Хата ў традыцыйнай свядомасці беларусаў – правобраз універсальных уяўленняў аб матэрыяльнай і духоўнай прасторы жыцця, якая адмяжоўвае чалавека ад знешніх, чужых сіл, атульвае яго спакоем і душэўным цяплом і ўвогуле стварае камфортныя ўмовы існавання. Хата заўсёды будавалася і заставалася як свая ўласнасць і ўспрымалася як часціна свайго роду, бо звязвалася з уласнай сям’ёй, з пакаленнямі продкаў. У роднай хаце чалавек прыходзіў на свет, тут жа ён і адыходзіў у свет іншага вымярэння. Адсюль пачыналася яго рэальная і віртуальная дарога ў вялікае жыццё, сюды ж нязнаная сіла нязменна клікала яго назад. Таму маральная цана роднай хаты заўсёды была высокай у народнай свядомасці і лучылася ўжо не столькі з самім будынкам, а шырэй, з гэтай мясцінай, асяродкам жыцця, выходзіла за яго лакальныя межы і набывала вялікі абагульняльны змест. Свая хата станавілася знакам бацькаўшчыны, радзімы.
Увогуле ж аналагі гэтай з’явы, яе аднародныя аб’екты маюць у літаратуры шырокі матэрыяльны і эстэтычны спектр адценняў і высвятляюць урэшце яе сутнасную складанасць. Гэта і палац (дом), сядзіба, родны кут, бацькоўскія гоні, зямля, край, загон, ніва, поле, лес, пасад, гняздо. Гэта і вёска (хутар, засценак), карчма, замчышча (замак), курган, могілкі і нават турма. Разам з тым родная хата мае і свае ўнутраныя кодавыя складнікі, якія набывалі ў выніку развіцця народнага побыту і народнай філасофіі жыцця сэнсава-паэтычную ўстойлівасць і станавіліся вобразамі вялікага семантычнага напаўнення. Імі з’яўляюцца такія часціны хаты, як калыска, куфар, покуць, стол, страха, парог, прызба. Таксама маці-гаспадыня, без якой хата траціць сваю спрадвечную ролю, таксама мова, без якой няма жыцця ў хаце. Сюды можна яшчэ далучыць калодзеж і буслянку, якія сваімі знакавымі асаблівасцямі ўзбагачаюць традыцыйнае ўяўленне пра свет беларускай хаты.
Гэтыя матыўныя гнёзды могуць выявіць сваю жывую існасць, сваю функцыянальнасць у пісьменніцкіх творах, у іх эстэтычных сістэмах. Істотнае значэнне мае ў гэтай сувязі індывідуальнасць творцы, жанрава-стылёвая ўласцівасць яго тэксту. З іншага ж боку, матыў хаты і тое, як ён раскрываецца ў творы, шмат гаворыць пра жыццё, пазначанае ім, пра беларуса і яго характар, ментальнасць. Матыў гэты – адзін з сродкаў пазнання літаратурай беларускай рэчаіснасці.
У народнай творчасці родная хата трактавалася даволі адназначна – як асяродак, што сагравае душэўнай цеплынёй. Так гучыць гэты матыў у салдацкіх песнях, у вясельных песнях нявесты, у калядках, дзе хата да таго ж паэтычна ўзвышаецца, у казках пра жывёл, дзе хата бароніцца і нярэдка траціцца, у загадках і прыказках («Свая хатка – як родная матка», «Родная зямелька – як зморанаму пасцелька»).
Паэтызацыя свае хаты як маральна-псіхалагічнага апірышча жыцця чалавека праходзіць і праз усю беларускую літаратуру ідэйнай і інтанацыйнай дамінантай. Гэта назіраецца і ў творчасці асобных пісьменнікаў, і ў самім гістарычным працэсе літаратурнага развіцця.
Яшчэ Кірыл Тураўскі шукаў каштоўнасць і хараство ў жыллёвай прасторы чалавека, якая разглядалася ім з пазіцый хрысціянскага асветніцтва. Ён знаходзіў такую прастору ў храме, які ўспрымаўся як дом Госпада, дзе сумяшчаюцца шляхі нябесныя і зямныя, боскія і чалавечыя. Францыск Скарына лічыў, што родны кут чалавека дабраславёны боскай воляй, і ласкавая адданасць яму з’яўляецца сведчаннем магутных сіл жыцця, якія выяўляюцца і ў паводзінах насельнікаў прыроды. Сучаснік Ф. Скарыны Мікола Гусоўскі ў сваёй паэме «Песня пра зубра», якая пісалася ў Італіі, выказваўся не раз пра радзіму з журботна-светлай аглядкай. Пачуццё настальгіі абапіралася на ўсведамленне каштоўнасці роднага кута, дзе чалавеку заўсёды было добра. «Дома – вядома, а мы ж у гасцях на чужыне, // Статус жа госця – пачціва служыць за гасціннасць»1.
Беларуская літаратура ХІХ ст. працягвае на новым этапе свайго развіцця апяваць родную мясціну. Цяпер выразна выяўляецца характэрны для ўсёй нацыянальнай літаратуры беларусаў матыў родавага пачатку, які праз хату надзейна лучыць чалавека з крэўна блізкімі, найперш маці і бацькам. Мы назавём гэты матыў сямейна-родавым. В. Дунін-Марцінкевіч, пэўна, першы з нашых пісьменнікаў выказвае яго, прычым у даволі катэгарычнай форме, атаясамліваючы сваю хату з маці: «О, любая хатка! // Ты родная матка»2.
Варыяцыі гэтай метафары назіраюцца скрозь у літаратуры ХХ ст. у Я. Коласа: «Я не маю сваёй хаткі, // Я не помню роднай маткі»3, «І ўсё ж дамок свой моцна цягне, // І кожны к матцы сваёй прагне»4. У Я. Купалы: «Там кінуў ён хатку, і бацьку, і матку, // І жонку пакінуў сваю»5; «Ці помніш прызбу, плот з прасламі, // Сваю хацінку, свой тачок, // Тваймі стаўляныя бацькамі...»6. У М. Танка: «Асенні вечар гасне ў хаце. // Пляце, задумаўшыся, маці // Вянкі цыбулі залатой»7. У А. Куляшова: «Я хаце абавязаны прапіскаю – // Калыскаю, падвешанай пад столь. // Я маці абавязан кожнай рыскаю...»8. У Р. Барадуліна: «Зараз люблю вяртанні. // Варушыцца недзе надзеі карэнне: // Мама сустрэне»9. У Л.Геніюш: «Маці чакае з далёкіх дарог // Сына ў вясковай старой хаце»10. У Д. Бічэль: «Каб у стозе духмяным выспацца, // Я паеду ў мурожныя Біскупцы (...) У матулі стол не пустуе»11; «Мяне маці тут нарадзіла, // Як сасну ў бары пасадзіла»12. У А. Кавалюк: «Дзедаўскі край, дзедаўскі кут, // Як жа мне соладка мроіцца тут»13.
Хата без сям’і, без блізкіх траціць сэнс свайго існавання. П. Макаль сцвярджае: «Дом бязлюдны – халодны, як космас»14. «Пустадомак» – з народнай лексікі – маральна знішчальнае вызначэнне чалавека, які не мае нічога ні ў хаце, ні ў душы.
Адчуваннем крэўнай еднасці з родным кутом маладога сучасніка, інтэлігента ў першым пакаленні прасякнута беларуская вясковая проза 60 – 80-х гадоў (М. Стральцоў, В. Адамчык, В. Карамазаў, П. Місько, А. Кудравец, А. Жук, М. Гіль). Героі пісьменнікаў згадваюць сваю вёску і хату, спяшаюцца ў адведкі да бацькоў. Нават на гарадской вуліцы нечаканай дэталлю можа прарвацца ў душу мілая для іх рэальнасць сялянскага побыту. Такой дэталлю стала, напрыклад, «сена на асфальце» – вобраз М. Стральцова, які набыў у шырокім літаратурным кантэксце аб’ёмную знакавую ўласцівасць. Паказальная тут і сітуацыя з аповесці А. Кудраўца «Раданіца», герой якой, прыехаўшы ў родную вёску і прачнуўшыся на заўтра ў знаёмым ложку, зведвае адчуванне шчасця, якое выказвае амаль афарыстычна: «Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце»15. Зрэшты, вялікую ролю звязкі «хата – сям’я» зацвердзіў яшчэ К. Чорны ў сваіх творах ваеннага часу. Асабліва значная ў гэтых адносінах аповесць «Скіп’еўскі лес», дзе свая хата – маральна-філасофскі фундамент жыцця. Тут шмат будуюць новых хатаў з свежага, моцнага, смалістага бярвення. І жывуць у іх усё добрыя людзі. Пануе ў іх дух сваяцтва, клопат пра дзяцей і ўнукаў. Тут спраўляюць многа вяселляў, цешацца народзінамі. Тут, у сем’ях Прыбыткоўскіх, Рамашкаў, Ярмаліцкіх, Уздышкевічаў шануецца традыцыйны кодэкс народнай культуры, закліканы мацаваць хатне-сямейную супольнасць. Міжволі згадваюцца тут радкі Г. Леўчыка: «Хто сваіх не любіў, – // Каб ён свету не знаў»16. Такі ракурс бачання ў экспазіцыйных раздзелах аповесці К. Чорнага, дзе паказана перадваеннае жыццё, павінен быў паспрыяць глыбокаму адлюстраванню вайны як сілы разбурэння і смерці.
Прадукцыйнасць сямейна-родавага напрамку ў сістэме матыву хаты як найлепш гаворыць пра хатні характар беларуса, пра высокі рэйтынг інстытута сям’і ў гістарычным развіцці этнасу. Свая хата заўсёды чакала нашага прашчура, заўсёды клікала да сябе голасам родных, асабліва маці і бацькі. Гэты фактар мацаваўся ў свядомасці пакаленняў і драматычнай мінуўшчынай, шматлікімі войнамі, экспансіянісцкімі акцыямі. Трымацца хаты азначала трымацца сям’і, аберагаць яе. Далучанасць да сямейнай грамады рабіла чалавека больш стойкім, упэўненым у сабе. А грамаду такую гуртавала родная хата. У гэтых адносінах характэрная рэпліка Ганны з «Новай зямлі» Я. Коласа. Гераіня гэтага твора пра жыццё народу ў пераломную гістарычную эпоху перасцерагае сямейнікаў пра небяспеку адарвацца ад свайго селішча. «І як там будзе з той зямлёю?» // Не хвацім голаю рукою – // Няпэўна ўсё і невядома, // Дык больш пільнуйцеся вы дому»17.
Родная хата ў беларускай літаратуры часцей за ўсё не паказваецца паэтычна ўзвышана. Яна выглядае звычайнай тым больш, што бедная, старая, недагледжаная. Ужо ў гэтай яе асаблівасці – мастацкі стэрэатып беларускага селішча, прызначанага для прыгнечаных. Сціплая будыніна, «хатка» – для сціплага яе жыхара, што церпіць паднявольную долю. Беднасць хаты тут – часціна беднасці жыцця, горкага лёсу ў «забраным краі» (Я. Купала). Толькі ў «Новай зямлі» Я. Коласа, дзе народнае жыццё з яго штодзённай культурай малюецца з светлага боку, хата лесніка вылучаецца ў сядзібным комплексе пэўным эстэтычным пазітывам: «У глыбі двара стаяла хата // І выглядала зухавата // Паміж запушчанай будовы, // Як бы шляхцянка засцянкова...»18. У цэлым жа родная хата бачыцца пісьменнікамі сумнай, вартай спагады (асабліва ў літаратуры ХІХ – пач. ХХ стст.) Я. Колас піша: «Помню, помню сваю хатачку, // маю родную, далёкую, // Як успомню – жаль агортвае // Маю душу адзінокую»19. Я. Купала: «Пахінулася, // У землю ўехала // Ты, вясковая, // Хата бедная!.. // На страсе тваёй // Мох паношыцца, // Цьмой-лучынкамі // Вокны жаляцца»20. М. Танк: «Цішыня ў хаце згорбленай, старой»21. Г. Леўчык: «Ніхто маіх не знае слёз, // Што ў сэрцы схованы глыбока, // Проч роднай хаты там – далёка»22. Гэты матыўны кірунак пашыраны ў літаратуры нашаніўскага і заходнебеларускага перыядаў.
Але беларуская паэзія не абмяжоўвалася толькі мінорнай танальнасцю ў паказе дарагога асяродка жыцця, а выказвала да яго самыя сардэчныя пачуцці, прычым нярэдка эмацыянальна адкрыта. Вось – Я. Колас: «Мой родны кут, як ты мне мілы!..»23. Цётка: «Ой, як люба родна хата...»24. Р. Барадулін: «Якая радасць у мяне, // Калі дадому завітаю»25.
Галоўнае ж у тым, што родная мясціна атэстуецца па самай высокай шкале каштоўнасцяў, сцвярджаецца яе неацэннае значэнне для чалавека: яна з’яўляецца часткай асобы лірычнага героя, яго ўнутранага «я». Таму нязменна выяўляецца тут пачуццё гонару, годнасці за свой кут, заўсёды гасцінны, людскі, даражэйшы за ўсякі чужы. Карацей, фармуецца матыўны напрамак, які можна вызначыць як паказ вялікага ў малым і звычайным. Гэты напрамак гаворыць пра ўстойлівасць, сталасць патрыятычнага пачуцця ў беларускай літаратуры. Ён заяўляе пра сябе асабліва моцна ў ХІХ – пач. ХХ стст., у пару фармавання нацыі, калі аўтары з пэўным нават выклікам прэзентуюць сваё, роднае. В. Дунін-Марцінкевіч: «Хоць мой дамок і цесны, сціплы, небагаты, // Аднак у ім з душою кожны быў прыняты»26. Я. Аношка: «Лепш глытаць дым сваёй хаткі, // Чым лёгкі водар чужыны»27. В. Каратынскі: «Чым хата багата, тым рада»28. Я. Лучына: «І непрыглядную хату з пажыткамі... // Любім і цэнім, бо яны нашы»29. Асабліва пераканаўчы вобраз хаты-радзімы стварае Ф. Багушэвіч у вершы «Мая хата». Гэта свайго роду паэтычны маніфест народнага патрыятызму, што мае глыбокія маральныя карані. Вернасць героя роднаму і недавер да чужога дыктуюцца і псіхалагічнай традыцыяй, і сацыяльна-гістарычным вопытам жыцця беларуса. «Сваталі ж мне ў прыймы ў новую хату... // Клікалі ж у госці і клічуць суседзі...» Але герой паэта непахісны ў сваёй пазіцыі, якая абапіраецца на сур’ёзныя маральна-філасофскія пастулаты народнай культуры. «Не пайду, не трэба, бо кажуць заедзі // ад чужога хлеба губы абсядаюць, // Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць»30. Урэшце, нават выгнанне з дому і разбурэнне бацькоўскага селішча не пахісне яго рашучай гатоўнасці трымацца роднай мясціны і старацца адрадзіць яе. Ф. Багушэвіч першы ў беларускай літаратуры стварыў знакавы вобраз традыцыйнай хаты, у якім адчуваецца вялікі свет жыцця беларуса.
Гэты напрамак развівае Я. Купала: «Хоць старая, хоць крывая, // З аднаго гнілля, – // Не аддам яе нікому, // Бо яна мая»31. Істотнае маральнае адценне вобраза свае хаты ў Я. Купалы – яе ахоўная сіла, абярэг, што надзейна беражэ чалавека ад старонняга зла: «А свет, знаеш, мой братка, – то не родная хатка: // Усяго ў ім зазнаеш даволі»32; «Усюды добра, дома – лепей, // Дзе гуляў дзяцінай, // дзе ніхто цябе ні чэпе // Так, без дай прычыны»33. І яшчэ важны акцэнт у Я. Купалы: хата – устойлівая каштоўнасць, дадзеная чалавеку назаўсёды, як і радзіма. «Бедна, хатка, ты, // Але вечная, // І Палацы ўсе // Перастоіш»34.
Праўда, маладнякоўцы ў 20-я гады ставіліся да старой дзедаўскай хаты, як і ўвогуле да мінулага, адназначна адмоўна, спадзеючыся на новы і светлы «савецкі дом». Пра гэта сведчыць творчасць К. Чорнага, які, праўда, фармальна адышоў ад «Маладняка», але ў сваёй эстэтыцы ў даваенны час трымаўся стандартных поглядаў на спадчыну. Так, у рамане «Сястра» Маня мала калі думае пра родны хутар, хаця часам і цягнула да яго, як да дзяцінства. Усё ж сімпатыі хутар не выклікаў. У рамане «Зямля» Алесь гаворыць, што «бацькоўская хата пакіне па сабе чорную памяць»35. У «Бацькаўшчыне» хата Гушкі бачыцца так: «Як чорная кузня стаяла яна тут на самоце»36. У аповесці «Вясна» традыцыйная хата – «куча гнілога бярвення, трухлявай саломы, зямлі»37, такая ж непрывабная старая хата ў рамане «Ідзі, ідзі»38. У «Любе Лук’янскай» гераіня нарадзіла дзіця і жыла з ім у разваленай, нежылой, бруднай хаціне. Як бачым, К. Чорны (і не толькі ён) старую хату настойліва трактаваў як знак старога, змрочнага жыцця. Хаця прарываліся ў яго творах і іншыя ноты ў паказе вясковага жытла яго герояў. У «Вераснёвых начах», напрыклад, з сваёй хатай звязваюцца надзеі на сямейнае шчасце і хараство жыцця. Рэзка змяняецца эстэтыка роднай хаты ў творах ваеннага часу, калі яна ўспрымаецца як апора і радасць чалавечага існавання.
У сучаснай нашай літаратуры хата (дом), як правіла, хораша паэтызуецца. У Р. Барадуліна – гэта велічная з’ява, якая будзіць таемнае, нават містычнае пачуццё роднасці («святое штосьці»), што робіць чалавека шчаслівым. «Якую даль сабе ні сватай, // Шчыміць жадання асака – // Чуць першы гром // Над роднай хатай, // Чуць дома першага шпака»39. Разам з тым Р. Барадулін вельмі добра адчувае эстэтычную цану малога, дробнага ў паказе роднага асяродка. Пры ўсёй паэтычнай эфектнасці, яркасці, віртуознасці гэтага майстра слова ён зусім зямны і хатні, нават паганскі ў сваіх творах. «Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя», «дамоў – гукае маці», «мне дома цяжка заснуць», «трэба дома бываць не госцем» – гэта толькі асобныя радкі, пазбаўленыя кантэксту, яле яны гавораць пра гэта «звычайнае» ў бачанні роднага кута. А загалоўкі многіх яго вершаў! Яны, як вядома, вобразы ў сістэме твора, якія надзейна працуюць. Аўтар настойліва выстаўляе менавіта «дробныя» рэаліі хатняга і каляхатняга жыцця, ствараючы патрэбны малюнак. Напрыклад: «Дзверы», «Бусел», «Калыска», «Цялушка», «Паром», «Памытая падлога», «Шапка», «Зямля», «Боты», «Цётцы», «Вёска», «Жароўня», «Загнет», «Пастух», «Калаўроты», «Паляць бульбоўнік», «Правінцыя», «Ускраіна», «Ларок», «Дома», «Матчына хата». Гэта ўсё эстэтычна аднародны і прывабны для паэта шэраг аб’ектаў, якія твораць дарагі свет. Часткай яго могуць стаць радкі: «Лепей на зямлі бацькоў канаць, // Чым раскашавацца на чужыне»40.
Вельмі пашыраны паэтычны варыянт хаты ў беларускай літаратуры – гэта радзіма, Беларусь. Характэрныя тут радкі У. Жылкі з яго «Тэстамента»: «І што набыў, усё, што маю, – // Усе скарбы, усе свае багацці // І песні ўсе – крывіцкай хаце»41. Тое ж у Я. Купалы: «Над беларускай беднай хатай ... // Вісіць чужы сцяг ...»42.
Вельмі значны мастацкі эквівалент хаты (дома) звязаны з успамінам чалавека пра даўняе, з маленствам і яго святлом. Рэканструкцыя дзіцячых гадоў у памяці суб’екта нязменна выклікае вобраз дома як пачатку пачаткаў. Французскі даследчык Г. Башляр піша: «Дом – адна з самых магутных сіл, якія інтэгруюць чалавечыя думкі, успаміны і мары. Прынцып звязкі ў гэтай інтэграцыі – уяўленне (...). Дом выцясняе выпадковае, нязначнае з жыцця чалавека, пакідаючы яму сталае. Калі б не дом, чалавек быў бы істотаю распыленай (...). Гэта першасвет для чалавека. Перш, чым быць закінутым у свет, як вучаць скараспелыя метафізічныя тэорыі, чалавек люляецца ў калысцы дома. І ў нашых марах дом – гэта заўсёды вялікая калыска (...). Жыццё пачынаецца добра, з самага пачатку яно ахавана, абаронена ў лоне дома»43. Таму паэтычны матыў успаміну-мары пра сваё далёкае абавязкова нараджае дом – зыходную каштоўнасць.
Напрыклад, вершаванае апавяданне М. Багдановіча «Вераніка», у якім герой з светлай журбой згадвае сваю мадонну, пачынаецца з яго дзіцячых гадоў, дзе перш за ўсё быў «ціхі старасвецкі дом». Былі там яшчэ «вулка», сад, «шпакоўніца». Але цэнтр таго свету – гэта той суседскі дом, па сутнасці, родны, дзе «ў гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё», дзе расла і яна, што «ўсягды была сама, адна»44. Паэт лічыць патрэбным звярнуць увагу тут на «ўражлівую душу» свайго героя, што дапамагае чытачу прыняць эмацыянальны лад аповеду і паверыць, такім чынам, што ўсё пачыналася з дома.
У тым жа эстэтычным ключы разгортваецца лірычны маналог А. Пісьмянкова, які робіць душэўны паварот да свайго мінулага, дзе самае дарагое – бацькоўскі дом. Тут трэба зноў працытаваць Г. Башляра: «На пытанне пра самыя вартасныя даброты дома мы бы адказалі: дом – прытулак мары, дом – прыстанак летуценніка, дом дазваляе нам цешыцца мірам і спакоем. Не толькі думка і вопыт зацвярджаюць чалавечыя каштоўнасці. Марам належаць каштоўнасці, адбітак якіх асабліва глыбокі ў душы чалавека. Уяўленне валодае яшчэ і перавагаю самакаштоўнасці. Яно непасрэдна атрымлівае насалоду ад уласнага быцця. І месца, дзе мы жылі, самаадраджаецца ў новай мроі. Успаміны пра колішняе жыллё нанова перажываюцца намі як мроі, і менавіта таму дамы мінулага бессмяротныя ў нашай душы»45. На гэтай ноце мрояў з’яўляецца дом дзяцінства ў вершы А. Пісьмянкова, па-аўтарску адметны яшчэ і вобразам жыцця ў доме – дымам з коміна. «Слязіну змахну крадком // У родным кутку святым: // Тут быў у мяне свой Дом, // А над домам плыў Дым. // Які б ні бываў садом // У гэтым жыцці крутым, // Я знаў: у мяне ёсць Дом, // А над Домам плыў Дым»46. Паэтычнае, у тым ліку гукавое абыгрыванне дэталяў «Дом – Дым», абазначэнне іх да таго ж з вялікай літары ўзмацняе іх сэнсавую вагу, выдзяляе «Дом» як цэнтр свету чалавека.
Не толькі мара-ўспамін, а і мара, скіраваная ў будучыню, выводзіць да свайго дому як апірышча жыцця, як сімвала яго пазітыву. У паэме Я. Коласа «Рыбакова хата» старое, збуцвелае і змрочнае жыллё Латушкі, у якім знайшлі прыстанак Марына і Даніла, няспынна будзіць іх думку-летуценне пра свой светлы дом. І вобраз гэтага дома, у якім аўтар бачыць знак адроджанай Заходняй Беларусі, і ёсць тут маральна-філасофскі прадукт, што так ці інакш выпрацоўваецца ўяўленнем пра даброту жыцця. Пра тое, што пошук роднага дома – адзін з галоўных ідэйных матываў паэмы «Рыбакова хата», гаворыць і сын Я. Коласа М. Міцкевіч. ён сцвярджае, што твор прысвечаны не ўз’яднанню беларускага народа, «а другой важнай праблеме чалавечага існавання – даху над галавой, роднага дому»47. У БССР асабліва ў 20-я гады канструяваўся міф пра «Беларускі Дом», які, быццам бы, тут і ўзводзіцца ў рэальнасці. Міф быў падрыхтаваны афіцыёзам з улікам гістарычных спадзяванняў народу і таму атрымаў моцны грамадскі рэзананс. Свой «Дом» клікаў шырокія масы да сябе як доўгачаканая нацыянальная дзяржаўнасць. Дом быў вынікам дзеяння чалавечай мары. Не выпадкова К. Чорны ў сваіх творах 20 – 30-х гадоў зноў і зноў стварае сцэны вялікага будаўніцтва, якое разгортваецца на вёсцы, дакладней, за вёскай, на новым месцы. У гэтых сцэнах мала прадметнай канкрэтыкі, вельмі характэрнай для пісьменніка. Пераважаюць аўтарскія разгорнутыя рэмаркі, якія павінны былі пераконваць чытача ў тым, што вялікія, шматкватэрныя дамы – гэта блізкая будучыня беларускай вёскі, святло яе жыцця. Такія паэтызаваныя малюнкі будаўніцтва бачым у аповесцях «Лявон Бушмар», «Вясна». А ў рамане «трэцяе пакаленне» аўтар публіцыстычнымі, апісальнымі пераважна сродкамі даводзіць, што ў глухой мясціне «Дзве хаты» пачынаў узводзіцца «сацыялістычны горад».
Высокі сэнс хатняй прасторы, што раскрываецца праз звычайныя рэаліі жыцця, можна бачыць у літаратуры і праз вобразы-аналагі хаты. Такія, як карчма, палац, замак (замчышча), лес, пасад, могілкі. Карчма як шматфункцыянальны побытавы і грамадскі аб’ект вельмі арганічная ў жыцці і гістарычным лёсе Беларусі. «Ну скажыце. Ці ж я вінаваты, // Што мяне гадавала карчма?»48– так мог выказацца не толькі герой М. Чарота, а і шмат хто з абяздоленых, выбітых са звыклай каляіны жыцця. Карчма вельмі звыклая і для лірычнага героя У. Караткевіча: абяцае «паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом»49. Яна бывала прытулкам для людзей розных сацыяльных станаў, узростаў, прафесій. Іграла ў іх жыцці самыя розныя ролі – забаўляльна-вясёлыя, урачыста сур’ёзныя, будзённыя, драматычныя, трагічныя. Той жа М. Чарот з поўным правам мог сказаць: «У карчме – нараджалі, жанілі, // У карчме – і лажылі ў труну»50. У гэтых радках – адбітак лёсу беларуса, глабальная метафара яго жыцця. М. Чарот, праўда, малюе карчму толькі як зыходную пляцоўку ў жыцці яго героя, які знаходзіць сябе і сваю дарогу ва ўмовах рэвалюцыі.
Увогуле ж карчма ў літаратуры Беларусі пачынаецца з А. Міцкевіча і В. Дуніна-Марцінкевіча, якія паказалі змястоўную насычанасць, дынамізм і своеасаблівую этнічную экзотыку жыццядзейнасці гэтай беларускай народнай установы. У карчме і ў «Пане Тадэвушу», і ў «Гапоне» адбываюцца лёсавызначальныя для герояў падзеі, прымаюцца важныя рашэнні на перспектыву. Тут нібы дэманструецца духоўна-маральны вопыт, акумулятарам якога становіцца побыт карчмы. І таму яе значэнне ў ідэйна-мастацкім кантэксце твораў такое істотнае. Гэта нават нешта большае за хату, павялічаны знак яе, нават вобраз беларускага народнага жыцця з яго спецыфічнай культурай падарожных, музыкаў, старцаў, казачнікаў, бывалых людзей. Карчма – гэта не штодзённасць хатняга раўнамернага жыцця: тут, у карчме, магчымы яго ўзлёты, выбухі, нечаканыя павароты.
У рамане К. Чорнага «Трыццаць год» (у пачатку твора) збіраюцца ў карчме амаль усе героі. Адсюль скіроўваюцца па сваіх вельмі розных дарогах. Так пачынае вязацца сюжэтны вузел, і ў гэтым няма зададзенасці: карчма і цягнула да сябе, і выпраўляла ў свет: тут, у кантактах з іншымі, хто шукаў сябе, лягчэй было знайсці адказ на пытанні, якія ставіла перад чалавекам жыццё. І такая завязка – скрыжаванне чалавечых лёсаў у карчме – высвятляла філасофскую шматзначнасць твора. У «Пошуках будучыні» К. Чорнага карчма – пераходны этап па дарозе дадому Нявады, які менавіта тут можа многае з перажытага асэнсаваць: уся атрыбутыка гэтага чалавечага прыстанку змушае задумацца. Карчма – тое месца, дзе можа выказаць вынашанае ў душы пасля доўгіх нягод і выпрабаванняў герой паэмы Я. Купалы «Сон на кургане». Праз карчму мусіць прайсці ў пошуках духоўнай самарэалізацыі герой паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка».
Маючы такія высокія ўласцівасці, карчма ўспрымалася як сімвал беларускага народнага жыцця, яго надзейнасці і універсальнасці яго праяваў. Разбурэнне ж карчмы бачыцца сімвалам гібелі жыцця, знакам смерці. «Забытая карчма» ў Я. Купалы – трагічны вобраз. «Стаіць, як абскубаны зверам шкілет, // Забытая светам карчма»51. І яшчэ карчма ўспрымаецца як этнаграфічны знак нацыянальнай даўніны, яе своеасаблівай адметнасці. Яшчэ ў літаратуры нашаніўскага часу яна фігуруе як дэталь тагачаснай рэальнасці. Пазней для пісьменнікаў свет жыцця карчмы важны для перадачы беларускай мінуўшчыны з яе найбольш істотнымі выявамі.
Эстэтычна ўзвышанае адценне мае ў беларускіх пісьменнікаў і такі аб’ект матэрыяльнай культуры, што звязваецца з жыццём чалавека, як замак (палац). Замкавы сілуэт, яго прастора і нават руіны асабліва імпануюць Я. Купалу, паэту рамантычнага светаадчування. З замкам або палацам звязваецца гераічная ці, прынамсі, суровая мінуўшчына. «Белы хорам стаяў» на крутой гары ў паэме Я. Купалы «Курган». Натуральна, што ў такім хораме мог жыць князь, «слаўны свету ўсяму»52. Грозны баярын жыў у палацы, які «абведзен быў высокім мурам»53. «Слаўны гедымін, князь Літвы – ліцьвін» жыў на высокай гары ў замку, мур якога «глядзеў на зямлю як леў»54.
Замчышча з’яўляецца сховам скарбаў, якія вартуюць Чорны і яго памагатыя – відмы-касцятрупы і якія беспаспяхова спрабуе здабыць герой-адзіночка Сам («Сон на кургане» Я. Купалы). Асабліва вялікую легендарна-гістарычную таямніцу крые ў сабе замчышча ў паэме «На куццю». У яго лёхах раз у год князь прымае справаздачу ад ганцоў пра тое, як і чым жывуць людзі ў родным краі. Міфалагічна-незвычайная сітуацыя з князем-патрыётам, які вяртаецца з гістарычнага небыцця, каб праверыць стан беларускага народнага духу, надае твору гераічна-эпічнае гучанне. З другога боку, адкрывае вялікія «магчымасці» замчышча як месца не проста пустэльнага і сумнага, а і велічнага, здольнага лучыць мінулае з сучаснасцю, прадвяшчаць будучыню. Таму занядбанне замка трактуецца Я. Купалам як знішчэнне памяці, як трагічная страта сучаснікаў. Гэты матыў мае прамы працяг у вершы «Свайму народу» (1918), дзе паэт патрабуе ад яго ўзняцца на адраджэнне ўсіх разбураных ці занядбаных каштоўнасцяў, сярод якіх не апошняе значэнне маюць даўнія абарончыя збудаванні: «Тваймі рукамі ўзнесены замчышчы, // Глянь, зарастаюць дзікім палыном»55.
Замак – вельмі важны акцэнт у мастацкай канцэпцыі жыцця яшчэ аднаго вялікага беларускага рамантыка Уладзіміра Караткевіча. Прастора замка ці палаца – пляцоўка, на якой разгортваюцца ў пісьменніка драматычныя адносіны розных сіл нашай нацыянальнай гісторыі, раскрываецца найперш маральны свет шляхты, што адыграла сваю значную ролю ў лёсе Беларусі. На гэтай пляцоўцы сумяшчаюцца гераічныя здабыткі і трагічныя страты герояў, што вызначае яе асаблівую эстэтычную значнасць, выяўляе тое «вялікае», што нясе ў сабе хатні асяродак у беларускай літаратуры. Пра гэта сведчаць усе амаль буйныя творы У. Караткевіча-празаіка. Нават маёнткавы дом (палац) Балотныя Яліны ў «Дзікім паляванні караля Стаха», схаваны ў глухім лясным закутку, становіцца цэнтрам падзей, што маюць гістарычнае значэнне... За супрацьстаяннем Беларэцкага і Дубатоўка бачацца працэсы расслаення ў асяродку беларускай шляхты канца ХІХ стагоддзя, рост у гэтым асяродку дэмакратычных, патрыятычна-асветніцкіх сіл. Духоўна-маральнае і фізічнае адраджэнне гаспадыні маёнтка Надзеі Яноўскай цесна звязваецца ў творы з унутранай прасторай самога дома. Дом-палац у працэсе дзеяння паступова траціць свой здзічэлы і змрочны нежылы выгляд, становіцца святлейшым і цяплейшым, нават прыгожым. Вобраз дома скразны ў аповесці. Ён толькі мяняе свае планы ў структуры твора, высвятляючы аўтарскую думку пра мінулае Беларускага краю.
Тыпалагічна блізкі адзначанаму вышэй вобразу дома мастацкі аб’ект у 33-серыйным тэлефільме Уладзіміра Арлова «Пракляты ўтульны дом», пастаўленым на беларускай кінастудыі. Блізкі шматзначнасцю, метафарычнай узбуйненасцю і пэўнай парадаксальнасцю свайго ўнутранага напаўнення. Шляхецкі дом-палац у У. Арлова таксама сцягвае да сябе ўсе ніці дзеяння, ён – цэнтр вялікага жыцця. Адзінокая юная гаспадыня гэтага адзінокага палаца, у якім сцішылася і амаль замерла жыццё (дзея – падчас паўстання 1863-га), бо мужчыны пайшлі ваяваць, паступова ўскладае на сябе нялёгкія абавязкі – ратуе раненага паўстанца, даючы яму прытулак, сама ратуецца ад візітаў і празмернай увагі да свае асобы афіцэра карнага войска. І жыццё ў доме набывае маральна-псіхалагічную напружанасць і складанасць. Дом у фільме У. Арлова становіцца выявай вялікай прасторы беларускай рэчаіснасці («праклятай» і «ўтульнай») у пераломную гістарычную пару. Як і ў аповесці У. Караткевіча, дзе дэманічна-д’ябальская сіла «дзікага палявання» імкнецца падпарадкаваць сваёй волі і знішчыць апошняе святло дому ў Балотных Ялінах, у тэлефільме дом паўстанца – пад неаслабнай пагрозай і з боку рэпрэсіўнай дзяржаўнай сілы. Але і там і тут дом выстойвае, і гэта сімвалічна ў ідэйным кантэксце твораў, бо жыццё дому – жыццё Беларусі.
Сінонімам роднай хаты ў беларускай літаратуры бывае пасад. Ён больш актыўны як мастацкі вобраз зноў жа ў Я. Купалы. Класічныя радкі паэта «Занімай, Беларусь маладая мая, // Свой пачэсны пасад між народамі»56 як найлепш перадаюць «перарастанне» традыцыйнага сэнсу пасада як часткі беларускага вясельнага абрада ў новы яго ўзровень, які абазначае высокі ўладны, дзяржаўны, па сутнасці, статус. Дакладней кажучы, у Я. Купалы абодва семантычныя адценні – у наяўнасці, і эстэтычны іх мантаж стварае натуральны і моцны сваёй унутранай сілай вобраз адроджанай бацькаўшчыны. Тое ж і ў іншым вершы, дзе паэт кліча аднаўляць знішчанае дзяржаўнае становішча краіны: «Паўстань з народу нашага, Уладар, // Адбудаваць свой збураны пасад»57. Паэтычная рэканструкцыя пасадна-вясельнай сітуацыі хораша выканана Я. Купалам і ў паэме «Безназоўнае». Беларусь малюецца тут як нявеста ў рытуальным уборы, якая «на куце ў хаце сваёй села» і з гонарам і радасцю адчувае, што яна – «сама сабе гаспадыня». Відавочная тая ж шматзначнасць вобраза, у які паэт укладаў сваю мару-надзею на вольны лёс роднага краю.
Неад’емнай часткай жыцця беларуса, які, між іншым, добра збярог даўнія паганскія культы, з’яўляецца лес. Ён – не толькі вялікая частка фізічнай прасторы жыцця чалавека, а і магутная таямнічая сіла, якая з старажытных часоў туліла і карміла, а яшчэ чаравала сваім загадкавым хараством. Натуральна, што лес для мясцовага жыхара станавіўся сваім, хатнім, нават нацыянальным асяродкам жыцця. Гэта засведчана беларускай літаратурай, у якой рэдка хто з пісьменнікаў мог абысціся без такога паэтычнага прадмета. Найлепш, напэўна, пра лес выказваўся Я. Колас. Яго паэмы «Новая зямля», «Суд у лесе», трылогія «На ростанях», верш «Лясам Беларусі» адкрываюць чытачу ўтульны, родны свет лесу. У «Новай зямлі», дзе ў цэнтры – пасада (сядзіба) лесніка, лес накладвае глыбокі адбітак на жыццё герояў, па-свойму арганізуе яго, шмат у чым вызначае яго дух. Лес трымае гэтае жыццё ў сваёй матэрыяльнай і духоўнай прасторы, як трымае ўсякая хата. Героі ў гэтым творы дзейнічаюць у лесе больш, чым у сваім непасрэдна хатнім асяродку, гэта і ёсць галоўная, бадай, сферай іх чалавечага існавання. Я. Колас імкнецца яе ўсяляк апаэтызаваць, зацвердзіць яе як адзін з стэрэатыпаў беларускага народнага жыцця. Хатнія адзнакі лесу Я. Колас прыкмячае так: «Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога // Сягоння твой полаг – навес»58. Заключныя вобразныя назіранні – і ахоўная асаблівасць чалавечага жытла. Увогуле ж маральную каштоўнасць лесу – хаты Я. Колас падкрэслівае зноў і зноў: «Няхай адпачынуць лясы, // Разгорнуць шырока зялёныя крылы // Ды зноў набіраюць той мудрае сілы, // Што здавен ашчадна тулілі край мілы»59.
Гэтыя матывы чуюцца і ў вядомых творах беларускіх празаікаў: «Скіп’ёўскі лес» К. Чорнага, «Пушча» В. Карамазава, «Вялікі лес» Б. Сачанкі. У рамане В. Карамазава «Пушча» асабліва адчувальны аўтаномны лясны свет, які бярэ ў свае абдымкі чалавека ды адорвае яго хараством і мудрасцю. Гэты свет кліча да сябе чытача, як кліча ўсякая гасцінная хата. Некаторыя героі В. Карамазава народжаны і сфармаваны ў гэтым замкнутым свеце і жывуць у ім. Прынамсі, зноў і зноў вяртаюцца ў яго, як непазбежна вяртаецца чалавек дадому.
Па-мастацку нечаканы, незвычайны свет беларускага лесу – у паэме А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У чацвёртай кнізе гэтага твора, дзе паказваецца традыцыйны рытуал шляхецкага палявання, аўтар разгарнуў малюнак пушчы родных яму мясцін. Пушча выглядае як велічная і суровая прыродная сіла, што жыве сваімі жорсткімі і адначасна разумнымі правіламі, рэгулюючы, ахоўваючы ўсё жывое ў яе прасторы. Гэта надзейны «дом, толькі не для чалавека, а для насельнікаў прыроды, і ў такой ролі нават паэтычна трактуецца як сталіца. «Сталіца дрэў, раслін, травы, жывёл і птаства // Ашчадна беражэ ўсе пары і насенне, // Каб не звялося іх на свеце пакаленне»60. Паэт пераконвае, што прырода сваім мудрым ладам жыцця прадвызначае бяспеку і ўтульнасць існавання «пушчанскага насельніцтва». Таму іх дом як вобраз асяродка для жыцця зусім натуральны ў мастацкім кантэксце паэмы. «Яны сабе ядро той нерушы забралі // І рэзідэнцыяй паміж сабой назвалі, // А дзецьмі ўсе лясы наўкол і за лясамі // Абсеялі і засялілі. Толькі самі // У сталіцы раскашуюць. Знаць, і ім вядома, // Што дому лепшага няма нідзе, як дома»61. Лясны дом у А. Міцкевіча насычаны паўнакроўным жыццём, і яно паэтызуецца як сугучнае чалавечаму жыццю.
Натуральна, што матыў «лес-хата» загаварыў сваёй новай мовай у паэзіі на ваенна-партызанскую тэму, нават стаў адным з галоўных у шматлікіх творах. Вось характэрныя радкі М. Васілька: «Нібы родных, прынялі нас нетры бору, // Памаглі складаць нам песні барацьбы»62. Хатні вектар ляснога жыцця арганічны ў кнігах ваеннай прозы Г. Шчарбатава «Шумелі пушчы» (1957), «Лясны фронт» (1961).
Мастацкім аналагам хаты выступае ў беларускай паэзіі магіла (могілкі). Гэта таксама чалавечы прытулак, і людзі «зышлі ў зямлю на вечны госці» (Я. Купала). Матыў могілак часцей элегічна-філасофскі (М. Багдановіч, Я. Колас, Я. Купала). У Я.Коласа («Забытая магіла») з магілай звязваецца ўяўленне пра нетрываласць усякага жытла, як і памяці, якую сцірае час: «А тут жыццё пачыла неча, // І ў ім пахован цэлы свет»63. У М. Багдановіча Амур вартуе каханне, якое «палегла» тут, у магілах («На могілках»), месца гэта ўспрымаецца як месца чалавечага сну («Над магілай мужыка»). Яно дае падставу для разваг пра сэнс чалавечага жыцця, шматстайнасці яго руху: «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог // А вядуць яны ўсе да магілы...»64. У Я. Купалы як экспрэсіўны жэст адчаю, як пратэст супраць цяжкай долі магіла выбіраецца дзеля працягу існавання, дзеля віртуальнага жыцця («Адвечная песня», «На могілках»). У У. Жылкі – дзеля спачынку, заспакаення ад няспынных абвінавачванняў і праследаванняў: «Пара падумаць і пра кут: // На могілках зацішных Росы // Хачу спачыць ад каламут»65.
Так ці інакш, могілкі – вобраз трагічна-велічнага плана, які вядзе ў свет антыжыцця, традыцыйна-прыхільны, а часам і жаданы для чалавека. Дарэчы тут звярнуцца да аповесці В. Быкава «Аблава», герой якой, уцёкшы з высылкі дадому, у сваю вёску, і баючыся быць злоўленым савецкімі ўладамі, хаваецца на могілках. Пісьменнік паказвае, што Хведар Роўба пачуваецца тут вельмі добра, сярод магіл землякоў – суседзяў, блізкіх людзей. Ад іх нібы зыходзіць традыцыйная для народнай культуры энергетыка лагоднага і зычлівага стаўлення да чалавека, што трапіў у бяду. Яны «разумеюць» Роўбу і падтрымліваюць. Могілкі, такім чынам, як вобраз пазазямнога быцця набываюць пазітыўна высокі маральны змест. Асабліва ў супастаўленні з гвалтоўнай рэчаіснасцю 30-х гадоў. Быкаўскі гуманістычны матыў магілы выразна пераклікаецца тут з купалаўскім, у кантэксце якога герой аддае перавагу магіле перад людскім светам. Пра гэта гаворыць фінал паэмы Я. Купалы «Адвечная песня».
Увогуле ж могілкі як месца вечнага супакою продкаў пазначаны згодна з народным уяўленнем рысамі сакральнай святасці, і да іх прынята адносіцца з глыбокай пашанай. Тым больш, што тут жывыя кантактуюцца з памерлымі. Памінанне нябожчыкаў, г. зв. Дзяды, што адбываюцца і на могілках (Радаўніца), шырока адлюстравана ў нашай літаратуры. Творы А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, затым Я. Коласа, З. Бядулі, М. Гарэцкага пасля І. Пташнікава, А. Кудраўца, В. Адамчыка, П. Місько, В. Казько сведчаць, што могілкі – выява спакою, цішыні, мудрай памяці, напоўненай высакароднай дабрынёй.
У рамане В. Казько «Неруш» могілкі – яшчэ і месца жыхарства. Сюды, на вышэйшае месца, перабіраюцца людзі, ратуючыся ад вады падчас веснавой паводкі. Перасяляюцца з сваёй хатняй жывёлай, і ствараецца відавочная паэтычная паралель з сусветным патопам. Ноеў каўчэг, а тут – могілкі ёсць цэнтр сусвету. Праўда, аўтар не хавае гэтай паралелі і такім чынам аслабляе яе маштабнасць, пераносячы акцэнт на іншае семантычнае поле. «Астравок зямлі, застаўлены высокімі цёмнымі крыжамі, быў заселены і абжыты, і дзеці пахаджвалі ўжо там, глядзелі з вышыні могілак на ваду (...). Астравок з дарослымі і дзецьмі падобны быў на Ноеў каўчэг: усялякай пачвары па пары – кошкі, сабакі, пеўні, куры. Вось толькі парсюкоў не дазволілі сяляне завезці на могілкі»66. Сітуацыя з уцёкамі на могілкі, як відаць, даўно знаёмая, нават прывычная для вяскоўцаў. І суседства з нябожчыкамі на гэтым новым месцы жыхарства зусім не бянтэжыць людзей, якія натуральна далучаюцца тут да вечнасці быцця. Паводка – паводкай, нібы гаворыць аўтар, яна прыйшла і мінецца. Чалавечае ж жыццё мае свой рух і свой суровы закон, пра які нагадваюць дарагія памятныя крыжы. І агульны малюнак могілак у творы вытрыманы ў эпічна строгіх танах: «Суровымі цёмнымі мачтамі ўзвышаліся над могілкамі, над тымі, хто даўно ўжо выправіўся ў апошні свой шлях, і над тымі, хто з’явіўся сюды, каб знайсці тут прытулак, крыжы, патрэсканыя ад часу і няспыннай працы, дзе самым руплівым працаўніком быў той жа самы час, паўсюдным працаўніком – і на зямлі, і пад зямлёй»67.
Урэшце, апошні прытулак чалавека – гэта сімволіка таямніцы, што скрываецца дзесьці за мяжой існага і падуладная экзістэнцыйнаму светабачанню. Як у У. Жылкі: «Стала госця ля парогу, // Белым вабіць рукавом: // – Выйдзі, любы, у дарогу, // Новы дам начлег і дом»68.
Мастацкі свет роднай хаты шырока рэалізуецца ў беларускай літаратуры праз яе разнастайныя знакавыя складнікі, такія, напрыклад, як калыска, куфар, парог, покуць, страха, прызба. Традыцыйна высокі статус хаты ў жыцці чалавека таксама, як і ў адзначаных ужо выпадках, перадаецца тут праз звычайна побытавыя аб’екты, якія ў вобразным кантэксце набываюць багатыя паэтычныя ўласцівасці. На тэму куфра Л. Геніюш напісала не проста паэтычны твор, а паэму, у якой змагла ўвасобіць дух беларускага народу, перадаць творчы лад яго жыцця, таленавітасць, вернасць традыцыям дзядоў і прадзедаў. Матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, створаныя пакаленнямі вясковых жанчын і складзеныя ў куфры – гэта багацце, гонар і памяць народу, што з’яўляюцца своеасаблівым фундаментам яго самабытнасці і ўнутранай моцы. Куфар, такім чынам, не проста частка традыцыйнай хаты, а вобраз яе жыццядзейнасці, нават яе хараства.
Такі ж першачаргова важны прадмет у вясковай беларускай хаце – калыска. З яе, па сутнасці, пачынаецца жыццё хаты, жыццё чалавека. Прынамсі, гэта рэч першага плана: «Добра мне тут, мне тут міла, // Родна ўсё і блізка, // Тут хлябок мой, мая хата // І мая калыска»69. Як бачым, у паэта калыска ставіцца побач з хатай як раўназначная ёй з’ява. У Я. Купалы з калыскай звязваецца радзіма: «Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць // Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах, // Што роднай нівы я мільённая часціна»70. Матыў вернасці роднаму, якая выхоўваецца з калыскі, падмацоўваецца ў Я. Купалы яшчэ такім важным фактарам, як народная песня. Родная песня над калыскай дзіцяці – хоць і традыцыйна-стэрэатыпны, але магутны спосаб патрыятычнага развіцця асобы, далучэння яе да хаты, мяркуе аўтар у вершы-наказе «Матцы»: «Над калыскай з бегам ночак // Песні роднай не жалей, // Каб як вырасце сыночак, // Верным вечна ён быў ёй»71. Герой А. Куляшова ўдзячны менавіта калысцы за тое, што свой у роднай хаце: «Я хаце абавязаны прапіскаю – // Калыскаю, падвешанай пад столь»72. У вершы «Калыска» вядзе працяг лірычны герой Р. Барадуліна, уключаючы гэты хатні атрыбут у глабальны кантэкст жыцця, узводзячы ў ранг усясветнага, касмічнага значэння: «Неба нізкім навісла полагам. // Шчыры дзякуй табе, калыска! // Не ўзрасціла ты семя кволага, // Не прыземліла мары нізка... // Ты – сусвету ўсяго пясчынка»73.
Увогуле лексемы «калыска», «калыхаць», «калыханка» вельмі прадукцыйныя ў вобразатворчых адносінах і ў фальклоры, і ў беларускай паэзіі. У народных песнях калыханне – стан сардэчнай цеплыні, утульнасці, нярэдка гуллівасці і легкадумнасці. Так што эстэтычная амплітуда тут шырокая, сягае да асацыятыўнай шматзначнасці. Вось з народнай песні: «Як я была маленька, // Калыхала маманька. // А як стала падрастаць, // Сталі хлопцы калыхаць. // Калыхалі мяне хлопцы // То ў рэшаце, то ў каробцы. // А бадай вы не даждалі, // як вы мяне калыхалі»74. У Д. Бічэль пад уражаннем снегападу перадаецца адчуванне ціхага і светлага спакою: «Закалыхалася – // гуленькі-гушкі! // Сеюць муку // Нябачныя мельнікі. // Лётаюць, лётаюць лёгкія гускі...»75. У Л. Геніюш – прыхільнасць да народных маральных арыенціраў: «О Зямля! // Сыноў сялянскіх калыска, // Беларуская наша доля»76. Разнастайнасць семантычных і стылістычна-эстэтычных адценняў гэтага «калыхальнага» гнязда – ад маральна-псіхалагічнай глыбіні вобраза калыскі як знака радавога пачатку хаты.
Істотны кампанент традыцыйнай хаты – прызба, якая таксама набывае ў літаратуры, асабліва ў паэзіі, метафарычны сэнс. Прызба – месца агляду жыцця па-за сценамі будынка, месца кантактаў з навакольным асяроддзем. І яшчэ як вартавы пункт гаспадара, які часцей падсвядома, ды нясе тут службу аховы роднага селішча.
Найперш прызба – неад’емная часцінка роднага вясковага асяроддзя, самой аўры яго жыцця. У Я. Купалы: «З нізкай прызбай хацінка, шнур з вясёлай збажынкай»77. Разам з тым гэта ў Я. Купалы – важны маральны і эстэтычны акцэнт народнага жыцця: напамінаючы «брату ў чужыне» пра бацькаўшчыну і пералічваючы яе традыцыйныя атрыбуты, паэт не абмінае прызбы: «Ці помніш прызбу, плот з прасламі, // Сваю хацінку, свой тачок...»78 Зноў жа ў Я. Купалы знаходзім прызбу як патрыятычна-вартавую пляцоўку, на якой сядзіць гаспадар хаты, старэйшына сям’і, і «ахоўвае» яе (сям’ю-хату) ад усякіх бед і напасцяў. Гэтаму навучыла гісторыя – быць гатовым да ўсякіх нечаканасцяў з розных бакоў. Такая сітуацыя набыла асаблівую актуальнасць у часы БНР, у 1918 годзе, калі напісаны быў верш «На прызбе». «Бледны дзед», які сядзіць, нібы на баявым пасту, трывожна думае пра перажытае і пра сённяшняе, калі «новы ўладары» (напэўна, бальшавікі) «пруць к яму ў гаспадары». Натуральна, што ён не чакае «дабра знікуль». Таму так цяжка ў старога на душы. Але, як відаць, ён не траціць надзеі і веры і не пакіне сваю прызбу-вартоўню: «А дзед на прызбе ўсё сядзіць // І ў дальню даль глядзіць, глядзіць!»79 Выклічнік, які завяршае гэты паэтычны фрагмент і твор у цэлым і які, на першы погляд, тут не да месца, важны для аўтара як абазначэнне маральна-псіхалагічнай моцы самай гэтай варты, яе гістарычнай пераемнасці. Згаданы фактар мацуе і ролю прызбы ў кантэксце твора, сведчыць пра ідэйна-мастацкую значнасць вобраза.
У М. Танка прызба – знак заходнебеларускага жыцця, дэталь яго краявіду. Дэталь не проста этнаграфічная, бо гэта грамадская пляцоўка, што лучыць людзей для спраў не толькі мясцовых, вясковых, а і для спраў вечнасці. Герой паэта, сумуючы ў санацыйным зняволенні, вяртаецца ў думках туды, «дзе на прызбе пад акном // Старыя пра жыццё гавораць»80. Прызба тут – нібы цэнтр сусвету. У 1975 г. М. Танк напісаў верш «На прызбе», дзе тая ж глабальная сітуацыя – гаворка маці з сынам пра смяротную часіну, што напаткала блізкіх людзей. Насып ля сцяны даўняй сялянскай хаты, такім чынам, – лепшае месца для філасофскіх дыскусій. Гэта гаворыць народная культура вуснамі паэта. Аднак самыя светлыя выявы жыцця добра ўспрымаюцца менавіта з гэтай лакальнай пляцоўкі. Так сцвярджае У. Сыракомля ў вершы «Пра маю старую хатку»: «Вось і прызба, вось і ганак. // Тут я слухаў напрадвесні: // Каля Нёмна ў ціхі ранак // Салавей спяваў мне песні»81. З У. Сыракомлем пераклікаецца М. Танк. Ва ўступе да паэмы «Нарач» герой-апавядальнік, зазіраючы ў заўтрашні дзень, уяўляе: «Прысядзем на прызбы, на новы парог // З вясёлым і ясным абліччам»82. Прызба як частка традыцыйнай хаты ставіцца, як бачым у М. Танка, побач з парогам.
Парог – вельмі багаты хатнімі ці каляхатнімі сэнсамі аб’ект, што набывае розную вобразатворчую ролю і ў фальклоры, і ў беларускай літаратуры. Перш за ўсё парог успрымаецца даволі адназначна і паэтычна ўзвышана як знакавы пачатак радзімы, бацькаўшчыны. М. Сяднёў з далечыні свайго эмігранцкага лёсу так бачыць сустрэчу з Беларуссю: «Утаю я сэрца свайго раны, // абаб’ю з адзення пыл дарог. // Усхвалёваны душою стану // на даўно пакінуты парог»83. На той жа паэтычнай хвалі гучыць матыў парога ў вершы А. Кавалюк: «Моцна трымае нас родны парог, // Уладна вяртае з розных дарог»84. У Л. Геніюш: «Я сёння як быццам бы госць // на забытым на родным парозе»85. У В. Шведа: «А калі мае стомяцца ногі, // Я згару ад жыццёвых трывог, // хай апошняя сцежка-дарога // Прывядзе на бацькоўскі парог»86. У Р. Барадуліна: «Я гэты ціхі дым на смак і на вобмацак ведаю, // Яго ні з чым не паблытаю, // любой парою, // дзе б ні быў, адусюль па ім, як ганчак па следу // дарогу знайду да матчынага парога»87.
Характэрна, што з парогам як сімвалам хаты-радзімы скрозь злучаны вобраз дарогі. І гэта зразумела: парог – зыходны пункт, з якога выпраўляюцца ў дарогу, і канцавы пункт, да якога вяртаюцца. «І што б я быў для чалавецтва, // Калі б не гэтая дарога, // Якая ў свет шырокі ўецца // Адсюль – з бацькоўскага парога», – гаворыць лірычны герой А. Лойкі.88 Парог у народным магічным уяўленні абазначаў рысу, якая раздзяляе свой, хатні свет і ўсё астатняе за ім (іншасвет), па сутнасці, чужое. Гэтая рыса пераступалася з засцярогай, рызыкай, нярэдка з выкананнем поўных абрадных дзеянняў ды слоўных формул. «За парогам» – так называецца 2-я частка аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця», у якой Сцёпка Барута, пакінуўшы хату бацькоў, кіруецца ў сталіцу, каб паступіць на рабфак. І назва раздзела гучыць даволі шматзначна, нават афарыстычна, бо сапраўды праводзіць мяжу паміж ранейшым, вяскова-хатнім, і новым жыццём героя. «На парозе будучыні» – так назваў свой раман М. Лобан, «Парог» – драма А. Дударава. Тут таксама змястоўна аб’ёмнае ўвасабленне мяжы, якая дзеліць жыццё на якасна розныя часткі, гэтак жа, як дзеліцца прастора на хатнюю і пазахатнюю.
Родны парог – голас бацькавага дома – часта кліча да сябе, вабіць прыемным успамінам, саграе душу памяццю маленства. Гэта добра адчувае літаратурны герой многіх твораў у сталыя свае гады, тым больш на схіле гадоў. Праўда, такое пачуццё зведвае той, у якога моцнае «роднае карэнне» (М. Гарэцкі), па сутнасці, тыповы беларус. Гэта, напрыклад, лірычны герой М. Танка: «Завуць, каб адпачыў пасля дарог. // І я з трывогай сына марнатраўнага // Пераступаю зноў дзяцінства даўняга // Парог»89. У іншым вершы мудры гадамі герой паэта ставіць пытанне больш глыбока: ці можна ўвогуле вярнуцца на той парог, які калісьці пакінуў. «Толькі цяпер не знаю, // Ці прывядзе дарога // Зноў да майго юнацтва // І да майго парога»90.
Такім чынам, разнастайныя вобразы-складнікі хаты ўтвараюць адзіны цэласны матэрыяльны аб’ект і разам з тым духоўны арганізм, які становіцца асяродкам жыцця. Тут жыве сям’я і выхоўваецца асоба. Адсюль чалавек выпраўляецца часцей у сваю самастойную дарогу, на якой жыве думкамі пра роднае селішча. У яго хоча вярнуцца і нярэдка вяртаецца, каб набыць душэўную раўнавагу, а то і застацца на вечны спачын.
Аднак вяртанне ў сваю хату, а па сутнасці, у пару свайго дзяцінства і юнацтва вельмі праблематычнае, дакладней немагчымае, як сведчыць беларуская літаратура ў асобе самых розных яе творцаў. Відавочна таму, што родная хата так многа значыць для беларуса, гэта пытанне прыкметна хвалюе беларускіх пісьменнікаў. Прынамсі, жаданне вяртацца характэрнае для вельмі многіх. «Так далёка занеслі ногі. // Як вярнуцца дахаты?»91 – задае пытанне лірычная гераіня Д. Бічэль. Але пытанне ўспрымаецца як рытарычнае, бо «хата», што згадваецца, вельмі даўняя, патрыярхальная («там кудахтаюць куры на седале», «каля прызбы цвітуць чаравічкі»). Сядзібы такой ужо няма, яна адышла ў мінулае, застаецца толькі памяць, выказаная на элегічна-балючай ноце. Праўда, тая памяць – вельмі істотны маральны фактар: яна зберагае і нават узнаўляе свой хатні свет з яго канкрэтыкай. Стварае яго мастацкую рэканструкцыю, і ён жыве. «Доўгая дарога дадому» – так назваў сваю кнігу ўспамінаў В. Быкаў. Ён таксама ўзнаўляе, хоць і іншымі жанравымі сродкамі, уласнае мінулае, што пачыналася з хаты, асвячалася ёю. І пра што б ні пісаў, пра які б перыяд свайго лёсу ні ўспамінаў, «хата» нязменна застаецца ў кантэксце гэтага лёсу. Таму ў В. Быкава тое ж вяртанне. Яно паэтычна абазначана як «доўгая дарога», дакладна ж можна было б яго назваць бясконцай дарогай.
Пошук шляхоў да роднай хаты як маральнага апірышча жыцця чалавека раскрываецца ў «Развітальнай аповесці» В. Адамчыка. Герой твора, гараджанін-інтэлігент, ажыццяўляе паездку ў вёску, дзе ў бацькоўскай хаце ўжо няма каму жыць. У творы падрабязна апісана гэтае падарожжа міжгароднім аўтобусным маршрутам, якое для героя мае цану цэлай маральна-псіхалагічнай эпапеі: так глыбока і цяжка перажывае ён спатканне з мясцінамі і людзьмі свайго маленства. Характэрна, што ён не толькі не заходзіў у родную хату, ён нават мінае яе, бо настолькі тут усё перайначылася, што стала, па сутнасці, чужым. Вяртання, такім чынам, не адбылося. У канцы твора аўтар, які блізка стаіць да свайго героя, з жалем разважае: «Дык чаго ж тады шукала кволая і безабаронная, як аксамітны начны матылёк, спакутаваная чалавечая душа? Хараства, якое даўно адкрасавала і адцвіло? Радасці, якая змянілася няшчасцем і горам? Сцежку маленства, якая ўжо глыбока заарана? Старавечнага дрэва, якое зламала віхура? Тых людзей, якія даўно адышлі? Чаго ж тады шукала яна, збалелая чалавечая душа? А, можа, усяго толькі самую сябе, загубленую ў гэтым неспазнаным і бясконцым свеце? І, вядома, не знайшла»92.
В. Адамчык слушна паказвае, што справа тут не столькі ў хаце свайго маленства і юнацтва, колькі ў самой гэтай светлай пары жыцця, куды хочацца вярнуцца герою аповесці. Чалавек «зрастаецца» з сваёй хатай нараджэннем, лёсам, памяццю і звязвае з родным жытлом ужо ўласную асобу. Бачыць яе тут. Пісьменнік такім чынам выказвае важную ісціну пра непазбежнасць вяртання чалавека да сваіх пачаткаў. Такое вяртанне дапамагае духоўна, дадае сіл. Герой В. Адамчыка не змог спаткацца з бацькоўскім гняздом і толькі развітаўся з ім, панёсшы цяжкія страты.
Кожны па-рознаму ў літаратуры прыходзіць да свайго хатняга вытоку. І ён увасабляецца не толькі ў самім гэтым спецыфічным будынку. Герой В. Адамчыка пранікліва ўзіраецца ў краявіды сваіх мясцін, у знаёмых калісьці людзей. Ды і ў многія іншыя рэчы і з’явы. Яны дапаўняюць свет хаты. Таму шукаць яе нялёгка. «Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, // Дзе загон хлебадайнай зямлі?» – гэта радкі Я. Купалы93 «з песень беззямельнага», якія сведчаць, што ён не мае ў сваім родным краі надзейнага месца, і беспрытульнасць героя паэта – катэгорыя сацыяльна-філасофская, таксама і нацыянальная. «Дзе мой дом?» – задае самому сабе пытанне герой А. Цяжкага. Гэта важнае пытанне жыцця вынесена ў загаловак аповесці пісьменніка. І хаця герой аповесці, журналіст, які жыве ў горадзе, не раз прыязджае ў сваю вясковую хату, дзе жывая яшчэ маці, ён баіцца, што траціць у душы, магчыма, ужо і страціў гэту традыцыйную маральную апору, такую значную для яго пакалення. Герой А. Цяжкага – на раздарожжы і перажывае ўнутраны крызіс, які адлюстроўвае драматычную ломку традыцыйнага ўкладу жыцця Беларусі ў 2-й палове ХХ ст. З вобразам дома звязваюцца ў творы тыя духоўныя каштоўнасці, якія былі закладзены ў народнай культуры і ахоўваліся вясковай сям’ёй і хатаю. Ва ўмовах хуткай урбанізацыі жыцця на авансцэну яго выступаюць іншыя прыярытэты. І вобраз дома ў творы набывае асабліва маштабны паэтычны змест, супастаўляецца з фундаментам чалавечага жыцця.
Свой вялікі дом настойліва шукаюць героі апавяданняў і аповесцяў С. Яновіча. Іх беларускі свет ускладняецца тым, што жывучы ў Польшчы, яны маюць пэўныя праблемы з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. І зразумелая рэакцыя пісьменніка, які бачыць іх страты, бачыць, як разбураецца іх дом. Вельмі характэрны вобраз С. Яновіча вынесены ў загаловак замалёўкі «Доўгая смерць Крынак». гэта і назва зборніка прозы 1993 г. Калі ўлічыць, што Крынкі – роднае мястэчка аўтара, то відавочным становіцца драматызм вяртання да сваіх мясцін.
На сумежжы беларускай і польскай духоўнай прасторы жыве і лірычны герой В. Шведа, што гэтаксама цяжка перажывае ўнутраны разлад, не могучы прыстаць да свайго берага. Сам В. Швед доўгі час працаваў у Варшаве – журналістам, выдавецкім работнікам. Душа ж гэтага беларускага паэта ўвесь час рвалася да сваіх землякоў, у родную беларускую вёску на Беласточчыне. І радкі яго, што выказваюць гэтыя парыванні, сардэчныя і прачулыя, нярэдка балючыя. «Мой дарагі куток айчыны, // мой беларусе, крэўны брат, // Я вас ніколі не пакіну, // Да вас вярнуся я назад»94. Для паэта родная хата (вёска) і ёсць беларуская рэчаіснасць. Побач з хатай тут яшчэ шум Белавежскай пушчы, пах свежаспечанага хлеба, палявая дарога, гукі роднага слова, вядома ж, і бацькі. Гэта ўсё паэтычна аднародныя з’явы, і яны складаюць радзіму. Але чым больш паэт імкнецца да яе, тым больш яна аддаляецца: аўтар усё лепш адчувае яе змены, знікненне даўняга, традыцыйнага і дарагога. Адсюль і пачуццё адчужанасці ад сваіх святынь, раздвоенасць, стан раздарожжа. Пра гэта – лепшыя радкі В. Шведа: «У цягніку, у цягніку, // Паміж Варшавай – Беластокам // Я дні жыцця свайго таўку, // Нібы іду марудным крокам. // Жыву, як заяц на мяжы, // Што не сагрэе свайго следу, // Усім чужы, усім чужы, // Калі ж я да сваіх даеду?»95.
Настальгічны культ роднага кута ў паэзіі В. Шведа і ўвогуле ў беларускай літаратуры вельмі балючы. Беларусы, відаць, таму так адданыя сваёй хаце, што з гэтай менавіта лакальнай тэрыторыяй жыцця і лучыцца ў іх пачуццё айчыны. Яно не звязваецца з такімі глабальнымі структурамі, як народ, грамадства, дзяржава. Бо свая дзяржава ў свядомасці інтэлігенцыі даўно заставалася толькі ў старажытнасці, як легенда. І пазахатні свет успрымаўся чужым, нават варожым. Адсутнасць дзяржавы – маці, гаспадыні, апякункі згубна адбівалася на лёсе роднай мясціны, якая паступова занепадала ці перараблялася на іншы лад. І справа тут не толькі ў руху часу, а і ў сістэме жыцця, што добра адчувала літаратура. У згаданай ужо паэме Л. Геніюш «Куфар» гэты прыгожы атрыбут традыцыйнай беларускай хаты бачыцца не толькі як вобраз народнай духоўнасці, а і як увасабленне стратаў на ніве той жа народнай культуры, занядбанай і панішчанай яшчэ пры жыцці паэтэсы. Красамоўны ў гэтым сэнсе фінал твора. Яго светлая танальнасць, абумоўленая далікатным перакладаннем таленавітых твораў народнага ткацтва і дэкору, незаменных складнікаў святочнай абраднасці, абрываецца ў канцы нотай жалю і болю. За імі чуецца незапатрабаванасць, бесперспектыўнасць куфра з яго народнымі скарбамі. «Зрабілася цёмна і пуста наўкруг, // прабіліся слёзы на вейкі, // і цяжка апала са змораных рук // акована куфрава века»96.
Знікаюць ў традыцыйнай хаце куфар, прызба, печ, нават калыска. І хаця гэтыя знакавыя часціны хаты жывуць яшчэ ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХХ ст., але жывуць як нацыянальныя вобразы-міфы, дарагія для старэйшага пакалення. У рэальнасці гэтыя вызначальныя часціны жыцця адыходзяць у мінулае, разам з імі знікае і хата. У яе такую, што павольна памірае, не імкнецца герой твораў на сустрэчу. Хіба што для знешняга пабачання, як герой «Развітальнай аповесці» В. Адамчыка. Праўда, у гістарычна пераломныя часіны, калі адкрываліся добрыя перспектывы, літаратура адпаведна рэагавала. І вяртанне да сваіх мясцін набывала іншую паэтычную інтанацыю. У пару БНР М. Краўцоў напісаў верш «Паварот да Горадна», у якім не мог не цешыцца і захапляцца сустрэчай. У цэлым твор вытрыманы ў мажорных, нават урачыстых танах. «Ізноў я тут цябе вітаю, // Мой родны Горадзен стары! // ізноў па вуліцах лятаю // Да самай позняе пары»97. У сярэдзіне 20-х гадоў, якія шмат абяцалі, пісалася Я. Коласам аповесць «На прасторах жыцця». І яе баявы герой, апынуўшыся «за парогам», усё ж не губляецца ў гэтых прасторах, а вяртаецца назад, да свае хаты, вёскі, людзей, каб здзейсніць для іх патрэбныя і карысныя справы.
І яшчэ мастацкі націск, які гаворыць аб прыцягальнай сіле роднай хаты і патрэбе вяртання да яе. Я. Сіпакоў назваў адзін з сваіх нарысаў «Усе мы з хат». У гэтым простым і разам з тым нечаканым аўтарскім вобразе-выслоўі – глыбокая думка пра роўнасць усіх людзей перад такой з’явай, як хата. Яна набывае тут у пэўным сэнсе сакральны змест, бо аб’ядноўвае ўсіх, незалежна ад станаў і статусаў. Такім чынам, зноў падкрэсліваецца яе каштоўнасць для чалавека.
Праблема сыходу з бацькоўскага селішча, памяці пра яго і вяртання да яго даўно не траціць сваёй значнасці і актуальнасці ў беларускай літаратуры, бо цесна звязана з пытаннем гістарычнага лёсу краю, які ва ўмовах няволі вымушаны быў ахвяроўваць сваімі гадаванцамі, што кіраваліся на службу дзеля чужых інтарэсаў. Літаратура выкрывала дзяцей, якія пакідалі бацькоўскую хату, як здраднікаў. Хаця матыў гэты – «птушкі і гнёзды» – нейтральны і адвечны: птушкі, падросшы, вылятаюць са свайго гнязда, як і дзеці, што ўвабраліся ў сілу, выпраўляюцца ў самастойную дарогу. Гэта закон жыцця. Яго выяву мы сустракаем і ў беларускай літаратуры. Дзеці, як птушкі, вылятаюць з свае хаты, і маці ўспрымае гэта як непазбежнасць, хаця і вельмі сумную. Так у паэме Я. Коласа «Сымон-музыка» ў IV-м раздзеле 1-й часткі, дзе даецца эмацыянальна афарбаваны вобраз восені, дзе «ў задуме пазірала // Даль з-пад шэрае імглы», далей чытаем: «так на дзетак глядзіць матка, // Як расходзяцца яны // Па ўсім свеце з роднай хаткі // На мяжы свае вясны»98. Тут чуецца натуральны лад жыцця. Як і ў вершы П. Макаля, дзе слушна заўважана гэта вечная ісціна ў паводзінах дзяцей, якія яшчэ малымі інтуітыўна кіруюцца падалей ад свае хаты, каб больш пабачыць, зведаць. «Бацькі дзяцей дамоў гукаюць, // А дзеці ў гульнях несвядома // З двара бацькоўскага ўцякаюць // Усё далей, далей ад дому»99.
Аднак матыў адлёту з гнязда меў сваю папраўку на беларускай глебе. Дзеці абавязаны былі паслужыць радзіме: яна была прыгнечанай, ёй патрэбны былі ўласныя інтэлектуальна-творчыя сілы.
Таму і ў аднайменным рамане Я. Брыля такі адчувальны для галоўнага героя маральны кліч роднага «гнязда». Таму так шматзначна гучыць загаловак нарыса Г. Каханоўскага «Салаўіныя гнёзды Міншчыны», у якім даецца агляд літаратурнага жыцця згаданага рэгіёну. «Буслянка» – вобраз асабліва арганічны для беларускага светаўспрымання, якое звязвае з ім трываласць, устойлівасць хатняга лёсу, даў назву паэме Д. Бічэль, дзе паказваюцца моц і хараство беларускага народнага духу.
Натуральна, што разбурэнне гнязда трактуецца ў беларускай літаратуры як жорсткая рэпрэсіўная, нават смяротная акцыя. Найлепшае яе ўвасабленне – у драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо». Вобраз гэты стаўся назыўным і замацаваўся ў шырокім ужытку як беларускі стэрэатып, знак вялікай бяды. Разбурэнне хаты Зяблікаў і выгнанне сям’і з прывычнага кавалка поля бачыцца ў творы як жыццёвая катастрофа, за якой відаць драма ўсёй паняволенай Беларусі. Істотныя звенні гэтай катастрофы – самагубства гаспадара і асабліва лёс маці, гэтай традыцыйнай апоры хаты. Кірунак маці з малымі дзецьмі ў нязнанае, на дарогу жабрацтва – таксама сімвал краху хаты. Можна было б тут дадаць: і краху жыцця, ды застаецца маці як неад’емная часціна хаты і сям’і, як гарант яе хаця б частковага зберажэння.
У «Знаку бяды» В. Быкава, дзе моцна адчуваецца працяг купалаўскага трагедыйнага матыву, таксама паказваецца крах традыцыйнага «гнязда». Яго вобраз пераканаўчы тым больш, што сядзіба Багацькаў – самакаштоўная структура, адасобленая ад іншых. Ёсць тут толькі дзед і баба, як у народнай казцы, дзе яны – суб’екты і носьбіты жыцця ў «гняздзе». Катастрофа ў В. Быкава нарастае паступова і няўмольна як наканаванне беларускага лёсу. Гіне не толькі хата, гінуць і гаспадар, і гаспадыня. Руйнуецца жыццё цалкам, і разбуральная акцыя набывае касмічны сэнс. Дзеянне пачынаецца з хаты, а завяршаецца сусветам. Хата для яе насельнікаў і ёсць, па сутнасці, сусветная катэгорыя жыцця.
У драматычным абразку Я. Коласа «На дарозе жыцця» «хата-гняздо» не руйнуецца пакуль, але застаецца не напоўненай жыццём (яе вобраз у творы за кадрам). На першым плане – Маці, якая пакінула (!) хату, каб адшукаць дзяцей, што раскідаліся па свеце, і вярнуць іх пад родную страху, зберагчы сям’ю, род. У сваім пошуку яна застаецца на раздарожжы і не траціць мацярынскай надзеі. Гэта нягледзячы на тое, што ўжо аднойчы пацярпела паражэнне: сын Васіль, якога сустрэла, не прызнаў Маці, адвярнуўся ад яе. Так што шанцы гаспадыні хаты вярнуць дзяцей невялікія, калі не ніякія. Нацыянальна-адраджэнцкая ідэя п’есы вырашаецца відавочнай сімвалічнай мовай. Перад намі Усебеларуская Маці, якая занята гуртаваннем народных сіл, што змаглі б пастаяць за свой край. Толькі ў Я. Коласа асноўны аспект матыву «птушкі і гнёзды» (дзеці і іх хата) перанесены на «птушак», якія вылецелі з «гнёздаў» ды не хочуць у іх вяртацца, бо статус іх уяўляецца ўжо занадта нізкім. Сітуацыя з сынам Васілём, які не толькі не прызнаў уласную маці, а і паставіўся да яе пагардліва і варожа (ён – інтэлігент-пан, а яна – простая сялянка), вельмі сур’ёзная і таксама сімвалічна-знакавая. Яна сведчыць пра трагізм становішча хаты (Беларускага краю), ад якой адвярнуліся яе гадаванцы (інтэлігенцыя).
Пагроза гістарычнага спусташэння і, па сутнасці, знішчэння хаты-Беларусі, да якога прычыніліся яе сыны і дочкі, – скразны матыў беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду. Рамантычна абвострана ён гучыць у Я. Купалы ў паэме «Дзяды». Тут таксама адракліся ад маці яе дзеці – сыны. Прычым паэт знаходзіць свой істотны паварот тэмы. Прычына варожасці іх у тым, што яны рана «ў свет збрылі чужы» і «ўтапілі ў чужаніцы душы маладыя». Вельмі важны ў сэнсе ўзбагачэння матыву рэнегацтва той момант у творы, досыць нечаканы, дзе гаворыцца, што абодва сыны, сярэдні і малодшы, якія жылі ў чужым краі, вярнуліся дамоў. Калі ў абразку Я. Коласа маці не можа вярнуць дзяцей, то тут дзеці вяртаюцца ў сваю хату самі. Толькі родны кут ужо не змяняе іх сутнасці. Сыны, гаспадарачы дома, здзекуюцца з маці, і ўрэшце малодшы распінае яе на крыжы. Матыў укрыжавання маці, таксама тыпова беларускі, развіваецца яшчэ з часоў М. Сматрыцкага з яго «Трэнасам» (1610) і перадае самыя цяжкія нягоды радзімы. У Я. Купалы біблейскае кашчунства творыць сын, што выяўляе асаблівую нялюдскасць гэтай зноў жа знакавай сітуацыі. Такім чынам, паэтычная трыяда – хата-гаспадыня-дзеці – спрадвечная і маральна здаровая сама па сабе, у беларускім варыянце насычана балючым драматызмам, нярэдка трагічная сваім унутраным зместам. Страты і паражэнні на гэтым напрамку цягнуцца ў наш дзень і ўплываюць на нашу беларускую ментальнасць, што прыкмячае Віктар Казько: «адтуль наша закарэлае адчуванне вінаватасці перад тым, што не спраўдзілася, чаго не адбылося, і цяпер, пэўна, ужо не адбудзецца. Перад сваёй, так і неадбудаванай у стагоддзях хатай, якая ў нашым прыгожым пісьменстве амаль заўсёды чужая, дзецьмі, якія таксама чужыя – заўчасна цураюцца хаты бацькоў, роднай зямлі і нават белага свету і знаходзяць сябе, добра адбегшыся ад бацькаўшчыны»100.
Страта роднай хаты ў часіну нялёгкіх гістарычных выпрабаванняў асэнсоўваецца К. Чорным, асабліва ў творах ваеннага часу. Свая хата, якую трэба бараніць – вельмі выразны код жыцця для пісьменніка. У рамане «Вялікі дзень» Максім Астаповіч, які паказваецца як носьбіт лепшых маральна-псіхалагічных рыс народу, зноў і зноў церпіць разбурэнні ўласнай хаты, што з’яўляецца вынікам чарговай змены ўладаў. І гэта сімвалічна: Астаповіча, гаспадара на сваёй зямлі, сістэматычна стараюцца пазбавіць гэтага стану. Але ён не апускае рукі і кожны раз нанова будуе хату, праяўляючы сапраўдную волю да жыцця. Ракуцька траціць сваю хату і сям’ю, аддзелены ад іх мяжой 1921 года. Яны жывуць ва ўяўленні героя абліччамі малых дзяцей, якім спраўляе падарункі – абутак і адзенне. Праз гады – усё новыя, большага памеру. І гэтыя незапатрабаваныя рэчы, выявы бацькоўскай маральнай памяці, як найлепш гавораць пра драму разбурэння хаты – сям’і. Адам Блецька, які забіў уласнага брата, пасля доўгіх гадоў туляння на чужыне вяртаецца ў родныя мясціны, але ў поцемках не можа знайсці бацькоўскай хаты. Яна як бы хаваецца ад гэтага чалавека. Родная хата ў К. Чорнага – асацыятыўна складаны вобраз, які ўвасабляе фундаментальныя каштоўнасці беларускага жыцця.
Разам з тым свет традыцыйнай хаты ўспрымаецца ў беларускай літаратуры і ў іншым ідэйна-эстэтычным вымярэнні. Вясковая хата разглядаецца часам як асяродак патрыярхальнага застою, які абмяжоўвае магчымасці развіцця асобы. Такі асяродак жыве звычайна штодзённымі практычнымі інтарэсамі, асабовы пачатак у ім нівелюецца. Таму чалавек, што імкнецца да самарэалізацыі, уступае з гэтым, хоць і родным, дарагім асяродкам, у канфлікт і вырываецца з яго на прастор вялікага жыцця. Пра гэта сведчыць лёс героя ў паэме Я. Коласа «Сымон-музыка». Вёска і свая хата прымаюць яго і нават цешацца ім, пакуль Сымон іграе на вечарынках, гэта значыць, прыносіць рэальную карысць. Ды герою не па душы такі занятак: яго парывы больш высокія. Але незразумелыя і непатрэбныя для яго атачэння. Таму непазбежна родны кут выштурхоўвае музыку за свае межы. І нават воляю бацькі героя: «Бяры скрыпку, смык і – вон! // Ідзі з дому, куды хочаш – // Больш не сын ты мне, Сымон!»101 Характэрна, што выганяе Сымона не маці, традыцыйная ахоўніца беларускай хаты і сям’і, а бацька, «практык», працаўнік на гаспадарцы. У такой сітуацыі – не толькі драма, а і ратунак для Сымона-музыкі, які пазбаўляецца ціску матэрыяльных інтарэсаў і можа развіваць свой талент, свой духоўны патэнцыял. У гэтым сэнсе родны брат героя паэмы – коласаўскі Лабановіч, які таксама вырваўся з вёскі, каб праз кнігу і веды падняцца на вышыню жыцця. І зусім арганічныя ў трылогіі «На ростанях» радкі лірычнага маналогу, у якіх чуецца голас душы галоўнага героя: «На прастор, на шырокі прастор! Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя ружова-сінія далі іх, поўныя жыцця, малюнкавасці, разнастайнасці тонаў зямлі і неба ...»102 Паэзія прастораў – гэта ўжо пазахатні арэал, праз які Лабановіч кіруецца ўперад, каб заўтра вярнуцца і назад, да свае вёскі, і несці ёй святло жыцця.
Асветніцкая місія беларускай інтэлігенцыі з народу... Яна самым непасрэдным чынам лучыцца з матывам «птушкі і гнёзды» (дзеці і хата). Дзеці спяшаюцца ў свет і з адлегласці ўжо добра бачаць родны асяродак. Могуць аб’ектыўна ацаніць яго вартасці і разам з тым разгледзець яго недахопы. Такім самааналізам пакутліва займаецца герой многіх твораў М. Гарэцкага. Пра яго піша В. Каваленка: «герой, інтэлігент, які выйшаў з сялянскага асяроддзя, песцячы ў сабе светлыя парыванні, хочучы ўсімі сіламі, на якія толькі здатны, служыць цёмнаму занядбанаму народу, вымушаны зблізку наглядаць праявы спрадвечнай цемры і нават пакутаваць ад агрэсіўнасці цёмнай сялянскай свядомасці, якой не пад сілу зразумець сутнасць унутранага высакародства адукаванага чалавека. Адсюль дваістасць пачуцця любові да роднага краю»103. Дакладней можна сказаць, пачуццяў любові і нелюбові. Непрымання ў гэтым краі (гняздзе, хаце, вёсцы) кансерватыўна-цёмнага пачатку. Але з героем М. Гарэцкага амаль праз стагоддзе моцна пераклікаецца герой В. Адамчыка, які зведвае тую ж балючую «нелюбоў». Генрык Самец з «Развітальнай аповесці» В. Адамчыка, які вяртаецца ў вёску свайго дзяцінства, апусцелую і занядбаную, маральна зруйнаваную беднасцю, крадзяжамі, п’янствам, усё больш адчувае, як яна адштурхоўвае ад сябе. Праўда, гэты гарадскі інтэлігент не прымае і сучаснага горада з яго аднастайнымі мікрараёнамі, цеснымі кватэрамі, бруднымі пад’ездамі, таўкатнёй у чэргах, абыякава-панурымі людзьмі і чужой гаворкай. У выніку ён з сваёй асветніцкай місіяй незапатрабаваны і нават «лішні» як тып. Генерал без войска, прарок без масы. Птушка, якая вылецела з гнязда і не мае, куды вярнуцца, ды і не мае, дзе жыць. Увогуле ж разбурэнне пазітыву хаты і яе дзяцей даўно ўжо назіралася ў беларускіх пісьменнікаў-«шасцідзесятнікаў». Дастаткова згадаць «Родных дзяцей» Н. Гілевіча. Яшчэ ў тыя, 60-я гады, калі культывавалася настальгія па бацькоўскім селішчы, палемічна прарываецца ў літаратуры і матыў яе эстэтычнага адмаўлення, дакладней, адчужанасці ад яе. Даволі выразна выявіў гэты матыў Алесь Наўроцкі, паэт вельмі чулы да звычайнага, непаэтычнага ў жыцці. І менавіта яму ўдалося глянуць на родны кут крытычным позіркам. Прытым лірычны герой яго – зусім малады, толькі што вылецеў з гнязда. Гэта ў вершы з характэрнай назвай «У горадзе», якая сама па сабе ўжо абазначае жыццёвы статус, што дазваляе збоку глянуць на традыцыйна-вясковы асяродак. Праўда, статус гэты адносны: герой – студэнт, які летам, у гарачыню, застаўся тут і, вядома, пачуваецца не найлепш: «Задуха, // Мільгае аўтобусаў паліроўка, // Гром трамвайны па нервах жалезных трасецца... // Грошай – няма. // Сярдзіта шыпіць газіроўка ... // Галава асалавела ... // Няма куды дзецца ...» Натуральна, што ў лірычнага героя ўзнікае думка пра вёску і бацькоў, дзе будзе добра летам. «Дадому б паехаць, дзе пахне картопля ўкропам...» Гэты пах эстэтычна ўзвышае родны куток. Але наступныя яго праявы надта ўжо празаічныя, нават грубыя, а маральныя крытэрыі трымаюцца на бездухоўнасці і дэманстратыўнай карыслівасці. Герой уяўляе, што прыедзе туды, «дзе малако ў гладышцы // з адбітым горлам, // дзе чарніцы сохнуць на карце Еўропы, // дзе сусед бядуе, што здохла яго свіння, // а бабка хворая не памёрла». Бацька будзе частаваць яго самагонкай і параіць не займацца кніжкамі, а лепш пакасіць, маці дадасць, што навука фізічна шкодная і няхай ён ідзе на танцы. На гэта герой рэагуе яўна адмоўна: «Я прамаўчу. // Зірну толькі скоса. // І нікуды не пайду... // Буду з кнігаю ...» Урэшце яшчэ адна выява духу роднага асяроддзя: «Я ў твае гады акалачваў грошы», – // бацька мяне ўпікне. // А маці ўхвальна прамоўчыць». Працягам сітуацыі становіцца пачуццё адчужанасці, непрыхільнасці да свайго «гнязда»: «не будзе шкада мне // ні родных, ні хаты...» Таму намер выправіцца на вёску да сваіх застаецца толькі намерам. І завяршальная танальнасць верша вельмі тужлівая, нават роспачная: «Дадому б паехаць... // не, не цягне чагосьці... // Якая кіслая, якая зубная аскома! // Пахаджу лепш тут // на гэтым свеце госцем, // і хутка ўжо, // хутка буду дома...»104
Вядома, у гэтым мастацкім тэксце, асабліва ў яго канцоўцы, можна бачыць пэўны элемент бравады маладога тады паэта. Усё ж высвятляецца тут і пазіцыя, якая адкідае звыклыя, усталяваныя і грамадствам, і літаратурай, стэрэатыпы, ісціны, што сталі штатнымі. Што ж, паэзія заўсёды нясе ў сабе палемічны пачатак і здабывае эстэтычнае адкрыццё там, дзе ёсць адмаўленне вядомага. Праўда, пры такой пазіцыі герой А. Наўроцкага – таксама лішні тып. Матыў жа роднай хаты як знакавай прасторы беларускага жыцця пры ўсёй яго пазітыўнай паэтычнай устойлівасці мае вельмі многія ідэйна-мастацкія вектары. Гэта ёсць сведчанне і складанасці рэальнай рэчаіснасці, і што асабліва важна, сапраўднай сталасці беларускай літаратуры, якая здолела адчуць шматлікія ўласцівасці хаты і нарадзіць новыя, падуладныя інтуіцыі творцы.
Дынаміка матыву роднай хаты ў беларускай літаратуры была дастаткова ўстойлівай. Майстры слова ўсяляк зацвярджалі патрэбнасці хаты як апоры і аховы жыцця беларуса, якога гістарычная рэальнасць вымушала ў апошнія стагоддзі выжываць ды бараніцца.
Свая хата паэтычна культывавалася ў ХІХ ст., ад а. Міцкевіча і В. Дуніна-Марцінкевіча да Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны. Роля яе набыла асаблівую актуальнасць у літаратуры нашаніўскага перыяду. І тут найлепш, відаць, выказалася К. Буйло ў вершы «Люблю наш край». І хоць толькі ў пачатку твора заўважаны дарагі аб’ект – «хаціны ў зелені садоў», а далей разгортваецца рознапланавы вобраз Беларусі, ён, гэты вобраз, настолькі паэтычна натуральны, «свойскі», сардэчны, што становіцца ўвасабленнем беларускай хаты. Як камерная і ўтульная прастора, дзе жывуць сляды продкаў, пачынае трактавацца свая хата ў савецкі час з 60-х гадоў. Асэнсоўваецца і яе драматычны лёс, яе духоўныя страты, урэшце, яе заняпад. пры гэтым родная хата застаецца, пры ўсёй яе кансерватыўнасці і архаічнасці, увасабленнем асноў і пачаткаў чалавечага жыцця, прадметам нязменнай сыноўняй любові.
У сённяшняй літаратуры з яе ўвагаю да глабальных працэсаў і схільнасцю да экзістэнцыйнага высвятлення чалавечага свету хата як мастацкі аб’ект рэдка з’яўляецца на пярэднім плане дзеяння. У паэзіі яна набывае часцей аб’ёмна-знакавае выяўленне, становіцца сэнсавым цэнтрам твора. Ды і ў прозе, напрыклад, у творчасці ю. Станкевіча каштоўнасці роднага, хатняга маюць глыбокі маральны змест. У яго аповесці «Любіць ноч – права пацукоў» выкрывальна паказваюцца суседзі – прыезджыя, бесцырымонна нахабныя ў адносінах да мясцовых людзей, не здольныя лічыцца з іх традыцыямі, іх ладам жыцця. Пісьменнік сцвярджае, што хату (краіну, зямлю, дзяржаву) павінны шанаваць усе – і карэнныя жыхары, і тыя, хто сюды пераехаў. Праблема гэтая («сваіх і чужых») востра ставілася яшчэ Я. Купалам. Сеня ў сувязі з вялікімі міграцыйнымі працэсамі і зменамі ў этнічным складзе насельніцтва яна набывае асаблівую актуальнасць. Не застаецца абыдзенай у нашай літаратуры і нацыянальная індыферэнтнасць сучасніка, што ўсё больш аддаляецца духоўна ад свае хаты. Шкадаванне яго і асуджэнне, вера ў сілы свайго народу выказаны сёння ў паэзіі Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, С. Законнікава, В. Зуёнка, Л. Дранько-Майсюка, С. панізніка, Д. Бічэль. Імкненне мацаваць родную «хату» памяццю пра яе пачаткі, пра розныя этапы яе будаўніцтва назіраем у гістарычнай прозе В. Іпатавай, У. Арлова, Г. Далідовіча, А. Бутэвіча, В. Якавенкі.
Беларуская літаратура трымаецца свае хаты.
І.В. Жук, Д.М. Лебядзевіч, А.М. Петрушкевіч, А.М. Пяткевіч
Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манагр. / І.В. Жук [і інш.].; пад рэд. І.В. Жука — Гродна : ГрДУ, 2009.