Як зазначаюць многія даследчыкі, беларуская літаратура з далёкай старажытнасці развівалася ў кантэксце біблейска-хрысціянскай традыцыі. Многія з літаратурных жанраў арганічна ўспрынялі яе асноўныя тэндэнцыі. Пры гэтым кожны з літаратурных жанраў выявіў свае спосабы выяўлення біблейскіх матываў і вобразаў. Жанр паэмы, узнікшы ў глыбокай старажытнасці, адзін з першых падаў прыклад творчага засваення і асноўных біблейскіх ісцін, і шматзначнага напаўнення вядучых біблейскіх вобразаў .
За ўвесь час развіцця ў паэтычным эпасе выпрацаваны свае адметныя спосабы падачы біблейскага матэрыялу, якія непасрэдна суадносяцца з яго жанравай спецыфікай.
Эпоха Адраджэння, час калі жанр паэмы ўпершыню высокамастацка заявіў пра сябе, не адмаўляла звароту да хрысціянскіх ідэй. Як даказваюць творы таго часу, гэтыя ідэі арганічна спалучаліся з новымі рэнесанснымі адзнакамі. Праявы гэтай з’явы знаходзім найперш у паэме М.Гусоўскага “Песня пра зубра”.У творы ад сярэднявечча ідзе хрысціянскі водсвет падзей: хрысціянізацыя зубрынага статку, вылучэнне рыцарскага ідэалу, паказ расколу хрысціянскага свету. Пераклікаецца з вядомай праваслаўнай малітвай сцвярджэнне паэта:
Верачы толькі ў Ісуса Хрыста і айца яго – Бога,
Я палічыў бы за грэх назнарок перамешваць
Ісціну з выдумкай байкі. (3, с.15)
Даследчыцай Кляноўскай Т. зазначаецца, што згадка пра багацце духоўнае, якое ставіў князь Вітаўт вышэй перад багаццем і шчасцем зямным, нагадвае змест Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. “Праз жыццёвыя прынцыпы і дзейнасць Вітаўта аўтар выяўляе і сваю іерархію духоўных каштоўнасцей” (5, с.21).
Даючы аналіз рэчаіснасці свайго часу, М.Гусоўскі ацэньвае з’явы жыцця менавіта с пункту гледжання біблейскіх ісцін, зазначаючы, што ўсё часцей грамадства адыходзіць ад ідэі хрысціянскай любві:
Нашы ж мячы падсякаюць вучэнне Хрыстова.
“Пастырам будзь па-над паствай!” – гаворыць пісанне.(3,с.77)
Балюча перажывае паэт гэтую страту, аднак менавіта вера ў Божую літасць і справядлівасць дае права спадзявацца на іншы, лепшы для народа час:
Кінуўшы здрадліва ворагам лютым на здзекі
Веру дзядоў і бацькоў, нам адно застаецца –
Літасці боскай чакаць і прасіць даравання.(3,с.76)
Малітва да Божай Маці ў фінале паэмы пацвярджае глыбокую веру паэта ў міласэрнасць і заступніцтва. Так паэма “Песня пра зубра”выявіла не толькі хрысціянскае светаўспрыманне творцы, але і падала прыклад мастацкага засваення выяўленчых сродкаў біблейскай паэтыкі шляхам прамога ці схаванага цытавання.
На жаль, гісторыя паэмнага жанру ў беларускай літаратуры мае свае спады, свае ўзлёты. Творчы вопыт пісьменнікаў Адраджэння, у тым ліку і ў выяўленні біблейскага матыву аказаўся на пэўны час не запатрабаваны, хаця ў самой літаратуры працэс інтэрпрэтацыі біблейскіх матываў, звароту да біблейскай сюжэтаў і вобразаў актыўна працягваўся.
Тым не менш, новая беларуская літаратура ХІХ стагоддзя пачыналася з ананімнага вершаванага апавядання ў травесцыйнай форме “Уваскрэшанне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад”, якое неаднаразова навукоўцамі мінулых часоў адносілася да атэістычнай літаратуры. Але пазнейшыя даследаванні даказваюць, падобныя творы былі вядомы і ў іншых літаратурах і складалі дабрадушна-гумарыстычны план у стылі фальклорнага зніжэння ўзвышанага да зямнога і бытавога. Невядомы аўтар, які адчуваецца добра быў дасведчаны ў свяшчэннай гісторыі, дасціпна апавядае пра прыгоды Хрыста пасля яго ўваскрашэння. Аўтар удала парадыруе не толькі біблейскі сюжэт, але і змест вядомых апокрыфаў пра сыходжанне Хрыста ў пекла і выратаванне ім грэшнікаў. Адпаведна згаданы ў паэме і многія іншыя біблейскія персанажы – Ева, Адам, Ной, Самсон і інш. Вобразы біблейскіх герояў падаюцца ў гумарыстычным плане. Часцей іх паводзіны нагадваюць клопаты звычайных зямных людзей, хаця і ўпісаны у біблейскі кантэкст:
Тут прамудры Саламон
Зазваніў у райскі звон.
Сталі райскія вароты
Насцеж у дзень новай суботы.
Праведныя душы выйшлі.
Ілія на конях ў дышле
Алісею даў жупан,
Раступіўся Іярдан. (7,с.117)
Паэма “Уваскрэшанне Хрыстова” у беларускай літаратуры дала прыклад новага асэнсавання біблейскага матэрыялу, узяўшы за аснову сатырычна-парадыйны прынцып. Дадзены спосаб выяўленя працягнуў сваё існаванне і ў творах паэмнага жанру пазнейшых гадоў. Прыкладам з’яўляецца сатырычная паэма К.Крапівы “Біблія” (1926).
Новы характар выяўлення біблейскіх матываў падае літаратура наступнага перыяду, пачатку ХХ стагоддзя. І жанр паэмы аказаўся зноў запатрабаваны для рэалізацыі гэтай мастацкай задачы. Як зазначаюць даследчыкі, часцей за ўсё ў творах беларускіх аўтараў гэтага часу назіраецца зварот да біблейскіх архетыпаў, праз якія выказваецца адвечны пошук беларускім народам гармоніі жыцця і яго пакутлівы шлях да яе. У гэтым рэчышчы варта звярнуць увагу на паэмы Янкі Купалы, дзе мы сустракаем адметную інтэрпрэтацыю вобраза Прарока. Шматграннасць гэтага вобразу вызначыў У.Конан: “У сімвалічнай паэме “На куццю”(1911) вобраз Прарока выступае ў трох іпастасях: народны асветнік (“А першы гэткі светлы быў/ як небам сланыя праменні…”), рыцара-воіна ( “ У руцэ меў стрэл жалезных пук/ І лук стальны меў за плячамі…”) і паэта-песняра ( “А трэці быў як раб і цар/ І слаб і дуж ва ўсякім дзеле/ Як вечнасць, молад быў і стар/ Меў гуслі – на грудзях віселі…”)(4,с.237).
Атрымаў належнае распаўсюджанне ў паэтычным эпасе як сусветнай, так і беларускай літаратуры біблейскі архетып зямнога Рая, які не прамінулі своеасабліва адлюстраваць беларускія пісьменнікі. У.Конан вылучыў у паэмах Янкі Купалы такую своеасаблівую мадэль боскага Рая: “ У аснове эпічнай паэмы Янкі Купалы “Яна і я” (1913)...праглядаецца універсальны і біблейскі архетып сельскага Рая, выяўлены ідэальнай, ачышчаны ад грубай матэрыі карцінай традыцыйнага сялянскага быцця і абазначанай паэтам у дванаццатай песні “ Яблыні цвітуць”:
Раем на зямлі выглядваў нам сад,
Яў ім – Адам, яна ў ім – Ева;
У раі гэтым вецер быў нам Бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва...
Рай прыроды – райскае прымірэнне у душах закаханых. У паэме зняты не толькі сацыяльныя, але і чыста чалавечыя, псіхалагічныя супярэчнасці.”(4,с.244)
Своеасаблівы зямны рай выяўляецца і ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”, у якой па сведчаннях таго ж У.Конана: “Паэт не затушоўвае сацыяльных супярэчнасцей беларускай вёскі, антаганізм і канфліктыпаміж мужыком і панам, хутчэй акцэнтуе іх, а з імі і трагічныя калізіі жыцця – пакута і смерць...Перад смерцю ён (Міхал) дае сваім родным ідэал Новай Зямлі...Згодна Адкрыццю апостала Іаана, Новая Зямля – абноўлены Богам зямны Рай, маці праведнікаў пасля гібелі грэшнага свету.” (4,с.245)
Савецкаі час, безумоўна, быў не самым спрыяльным перыядам для звароту да біблейскай тэмы. Аднак свай водгук біблейскія матывы ўсё ж пакінулі ў творах беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку ў стваральнікаў жанру паэмы
Якімі б не былі спробы выяўлення біблейскага матыву крытыка таго часу імкнулася бачыць у творах беларускіх класікаў толькі багаборчыя матывы. Але пакаленне паэтаў-маладнякоўцаў 1920-1930 гадоў стварала не толькі атэістычныя творы (сатырычная паэма Кандрата Крапівы “Біблія”), але часам выяўляла вельмі нечаканыя інтэрпрэтацыі вядомых біблейскіх вобразаў. Гэта з’ява дакладна праявілася ў паэме М.Чарота “Босыя на вогнішчы”. І.Багдановіч у сваім артыкуле “Аб хрысціянскіх матывах у беларускай літаратуры “ сцвярджае: “...М.Чарот...стылістычна спрабуючы наследваць Блоку ў стварэнні карціны рэвалюцыйнай перабудовы свету, нечаканым ракурсам паэтычнага зроку бачыць Крыж – вобраз чырвонага крыжа, які ляціць, быццам самалёт, па небе з усходу. На Крыжы “босыя”, збіральны вобраз псеўданарода –героя паэмы , чытаюць магічнае слова “воля”. Ангажаваны рэвалюцыяй Чарот хацеў усёй сілай свайго таленту сцвердзіць думку аб волі і свабодзе, прынесеных з усходу, але атрымалася ўкрыжаваная воля ...”(1,с.222).
У беларускай літаратуры другой пал. ХХ ст. адраджаюцца традыцыйныя для яе класічнага этапа біблейскія, хрысціянскія матывы. У.Конан вылучае ў гэтым рэчышчы тры плыні. Першая ўзнікла ў выніку пераарыентацыі на хрысціянскія каштоўнасці савецкіх пісьменнікаў, якія ўбачылі сутнасныя каштоўнасці менавіта ў хрысціянскім вучэнні. У іх творах часты матыў пакаяння. Другая плынь праявілася ў творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення. У іх творах загучалі біблейскія легенды, прытчы, з’явіліся адмысловыя асацыяцыі. У творчасці маладзейшых аўтараў больш назіраецца арыентацыя на рамантычную разнавіднасць неакласікі і мадэрнізма, на вяртанне да хрысціянскіх гуманістычных каштоўнасцей.
Біблейскія вобразы працягнулі сваё выяўленне ў творах паэмнага жанру менавіта ў творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення.
Як і раней, пададзены аўтарамі вобраз крыжа як сімвал пакут. Праз гэты вобраз раскрываецца вядучая ідэя паэмы Васіля Зуёнка “Маўчанне травы” – роднай “хаты на крыжах”, беларускага дому, роднага краю, што здавён укрыжаваны.
Своеасаблівы прыклад асэнсавання біблейскай гісторыі пададзены ў творах Васіля Віткі (паэма “Каін”), Валянціна Лукшы (паэма “Шлях на Галгофу”).
Як зазначае сам аўтар паэмы “Каін”, задума гэтага твора завязвалася яшчэ ў пач. 80-х гадоў. В.Вітка спрабаваў знайсці адказ на пытанне: як чалавеку перамагчы спрадвечную трагедыю быцця і ў бясконцых пошуках хоць бы падступіцца да існасці яго таямніцы. Падзеі сучаснасці ўбачыліся паэту праз прызму біблейскага сюжэту. Так ён змог у адным фокусе звесці абедзве рэчаіснасці – самую далёкую, міфалагічную, з сучаснай. Як аказалася, у такіх розных эпохах знаходзіцца шмат агульнага. Гісторыя забойства Каінам брата трансфармавалася ў сучаснай гісторыі ў знішчэнне ўласнага народа:
Ад Масквы да самых да ўскраін
Пачынае намі правіць Каін,
Той. Што жонку родную забіў
І што дня ўжо ашалелым жыў... (2,с.8)
Аўтар умела апелюе да біблейскага матэрыялу, які дапамагае выявіць трагізм гісторыі савецкага часу і трагізм лёсу беларускага народа. За біблейскімі імёнамі і вобразамі лёгка пазнаюцца рэальныя гістарычныя персанажы ХХ стагоддзя.
Паэма В.Лукшы “Шлях на Галгофу” мае аўтарскае абазначэнне – паэма паломніцтва. Яна сапраўды нагадвае падарожжа, якое здзяйсняе лірычны герой твора па святых для любога хрысціяніна мясцінах: Ерусалім, Гефсіманскі сад, тыя месцы, дзе некалі праходзіў свой пакутлівы шлях Іісус Хрыстос. Аўтар у паэтычнай форме, з выяўленнем свайго уласнага бачання перадае старажытную біблейскую гісторыю, асабліва такія яе кульмінацыйныя моманты як апісанне тайнай вячэры, здрада Іуды, суд Понція Пілата, шлях Хрыста на Галгофу, яго смерць, уваскрэсенне і ўзнясенне. Але гэта не проста паэтычны пераказ вядомых падзей. У іх апісанні бачыцца шматзначны сэнс, які выяўляецца праз ацэнкі, разважанні лірычнага героя. Аўтар умее заўважыць сувязь паміж тым далёкім часам і праблемамі, якія набыло чалавецтва за свой доўгі пакутлівы шлях. Са скрухай аўтар зазначае, што мы не сталі лепшымі за гэты, знешне такі прагрэсіўны час, не засвоілі спрадвечных боскіх ісцін, наадварот, знішчаем іх бяздумна і безразважна, і таму так і не змаглі наблізіцца да боскага раю:
Грахі, грахі... Яны нібы калецтва.
І праз вякі ваганняў і пакут
Аслеплае ад злосці чалавецтва
Чакае самы-самы страшны суд.
За згубу суд і суд за фарысейства,
За створаных куміраў-пахіроў
І за даносаў чорнае зладзейства,
За блуд, за непавагу да бацькоў. ..
...Не выратуюць ні зямля, ні неба.
Ад лёсу не схаваешся нідзе,
Бо за грахі плаціць заўсёды трэба...
Устаньце, людзі, -
Страшны суд ідзе!.. (6,с.184)
Творы В.Віткі і В.Лукшы з’яўляюцца прыкладам публіцыстычна-філасофскага асэнсавання шляху і месца чалавека на Зямлі. Падобныя мастацкія творы, іх эстэтычны ўзровень сведчаць пра шматграннасць біблейскіх, хрысціянскіх архетыпаў, што не страцілі сваёй запатрабаванасці ў новых культурна-гістарычных умовах.
Творы беларускіх аўтараў паэмнага жанру засведчылі рознабаковыя падыходы да асэнсавання біблейскіх матываў і вобразаў. На спецыфіку праяўлення іх у названым жанры, як і ў літаратуры ўцэлым, значны адбітак паклалі гістарычныя і сацыяльныя ўмовы жыцця народа. Тым не менш, можна зазначыць, што для жанру паэмы найбольш прыдатнымі сталі сатырычна-парадыйны прынцып асэнсавання біблейскага матэрыялу, зварот пісьменнікаў да біблейскіх вобразаў-архетыпаў і іх інтэрпрэтацыя адносна сваёй мастацкай задачы, зварот да біблейскіх сюжэтаў з мэтай даць ацэнку сучаснаму быццю чалавека, асэнсаваць праблему шляху і месца чалавека на зямлі.
С.М.Тарасава (г.Гродна, ГрДзУ імя Янкі Купалы )
Спіс выкарыстанай літаратуры:
1. Богданович И.О христианских мотивах в белоруской литературе // Нёман. -1998. -№1- с.221-242.
2. Вітка В.Каін // ЛІМ,- 1993.-12 лютага, с.8
3. Гусоўскі М. Паэма песня пра зубра Паэма. — Мн., 1973.
4. Конон В.Бытие и слово: Библейские мотивы в белорусской литературе // Нёман, 1999.-№4.-С.228-246.
5. Кляноўская Т. Паэма М.Гусоўскага “Песня пра зубра” як з’ява хрысціянскай культуры // Роднае слова.- 2004.- №4.- с.20-21.
6. Лукша В.Шлях на Галгофу // Маладосць. -1993. -№8.- с.174-185.
7. Уваскрасенне Хрыстова // Заняпад і адраджэнне: Бел.літ.ХІХ ст.- Мінск,2001.- с.115-119.