Категории

Адама Міцкевіч і Францішак Багушэвіч як байкапісцы (да праблемы станаўлення жанру байкі ў новай беларускай літаратуры)

6 минут на чтение

Беларуская байка апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя пачалася з перакладу твораў  антычных, рускіх, польскіх і іншых байкапісцаў. Наогул, без высокаякаснай перакладчыцкай дзейнасці не можа абыйсціся ні адна нацыянальная літаратура. Пераклады з замежных аўтараў адыгралі значную ролю ў станаўленні многіх сусветных літаратур, у тым ліку і новай беларускай літаратуры. На станаўленні жанру байкі і баечнай творчасці беларускіх пісьменнікаў адбіўся ўплыў вялікага рускага  байкапісца Івана Крылова і класіка польскай літаратуры Адама Міцкевіча. Цудоўныя беларускамоўныя пераклады гэтых аўтараў, а потым і ўласныя сачыненні беларускіх байкапісцаў узбагацілі беларускую літаратуру новымі вобразамі і тэматыкай, спрыялі развіццю вобразнай беларускай літаратурнай мовы. Цікава, што на станаўленне баечнай творчасці Міцкевіча і Крылова значна паўплывала творчасць французскага  байкапісца Лафантэна. Байка Адама Міцкевіча “Chlop i zmija” з’яўляецца адпаведнікам байкі Лафантэна “Селянін і змяя”. Яна перакладзена на беларускую мову адным з заснавальнікаў беларускай школы перакладу Янкам Купалам з некаторымі адступленнямі ад аўтарскага тэксту, якія, аднак, не парушаюць ідэйнай задумы твора. Байку Міцкевіча “Ліс і казёл”, сюжэт якой таксама запазычаны ў Лафантэна, але ў аўтарскай інтэрпрэтацыі, пераклаў вядомы беларускі байкапісец Уладзімір Корбан.

Але першым у галіне беларускага перакладу пачаў працаваць Францішак Багушэвіч. Ягоны пераклад байкі І.Крылова “Свіння пад Дубам” пад назвай “Свіння і жалуды” з’яўляецца першым узорам баечнага жанру перакладной літаратуры ў беларускай паэзіі.

Пачаўшы з выкарыстання вопыту І.Крылова і А.Міцкевіча беларускія байкапісцы пайшлі сваім шляхам, развіваючы ўласныя традыцыі нацыянальнай байкі. Першаадкрывальнікамі жанру ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя сталі Францішак Багушэвіч і Альгерд Абуховіч, якіх лічылі “самымі каларытнымі постацямі ў нашай  літаратуры мінулага стагоддзя” [5, с. 3]. Вельмі многае яднае гэтых пісьменнікаў. Абодва равеснікі, абодва прайшлі суровую школу жыццёвых выпрабаванняў, удзельнічалі ў паўстанні 1863 года. Прыхільнікі роднай мовы, абодва распрацоўвалі новыя літаратурныя жанры, у прыватнасці жанр байкі. “Наша мова, – гаварыў Багушэвіч, – для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людзям, і гаварылі жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы пусцілі яе на здзек...” [1, с. 8]. Вядома, што Багушэвіч збіраў прыказкі і прымаўкі для беларускага філалагічнага слоўніка, якія, магчыма, і сталі адной з крыніц звароту пісьменніка да азначанага жанру. Ён загаварыў мовай сялян, якіх добра разумеў і якія разумелі яго.

Ёсць усе падставы лічыць, што пісьменнік не абмежаваўся адзінай байкай. Многія з іх, відаць, не дайшлі да нас. Аб гэтым сведчыць успамін Элізы Ажэшкі ў лісце да Яна Карловіча ад 22 лютага 1888 года: “Быў у мяне на днях п.Багушэвіч і чытаў мне нядаўна напісаную ім па-беларуску байку – доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэты талент. Польская паэзія яго слабая, але беларуская... выдатная” [2, с. 330]. У паэта, відаць, былі рукапісы, якія, бясспрэчна, загінулі, магчыма, у кабінетах цэнзараў або ў прыватных архівах ягоных сяброў. Уладзіміру Содалю ўдалося запісаць паводле ўспамінаў кушлянцаў адзін з такіх вершаў – байку “Пан і блыха” ад паноў Зыгмунда і Восіпа Каспяровічаў, жыхароў Польшчы, сыноў суседа Багушэвіча па Кушлянах Пятра Каспяровіча.  “Верш гэты , – сказаў Зыгмунд, – я ведаю з маленства ад бацькі, і бацька мне казаў, што напісаў яго Мацей Бурачок – Францішак Багушэвіч” [6, с. 174]. Тое ж сказаў і Восіп:  “Верш “Пан і блыха” навучыў нас бацька.. і можна на сто працэнтаў сказаць, што напісаў яго Ф.Багушэвіч...” [6, с. 174]. Унучка Багушэвіча  Станіслава Тамашэўская таксама зазначыла: “Верш пра пана памятаю і магу пацвердзіць, што напісаў яго дзядуля...” [6, с. 174].  Верш напісаны, па меркаванні Уладзіміра Содаля у Багушэвічавым стылю. Тэматыка верша, безумоўна, яго. Вобраз пана-крывасмока характэрны для ўсёй творчасці паэта. У байцы, – гаворыць даследчык – сустракаюцца звыклыя для Багушэвіча паэтычныя сродкі: “брушка, тлуста-мякка, як падушка”. Дыялог вельмі падобны на дыялогі ў байках “Свіння і жалуды”, “Воўк і авечка”, афарыстычныя і канцоўка твора. “Гэтак, думаецца, мог сказаць толькі Ф.Багушэвіч, які ўсёй сваёй істотай ненавідзеў панскі паразітызм” [6, с. 173], – заключае Ул. Содаль. Калі гэта так, дык ёсць усе падставы сцвярджаць, што сюжэт сваёй байкі Ф.Багушэвіч запазычыў у А.Міцкевіча, які ў 1825 годзе напісаў байку “Блыха і рабін”. Пазней беларускі чытач пазнаёміўся з ёй у бліскучым перакладзе Кандрата Крапівы. Ведаючы адносіны Міцкевіча да служкаў каталіцкай царквы, якія імкнуліся заглушыць яго голас і ўтаптаць у гразь (байка “Звон і звонікі”), зразумела, што ў творы высмейваюцца прадстаўнікі царквы ў асобе рабіна, які злавіў блыху і задумаў яе пакараць. Тая ж сітуацыя  адлюстравана і ў байцы Багушэвіча, а вось мэты – розныя. Параўнаем байку Адама Міцкевіча з байкай, запісанай Уладзімірам Содалем:

А.Міцкевіч:

Талмуд даследваў рабін дасканала

Ды аж пацёпваўся: блыха яго кусала. [3, с. 171].

Ф. Багушэвіч:

Блыха ўлезла пану ў пярнат,

Пан з яе не быў рад,

Стала кусаць яго за брушка,

Тлуста-мякка, як падушка. [6, с. 173].

Як бачым, пачатак супадае ў абедзьвух байках. Але калі ў Міцкевіча галоўны герой – рабін, служка царквы, да якога паэт заўсёды ставіўся з пагардай і ненавісцю, дык у Багушэвіча  – пан, да якога было такое ж стаўленне. Злавіўшы блыху, і рабін, і пан папракаюць яе ў крыважэрнасці.

А.Міцкевіч:

Ты ад чужой крыві бліскучай стала, –

Крычыць ёй рабін. – Глянь на пчол, на іх палацы,

На воск, на мёд – плады сумленнай працы. [3, с. 171].

Ф.Багушэвіч:

Ты, праклятае насенне,

Не досць табе, што жывеш без працы,

Яшчэ захацела жыць  у палацы? [6, с. 173]. 

Рабін  называе блыху паразітам, якая з асалодай смокча кроў з людзей, і ставіць у прыклад працавітых пчол. Паэт і тут працягвае непрымірымую барацьбу са служкамі царквы, якую ён распачаў яшчэ будучы членам філаматычнага таварыства. У паэме “Мешка – князь Навагрудка” Адам Міцкевіч  вывеў вобраз такога хітрага і каварнага   прапаведніка, які ператварыў жыццё князя Мешкі ў кашмар. З цягам часу Мешка зразумеў свае памылкі, з дапамогай народнай сілы разбіў татарскага хана Мамая, паланіў яго, але адпусціў па свабоду, сказаўшы, што калі ён, Мешка, пачуе, што яго, Мамая, калі-небудзь абкружаць такія ж айцы-прапаведнікі – мулы, еўнухі, дэрвішы, якія будуць смактаць кроў народа, дык ён акажа яму паслугу і дапаможа разагнаць гэтых крывапіўцаў. Пытанне блыхі: “А як жыве сам рабін?” – застаўляе чытача пранікнуць у сутнасць натуры самога рабіна, які, шляхам падману і адкрытага грабяжу, нажываецца за кошт працаўнікоў. Праўда, гэтага ён не разумее і шукае драпежнікаў у іншых асобах, але не ў сабе: “Дык смерць таму, хто век чужое грабіў!” Не разумее гэтага і пан  у творы Ф.Багушэвіча: “І так, мармычучы пад нос, блыху да свечкі ён паднёс”.

Такім чынам, уплыў Адама Міцкевіча на баечную творчасць Францішка Багушэвіча несумненны. Апошні стаў  аўтарам вядомай байкі “Воўк і авечка”, якая стала першым узорам арыгінальнага баечнага жанру ў беларускай літаратуры. Аўтограф гэтай байкі захаваўся ў лісце паэта да Яна Карловіча за 10-22 червеня 1886 года і меў назву  “Воўк, ягня, авечка”. Традыцыйны біблейскі матыў “ваўкі-авечкі” (Евангелле ад Мацвея 10, 16) стаў вельмі папулярным у славянскіх літаратурах. У аснове байкі традыцыйны  матыў аб хцівым і лютым ваўку. Воўк-прыгоннік, як і ў іншых  байках, люты драпежнік, а вось вобраз “дурной” авечкі намаляваны па-новаму. Яна  не верыць ваўку, пераапранутаму ў авечую скуру, які  нахабна запрашае яе ў госці да ўкрадзенага ім жа ягняці. Вобраз ваўка Ф.Багушэвіч, магчыма, выкарыстаў, прачытаўшы байку А.Міцкевіча “Тхор на выбарах”, дзе паэт  высмейвае дробязныя сваркі сярод польскай эміграцыі пасля паўстання 1830 – 1831 гадоў, запозненыя ўзаемаабвінавачванні і няўдачы гэтага паўстання:

Палкоўнік-воўк нішто, ды схільны да рабунку,

Прывык ягнят без жалю рваць. [6, с. 182].

Як і А.Міцкевіч, Ф.Багушэвіч рашуча здымае з ваўкоў авечую скуру і вучыць распазнаваць іх сапраўдны твар.

Такім чынам, абодва паэта ў свой неспакойны час звярнуліся да алегарычнага жанру, які даваў магчымасць як Адаму Міцкевічу, так і Францішку Багушэвічу выказваць свае адносіны да паўсядзёнага жыцця, жыцця грамадства і, галоўнае, даць спажытак да роздуму тым, хто быў неабыякавы да палітычнага становішча ва ўласнай краіне.

Уладзімір Каяла

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Уплыў Адама Міцкевіча на беларускую паэзію такі значны, што водгукі ягоных твораў сустракаюцца ў вершах многіх нашых паэтаў. І гэта зразумела, бо “слова Міцкевіча … заўсёды любае там, дзе жыве і квітнее сапраўдная паэзія” [1, c. 4]. Задача нашага даследавання ...
Паняцце сусветнай літаратуры і антычнасць. Жанр «Адкрыцця»  на мяжы эліністычнай і хрысціянскай культуры як вынік прароцтваў Старога Запавету ў элінізаваным грамадстве. «Пастыр»  і яго сувязь з антычнай  традыцыяй. «Апакаліпсіс»  Іаана Багаслова і антычныя эле...
Спадчына Янкі Купалы заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі даследчыкаў вербальнага мастацтва, але і стваральнікаў літаратуры – ягоныя радкі беларускія пісьменнікі бралі і бяруць ў якасці эпіграфаў, яму прысвячаююцца творы, яго постаць рэгулярна ўзнікае ў самых ро...