Польска-савецкая вайна (1919–1921 гг.) з’яўляецца адной з самых складаных старонак гісторыі Беларусі. Акрэслены перыяд зрабіўся пераломным і лёсавызначальным для беларускага народа, у жыцці якога адбываліся кардынальныя змены палітычных і сацыяльных устояў.
Тэрыторыя Беларусі ў гэты час выступала арэнай ваенна-палітычнага супрацьстаяння паміж дзвюма дзяржавамі – Польшчай і РСФСР. Падчас ваенных дзеянняў 1919-1920 гг. на беларускіх тэрыторыях некалькі разоў адбывалася чаргаванне ўлады, у сувязі з чым змянялася палітыка і афіцыйная ідэалогія, што ўплывала на ўсе сферы жыцця тагачаснага грамадства. У дадзеных умовах народная адукацыя з’яўлялася адным з важнейшых інструментаў унутранай палітыкі як Польшчы, так і РСФСР і выкарыстоўвалася для фарміравання лаяльнасці і забеспячэння падтрымкі новай улады з боку мясцовага насельніцтва. Школа як спецыфічны грамадскі інстытут заўсёды была наперадзе ў справе дзяржаўна-патрыятычнага выхавання, павышэння культурнага ўзроўню і фарміравання грамадзянскай пазіцыі насельніцтва. Міжнародная супольнасць уважліва сачыла за станаўленнем палітычнага ладу ў польскай і савецкай дзяржавах. Таму курс на пераход да ўсеагульнага навучання і развіццё нацыянальнай адукацыі, абвешчаны як польскім, так і савецкім бокам, з’яўляўся адным з найважнейшых тактычных крокаў, які падмацоўваў намаганні стварыць агульную карціну дэмакратызацыі грамадства. Пры гэтым сапраўдныя адносіны абодвух урадаў да лёсу беларускай дзяржаўнасці выразна адлюстроўваліся ў практычным ажыццяўленні іх адукацыйнай палітыкі.
Да сённяшняга часу ў гістарыяграфіі не існуе адзінага аб’ектыўнага і ўсебаковага даследавання падзей польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. Прычына дадзенай сітуацыі бачыцца ў складанасці тагачасных беларуска-польскіх адносін, якія да сённяшняга дня не атрымалі дастаткова поўнай і аб’ектыўнай ацэнкі з боку гісторыкаў. Асобныя навуковыя публікацыі апошніх дзесяцігоддзяў выразна дэманструюць імкненне як польскіх, так і сучасных айчынных даследчыкаў трактаваць спрэчныя факты ўласнай палітычнай гісторыі на сваю карысць, што вядзе да ўзнікнення прынцыпова супрацьлеглых метадалагічных пазіцый і робіць праблематычным фарміраванне цэласнай і аб’ектыўнай карціны абазначанай праблемы. На наш погляд, аб’ектыўнасць пры вывучэнні агульнага гістарычнага мінулага як з беларускага, так і з польскага боку з’яўляецца залогам развіцця станоўчых палітычных і культурных адносін паміж бліжэйшымі суседзямі.
На сённяшні дзень наяўнасць арыгінальных першакрыніц перыяду польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. дазваляе ажыццявіць аб’ектыўнае даследаванне на якасна новым узроўні, згодна з патрабаваннямі сучаснай гістарычнай навукі. Багаты фактычны матэрыял дае магчымасць прасачыць, як рэальна ўплывалі палітычныя працэсы на школу і педагагічную думку, і наадварот, як адукацыйны фактар уздзейнічаў на дзяржаўную палітыку і жыццё грамадства. Таму крытычны аналіз і ўспрыняцце вопыту гістарычнага мінулага ў справе школьнай адукацыі з’яўляецца вельмі актуальнай патрэбай для пашырэння нацыянальнай свядомасці і грамадзянскай культуры нашага народа/
Трубчик Елена Геннадьевна