У разглядаемы перыяд у Беларусі налічвалася значная колькасць мястэчак. Беднасць архіўных дадзеных перашкаджае дакладна вызначыць колькасць мястэчак у другой палове XVIII ст. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у Беларусі налічвалася каля 290 мястэчак. Іх колькасць не была пастаяннай: у звестках за розныя гады значацца розныя даныя. Справа у тым, што часам у разрад мястэчак уносілі буйныя сёлы і, наадварот, некаторыя мястэчкі адносіліся да сёл. Кожны дваранін меў права заснаваць у сваіх уладаннях таргі і кірмашы, тады сяло пераводзілася у разрад мястэчак [1, л. 17]. Указ сената ад 26 кастрычніка 1810 г. дазваляў памешчыкам пераводзіць свае сёлы і вёскі ў разрад мястэчак з мэтай продажу ў іх віна, які быў забаронены ў вёсках; для гэтага неабходны быў толькі дазвол губернатара [2, л. 133]. У канцы 50-х гг. XIX ст. у Беларусі налічвалася ўжо каля 400 мястэчак.
Большасцю мястэчак беларускіх губерняў валодалі памешчыкі. Так, па звестках Казённай палаты, у 1835 г. у Мінскай губерні налічвалася 110 мястэчак, у тым ліку 92 памешчыцкіх і 18 казённых. У пяці беларускіх губернях к канцу 30-х гг. XIX ст. толькі 15,5 % мястэчак былі казённымі, астатнія належалі прыватным уладальнікам. Зямельным магнатам Беларусі належалі буйныя мястэчкі: Храптовічу – Вішнева і Бешанковічі; Вітгенштэйну – Налібокі, Глыбокае, Крэва; Сапегам – Прапойск, Быхаў, Дашкоўка, Гайшын; Тышкевічам – Валожын, Лагойск; Тызенгаўзу – Паставы, Дуброўна, Межаў, Баева і інш.; Салагубу – Горкі; Паскевічу – Гомель; Радзівілу – Урэчча. У прыватным уладанні знаходзіліся і такія мястэчкі, як Зэльва, Свіслач, Шклоў, Мір, Шэрэшава, Смаргонь, Петрыкаў, Любавічы, Парычы, Жлобін, Косава і інш.
Па развіцці гандлю і рамяства некаторыя мястэчкі не адрозніваліся ад гарадоў, а часам пераўзыходзілі іх. У шэрагу мястэчак існавалі буйныя прамысловыя пардпрыемствы. Некаторыя мястэчкі адрозніваліся развіццём гандлю, у іх збіраліся буйныя кірмашы (Зэльва, Бешанковічы, Свіслач, Свяцілавічы і інш.). Аднак большасць мястэчак адносілася да невялікіх паселішчаў, асноўную частку якіх складалі сяляне. Некаторыя жыхары мястэчак (у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці) вялі дробны гандаль, займаліся рамяством і рознымі промысламі. Часам уладальнікі мястэчак пераводзілі на грашовую рэнту прыгонных рамеснікаў [3, л. 2]. Развіццё гандлю ў мястэчках, існаванне прамысловых прадпрыемстваў абумовілі перавод шэрага мястэчак у разрад пазаштатных гарадоў.
Буйныя мястэчкі Беларусі не адрозніваліся па знешнім выглядзе ад павятовых гарадоў. Напрыклад, у мястэчку Гомель у 1828 г. налічвалася 18 мураваных будынкаў [4, л. 6], у той час як у 11 павятовых гарадах гэтай губерні – усяго 24.
Цяжкім было падаткавае становішча жыхароў мястэчак. Усе даходы ва ўладальніцкіх мястэчках ішлі на карысць уладальнікаў мястэчак [5, л. 358-366]. Віцебскі губернатар адзначаў у 1831 г., што ў мястэчках “амаль уся зямля панская, царкоўная і жыхары па волі ўладальнікаў абавязаны плаціць ім пазямельныя грошы, якія перавышаюць нават казённыя падаткі і іншыя павіннасці” [6, л. 60]. Так, жыхары мястэчка Гомель абавязваліся выплачваць уладальніку маёмасці штогод па 25 руб серабром з надзела пазямельнай платы [7, л. 2]. Калі мястэчка было казённым, то пазямельны падатак выплачваўся ў дзяржаўную казну [8, л. 489]. Падаткі ў мястэчках не рэгламентаваліся, што давала магчымасць памешчыкам і адміністрацыі ўладальнікаў налічваць падаткі і ўводзіць дадатковыя плацяжы. Жыхары мястэчка Радашковічы пісалі ў 1796 г. у скарзе, што “раней яны плацілі на войта з пляца па 7,5 капейкі, а зараз абкладзены вельмі шматлікімі падаткамі, што не маюць магчымасці ўсё плаціць”. Стараста мястэчка часта “скарыстоўваў” іх на розных работах, часам да трох дзён у тыдзень. Акрамя таго, мяшчане плацілі казённы падатак за мясцовых ксяндзоў. Даходы з млына, з крам і рызніц стараста таксама забіраў сабе. Мяшчане прасілі пазбавіць іх ад лішніх падаткаў, а даходы перадаць на карысць жыхароў.
Такім чынам, у другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у Беларусі назіраўся нязначны рост гарадоў, а адметнай асаблівасцю рэгіёну была наяўнасць вялікай колькасці мястэчак, частка якіх была вялікімі паселішчамі.
Жыхары мястэчак займаліся сельскай гаспадаркай, аднак поўных даных аб колькасці жыхароў мястэчак, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, агародніцтвам і садоўніцтвам, у нас няма. Ёсць агульныя ўказанні на тое, что частка жыхароў мястэчак займалася сельскай гаспадаркай. Так, за 1808 г. ёсць звесткі аб “занятках земляробствам” жыхароў мястэчак Петрыкава, Давыд-Гарадка, Турава, Узды, Беразіно, Крычава і шэрага іншых [9, л. 26-30]. У мястэчках земляробствам займаліся не толькі мяшчане-хрысціяне, але і яўрэі, пераселеныя з сельскай мясцовасці. У Мінскай губерні ў 1809 г. з 1840 яўрэйскіх сямей, пераселеных у мястэчкі, 70 займаліся сельскай гаспадаркай [10, л. 231-232; л. 15-16].
Акрамя ўказаных заняткаў, частка местачкоўцаў Беларусі займаліся пчалярствам, рыбалоўствам і паляваннем [11] якія мелі часткова прамысловы характар.
Слабае развіццё прамысловасці і рамяства вымушала жыхароў мястэчак у пошуках сродкаў для існавання займацца рамізніцтвам. Так, асноўнымі заняткамі жыхароў мястэчка Асвеі Суражскага павета ў 1832 г. былі названы цяслярства і рамізніцтва [12, л. 486-488].
Многія атрымлівалі даход ад здачы ў арэнду дамоў, крам і іншых пабудоў. Значныя даходы ад здачы ў арэнду сваіх пабудоў, у асноўным у час кірмашоў, атрымалі мяшчане мястэчак Гомель, Хіславічы, Зэльва, Свіслач, Бешанковічы [13].
Частка прамысловых прадпрыемстваў знаходзілася ў мястэчках. Часцей за ўсё гэта былі вотчынныя прадпрыемствы, якія належалі ўладальнікам мястэчак – памешчыкам. Працэнт вольнанаёмных рабочых тут быў значна ніжэйшы, чым у гарадах.
Сельскагаспадарчыя і іншыя заняткі насельніцтва большасці мястэчак сведчылі аб нізкім узроўні развіцця рамяства і прамысловасці.
А.Э. Лютая
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.