Категории

Матэрыялы Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. як крыніца па гісторыі гарадоўі мястэчак Беларусі

7 минут на чтение

Адзіным навукова арганізаваным усеагульным перапісам ў Расійскай імперыі з’яўляўся перапіс 28 студзеня 1897 г. У гэты дзень на тэрыторыі ўсёй краіны па агульнай праграме і адзінай методыцы былі атрыманы звесткі аб геаграфічным, узроставым, рэлігійным размеркаванні насельніцтва, аб яго пісьменнасці, занятках, побытавых і іншых асаблівасцях.

У методыцы падрыхтоўкі і правядзення Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расіі прасочваюцца наступныя прынцыпы: цэнтралізаванасць; ахоп пэўнай тэрыторыі, межы якой дакладна вызначаюцца ўрадавымі пастановамі ці рашэннем статыстычных органаў; усеагульнасць; адначасовасць; індывідуальнасць пры рэгістрацыі; апрацоўка і публікацыя дадзеных згодна з геаграфічным або адміністрацыйным падзелам краіны і асноўнымі дэмаграфічнымі, сацыяльнымі прыкметамі, што характарызуюць насельніцтва. Праграма перапісу 1897 г. ахоплівала наступныя пытанні: 1) прозвішча ці мянушка, імя, імя па бацьку; 2) пол; 3) адносіны да главы гаспадаркі і главы сваёй сям’і; 4) узрост; 5) сямейнае становішча; 6) саслоўе, стан ці званне; 7) месца нараджэння; 8) месца прыпіскі; 9) месца жыхарства; 10) адзнака аб адсутнасці і аб часовым месцазнаходжанні; 11) родная мова; 12) уменне чытаць, месца навучання; 13) занятак, рамяство, пасада ці служба (з вызначэннем як галоўнага, так і дапаможнага занятку). Акрамя таго, у перапісным лісце неабходна было адзначыць, дома ці на баку было месца працы рэспандэнта, наяўнасць у яго фізічных недахопаў, стан пабудоў, а таксама адносіны да воінскай павіннасці [1].

Шлях першапачатковых матэрыялаў да апублікавання быў доўгім і складаным. Па заканчэнні перапісу перапісныя лісты не адразу траплялі ў Галоўную перапісную камісію. Іх звесткі неаднаразова пераправяраліся. Пасля скасавання Галоўнай перапісной камісіі ў чэрвені 1897 г. уся далейшая распрацоўка перапіснога матэрыялу перадавалася аддзелу перапісу Цэнтральнага статыстычнага камітэта. Пасля пэўнай праверкі звесткі перапісных лістоў кадзіравалі і пераносілі на перфакарты, якія выкарыстоўвалі пры падліку на электрычных лічыльных машынах. Дадзеныя перапісу былі апублікаваны ў выглядзе агульнаімперскай зводкі, а таксама ў 89 выпусках па асобных губернях і абласцях. Значыць, матэрыялы перапісу 1897 г., што датычаць тэрыторыі Беларусі, апублікаваныя у выпусках па пяці губернях: Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай [2]. Гэтыя выданні складаюцца з тэкставага агляду цыфравых дадзеных і вялікай колькасці статыстычных табліц.

Апублікаваныя звесткі Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ўтрымліваюць разнастайную інфармацыю пра гарады Беларусі, а менавіта: агульная колькасць насельніцтва, размеркаванне яго паводле полу, узросту, саслоўных груп, роднай мовы, веравызнання, месца нараджэння, сямейнага стану, колькасць пісьменных і інш. Гэтыя звесткі можна вылучыць па губернскіх, уездных і пазаштатных гарадах. На вялікі жаль, усе мястэчкі аднесены да сельскіх паселішчаў, і таму выявіць інфармацыю пра іх з агульных лічбаў па уездах не ўяўляецца магчымым.

Матэрыялы, апублікаваныя ў губернскіх выпусках, даюць шырокія магчымасці для правядзення параўнальнага аналізу статыстычных дадзеных па гарадах і сельскіх паселішчах, гарадскім і сельскім насельніцтве. Гэта мае важнае значэнне для высвятлення спецыфікі гарадскога насельніцтва, гарадскога ладу жыцця ў параўнанні з сельскім насельніцтвам і вясковым жыццём. Пры даследаванні працэсаў урбанізацыі без такіх параўнанняў нельга абысціся. У сучаснай урбаністыцы выдзяляецца тэндэнцыя разумення урбанізацыі як працэсу распаўсюджання гарадскога тыпу адносін, гарадскога ладу жыцця, пры гэтым дадзены працэс разглядаецца ў развіцці апазіцыі “горада і вёскі” [3].

Губернскія выпускі матэрыялаў Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. дазваляюць выявіць рэгіянальныя асаблівасці урбанізацыі Беларусі. У прыватнасці, ёсць магчымасць параўнаць ступень урбанізацыі (удзельную вагу гараджан сярод усяго насельніцтва) па асобных губернях беларускага края. Жыхары гарадоў у Віцебскай губерні складалі 14,49 % ад агульнай колькасці насельніцтва, Мінскай – 10,5 %, Магілёўскай – 8,7 %, Гродзенскай – 15,88 % [2]. Такім чынам, найбольшыя поспехі ва урбанізацыйных працэсах у ХІХ ст. зрабіла Гродзенская губерня.

Акрамя губернскіх выпускаў, матэрыялы Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. знайшлі адлюстраванне ў спецыялізаваных выданнях, прысвечаных статыстыцы яўрэйскага насельніцтва. Прыкладам можа служыць праца Б.Д.Бруцкуса “Статистика еврейского населения: распределение по территории, демографические и культурные признаки еврейского населения по данным переписи 1897 г.”, якая ў якасці дадаткаў утрымлівае шматлікія статыстычныя табліцы [4]. Дадзенае выданне дазваляе ў шэрагу выпадкаў вылучыць асобна мястэчкі. Так, ёсць інфармацыя аб размеркаванні яўрэйскага насельніцтва па гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці, удзельнай вазе яўрэяў сярод гарадскога і местачковага насельніцтва. У сельскай мясцовасці 5-ці беларускіх губерняў пражывалі 233305 чал., альбо 19,2 % яўрэйскага насельніцтва, г.зн. амаль 1/5 частка. У гарадах 5 губерняў пражывалі 46,2 % ці болей за 2/5 усіх яўрэяў, у мястэчках – 34,3 %, г.зн. прыкладна 1/3 частка. Дадзеныя перапісу 1897 г. аб ўдзельнай вазе яўрэяў сярод жыхароў гарадоў і мястэчак наступныя: Гродзенская губерня – 58,3% і 58,5% адпаведна; Мінская – 59,4 і 59,5; Магілёўская – 52,6 і 57,2; Віцебская – 52,7 і 66,3; Віленская – 44,1 і 57,3 %. У сярэднім удзельная вага яўрэяў сярод гарадскога насельніцтва гэтых губерняў складала 41,5 %, сярод местачковага – 59,8 %, сярод сельскага – 3,5 % [4].

Для даследчыкаў гісторыі мястэчак Беларусі вельмі каштоўнымі з’яўляюцца неапублікаваныя матэрыялы Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Хаця С.Ходзін канстатуе, што ўсе першапачатковыя матэрыялы былі знішчаны, аднак у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна ў фондзе Гродзенскай губернскай перапісной камісіі ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. (ф. 100) захаваліся перапісныя лісты жыхароў. З дапамогай гэтых матэрыялаў можна зрабіць колькасны і якасны аналіз насельніцтва асобных паселішчаў, іх эканамічнага становішча, планіроўкі і забудовы і г.д. Роля гэтай першакрыніцы для вывучэння гарадскіх паселішчаў, асабліва мястэчак, бясспрэчная.

Разгледзім у якасці прыкладу перапісныя лісты жыхароў м.Зэльва. Гэтыя дадзеныя, на жаль, няпоўныя, аднак утрымліваюць вельмі багатую і  разнастайную інфармацыю. У 1897 г. у Зэльве налічвалася 2802 чал.: 1361 муж., 1441 жан.; пражывала 2852 чал.: 1404 муж., 1448 жан. (з гэтых лічбаў сялян – 470 муж., 421 жан.; асобаў несялянскіх саслоўяў – 842 муж., 981 жан.). Яўрэяў налічвалася 1887 чал. Сярод жыхароў Зэльвы перапіс 1897 г. фіксуе цыганскую сям'ю Сарачынскіх з 10 чал. (паводле веравызнання каталікі).  У мястэчку жылі 8 дваранаў. Кватэраваліся вайскоўцы: былі размешчаны 337 чалавек ніжніх чыноў 118-га пяхотнага Шуйскага палку. Прафесійная структура насельніцтва Зэльвы была разнастайная. Сярод яўрэяў найбольш пашыранымі рамесніцкімі спецыяльнасцямі былі кравецтва і шавецтва. Узгадваюцца таксама столяры, рабочыя (на млыну, сукнавальні, хлебапякарні), цесляры, рамізнікі, муляры, шкляры, мяснікі, кавалі, слесары, печнікі, прачкі, пераплётчыкі, перапісчык яўрэйскіх малітоўнікаў, меламед (настаўнік хедэра – яўрэйскай рэлігійнай пачатковай школы) – Шмуель Індзіцкі. Кандыдатам  у равіны названы Зэлман Касоўскі. Сярод яўрэяў знаходзім таксама лесапрамыслоўца (Шмуель Барадзіцкі), гаспадара «завода колёсной мази» (Маня Маньскі), арандатара пошты (Абрама Шапірштэйна), 2-х арандатараў кабакоў (Хая Салуцкая, Іцка Спароўскі), гандляроў хлебам, гаспадароў дробных крамаў, 2 яўрэя пазначаны як «тряпочники». Многія яўрэі былі занятыя ў сферы дробнага гандлю і пасрэдніцкіх паслуг. Такім чынам, яўрэі былі актыўнымі ўдзельнікамі неземляробчага сектара эканамічнага жыцця мястэчка. Толькі адна яўрэйская сям’я Зэльвы займалася агародніцтвам. Гаспадарчая дзейнасць хрысціянскага насельніцтва Зэльвы не была такой разнастайнай. Сярод гэтай часткі местачкоўцаў названыя сельскі ўрач (Лабадоўскі Аляксей Матвеевіч, скончыў Кіеўскі універсітэт), настаўнік Зэльвенскага народнага вучылішча (Клімук Трафім Паўлавіч, скончыў настаўніцкую семінарыю), прачкі, пакаёўкі, кухаркі, рабочыя пры чыгунцы, вартаўнік пры народным вучылішчы. Пераважная  большасць хрысціянаў займалася земляробствам. Прычым сярод сем’яў, якія жылі земляробствам, знаходзім і дваранскую сям’ю Вярбоўскіх. А дваранка Марыя Здановіч была “работніцай пры домаўладальніку” ў сялянскай сям’і Вікенція Лойкі.

Звесткі перапісных лістоў утрымліваюць, такім чынам, стракатую інфармацыю пра колькасць насельніцтва, размеркаванне яго паводле полу, узросту, саслоўных груп, роднай мовы, веравызнання, месца нараджэння, сямейнага стану, пісьменнасці, заняткаў. Ёсць звесткі пра забудову і планіроўку, назвы вуліц і завулкаў і інш.

Становішча мястэчак у 1897 г. адлюстроўвае таксама  інфармацыя, якую збіралі шляхам запаўнення “Пытальнага ліста для сельскіх паселішчаў”. Тут змяшчаліся наступныя звесткі: назва, род паселішча, якой воласці, транспартнае і геаграфічнае становішча, колькасць дваровых месцаў, занятых пабудовамі, колькасць наяўных жыхароў (муж., жан., дарослых, дзяцей), культавыя пабудовы, багадзельні, школы, бальніцы, валасныя праўленні, станцыі, хлебазапасныя магазіны, прамысловыя і гандлёвыя ўстановы, пастаялыя двары, харчэўні, тракціры, піцейныя дамы, вінныя крамы, кірмашы, базары. Гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу ў фондзе Цэнтральнага статыстычнага камітэту (ф.1290). Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якія зрабілі копіі пытальных лістоў па населеных пунктах нашага края, гэтыя крыніцы даступныя для даследчыкаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску.

Такім чынам, матэрыялы Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. з’яўляюцца найкаштоўнейшай крыніцай па гісторыі нашых гарадоў і мястэчак, працэсаў урбанізацыі і іншых актуальных праблем гісторыі Беларусі канца ХІХ ст.  Гэтыя матэрыялы яшчэ далёка не ў поўнай меры ўключаны ў працэс гістарычнага даследавання. 

І.В.Соркіна

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Матэрыялы Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. адносяцца да ліку статыстычных крыніц і ўтрымліваюць каштоўную інфармацыю як для вывучэння розных аспектаў гісторыі (эканамічнай, дэмаграфічнай, сацыяльнай, канфесійнай і г. д.) усё...
У разглядаемы перыяд у Беларусі налічвалася значная колькасць мястэчак. Беднасць архіўных дадзеных перашкаджае дакладна вызначыць колькасць мястэчак у другой палове XVIII ст. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у Беларусі налічвалася каля 290 мястэчак. Іх колькасц...
Змены, што адбываліся ў заканадаўстве пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, карэнным чынам паўплывалі на праваўспрыманне дваранства. Тое ж самае адносіцца і да сямейнага права, працярпеўшага абмежаванне існуючых нормаў. З 1821 года рашэнні па...