ХІХ – пачатак ХХ ст. – час інтэнсіўнага развіцця беларускай літаратурнай мовы, выпрацоўкі і замацавання яе графіка-правапісных, фанетычных, марфалагічных і лексічных нормаў. Многія асаблівасці беларускай мовы былі адлюстраваны ў мастацкіх і публіцыстычных тэкстах ХІХ ст., вызначыліся тэндэнцыі да перадачы фанетычных рысаў, пэўных марфалагічных, лексічных адметнасцяў, але агульнапрынятых і абавязковых нормаў выпрацавана не было. Па гэтай прычыне пісьменнікі ХХ ст. пры напісанні і выданні сваіх твораў павінны былі, арыентуючыся на сваю родную гаворку, улічваючы працу папярэднікаў, самастойна выпрацоўваць нормы літаратурнай мовы. Таму важнае значэнне ў гэты перыяд маюць моўнае чуццё, моўны густ аўтараў, уменне заўважыць найбольш тыповыя, зразумелыя ўсім беларусам рысы, і адлюстраваць іх у творах. У гэты час узрастае роля асобы, здольнай даць узор правільнага выкарыстання мовы, на які будуць арыентавацца іншыя, і такімі аўтарытэтамі ў беларускай культуры сталі Янка Купала і Якуб Колас.
Таму ролю Янкі Купалы – аднаго з самых яркіх, таленавітых і аўтарытэтных беларускіх майстроў слова ў развіцці, станаўленні і нармаванні беларускай літаратурнай мовы ў гэты перыяд нельга пераацаніць. Ён актыўна ўдзельнічае ў працэсе фармавання і замацавання нормаў беларускай літаратурнай мовы пісьменніцкай і рэдактарскай працай (“Наша ніва”), працай у складзе правапіснай камісіі пры Інбелкульце, моватворчасць паэта становіцца ўзорам для пісьменнікаў малодшага пакалення. “Сама яго (Янкі Купалы) моватворчасць успрымалася сучаснікамі як нарматыўная, з’яўлялася прыкладам паслядоўнай перадачы асаблівасцей жывой беларускай гаворкі на пісьме, правільнага, дакладнага ўжывання слоў і зваротаў, граматычных форм і канструкцый”, – піша Л.М.Шакун [1, с.32-33].
У самых ранніх творах заўважаецца неабыякавасць паэта да роднай мовы, прасочваецца свядомы адбор мастацка-выяўленчых і моўных сродкаў. Янка Купала з пашанаю ставіцца да роднага слова, бо, як піша сам: “Самы важнейшы і непраломны закон жыцця – гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам” [2, с.34]. Важным этапам у станаўленні Янкі Купалы як паэта, знаўцы мовы стала супрацоўніцтва з “Нашай Нівай”, знаёмства з узорамі розных гаворак, што дапамагло паэту задумацца над праблемамі развіцця беларускай мовы, уважліва прыгледзецца да роднай гаворкі, вызначыць агульнапашыраныя рысы, выпрацаваць, удасканаліць моўны густ. Таму ў творах Янкі Купалы ранняга перыяду выразна выяўляюцца дзве тэндэнцыі: па-першае, да замацавання рысаў, характэрных яго роднай гаворцы, па-другое, імкненне прытрымлівацца агульнапашыраных рысаў, якія ёсць у большасці іншых беларускіх гаворак.
Мова ранніх Купалавых твораў адлюстроўвае агульныя працэсы фармавання беларускай літаратурнай мовы і ўласнае разуменне шляхоў яе развіцця, выяўляе яго моўную інтуіцыю, спецыфіку адбору моўна-выяўленчых сродкаў пры адсутнасці кадыфікаваных нормаў.
Графіка-правапісныя нормы беларускай літаратурнай мовы выпрацоўваюцца ў ХІХ-пач.ХХст., вядучую ролю ў іх замацаванні адыграла “Наша ніва”, якая да кастрычніка 1912 года выходзіла і на кірыліцы (грамадзянцы), і на лацінцы. На яе старонках вядзецца дыскусія аб тым, які шрыфт больш адпавядае пісьмовай традыцыі беларусаў (№ 4, 5, 6, 19-20 за 1912 год). Друкуюцца тут і іншыя артыкулы па пытаннях развіцця беларускай мовы, нацыянальнага адраджэння (А.Луцкевіч “Родная мова і яе культурнае значэнне”, “Беларуская мова ў апошнім пяцілецці”, В.Ластоўскі “Родная мова”, Л.Гмырак “Мова ці гутарка” і інш.). [3]. “Наша Ніва” спрыяе выпрацоўцы і пашырэнню прынцыпаў правапісу (фанетычнага для галосных, марфалагічнага для зычных, этымалагічнага для іншамоўных слоў), замацаванню марфалагічных і лексічных нормаў, ускладненню сінтаксісу, выпрацоўцы беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. І нам бачыцца ў гэтым немалая заслуга і Янкі Купалы, які быў супрацоўнікам, а пасля пэўны час і рэдактарам газеты.
Сярод вершаў, надрукаваных Янкам Купалам у “Нашай Ніве”, шмат пейзажных, што адлюстроўваюць найбольш прыкметныя рысы беларускай прыроды: рэчка, лес, луг (“Рэчка”, “Сад”, “Дуб”, “Як у лесе зацьвіталі”, “Летняя раса”), усе поры года (“Зіма”, “З песень аб вясьне”, “Лета”, “Прышла восень”), народныя святы і паданні (“У купальскую ноч”, “На Куцьцю”, “У Пилипоуку”, “Ваўкалак”). Для Купалы, як і для твораў вуснай народнай творчасці, характэрна адухаўленне прыроды: рэчка для лірычнага героя жывая і гаваркая, з ёю можна падзяліцца сваімі думкамі і перажываннямі (“Рэчка”), дуб – стары і мудры, які шмат бачыў на сваім вяку (“Дуб”), сад – жывая істота, здольная гаварыць і спачуваць (“Сад”), ночка – сейбіт (“Летняя раса”). Мова ранніх публікацый твораў Янкі Купалы выразна адлюстроўвае сувязь з жывой гутарковай мовай, таму ў творах паэта, апублікаваных у “Нашай ніве”, выяўляюцца ўсе важнейшыя фанетычныя рысы беларускай мовы, якія пазней замацаваліся ў якасці літаратурнай нормы: поўнае недысіміляцыйнае аканне: сухажыльля, халоднага, убогага, далакопы, яканне (пераважна ў першым пераднаціскным складзе): ня змог, ня кеміць, ня тое, пераход [в], [л] у [ў]: паплылі ў даль, маўчыць, зацвярдзенне шыпячых: сказаўшы, жывы, тройчы, зацвярдзенне этымалагічнага [р’]: корэньчык, морэ, прыблудак, прыдзі, зацвярдзенне этымалагічнага [ц’]: ваконцэ, сэрцэ, прыстаўныя галосныя і зычныя: вочы, вунь, восень, гэты, вусны, дзеканне: павядзі, саладзі, цеканне: маўчыць, маці, ры на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі ў слабай пазіцыі: дрыжаць, падаўжэнне зычных у інтэрвакальным становішчы: Купальле, жыцьцё, крыльле, пераход [э] у [о]: маёй, ёсьць, усё і інш. Праўда, пры фіксацыі некаторых фанетычных з’яў заўважаецца непаслядоўнасць, абумоўленая адсутнасцю кадыфікацыі гэтых нормаў. Прасочваецца фанетычны прынцып напісання ў прыкладах асіміляцыі па мяккасці зычных: зьвініце, вясельля, усьпелі, па спосабу ўтварэння: крошаццы, па глухасці: с князем, с табой [4, 5]. У першых публікацыях сустракаюцца асобныя фанетычныя дыялектызмы, пасля кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы яны замяняюцца агульнапрынятымі: прыдзі – прыйдзі, усьмехаюцца – усміхаюцца, шоў – ішоў.
Большасць марфалагічных рысаў твораў гэтага перыяду супадае з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, адхіленні нешматлікія, іх можна патлумачыць уплывам роднай Купалу гаворкі, фальклорнымі традыцыямі, патрабаваннямі рыфмы і рытмікі верша і толькі зрэдку ўплывам рускай мовы.
Спрыяе агульназразумеласці мовы твораў і той факт, што Янка Купала “валодаў дзвюма асноўным беларускімі гаворкамі – сярэднебеларускай і паўночна-ўсходняй [6, с.404], якія адлюстраваліся ў яго творах, а пасля многія з іх замацаваліся ў якасці кадыфікаваных нормаў.
Выразна прасочваецца сувязь вершаў з народнымі песнямі, пад уплывам менавіта фальклорных твораў выкарыстоўваюцца назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі: вадзіца, далінка, ночка, ночэчка, кусточак, губкі, сонейко, травінка, расіца і інш., клічныя формы назоўнікаў: хлебаробе, кароткія формы прыметнікаў і дзеепрыметнікаў: бел-свет, слаб, дуж, нявідзіма (рука), жывы (усе) і інш. Сустракаюцца таксама дыялектныя формы назоўнікаў: М. скл. адз. л. з канчаткам -і (ва ўсіх родах): у хаці, у целі, у лесі, зборныя назоўнікі ў форме множнага ліку: карэньня, прыслоўяў: тамка, тутка, покі, недасяжне, кудысь, па-хаўтурну, займеннікаў: тэй, лічэбнікаў: трэйце, аднэ, аднак некаторыя падаюцца паралельна з формамі, якія пазней замацаваліся ў якасці нарматыўных: тут, там (“На Купалле”), пакуль (“Не праспі…”).
Важную ролю ў творах паэта адыгрывае дзеяслоў. Пры дапамозе дзеяслова ствараюцца метафары: думку саладзі, думку прывядзі, увасабленні: пляцецца ночка-чараўніца, лісці ласюцца па твары, зямля заначуе, траўкай сьмяецца зямля, кум-лес бае, параўнанні (часта бытавога характару): скрадаецца, як злодзей; пайшоў, як нецвярозы; віцца будзеш, як вужака і інш.
Формы дзеясловаў у творах Янкі Купалы шматлікія і разнастайныя. Паколькі вершы, надрукаваныя ў “Нашай Ніве”, пераважна публіцыстычныя і пейзажныя, то рэдка выкарыстоўваюцца формы 1 асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу абвеснага ладу: ару, бараню, гляну, няшмат формаў 2 асобы адзіночнага ліку: трасешся, ходзіш, клянеш, 2 асобы множнага ліку. Іх марфалагічнае афармленне і выкарыстанне адпавядае нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, адлюстроўваюцца правапісныя і фанетычныя асаблівасці, характэрныя тагачасным выданням. Найбольш пашыраныя формы дзеясловаў 3 асобы адзіночнага і множнага ліку. Асаблівасцю мовы твораў з’яўляецца выкарыстанне дзеясловаў 2 спражэння ў форме 3 асобы адзіночнага ліку без фінальнага -ць: бароне, вылазе, выскачэ, гаворэ (гавора), гоне, залазе, загалосе, не застраша, марудзе, пагоне. Такія формы ўласцівыя сярэднебеларускім гаворкам, шырока ўжываюцца ў творах папярэднікаў Янкі Купалы [7, с.237], пісьменнікаў і паэтаў пачатку ХХст. У пазнейшых выданнях твораў Янкі Купалы дыялектныя дзеяслоўныя формы замяняюцца агульнапашыранымі кадыфікаванымі: зводзе – зводзіць (“Сёмуха”), гамоне – гамоніць (“У купальскую ноч”), водзе – водзіць, ходзе – ходзіць, хваце - хваціць (“Ігнату Буйніцкаму”) і інш. Аднак паслядоўна замена адбываецца толькі ў тых выпадках, калі не парушаецца рытміка і рыфма верша:
Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца ўсё чыста
Ходырам з ім ходзіць.
У некаторых выпадках дыялектныя формы захоўваюцца: страша (“Сёмуха”), усходзе, бароне, ходзе, застраша, марудзе, абходзе, загалосе (“У купальску ноч”), залазе, прыходзе, наводзе (“Ваўкалак”), не шкодзе, гавора (“Рэчка”) і інш., бо іх замена парушыла бы рыфму верша, яго музычнасць, напеўнасць:
А рэчка як бы мне гавора:
“Аб долі хочаш знаць маей?
Я – капля ў моры; толькі ж мора
Маё ад дум тваіх святлей!..”
(“Рэчка”) [т.3 ,с.12]
Дзеясловы 2 спражэння ў форме 3 асобы множнага ліку ўжываюцца з канчаткам -уць(-юць): ласюцца, прыносюць, валочуць, убачуць, вяселюцца, што таксама не рэдкасць для беларускай літаратурнай мовы ХІХ-пач.ХХст. Пазней такія формы замяняюцца нарматыўнымі: ласяцца, прыносяць, валочаць, вяселяцца.
Дзеясловы ў форме 1 асобы множнага ліку выступаюць часта з націскным фінальным -ём: жуём, жывём, пяём, клянём, што ўласціва большасці [8,с.107] беларускіх гаворак і мове “Нашай Нівы”.[9, с.385]
Сярод формаў прошлага часу адзначым ужыванне формаў адзіночнага ліку ніякага роду прошлага часу з канчаткам -о: заныло, зайграло, звало, узышло, настало і інш. У Купалавых творах такія формы стабільныя, без фанетычных варыянтаў, думаецца, што прычына іх выкарыстання на пачатку ХХст. – імкненне адрозніць формы жаночага і ніякага роду, а таксама фанетычная – захаванне ненаціскнога [о] на канцы словаў.
Адметнасцю мовы Купалавых твораў гэтага часу з’яўляецца ўжыванне разнастайных і шматлікіх формаў загаднага ладу, што абумоўлена публіцыстычным характарам яго паэзіі. Мастацкая задача, што ставіў перад сабой Янка Купала на пачатку сваёй творчасці, заключаецца, перш за ўсё, у жаданні разбудзіць народ, паклікаць да лепшай долі, таму некаторыя вершы напісаныя ў форме звароту: “Аратаму”, “Касцом”, “Ворагом”, “Касцу”, ёсць творы, поўнасцю пабудаваны на выкарыстанні формаў загаднага ладу: “Не прасьпі!”, “Гэй, капайце далакопы”, “За праўду...”. У вершы “Гэй, капайце далакопы” выкарыстоўваюцца толькі формы дзяслова загаднага ладу 2 асобы множнага ліку: склікайце, ударце, загудзеце, зьвінеце, не кідайце, зайграйце, зьбірайцесь, сабірайцесь, галасіце. У іншых творах ужываюцца таксама формы пераважна 2 асоба адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу: абудзі, павядзі, пасадзі, сьпі, устань, паланей, заіскрыся, высуш, вырві, будзіце, клічце, сьвяціце, не трашчыце і інш. У формах 2 асобы множнага ліку пад націскам ужываецца канчатак -іце, толькі ў адзінкавых выпадках сустракаецца канчатак -эце: скажэце. У формах 2 асобы адзіночнага ліку, як выключэнне, бачым формы тыпу аблійся, бийся.
Цесная сувязь Купалавых твораў з мовай фальклору праяўляецца ў пераважным выкарыстанні формаў інфінітыва на -ці: жыці, паспытаці, снаваці, спраўляці, чуваці, хаваці, якія і пасля кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы ў творах захоўваюцца. Паралельна ёсць і формы на -ць: выпраўляць, надзець, цапнуць, збіраць, кляпаць, уставаць.
У ранніх творах ужываюцца формы з постфіксам -сь: збірайцесь, сабірайцесь, узгукалісь, агледаючысь, -ся: прачнуліся, калыхаліся, наліліся, гнуўся (пераважаюць). Часам у адным і тым жа творы ёсць формы на -сь і -ся: узгукались, апанурылись, загасилося, азвярэлися «Чаго хмурыцца»). У пазнейшых выданнях робіцца замена постфікса -сь постфіксам -ся, толькі ў асобных выпадках -сь захоўваецца: схаваўшысь (“Лета”). У зваротнай форме могуць выкарыстоўвацца дзеясловы, што ў сучаснай беларускай літаратурнай мове ужываюцца без яго: дарасьціўся, азвярэліся.
Адзначым ролю Янкі Купалы ў выпрацоўцы лексічных нормаў літаратурнай мовы, замацаванні ў творах лексічнага багацця роднай гаворкі. Мова Купалавых твораў багатая і разнастайная, адлюстроўвае самыя розныя тэматычныя пласты лексікі: ад прыродаапісальнай, бытавой да грамадска-палітычнай, выразна перадае сувязь з народна-гутарковай мовай, мовай вусна-паэтычнай творчасці
Актыўна выкарыстоўвае Купала сродкі народнай мовы пры стварэнні новых слоў і словазлучэнняў, яго новатворы папаўняюць сістэму паэтычнай лексікі і беларускай мовы наогул [10, с.38]: вясёлкавы (шлях), церневая (пуціна), сквапліва, шумліва, грайкія струны, нявыплаканая сіла, гулказвонны, жыватворны, легкавейны, шумнацечная, зорнавокія, пусталістыя і інш. Адны з яго аказіяналізмаў замацаваліся ў якасці нормы беларускай літаратурнай мовы, іншыя маюць у слоўніках абмежавальныя паметы, тым не менш ужываюць “купалаўскія” словы П.Панчанка, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка і іншыя беларускія паэты [6, с.404]. Купалаўскія традыцыі ў моўнай практыцы істотна паўплывалі на моватворчасць беларускіх пісьменнікаў [6, с.404].
Лексічныя дыялектызмы ў творах Янкі Купалы сустракаюцца досыць рэдка грагаюць, паношыцца, аднак іх сэнс лёгка зразумець з кантэксту. Часцей бачым русізмы, на месцы якіх ў пазнейшых выданнях ужываюцца беларускія адпаведнікі: паймі – уцям, шчакоча – ласкоча. Толькі ў некаторых выпадках захоўваюцца: прашчаўся, відзеў, жджы.
У якасці падагульнення зазначым: Янка Купала прыняў самы актыўны ўдзел у адраджэнні беларускай культуры, літаратуры, мовы, прапагандзе беларускай мовы, у пашырэнні беларускай мовы ў грамадстве, у павышэнні яе аўтарытэту. Нямала зроблена ім для нармавання беларускай літаратурнай мовы, выпрацоўкі і замацавання графіка-правапісных, лексічных, фанетычных, марфалагічных, стылістычных і арфаэпічных нормаў. Пасля Янкі Купалы беларуская мова стала успрымацца чытачом як “факт прыгожага пісьменства” [6, с.404]. Агульныя тэндэнцыі фармавання беларускай літаратурнай мовы выяўляюцца ўжо ў самых ранніх творах Янкі Купалы, таму параўнанне першых публікацый твораў і пазнейшых, дапрацаваных і ўдасканаленых, дае магчымасць прасачыць адметнасці адбору моўна-выяўленчых сродкаў і вызначыць, якія з асаблівасцяў мовы Купалавых твораў сталі нарматыўнымі, а якія на сённяшні дзень нормай літаратурнай мовы не з’яўляюцца.
І.І. Бубновіч