Уводзіны. Развіццё літаратурнага працэсу залежыць ад грамадскай думкі, яе актуальных запатрабаванняў. Спецыфіку мастацтва слова на пачатку ХХ ст. прадвызначыла станаўлене беларускай дзяржаўнасці ў першыя дзесяцігоддзі, беларусізацыя 20-х гадоў. Тагачасная нацыянальная ідэя патрабавала асэнсавння гістарычнага мінулага, увязванне старажытнай гісторыі з новымі эпахальнымі падзеямі, выпрацоўкі знакавай гістарычнай канцэпцыі, якая б раскрыла працэс самаўсведамлення нацыі.
У пачатку ХХ ст. спецыфічныя грамадскія фактары актуалізавалі працэс фарміравання гістарычнай прозы, які распачаўся яшчэ ў ХІХ ст. і які завяршыцца жанрава сталай прозай Уладзіміра Караткевіча ў другой палове ХХ ст. Мастацкія творы пра мінулае “неадменнага сакратара Адраджэння” Вацлава Ластоўскага вызначаюцца гістарычнай тэматыкай і праблематыкай. Пісьменнік выпрацоўвае канцэпцыю беларускага мінулага, адной з асноўных сутнасных рыс якой з’яўляецца гістарыязацыя, што дазваляе маркіраваць падзеі ў міфалагічным кантэксце і ўключаць іх у часавую парадыгму [1, с. 149].
Актыўная палітычная пазіцыя і дзейнасць, узбуджаная нацыянальная і гістарычная свядомасць вымушала Вацлава Ластоўскага выкарыстоўваць і мастацкія сродкі агітацыі і актывізацыі насельніцтва. Для гэтага ён не толькі ў публіцыстычных, але і ў мастацкіх творах звяртаўся да гісторыі Беларусі, прытрымліваючыся адзінай актуальнай нацыянальнай канцэпцыі.
Беларускія пісьменнікі павінны былі актывізаваць гістарычную памяць, вярнуць з небыцця гераічнае мінулае, спрыяць усведамленню нацыянальнага гістарычнага ўзросту [2, с. 108].
Асноўная частка. Упершыню праявіць свае літаратурныя здольнасці Вацлаў Ластоўскі змог у газеце “Наша Ніва”, пачынаючы з 1909 г., дзе былі надрукаваныя яго першыя апавяданні, казкі, паданні. Пасля яны ўваходзілі ў выданні “Маладая Беларусь” (Пецярбург, 1912), газету “Гоман”, у “Беларускім календары “Сваяк” на 1919 г.”, часопісах “Беларускі сцяг”, “Крывічанін”, “Крывіч”. Пад назвай “З нашай мінуўшчыны” сабрана цэлая нізка кароткіх апавяданняў і малых матэрыялаў, змешчаных у адной з першых дзіцячых чытанак-хрэстаматый, выпуск якіх наладзіў Вацлаў Ластоўскі ў 1915 – 1916 гг.
Празаічныя творы прадстаўлены ў выглядзе апавяданняў, легендаў, казак, прыпавесцей, аповесцяў “Прыгоды Панаса і Тараса”, “Лабірынты”.
Мастацтва слова Вацлаў Ластоўскі разумеў як сродак дзейснай эстэтычнай рэпрэзентацыі пэўнага народа. Ён даводзіў, што літаратура павінна выяўляць інтарэсы ўсяго грамадзянства, а не асобнага яго пласта. Паводле яго, любы пісьменнік свядома ці падсвядома ў сваіх творах узнаўляе тую рэчаіснасць, якая яго ўзгадавала [3, с. 12-13]. Такім чынам, В. Ластоўскі выступае ў сваіх мастацкіх гістарычных творах як пасіўны носьбіт рэчаіснасці і мінулага, ствараючы той ці іншы вобраз.
Пісьменнік адлюстроўвае з’явы і падзеі, што ўжо адбыліся, як тыя, што на самай справе могуць альбо павінны здзейсніцца толькі ў будучым, што, па сутнасці, з’яўляюцца мэтай, абавязкам, а не сапраўднасцю мінулага. У такіх аўтарскіх легендах як “Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Вітаўт і Ягайла” паказаны рэальны час [2, с. 108].
Як вядома, Вацлаў Ластоўскі не раз спрабаваў даць азначэнне гісторыі як навукі і як грамадскай з’явы. Падае ён і мастацкую інтэпрэтацыю тэрміна: “Гісторыя – гэта такая пані, каторая любіць праўду сказаць кожнаму ў вочы, не зважаючы ні на стан, ні становішча зацікавіўшай яе асобы” [4, с. 110]. Тым самым пісьменнік падкрэслівае справядлівасць і непадкупнасць гісторыі, якая хавае ў сабе мноства таямніц, да раскрыцця якіх не кожны стан грамадства гатовы.
Разам з тым пісьменнік стварае і запатрабаваныя грамадскай думкай “нацыянальна-гістарычныя” мастацкія палотны, якія раскрываюць знакавыя для нацыянальнай ідэі матывы і вобразы: легенды “Векавечная мяжа”, “Сож і Дняпро”.
Вацлаў Ластоўскі звяртаецца да адметнай фальклорнай стылізацыі, увасабляючы ў легендарнай форме шэраг знакавых для беларускай гісторыі персанажаў. Так, асобную групу апавяданняў легендарнага тыпу, паводле азначэння Вольгі Барысенкі, складаюць “Беларускі радавод”, “Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Бітва каля Магільны”, “Вітаўт і Ягайла”, што аб’яднаныя ў своеасаблівы храналагічны ланцужок. З гэтага пераліку выбіваюцца “Беларускі радавод” (аўтар гістарыязуе міфалагічны беларускі імянаслоў) і “Бітва каля Магільны” (інтэпрэтуецца гістарычны факт). Аднак астатнія чатыры творы расказваюць пра гістарычных персанажаў: аўтар імкнецца распавесці свайму сучасніку пра пакуль што малавядомага героя, асэнсаваць значэнне гэтай гістарычнай асобы, вызначыць яе месца ў мінулым.
Легенда “Вітаўт і Ягайла” адрозніваецца гістарычнай дакладнасцю, узгаданы нават год няўдалай спробы каранацыі і смерці Вітаўта – 1430 г., пры чым акцэнт зроблены менавіта на Вітаўце як князі, які адстаяў незалежнасць Беларусі і Літвы ад Польшчы, які з’яўляецца вызначальнай асобай у гісторыі Беларусі, тым самым пераўтвараючыся ў сімвал эпохі.
У адрозненне ад герояў твораў “Векавечная мяжа”, “Сож і Дняпро”, факты асабістага жыцця Рагнеды, Ізяслава, Усяслава, Вітаўта і Ягайлы набываюць “гістарычнае значэнне”. Хоць выбраная Вацлавам Ластоўскім форма легенды не дазваляе маштабна разгарнуць твор і надаць героям больш індывідуальна-канкрэтныя рысы. Пры гэтым гістарычны кантэкст твораў маркіруецца адзінкава названымі канкрэтнымі датамі, якія і становяцца дакументальнай асновай для праяўлення тэмпаральнасці: “Тысячу з лішнім гадоў таму жыў у Полацку, на той час сталічным месце усёй Беларусі, князь Рагвалод” [4, с. 149].
Пасля некаторых легендаў Вацлаў Ластоўскі прыводзіць прыклад вершаў, прысвечаных асобе ці падзеі, пра якую распавядала легенда: “Песня Гарыславы”, “Песня а князю Усяславу”, “Беларусь пасля вайны”, “Песня а князю Вітаўце”. Вершы прызначаны ўздзейнічаць на пачуцці чытачоў, стварыўшы больш поўны мастацкі вобраз гістарычнага дзеяча ці падзеі.
Акрамя фальклорнай інтэрпрытацыі аўтар звяртаецца да мастацкай распрацоўкі некаторых гістарычных фактаў (легенда “Разбойнік”, апавяданне “Троцкі замак”). Вацлаў Ластоўскі інтэрпрэтуе фальклорную думку: у твор уключаны аповед пра асілка-Разбойніка, які з кожнай ладдзі патрабаваў выкуп. У адной з такіх ладдзей плыла князёўна Ефрасіння, якая накіроўвалася ў падарожжа ў Святую зямлю. Сілай святога слова Разбойнік быў ператвораны ў камень і такім чынам атрымаў заслужанае пакаранне за дрэнныя ўчынкі.
Адлюстроўваецца пазачасавасць мінулага і ў апавяданні “Троцкі замак”. У твор уводзіцца легендарны матыў: утоплены ў возеры князь пасля сваёй смерці сабраў дружыну ў падводных скляпеннях, павесіў звон і штогод на Вербніцу, у гадавіну сваёй смерці, ударае ў звон. У аснову легенды пакладзены канкрэтны гістарычны факт: Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты шляхтай у Троцкім замку ў Вербную нядзелю 1440 года. Пра жыццё сялянскага князя выкказваюцца два летапісцы: адзін параўноўвае князя з Ірадам, бо ён хацеў вынішчыць род шляхецкі, а падняць род халопскі, а другі баыць князя патрыётам: “Бо ён ляхоў, як сабак, не любіў, Літву ж і Русь нашу любіцельна мілаваў…” [4, с. 124]. У гэтым творы Вацлава Ластоўскага рэаліі таго часу раскрываюцца шляхам супастаўлення летапісных крыніц. Пісьменнік праз персаніфікаваны вобраз Жыгімонта І асэнсоўвае яго эпоху. На сімвалічным узроўні мінулае ўвасабляецца вобразам незвычыанага, таямнічага Троцкага замка. Гэта інтрыга задаецца аўтарам на ідэйна-мастацкім узроўні [1, с. 151 – 152] “Востраў дрэмле, панураны ў сваю мінуўшчыну, ды пасміхаецца ў неба пакрышанымі стрчатымі зубамі старых развалін. Нешта таёмнае прытаілася, прымоўкла, можа, ізноў страпянецца, захвалюецца, загучыць, затопае, загалёкае, ажыве… Па крушнях, з пасмешкі пакрышаных зубоў, стырчачых у неба, відаць, што касцістая рука смерці не замарозіла, а толькі прмарыла тут мінуўшчыну” [4, с. 122].
Гістарычны характар мае і апавяданне “Часы былі трывожныя”, дзе Вацлаў Ластоўскі паказвае ўмовы і ход прыняцця хрысціянства на беларускіх землях, настроі ў грамадстве і ў княжым доме напярэдадні змены рэлігіі. Аўтар выразна негатыўна ацэньвае дадзеную падзею, якая пагубна паўплывала на далейшае гістарычнае развіццё беларускіх земляў. Прароцтвы, якія падаюцца ў апавяданні, акрэсліваюць асноўныя тэндэнцыі і перспектывы ходу падзей. Пісьменнік на першы план высоўвае князя, які ў дадзены выпадку прадстае як бесхарактарная, бязвольная асоба, якая лёгка паддаецца ўплыву з боку мацнейшай. Трываласць старых рэлігійных поглядаў і нежаданне пераходу да новых праяўляецца ў сыходзе асноўнай масы насельніцтва ў “дзікія пушчы, творачы брацтвы “лютых”, якія кляліся да апошняй кроплі ў жылах бараніць свае веры” [4, с.134].
Лёсавызначальным персанажам у вобразна-міфалагічнай сістэме Вацлава Ластоўскага выступае волат, які прадстаўлены нашым славутым продкам. Увогуле, волат з’яўляецца асноўным героем “міфічнага часу”. Вацлаў Ластоўскі раскрывае вобраз волата як слыннага продка, што стаў вядомы сваім подзвігам у імя Радзімы. Пісьменнікам увасабляецца ідэя ўшанавання памяці героя ў апавяданні “Старасельскі магільнік”: “Гэта была іх кроў, пралітая тут у вялікіх войнах, калі яны біліся з чужакамі, бароеячы гэтай зямелькі для нас” [4, с. 120].
Патрыятычная ідэя закладзена беларускім аўтарам і ў апавяданні “Прывід”, дзе паказваецца боскае паходжанне волата: “Вашы прадзеды волю любілі, уміралі, пазбаўленыя волі, з іменем народа роду на свайго і зямлі сваёй на вуснах… Нешта з бяссмертных багоў было ў паставе і вачах прадзедаў вашых…” [4, с. 94]. Вобраз нашчадка, які нават не можа назваць сябе, выяўляе кантрастнасць велічнага мінулага з вартай жалю сучаснасцю. Продка, на думку пісьменніка, трэба не толькі ўшаноўваць і памятаць, але і бачыць у ім грамадскі ідэал. Апошні ўвасоблены ў героіка-гістарычным вобразе волата, які раскрывае эпічнасць аўтарскага стылю і, згодна з рамантычнай паэтыкай, узвялічваецца да ўзроўню сімвала.
Паказальны ў мастацкім плане вобраз “залатой эпохі” Вацлава Ластоўскага, які раскрывае гістарызм пісьменніка, што заснаваны на падкрэслена міфалагічным бачанні мінулага. У аповесці “Лабірынты” (Коўна, 1923) упершыню ў беларускай літаратуры мінулы час прадстаўлены на якасна новым узроўні пантэона язычніцкіх бостваў [2, с. 108].
Аб’ектам аўтарскай міфатворчасці робіцца не толькі мінулае, але і будучыня. У падземных лабараторыях праводзяцца таямнічыя эксперыменты, у выніку якіх робяцца надзвычайныя адкрыцці. Вынайдзены элексір даўгалецця; гэта значцыь, спраўдзілася мара, якую ў эпоху Сярэднявечча выношвалі алхімікі. У сутарэннях вырабляюць сінтэтычныя стравы і напоі (нават “Старку”). Як і навуковая фантастыка таго часу, “Лабірынты” змяшчаюць у сабе прагнастычна-крэатыўныя рэаліі (паказ праектаў, якім наканавана ажыццявіцца ў будучыні).
Перастварыўшы архетып Лабірынта ў вобраз ідэальнага сховішча, Ластоўскі памясціў у ім не толькі нацыянальныя святыні, але і ўласныя запаветныя творчыя праекты, ідэі, здагадкі, галоўнай сярод якіх выступае яго крыўская тэорыя.
Разуменне Ластоўскім Беларусі як Крыўі сведчыць не пра рэгіяналізм, а пра ўнітарызм тэорыі. Паняцце “Крыўя” Вацлаў Ластоўскі пашыраў на ўсю Беларусь, хаця гістарычным і этнічным яе цэнтрам бачыў Поўнач, землі, якія ў эпоху Полацкага княства і раней былі заселеныя крывічамі. Падставы для вылучэння феномену Крыўі Власт шукаў у глыбінях гісторыі, этнасу, міфалогіі, менталітэту, мовы, культуры беларускага народа. Духоўны падмурак для сакралізацыі крыўскай тэорыі ён знаходзіў у дзейнасці Рагвалода, Рагнеды, Ізяслава, Усяслава Чарадзея, Еўфрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Сімяона Полацкага.
Ластоўскі дбаў пра праўдападобнасць сваіх містыфікацый і знаходзіў апірышча для іх не толькі ў кніжных ведах, але і ва ўласным жыццёвым вопыце. Звяртаючы ўвагу на прыналежнасць Ластоўскага да масонства, ёсць падстава сцвярджаць, што апісаная ў “Лабірынтах” ініцыяцыя падобная ў некаторых дэталях да абраду прысвячэння ў ложу.
Беларуская гісторыі і культура бачыліся Ластоўскаму шэрагам шматлікіх сыходжанняў у Лабірынт, спробаў закансерваваць нацыянальныя скарбы і рэліквіі ў віртуальных сховах часу. Віртуальнымі можна лічыць адносіны прыхаванасці, пакрыёмасці, залішняй “сціпласці”, што назіралася на ўсіх адрэзках нацыянальнага жыцця беларусаў. Нашыя шматлікія нацыянальныя адраджэнні , усплёскі пасіянарнай актыўнасці беларусаў, што паўтараліся цягам стагоддзяў з настойлівай перыядычнасцю, можна разглядаць як спробы пераадолення лабірынтавай экзістэнцыі [5, c. 4 –5].
У пачатку ХХ ст. у мастацкай літаратуры адбылася рэміфалагізацыя – шмат якія пісьменнікі звярнуліся да міфаў, асабліва міфаў нацыянальных. Ластоўскі, як ніхто з беларускіх класікаў, падрабязна глыбока выкладае свае ўласныя меркаванні пра язычніцкі пантэон.
Першае, што адзначае Вацлаў Ластоўскі у айчыннай міфалогіі, гэта траістасць, як аснова ўсяго існага. Свет падзяляецца па вертыкалі на тры часткі: “Уверсе – выабражаны сілы нябесныя, усярэдзіне жыхары з зямлі з іх турботамі, унізе – іншасвет з яго валадарамі і жыхарамі. Кожны з гэтых светаў, паводле старой навукі, распадаўся у свій чарод на тры істотныя характары”. Інакш кажучы, кожны са светаў мае, у сваю чаргу, траістую структуру і, акрамя таго, за кожны узровень адказвае пэўны бог. У якасці доказу сваёй схемы пісьменнік спасылаецца на траістасць багоў вавілонскіх (Ану, Эа і Бела) і інлуісцкіх (Брама, Шыву і Вішну). Метад Ластоўскага абсалютна правільны і навуковы: выбудаванне той ці іншай нацыянальнай міфалагічнай сістэмы немагчыма без тыпалагічнага параўнання з іншымі міфалагічнымі сістэмамі.
Заўважаецца імкненне пісьменніка зрабіць міфалагічную сістэму беларусаў як мага больш лагічнай, яснай, структарызаванай. Распрацаваная Ластоўскім сістэма не страціла свайго значэння да нашага часу – ад яе адштурхоўваюцца ці яе ўключаюць як складальнік у свае сістэмы сучасныя даследчыкі [6, с. 103 - 110].
Заключэнне. Вацлаў Ластоўскі ажыўляе, актуалізуе і стварае аб’ёмнасць гісторыі Беларусі з дапамогай мастацкага асэнсавання і перадачы галоўных яе дзеячоў і падзей, якія сталіся знакавымі і сімвалічнымі для беларусаў. Вацлаў Ластоўскі міфалагізуе гісторыю Беларусі, упісваючы яе ў сістэму. Вацлаў Ластоўскі стаў аўтарам так званай “валатоўнай тэорыі”, якая сцвярджае паходжанне беларусаў ад волатаў фізічнай і духоўнай сілы.
А.М.Весялуха