальныя, напоўненыя рэфлексіяй, перадаюць споведзь мудрай натуры, якая прагне дабра» [22, с. 2].
Адкрывае раздзел апавяданне «Калядамі» – твор з цікавай кампазіцыяй, калі ў сюжэтную канву ўплецена казка пра Мароза, якая ўкладзена ў вусны апавядальніцы бабулі. Казка вельмі паэтычная, з паўторамі, рыфмаванай мовай, рытмізаваная. У пачатку яе – знаёмства з героем, ягоны партрэт, у якім асноўная прыкмета, што вызначае назву: «У белы кажух апрануты, у белыя боты абуты, у белай шапцы, з вялізарнай барадой, таксама белай, ходзіць сабе Мароз па нашай зямлі і здалёк свеціць сваім вялізным чырвоным носам. Дзеля гэтага і назвалі яго: Мароз – чырвоны нос» [21, с. 14]. А далей – пра забавы, якія насамрэч ёсць няпростай працай, гэта заняткі героя, яго «творчая» дзейнасць. Мароз паводзіць сябе як гаспадар прастораў: «Ходзіць сабе па палях і лясах, па вёсках і гарадах і ўсюды па-свойму забаўляецца. Ідзе праз поле, як дзьмухне – снег пылам падымаецца. Ідзе праз лес, як пачне дубцом па дрэвах біць – дрэвы трашчаць, калыхаюцца…» [21, с. 14].
Аповед нечакана абрываецца, бо часам свет навокал бывае цікавейшым за казку. Слухачоў прываблівае незвычайнае здарэнне: хлопчык прыносіць у хату з марозу малую пташку – «пекненькага, рабенькага шчыгліка». Дзівосны свет казкі жыве побач, часам ягоным «героям» патрабуецца дапамога, як гэтай пташцы. Пісьменніца павучае ненавязліва, пра што пісаў Уладзімір Ягоўдзік, рэцэнзуючы «Каласкі»: «Зоська Верас валодае бліскучым талентам педагога, настаўніка, яна вельмі тонка разумее дзіцячую душу, яе памкненні і жаданні. Пісьменніца не назаляе сумнымі павучаннямі сваім юным героям, яна гаворыць з імі як роўная з роўнымі» [23, с. 222].
У гэтым апавяданні звесткі пра карысць, якую прыносяць птушкі, аўтарка ўкладвае ў вусны старэйшага хлопчыка, гімназіста Ёзіка. З пэўнай доляй смутку параўноўваюцца адносіны да свету прыроды ў іншых краях і ў нас, на Беларусі: «У другіх краях, дзе людзі святлейшыя, там і птушкам лепей жывецца. Там кожны гаспадар дбае аб сваёй прыяцельніцы-птушцы і памагае пракарміцца ў цяжкую для яе зімовую пару» [21, с. 14]. Прычына гэтага: людзі – «святлейшыя», адукаваныя. Зоська Верас, як і ўсе нашыя адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя, стаяла на пазіцыях культурна-асветніцкіх, разумеючы, як многа можна зрабіць праз адукацыю, выхаванне.
У раздзеле змешчана некалькі казкаў, якія таксама адрозніваюцца жанрава-стылёвай разнастайнасцю. Гэта абразок «Чараўніца», якому характэрна ліра-эпічная непаспешлівасць, што ствараецца праз працяглую інтанацыю, якой спрыяе паэтычная інверсія, паралельныя сінтаксічныя канструкцыі, расквечаная эпітэтамі, метафарамі мова: «З далёкай Поўначы, з краю вечнага снегу і лёду, парай белых касматых мядзведзяў, спавітая ў белыя пуховыя тканіны, прыехала да нас Чараўніца. Зачаравала воды нашай мілай зямелькі, і зрабіліся яны камянямі празрыстымі. Зачаравала лясы нашы, і заснулі яны сном глыбокім» [21, с. 40].
Інакш гучаць казкі «Жаваранак», «Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны», у якіх фантастычны казкавы элемент перамяжаецца з рэалістычнымі карцінамі, што апавядаюць пра нялёгкую долю хлебароба. У казцы «Жаваранак» алюзія на біблейскі сюжэт укладзена ў вусны Вясны, якая з спагадай назірае за працай у полі, дзе зямелька камяністая, пясчаная, неўрадлівая: «Такая ўжо доля людская, каб у поце свой хлеб здабывалі» [21, с. 24]. Ды чалавеку неабходны не толькі хлеб штодзённы, каб наталіць патрэбы цела, але і спажытак для душы – краса ў яе разнастайных праявах. Таму і стварае чараўніца Вясна жаўранка – шэрую пташку з шэрай грудкі зямлі. Узнікае эфект прысутнасці пры тварэнні цуду, які таксама нагадвае біблейскі сюжэт пра стварэнне чалавека: «Затрапятала ў руцэ Вясны, зашчабятала і аж у неба высока ўзнялася шэранькая птушачка – жаваранак… Галасок зычны, як сярэбраны званочак, паліўся на сумную зямлю» [21, с. 25]. Жаваранак песняй сваёй абуджае змарнелую душу працаўніка, дапамагае пераадолець стому, сум, шэрую аднастайнасць ранняй вясны: «А хлебароб падняў галаву, усміхнуўся і з новай сілай, з большай ахвотай пачаў араць свой вузенькі загон» [21, с. 25].
«Поры года» – раздзел, у якім адлюстраваны адметныя праявы беларускай прыроды ў кожную пару, працоўныя справы, што робяцца весела, з радасцю (збор яблыкаў, грыбоў), бо праца робіцца супольна, за справу бяруцца дружным гуртам і плён яе відавочны: ствараюцца запасы на доўгую зіму. Гэта апавяданні «У грыбы», «Вясёлая работа». Творы насычаныя дыялогамі, што перадаюць усхваляваны, радасны настрой маленькіх герояў:
–Кошыкі, кошыкі! Малыя, вялікія! Які хто хоча? – выкрыкваў малы Вінцук.
–Мне дай меншы!
–А мне той круглы!
–Мне з вечкам!
–А гэты, большы, каму будзе? [21, с. 28]
Іншым кампазіцыйным ладам, інтанацыйным малюнкам вызначаюцца творы пазнавальнага, павучальнага зместу: «Амяла», «Для нашых прыяцеляў», якія маюць форму артыкулаў і былі напісаны для часопіса «Пралеска». Зоська Верас не толькі знаёміць дзяцей з асаблівасцямі расліны амяла, яе выглядам, звычкамі, але і расказвае пра стаўленне да яе ў нас і ў іншых краінах, цяпер і ў далёкія часы: «У старажытнасці народ галаў лічыў амялу святой раслінай, асабліва калі яна расла на дубе. Пад гэтакім дубам, на пачатку кожнага года, складаліся прынашэнні. Два чалавекі ў белых вопратках узлазілі на дрэва і, зрэзаўшы амялу залатым сярпом, падавалі яго двум іншым, якія складалі куст на белае палатно» [21, с. 34]. Такі аповед не толькі ўзбагачаў веды юных чытачоў, але і абуджаў фантазію.
Пра дзіцячую дапамогу птушкам расказвае пісьменніцца ў апавяданні «Птушыная ёлка».
Матыў сіроцтва, характэрны тагачаснай беларускай літаратуры, таксама прагучаў у гэтай кнізе. У вершы «Песня сіраты» і асабліва кранальна – у апавяданні «Рыбкі», дзе пададзена трагічная гісторыя маленькага сіраціны Яся. Аўтарка скарыстала традыцыйныя фальклорныя вобразы, калі мачыха ўвасабляе сабою зло, матуля – дабрыню і пяшчоту. Да яе ідзе хлопчык, якога мачыха выганяе ноччу ў адной кашульцы, бо верыць, што «маці там, дзе месячык у гары, пад месячыкам, пад зоркамі, высока…» [21, с. 41]. Воблік маці паўстае ва ўяўленні страціны ў яснай далечы, на другім беразе глыбокага возера.
Твор надзвычай паэтычны. Суладдзе, гармонія летняй ночы падкрэсліваюць адзіноту, трывогу ў дзіцячай душы, якая так прагне дабрыні. Таму і ідзе хлопчык, шукаючы ласкі, на прывідны покліч маці: «І выцягнуў Ясенька ручкі маленькія, выцягнуў: да матулі йшоў ракою, вадою глыбокаю… Матуля!... І раскрылася вада глыбокая, і ўхапіла Яся, нядобрая; а лілея белая, што на вадзе расла, як бы ад ветру страсанулася. Лілея белая па Ясю плакала… Адна…» [21, с. 41]. Тут відавочна, скарыстана паэтыка народных песняў, рытмічны лад мовы, а няшчасны лёс сіраты падсвечваецца вобразам-сімвалам: вада – бяда.
Выразна адчувальны ўплыў на змест многіх твораў Зоські Верас яе папярэдніцы Алаізы Пашкевіч. Так, апавяданне «У каго прыгажэй» успрымаецца як рэалізаваная мара Цёткі, што выказана ёю ў артыкуле «Да дзяўчатак», які быў змешчаны ў часопісе «Лучынка».
Раздзел «Поры года» заканчваецца апавяданнем «Добрае сэрца», у якім аўтарка вучыць дабрыні, спагадзе да тых, каму цяжка, адзінока. Асабліва няпроста пераносяць адзіноту дзеці, як тое сталася з гераіняй твора Стэпкай, што з-за хваробы мусіла ляжаць у ложку ў беднай хаціне, куды ніхто не заглядваў. Аўтар прадмовы да кнігі «Каласкі» Ніл Гілевіч гэтак вызначыў галоўнае ў празаічных творах Зоські Верас: «Апавяданні прысвечаны пераважна школьна-выхаваўчай тэме, яны вучаць любові да працы і прыроды, да дрэў і кветак, да звяркоў і птушак, да ўсяго жывога на зямлі… Ідэйна-маральны змест… вытрыманы ў духу традыцый выдатных айчынных педагогаў мінулага» [24, с. 6].
Заключны раздзел кнігі «Настроі» – гэта лірычныя мініяцюры, імпрэсіі, у якіх свет з ягонымі разнастайнымі праявамі прапушчаны праз успрыняцце лірычнай гераіні. «Настроі», як адзначае Уладзімір Ягоўдзік, «розняцца паміж сабой не толькі жыццёвым матэрыялам, але жанравай разнастайнасцю. Тут ёсць і адкрыты лірычны маналог, і экспрэсіўная пейзажная замалёўка, і глыбока-змястоўная казка» [23, с. 222].
Большасць гэтых твораў былі напісаны ў трывожныя гады (1915–1918), калі ішла вайна, калі даводзілася жыць у няпростых варунках прыфрантавога горада, клапоцячыся пра лёс дзяцей-сіротаў. Відавочна, была неадольная патрэба душы сысці ў свет мрояў, лятункаў, каб адпачыць ад змрочнай штодзённасці, ад клопатаў і стратаў. І адначасна – асэнсаваць тое, што адбываецца навокал праз лірычны сюжэт, дзе толькі штрыхі-адбіткі падзеяў. Да прыкладу, абразок «Плылі хмары» малюе бесперапынны рух у небе, за якім можна ўгледзець натоўпы гнаных вайной бежанцаў ці бясконцую плынь, якая і ёсць самым жыццём, дзе паяднаны малое і вялікае, святло і цемра, а ўсё гэта падпарадкавана невядомай, нябачнай сіле-рухавіку: «Плылі па небе хмары. Хмары цёмныя і светлыя, вялікія і малыя, розных кшталтаў, розных колераў… Адны – асвечаныя ясным сонцам. Другія – чорныя, як асенняя ноч. Усе плылі, плылі безупынку, гнаныя ветрам ці мо якой сілай таемнай» [21, с. 47].
На вобразе дзвюх хмараў, што плылі насустрач адна адной, бачыцца спрадвечнае жаданне людзей знайсці сваю палову, але не заўсёды гэтае жаданне спраўджваецца. Магчыма, што гэтыя дзве хмары – гэта яны – Людвіка і Фабіян: «На сустрэчу сабе дзве хмаркі плылі… Нейкае спрадвечнае права папхнула іх адну да другой… Але не злучыліся яны, не стварылі адной моцнай, адпорнай на парывы ветру сілы, а сышліся з сабою на сварку, на бой» [21, с. 47]. Спрадвечнае права – права любові, якая адна і павінна рухаць светам, але рухавіком у ім часцей бывае нянавісць, што і выклікае барацьбу, войны, ад чаго найперш і пакутуюць яны – людзі-хмары.
Часам у творах гучыць мудрае папярэджанне ад легкадумнай уцехі часовым, бо ўсё зменнае, усё мінае, як у абразку «Было лета»: «Цешылася душа яснасцю блакітнага неба, пахам кветак, свежасцю лагоднага ветрыку. Цешылася, бяспамятная, на тую адвечную праяву, што пасля лета прыходзіць восень»: [21, с. 48]. Гэтыя творы – вершы ў прозе з іх асаблівай, павышанай эмацыйнасцю, адметнай рытмічнасцю, а часам сустракаецца нават і вершаваны рытм.
Многія абразкі нагадваюць «Казкі жыцця» Якуба Коласа. У іх гэтак жа ў алегарычнай форме выказаны глыбокі філасофскі змест, «адчуваецца высокі палёт духу, сталая вера ў чалавека, у перамогу светлых пачаткаў жыцця» [22, с. 2]. Невыпадкова, відаць, што апошні твор гэтай кнігі, абразок «Трэба хацець», напоўнены магутнай вітальнай сілай, у аснове якой – прага тварыць, верыць у цудоўнае, прыгожае, верыць у казку. Клічная інтанацыя, дзеясловы ў форме загаднага ладу, лаканічныя заключныя сказы, паўторы – усё гэта стварае ў творы адметны эмацыйна-напружаны настрой: «Не вер, што сон, збураны жыццёвым сіверам, не вяртаецца, што казка кветчаная, гарачая казка, як паўднёвае сонца, не ўстане больш перад табой. Не вер! Хацець толькі жыць! Хацець – гэта зламаць наймацнейшы боль! Сто разоў паміраць і сто разоў ажыць можна! Шчаслівым быць! З зорак карону мець. Трэба толькі хацець. Трэба хацець!» [21, с. 48].
Палымянае «Трэба хацець» успрымаецца як наказ моладзі, будучым пакаленням, імкненне перадаць тую веру і сілу, якая жыла ў ёй, такой кволай і такой моцнай Зосьцы Верас – апошняй з магіканаў.
Петрушкевіч, А.М.
Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: Матэрыялы для вывучэння курса «Беларуская літаратура ХХ ст» / А.М. Петрушкевіч; пад рэд. праф. І.В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2009.