Летапісанне ХVI – XVIІI стст. у Беларусі працягвала традыцыі рускага летапісання ХІ – ХІІІ стст.., пачынаючы з “Аповесці мінулых гадоў”. Па словах А.Лойкі, “летапіс узнік дзеля службовых, юрыдычных мэтаў. Толькі пазней ён стаў набываць сваё ідэалагічнае і літаратурнае значэнне…, але…, губляючы “надзённую” функцыянальнасць, летапіс усё больш набліжаўся да чыста літаратурнага жанру” [3, с. 14]. І гэта сапраўды так, хоць розныя варыянты летапісаў па змесце не ідэнтычныя. Так, Нікіфараўскі, Супрасльскі, Віленскі, часткова Слуцкі паўтараюць агульнарускія летапісныя зводы. Віцебскі летапіс, Баркалабаўская і Магілёўская хронікі адметныя тым, што ў аснове іх ляжыць мясцовы матэрыял. Адзначым адно, што гэтыя летапісы, напісаныя рознымі аўтарамі, маюць свае падабенствы і свае адрозненні.
Найбольш значным мясцовым летапісам ХVI – пач. XVII стст. з’яўляецца Баркалаўская хроніка, у якой у значнай ступені нейкі жыхар, ці манах, ці свяшчэннік сяла Баркалабава адлюстраваў мясцовыя, рэлігійныя і палітычныя падзеі таго часу. Падрабязнае апісанне падзей у сяле і замку Баркалабава і звесткі больш агульнага характару надаюць помніку , – па словах Н. Вайтовіча, – у значнай меры мясцовы, бытавы характар і робяць яго своеасаблівым летапісам Магілёўшчыны” [2, с. 3-4]. Традыцыі Баркалабаўскай хронікі працягнулі першыя летапісцы г. Магілёва Трафім Сýрта і Юрый Трубніцкі, склаўшыя не менш, а магчыма і больш значную Магілёўскую хроніку.
Т. Сурта першы напісаў гісторыю Магілёва з 1693 па 1701 гг., а Ю. Трубніцкі давёў апісанне падзей да 1746 г. У адрозненне ад Баркалабаўскай хронікі Магілёўская намнога шырэй і ў пачатку аддала даніну рускаму летапісанню ХІ ст. У “Аповесці мінулых гадоў” аўтар расказвае пра падарожжа апостала Андрэя Першазванага з Сінопа ў Рым, які на сваім шляху наведаў Кіеўскія горы, благаславіў іх і святы крыж паставіў. А горы гэтыя “не дзелячыся, ідуць паласою на некалькі соцен міль уверх Дняпра, на якіх Магілёў” [1, с. 285].
Такім чынам, благаслаўленне Андрэя не абмінула і заснаванне ў будучым як Кіева, так і Магілёва, які на думку аўтара, з ласкі Маткі Божай не ўступае самому Кіеву, за выключэннем толькі святых рэліквіяў [1, с. 285]. Пад 1526 годам аб заснаванні Магілёва ўпамінаецца і ў Баркалабаўскай хроніцы. Але ў 1580 г., як сказана ў тэксце, маскоўскі князь Сярэбраны з вялікім войскам захапіў і спаліў Магілёў, як і ўсё наваколле. Аўтар Баркалабаўскай хронікі ў гэтым плане больш патрыятычны. У адрозненні ад Т. Сурты, які толькі ўпамянуў, што Магілёў быў сапраўды атакаваны маскоўцамі ў 1581 г. Год 1580 не ўпамінаецца. Баркалабаўскі жа храніст выказвае думку, што ўсякае зло павінна быць пакарана: “Маскоўцаў ад Магілёва адцяснілі, пабілі, адагналі. На трупы маскоўцаў было страшна глядзець; мноства трупаў на Дняпры язовішча перагарадзілі, і некалькі тыдняў няможна было ні дняпроўскае рыбы есці, ні вады піць з-за маскоўскіх трупаў” [1, с. 221]. Ён задаволены пачуццём адплаты ворагу за іх злачынствы. З боку Літвы – гэта збройнае і маральнае пакаранне ваяўнічых маскавітаў, і падчас вайны гэта натуральна і непазбежна.
Абедзве хронікі расказваюць пад 1595 г. аб паўстанні Севярына Налівайкі, але пазіцыя аўтараў да гэтых падзей неадназначная. Калі Т. Сурта нават не хавае сваіх адносін да паўстання: “прыйшла на Магілёў навала ад Налівайкі”, “нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму гораду бед нязносных і крыві трапіла нямала” [1, с. 287], і расказвае аб паўстанні вельмі коратка, дык пазіцыю аўтара Баркалабаўскай хронікі цяжка зразумець. Ён вельмі шырока асвятляе падзеі паўстання, ён у курсе ўсіх спраў: аб колькасці казакоў у войску Налівайкі – 2 тыс., гармат – 14, спаленых у Магілёве дамоў – 500, крамаў – 400, а людзей знішчана незлічона. У пагоню за казакамі кінулася літоўскае войска гетмана Радзівіла ў складзе татар – 4 тыс., ліцьвінаў – 14 тыс. Падрабязна расказана пра бітву паміж варагуючымі бакамі, як задушылі паўстанне і чацвертавалі Налівайку. Вельмі прыхільна ставячыся да народа, народнага побыту, аўтар, відаць, не вельмі разумеў прычыны сялянскіх паўстанняў, таму ў яго аповедзе няма ні яго асуджэння, ні абурэння. Ён добрасумленна і дакладна перадае падзеі казацка-сялянскага паўстання і толькі ў адным месцы заўважае, што казакі Налівайкавага войска “пачалі рабіць вялікую шкоду замкам ды панам на ўскраінах” [1, с. 236], што дае падставу сцвярджаць, што храніст “глядзіць на гэта вачыма не селяніна, а чалавека, блізкага да пануючых класаў” [1, с. 9].
Аўтару Баркалабаўскай хронікі, як нікому, вядома жыццё народа, цяжкая праца і поўная залежнасць чалавека ад сіл прыроды. Ён з горыччу апісвае вялікі мор, дажджы і павадкі вясной 1588, затым лютую зіму 1587 г., галодную восень 1601 г. і зіму 1602 г. Ён падрабязна апісвае, як ад холаду і голаду гінулі простыя людзі: “Паміралі на вуліцах, на дарогах, у лясах, у пустэльнях, на раздарожжах, у пустых хатах, у гумнах” [1, с. 247]. Сем’і паразбягаліся ў пошуках ежы, прасілі падаяння і паміралі пад плотам. “Было балюча і страшна глядзець і чуць уздыхі і плач людзей убогіх, аратаяў бедных, – канстатуе аўтар [1, с. 245-246]. Становіцца відавочным, што пакуты народа – гэта пакуты самога аўтара, свяшчэнніка, які не можа раўнадушна глядзець, як гіне яго паства. Праява гуманнасці і чалавекалюбства – асноўная яго рыса. Т. Сурта таксама не абышоў гэтыя трагічныя падзеі, але падыходзіць ён да праблемы некалькі з іншага боку. Яго больш хвалюе, колькі ад страшных перуноў загінула рагатага быдла, што ў возеры выбіты ляшчы, і кожны ў правы бок. Усё гэта, каб не смярдзець, закапалі ў зямлю. У самім горадзе з-за вялікіх снягоў і марозаў з’явілася мноства рысяў, якіх знішчалі дзесяткамі. Ён падрабязна расказвае, што нарабіла стыхія ў палях, вёсках, гарадах. І толькі пад 1695-м годам храніст звяртае ўвагу на людзей, якія з-за страшнага павадку вымушаны былі ад голаду падацца ў рускія землі, адчаго пачалася дарагавізна, і пералічвае, колькі каштавала жыта, авёс, ячмень раней, а колькі цяпер. Гэта дае падставы гаварыць, што Т. Сурта – выхадзец з мяшчанскай або купецкай сям’і, якія заўсёды ведалі лік грошам. Мы яўна бачым, што ў цэнтры ўвагі аўтара не сам чалавек, як гэта адлюстравана ў Баркалабаўскай хроніцы, а тыя страты, што прынесены людзям у выніку страшных прыродных з’яў, змагацца ў якім чалавек не ў стане.
На жаль, Магілёўская хроніка амаль не закранае самую важную праблему эпохі – рэлігійную барацьбу свайго часу – унію паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой 1569 г., пасля якой разгарнулася шырокая барацьба за акаталічванне беларускага і ўкраінскага народаў.
Баркалабаўская хроніка расказвае пра гэтыя падзеі падрабязна, прычым выразна праяўляецца пазіцыя аўтара: ён супраць уніі, ён абаронца праваслаўя.
У абедзвюх хроніках даты падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці, што збліжае са старажытным летапісаннем ХІ – ХІІІ стст.
Якія б не былі адрозненні паміж разглядаемымі намі хронікамі, яны выконвалі адну задачу – напісаць гісторыю Магілёўшчыны; яны дапаўняюць адна адну, і менавіта на гэтым грунтуецца гісторыя гэтага краю.
Пасля Ю. Трубніцкага Магілёўскую хроніку ў другой палове ХVІІІ стагоддзя працягваў яго сын Аляксандр. Яго запісы ахопліваюць перыяд з 1748 па 1788. І заключную частку гэтага летапісу займае хроніка “апошняга магілёўскага летапісца” М. Трубніцкага з 1812 па 1856 г. Такім чынам Магілёўская хроніка стала “фамільнай уласнасцю сям’і магілёўскіх мяшчан Трубніцкіх, якія былі складальнікамі ўсяго зборніка і аўтарамі большай часткі хронікі” [4, с. 117].
Віцебскі летапіс таксама стварала група віцебскіх гараджан: Міхаіл Панцырны, Ян Чарноўскі, Гаўрыла і Стафан Аверкі. Першы заклаў аснову летапісу і давёў запісы да 1709 г. Самы малодшы з іх С. Аверка аб’яднаў запісы ўсіх вышэй названых летапісцаў, уключыў некаторыя падзеі з польскіх хронік і завяршыў сваю працу ў 1768 годзе. Тэкст летапісу значна адрозніваецца ад Баркалабаўскай і Магілёўскай хронік. Тут няма разгорнутых аповядаў як, напрыклад, пра магілёўскую гісторыю , а тэкст асноўваецца на сухіх пагадовых запісах пра самыя значныя падзеі з гісторыі Віцебска, прычым храналогія часта парушаецца. М. Панцырны, як пачынальнік, абмінае падзеі біблейскай гісторыі і пачынае з Х ст. , калі кіеўская княгіня Вольга заснавала ў 974 г. Віцебск, хоць гэтая дата ніяк не стыкуецца, бо Вольга памерла ў 969 г. Усе тры летапісы тлумачаць назву сваіх мясцінаў: Баркалабава – ад заснавальніка вёскі пана ротмістра Баркалаба Іванавіча Корсака, Магілёва – ад магутнага льва, бо горад быццам моцны, дужы, вялікі леў выстаяў перад ваеннымі наваламі і захаваў сваю годнасць, Віцебска ад ракі Віцьбы. Аўтар Віцебскага летапісу, як чалавек рэлігійны, хрысціянін, ідучы ўслед за аўтарам Баркалабаўскай хронікі, не абмінае рэлігійных пытанняў не толькі свайго часу, але і гісторыі Русі: хрышчэнне Вольгі і Уладзіміра, заснаванне Уладзімірам Полацкага архіепіскапства, пераносе папскіх рэзідэнцый з аднаго горада ў другі, аб хрышчэнне і жаніцьбе літоўскага князя Ягайлы з польскай каралеўнай, аб заснаванні цэркваў і г.д. Як і ў Баркалабаўскай хроніцы пададзены даты смерці ці забойства відных людзей, як напрыклад, архібіскупа Язафата Кунцэвіча месцічамі Віцебска ў 1623 г. Трэба адзначыць шырокі кругагляд аўтараў Віцебскага летапісу. Іх цікавяць пытанні рэлігіі, палітыкі, народнага побыту, ролі прыродных з’яў у жыцці чалавека, нябесных знаменняў і іх спраўджванне. Храністы не абыходзяць увагай шматлікія набегі ворагаў на Віцебск, Магілёў і іншыя мястэчкі, прычым выяўляюцца новыя імёны ў гісторыі Віцебска, невядомыя нам па папярэдніх хроніках. Напрыклад, атаман Дубіна, якога за здраду віцебскім мяшчанам, Віцебск “высек”, а потым быў злоўлены і акаваны ў ланцугі разам з 12-цю сваімі паплечнікамі; казак Шухалей, які многа ліхога нарабіў у Польшчы і Белай Русі. Нейкі капітан Салаўёў з 2500 конных казакаў у 1708 г. 28 верасня выпаліў увесь Віцебск, а раней Магілёў, Быхаў, Оршу. У Магілёўскай хроніцы такое імя не ўпамінаецца. Аднак, пад гэтым годам пазначаецца: “О, горад, горад Магілёў! Першы летапісец, не могучы знайсці ніякай весткі, адкуль бы горад назваўся Магілёвам, растлумачваў, што ёсць гэта магутны леў, але ў год 1708 Марс, завастрыўшы свае клыкі і зубы, аблупіў з цябе аздобную львіную шкуру і абвалок цябе чорным і грубым мяшком, які ў будучым не забудуць, і з гэтага часу не можаш ты называцца магутным ільвом, хіба магілаю фартун тваіх грамадзянаў” [1, с. 358]. Летапісец дадае, што горад быў спалены па загадзе самога Пятра І. У Магілёве тварылася неверагоднае: “... муж пра жонку, а жонка пра мужа нічога не ведаючы, хапалі толькі малых дзяцей, куды маглі, прэч з горада ўцякалі, да лясоў, да яроў, да Буйнічаў, да Коктуша, хаваліся, дзе хто мог. А так як горад быў запалены, то некаторыя крычалі: “Гэта ўжо маскоўцы выразаюць горад” [1, с. 373].
Сапраўды, шведскае і маскоўскае войскі акупіравалі Літву і Беларусь, абрабавалі многія гарады, асабліва Вільню і Магілёў. Вільня вымушана была карміць шведскае войска, Магілёў – маскоўскае, а калі шведы занялі Магілёў, то і шведскае. Жыццё стала невыносным, не хапала тавараў, харчоў, адсюль і страшэнная дарагавізна. Але Ян Чарноўскі, як сведчыць Г. Аверка, піша, што у год 1708, 17 верасня, Віцебск спаліў маскоўскі цар Пётр Аляксеевіч. Выходзіць, што капітану Салаўёву ўжо не было чаго паліць праз 11 дзён і, магчыма, ён толькі пабываў у Віцебску, узяў адкупнае, як за Заручаўе – 600 талераў.
Працягваючы традыцыі Баркалабаўскай хронікі Віцебскі летапіс таксама не адмаўляе залежнасці чалавечага жыцця і лёсу ад усемагутных сіл прыроды. Год за годам перад чытачом праносяцца жахлівыя карціны мору, голаду, пажараў, павадкаў, марозаў, бур, камет, якія прадказвалі бяду, ад якіх ў першую чаргу пакутаваў чалавек. Аўтар Баркалабаўскай хронікі перадаваў гэтыя няшчасці праз прызму сваіх пачуццяў, болі і горычы, бо не мог раўнадушна назіраць за гібеллю людзей. Віцебскі летапіс толькі канстатуе падзею. Баркалабаўская хроніка: “Року 603. Весна велми была студёна, морозлива, аж до недели Фомины… напал снег месяца ноембрия 5 молодика и оттоле стала зима… потым мороз, снег, метелица… гололедица, ковзота, студзень, иж трудно было выповедати” [1, с. 211]. Далей храніст падрабязна даводзіць як па вясне засявалі жыта: хто пасеяў раней – усё загінула, хто пазней – дык узышло. Галодныя людзі жалі жыта раньш, чым патрабавалася. Віцебскі летапіс: “У год 1603. У Віцебску і па іншых гарадах лютаваў паморак” [1, с. 262]. Як бачым, розніца адчуваецца, як і мастацкая задума твораў.
Такім чынам, “вывучэнне летапісаў і хронік мае першаступеннае значэнне для больш глыбокага і аб’ектыўнага ўзнаўлення панарамы беларускай старажытнай літаратуры, для правільнага высвятлення многіх важных працэсаў, што адбываліся ў ёй на розных этапах шматвяковай гісторыі” [4, с. 112]. Якія не былі б адрозненні паміж разгледжанымі намі летапісамі, яны выконвалі адну задачу – напісаць гісторыю Магілёўшчыны і Віцебшчыны; яны дапаўняюць адна адну, і менавіта на гэтым грунтуецца гісторыя нашага краю.
У.Каяла
Шлях да ўзаемнасці, 2012