Перыяд ХІХ – пачатку ХХ ст. характарызуецца своеасаблівай модай на мемуарную літаратуру. У гэты час была створана вялікая колькасць успамінаў, дзённікаў, нататак падарожнікаў. Гэта так званыя “крыніцы асабістага паходжання”. У цэнтры твораў мемуарнай літаратуры знаходзіцца асоба аўтара. Грамадскія падзеі і з’явы ў іх паказаны праз яго суб’ектыўнае ўспрыманне. Аднак мемуары, нягледзячы на суб’ектыўны характар, з’яўляюцца вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай. Дзякуючы ім, мы можам паглядзець на мінулае вачыма яго сучаснікаў. Мемуары дазваляюць адчуць дух вывучаемай эпохі, лад мыслення і пачуццяў людзей мінулага.
У мемуарнай літаратуры ХІХ – першай паловы ХХ ст. знайшлі адлюстраванне розныя аспекты гісторыі мястэчак Беларусі. Асабліва важную ролю мемуары адыгрываюць пры вывучэнні праблем “штодзённасці”. Творы мемуарнай літаратуры дапамагаюць адказаць на шэраг пытанняў: што ўяўляла сабой штодзённае жыццё людзей у мястэчку; чым былі напоўнены буднічныя і святочныя дні; як складваліся ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп местачковага насельніцтва?
Мемуарную літаратуру, у якой асвятляюцца розныя бакі жыцця у мястэчках Беларусі ХІХ – першай паловы ХХ ст., можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп. Першую групу складаюць успаміны, напісаныя непасрэдна местачковымі жыхарамі і прысвечаныя апісанню гэтых мястэчак. Яны дазваляюць найбольш поўна, панарамна ўявіць карціну штодзённага жыцця нашых мястэчак. Да гэтай групы адносяцца мемуары паэта, публіцыста, літаратуразнаўцы і педагога Абрама Паперны, якія прысвечаныя м. Капыль Слуцкага павета [1]; успаміны пра Капыль заснавальніка новай яўрэйскай літаратуры на ідыш Мендэле Мойхер-Сфорыма [2]; успаміны “простага яўрэя” (як называе сябе сам аўтар) Эхэзкеля Коціка пра м.Камянец-Літоўск Брэсцкага павета [3]. Названыя творы апісваюць 40 – 50-я гады ХІХ ст. Іх аўтары належаць да прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва мястэчак. Мемуары яўрэяў XIX ст. адлюстроўваюць жыццё далёка не ўсіх слаёў гэтай супольнасці. Мы чуем голас адукаваных людзей, здольных да рэфлексіі і пісьмовага ізлажэння яе вынікаў. Прадстаўнікі найбольш традыцыйных слаёў успамінаў не пісалі. Аднак і з гэтай агаворкай мемуары Паперны, Мендэле Мойхер-Сфорыма, Коціка вельмі каштоўныя крыніцы. Аўтары апісваюць свае родныя мястэчкі з усёй разнастайнасцю іх насельнікаў і ўстаноў, побыту і звычаяў, вераванняў і ўяўленняў, узаемаадносінаў унутры яўрэйскай абшчыны і яўрэяў з неяўрэямі.
Пасля Другой сусветнай вайны пачала стварацца серыя “Кнігі памяці”, прысвечаная яўрэйскім паселішчам, пацярпеўшым у выніку Халакоста. Яны ўтрымліваюць успаміны жыхароў гарадоў і мястэчак, якія адлюстроўваюць жыццё да Катастрофы. Гэтыя кнігі могуць значна дапамагчы пры даследаванні гісторыі мястэчак Беларусі першай паловы ХХ ст. “Кнігі памяці” (пераважна на іўрыце, некаторыя на англійскай мове) выдадзены больш чым па 100 мястэчкам Беларусі [4].
Успаміны прадстаўнікоў неяўрэйскага насельніцтва мястэчак сустракаюцца рэдка, датычаць яны, як правіла, 20 – 30-х гадоў ХХ ст. Асаблівую цікавасць уяўляюць мемуары публіцыста, вядомага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Васіля Стомы-Сініцы, прысвечаныя м.Лужкі Дзісненскага павета міжваеннага перыяду [5]. Аўтар пераносіць нас у сваю terra incognita: не Бермудскі – а беларускі трохкутнік “царква – касцёл – сінагога”, у якім адбываецца бясконцы спектакль жыцця. Тут і задзёрты ўгару шляхецкі вус, дранка на сняданак, доўгі яўрэйскі лапсардак, шумны кірмаш на рынку… У прадмове да ўспамінаў В.Стомы-Сініцы выдаўцы падкрэслілі, што яны не асмеліліся рэдагаваць, правіць мову аўтара, “каб не парушыць, не разбурыць яе непаўторнага рэльефу, тонкай, натуральнай фактуры. Польскае слова, расейскае, яўрэйскае… нібы нітачкі, што лёгка ўплятаюцца ў яркую незабыўную тканіну, з якой сшыта моўная адзежына твора, – помнік шматмоўнай местачковай культуры Беларусі” [6].
Успаміны пра сваё роднае мястэчка пакінуў і Сяргей Грахоўскі, карэнны палескі местачковец, вядомы беларускі паэт. Ён апісаў м.Глуск Бабруйскага павета міжваеннага перыяду, маляўніча перадаў непаўторны местачковы дух, каларыт местачковага побыту [7].
Некалькі ўспамінаў пра мястэчкі ўтрымлівае выданне пад назвай “Еўропа неправінцыяльная”: Юзэф Смольскі напісаў пра Новую Мыш, Рышард Керсноўскі – пра Беняконі, Афанасій Цыхун – пра Кунцаўшчызну [8].
Да першай групы разглядаемай літаратуры прымыкаюць і “Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану” графа Леана Патоцкага [9]. Кніга апісвае буйныя магнацкія рэзідэнцыі канца XVIII – першай трэці ХІХ ст.: Свіслач, якая належала графам Тышкевічам, Дзярэчын і Ружаны, якія былі ва ўладанні князёў Сапегаў, Нясвіж князёў Радзівілаў, Ляхавічы за часамі гетмана М.Масальскага. Аднак тут ёсць звесткі і аб стане саміх мястэчак, напрыклад, апісваюцца іх знешні выгляд, кірмашы і інш.
Другую групу мемуарнай літаратуры, у якой ёсць інфармацыя пра мястэчкі Беларусі, складаюць запіскі падарожнікаў. Яны таксама заснаваны на памяці і фіксаваліся пераважна ў выглядзе дзённікавых запісаў ці ўспамінаў, а таксама іх спалучэння.
Значнае месца займаюць мястэчкі Беларусі на старонках нарысаў “Путешествие по Полесью и белорусскому краю”, якія сталі візітнай карткай вядомага публіцыста і літаратара Паўла Шпілеўскага. Упершыню гэта праца была апублікавана ў 1853 – 1855 гг. у некрасаўскім “Современнике». У 1992 г. «Путешествие…» было перавыдадзена ў Мінску з прадмовай і каментарыямі Соф’і Кузняевай. Тут мы знаходзім звесткі пра местачковыя кірмашы і рамёствы, архітэктуру і планіроўку, побыт насельніцтва [10].
Гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак, побыту і фальклору насельніцтва Беларусі прысвяціў сваю кнігу “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853 г.) выдатны польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) [11]. “Вандроўкі…” – самы яркі празаічны твор У.Сыракомлі. Ён дзеліцца ўражаннямі пра дарагія сэрцу мясціны – Мір, Нясвіж, Стоўбцы, Свержань, Койданаў і інш. Чытач з неаслабнай увагай сочыць за тым далёкім падарожжам паэта, з цікавасцю аглядае тагачасныя мястэчкі і вёскі, зазірае ў простую сялянскую хату, дворык шляхты, велічныя палацы і замкі магнатаў, углыбляецца разам з аўтарам у сівую даўніну края, радуецца сустрэчы з жывымі, па-майстэрску намаляванымі вобразамі вядомых гістарычных асоб і простых, але не менш цікавых людзей. Праз хроніку гарадоў і мястэчак У.Сыракомля разгортвае перад намі ўсю гісторыю Беларусі. Надзвычай цікавыя старонкі, прысвечаныя культурнаму жыццю края. Такім чынам, “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” У.Сыракомлі – выдатная крыніца, дзе ёсць важныя звесткі па шматлікіх пытаннях нашай гісторыі і культуры, у тым ліку і гісторыі мястэчак Беларусі.
Каштоўнай крыніцай па гісторыі мястэчак сярэдзіны ХІХ ст. з’яўляецца праца гісторыка, краязнаўцы, вайсковага тапографа і статыстыка Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся” [12]. Кніга пабачыла свет у 1855 г., факсімільнае выданне было зроблена ў Мінску ў 1995 г. М.Без-Карніловіч у 1831 – 1847 гг. кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай губернях, Беластоцкай вобласці. Згаданая кніга стала вынікам не толькі гэтай экспедыцыі, але і працы ў дзяржаўных, манастырскіх, прыватных архівах. Пад Беларуссю аўтар разумеў толькі Віцебшчыну і Магілёўшчыну, астатнюю тэрыторыю лічыў Літвой. М.Без-Карніловіч змясціў інфармацыю пра гісторыю гарадоў і мястэчак, іх сучасны стан: колькасць і склад насельніцтва, яго заняткі, кірмашы, прамысловыя прадпрыемствы, знешні выгляд.
Надзвычай цікавымі з’яўляюцца нататкі Ф.Д.Воінава, дзе апісваецца яго падарожжа па Мінскай губерні ў 1865 - 1866 гг. [13]. Аўтар не толькі занатаваў тое, што бачыў, але і прывёў гістарычныя даведкі пра населеныя пункты, якія праязджаў. Ф.Д.Воінаў апроч іншага пакінуў і шмат назіранняў наконт узаемаадносін паміж яўрэямі і беларусамі.
Мястэчкі і іх яўрэйскае насельніцтва сталі прадметам апісання ў серыі нарысаў пад назвай “Поездка на Литву”, апублікаванай на старонках часопіса “Восход” у 1894 г. Аўтар іх – Мардэхай Бэн-Амі (яўрэйскі пісьменнік, сапраўднае імя Марк Якаўлевіч Рабіновіч). Тут знайшлі адлюстраванне сюжэты жыцця яўрэйскіх абшчын мястэчак Літвы і Беларусі [14].
Такім чынам, разгледжаныя творы мемуарнай літаратуры з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі сацыяльна-эканамічнага, культурнага і часткова грамадска-палітычнага развіцця мястэчак Беларусі ў ХІХ – першай паловы ХХ ст. У іх знаходзяцца дэтальныя апісанні камічных і трагічных бакоў местачковага жыцця, святаў і будняў, спецыфічнага жыццёвага ладу насельніцтва. Усе гэтыя мемуарныя творы аб’ядноўваюць пачуццё гумару, трапнасць назіранняў, каларытнасць тыпажаў, рамантычныя, настальгічныя перажыванні аўтараў. Яны даюць унікальную магчымасць заглянуць у своеасаблівы местачковы сусвет, адчуць яго непаўторную атмасферу і каларыт.
І.В. Соркіна
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.