Дакументы па гісторыі гарадоў Беларуі з’яўляюцца, бадай, адной з самых вывучаных і ўведзеных у навуковае абарачэнне частак кніг Метрыкі ВКЛ увогуле і кніг запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы ў прыватнасці. Аднак, не гледзячы на наяўныя спробы выкарыстання дакументаў у навуковых даследаваннях [6, 9], ўяўленне ў нашай навуцы пра інфармацыйны патэнцыял кніг запісаў застаецца надалей вельмі агульным. Для падрыхтоўкі дадзенага артыкула былі праналізаваныя кнігі запісаў №№ 106-122, якія храналагічна адпавядаюць 1633-1648 гг. Выбарка дакументаў адпавядае сучасным межам Беларусі.
На прыкладзе кніг запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава Вазы можна заўважыць, на колькі каштоўнымі з’яўляюцца матэрыялы Метрыкі XVII ст. нават улічваючы той факт, што дастаткова шмат дакументаў было апублікавана ў ХІХ-ХХ стст. у “Историко-юридических материалах” па магістрацках кнігах і ў “Беларускім архіве” па сапраўдных кнігах запісаў [25, c. 170-203, 255-259].
Копіі дакументаў, якія адносяцца да гарадоў, што захаваліся ў кнігах запісаў за адзначаны перыяд, можна падзяліць наступным чынам. Першую групу дакументаў складаюць канфірмацыі і арыгінальныя прывілеі на магдэбургскае права. Другую групу складаюць дакументы, якія закранаюць розныя агульныя аспекты гарадской эканомікі: вольнасці ад падаткаў, прывілеі на кірмашы, брукаванне і г. д. Па-трэцяе, вылучаецца група прывілеяў на цэхі ў беларускіх гарадах і матэрыялы блізкія да іх тэматычна. Чацвертую групу дакументаў складаюць намінацыі на ўрады ў беларускіх гарадах. У асобную групу можна вылучыць такія каралеўскія распараджэнні як лібертацыі, кадукі, жалезныя лісты.
Матэрыялы кніг запісаў Метрыкі ВКЛ за адзначаны перыяд утрымліваюць копіі дакументаў, якія асвятляюць розныя аспекты гісторыі пераважна найбольш значных і эканамічна развітых каралеўскіх гарадоў Беларусі, што характэрна і для кніг запісаў Метрыкі першай чвэрці XVII ст. [5, c. 118]. Шэраг беларускіх гарадоў прадстаўлены ў кнігах запісаў толькі некалькімі дакументамі (Рэчыца, Бабруйск і г.д.), а пра некаторыя з іх, як, напрыклад, Браслаў, знайсці нават адзінага дакумента за першую палову XVII ст. не ўдалося.
Найбольш колькасна прадстаўлены ў кнігах запісаў дакументы, якія маюць дачыненне да Магілёва, што ў цэлым апраўдваецца той велізарнай роляй, якую гэты горад адыгрываў у XVII ст. у эканоміцы Падняпроўя і ВКЛ увогуле, аб’ёмам падаткавых збораў дзяржавы з гэтага горада [27, s. 512]. Магілёўскі “пласт” кніг запісаў Метрыкі дастаткова значны і прадстаўлены за першую палову XVII ст. больш чым паўсотняй копій, што вельмі многа ў параўнанні з іншымі гарадамі [4, c. 64].
Пэўную частку матэрыялаў кніг запісаў традыцыйна складалі копіі прывілеяў і канфірмацый на магдэбургскае права беларускім гарадам і мястэчкам, а таксама на іншыя вольнасці. Не з’яўляюцца выключэннем у гэтым сэнсе і кнігі запісаў Метрыкі за 1633-1648 гг. Падаўляючая большасць прывілеяў на магдэбургскае права і іншыя вольнасці, якія захаваліся ў кнігах запісаў, з’яўляюцца канфірмацыямі раней атрыманых правоў. Кожны новаабраны манарх у Рэчы Паспалітай павінен быў пацвярджаць прывілеі сваіх папярэднікаў, што адпаведным чынам дакументавалася ў канцылярыях ВКЛ. Пасля каранацыі Уладзіслава IV Вазы мяшчане каралеўскіх местаў на працягу 1633-1634 гг. атрымлівалі адпаведныя канфірмацыйныя прывілеі. Канфірмацыі за 1633 г. беларускім гарадам на правы і вольнасці былі кампактна скапіраваны ў кнігу запісаў № 106. Так, канфірмацыі 19.ІІ.1633 г. атрымалі Мінск [11, аа. 73 адв.-75адв.] і Брэст [11, аа. 79-80адв.], 25.ІІ.1633 г. Лагішын [11, аа. 107-109], 8.ІІІ.1633 г. Магілёў [11, аа. 148адв.-153адв.] і Наваградак [11, аа. 155адв.-159адв.], 11.ІІІ.1633 г. Полацк [11, аа. 170-177адв.], 23.V.1633 г. Адэльск [11, аа. 318-321], 30.V.1633 г. Ваўкавыск [11, аа. 350-351 адв.], 6.VI.1633 г. (рэнавацыя) Ліпнішкі [11, аа. 383-384адв.], 11.VI.1633 г. Гродна [11, аа. 398-404адв.], 5.ІІІ.1633 г. Пінск, пры гэтым у дакуменце спецыяльна агаворвалася, што пінскія мяшчане атрымлівалі некаторыя дадатковыя вольнасці [11, аа. 617адв.-619адв.]. Акрамя гэтага былі пацверджаны 27.VII.1633 г. правы мядзельскім мяшчанам [11, аа. 609адв.-611адв.]. У большасці сваёй канфірмацыі Уладзіслава IV Вазы магдэбургскім местам вядомыя беларускім даследчыкам [26]. Аднак ёсць і выключэнні. Так, напрыклад, не дачакалася сваёй публікацыі канфірмацыя Полацку на магдэбургскае права выдадзеная ў 1633 г., дарэчы, самая аб’ёмная сярод ўсіх скапіраваных у Метрыку прывілеяў такога кшталту.
У іншых кнігах запісаў захаваліся таксама копіі арыгінальных наданняў Уладзіслава IV Вазы магдэбургскага права шэрагу беларускіх гарадоў: 20.ІІІ.1633 г. Крычаву [13, аа. 150-151адв.], 12.VIII.1634 г. Чавусам [14, аа. 145-146адв.], 16.VIII.1634 г. Мсціславу [14, аа. 153-154], 7.VII.1642 г. Дзівіну [14, аа. 284-285адв.]. У сувязі з прывілеям Крычаву неабходна заўважыць, што ў ім былі зафіксаваны асноўныя элементы гарадскога герба, што з’яўляецца рэдкасцю для Метрыкі ўвогуле [23, c. 26]. Цікава, што такая неардынарная падзея, як наданне магдэбургскага права не знайшла адлюстравання ў артыкуле, прысвечаным Дзівіну ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі [22, c. 229].
Знайшоў адлюстраванне ў кнігах запісаў і працэс вяртання Віцебску магдэбургскага права, які пачаўся з “рэстытуцыі” некаторых прывілеяў гораду за актыўную абарону ад ворага ў 1633 г. [13, аа. 208-208адв.] і скончыўся вяртаннем правоў 28.ІХ.1644 г. [17, аа. 107-108адв.].
Акрамя згаданых дакументаў у кнігах запісаў ёсць копіі канфірмацый шматлікім мястэчкам, якія на той час знаходзіліся ў адміністрацыйных межах ВКЛ і якія можна назваць гістарычна беларускімі: Новы Двор, Мілейчыцы і інш.
Традыцыйнымі для кніг запісаў Метрыкі ВКЛ з’яўляюцца каралеўскія наданні гарадам на кірмашы і гандлёвыя дні. У кнігах запісаў за 1633-1648 гг. такія прывілеі прадстаўлены колькасна невялікай групай дакументаў. З вялікіх каралеўскіх гарадоў наданне на кірмаш і гандлёвыя дні атрымаў толькі Мінск. Так, прывілей на два штогадовыя кірмашы ў Мінску быў дадзены 2.ІІІ.1633 г. на каранацыйным сойме па просьбе земскіх паслоў ад Мінскага ваяводства, якія сцвярджалі, што ранейшае рашэнне, зацверджанае канстытуцыяй 1601 г., не было рэалізавана [11, аа. 132адв.-133адв.]. Праз пяць гадоў, 21.IV.1638 г. гораду было нададзена права мець два гандлёвыя дні ў кожны тыдзень, што не было зацверджана былымі вялікімі князямі, а гандаль адбываўся “з самога толькі звычаю” [16, аа. 143]. Пераважная большасць наданняў на кірмашы і гандлёвыя дні мае дачыненне да прыватных мястэчак.
У цэлым можна пагадзіцца з заўвагай літоўскага гісторыка Зігмантаса Кяўпы аб тым, што ўяўляецца амаль немагчымым “найти в Литовской метрике большое количество документов о городах, находившихся в частном владении или принадлежавших духовенству” [8, с. 35]. Аналіз дакументаў кніг запісаў за адзначаны перыяд дазваляе сцвярджаць, што толькі некалькі відаў дакументаў утрымліваюць інфармацыю пра прыватнаўласніцкія гарады ВКЛ, а менавіта прывілеі на магдэбургскага права, а таксама дазволы ці наданні на кірмашы шэрагу прыватных гарадоў і мястэчак Беларусі. Пры гэтым асабліва актыўна дабіваўся для сваіх уладанняў правоў адзін з самых заможных магнатаў таго часу К. Л. Сапега.
Права на самакіраванне ад Уладзіслава Вазы атрымалі 4.Х.1634 г. адразу тры мястэчка К.Л. Сапегі, тады яшчэ вялікага пісара ВКЛ: Талочын [14, аа. 165адв.-166адв.], Бялынічы [14, аа. 166адв.-167адв], Бешанковічы [14, аа. 167адв.-168адв.], а 29.VI.1639 г. магдэбургскае права было канфірмавана Сапежыну (Друі), які належыў таму ж магнату [16, аа. 311адв.-312адв.].
У Метрыку былі скапіраваны прывілеі на кірмашы і гандлі наступным гарадам: 2.ІІІ.1633 г. Нясвіжу (апрабацыя) [11, аа. 132адв.-133адв.] і 19.VII.1645 г. Быхаву [19, аа. 338-338адв.], а таксама мястэчкам: 8.ІІ.1635 г. Цітва, маёмасць Самуэля Швейкоўскага ў Мінскім павеце [14, aa. 219], 21.ІІІ.1635 г. Дольск у Пінскім павеце, маёмасць Андрэя Дольскага, падкаморага брацлаўскага [14, aa. 341адв.], 18.VII.1646 г. Ляхавічы [19, аа. 665-666] і Каханавічы [19, аа. 672], уладанні К.Л. Сапегі, ужо падканцлера ВКЛ. Шэраг прывілеяў на кірмашы датычыўся царкоўных уладанняў. Так, 15.VІІІ.1645 г. права на кірмаш атрымалі кармеліты, якім належыла мястэчка Глыбокае ў Полацкім ваяводстве [19, аа. 327-327адв.], а 17.V.1647 г. такое ж права на кірмаш даецца і мястэчку Бабіц у Мазырскім павеце, якое належыла да кіеўскага біскупства [19, aa. 878-879адв.]. У Метрыцы фіксаваліся не толькі наданні на кірмашы ў прыватных гарадах і мястэчках, але і факты іх перамяшчэння, як гэта адбылося з пераносам кірмаша з Варанілавіч да Ружанаў, маёмасцю падканцлера К. Л. Сапегі, што зафіксавана ў каралеўскім лісце ад 14.ІІІ.1647 г. [19, aa. 936-936адв.]. Каралеўскія наданні прыватным уладанням магдэбургіі і кірмашоў у значнай ступені спрыялі працэсу ўрбанізацыі, які, паводле З. Ю. Капыскага, у XVI-XVII стст. адбываўся на Беларусі “пад непасрэдным уплывам эвалюцыі феадальнага маёнтка” [7, c. 17].
Вольнасці беларускім гарадамі, у першую чаргу ўсходнім, выдаваліся таксама ў сувязі з падзеямі палітычнай гісторыі першай паловы XVII cт. Асабліва ўплывалі на жыццё гарадоў вайсковыя дзеянні. Падзеі Смаленскай вайны 1632-1634 гг. закранулі пераважна ўсходнія гарады ВКЛ. Маскоўская інтэрвенцыя ў час міжкаралеўя значна паўплывала на іх эканамічнае становішча. Уладзіслаў IV Ваза быў вымушаны выдаць 26.VIII.1633 г., пад час знаходжання ў Оршы, вольнасць аршанскім мяшчанам-купцам ад уплаты на 6 гадоў старога мыта па ўсім ВКЛ і Кароне ў якасці кампенсацыі за страты ад нападзення маскоўскага войска [13, аа. 147 адв.]. Аналагічны дакумент віцебскім мяшчанам Уладзіслаў IV падпісвае ў той жа дзень. За актыўны супраціў маскоўскім войскам віцебляне, якія не толькі адсіджваліся за мурам, але выходзілі ў поле супраць ворага, лавілі “языкоў” і ўласным коштам адбудавалі частку замка, атрымалі вольнасць ад уплаты старога мыта, аднак, толькі на 3 гады, пачынаючы з 1634 г. [13, аа. 156-156 адв.]. Засведчаная віцеблянамі адданасць Рэчы Паспалітай непасрэдна паўплывала на рашэнне караля вярнуць шэраг правоў. Адпаведны дакумент быў падпісаны 7.Х.1633 г. у абозе пад Смаленскам і занесены ў Метрыку [13, аа. 208-208 адв.]. У выніку аперацый маскоўскіх войск у чэрвені 1633 г. была спалена частка Полацка, акрамя двух замкаў. У Метрыцы дадзены факт адзначаецца ў шэрагу дакументаў. Так, “лібертацыя” полацкім мяшчанам была падпісана каралём у Варшаве 31.VII.1634 г. [13, 123 адв.-124 адв.]. Цікава, што полацкія яўрэі атрымалі вольнасць 29.VI.1634 г., г. зн., больш чым на месяц раней, чым полацкія мяшчане. Кароль, ведаючы становішча “убогіх падданых мяшчан нашых полацкіх”, частка якіх, па дадзеных дакумента, з сем’ямі была выведзена ў маскоўскі палон, частка забіта, а іншыя па розных месцах “туляюцца як блудныя авечкі”, прапанаваў апошнім вярнуцца. Былыя палачане заахвочваліся да вяртання тым, што іх вызвалялі на вечнасць ад выплат старога мыта з усіх тавараў, а асабліва солі і воску ў ВКЛ, Кароне Польскай, на Севершчыне і ў Інфлянтах [13, аа. 432-432 адв.]. Прывілей падкрэсліваў гэтым самым выключнае становішча Полацка. На неакрэслены тэрмін “да ласкі” вызваляліся 1.VIII.1634 г. ад выплат таго ж мыта і жыхары разбуранага мястэчка Гомель [13, аа. 499 – 499 адв.].
У матэрыялах кніг запісаў можна сустрэць копіі каралеўскіх распараджэнняў, якія з’яўляюцца дастаткова цікавым сведчаннем уплыву шляхецкага парламетарызма на гарады ВКЛ. Да такіх можна аднесці падпісаны 12.ІХ.1641 г. Уладзіславам IV Вазам у Варшаве дакумент, адрасаваны слонімскім мяшчанам, які называецца “На брукаванне і гандаль слонімскім мяшчанам” [18, аа. 169адв.-170.]. У ім паведамляецца, што „шляхта рыцарства абывацелі і іншыя людзі”, калі прыязджаюць у Слонім, дзе звычайна адбываюцца партыкулярныя і генеральныя соймікі, трываюць розныя непрыемнасці з-за вялікага бруду на вуліцах горада, які, да таго ж, некалькі разоў пацярпеў ад пажараў. Пад уплывам Аляксандра Людвіка Радзівіла, вышэйшага маршалка ВКЛ і слонімскага старасты, кароль пагадзіўся з просьбай слонімскіх мяшчан і па прыкладу іншых гарадоў краіны загадаў брукаваць вуліцы Слоніма. Асноўным аргументам на карысць увядзення збора на брукаванне вуліц (ад кожнага воза з таварам трэба было браць па 1-м грошы, ад каней і валоў на продаж па паўгрошы літоўскім да скрынкі месцкай) была спасылка на асаблівы статус горада, які павінен быў выглядаць належным чынам як месца правядзення соймікаў і з’ездаў. Аналагічныя просьбы вядомы і з боку мяшчан іншых беларускіх гарадоў. Так, права збора бруковых грошаў і ажыццяўленне працы па добраўпарадкаванню горада пры непасрэдным даглядзе Пятра Вяжэвіча, стольніка і войта мсціслаўскага, 7.ІІІ.1642 г. атрымалі аршанцы, бо ў Оршы “земскія і гродскія суды а таксама іншыя публічныя з’езды і соймікі ладзіць звыкліся”, а становішча на вуліцах горада характарызавалася падобна, як у Слоніме [18, аа. 281-281адв.].
Брукаваліся і іншыя беларускія гарады. Так, у Метрыцы захоўваецца копія дакумента пад назвай “Наданне бруковага гораду Магілёву”, дадзенага ў Варшаве 18.VI.1637 г. У дакуменце ўстанаўлівалася, каб “кожны купец, які прыязжае возам да места нашага Магілёўскага, плаціў за кожны воз з таварам па тры грошы, таксама ж той, хто знекуль прыязжае да места з таварамі ракой Дняпро ці таксама з імі мінае места, ад байдака (баркі), які б быў на дзевяць сажняў, [плаціў] па паўкапы літоўскай, а ад паловы байдака, які б быў на пяць сажняў, па пятнаццаць польскіх грошаў, ад човена з таварам па шэсць грошаў польскіх, ад паўчовена па тры грошы польскіх”. Магістрат павінен быў сабраныя грошы выдаткоўваць “толькі на амуніцыю і направу месцкіх валоў, а таксама на направу брука” [12, аа. 76адв.-77адв]. Адсюль зразумела, што Магілёў быў, відавочна, часткова забрукаваны, але патрабаваліся сталыя крыніцы паступленняў для падтрымання вуліц у належным стане.
Пэўная частка дакументаў кніг запісаў мае непасрэднае дачыненне да развіцця рамяства ў беларускіх гарадах. Усе вядомыя апісанні зместу Метрыкі ВКЛ паўтараюць, што ў кнігах запісаў захоўваюцца копіі каралеўскім прывілеяў на арганізацыю цэхоў, ці рамесных брацтваў, у гарадах ВКЛ. Не з’яўляюцца выключэннем і кнігі запісаў Метрыкі за перыяд праўлення Уладзіслава Вазы. Аналіз кніг запісаў за 1633-1648 гг. дазваляе сцвярджаць пра наяўнасць тут сумарна 41 копіі прывілеяў на розныя цэхавыя арганізацыі ў беларускіх гарадах. Прывілеі на цэхі ўтрымліваюцца не ва ўсіх кнігах запісаў. Пераважная іх большасць знаходзіцца ў кнігах №№ 106, 110, 111, 113 і храналагічна адносяцца да 30-х гадоў XVII ст. Толькі па адным дакуменце такога віда захавалася ў кнігах запісаў №№ 114, 119, 121 і выдадзены яны былі ў 40-х. гадах. Сярод адзначанага 41 прывілея на цэхі ў беларускіх гарадах большую частку складаюць канфірмацыі ранейшых цэхавых статутаў.
Прывілеі на цэхавую арганізацыю, якія захаваліся ў кнігах запісаў датычацца толькі 10 гарадоў, якія знаходзяцца на сучаснай тэрыторыі Беларусі, астатнія датычацца гарадоў сучаснай Літвы і Польшчы. Найбольш колькасна ў Метрыцы прадстаўлены копіі цэхавых прывілеяў магілёўскім і мінскім рамеснікам. Найболей, дзеcяць, прывілеяў атрымалі магілеўскія рамеснікі: 30.IX.1633 г. быў пацверджаны прывілей на цэх магілёўскім рымарам і седлярам [11, aa. 614-616адв.], 9.XI.1633 г. – краўцам [11, aa. 634-634адв.], 9.XII.1633 г. – шаўцам [13, aa. 284-286адв.], 17.XII.1633 г. - мечнікам, слесарам і катлярам [11, aa. 646адв.-653адв.] і гарбарам [11, aa. 653адв.-658], 2.V.1634 г. – пекарам [14, aa. 35-38] і 12.VI.1634 г. – злотнікам [14, aa. 51-56адв.]. “Канфірмацыя” на цэх магілёўскім ігольнікам, мяшочнікам і рукавічнікам была дадзена 30.ІІІ.1635 г. у Варшаве на вальным сойме [14, aa. 375адв.-382адв.]. Асобны характар мае наданне 12.VII.1636 г. на цэх магілёўскім кушнерам і балтушнікам [14, aa. 663адв.-666адв.]. Апошнімі, 17.Х.1646 г., актыкавалі сваю канфірмацыю на цэх магілёўскія саладоўнікі [19, аа. 608-611адв.], пры гэтым неабходна адзначыць, што ў Метрыцы непасрэдна перад копіяй дадзенай канфірмацыі і пад той жа датай упісаны “Універсал магілёўскім сладоўнікам”, які па сутнасці ўтрымлівае скарочаны пераказ скаргі магілёўскіх саладоўнікаў на мясцовых яўрэяў, якія, не выконваючы павіннасцяў на кошт скарбу ВКЛ, наважыліся скупляць у горадзе і па прадмесцях збожжа і часткова перапрадавалі яго, а часткова праз наёмную чэлядзь выраблялі з яго солад на шкоду магілёўцам-саладоўнікам, якія прасілі караля забараніць яўрэям такую дзейнасць і рэгламентаваць дзейнасць гандляроў соладам з іншых горадоў, а таксама далучыць саладоўнікаў на юрыдыках да агульнага цэха [19, aa. 608].
Такая колькасць магілёўскіх дакументаў у кнігах запісаў з’яўляецца выразным сведчаннем не толькі разгалінаванай рамеснай вытворчасці Магілёва, а таксама фінансавых магчымасцяў рамеснікаў, паколькі за афармленне канфірмацыі трэба было плаціць. Неабходна таксама звярнуць увагу на несупадзенне паміж некаторымі датамі надання прывілеяў на цэхі, пазначанымі ў метрычных копіях і датамі іх зацвярджэння, якія прыводзіць у дадатках да свайго артыкула даследчык А. Якубоўскі, сістэматызаванымі на падставе апублікаваных у “Историко-юридических материалах” цэхавых статутах магілёўскіх рамеснікаў [27, s. 71-73]. Паводле матэрыялаў Метрыкі прывілеі такім цэхам як гарбарскаму, пякарскаму, злотніцкаму былі дадзены раней, а ігольніцкаму і саладоўніцкаму пазней, чым пазначана ў працы А. Якубоўскага і адпаведна ў крыніцах, якімі карыстаўся аўтар. Пры гэтым высветляецца, што ў Метрыцы захоўваецца копія прывілея магілёўскім пекарам на цэх, дадзеная амаль на 30 год раней, чым дакумент апублікаваны ў “Историко-юридических материалах” [27, s. 73].
Дзевяць цэхавых прывілеяў былі дадзены мінскім рамеснікам Уладзіславам Вазам, а іх копіі захаваліся ў кнігах запісаў. Першымі 29.VI.1633 г. атрымалі канфірмацыю менскія шаўцы [13, aa. 397-399адв.], а наступна: 29.VI.1634 г. рымары [14, аа. 67адв.-70адв.] і злотнікі мінскія [14, аа. 79-83адв.], 14.ІІ.1635 г. рамеснікі розных цэхаў Мінска [14, aa. 312адв.-314адв.], 27.ІІ.1635 г. цырульнікі [14, аа. 256адв.-262адв.], 15.IV.1636 г. краўцы [14, aa. 582-583адв.], 21.IV.1636 г. ганчары, муляры і цесляры [14, аа. 595адв.-600адв.], 14.VII.1636 г. рэзьнікі [14, aa. 666адв.-669адв.], 19.ХІІ.1647 г. кушнеры і шапнікі з далучэннем да іх балтушнікаў [20, aa. 202-204]. Акрамя першага і апошняга, якія не былі апублікаваны, усе прывілеі кампактна захоўваюцца ў кнізе запісаў № 111, што значна паспрыяла Д.І. Даўгяле пры падрыхтоўцы іх да друку ў “Менскіх актах” [2].
Наступнымі па колькасці скапіраваных у Метрыку прывілеяў былі рамеснікі горада Гродна, Брэста і Пінска, якім было нададзена па чатыры цэхавых статута. Так, гродзенскія краўцы атрымалі 30.V.1633 г. канфірмацыйны прывілей на цэх [11, aa. 351адв.-352], а 31.V.1633 г. гродзенскія рамеснікі розных спецыяльнасцяў, пры гэтым абодва дакумента напісана на лацінскай мове [11, aa. 357адв.-358адв.]. Пазней, 6.VI. 1633 г., канфірмаваны быў цэх гродзенскім шаўцам [11, aa. 378адв.-379адв.] і 10.І.1637 г. злотнікам [16, aa. 1-7адв.]. Дадзеныя Уладзіславам Вазам гродзенскім рамеснікам прывілеі не былі апублікаваны.
Самым першым прывілеям на цэх, які захаваўся ў кнігах запісаў перыяду праўлення Уладзіслава Вазы з’яўляецца канфірмацыя ад 22.ІІ.1633 г. брэсцкім злотнікам і малярам [11, aa. 92-97]. Далей прывілеі на цэхавую арганізацыю атрымалі: 11.VI.1633 г. слесары, кавалі і рымары [11, aa. 407адв.-408], 16.V.1640 г. шаўцы і гарбары каталіцкага веравызнання [16, aa. 500адв.-503адв.], 9.ІІ.1641 г. кушнеры [16, аа. 596-596адв.].
У Пінску быў нададзены 30.VI.1634 г. цэх рэзьнікам [14, aa. 83адв.-84], а 17.ХІ.1639 г. тут былі канфірмаваны яшчэ тры цэхі: кушнерам і балтушнікам [16, aa. 400адв.-401], шаўцам і гарбарам [58, aa. 401-401адв.], злотнікам, кавалям, катлярам і мечнікам [16, aa. 402].
Па тры прывілеі было пацверджана рамеснікам Наваградка і Оршы. Першыя атрымалі канфірмацыю на цэх наваградскія шаўцы 21.VII.1634 г. [14, aa. 103адв.-107адв.], наступна, 9.VI.1636 г., злотнікі [14, аа. 616-623], а 18.VI.1636 г. цырульнікі [14, аа. 640адв.-648]. Аршанскім рамеснікам шавецкай спецыяльнасці цэх быў канфірмаваны 19.VIII.1633 г. [13, aa. 138-140адв.], 23.VIII.1633 г. краўцам, пастрыгачам і кушнерам [13, aa. 143адв.-144адв.], а 7.ІІ.1641 г. нададзены цэх шапнікам [16, aa. 589-591].
Толькі два прывілеі на цэхавую арганізацыю ў Полацку захавалася ў кнігах запісаў. Першым кароль канфірмаваў 27.ІІІ.1635 г. цэх полацкім шаўцам [13, aa. 528-529адв.], якія яшчэ на пачатку XVII ст. уваходзілі ў склад агульнага для розных спецыяльнасцяў цэха полацкіх рамеснікаў, а з 28.ХІІ.1605 г. знаходзіліся ў адным цэхе разам з краўцамі, кушнерамі, шапнікамі і гарбарамі [10, аа. 235-236адв.], які паволі распадаўся на больш дробныя ў сувязі з дыферэнцыяцыяй рамеснай вытворчасці напрацягу першай паловы XVII ст. Другі прывілей быў нададзены 16.ІІ.1641 г. полацкім ганчарам і мулярам [16, aa. 601адв.-605]. У сувязі з гэтым дакументам можна скарэктаваць заблытаную сітуацыю, якая мела месца ў вядомай кнізе “Полоцк: историческій очерк” (Мн., 1987), дзе спачатку згадваецца пра існаванне ў 1643 г. цэха ганчароў і іншых рамеснікаў [21, c. 49], а ніжэй ідзе гаворка пра наданне ім у 1641 г. адпаведнага ліста [21, c. 62]. Ні першы, ні другі прывілей полацкім рамеснікам не быў апублікаваны і, можна не сумнявацца ў тым, што аўтары кнігі ведалі пра іх метрычныя копіі.
Толькі адзін прывілей, канфірмаваны 22.VI.1641 г. Уладзіславам Вазам кобрынскім шапашнікам, захаваўся ў Метрыцы [17, аа. 36-39]. Захавалася і адзінае наданне мсцібогаўскім рамеснікам-шаўцам на цэх, падпісанае каралём 12.ІІІ.1639 г. [16, аа. 199-201].
Як відаць, больш за іншых імкнуліся пацвердзіць цэхавыя прывілеі рамеснікі шавецкай і некаторых іншых спецыяльнасцяў, звязаных з апрацоўкай скур, а таксама злотнікі беларускіх гарадоў, якім было пацверджана шэсць цэхаў.
Акрамя непасрэдна пацвярджальных дакументаў на цэхі ў беларускіх гарадах у кнігах запісаў захаваліся копіі дакументаў, дзе непасрэдным чынам закранаюцца праблемы рамеснай вытворчасці ў беларускіх гарадах.
Рамесная вытворчасць у гарадах ВКЛ знаходзілася, як вядома, пад пэўным кантролем цэхавых арганізацый і каралеўская ўлада імкнулася па магчымасці гарантаваць манаполію цэхавага рамяства, паколькі гэта адпавядала ў першую чаргу фінансавым інтарэсам дзяржавы. Але існавалі і выключэнні. Так, у Метрыцы захоўваецца копія “сэрвітарата” (аховы), на падставе якога райца і абывацель мінскі Матыс Бальцаровіч, які вылучаўся майстэрствам у злотніцкай справе, быў залічаны да ліку каралеўскіх слуг і, адпаведна, узяты пад пратэкцыю, г. зн., ён мог карыстацца вольнасцямі каралеўскіх слуг, камяніца яго вазвалялася ад стацыяў, а сам злотнік атрымаў права гандляваць сваімі таварамі па ўсёй Рэчы Паспалітай, што Уладзіслаў Ваза пацвердзіў 29.VII.1645 г. [19, aa. 314].
Для вывучэння праблемы рамеснай вытворчасці цікавасць уяўляе таксама “прызнанне” дамовы паміж сталярамі, слесарамі, рымарамі, стэльмахамі, меднікамі і іншымі рамеснікамі Брэста з аднаго боку і кавалямі з другога, прадстаўленай у большую канцылярыю Янам Цэдронам, сталяром, Янам Кабыліным, стэльмахам, Паўлам Пачкоўскім, слесарам, і Янам Гаговічам, кавалём, якая была заключана 17.VI.1639 г. у Вільні і ўпісана ў Метрыку 21.VІ.1639 г. [12, aa. 297-298адв.]. Дакумент уяўляе сабой дамову брэсцкіх рамеснікаў аб рэгламентацыі цэхавых пасяджэнняў асобна кавалёў і асобна ўсіх іншых, а акрамя гэтага тут была вызначана кампетэнцыя рамеснікаў кавальскай і слесарскай спецыяльнасцяў і парадак правядзення экспертызы якасці рамесных вырабаў. Адзначыць трэба, што ў канчатковым пратаколе, дзе пералічваліся яшчэ раз асобы, якія засведчвалі ў канцылярыі дамову, было зафіксавана, што сярод брэсцкіх рамеснікаў, прысутных пры ўпісванні ў Метрыку, толькі Я. Цэдрон быў пісьменным і выступаў ад імя іншых [12, аа. 289 адв.].
Традыцыйнымі для кніг запісаў Метрыкі з’яўляюцца таксама намінацыйныя прывілеі і іншыя спадарожныя ім дакументы, афармляючыя правы на гарадскія ўрады і ў першую чаргу вайтоўства. У шэрагу выпадкаў вайтоўства спалучалася з урадам ваяводы і заўсёды было прыбытковым, паколькі да яго належыла пэўная маёмасць. Так, у намінацыі ад 13.IV.1635 г. на ўрад віцебскага войта Самуэлю Сангушцы Любартовічу з Коўля, ваяводзе віцебскаму і старасце суражскаму, паведамляецца, што да вайтоўства, акрамя ўсяго іншага, належыць вёска Каравайна ў Віцебскім ваяводстве [13, аа. 389-389 адв.]. У Метрыцы фіксуюцца не толькі самі намінацыі, але і выпадкі, калі войт дамагаўся ад караля згоды (кансэнса) на перадачу сваіх праў іншай асобе. Так, напрыклад, Аляксандр Клюкоўскі, наваградскі войт, 2.VIII.1645 г. атрымаў “кансэнс” на перадачу сваяго ўраду Базылю Яхімовічу [19, аа. 364-364адв.]. Войтам можна было быць жанчыне і адразу у некалькіх месцах, як гэта адзначана ў кансэнсе ад 9.ІІІ.1646 г. Ізабэле Ляцкай Іеранімавай Хадкевічовай, старасціне мазырскай, якая перадала сваё дажывотнае права на навадворскае і незвадоўскае вайтоўствы ў Ваўкавыскім павеце Яну Трызне, ваўкавыскаму старасце [19, аа. 491-492адв.]. Здараліся выпадкі, калі вайтоўства магло апынуцца ў руках “беспраўных пасэсараў”. Так, 20.І.1645 г. Ян Ігнацы Выгоўскі атрымаў дазвол “даходзіць правам” ваўтоўства мястэчка Гарадзец у Кобрынскім старостве, якое пэўныя асобы трымаюць без праў, г. зн., каралеўскай згоды [17, аа. 746 адв.-747]. Акрамя вайтоўства, у Метрыцы фіксаваліся намінацыі на такія ўрады як гарадніцтва, ключніцтва замкавае і інш. Сярод такога кшталту дакументаў цікавасць выклікае “рэнавацыя” прывілея на мсціслаўскае гарадніцтва Аляксандру Урублеўскаму ад 6.VI.1633 г., дзе паведамляецца, што за ваенную службу яшчэ 12.VI.1630 г. Жыгімонт ІІІ даў прывілей на гарадніцтва мсціслаўскае А. Урублеўскаму, але ў яго не было ўпісана ўсё прыходзячае на гэты ўрад: сенажаць над ракой Вяхрой, 2 службы Лазароўская і ў Быкавічах, падымнае ад усіх мяшчан мсціслаўскіх па 6 грошаў літоўскіх, а ад солі па 1 грошы літоўскім на замкавага вартаўніка, што выклікала з’яўленне дадатковага распараджэння [13, аа. 77 адв.-78].
Вельмі пашыраным відам дакументаў кніг запісаў Метрыкі з’яўляюцца каралеўскія рашэнні аб вызваленні ад падаткаў і розных павіннасцяў жыхароў і маёмасці беларускіх гарадоў. Большасць такога рода дакументаў маюць адпаведную назву – “лібертацыя”. Адной з падстаў выдачы “лібертацыі” быў пажар ці знішчэнне маёмасці месцічаў. Змест “лібертацый” дастаткова аднастайны: тут паведамляецца пра сам факт пажару і распісваюцца адпаведныя вольнасці. Аналіз дакументаў дазваляе сцвярджаць, што існаваў “часовы” стандарт для пагарэльцаў: яны вызваляліся пераважна на чатыры гады ад розных выплат. Такія “лібертацыі” атрымалі 22.VIII.1633 г. крычаўскія мяшчане [13, аа. 149адв.-150], 4.VI.1640 г. (пажар быў 28.IV.1640 г.) мінскія [16, аа. 532-532адв.], 18.ІІ.1644 г. (пажар - 29.VII.1643 г.) полацкія [17, аа. 412]. Значная частка з зафіксаваных у кнігах запісаў “лібертацый” мае індывідуальны характар і афармляе вызваленне ад выплат і павіннасцяў аднаго чалавека, як, напрыклад, быў вызвалены 2.Х.1637 г. брэсцкі аптэкар Вацлаў Барчэўскі [16, аа. 111-111адв.]. Сустракаюцца “лібертацыі” на некалькіх мяшчан. Так, 2.ІІ.1643 г. атрымалі адпаведны дакумент чацвёра гродзенскіх мяшчан, маёмасць якіх пагарэла яшчэ ў дзень Св. Якуба і Мацея Апосталаў у 1642 г. [18, aa. 427адв.-428адв.].
Дакументы Метрыкі дазваляюць скарэктаваць дадзеныя некаторых наратыўных крыніц. Так, у знакамітай “Магілёўскай хроніцы” Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага пад 1633 г. паведамляецца пра пажар, у выніку якога ”згарэў Магілёўскі замак” [3, c. 289]. Хутчэй за усё з нагоды гэтага здарэння ў Метрыцы захаваўся дакумент, які называецца “Дэкларацыя аб спаленні магілёўскага замка”, падпісаны каралём 13.ІІ.1634 г. на Багданавай ваколіцы [14, аа. 24-24адв.]. Адзначым, што ў метрычнай копіі пазначаецца дата, калі згарэў замак: гэта адбылося – 19.І.1634 г., што супярэчыць дадзеным “Магілёўскай хронікі”, дзе відавочна памылка. У адваротным выпадку выходзіць, што замак гарэў два разы. “Дэкларацыя” выклікае цікавасць і дзякуючы сваеасаблівай трактоўцы прычын пажара. Тут агаворваюцца дзве версіі падзей, што само па сабе з’яўляецца адзіным прыкладам для паведамленняў такога кшталту, па крайняй меры, для Метрыкі першай паловы XVII ст. Паводле першай, замак згарэў з дапушчэння Пана Бога, што дэкларуецца як пастулат, а згодна іншай, пажар адбыўся з-за “недагляду альбо нядбаласці” Крышпіна Кіршэнштэйна, паюрскага цівуна, каралеўскага двараніна і магілёўскага адміністратара ці яго чэлядзі. Аднак за апошняга выказаліся сведкі, са слоў якіх усё здарылася “уласна з дапушчэння Панскага”. Зыходзячы з апошняга, кароль забараніў турбаваць К. Кіршэнштэйна і яго нашчадкаў [14, аа. 24адв.].
У найбольшай ступені назва “лібертацыя” уласціва для каралеўскіх распараджэнняў аб вызваленні ад стацыяў і падаткаў дамоў (камяніц) у гарадах ВКЛ. “Лібертацыя” на вызваленне ад падаткаў была сваеасблівай формай аплаты або падзякі за паслугі каралю і дзяржаве. Так, 16.VІІІ.1645 г. быў вызвалены ад усіх месцкіх павіннасцяў, акрамя выплат у скарб ВКЛ, дом у Полацку Габрыэля Корсака, полацкага земскага пісара, за яго службу яшчэ пры Жыгімонце ІІІ [19, аа. 268-268адв.]. Акрамя гэтага, у прывілеі адзначалася, што дом быў вызвалены, паколькі ў ім адбываюцца пасяджэнні Полацкага земскага суда. Значна радзей, чым шляхціцам, фіксаваліся ў Метрыцы адпаведныя “лібертацыі” мяшчанам беларускіх гарадоў, што, магчыма, тлумачыцца наяўнасцю ранейшых прывілеяў. Так, у 1647 г. да Уладзіслава IV звярнуўся Іван Фёдаравіч Скабіч, полацкі бурмістр, cпасылаючыся на прывілей Жыгімонта ІІІ ад 14.ХІІ.1597 г., узяты “экстрактам” з кніг Вялікай канцылярыі ВКЛ. Прывілей быў выдадзены бурмістрам, райцам, лаўнікам і пісарам полацкім па прыкладу сталічнай Вільні і вызваляў іх ад абавязка прадастаўляць жытло для прыязжаючых у горад шляхціцаў на час разнастайных з’ездаў. У выніку 30.V.1647 г. полацкі бурмістр “на дажывотным праве” атрымаў “лібертацыю”, паводле якой яго дом у Полацку, размешчаны брамай паміж дамамі Васіля Касабуцкага і Сямёна Цяцеры на Вялікай вуліцы, а тыльным бокам на Малой Вазнясенскай вуліцы, быў вазвалены ад “стацый” падчас “рокаў земскіх, рочкаў гродскіх, сoймікаў і іншых усялякіх з’ездаў” [19, аа. 804-804адв.].
Фіксаваліся ў кнігах запісаў Метрыкі таксама разнастайныя дакументы, якія адносіліся да маёмасці каталіцкіх ордэнаў у беларускіх гарадах, што стасуецца з назіраннем пра значны рост колькасці прадстаўніцтваў (касцёлаў, кляштараў) каталіцкай царквы ў ВКЛ у першай палове XVII ст. У цэлым па Рэчы Паспалітай з 1600 па 1650 гг. толькі колькасць кляштараў павялічылася больш, чым у два разы, і дасягнула лічбы 470 адзінак [29, s. 248].
Cярод дакументаў кніг запісаў, якія ўласцівы для кніг запісаў XVII ст., неабходна звярнуць увагу на так званыя “кадукі”, ці каралеўскія распараджэнні аб перадачы маёмасці асоб, якія памерлі не маючы нашчадкаў, або страцілі правы ў выніку парушэння права. Такая маёмасць аўтаматычна пераходзіла “да дыспазыцыі” караля, які і вырашаў, хто будзе наступным уладальнікам. Спецыфіка ж метрычных “кадукоў” увогуле за першую палову XVII cт. у тым, што яны ў большасці сваёй утрымліваюць аднастайную па зместу інфармацыю аб перадачы маёмасці менавіта “беспатомна” памёршых мяшчан беларускіх гарадоў асобам шляхецкага стану. Пры гэтым такая мяшчанская маёмасць была прывабнай не толькі для шэраговых шляхціцаў, як Міхал Хайварт, які атрымаў маёмасць па смерці гродзенскай мяшчанкі Ганны Дзенцоўны, па апошнім мужы Балінскай, 23.VІІІ.1633 г. [13, аа. 157адв.-158], ці для шляхціцаў, якія мелі адносна высокі статус у земскай павятовай іерархіі, як Крыштап Валадкевіч, мінскі земскі пісар, які 3.ІІІ.1642 г. атрымаў маёмасць па мінскім арганісце-іншаземцы Якубе [17, аа. 184-184адв.], але і магнатаў, як Аляксандр Людвік Радзівіл, ваявода брэсцкі, якому кароль перадаў 17.І.1634 г. правы на маёмасць “славэтнага” Апанаса Склаваніна, магілёўскага мешчаніна [14, аа. 6-6адв.]. На прыкладзе “кадукаў” прасочваецца паслядоўная тэндэнцыя часоў Жыгімонта ІІІ і Уладзіслава IV Вазы забяспечваць інтарэсы шляхты за кошт прадстаўнікоў іншых станаў.
Непасрэднае дачыненне да мяшчан маюць і так званыя “жалезныя лісты” з кніг запісаў Метрыкі, якім устанаўлівалася адтэрміноўка на тры гады ад выплаты даўгоў або прыцягнення да судовай адказнасці за даўгі для асоб, якія пацярпелі ад стыхійнага бедства і вайны [24, с. 372-373]. У кнігах запісаў за 1633-1648 гг. копіі “жалезных лістоў” дастаткова рэдкая з’ява: іх захавалась толькі тры. Першы з “жалезных лістоў” быў дадзены 6.V.1640 г. Фёдару Масловічу, пінскаму мешчаніну [16, аа. 542 адв.], другі 21.ІІІ.1642 г. Лаўрыну Рышкевічу, петрыкаўскаму мешчаніну [17, аа. 202-203], апошні 17.Х.1646 г. Яну Себасціяну, магілёўскаму мешчаніну [19, аа. 611адв-612]. Усе атрымальнікі “лістоў” былі купцамі, якія пры розных абставінах сталі неплацёжаздольнымі перад крэдыторамі. Напрыклад, Л. Рашкевіч і Я. Себасціян страцілі тавары і стругі.
Аналіз кніг запісаў Метрыкі за перыяд праўлення Уладзіслава Вазы дазваляе зрабіць выснову, што сутнасна змест кніг адносна гарадскіх дакументаў у цэлам адпавядаў устаноўленым раней традыцыям і не адрозніваўся ад кніг запісаў першай трэці XVII ст. У канцылярыі фіксаваліся дакументы найбольшых і эканамічна ўплывовых каралеўскіх гарадоў. У кампетэнцыі караля знаходзілася прэрэгатыва надання магдэбургскага права і зацьвярджэнне кірмашоў, перанос часу і месца апошніх не толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватнаўласніцкіх гарадах, зацвярджэнне цэхавых статутаў, гарадскіх ураднікаў, а таксама пераразмеркаванне маёмасці і раздача разнастайных вольнасцяў. У палітыцы адносна беларускіх гарадоў каралеўская ўлада імкнулася ў цэлым адстойваць інтарэсы мяшчанства, асабліва, калі яно сапраўды прыносіла дзяржаве карысць. Але, адначасова, памяшчанская маёмасць у гарадах перадавалася амаль выключна шляхце. Неабходна таксама адзначыць, што існуюць пэўныя разыходжанні паміж метрычнымі датамі надання магілёўскім рамеснікам цэхаў і адпаведнымі датамі раней апублікаваных дакументаў. На падставе кніг запісаў Метрыкі за 1633-1648 гг. можна правесці шэраг самастойных даследаванняў сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх гарадоў.
СПАСЫЛКІ
- Абросимова, С.В. Книги записей Литовской Метрики как источник по истории городов Украины первой половины XVI в. (до Люблінской унии 1569 г.) // Исследования по истории Литовской Метрики: Сб. науч. тр. В 2-х ч. Ч. 2.– М.– 1989.– С. 196-214.
- Беларускі архіў: У 3 т. Т. 3: Менскія акты. Выпуск першы (XV-XVIII ст.). Дакументы сабраныя і згуртаваныя Археаграфічнай камісіяй Беларускай Акадэміі навук.– Менск: Беларуская Акадэмія навук.– 1931.– 413 с.
- Беларускія летапісы і хронікі / Пер. са старажытнарускай, старабеларус. і польск. / Уклад. У. Арлова; прадм. В. Чамярыцкага.– Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997.– 432 с. [8] л. іл.
- Галубовіч, В.У. Матэрыялы да гісторыі Магілёва ў кнігах запісаў метрыкі Вялікага Княства Літоўскага першай паловы XVIIст. // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: зборнік навуковых прац / Уклад. І.А. Пушкін.– Магілёў: УПКП «Магілёўская абласная ўзбуйненая друкарня», 2001.– С. 64-70.
- Галубовіч В.У. Кнігі запісаў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага пачатку ХVІІ ст. як крыніца па гісторыі гарадоў Беларусі // Беларускі горад у часе і прасторы: 500 год Полацкай магдэбургіі: Зборнік навуковых прац.– Наваполацк: ПДУ.– 2001.– С. 116-121.
- Доўнар, А. Пацвярджальны прывілей Проацку 1633 г. (нарыс з гісторыі Полацка 30-х гадоў XVII ст.) // Commentarii Polocenses Historici.– T.I.– 2004.– C. 43-49.
- Копысский, З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии / АН БССР. Ин-т истории.– Мн.: Наука и техника, 1978.– 136 с.
- Кяупа, З. Публикации из Литовской Метрики источников по истории городов Литвы // Новости литовской метрики.– Вып. 2.– Вильнюс: Институт истории Литвы, 1998.– С. 29-38
- Макараў, М. Ад пасада да Магдэбургіі: прававое становішча насельніцтва местаў Беларускага Падзвіння ў XIV – першай палове XVII ст./ М.Дз. Макараў.– Мінск: Экаперспектыва, 2008.– 248 с.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (Далей – НГАБ), КМФ-18, воп.1, спр. 88.
- НГАБ, КМФ-18, воп.1, спр. 106.
- Там жа. Спр.107.
- Там жа. Спр.110.
- Там жа. Спр.111.
- Там жа. Спр.112.
- Там жа. Спр.113.
- Там жа. Спр.114.
- Там жа. Спр. 118.
- Там жа. Спр.119.
- Там жа. Спр.121.
- Полоцк: Истор. очерк / З.Ю. Копыский, Н.А. Манис, Г.В. Штыхов и др.; Отв. ред. П.Т. Петриков.- 2-е изд. перераб. и доп.– Минск: Наука и техника, 1987.– 320 с.
- Пярвышын У. Дзівін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі :У 6 т. Т. 3. Гімназіі-Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст.Э.Э. Жакевіч.– Мн.: БелЭн, 1996.– С.229.
- Римша, Э. Городская геральдика конца XVIII в. в ЛМ // Литовская Метрика. Тез. док. межресп. науч. конф., Вильнюс, апрель 1988 г. / Инст. ист. АН Лит.ССР.– Вильнюс, 1988.– С.26-28.
- Рыбакоў, А. Ліст // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі :У 6 т. Т. 4.Кадэты-Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст.Э.Э. Жакевіч.– Мн.: БелЭн, 1997.– С.372-373.
- Улащик, Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода.– М.: Наука, 1973.– 304 с.
- Цітоў, А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А.П. Бажэнаў.– Мн.: Полымя, 1998.– 287 с.
- Jakubowski, A. Stosunki wyznaniowe w cechach mohylowskich od pierwszey połowy XVI do drugiey połowy XVIII wieku // Białoruskie Zeszyty Historyczne.– 2000.– Zesz. 14.– S. 57-73.
- Łowmiański, H. Handel Mahylewa w XVI wieku // Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego.– Poznań: W-wo nauk. Uniw. im. A. Mickiewicza w Poznaniu, 1983.– S. 507-530.
- Wyczański, A. Polska Rzeczą Pospolitą szlachecką.– Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe.– 1991.– 440 s.