Категории

Алаіза Пашкевіч - аўтарка "Першага чытання для дзетак беларусаў"

9 минут на чтение

Пачатак  ХХ стагоддзя стаў для беларусаў лёсавызначальнай парой – часам нацыястваральным, калі ўпершыню аформіўся палітычны рух, калі ўзніклі легальныя  беларускамоўныя выданні, нарадзіўся прафесійны тэатр. Менавіта ў гэтым часе былі створаны першыя беларускія падручнікі, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» і «Гасцінец для малых дзяцей» – працы знакамітай беларускай пісьменніцы, асветніцы, педагога Алаізы Пашкевіч.

         «Першае чытанне для дзетак беларусаў» уяўляе сабой кнігу тэкстаў-чытанак на беларускай мове дыдактычнага, выхаваўчага, развіваючага зместу, дзе багата гумару, элементаў гульні, забавы. Складаецца яна з дзвюх частак. Творы рознажанравыя: апавяданні, вершы, казкі, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі, загадкі; у аснове іх –  уласна аўтарскія або літаратурна апрацаваныя фальклорныя сюжэты. Аповед вядзецца або ад імя аўтара-наратара, або ад імя саміх юных апавядальнікаў. 

У першай частцы большасць твораў асновай сваёй маюць фальклорны змест. Зрэшты, дакладна вызначыць, што з’яўляецца асноўным прынцыпам, па якім творы ўвайшлі ў першую ці другую частку, немагчыма.

Адкрывае змест кнігі цікавы абразок «Нядзеля» – апошні, сёмы, вольны ад працы дзень. Але сялянскія клопаты штодзённыя, бо неабходна дагледзець жывёлу, а жаночыя справы ў хаце вольных дзён не пільнуюць.

         Тэксты адкрываюць для маленькіх беларусаў свет, з дзяцінства вядомы, свойскі. А гэта якраз і было цікавым: прачытаць пра сваё, убачыць гэта як бы збоку. Часта аповед у творах вядзецца ад імя дзіцяці. Да прыкладу, у абразку «Наша гаспадарка» праз успрыняцце юнай беларусачкі, працавітай, руплівай, кемнай, даецца ацэнка хатняй гаспадаркі. Апавядальніца выяўляе свае прыхільнасці, сімпатыі да рознай жывёлы, да спрадвечных карміліцаў вясковай сям’і – кароўкаў: «А я люблю Зязюльку, бо не так на шкоду ласа» [1, с.148]. Пералічыўшы ўсіх прадстаўнікоў «жывой гаспадаркі», дзяўчынка робіць слушныя высновы пра эканамічнае,  сацыяльнае становішча сям’і: «Мне здаецца, што мы не вельмі багаты і не надта бедны. Сярэдняе рукі гаспадары» [1, с.148]. Гаворыць пра гэта не без гонару, бо за гэтым бачыцца выснова: мы не горш за людзей.

Гэты абразок, відавочна, мог прыдацца ў часе навучання ў якасці ўзору для сачынення-аповеду вучняў пра ўласную гаспадарку.

Дасціпна, з добрым гумарам адлюстравала аўтарка ў апавяданні «Сварба» спрадвечную спрэчку ў прыродзе між холадам і цяплом, між марозам і сонцам, між зімой і вясной. Псіхалагічна дакладна намаляваны вобраз маладой гарэзы вясны, што паўстае ў вобліку жывой істоты, рухавай, вясёлай, гаспадыні ўсяго наваколля, якой справа да ўсяго, якая ўсё напаўняе сваёй маладой энергіяй: «А вясна смяялася,  строілася ў кветкі, гарцавала па палях, песцілася па садох, шчабятала з птушкамі, цалавалася з дзеткамі…»[1, с.148]. Няўрымслівая, маладая, дужая і ад таго шчаслівая, яна не ведае спакою.

Апошні абзац – пачатак новай сварбы, ужо вясны і лета – гэта і запросіны да ўдзелу дзетак у творчай працы: «Хто цяпер адалее, скажыце, дзеткі, самі» [1, с.148].

У другой частцы большасць твораў літаратурнага характару. Адкрывае яе верш «Мой сад», што вобразнасцю, мелодыкай нагадвае знакаміты твор тагачаснай нашаніўскай паэткі Канстанцыі Буйло «Люблю». Зрэшты, найперш блізкія гэтыя творы галоўным матывам – любові, па-жаночы пяшчотнай замілаванасці да ўсяго роднага, блізкага сэрцу. Адметнасць верша Алаізы Пашкевіч – стварэнне вобразу сада ў розныя поры года, бо ў кожным часе ён прыгожы, чаруе адметнай красой. І ва ўсякую пару тут ідзе няспынная праца. Так, вясновы росквіт, водар квецені вабяць птушынага маэстра салаўя, руплівую пчолку:

Люблю мой сад, як расцвітае,

Як салавей свой трэль вядзе,

Як цвет галінку прыгібае,

Як пчолка мёд адтуль нясе [1, с.154].

Малюнкі бесперапынна змяняюцца, змяняюцца і спевы. Відавочна, перад вачыма паэткі паўставаў дарагі сэрцу куток, а памяць паслужліва нагадвала ёй колішнія падзеі. Безумоўна, мае рацыю даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч Валянціна Коўтун, калі сцвярджае, што «прататыпам» гэтага вобразу стаў сад дзяцінства паэткі, пасаджаны яе бацькам: «З разложыстымі яблынямі і грушамі, з вішняком і кустамі парэчак ён таксама ўляцеў бела-ружовым кветам у радкі, знізаныя з пругкіх і пяшчотных словаў майстэрствам і памяццю Алаізы» [2, с, 10].

 Сад паўстае своеасаблівым жывым арганізмам, дзе ўсё ўладкавана надзвычай гарманічна, дзе ўсё адбываецца ў пэўным, вызначаным звыш часе, дзе пануюць парадак і лад, дзе адна мелодыя змяняе другую і гучыць музычным акампанементам той дзеі, чыя пара настала. І ўсім гэтым нельга не захапляцца:

Люблю мой сад у крэпку зіму,

Як у крышталах ўвесь дрыжыць.

Як дзяцел, сеўшы на галіну,

Зімову песню загудзіць [1, с.154].

Апавяданне «Мая вёска» – цікавы зрэз жыцця беларускай вёскі, якую пісьменніца назвала Стаўбунцы. Геаграфічнае становішча даволі выгаднае: «Яна недалёка ад Вільні на пачтовым гасцінцы. Навокал раскінуліся цёмныя лясы. Праз двоі гоны за гародамі бяжыць быстрая рака – Вілія, найбольшая з усіх рэк у нашай губерні» [1, с.155].      

У выніку ўсяго гэтага эканамічнае становішча вяскоўцаў зусім  неблагое: «Народ не багаты, але, прызнацца, і не бедны: хлеба паддастатак – не купляе, грошы на сваю патрэбу заўсягды заробіць сплавам лесу. Маладыя хлопцы найчасцей выязджаюць на зарабаткі да Пецярбурга, Адэсы, Рыгі і другіх мест» [1, с.155]. Як бачна, галоўнае для беларуса – каб быў хлеб на стале. Гэта і ёсць паказчык дастатку.

Але самае важнае пытанне, якое хвалюе аўтарку-асветніцу, – адукацыя вясковых дзяцей, якія вымушаны вучыцца на чужых рускай і польскай мовах, у выніку чаго ўзгадоўваюцца без належнай павагі да роднага: «Выйшла каша, бо траплялася так, што адных бацькоў сын хадзіў да расейскага вучылішча, другі да польскага, вярнуўшыся дахаты, адзін гаварыў па-расейску, другі па-польску. І абодва разам цуралі роднае мовы. Хатнія бачуць, дрэнная работа: дзеці здзічэлі, сталі ў сваёй хаце чужымі. Мову сваю перадражніваюць, над бацькоўскай рагочуць. Слабы толк» [1, с.155]. Праблемы, што ўзнікалі  ў вясковым жыцці, вырашаліся грамадой, на вясковай радзе, дзе і было прапанавана вучыць дзяцей на роднай мове. Як вынік – «з тае пары пайшоў лад». Пэўна, такі фінал гісторыі не столькі адлюстроўваў рэальную сітуацыю ў адукацыі беларускіх дзяцей, колькі падказваў вяскоўцам, як вырашаць падобныя праблемы, як далучаць сваіх дзяцей да роднага слова, а праз яго да айчыннай культуры, як ствараць лад на роднай зямлі. Гэта была мара, вялікае жаданне асветніцы-патрыёткі – заснаваныя самімі беларусамі школы для дзетак на роднай мове.

Відавочнае супрацьпастаўленне ладу і бязладдзя ў сям’і павінна было скіроўваць беларусаў да пошукаў выйсця з няпростай сітуацыі, дапамагала зрабіць выснову – лад можа быць толькі там, дзе шануюць сваё.

Адно з самых цікавых апавяданняў – «Сірата». Фальклорны матыў няшчаснай долі сіраты, аднак, не галоўны ў творы. У цэнтры твора – класічная гісторыя Папялушкі, дзе прысутнічае і беларускі варыянт добрай феі – «старая жабрачка, сіва, моў галубка, ішла памаленьку, апіраючыся на кіёк» [1, с.159]. Адбываецца праўдзівы цуд – пераўвасабленне беднай сіраціны ў прыгожую адукаваную дзяўчыну-настаўніцу, якая праз многа гадоў вяртаецца ў родную вёску. Як і Папялушку, якую не прызнае напачатку радня, не здольны прызнаць і яе аднавяскоўцы. З калымажкі, што з’явілася нядзелькаю ў вёсцы, «выскачыла маладая дзеўчына, проста не наглядзецца, як з казкі каралеўна, ды давай вітацца з усімі, давай цалавацца з бабамі, дзяцьмі, дзяўчатамі. А тут ніхто не знае і не думае, што гэта сіраціна Настуля прыехала адведаць бацькавы магілы» [1, с.160]. Гэта адзін з першых твораў беларускай літаратуры, дзе створаны вобраз настаўніцы.

У вершаваным абразку, якім заканчваецца апавяданне, гучыць матыў нябеснай апекі над сірацінай, што пралівае пякучыя слёзы роспачы і болю. Сам Бог надае ёй адвагі, дае сілы вытрываць нядолю, не страціцца між чужых людзей і знайсці сабе вартае месца ў жыцці:

Сіраціна слёзы лье,

Неба кожну лічыць.

Сам Бог сілы ёй пашле,

Адвагі пазычыць.

Як на камень, ці на сталь

Скоцяцца слязіны,

Чыста спаляць: велькі жаль

Ў слязе сіраціны [1, с.160].

Вось жа сапраўды, як сцвярджае паэтка, сляза няшчаснага дзіцяці не бывае пралітай намарна.

Не можа не зацікавіць чытыча і апавяданне «Пчолы», якое ўяўляе сабой своеасаблівую грамадскую утопію, даступна выкладзеную дзецям. На прыкладзе ўпарадкавання жыцця ў пчалінай сям’і, дзе на першым месцы – працавітасць, дзе спавядаюцца прынцыпы роўнасці, ахвярнасці у імя іншых, павагі да маткі, Алаіза Пашкевіч адлюстроўвае сваё разуменне ідэальнага грамадства. Паказваючы, які лад, акуратнасць і прыгажосць пануюць у пчалінай гаспадарцы, аўтарка падказвае дзецям, як  трэба працаваць, як паводзіць сябе, каб і ў іх жыцці было больш святла і дабра: «Хаткі пчолак звернуты падоўжнямі да слонца, каля іх чысценька, ахайненька. Ранютка ўстаўшы, вочкі працёршы, пачынаюць увіхацца мядоўнічкі-працаўнічкі, разлятаюцца на ўсе староны»  [1, с.160]

Завяршаюць другі раздзел прыпеўкі, прыказкі і загадкі, запазычаныя з беларускага фальклору. Безумоўна, прыказкі, гэтыя крупіны народнай мудрасці, багата даюць дзіцячаму разуменню свету, павучаюць, узбагачаюць жыццёвы досвед. Заўсёды цікавыя дзецям і загадкі, адгадкі да якіх падказвала вясковае жыццё, праца, прырода, да якой дзеці былі далучаны ад самых першых дзён.  Што да прыпевак, то мусім адзначыць, што не ўсе яны з эстэтычнага боку вартыя быць уключанымі ў чытанку для дзетак.

  Не ўсе тагачасныя беларускія адраджэнцы прыхільна сустрэлі першыя падручнікі Алаізы Пашкевіч. Да прыкладу, Сяргей Палуян даволі негатыўна паставіўся да гэтых працаў, назваўшы іх «некарыснымі», памылкова і несправядліва палічыўшы, што чытанкі «былі складзены і не пісьменнікам, хаця б і дзіцячым, і наогул не педагогам» [3, с. 111]. Укладальнікамі спадчыны Сяргея Палуяна Таццянай Кабржыцкай і Вячаславам Рагойшам ў каментарох да артыкула зроблена цалкам справядлівая заўвага: «У дадзеным выпадку з Сяргеем Палуянам пагадзіцца нельга… «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі – першыя беларускія падручнікі на роднай мове – мелі для свайго часу немалое культурна-асветнае значэнне і не былі, такім чынам, «некарыснымі» [3, с. 191].

 Асабліва высока ацэнена гэта праца Алаізы Пашкевіч укладальніцай найбольш поўнага кнігазбораўскага выдання яе твораў, аўтаркай грунтоўнай прадмовы Валянцінай Коўтун: «Гэта сапраўды цёплая, добрая гаворка цёткі з вясковымі дзецьмі, а даверлівы тон гутаркі разлічаны на станоўчую, прыхільную рэакцыю маленькага чытача» [2, с. 10].

 Паўстае немалаважнае пытанне: чаму гэтая бясспрэчна цікавая праца, што мела ў сабе ўсё неабходнае для навучання, развіцця, выхавання дзетак беларускіх, за савецкім часам амаль не выкарыстоўвалася ў школах? Больш за тое, ніколі не была надрукавана поўнасцю. Упершыню пасля першага выдання ў 1906 годзе выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» пабачыла свет толькі праз сто гадоў, у 2001 годзе. Асобныя творы, праўда, былі вядомымі, змяшчаліся ў выданні 1976 году. Больш пашанцавала вершам. А вось апавяданні «Нядзеля», «Мая вёска», «Пчолы» не друкаваліся з таго часу ні разу.

Адказ, мажліва, палягае ў тым, што не стасаваліся гэтыя творы з афіцыйным поглядам савецкага часу на жыццё беларускай вёскі дарэвалюцыйнай пары, калі безапеляцыйна сцвярджалася, што жыццё тое – суцэльнае гібенне, нядоля, галота і безнадзейнасць.

Чытанка Алаізы Пашкевіч паказвае сённяшнім беларускім дзецям іншую праўду пра мінулае нашага краю, раскрывае ім вочы на тую даўнюю Беларусь, гаспадарлівую, разумную, кемную, дзе кожны працавіты чалавек мог знайсці сабе месца, мог дабіцца ў жыцці жаданай мэты.

по материалам: Петрушкевіч, А.М. Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: Матэрыялы для вывучэння курса «Беларуская літаратура ХХ ст» / А.М. Петрушкевіч; пад рэд. праф. І.В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2009.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Матыў балю, бяседы, ігрышча ў творчасці Алаізы Пашкевіч   З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай сва...
Данута Бічэль – аўтарытэтнае імя для нашага горада. Аўтарка больш як дваццаці паэтычных зборнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож». Муза паэтэсы знаходзіць апірышча ў самым святым і непераўзыдзеным ...
З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай свайго грання меў абудзіць заснулую душу беларускую да новага, ...