Абарончыя ўмацаванні на працягу ўсёй гісторыі мелі важнае значэнне для функцыянавання грамадства і яго інстытутаў. У сувязі з гэтым актуальным для даследавання гісторыі Беларусі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляецца вывучэнне прыватнаўласніцкіх абарончых рэзідэнцый. Адным з важнейшых пытанняў, на якое звяртаюць увагу даследчыкі пры вывучэнні гэтых аб’ектаў, з’яўляецца іх абарончы патэнцыял. У XVI – пачатку XVIII ст. найбольшай колькасцю ўмацаваных рэзідэнцый на землях Беларусі валодалі прадстаўнікі роду Радзівілаў. Яны займалі вядучае становішча ў палітычнай эліце ВКЛ і мелі добры ваенны досвед, што абумовіла актыўную разбудову іх абарончых рэзідэнцый. Таму на прыкладзе ўмацаваных сядзіб роду Радзівілаў магчыма ўсебакова даследаваць феномен прыватнаўласніцкіх абарончых рэзідэнцый на беларускіх землях.
Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. даследчыкамі розных спецыяльнасцей (гісторыкамі, археолагамі, мастацтвазнаўцамі) назапашаны і апрацаваны значны матэрыял па гісторыі рэзідэнцый роду Радзівілаў. Пры гэтым, абапіраючыся галоўным чынам на вывучэнне і аналіз архітэктуры, рабіліся спробы вызначэння іх абарончага патэнцыялу. Тым не менш праблема абароназдольнасці рэзідэнцый роду Радзівілаў у беларускай гістарыяграфіі застаецца да цяперашняга часу невырашанай, а дыскусіі адносна абарончага патэнцыялу асобных помнікаў працягваюцца.
Магчымасць паглыбіцца ў даследаванні гэтай праблемы дае вывучэнне практыкі забеспячэння рэзідэнцый узбраеннем і гарнізонамі, што раскрывае карціну іх функцыянавання як абарончых умацаванняў.
Рэшткі многіх рэзідэнцый роду Радзівілаў захаваліся як помнікі археалогіі і на цяперашні момант знаходзяцца ў цэнтрах гарадоў. У сувязі з гэтым праблема рацыянальнага выкарыстання гэтых помнікаў становіцца важнай задачай для развіцця населеных пунктаў і павышэння якасці жыцця іх жыхароў. Даследванне гісторыі рэзідэнцый роду Радзівілаў стварае падмурак для распрацоўкі праграм па рэгенерацыі гістарычных цэнтраў гарадоў і павышэння іх турыстычнай прывабнасці. Дзякуючы адметнасці сваёй архітэктуры рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Міры і Нясвіжы былі ўключаны ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і маюць высокае сімвалічнае значэнне для беларускага грамадства і дзяржавы. Такім чынам, выключная значнасць гэтых помнікаў з’яўляецца важным стымулам для паглыбленага даследвання іх гісторыі і архітэктуры.