Категории

Матыў балю, бяседы, ігрышча ў творчасці Алаізы Пашкевіч

11 минут на чтение

Матыў балю, бяседы, ігрышча ў творчасці Алаізы Пашкевіч

 

З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай свайго грання меў абудзіць заснулую душу беларускую да новага, да ўсведамлення сваёй самасці, нацыянальнай адметнасці. Бадай, першым на гэтую асаблівасць тагачаснай беларускай паэзіі, а менавіта схільнасці да «песенна-музыкальнай, часам і «жывапіснай» дамінанты ў названні твораў і зборнікаў яе пачынальнікаў і класікаў»16 звярнуў увагу філосаф, літаратуразнаўца Уладзімір Конан. Услед за «сялянскімі песнямі» Яна Чачота падаў голас «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча, за ім і «Дудка беларуская». Голас той быў пачуты, падхоплены. Новы майстра змайстраваў «Скрыпку беларускую». Гэтым майстрам і стала Алаіза Пашкевіч – першая  беларуская паэтка ХХ ст. Тварыла з надзеяй, у чаканні вялікага «артыста, каторы збярэ ўсе нашы беларускія інструманты і наладзіць гранне як мае быць»17.

Песенны лад, рамантычную ўзнёсласць паэзіі Алаізы Пашкевіч адзначыў Янка Купала, які адразу ж, у тым жа 1906 г., адгукнуўся на выхад зборніка вершам-прысвячэннем «Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»»:

Чутка йграеш, гулка йграеш

Ты на скрыпачцы сваей,

К небу з думкай падлятаеш,

Шчасця зычыш для людзей18.

Купала слушна адзначыў магутную сілу эмацыянальнага ўздзеяння вершаванага слова паэткі на чалавечыя душы, бо творчасць яе была цесна знітавана людскімі марамі і памкненнямі, стала выразніцай народных спадзяванняў. Менавіта ў гэтым вершы аўтарка паўстае ў вобразе музыкі-скрыпáчкі, што дасканала валодае талентам і ўкладвае ў сваё слова-песню ўсю душу. Асоба, моцная найперш сілай духу, тут яна бачыцца і сапраўдным волатам з старадаўніх народных казак:

Крэпкі струны тваёй скрыпкі,

Ў тваёй скрыпцы душа ё,

У руцэ сільнай смычок ліпкі

Лёгка ходзіць, як пярцо19.

Першы верш зборніка «Скрыпка» (і гэта таксама адбагушэвічаўская трагедыя) – праўдзівая праграма не толькі творчасці паэткі, але і ўсяго беларускага балю, ігрышча, у цэнтры якога павінен паўстаць музыка, які адчувае пульс народнага жыцця – абуджэння, верыць у магутныя людскія сілы, у імкненне душаў да нябесных высяў, у вялізную патрэбу наталіць духоўную смагу. І галоўнае – сам ёсць часцінай гэтага люду і ўсе яго памкненні мае ў сваёй душы. Пачатак верша ўспрымаецца як тлумачэнне неабходных умоваў, каб загучала і была пачута скрыпка-музыка-песня. Далей  паэтка раздумвае, аб чым спяваць, вызначае тэматычныя абсягі сваёй творчасці, стварае эстэтычную праграму. А гэта – пералікі-пералівы ўсіх адценняў жывой красы, выявы якой і ў кожнай маленькай, кволай часцінцы прыроды, у кожнай кветцы, травінцы, у яскравых праявах  чалавечай радасці, і ў багатым плёне людской працы, і ў самым працэсе гэтай магутнай стваральнай сілы. Творчасць павінна ўвабраць усе водары, гукі, колеры роднай зямлі, важныя складнікі для адчування чалавекам шчасця:

Я зайграла бы аб шчасці!

Я зайграла б смехам кветак,

Нівак шэптам залацістых,

Звонам серпа, касы ўлетак,

Мёдам ліп з садоў душыстых20.

І ўрэшце, у праграмным вершы вызначана, як іграць. Ізноў жа, вызначэнне гэтае вельмі шматграннае, шматфарбнае. Тут мусяць гучаць глыбока лірычныя, пранікнёныя, далікатныя мелодыі калыханкі, праз якую ў дзіцячую душу пераліваецца бязмежная мацярынская любоў і пяшчота – найпершы абярог у вялікім і не заўсёды спрыяльным свеце. Але часам галоўнае – іграць так, каб асягнуць магутную энергію народнага духу, уліць у людскія душы гаючае акавіты, прычасціць іх да спрадвечных і заўсёды новых ісцінаў. Паэтка вельмі смела, нават адчайна смела творыць новыя сімвалы веры, будуе новы алтар, стварае новую царкву, фактычна прапануе сваё «Евангелле ад Алаізы»:

Пры алтары тым я грала б,

Так на струнах галасіла б,

То склікала б, то вітала б,

То суседзяў весяліла б;

То малітвай смык завыў бы,

То заклаў бы на пяруны,

То аж скаргай ў неба біў бы21

У гэтай дзівоснай, палымянай, абвострана-эмацыйнай, напружанай пропаведзі чутны водгук біблейскіх, фальклорных жанраў: галашэнне, заклік, вітанне, малітва, закляцце, скарга. «Пры гэтым новым алтары, вылітым з яе сэрца, паэтка гатова склікаць і вітаць, весяліць і тварыць малітву, біць перунамі і выказваць радасць альбо скаргі… І ўсё дзеля таго, каб беларускую песню пачуў увесь свет…»22.

Да гэтага вялікага акту – новатварэння паэтка-музыка падрыхтавана цалкам. Яна выходзіць да агромністай грамады, надзейна трымаючы сваю скрыпку. Гарачая хваля яе энергіі мусіць быць перададзена тым, каго гэтак пяшчотна, шчыра, па-сяброўску называе «мілы друг», дзеля каго гатова спапяліць сваё сэрца на вялікім агні ахвярнай любові.

З гэткай дасканалай праграмай паэтка выходзіць  да тых, каго называе «суседзі», «кумочкі», «беларусы-галубочкі». Як бачым, усе кроўныя, родныя, адна сям’я. Выходзіць з заклікам, які не пачуць нельга: «Пяю з сэрца, падцінайце, // Вы грамадай голас дайце»23. Па жанру верш «Вам, суседзі» і ўяўляе сабой адзін з самых палымяных заклікаў Алаізы Пашкевіч. Яе ўпэўненасць, вера мусяць перадацца  грамадзе. Яна гэтак захоплена красой духоўнага яднання, адзінства, што ўяўляе гэта як найвялікшы цуд. Матыў «грання» перарастае тут у кансалідуючы знак – метафару гарманічнай супольнасці, ясна ўсвядомленай неабходнасці кансалідуючай ідэі:

Зложым песню цэлым людам.

Выйдзе пекна, стане цудам.

Як свет светам яшчэ стаў,

Такой песні не слухаў24.

Паэтка «адчувае сябе як запявала перад хорам і марыць пачуць водгук сваёй песні ў грамадзе. Гэты калектыўны спеў для яе з’яўляецца ў нейкай меры сімвалам адраджэння: «ад вякоў мы, братцы, спалі, а тут разам заспявалі»25. Матыў грання выяўляецца як кансалідуючы знак – метафара гарманічнай супольнасці, грамады, ясна ўсвядомленай аб’яднаўчай ідэі.

У адным з ранніх вершаў «Лета», які Валянціна Коўтун слушна называе «невялікай паэмай»26, матыў ігрышча ўвасабляецца ў некалькіх вобразна-тэматычных плоскасцях. На пачатку – гэта свята-баль спелай нівы, дзе музычным аздабленнем – шум калосся, буслінае клекатанне, дзе ўсё ў руху, у дынамічным танцавальным рытме, падуладнае напеву ветру. Гэтая карціна, «іскрамётнае свята» (Валянціна Коўтун), уяўляе сабой праўдзівыя залёты, падрыхтоўку да шлюбу, дзе нявестай – ніва, якая параўноўваецца з маладой дзяўчынай, убранай да вянчання, а вецер – ці ж не шчаслівы жаніх:

Ніва шуміць каласамі

Жыта спелага, аўса;

Ўся прыбрана васількамі,

Як дзяўчынка да вянца.

Вецярок па ёй гуляе27

Гэтую карціну ўраз змяняе іншая – свята працы, якая ахоплівае ўсю прастору: зялёную сенажаць, лясныя паляны і нетры, хатнія гаспадарчыя справы.

У цэнтры твора – кульмінацыя, вялікае свята, чаканае і радаснае («Настаў дзень, прыціхлі хаты» – правобраз славутага Коласавага «Настаў дзянёк даўно чаканы»). Усё падрыхтавана да гэтай падзеі. Унутраная, амаль малітоўная сцішанасць і знешняя яркасць, насычанасць фарбаў. Вясковы палетак нагадвае храм:

Ўвесь палетак аж гарыць!

Так, як пчолы ў жоўтым воску,

Як алтар, так зіхаціць!28

Гэтым храмам і ёсць сама зямля, упрыгожаная чалавечай працай. А творца яе, «пекны ткач», саткаў дасканалы дыван, дзе найпрыгажэйшыя кветкі – людзі. Карціна балю-ігрышча ўражвае багаццем, шматгалоссем гукаў-пераліваў, шчырасцю пачуццяў, што выліваюцца песняй з людскіх сэрцаў. Гучанне ўсіх народных інструментаў зліваецца ў адзін зладжаны хор. І ўсё гэта «прапушчана» праз душу паэткі, якая чуйна ўбірае кожны гук, спеў, цешыцца раскошай судакранання з яскравым, дасканала прыгожым святам багатага на таленты беларускага люду:

Бачу я: ідзе ігрышча,

Там вяселля шчыры смех.

Чую скрыпку, дудка свішча,

Ў флейту дуюць, як у мех.

Льецца песня, бягуць тоны,

Аж душу на часці рве.

Ў барабаны б’юць, у звоны29

Бадай што гэткага эмацыйна-ўзнёслага, перапоўненага радасцю і захапленнем апісання народнага йгрышча не сустрэнем у беларускай паэзіі. А «царэўна», «багіня» гэтага балю – прыгажуня Кася – гэта і ёсць правобраз Купалавай Маладой Беларусі.

У вершы-прароцтве «На магіле»  лірычнае дзеянне разгортваецца вакол арфічнага вобраза – песні, магутнай сілы, у якую пераўтвараецца жывая душа пясняркі: «Стану песняй у народзе!» Песня, паэзія – гэта плён яе працы, яе запавет праснуцца ўрэшце «са сна». Як скарыстае гэты праўдзівы цуд, вялікае духоўнае багацце – мастацтва, створанае талентам, беларускі люд? Гэтае пытанне найперш хвалюе паэтку, таму і паўторанае тройчы:

Што за гранне, што за гранне?

Што то будзе, што то будзе

З гэтай песні ў нашым людзе!30

Матывам прарочага грання сугучны з гэтым творам верш «Грайка», у якім тая ж мара паэткі – застацца ў гэтым людзе, адрадзіцца дрэвам, кветкамі, жывой памяццю пра яе творчасць: «Можа, з той ліры вырасце іва, // З парваных струн – белыя кветкі…»31. Але самае галоўнае – адрадзіцца ў людскіх душах праз жывое слова, загучаць у дзень памяці продкаў з сілай, узмоцненай стакроць. Апошняя страфа верша ўспрымаецца не толькі як мара паэткі, але як тэстамэнт пра неабходнасць духоўнага адраджэння. Лірычнае дзеянне пераносіцца ў экзістэнцыянальна-містычную сферу, чаму спрыяе незвычайнасць часу – задушкі з іх таямніцамі, повяззю з душамі памерлых:

А на задушкі пад цёмнаю івай

Жывое пачуецца слова,

Што песня ўстала з стотысячнай сілай,

Жыве мая ліра нанова! 32

Казачна-фантастычныя пераўтварэнні скарыстоўвае Алаіза Пашкевіч у вершы «Артыст грайка», дзе ў цэнтры йгрышча ўсё той жа  герой – мастак, скрыпач. Магутны ўзлёт мастакоўскай энергіі суадносіцца з прыроднай стыхіяй, калі таленту цесна ў рэальных, абмежаваных зямной прасторай рамках. Таму душа, крылатая, неўтаймоўная, што прагне ўзлёту, уздыму, вырываецца з гэтых межаў, каб тварыць цуд пераўвасаблення, каб здзіўляць люд. Намаляваная паэткай карціна надзвычай рухомая, дынамічная, што ўвогуле ёсць характэрнай рысай яе паэзіі. Адметнасць вобраза ствараецца праз пераўвасабленне, шквал эмоцыяў-пачуццяў, рэзка  процілеглых, якія змяняюцца кожнае імгненне: смех, плач, стогн, боль, праз «здольнасць імгненнай змены аблічча, уменне надаваць сваім паводзінам эфект нечаканасці, раптоўнасці»33 .

Чорны вочы блісь слязою,

Струны стогнуць пад рукою,

Сам музыка з скрыпкай зліўся

І, як вецер, ў неба ўзвіўся,

Весь у песні, весь у тоне,

То смяецца, то зноў стоне34

Відавочна, мае рацыю Валерый Максімовіч, сцвярджаючы, што «ў мастацкай сістэме Цёткі вобраз чалавека-артыста («Артыст грайка», «Музыкант беларускі», «Грайка») па сваёй глыбінна-сэнсавай сутнасці лучыцца са словамі «звышчалавек» і «богачалавек»35, бо яму і сапраўды падуладна тварэнне новых сутнасцяў, новай рэчаіснасці, уплыў на стан свядомасці, пачуцці людзей. А самі гэтыя вобразы ахутаныя аўрай загадкі, таямніцы, незразумелай люду сілай, магутнай, прыцягальнай, што сыходзіць ад іх: «Што зайграе, што забае, // Сам артыста толькі знае»36.

Матыў бяседы, балю адметна раскрыты Алаізай Пашкевіч і ў параўнальна нешматлікіх, але надзвычай арыгінальных, жанрава-разнастайных, дасканалых у мастацкім плане празаічных творах. Так, у апавяданні «Зялёнка», якое, бясспрэчна, мае шмат біяграфічнага, намалявана студэнцкая бяседа-гасціна. Гэта тэматычна новы матэрыял у маладой беларускай прозе. Усе элементы бяседы знаходзім у творы: частаванне, традыцыйна-студэнцкае – гарбата; музыка, спевы: «Украінец Хведарчук нат бандуру прывалок»37, цешыць прысутных сваімі спевамі; застольная гамана, што ўвесь час зафарбоўваецца вясёлым смехам, згадкамі пра знаёмых, жартамі. Слоўная перапалка, што часам узнікае, толькі ўдае на сварку, пададзеная праз іскрысты гумар. Перададзена цёплая, амаль хатняя атмасфера студэнцкіх сустрэчаў, дзе пануюць нязмушанасць, шчырасць, прыветнасць, што і робіць гэтых колісь чужых людзей праўдзівай сям’ёй: «Усе такія ласкавыя, вясёлыя, блізкія, што аж міла глядзець, – радня раднёй… П’юць гарбату, смяюцца»38.

Аднак жа гэтая бяседа, гэтая людская еднасць, таварыскасць мае вельмі смутны падтэкст: невылечаная хвароба гаспадыні. Рана, якая баліць усім. Баль з прысмакам болю.

Трагедыйны накал дасягае кульмінацыі ў часе канцэрту класічнай музыкі. Яшчэ адзін баль, дзе валадарства красы і гармоніі, дзе артыст, той жа грайка, «звышчалавек», «богачалавек», які праз сваё майстэрства творыць цуд, бярэ ў палон чалавечыя душы. Пад уплывам музыкі перад унутраным зрокам Зялёнкі праходзяць самыя яркія, зіхоткія малюнкі жыцця, мігцяць, як эпізоды кінахронікі, калі высвечваецца самае значнае, памятнае: скрываўлены лебедзь-песня, свежыя росы на пракосах, папараць-кветка, галоўкі чырвоных сцятых ружаў. Тут проза Алаізы Пашкевіч ператвараецца ў праўдзівую паэзію, напоўненую эмацыянальнай вобразнасцю, рухомую, пластычную, дзе пульсуе жывое палымянае пачуццё: «Ціхая мелодыя, як першы ўздых дзіцяці, палілася, ідзе, вядзе некуды ў засветныя разлогі чыстага лірызму. Маладая душа верыць у шчаслівыя  далі, узнімаецца, рвецца да іх смелым лётам. Мераць у яе адзін за другім громы абману, зла… Змагаецца з цёмнымі сіламі прозы, б’е скрыдламі ў нябесныя спляценні паэзіі. Бой даходзіць фазы смерці і жыцця»39.

Пякучай журбой крывавых ружаў захлынаецца жыццё гераіні. Гэтая апошняя афарбаваная ў чырвоны колер мроя – апошні напамін аб красе, апошні дарунак няшчаснай гаротніцы ад такога нелітасцівага лёсу. Баль-канцэрт. Жыццё завяршаецца пад сцішаныя шэпты тайных ценяў, веснікаў нябыту: «Разбілася жывая ліра»40. Відавочная пераклічка тут з вершам «Грайка».

Бадай, найбольш трагічна матыў балю прагучаў у апавяданні Алаізы Пашкевіч «Лішняя». Баль-вянчанне з усімі яркімі атрыбутамі: залатымі агнямі свечак, міртавай дарогай да шчасця, брыльянтавым вянком надзеі. Усё вакол белае, чыстае, цнатлівае. А яна, жабрачка, лішняя на гэтым балі, лішняя ў жыцці. Далікатна, псіхалагічна пераканаўча даносіць аўтарка трагедыю пакінутай, няшчаснай кабеты. Апошні акт гэтай трагедыі прадказальны, адзіна магчымы. Гераіня шукае іншасвет, разрывае мяжу існавання ў гэтым свеце, што стала для яе пякельным колам. Алаіза Пашкевіч быццам падтрымлівае веру ў іншабыццё, заканчваючы апавяданне матывам светлага супакаення няшчаснай душы  самагубкі між тых, хто стаў ёй радзінай. Напрыканцы гучыць матыў шчырай бяседы, дзе ўсе роўныя між сабой, дзе няма лішніх: «А на дне русалкам-сёстрам нова госця былі складала»41.

Ад самага пачатку сваёй творчасці паэтка ўсклала на сябе абавязак граць на беларускім балі-бяседзе, падказваючы і прадказваючы, пакутуючы і радуючыся, ператвараючыся ў створанага ейным уяўленнем артыста грайку, што тварыў цуды. Асаблівасць «бяседнага» матыву ў творчасці Алаізы Пашкевіч вылучаецца ў нашаніўскай літаратуры тым, што сама бяседа афармляецца праз яе «агучанасць» – гранне, песню, вялікі народны аркестр як сімвал супольнасці.

І.В. Жук, Д.М. Лебядзевіч, А.М. Петрушкевіч, А.М. Пяткевіч

Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манагр. /  І.В. Жук [і інш.].; пад рэд. І.В. Жука — Гродна : ГрДУ, 2009.

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай свайго грання меў абудзіць заснулую душу беларускую да новага, ...
Пачатак  ХХ стагоддзя стаў для беларусаў лёсавызначальнай парой – часам нацыястваральным, калі ўпершыню аформіўся палітычны рух, калі ўзніклі легальныя  беларускамоўныя выданні, нарадзіўся прафесійны тэатр. Менавіта ў гэтым часе былі створаны першыя беларускія...
Хата ў традыцыйнай свядомасці беларусаў – правобраз універсальных уяўленняў аб матэрыяльнай і духоўнай прасторы жыцця, якая адмяжоўвае чалавека ад знешніх, чужых сіл, атульвае яго спакоем і душэўным цяплом і ўвогуле стварае камфортныя ўмовы існавання. Хата заў...