Категории

Уплыў польскай мовы як адзін з фактараў узнікнення і існавання варыянтаў слоў у беларускай мове

5 минут на чтение

Каля 1% слоў сучаснай беларускай літаратурнай мовы можа нарматыўна ўжывацца ў некалькіх (звычайна дзвюх) разнавіднасцях, тоесных у сэнсавых, стылістычных, спалучальных адносінах і ўзаемазамяняльных у любым кантэксце, – варыянтах. Як, напрыклад, слова прыкмета – прымета: 1) Вучоны [Яўхім Карскі] адмовіўся ад ранейшай ацэнкі вызначэння пэўнай прыналежнасці чалавека па рэлігійнай прыкмеце, паклаў у аснову вылучэння асобнага этнасу менавіта моўныя асаблівасці (газета “Звязда”); 2) Гадоў таму многа, без ліку, без меры, – за часу, калі сатвараўся наш свет, былі ужо створаны людзі, і зверы, і птушкі-пяюхі усякіх прымет (Я. Купала).

Беручы пад увагу характар фармальных адрозненняў у варыянтных парах (ланцужках), зафіксаваных рознымі слоўнікамі літаратурнай мовы, можна вылучыць наступныя тыпы варыянтаў слоў:

– акцэнтныя (адрозніваюцца толькі месцам націску), як, напрыклад, у слове дáрмá: 1) Ты зрокся мовы роднае. Няма ў цябе цяпер ні роду, ні народу. Чужынца дзякі не чакай дармá. Пагарда будзе платаю да зводу! (Дзмітро Паўлычка, пераклаў з укр. мовы В. Стралко); 2) Бяссмертнае слова, ты, роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло; хоць гналі цябе, накладалі аковы, дый дáрма: жывеш, як жыло! (Я. Купала);

– акцэнтна-фанетычныя (адрозніваюцца гукамі з прычыны пераходу націску на іншы склад), як, напрыклад, у слове уначы – уночы: 1) Уначы, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў (У. Ароў); 2) Учора ўночы прыйшла эсэмэска, што мая добрая знаёмая Вікторыя цяперака прынцэса Аль Саід (А. Глобус);

– фанетычныя (адрозніваюцца толькі адным-некалькімі гукамі), як напрыклад, у слове засмаглы – засмяглы: 1) Засмаглыя вусны і язык не далі змогі крыкнуць на ўсю моц па ўнутранай сувязі аб тым, што ён толькі што ўбачыў (Г. Мішчук); 2) Відаць, ім падавалася стылёвым пад’язджаць на гэтай адмысловай цацачнай машынцы да крамы, на зайздрасць усім іншым засмяглым хадакам (М. Роўда);

– марфалагічныя (адрозніваюцца канчаткам або родавай прыналежнасцю і канчаткам), як, напрыклад, у слове дзеўчаня – дзеўчанё: 1) Змазаныя лыжы, гладкая лыжня... Куды ты, промень рыжы, вабіш дзеўчаня? (Е. Лось); 2) Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з’явілася гадоў дзесяці дзеўчанё ў даўгаватай паркалёвай сукенцы (В. Быкаў);

– арфаграфічныя (адрозніваюцца напісаннем злітна, асобна ці праз злучок): з давён-даўна – здавён-даўна;

– камбінаваныя (спалучаюць некалькі відаў вар’іравання ў трохчленным ланцужку тыпу кашамíравы – кашмíравы – кашмірóвы ці ў пары тыпу раскоша – роскаш, дзе варыянты адрозніваюцца як гукамі з-за рознага месца націску, так і канчаткамі): 1) І не ў тым вартасць, дакладна ці не дакладна выпісаў дзень у малюнку, у колерах, а ў тым, як моцна, выразна, свежа захаваў у сабе тое вясновае ў зімовым дні святло, тую вясновую раскошу, тон, цяплынь халоднага снегу, дыханне першых дзён вясны, якую Бялыніцкі-Біруля называў вясною святла (В. Карамазаў); 2) ...Што нехта гібла-раўнадушны, хто зерня з роду не ласкаў, ад сытай роскашы аглухшы, не чуе хлеба горкіх скарг… (Н. Гілевіч)

Прычыны ўзнікнення варыянтаў слоў розныя. Яны могуць прыходзіць у літаратурную мову з дыялектнай, як у слове цяжкі –цяжкі: калі ў “Беларускай граматыцы” (1985 г.) цяжкі разглядаецца як літаратурная норма, а цяжкі – як “нелітаратурны варыянт” [1, с. 356], то ў “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” (2005 г.), “Слоўніку беларускай мовы” (2012 г.) ужо абодва варыянты лічацца нарматыўнымі. Варыянтнасць можа развіцца па аналогіі (кішмá, старчмá, тарчмá → дармá – дáрма ← бéгма, гýльма, лéжма, сéдзьма) ці перайсці на ўтворанае слова з утваральнай базы (водар – водыр → водарны – водырны; лáскáвы → лáскáвасць; асячы – асекчы → асячыся – асекчыся) або быць вынікам недакладнага засваення іншамоўнай лексікі, як, напрыклад, у назоўніку чáрдáш, што паходзіць з венгерскай мовы, дзе націск заўсёды падае на першы склад, а нахіленымі рыскамі над галоснымі пазначаецца іх доўгае гучанне: czárdás.

Даволі часта варыянтнасць слоў абумоўлена ўплывам суседніх моў, у прыватнасці польскай мовы, з якой беларуская знаходзілася і знаходзіцца ў самым цесным кантакце. Так, варыянтнасць некаторых слоў узнікла ў выніку запазычання з польскай мовы іх фанетычных дублетаў, напрыклад: кмет + кмець (польск. kmieć), крапіла + крапідла (польск. kropidlo), серабро + срэбра (польск. srebro). Праілюструем варыянты аднаго з гэтых слоў вершаванымі радкамі Янкі Купалы: 1) Вецер плыў лісткамі, песціў, калыхаў, галінкамі трос, як крапілам, птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, кружыўся з белым кветак пылам; 2) Адбіваючы тут жа паклоны плашмя, нейкі нехрысць крапідлам махае, пяе, ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя і за золата гэта імя прадае.

Існаванне аднаго з варыянтаў падтрымліваецца польскай мовай у наступных парах: джэрсі – джэрсі (параўн. рус. джэрсú і польск. dżersej), дзірка – дзюрка (польск. dziura), запанка – запінка (польск. zapinać), затычка – затычка (польск. zatyczka), знімак – здымак (польск. zdjęcie), кайданы – кайданы (параўн. рус. кандалы і польск. kajdany) і г. д. Некалькі прыкладаў ужывання ў маўленні некаторых з названых слоў: 1) Тут, сярод замкаў ды пушчаў, п’юць, жлукцяць, квасяць, бухаюць, заліваюць горла – бо зеўрае, зеўрае чорная дзірка ў сэрцы, а святое месца пуста не бывае (П. Севярынец); 2) Крыж баліць табе, бяднязе, ад той цяжкай ад той працы, накрыж латы у сярмязе, накрыж дзюркі ў тваёй хатцы (Я. Купала); 3) – Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але, калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца (У. Арлоў); 4) Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай! Зайграйце пацехай на родным загоне, што ўжо няма болей няволі, кайдáнаў і людзі не стогнуць, як стогнуць сягоння! (Я. Купала)

Вар’іраванне назіраецца і ў саміх запазычаннях з польскай мовы: клунак – клумак (польск. tłumok), кмен – кмін (польск. kmin), стос – стус (польск. stos) і інш. Як бачым, у пералічаных назоўніках адбываецца мена гукаў блізкай артыкуляцыі, што адрозніваюцца адной нейкай прыкметай: месцам утварэння ([м]–[н]), пад’ёмам ([і]–[э]; [о]–[у]).

Адзін з варыянтаў можа быць вынікам фанетычнага асваення запазычаных з польскай мовы слоў. Так, аканне паўплывала на ўзнікненне варыянта блазан у назоўніку блазан – блазен (польск. blazen); неўласцівы славянскім мовам гук [ф] мяняецца на [х] у назоўніку куфель – кухаль (польск. kufel ад с.-в.-ням. kuefel).

У фанетычным вар’іраванні некаторых запазычанняў з польскай мовы адлюстраваліся два супрацьлеглыя працэсы, што адбываюцца падчас фанетычнага асваення іншамоўных слоў, – асіміляцыя, або прыпадабненне гукаў (напрыклад, польск. hamernia → бел. гамэрня – гамáрня), і дысіміляцыя, або распадабненне гукаў (напрыклад, польск. wędlina → бел. вяндліна – вянгліна: зубныя [д] і [л] мяняюцца на заднеязычны [г] і зубны [л]).

Такім чынам, варыянтнасць шмат якіх слоў у беларускай мове з’яўляецца вынікам яе кантактавання ў розныя часы з польскай мовай. У адных выпадках яна абумоўлена запазычаннем з польскай мовы фанетычных і акцэнтных дублетаў ужо існуючых у беларускай мове слоў. У другіх – асаблівасцямі фанетычнага асваення запазычанай з польскай мовы лексікі.

Ірына Хлусевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

ХІХ – пачатак  ХХ ст.  –  час інтэнсіўнага развіцця беларускай літаратурнай мовы, выпрацоўкі і замацавання яе графіка-правапісных, фанетычных, марфалагічных і лексічных нормаў. Многія асаблівасці беларускай мовы былі адлюстраваны ў мастацкіх і публіцыстычных т...
Адзін з вызначальных момантаў рамантычнай паэзіі — апяванне, узвышэнне Айчыны праз вобраз каханай, калі ствараецца праўдзівы культ, якому верна служыць і перад якім у пашане схіляецца рыцар-паэт. У беларускай і польскай паэзіі гэтае велічнае двуадзінства годна...
Уплыў Адама Міцкевіча на беларускую паэзію такі значны, што водгукі ягоных твораў сустракаюцца ў вершах многіх нашых паэтаў. І гэта зразумела, бо “слова Міцкевіча … заўсёды любае там, дзе жыве і квітнее сапраўдная паэзія” [1, c. 4]. Задача нашага даследавання ...