Категории

Антычныя матывы ў беларускай і антычнай літаратуры

15 минут на чтение

Паняцце сусветнай літаратуры і антычнасць. Жанр «Адкрыцця»  на мяжы эліністычнай і хрысціянскай культуры як вынік прароцтваў Старога Запавету ў элінізаваным грамадстве. «Пастыр»  і яго сувязь з антычнай  традыцыяй. «Апакаліпсіс»  Іаана Багаслова і антычныя элементы. Супастаўленне кампазіцыі Адкрыцця Іаана з трагедыяй Сафокла «Цар Эдып»: Сафокл вырашае канфлікт паміж чалавекам і лёсам, праводзячы Эдыпа праз фізічныя пакуты і маральныя выпрабаванні да гармоніі з Сусветам; Іаан прадстаўляе канфлікт паміж Чалавекам і Богам, які праводзіць людзей праз фізічныя пакуты і маральныя выпрабаванні на шляху да вялікай Сусветнай гармоніі. Тэатр Старажытнай Элады як неад’емная частка эліністычнага горада.

Антычнасць і Візантыя. Візантыйская культура пад знакам дуалізму антычнай і хрысціянскай традыцый. Візантыйская паэзія ІV — Х стст. і антычныя традыцыі. Антычная біяграфія і візантыйская агіяграфія. Гісторыка-міфалагічная паэма Квінта Смірыскага «Паслягамераўскія падзеі». Заходне-ўсходні генезіс літаратурных канонаў візантыйскага Сярэднявечча. Грэка-візантыйскі раман. Антычная спадчына ў сярэдневяковым рамане.

Уплыў антычных форм і традыцый праз пасрэдніцтва літаратуры і культуры Візантыі на літаратуру ўсходніх славян.  Антычныя традыцыі ў старажытнай літаратуры ўсходніх славян ў ХІ —  ХVІ стст. Хроніка Іаана Малалы і антычная традыцыя.  Антычныя рэфлексіі ў «Слове пра паход Ігаравы». Антычныя сюжэты ў славяна-рускіх зборніках ХV — ХVІ стст.

Роля антычнай спадчыны ў станаўленні і развіцці замежнай і беларускай літаратуры ў эпоху Сярэднявечча. Узнікненне лацінскай літаратуры на аснове ўзаемадзеяння хрысціянскай рэлігіі і антычнай мастацкай спадчыны, роля лацінскай мовы як злучальнага звяна паміж старажытнай і новай літаратурай. Этапы развіцця еўрапейскай лацінскай культуры ў яе паступовым набліжэнні з антычнымі традыцыямі (VІІІ — ХІІ стст.). Уплыў паэзіі Авідзія на развіццё сярэдневяковай лірычнай паэзіі. Літаратура і культура Каралінгскага Адраджэння і антычныя традыцыі. Выкарыстанне антычных міфалагічных сюжэтаў у лацінскіх паэмах («Александрэіда»  Вальтэра Шатыльёнскага і інш.). Антычныя матывы ў паэзіі вагантаў. «Найвышэйшая песня Саламонава»  і авідзіянская лірыка — галоўная крыніца любоўнай паэзіі вагантаў. Традыцыі Гарацыя і Ювенала ў сатырычных вершах вагантаў. Рыцарскі раман Сярэднявечча і традыцыі антычнага рамана. Старажытная беларуская літаратура і антычныя традыцыі. Перакладная літаратура і антычнасць. Перакладныя аповесці «Троя»  і «Александрыя» . Спісы беларускіх перакладаў «Александрыі».

Антычнасць у творчасці Дантэ (1265 — 1321). Аліг’еры Дантэ — «апошні паэт Сярэднявечча  і разам з тым першы паэт Новага часу». Фарміраванне светапогляду Дантэ пад уплывам ідэй антычных паэтаў, філосафаў, гісторыкаў (Вергілій, Цыцэрон, Платон, Лівій). Дантаўскія эклогі — першая спроба адраджэння ідылій Феакрыта і буколікаў Вергілія на італьянскай глебе.

«Боская камедыя»  — філасофска-мастацкі сінтэз культуры Сярэднявечча ў яе спалучэнні з прыгажосцю грэка-рымскай традыцыі. Арыентацыя Дантэ на антычную эпічную традыцыю. Вергілій як увасабленне ідэйна-мастацкіх дасягненняў рымскай літаратуры. Міфалагічныя і гераічныя характары старажытнасці ў «Боскай камедыі». Вобраз Адысея — абагулены тып асобы новага часу, яе імкненне да духоўнай свабоды. Пластыка вобразаў Дантэ, іх адзінства з рэлігійна-хрысціянскай сімволікай.

Італьянскае Адраджэнне і антычнасць. Уплыў антычных ідэй на фарміраванне філасофска-эстэтычных поглядаў гуманістаў. Класічная старажытнасць Грэцыі і Рыма як крыніца і фундамент італьянскай культуры і літаратуры. Франчэска Петрарка (1304 — 1379) — заснавальнік новай гуманістычнай культуры. Антычныя традыцыі ў паэтычнай спадчыне Петраркі. Адраджэнне класічнай латыні. Італьянскія санеты, іх класічная аснова. Эпічная паэма «Афрыка». Пастушыныя эклогі ў гекзаметрах. Паэтычны свет Петраркі і лірыка Катула. Антычныя рэмінісцэнцыі, цытаты з антычных паэтаў у санетах Петраркі. Гармонія антычнага адзінства прыроды і духу ў сузіральнасці канкрэтных пластычных абрысаў зямной прыгажосці (вобраз Лауры).

Французскае Адраджэнне і антычнасць.

Творчасць Ф. Рабле (1494 — 1553) і яго гуманістычныя ідэі. Творчасць семізорнай Плеяды. Вучыцца ў старажытных — дэвіз «Плеяды». П’ер Рансар (1524 — 1585) — самы славуты паэт «Плеяды». Оды Рансара ў традыцыях Піндара і Гарацыя. Уплыў на эклогі Рансара Феакрыта і Вергілія. Рансар і Катул.

Англійскае Адраджэнне і антычнасць. Драма як вядучы жанр англійскага Адраджэння. Уплыў Грэцыі і Рыма (праз Плаўта і Сенэку) на фарміраванне асноўных прынцыпаў арганізацыі драматургічнага матэрыялу (структура, мастацтва сюжэта, вершаваная форма). Авідзій і Плутарх як крыніца сюжэтаў для англійскіх драматургаў.

Шэкспір і антычнасць. Творы Шэкспіра (1564 — 1616) на антычныя тэмы. Выкарыстанне антычнага матэрыялу ў «рымскіх»  трагедыях. Эвалюцыя трагічнага героя ў рымскіх трагедыях Шэкспіра. Аналіз «антычных»  трагедый Шэкспіра («Юлій Цэзар», «Антоній і Клеапатра», «Карыалан» ).

Антычная канцэпцыя кону і тэма лёсу ў Шэкспіра. Вобраз Брута ў «Юліі Цэзары»  Шэкспіра і Плутарха. Брут — любімы герой Плутарха. «Варожасць да тыранаў і нянавісць  да заганаў»  — галоўныя якасці «незвычайнай душы»  рымляніна. Плутарх аб гістарычнай місіі Брута. Брут Шэкспіра як носьбіт трагічнага канфлікту. «Трагічная віна»  Брута, яе гістарычны і маральны сэнс.

Антоній Шэкспіра і Плутарха (па трагедыі «Антоній і Клеапатра»). «Карыалан»  — позняя трагедыя Шэкспіра. «Карыалан»  Плутарха і Шэкспіра.

Антычныя традыцыі пра персідскіх магаў. Вучэнне Зараастра. Элементы арэталагічнага жанра ў традыцыі пра Астана і Гістаспа. Класічная фарсімоўная паэзія як аснова іранскага Рэнесансу, які ўзнік у Сярэдняй Азіі і Іране ў Х — ХV стст. «Шах-намэ»  Фірдаусі і традыцыі гераічнага эпасу Старажытнай Грэцыі.

Эпоха Адраджэння на Беларусі. Гуманістычная аснова дзейнасці Францыска Скарыны. Францыск Скарына і старажытнагрэчаскія філосафы Сакрат, Платон, Арыстоцель. Прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны.

Дзейнасць новалацінскіх паэтаў. Мікола Гусоўскі і яго паэма «Песня пра зубра». Яе творчая гісторыя. Ідэйны змест «Песні пра зубра». «Песня пра зубра»  і «Георгікі»  Вергілія. «Песня пра зубра»  і «Энеіда»  Вергілія. Метрыка, рытміка-інтанацыйны склад паэмы. «Песня пра зубра»  ў сучасным беларускім перакладзе (Я. Семяжон).

Ян Вісліцкі. «Пруская вайна»  — выдатная агульнаеўрапейскага маштабу паэма ў паэзіі Сярэднявечча на лацінскай мове, агульны помнік беларускай і літоўскай культуры ХVІ ст.

Ідэя паэмы «Пруская вайна», яе гуманістычны і патрыятычны пафас. Паэма як мастацкі помнік Грунвальду. «Пруская вайна»  і традыцыі эпасу Гамера і Вергілія. Вобраз Вітаўта ў паэме. Ягайла і Эней Вергілія.

Лацінамоўная літаратура на Беларусі. Развіццё сілабічнай паэзіі на беларускай мове. Працяг традыцый Францыска Скарыны. Укараненне ўзораў антычнага верша на лацінскай мове. Уключэнне беларускіх пісьменнікаў праз латынь у агульнаеўрапейскі літаратурны кантэкст. Узнікненне лацінамоўных тэндэнцый і пазіцый пасля Брэсцкай уніі 1596 г.

Андрэй Рымша (каля 1550 — пасля 1595). Вершы-панегірыкі на беларускай мове. Гальяш Пельгрымоўскі (? — 1604), Саламон Рысінскі (каля 1560 — 1625), Мікалай Кміцін (1601 — 1632). Вершы і панегірыкі.

Эстэтыка французскага класіцызму і антычнасць. Культура антычнасці — абсалютны, пазачасавы ідэал прыгожага для французскага мастацтва ХVІІ ст. Нарматыўнасць эстэтыкі французскага класіцызму, строгае захаванне «вечных і нязменных»  законаў розуму і правіл мастацкай творчасці. Паэтыка Арыстоцеля і Гарацыя як увасабленне эстэтычнай нормы для мастацтва класіцызму. «Паэтычная мастацтва»  Буало (1674) — маніфест французскага класіцызму, заснаваны на вывучэнні антычнай літаратуры і эстэтыкі.

Погляды Буало і асноўныя палажэнні «Паслання да Пізонаў»  Гарацыя.

«Федра»  Расіна і «Іпаліт»  Еўрыпіда. Параўнальны аналіз трагедый. Герой Расіна — чалавек саслоўнага грамадства Францыі эпохі абсалютызму, «антычны маскарад»  у трагедыі.

Германія ХVІІІ ст. і антычнасць. Новае адраджэнне антычнасці ў Еўропе. Оперная творчасць К. Глюка (1714 — 1787) як прыклад увасаблення антычных сюжэтаў у музыцы («Федра», «Парыс і Алена», «Арфей», «Іфігенія ў Таўрыдзе»  і інш.).

І. Вінкельман (1717 — 1787) і яго «Гісторыя мастацтва старажытнасці»  (1763). Уплыў Вінкельмана на фарміраванне эстэтыкі нямецкай класічнай літаратуры.

Творчасць Гётэ і Шылера 80 — 90-х гг. ХVІІІ ст. Антычныя ідэі і матывы ў творчасці Шылера. Антычная арыентацыя паэтычнай творчасці Шылера, яго праграмныя вершы («Багі Грэцыі») (1788), «Мастакі» (1789). Балады Шылера («Палікратаў пярсцёнак», «Івікавы журавы»  (1797)). Своеасаблівасць апрацоўкі антычнага сюжэта ў баладнай форме.

Гётэ і антычнасць. Антычныя паэты (Гамер, Эсхіл, Сафокл, Еўрыпід, Феакрыт, Калімах, Тыбул, Праперцый) у жыцці Гётэ. Лірычная творчасць паэта: «Рымскія элегіі»  (1790), «Венецыянскія эпіграмы»  (1970). «Іфігенія ў  Таўрыдзе»  Гётэ і Еўрыпіда. Сюжэтная аднароднасць і  падабенства пабудовы драмы Гётэ і трагедыі Еўрыпіда. Змены, унесеныя Гётэ ў структуру драмы (адсутнасць багоў, хора, падзел на дзеі і з’явы). Героі драмы, іх рысы, што ўласцівы чалавеку ХVІІІ ст., які выхаваны на ідэях эпохі Асветніцтва. Музычнасць драмы Гётэ.

Уплыў антычнай міфалогіі літаратуры, філасофіі і культуры на творчасць паэтаў і мысліцеляў Беларусі позняга Рэнесансу і барока М. Сматрыцкага, А. Рымшы, Я. Радвана, М.К. Сарбеўскага, К. Лышчынскага і інш. «Апеляцыя да антычнай культуры» як адзін са спосабаў звароту пісьменнікаў да традыцый, г.зн. да папярэдняга культурна-філасофскага вопыту.

Сімяон Полацкі як выдатны знаўца антычнай міфалогіі, гісторыі, філасофіі, літаратуры, рыторыкі і культуры.

Арнаментацыйная і стылістычная роля антычнага матэрыялу ў паэтычных творах, прамовах, пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага. Роля антычных рэмінісцэнцый у «Вертаградзе шматкаляровым». Вершаваныя памеры антычнасці ў паэзіі Сімяона Полацкага: першая сапфічная страфа, элегічны дыстых.

Станаўленне і развіццё жанру беларускай байкі ў кантэскце сусветнага літаратурнага працэсу: антычныя байкапісцы Эзоп, Федр, Бабрый — С. Полацкі, Ж. Лафантэн, Г. Скаварада, А. Канцямір, А. Сумарокаў, І.Крылоў (ХVІІ —1-я пал. ХІХ стст.) — Ф. Багушэвіч, А. Абуховіч, Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва (2-я пал. ХІХ — ХХ ст.).

Беларуская літаратура 18 ст. і антычныя традыцыі. Новае адраджэнне антычнасці ў эпоху Асветніцтва. Заклік асветнікаў да наследавання стылю Цыцэрона ў прозе, паэтаў «Залатога веку»  (Вергілія, Гарацыя, Авідзія) — у паэзіі. Міхаіл Карыцкі — лацінамоўны паэт Беларусі эпохі Асветніцтва. Уплыў класіцыстычнай паэтыкі на архітэктоніку вершаў Карыцкага. Іх кампазіцыйная стройнасць і сіметрычнасць, адшліфаванасць формы, рытарызацыя і пампезнасць стылю. Зборнік вершаў Карыцкага «Песні». Паэма Карыцкага «Птушыны сейм»  і антычнасць. Антычная спадчына Уршулі Радзівіл. Траянскі міф у творчасці Ф.У. Радзівіл і Я. Каханоўскага.

Р.С. Скаварада (ХVІІІ ст.) і Эпікур. Антычная міфалогія ў творчасці Р.С. Скаварады (міф пра Нарцыса, міф пра Эдыпа і Сфінкса). Жанравая прырода філасофскіх дыялогаў Скаварады 80-х гг. Інтэрпрэтацыя гарацыянскага прынцыпу «залатой сярэдзіны»  ў паэтычнай творчасці Скаварады.

Рамантызм і антычнасць. Прырода рамантызму ў яго адносінах з антычнымі ідэямі. Рамантычныя тэндэнцыі ў антычнай літаратуры.

Філасофская і тэарэтычная аснова нямецкага рамантызму. Старажытнагрэчаскі свет і паэзія Гёльдэрліна. Антычныя вершаваныя жанры і формы Гёльдэрліна (оды, дыфірамбы, пасланні, ідыліі).

«Амфітрыён»  Клейста, Плаўта і Мальера. Параўнанне драмы Клейста с першакрыніцай — камедыяй Плаўта і з класічнай версіяй Мальера. «Амфітрыён»  — адзіная  камедыя Плаўта на міфалагічны сюжэт.  Рымскія тэмы камедыі «грэчаскага»  Плаўта.

«Амфітрыён»  Мальера. Пераасэнсаванне зыходнага міфалагічнага сюжэта ў духу новага часу.

«Амфітрыён»  Клейста — пераклад класічнай камедыі Мальера. Камедыя Клейста як драма з трагічным пафасам.

Рамантычная эстэтыка Шэлі. Антычныя ідэі ў творчасці паэта. Паэма «Элада». Рамантычная напоўненасць міфалагічных вобразаў у паэзіі Шэлі. Філасофская сімволіка міфалагічных вобразаў Шэлі: «Гімн Апалона»  (1820), «Гімн Пана»  (1820), «Адонаіс»  (1821) і інш. Аптымістычныя сучасныя ўтопіі Шэлі: «Вызвалены Праметэй»  (1819) — зварот да антычнай Элады; «Элада» (1821) — погляд на сучасную Грэцыю. Грандыёзнасць і маштабнасць рамантычнай сімволікі Шэлі, яе сусветны, класічны размах.

Паэтычная творчасць Кітса (1795 — 1821) і антычнасць. «Ода грэчаскай вазе». Пантэізм Кітса. Прыхільнасць англійскага паэта да вечнай прыгажосці і пластыкі антычных форм мастацтва.

Антычны ўплыў на развіццё французскай літаратуры другой паловы ХІХ ст. «Парнас»  і грэка-рымскі свет. Творчая лабараторыя парнаскай школы, яе эстэтычная праграма.

Тэафіль Гацье (1811 — 1872) як тэарэтык парнаскай школы. Абгрунтаванне тэорыі «мастацтва для мастацтва».

Леконт дэ Ліль (1818 — 1894) і яго паэтычная творчасць як увасабленне асноўных прынцыпаў парнаскай школы. Зборнік «Антычныя паэмы»  (1852).

Другая палова ХVІІІ — пачатак ХІХ ст. — час фарміравання развіцця рускай нацыянальнай літаратуры, дзе вялікая роля належыць засваенню вопыту антычнай культуры.

Антычнасць і фарміраванне катэгорыі трагічнага ў рускай эстэтыцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў. Гісторыка-літаратурны працэс і працэсы, якія фарміруюць філасофскую і эстэтычную думку Расіі ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў — з’явы складаныя на ўсіх этапах развіцця, што выклікае ў даследчыкаў розныя меркаванні аб характары класіцызму, сентыменталізму, Асветніцтва і іншых з’яў, якія маюць паралелі ў заходнееўрапейскай літаратуры. 

Антычнасць у паэзіі класіцызму і сентыменталізму. А.П. Сумарокаў (1717 — 1777) і антычныя міфалагічныя вобразы. В.М. Ламаносаў (1711 — 1765) і цыкл яго вершаў «Размова з Анакрэонам» . Паэзія Гамера і Піндара як узор для пераймання. Піндар, Гарацый, Анакрэонт у творчасці Г.Р. Дзяржавіна (1743 — 1816). М.М. Карамзін (1766 — 1826) і антычнасць. Традыцыі Гамера, Феакрыта і Вергілія ў творчасці Карамзіна.

Антычнасць у паэзіі ранняга рамантызму. В.А. Жукоўскі (1783 — 1832) і антычнасць. Антычныя матывы ў паэзіі К.М. Бацюшкава (1787 — 1855).

Грамадзянскі рамантызм. Паэты-дзекабрысты (Кюхельбекер, Бестужаў, Рылееў) і антычнасць. Паэты архаічнай школы Старажытнай Грэцыі ў творчасці паэтаў-дзекабрыстаў.

Эстэтычна-жыццёвы сэнс антычнай сімволікі Аляксандра Пушкіна. Антычныя матывы ў паэзіі А.С. Пушкіна. Пушкін і Гарацый. Пушкін і Авідзій. Верш «Да Авідзія». Крыніцы легенды пра Авідзія ў «Цыганах»  Пушкіна.

Антычнасць у анакрэатычнай лірыцы паэтаў пушкінскага кола. Антычнасць у філасофскай лірыцы Е.А. Баратынскага і ў ідыліях А.А. Дэльвіга.

Традыцыі антычнасці ў мастацкім свеце М.В. Гогаля. Архаічныя элементы ў сюжэтна-жанравай структуры камедыі «Рэвізор»  (Гогаль і Арыстафан). Эстэтычныя асновы і структурная тыпалогія камедыйнага жанру Арыстафана і Гогаля. Сродкі і прыёмы стварэння камізму ў камедыях Арыстафана і ў «Рэвізоры». Трагічнае і камічнае ў камедыі «Рэвізор»: архаічны сінкрэтызм і гогалеўскі сінтэз. «Міргарад»  Гогаля і «Параўнальныя жыццяпісы»  Плутарха: праблемы паэтыкі. Рэцэпцыя Плутарха ў Расіі. Паэтыка паралелізму як светапоглядная дамінанта творчасці Гогаля 1831 — 1835 гг.  Своеасаблівасць хранатопа і канцэпцыі асобы ў Плутарха і Гогаля. Прынцыпы напісання кампазіцыйных і сюжэтных паралеляў у структуры «Міргарада». Праблема антычных рэмінісцэнцый у паэтыцы «Міргарада» .

Традыцыі антычнага эпасу («Адысея»  Гамера, «Энеіда»  Вергілія ў паэме Гогаля «Мёртвыя душы». Эпічная тапалогія: царства мёртвых (Манілаў — сірэны, латафагі; Каробачка —  Кірка, Каліпса), Сабакевіч і Наздроў — Сцыла і Харыбда, ці «дэструктыўныя»  персанажы — лестрыгоны, цыклоп; Плюшкін — Харон).

Структура сюжэта паэмы «Мёртвыя душы»  і антычная эпічная традыцыя. Тыпалогія героя: Чычыкаў — «чалавек выпадку»  і «чалавек лёсу». Вобраз галоўнага героя паэмы Гогаля ў кантэксце антычных асацыяцый яго характаралогіі.

Гогаль і Сенэка.

Антычныя матывы і вобразы ў творчасці Яна Баршчэўскага. Кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»  і антычная традыцыя. Антычная і беларуская міфалогія ў творы.

Водгукі антычнасці ў творчасці Яна Чачота. Ян Чачот і анакрэатычныя  матывы. Антычныя імёны, вобразы, сюжэты ў паэзіі Яна Чачота. Польскамоўныя творы Яна Чачота на антычныя тэмы. Лірычная сцэнка «Сафо». Паэма «Тыртэй» . Вадэвіль «Апалон на калядаванні».

Адам Міцкевіч і антычнасць. Адам Міцкевіч як прадаўжальнік арфічнай традыцыі, заснаванай міфалагічным Арфеем. «Ода да маладосці», «Да Д.Д.».  Міцкевіч і Гарацый.

Мастацкі свет санетаў Міцкевіча. Вобраз «каханай пані»  і «пілігрыма»  ў інтэрпрэтацыі паэта-рамантыка. Марыля Верашчака — наднёманская Лаура Міцкевіча. Спакуслівае аблічча Данаід.

Арфічныя матывы паэзіі Уладзіслава Сыракомлі, Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны. «Лірнік вясковы»  Сыракомлі як твор пра чароўную музыку і чарадзея лірніка, сялянскага Арфея, што на ўзроўні сімвалічных сэнсаў пазначае вобраз творцы беларускай адраджэнскай паэзіі. Верш Сыракомлі «Авідзій на Палессі». Беларускае паданне аб высылцы Авідзія на землі, якія пазней былі заселены славянамі.

Антычныя рэмінісцэнцыі ў беларускіх паэмах ХІХ стагоддзя «Энеіда навыварат»  і «Тарас на Парнасе». Паэма «Энеіда навыварат»  як твор травестацыйны, яе месца ў еўрапейскай і славянскай травестацыйнай літаратуры ХVІІІ — ХІХ стст. Героі беларускай паэмы і героі «Энеіды»  Вергілія. Ідэйны змест і мастацкія вартасці «Энеіды навыварат»  і першай песні «Энеіды»  Вергілія. «Энеіда»  Вергілія як узор «Генрыяды»  Вальтэра, «Месіяды»  Клапштока, «Расіяды»  Хераскава.

Антычныя вобразы ў паэме «Тарас на Парнасе». Каларыт іроі-камічнага ў паэме. Рэалізм твора. Сюжэт, кампазіцыя, паэтычная дэталь у паэме.

Творчасць Максіма Багдановіча як новы этап засваення антычных матываў у беларускай літаратуры. Максім Багдановіч — перакладчык Гарацыя і Авідзія. «Памятнік»  Гарацыя ў перакладзе Максіма Багдановіча. Параўнанне з перакладамі Ламаносава, Дзяржавіна, Пушкіна, Фета. Авідзій у перакладах Багдановіча. Міф пра Дзедала і Ікара. Значэнне перакладаў Максіма Багдановіча з антычнасці.

Уплыў антычнай паэтыкі на паэзію Максіма Багдановіча. Александрыйскі верш. Элегічны дыстых. Пентаметры. Анакрэатычныя матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча.

Рымскі паэт-неатэрык Гай Валерый Катул і Максім Багдановіч. Эстэтычны арыенцір беларускага паэта на мастацкія сродкі, літаратурныя прыёмы, тэмы антычнай лірыкі, яе параметраў і жанравых форм. Тыпалагічнае параўнанне зборніка Максіма Багдановіча «Вянок»  і зборніка Катула «Лірыка».

Інтэрпрэтацыя антычнай міфалогіі ў паэтычнай спадчыне Максіма Багдановіча. Вершы «Бура», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя». «Ліст да п.В. Ластоўскага»,  «Вераніка»  і інш.

Актуальнасць праблемы міфа ў еўрапейскай літаратуры. Міфалагізм у літаратуры. Рытуальна-міфалагічная школа. Пошукі рытуальна-міфалагічных мадэляў і канструкцый у мастацкай літаратуры. Імкненне выйсці за сацыяльна-гістарычныя і прасторава-часавыя рамкі дзеля «вечнага», агульначалавечага зместу ў мастацтве.

«Міфалагічны»  раман і драма ХХ ст.

Манументальная міфалагічная трылогія Ю. О’Ніла — амерыканская «Арэстэя». Свядомая арыентацыя драматурга на антычныя вобразы з мэтай узнавіць класічную трагедыйную канцэпцыю  грэкаў, «даць трагічнае адлюстраванне з’яў сучаснага жыцця, паказаць іх у выглядзе вечных, хоць і трансфарміраваных каштоўнасцей»  (О’Ніл). Паралелізм асноўных сюжэтных сітуацый, імён (Арэст — Арып, Клітэмнэстра — Крысціна). Антычнасць як крытэрый ацэнкі сучаснасці.

«Антыгона»  Сафокла і Ануя. Сучасная інтэрпрэтацыя класічнага сюжэта. Мэта і сэнс перапрацоўкі сучасным французскім пісьменнікам старажытнагрэчаскай трагедыі.

Гістарычная прадвызначанасць трагічнага канфлікту паміж Антыгонай і Крэантам, дзе Сафокл вырашае ў катэгорыях прыродных, касмічных, уласцівых антычнаму светаўспрыманню.

Ж. Ануй след у след ідзе за стражытнагрэчаскім паэтам, папаўняючы свой твор новымі сцэнамі і персанажамі, новым гістарычным зместам, надаючы высокай трагедыі рысы сучаснасці.

«Арэстэя»  Эсхіла — класічная інтэрпрэтацыя міфа пра Арэста. Антычны міф пра Арэста і п’еса Ж.-П. Сартра «Мухі». Героі старажытнагрэчаскай трагедыі як выканаўцы вышэйшай волі.

«Мухі»  Сартра — прыклад выкарыстання міфалагічнага сюжэта для выражэння ідэй філасофіі экзістэнцыялізма. Вобраз Арэста як увасабленне свабоды, па якой чалавек асуджаны на гордае адзіноцтва.

Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»  і традыцыі антычнага эпасу («Адысея»  Гамера, «Работы і дні»  Гесіёда, «Георгікі»  і «Буколікі»  Вергілія).

Духоўная лучнасць Міхала з родным краем. Сялянская праца ў Гесіёда — дзеля павагі і ласкі Багоў. У Вергілія — дзеля развіцця чалавекам здольнасцяў і спасціжэння правілаў Божага ладу ў свеце. Якуб Колас творча і адметна развіў уяўленне пра асноўнае прызначэнне чалавечай працы, якое хрысціянская філасофія вызначае як інтэгральную частку місіі чалавека. Разуменне Міхалам асноўнага, згоднага з Божым, прызначэння чалавечага жыцця. Зламаны хваробай Міхала, але не пераможны ў сваім Боскім прызначэнні дзеля чаго і пасланыя людзі — будаваць  зямлю. Параўнанне Міхала з героем трагедыі Сафокла «Цар Эдып». Апошні шлях Эдыпа — шлях пераможанага, але незламанага і незалежнага чалавека.

Антычныя вобразы і матывы ў паэзіі Максіма Танка.  Вопыт антычнага вершаскладання і паэтычная культура Максіма Танка. Трансфармацыя антычных вобразаў і матываў у паэзіі Максіма Танка.

Праблема праметэеўскага подзвігу ў сусветнай і беларускай літаратуры. Канцэпцыя Праметэя як  паборніка розуму і цывілізацыі пачынаецца з Эсхіла. Міф пра Тытана-Праметэя і трагедыя Эсхіла «Прыкуты Праметэй». Вобраз Праметэя —  абагулены сімвал свабоды, сімвал пратэсту супраць прыгнечання, сімвал барацьбы з несправядлівасцю, насіллем. Гётэ і яго драматычная паэма «Праметэй». Паказ героя-бунтара ў Байрана і Шэлі. Праметэй у творчасці паэтаў-дзекабрыстаў і Аляксандра Пушкіна.

Узвышаная і гераічная канцэпцыя вобраза Праметэя ў вершах Я. Журбы, У. Жылкі, К. Крапівы, Ц. Гартнага, Я. Коласа і інш.

Мастацкая інтэпрэтацыя вобраза Праметэя і сімвал агню ў творчасці М. Танка, П. Панчанкі, А. Бачылы, А. Звонака і  інш.

Трактоўка вобраза Праметэя ў варыяцыі на тэму «Гефест — друг Праметэя»  А. Вярцінскага.

Вобраз Праметэя і сімвал яго агню па сіле і глыбіні абагульнення з’яўляецца ў літаратуры і культуры сапраўды філасофскім. Праметэй — «самы высакародны святы і пакутнік у філасофскім календары». 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Спадчына Янкі Купалы заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі даследчыкаў вербальнага мастацтва, але і стваральнікаў літаратуры – ягоныя радкі беларускія пісьменнікі бралі і бяруць ў якасці эпіграфаў, яму прысвячаююцца творы, яго постаць рэгулярна ўзнікае ў самых ро...
З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай свайго грання меў абудзіць заснулую душу беларускую да новага, ...
Імя Максіма Багдановіча ўваходзіць у нашу свядомасць з дзяцінства і застаецца ў ёй сімвалам гарачай любові да роднага краю і веры ў творчыя сілы беларускага народа. Літаратурная спадчына М. Багдановіча з’яўляецца унікальнай з’явай у гісторыі беларускага мастац...