Категории

Адам Міцкевіч і Антоні Лянгэ: некалькі паралеляў

8 минут на чтение

Постаць Адама Міцкевіча заўсёды прыцягвала ўвагу калег-літаратараў. Гэта адбывалася і адбываецца перш за ўсё таму, што ягоны паэтычны талент ніколі не мясціўся ў разнастайныя рамкі, якія ўвесь час прыдумваюцца літаратуразнаўцамі, філосафамі, культуролагамі, гісторыкамі і іншымі шматлікімі тэарэтыкамі. Разбіваючы барыкады ўмоўнасцяў і стэрэатыпаў, спадчына А. Міцкевіча ўжо амаль два стагоддзі ўплывае на творчую свядомасць мастакоў па ўсім свеце. Уплывае непасрэдна і апасродкавана – праз наследванні, пераклады і інтэрпрэтацыі. Так ці інакш, але А. Міцкевіч і сёння выступае ў якасці актыўнага складніка, прынамсі, еўрапейскага літаратурнага працэсу. Сярод прадстаўнікоў польскай літаратуры немагчыма знайсці аўтара, які б здолеў абстрагавацца ад А. Міцкевіча, апынуцца па-за ягоным прыцягненнем. З іншага боку, паміж першым польскім рамантыкам і астатнімі прадстаўнікамі польскай літаратурнай традыцыі заўсёды назіраўся працэс узаемнага «адштурхоўвання», які можна патлумачыць толькі прыналежнасцю да розных культурных канонаў. Не лішнім будзе дадаць, што менавіта культурны канон дазваляе знайсці адрозненні паміж блізкімі літаратурамі, мастацкімі накірункамі, творамі і іх аўтарамі. І калі разглядаць творчасць таго ж А. Міцкевіча праз прызму польскага і беларускага культурнага канону, то будзе відавочным факт прыналежнасці паэта хутчэй да беларускай традыцыі, чым да польскай, бо «Балады і рамансы», «Дзяды», «Пан Тадэвуш» і шэраг іншых твораў класіка цалкам упісваюцца ў сістэму беларускага культурнага канону і толькі часткова ў сістэму польскага. Па гэтай прычыне ў А. Міцкевіча многа спадкаемцаў сярод беларускіх літаратараў і мала сярод польскіх. Сярод апошніх – постаць Антонія Лянгэ, паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка і літаратурнага крытыка. Дзіўна, але арыгінальную і шматгранную творчасць А. Лянгэ да нашага часу даследчыкі польскай літаратуры пакідаюць па-за належнай увагай, ня гледзячы на тое, што літаратурны працэс канца ХІХ – першай чвэрці ХХ стагоддзя складана ўявіць без гэтай асобы. Прычына ігнаравання А. Лянгэ, асабліва з боку польскага літаратуразнаўства, як гэта не парадаксальна, тая ж самая, па якой А. Міцкевіч быў узнесены на вяршыню «алімпу польскасці» – неўпісанне ў сістэму нацыянальнай культуры. Праўда, А. Міцкевіч быў патрэбны палякам дзеля пашырэння межаў той самай польскасці, каб неўзабаве сцерці іх паміж Польшчай і Рэччу Паспалітай. Асобу ж А. Лянгэ ў падобных мэтах выкарыстаць немагчыма: ён «літаратурны касмапаліт». А як вядома, касмапалітызм, няхай сабе і мастацкі, не дазваляе знаходзіцца ў рамках нацыянальнага культурнага канону, тоячы ў сабе патэнцыяльную небяспеку разбурыць згаданы канон. Зрэшты, калі задумацца, то і А. Міцкевіч, хутчэй не пашырые, але разбурае польскі культурны канон. У гэтым галоўнае падабенства з А. Лянгэ. Напаўняючы мастацка-стваральную прастору сваіх твораў беларускай народнай культурай і ліцвінскім патрыятызмам, вялікі рамантык дыстанцуе ад польскасці, што ў сваю чаргу робіць і яго духоўны спадкаемца, напаўняючы ўласную творчасць элементамі і фрагментамі культур з усяго свету: А. Лянгэ цікавіць Блізкі і Далёкі Ўсход, Індыя, Японія, Новая Зеландыя, Гватэмала, Мексіка, і нават выспы Тонга. Пра духоўную сувязь з А. Міцкевічам гаворыць і сам А. Лянгэ, праўда не наўпрост, а праз наследванне мастацкіх вобразаў, эстэтычных ідэй і філасофскіх поглядаў, праз дасягненне сугучнасці матываў і г.д. Дарэчы, якраз такая форма выказвання характэрна і для нашага знакамітага земляка. Таму не выпадкова, канешне, што першая кніга А. Лянгэ мае тую самую назву, якую даў сваёй першай кнізе А. Міцкевіч: «Poezye». Цікава і тое, што у абодвух паэтаў першыя зборнікі атрымаліся як бы падвойныя: «Poezye» А. Міцкевіча складаецца з двух тамоў (першы том з’явіўся ў Вільні ў 1822 г., другі – там жа ў 1823 г.), «Poezye» А. Лянгэ складзена з двух частак ( 1-я частка выйшла у Кракаве ў 1895 г., 2-я частка – там жа ў 1898 г.). Можна, зрэшты, у аднолькавых назвах кніг бачыць усяго толькі даніну тагачаснай модзе, маўляў, у ХІХ ст. многія паэты так рабілі. Слова «Паэзія», адыгрываючы ролю назвы, красавалася, напрыклад, на кнігах Юліюша Славацкага, Казімежа Пшэрвы-Тэтмайера, Яна Каспровіча і шэрагу іншых творцаў. Аднак, варта помніць пра захапленне А. Лянгэ іншымі, чужаземнымі літаратурнымі і культурнымі традыцыямі. Прыгадаем, між іншым, што ён з’яўляецца першым перакладчыкам на польскую мову твораў Эдгара Алана По і Шарля Бадлера, якія давалі сваім зборнікам арыгінальныя назвы. У такім разе ў назве першай кнігі самога А. Лянгэ варта ўсё ж бачыць нешта іншае, чым проста даніну польскай літаратурнай традыцыі. Захапляючыся амерыканскім рамантызмам (Э. А. По) і еўрапейскім сімвалізмам (Ш. Бадлер), А. Лянгэ і ўласнае мастацтва кіруе падобным фарватарам – ён дэкадэнт. Канешне, дэкаданс – з’ява шматгранная і неадназначная, асабліва ў межах еўрапейскага літаратурнага кантэксту, таму для яе прыдумана вельмі шмат характарыстык, тлумачэнняў і тэарэтычных абгрунтаванняў. Але сярод шэрагу меркаванняў, ёсць думка, што дэкаданс – пераходная эпоха паміж рамантызмам і мадэрнізмам. Творчасць А. Лянгэ стаіць акурат на такім памежжы. Яскравым доказам гэтаму служаць згаданыя намі две часткі «Паэзіі», выдадзеныя пісьменнікам на прыканцы ХІХ стагоддзя, але стаўшыя літаратурным фактам ужо для стагоддзя наступнага. У гэтай кнізе вельмі арганічна спалучаюцца чыста рамантычныя па сваім духу і гучанні творы («Powieść o płanetniku» («Аповед аб Планетніку»), Урывак з паэмы «Powieść o Waligórze i Wyrwidębie» («Аповед аб Вярнігоры і Вырвідубе»), вершы «Posąg i dziewczyna» («Пасаг і дзяўчына»), «Wiosenna pieśń» («Вясновая песня»), «Sonet (Czasami śród kochanków...)» («Санэт (Часамі між каханкаў…)»), «Nie, ja nie będę nigdy cichy i pokorny» («Ніколі я не буду ціхім і рахманым»), «Na Świtezi» («На Свіцязі»), і шэраг іншых.) з творамі глыбока мадэрнісцкімі (цыклы «Sonety wedyckie» («Ведычныя санэты»), «Księgi proroków» («Кнігі прарокаў»), «Rytmy»(«Рытмы»), «Exotica» («Экзотыка») і іншыя). Калі разглядаць рамантычны бок паэзіі А. Лянгэ, то нельга не заўважыць у гэтых творах уплыў А. Міцкевіча. Адзін з найбольш яскравых прыкладаў – верш «Powieść o płanetniku» («Аповед аб Планетніку»). Пачынаецца ён так: Na podolu biały kamień, Młode dziewczę siedzi na nim, Siedzi na nim, lamentuje, Białe rączki załamuje [1]. А вось так пачынаецца балада А. Міцкевіча «Rybka» («Рыбка»): Od dworu, spod lasa, z wioski, Smutna wybiega dziewica, Rozpuściła na wiatr włoski I łzami skropiła lica. Przybiega na koniec łączki, Gdzie w jezioro wpada rzeka; Załamuje białe rączki I tak żałośnie narzeka [2, s. 71]. Падабенства відавочнае. Калі ж прыгадаць, што паэзія першага рамантыка бярэ свае вытокі ў вуснай народнай творасці беларусаў, то можна сцвердзіць наступнае: беларускі фальклор апасродкавана, праз А. Міцкевіча ўплываў і на творчую свядомасць А. Лянге. Нялішнім у дадзеным кантэксце будзе прывесці і радкі з беларускай народнай песні, занатаванай этнографамі на Навагрудчыне: Быстра рэка корэнь мые, А ў дзеўчыны сэрца ные. Белы ручкі заламаны, Чорны очкі заплаканы [3, с. 342]. Вяртаючыся да «Рыбкі» А. Міцкевіча, згадаем, што гэтая балада мае падтытул «ze śpiewu gminnego» («з народнай песні»), і аўтар сапраўды ў некалькіх месцах стылізуе верш пад беларускую народную песню (зразумела, перакладаючы яе на польскую мову). У згаданым вершы А. Лянгэ таксама не аднойчы сустракаем падобную стылізацыю. Сустракаем тут і шэраг іншых цікавых вобразаў і матываў, запазычаных з народных песен, легендаў, паданняў, прымхаў і забабонаў. Праўда, калі А. Міцкевіч пазычае і творча апрацоўвае мясцовы, беларускі фальклорны матэрыял, то А. Лянгэ часцей за ўсё сягае да крыніц агульнаславянскай міфалогіі: Za górami, za morzami, Na wyraju, na poraju, Niżej tuczy, wyżej drzewa, Jakiś oman się rozwiewa... [1]. Так звычайна пачынаюцца чарадзейныя казкі. І, канешне, паэты-рамантыкі не маглі не выкарыстаць гэты мастацкі прыём. Так, у рускай літаратуры можна згадаць казку Пятра Яршова «Канёк-Гарбунок», якая мае падобны зачын: За горами, за лесами, За широкими морями, Не на небе — на земле Жил старик в одном селе [4]. У беларускай літаратуры можна згадаць казку Алеся Якімовіча «Каваль Вярнідуб», якая аздоблена падобнымі радкамі: Не далёка і не блізка, Там, дзе сонца ходзіць нізка Ды гамоняць між сабой Неба сіняе з зямлёй, Адным словам, за марамі, За лясамі, за гарамі [5]. Як і згаданыя паэты П. Яршоў і А. Якімовіч, А. Лянгэ таксама выкарыстоўвае ўсходнеславянскі фальклор, пра што сведчыць слова «tuczа», якое прадстаўнік польскай літаратуры спецыяльна пакінуў без перакладу, зрабіўшы адмысловую падказку для чытача. А вось А. Міцкевіч, дарэчы, такі прыём не выкарыстоўваў, бо ўсе «цуды і дзівы», якія ён маляваў, адбываліся побач. Гэтым самым сцвярджалася галоўная ідэя ўсёй ягонай творчасці – ідэя ўнікальнасці блізкага: маўляў, не трэба шукаць дзівосаў недзе далёка, бо ўсе скарбы – побач. Паэт А. Лянгэ, як бачым, шукае скарбы па-за польскай лакальнай традыцыяй. Шукае і там, дзе шукаў А. Міцкевіч. Так, напрыклад, у тым жа вершы «Аповед аб Планетніку», побач з рознымі міфічнымі істотамі сустракаем даўно знаёмую нам Свіцязянку: Ni to ciało, ni to pianka, Ni to wodna świtezianka, Ni to chmurka ozłocona, Wyszła, wyszła dziwożona! [1]. Варта адзначыць, што ў друкаваных крыніцах Свіцязянка ўпершыню з’явілася ў 1819 годзе, калі ў чаопісе «Dzennik Wileński» выйшла аднайменная балада А. Міцкевіча з наступным прыпісам аўтара: «Jest wieść, że na brzegach Świtezi pokazuią się Ondiny czyli Nimfy wodne, które gmin nazywa świteziankami» [2, s. 65] («Ходзяць чуткі, што на берагах Свіцязі з’яўляюцца Ундзіны, альбо водныя Німфы, якіх народ называе Свіцязянкамі»). Такім чынам, дакладна невядома, ці то сапраўды жыхары ваколіц возера Свіцязь называлі русалак Свіцязянкамі, ці гэта Міцкевічава містыфікацыя. Так ці інакш, але русалка з беларускага возера перавандравала і ў паэзію А. Лянгэ. Канешне, гэта бачыцца перш за ўсё як даніна павагі першаму польскаму рамантыку, хаця нельга выключыць, што аўтар «Аповеду аб Планетніку» і сам непасрэдна цікавіўся беларускай культурай, тым болей, да выхада «Паэзіі» А. Лянгэ ўжо з’явіліся грунтоўныя даследванні ў гэтай галіне – Адама Кіркора, Паўла Шэйна, Міхала Федароўскага. Паміж А. Лянгэ і А. Міцкевічам можна правесці не адну паралель. Тым больш, як ужо было сказана, прыцягненне апошняга давялося адчуць многім пісьменнікам Еўропы: без А. Міцкевіча еўрапейскі літаратурны працэс уявіць цяжка. Іншая справа – як успрымалася і ацэньвалася тое прыцягненне. Паэт А. Лянгэ цаніў яго высока. Пра гэта прыгожа сведчыць верш «Na Świtezi» («На Свіцязі»), асабліва заключныя радкі: Z fal, kołysanych w śpiewny ruch, Pieśń idzie tajemnicza:/ W powietrzu święty płynie duch, Duch święty Mickiewicza! [6]. Анатоль Брусевіч по материалам конференции "Шлях да ўзаемнасці" (Гродна, 2012)

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Беларуская байка апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя пачалася з перакладу твораў  антычных, рускіх, польскіх і іншых байкапісцаў. Наогул, без высокаякаснай перакладчыцкай дзейнасці не можа абыйсціся ні адна нацыянальная літаратура. Пераклады з замежных аўтараў адыгра...
Да ранніх паэмаў Янкі Купалы традыцыйна адносяць творы рамантычна-баладнага зместу: «Зімою»,  «Нікому», «Калека», «У Піліпаўку», «За што?», якія па часе былі створаныя некалькі раней за драматычныя ці фальклорна-рамантычныя паэмы. У іх, як зазначыў літаратураз...
Радзіма паэта – вёска Горна Зэльвенскага раёна. Дата нараджэнна – 20 кастрычніка 1947 года. Выпускнік Зэльвенскай СШ, Юрка Голуб закончыў філфак БДУ. З 1970 года жыве ў Гародні, працаваў на абласным тэлебачанні, у газеце “Гродзенская праўда”, выдаў некалькі ну...