Артыкул прысвечаны аналізу дасягненняў беларускай археалагічнай навукі па пытаннях утварэння раннесярэднявечных гарадоў. Паддаецца крытыцы папярэдні марксісцка-эвалюцыйны падыход працэсаў урбанізацыі. На падставе новых дасягненняў культурнай антрапалогіі, еўрапейскай гістарыяграфіі і археалогіі (асабліва вынікі дэндрахраналогіі абарончых сістэмаў гарадзішч Усходняй Нямеччыны, Велькапольскі, Малапольскі і Мазоўша) прапануецца новы погляд на праблему паўставання гарадоў. Маецца на ўвазе, што гарады з’яўляюцца вынікам мэтанакіраванай і планавай ініцыятывы палітычных ўладаў, а не ўплываў невядомых аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных фактараў. Вылучаюцца 4 этапы горадаўтварэння беларускіх гарадоў: 1) ІХ – трэцяя чвэрць Х стст.; 2) апошня чвэрць Х – першая чвэрць ХІ ст.; 3) сярэдзіна ХІ – ХІІІ стст.; 4) другая палова XIV – XVI стст.
Гарадская тэматыка, не гледзячы на багаты вопыт шматгадовага вывучэння, надалей застаецца прывабнай і актуальнай. У розных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паўсталі бібліятэкі урбаністычнай праблематыкі: генезісу, прасторавай структуры, функцыянавання, штодзённай культуры насельніцтва гарадоў. Аналіз разнастайных поглядаў і версій у гэтай галіне з’яўляецца задачай гістарыяграфічных даследаванняў.
Праблема раннесярэднявечных гарадоў на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропы адносіцца да найбольш актыўна дыскутаваных у медыявістцы апошніх 60 – 70 гадоў. Крыху ў баку апынуліся беларускія даследчыкі. Па-за знакамітымі дыскусіямі “Загарульскі contra Штыхаў” аб пачатках сучаснага Мінска ды “Калядзінскі contra Ляўко з Бубенькай” аб пачатках Віцебска мала прыгадваецца на Беларусі сапраўдных абмеркаванняў, альтэрнатыўных прапаноў і арыгінальных рашэнняў. Пры гэтым беларускія археолагі зрабілі вельмі шмат у вывучэнні вядомых з летапісаў і хронік населеных пунктаў.
Археалагічнае вывучэнне гарадоў Беларусі распачалося ў пачатку XX ст. На сёняшні дзень можна вылучыць 4 этапы гэтых даследаванняў[1]:
I этап – 20-я гады XX ст. да другой сусветнай вайны (1939/1940 гг.). У выніку палітычных і ваенных падзей 1914 – 1921 гг. беларускія землі былі падзелены паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Па-рознаму складваліся лёсы кожнай з гэтых частак Беларусі, у якіх з’явіліся адпаведныя інстытуцыі і актывізаваліся навуковыя даследаванні. Гарадская праблематыка знайшла сваё адлюстраванне як у Беларусі Усходняй (Савецкай), так і Заходняй Беларусі (Польскай). Перад усім ўвага археолагаў была скіравана на даследаванні значных гарадоў з багатымі гістарычнымі традыцыямі альбо мясцовасцяў, вядомых з гістарычных крыніц: Полацк, Заслаўль, Віцебск, Орша, Барысаў – на ўсходзе; Гродна, Ваўкавыск, Давыд-Гарадок, Вільня – на захадзе. Найбольш вядомымі даследчыкамі былі Аляксандр Ляўданскі, Сяргей Дубінскі, Аляксандр Каваленя – на ўсходзе; Юзаф Ядкоўскі, Здзіслаў Дурчэўскі, Раман Якімовіч, Гелена і Уладзімер Галубовічы на захадзе.
II этап – канец 40-х – канец 70-х гадоў XX ст. Гэта перыяд фармавання ў беларускай археалагічнай навуцы гарадской археалогіі. На пачатку дадзенага перыяду галоўная ўвага надавалася гарадам Заходняй Беларусі, у якіх даследаванні праводзілі маскоўскія і ленінградскія археолагі (М.М.Варонін – Гродна; Ф.Д.Гурэвіч – Навагрудак, П.А. Рапапорт – Ваўкавыск; T.Раўдзіна – Пінск; Л.В.Аляксееў – Браслаў, пазней Друцк, Mсціслаўль), а таксама не шматлікія беларускія (В.Тарасенка і Э.М.Загарульскі – Мінск; Г.Пех – Ваўкавыск, Слонім, Турэйск). Сапраўдныя змены ў археалагічных даследаваннях раннесярэднявечных гарадоў Беларусі адбываюцца ў 60-я гады ХХ ст. У гэты час у археалогію прыходзяць значная група беларускіх навукоўцаў – Г.В.Штыхаў, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, Т.М.Каробушкіна, М.А.Ткачоў. Былі праведзены даследаванні і раскопкі ва ўсіх вядомых з пісьмовых крыніц ХІІ – ХІІІ стст. населеных пунктах. Археалагічныя раскопкі і здабытыя матэрыялы дазволілі лакалізаваць пераважную большасць з іх, паставіць пытанні паходжання, гістарычнай тапаграфіі, іх сістэму ўмацаванняў, унутранай структуры, ахарактарызаваць гаспадарку, матэрыяльную і духоўную культуру. На другім этапе з’яўляюцца першыя манаграфічныя працы, прысвечаныя асобным гарадам: Гродна – М.Варонін, Мінск – В.Тарасенка і Э.Загарульскі, Ваўкавыск – Я.Звяруга, Полацк – Г.Штыхаў, а таксама гарадскім населеным пунктам асобных раннесярэднявечных княстваў з беларускіх земляў: Полацкай зямлі – Леанід Аляксееў і Георгі Штыхаў, Смаленскай зямлі – Леанід Аляксееў, Тураўскай зямлі – Пётр Лысенка, Верхняга Панямоння – Фрыда Гурэвіч.
III этап – 80-90-ыя гады XX ст. На дадзеным этапе працягваюцца актыўныя археалагічныя даследаванні раннесярэднявечных беларускіх гарадоў. Працягваюцца раскопкі ў Віцебску (В.Ляўко, Л.Калядзінскі, Т.Бубенька), Навагрудку (Ф.Гурэвіч), Полацку (С.Тарасаў), Бярэсці (П.Лысенка), Мінску (Г.Штыхаў), Гродна (М.Ткачоў, А.Трусаў, А.Краўцэвіч). Адначасова актывізавалася вывучэнне меншых гарадоў – Заслаўля (Ю.Заяц), Клецка (В.Пазднякоў), Браслава, Дрысвятаў (Г.Семянчук), Мазыра (А.Трусаў), Мсціслаўля (Л. Аляксееў, М.Ткачоў, А.Трусаў, А.Мяцельскі). Было распачата грунтоўнае даследаванне раннесярэднявечных гарадоў амаль невядомага рэгіёну Пасожжа: Прапойск, Крычаў, Чачэрск (М.Ткачоў, А.Мяцельскі); Гомель (А.Макушнікаў). Былі выяўлены раннесярэднявечныя культурныя напластаванні ў Магілёве (І.Марзалюк). У гэты час былі надрукаваны спецыяльныя манаграфіі і апрацаванні па гарадской тэматыцы Верхняга Панямоння (Я.Звяруга), Наваградку (Ф.Гурэвіч), Віцебску (В.Ляўко, Т.Бубенька); Воршы (В.Ляўко), Полацку (С.Тарасаў), Заслаўля (Ю.Заяц), Гродна (A.Kраўцэвіч, A.Трусаў, Н.Здановіч, В.Собаль), Miнска (Э.Загарульскі, В.Собаль, П.Русаў, Ю.Заяц); Магілёва (І.Марзалюк), Крычава (А.Мяцельскі), Гомеля (А.Макушнікаў). У 1993 г. у Беларусі была выдадзена грунтоўная энцыклапедыя “Археалогія і нумізматыка”, у якой у сціслай форме пададзена інфармацыя пра вынікі археалагічных даследаванняў ў раннесярэднявечных гарадах [4].
IV этап – апошнія 9 год. Гарадская археалогія пераважна займаецца выратавальнымі даследаваннямі ў гістарычных зонах старажытных беларускіх гарадоў (Мінск, Полацк, Гродна, Віцебск, Магілёў, Гомель і інш). Дадзеная сітуацыя звязана ў першую чаргу з актывізацыяй будаўнічых і земляных прац. Трэба адзначыць, што пры гэтым археолагі шырока выкарыстоўваюць досвед і крыніцазнаўчае падмацаванне сваіх папярэднікаў. Адзіным выключэннем неабходна лічыць мэтанакіраваныя даследаванні Дзяніса Дука ў Полацку па пошуку пацверджанняў самых ранніх культурных напластаванняў гэтага гораду. Пэўным падсумаваннем вынікаў амаль стогадовых археалагічных даследаванняў беларускіх гарадоў неабходна лічыць 3 і 4 тамы сінтэтычнай працы “Археалогія Беларусі”, выдадзеныя ў 2000 [2] і 2001 [3] гадах.
Вывучэнне сярэднявечных гарадоў Беларусі прынесла значную колькасць навуковай інфармацыі, на падставе якой былі пастаўлены і вырашаліся шматлікія праблемы ўрбаністыкі. У першую чаргу, гэта пытанні археалагічнага пацверджання пачаткаў гарадскіх паселішчаў, вядомых з летапісаў, і пошук шляхоў іх узнікнення. Вызначалася тапаграфічная структура і характарызаваліся асобныя тапаграфічныя часткі гарадскога пункта, асобныя элементы абарончай сістэмы, культавай і свецкай архітэктуры, жылыя і гаспадарчыя будынкі; рэканструіруецца сацыяльны склад і галоўныя заняткі насельніцтва, узровень яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, рэлігійныя вераванні, рэгіянальныя і міжнародныя кантакты.
Вынікі шматгадовых даследаванняў беларускіх археолагаў, разам з украінскімі і расійскімі, сталіся значнай часткай у сістэме назапашвання канкрэтных матэрыялаў па гісторыі ранніх гарадоў Усходняй Еўропы. Гэта дазволіла таленавітаму пецярбургскаму археолагу Васілю Булкіну яшчэ 15 год таму прадставіць уступную ўніверсальную археалагічную характарыстыку вядомых старажытных гарадоў (якая раўназначна адносіцца і да старажытных беларускіх гарадоў) як месца працяглага пражывання з пэўнымі вонкавымі (рэшткі фартыфікацый) і ўнутранымі (культурныя напластаванні) адзнакамі [6, с.109-112]:
1. Дзённая паверхня адзінага археалагічнага комплекса адзначаецца спалучэннем умацаваных і адкрытых частак; драўляна-земляныя ўмацаванні, як правіла, ахоплівалі пляцоўку ў 2,5 і больш гектараў, але звычайна меншую, чым неўмацаваная тэрыторыі;
2. Магутнасць культурных напластаванняў (асабліва на ўмацаванай пляцоўцы) складае некалькі метраў, стратыграфічна яны характарызуюцца шматслойнасцю;
3. Па сваёй структуры культурныя напластаванні ўяўляюць з сябе (па-за глебавымі адкладаннямі і рэчамі) сукупнасць рэшткаў жылых, гаспадарчых, вытворчых і культавых пабудоў, асобных збудаванняў і канструкцый (вуліцы, дрэнажныя сістэмы і сметнікі, пахаванні) пераважна драўляныя, зрэдку дрэва-земляныя і каменныя, які размеркаваны ўпарадкавана як планаграфічна, гэтак і стратыграфічна;
4. Культурныя напластаванні маюць даволі значнае напаўненне функцыянальна і тыпалагічна разнастайнымі прадметамі; пры гэтым большую частку ўяўляюць тыповы масавы матэрыял (кераміка, вырабы з чорных і каляровых металаў, косткі і дрэва і г.д.); абавязковай, але колькасна меньшай, часткай рэчавага комплексу з’яўляюцца знаходкі (серыйныя і адзінкавыя) узбраення, элементаў параднага жаночага і мужчынскага касцюмаў, прадметаў ужытковага мастацтва, сталовага шклянога альбо металічнага посуду, пячатак і пломбаў, грашовых знакаў, царкоўнага начыння, помнікаў эпіграфікі і (альбо) прыладаў пісьма, а таксама прадметаў блізкага і далёкага імпарту;
5. Комплекс рэчаў павінен валодаць наступнымі якасцямі: масавы матэрыял звязвае паміж сабою ў вертыкальнай паслядоўнасці культурныя напластаванні; часткова гэты матэрыял, а выключны (індывідуальныя знаходкі) – гарызантальна размяркоўваецца плямамі, канцэнтруючыся ў межах некаторых пабудоў ці іх групаў.
Аднак пры сапраўды вялікім даробку беларускіх археолагаў у вывучэнні сярэднявечных гарадоў застаецца пачуццё незавершанасці праекту: пытанняў застаецца больш чым адказаў, увогуле гэтая багатая мазаіка адасобленых кавалачкаў не складваецца ў прыгожы абраз. Галоўныя прычыны бачацца нам ў падпарадкаванні беларускіх навукоўцаў толькі адной марксісцка-пазітывістскай метадалогіі ў пытаннях сярэднявечнай гісторыі, выкарыстоўванні ў сваіх палявых і інтэрпрытацыйных даследаваннях мадэляў савецкай гістарыяграфіі і археалогіі, распрацаваных у Маскве, Ленінградзе і Кіеве. З другога боку, на падобную скептычную сітуацыю ўплывае адсутнасць самастойнага беларускага дыскурсу гарадской праблематыкі ранняга сярэднявечча. У падобным дыскурсе павінны быць улічаны фізіка-геаграфічны кантэкст, геапалітычныя працэсы, этнакультурная сітуацыя, вонкавыя ўплывы. Невялікі тэкст прысвечаны гарадам ў 1 томе 6-томнай «Гісторыі Беларусі», напісаны Вольгай Ляўко кампілятыўны і не выконвае ўсіх пажаданняў і патрабаванняў [16, с.249-256].
Праблема раннесярэднявечных гарадоў Усходняй (і нават Цэнтральнай) Еўропы ускладняецца адсутнасцю да сённяшняга часу канкрэтнай і агульнапрынятай дэфініцыі горада. З-за абмежаванасці месца накірую чытачоў да грунтоўных гістарыяграфічных аналізаў па праблемах старажытных гарадоў Усходняй Еўропы Алега Рапава [17], Аляксандра Кузы [14], Ігара Дубава [9], Ігара Фраянава і Андрэя Дварнічэнкі [21], Пятра Талочкі [20], Эдуарда Мюле [34]. Для параўнання карысным будзе тэкст Славаміра Мазьдзёха пра сітуацыю ў польскай гістарычнай і археалагічнай навуках адносна раннегарадской тэматыцы [33].
Вылучаюцца тры галоўныя дэфініцыі «старажытнага рускага гораду”, агульнапрынятыя і пануючыя да сённяшняга дня ў савецкай і постсавецкай (асабліва ў беларускай) археалогіі і гісторыі.
- город як адмысловая сацыяльна-эканамічная з’ява феадальнага грамадства, як цэнтр рамяства, гандлю, таварнай вытворчасці і таварнага абарачэння, які адрозніваецца ад іншых відаў паселішчаў і ўмацаванняў;
- город як сталы населены пункт, у якім з вялізнай сельскай акругі-воласці канцэнтравалася, пераапрацоўвалася і пераразмяркоўвалася большая частка створанага там прадукта;
- город як тыповае спалучэнне наступных элементаў: крэпасці, двароў феадалаў, рамеснага пасаду, гандлю, адміністрацыйнага кіравання, цэркваў.
У свой час таксама дырэктыўна былі сфармуляваны (дазволены) тры галоўныя канцэпцыі фармавання гарадоў (на пленумах Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР у 1941 і 1950 гг.) [7,С.11-12]: 1) на падставе племянных цэнтраў; 2) “замкавая тэорыя”, што большасць рускіх гарадоў вырасла на падставе раннефеадальных крэпасцей-замкаў; 3) кампрамісная, якая прадугледжвае шматлікасць шляхоў горадаўтварэння і адпаведна вялікую колькасць тыпаў старажытных рускіх гарадоў. Да сённяшняга дня ў археалагічнай і часткова гістарычнай літаратуры існуе некалькі пунктаў гледжання на шляхі ўзнікнення старажытных гарадоў Усходняй Еўропы: адныя даследчыкі мяркуюць, што гарады на Русі ўзніклі ў выніку асядання рамеснікаў каля ўмацаваных “замкаў” феадальнай вярхушкі; другія сцвярджаюць, што гарады выраслі з рамесна-гандлёвых паселішчаў дафеадальнай эпохі; трэція лічылі, што гарады ўзнікалі як адміністрацыйныя цэнтры асобных земляў Русі; чацвертыя выказвалі меркаванні аб узнікненні гарадоў у выніку славянскай каланізацыі і на базе славянскіх племянных цэнтраў; пятыя схільны думаць, што гарады будаваліся пераважна княжацкай адміністрацыяй як адміністрацыйныя, вайсковыя і памежныя пункты.
Менавіта ў межах дадзенай парадыгмы “старажытнага гораду”, зразумела, з магчымай інварыянтнасцю, фармаваўся і надалей развіваецца ўласна беларускі погляд на праблемы сярэднявечнай урбанізацыі. Гэты погляд абапіраецца на некалькіх агульных канцэптуальных пазіцыях. Пералічым, на нашу думку, найбольш відавочныя: 1) гарады з’явіліся ў выніку славянскай каланізацыі, а першаасновай гарадоў звычайна станавіліся славянскія ўмацаваныя паселішчы, якія былі цэнтрамі (пляменнымі, абшчыннымі) сельскага асяроддзя; 2) прызнанне эвалюцыйнага ланцугу: племянны цэнтр – протагорад/прагорад/эмбрыён горада – горад; 3) вылучэнне сацыяльна-эканамічных умоў – рамяства і гандлю – як першапрычыны ўзнікнення горада, альбо самай яскравай характэрнай рысы існавання гарадскога жыцця. Дазволім сабе падмацаваць дадзеную заўвагу спасылкамі на працы чатырох генерацый беларускіх навукоўцаў – Г.Штыхава [22, c.14, 18] і Э.Загарульскага [12, с.146,150, 160, 170-171], В.Ляўко [16, c.250], А.Краўцэвіча [13, с.85] і С.Тарасава [19, с.346], Дз.Дука [10, с.28,30].
Падобная амаль нязменная сітуацыя не можа не выклікаць сумненняў і пэўнага незадавальнення. А галоўнае, яна не дазваляе прасунуцца наперад у вырашэнні складаных і актуальных праблем раннегарадской гісторыі Беларусі. Археалагічная аргументацыя не адказвае на фундаментальныя пытанні – прычыны узнікнення гарадоў, этапы жыццядзейнасці і іх функцыянальнае прызначэнне.
Апошнім часам ў еўрапейскай археалагічнай, гістарычнай і культурна-антрапалагічнай навуцы прапануецца не канчатковая дэфініцыя, а хутчэй спіс крытэрыяў/характарыстык, якія дазваляюць за горад прыняць нязменную агламерацыю, якая займае вызначаную на падставе права і выразна акрэсленную прастору, якая выконвае разнастайныя цэнтральныя функцыі для навакольнай тэрыторыі і заселена не вяскоўцамі [40, s.130-131]. Пэўныя змены ў бачанні працэсаў узнікнення гарадоў як ў гістарыяграфіі, так і археалогіі, на Захадзе і часткова на Ўсходзе Еўропы пачалі адбывацца каля 20 год таму [35]. У першую чаргу гэта выяўляецца ў паступовым адыходзе ад эвалюцыйных этапаў урбанізацыі кшталту: ад племянных “градаў”, праз “протагарады” ці “эмбрыёны” і гарады на лакальным альбо княжацкім праве, да фармальна лакалізаваных гарадоў. У замен больш увагі звяртаецца на значэнне істотных структурных зменаў ў грамадскім і палітычным жыцці ў сярэднявеччы. Маецца на ўвазе, што палітычныя ўлады мэтанакіравана і планава ініцыявалі ўтварэнне ранніх гарадскіх цэнтраў, паходжанне якіх не магчыма вытлумачыць нейкімі натуральнымі вынікамі паступовага росту сацыяльна-эканамічных фактараў [40, s.109].
Прапанаваная навуковая і канцэптуальная альтэрнатыва не адмяняе лінейнага бачання праблемы, тым больш не прэтэндуе на канчатковую дамінацыю. Зразумела, што прасцей канструяваць гіпотэзы, якія абапіраюцца на прынцыпах бесперапыннасці, чым шукаць непаслядоўнасці, высвятленне якіх, як правіла, выклікае вялікія інтэрпрэтацыйныя цяжкасці і разбурае элегантнасць нарацыі. Таму прапануецца пры даследаванні урбаністычных працэсаў у сярэднявеччы на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы прысвячаць непаслядоўнасцям не менш увагі як да гэтага засяроджваліся на пошуках паслядоўнасцяў. Больш таго, менавіта стабільна лакалізаваныя цэнтры з доўгай гісторыяй найлепей дазваляюць вызначыць творчую ролю “крызісаў”, выкліканых аб’ектыўнымі чыннікамі, а таксама правакаваных уладнымі элітамі [23, s.373-396; 40, s.109-110. Падобны падыход павінен датычыць і беларускіх земляў, бо, як не парадаксальна, насуперак дамінуючаму эвалюцыянізму ў пытаннях інтэрпрытацый пачаткаў гарадоў у Беларусі, археалагічныя і нешматлікія гістарычныя крыніцы ўказваюць хутчэй на непаслядоўнасць ранняй гісторыі гарадоў – нават калі яны займалі месцы, заселеныя стагоддзямі.
На такую смелую рэфлексію і заклік да дыскусіі падштурхнула нас некалькі незалежных чыннікаў. З аднаго боку, дасягненні культурнай антрапалогіі ў тлумачэннях паўставання і арганізацыі грамадстваў і дзяржаў, а таксама шчыльна звязаныя з імі працэсы ўрбанізацыі [36, s.318-337]. З іншага боку, cвоеасаблівая “рэвалюцыя” ў раннесярэднявечнай археалогіі. Дзякуючы дэндрахраналагічным даследаванням драўляных рэшткаў абарончых валоў гарадзішчаў тыпу Торнаў на тэрыторыі Ніжніх Лужычан (сучасная Нямеччына), якія правёў Ёахім Геннінг, высветлілася, што яны маладзейшыя на 200 год за прынятыя раней даціроўкі, зробленыя на падставе керамікі і іншых побытавых і не толькі прадметаў [27; 28]. На сённяшні дзень няма ніводнай даты з VII ці нават VIII ст. Падобныя даследаванні былі зроблены польскім спецыялістам па дэндрахраналогіі Марэкам Кромцам разам з археолагамі на тэрыторыі Мазоўша, Велькапольскі, Малапольскі і Ніжняга Шлёнску [24; 25; 31]. Там таксама не ўдалася выявіць ўмацаваных паселішчаў раней канца, а хутчэй пачатку Х ст. Дадзеныя факты не дазваляюць сцвярджаць, што славяне будавалі умацаваныя цэнтры-“гроды” ад самага пачатку свайго з’яўлення на польскіх і усходненямецкіх землях. Наўрад ці існавала нейкая своеасаблівасць (да гэтага незаўважаная) урбаністычных працэсаў на беларускіх землях і роля ў іх так званых “славянскіх каланістаў”. Дзеля пацвярджэння альбо адмаўлення дадзенай тэзы ў Беларусі неабходна правесці грунтоўнае археалагічнае даследаванне абарончых валаў вядомых гарадзішчаў другой паловы І тыс – пачатку ІІ тыс. н.э. з мэтай выяўлення рэштак драўляных канструкцый з наступным дэндрахраналагічным аналізам.
Паспрабуем прадставіць перыядызацыю грамадска-палітычных працэсаў на беларускіх землях і іх уплыў на горадабудаўніцтва. З пісьмовых крыніц вядома 39 мясцовасцей ІХ – ХІІІ стст. з тэрыторыі Беларусі, з іх 5 не лакалізаваны да сённяшняга дня – Галацічаск, Стрэжаў, Гарадзец, Межымосцьце, Свіслач, не пэўныя звесткі пра Браслаў і Навагрудак у ХІ ст. (Табл.1). Умацаваных гарадзішчаў IX – XIII стст. на Беларусі вядома каля 150, якія па-рознаму даследаваліся археалагічна [4]. Менавіта археалагічныя раскопкі дазволілі адшукаць сляды раннесярэднявечных гарадоў у Давыд-Гарадку [29], Дрысвятах [18], пра якія маўчаць летапісы і хронікі. Лаканічнасць узгадак ў гістарычных крыніцах не дазваляе сцвярджаць, што ўсе яны напэўна былі гарадскімі цэнтрамі. Безумоўна, толькі частку з іх неабходна трактаваць як тагачасныя гарады.
Табліца 1. Населеныя пункты Беларусі IX-XIII стст. па пісьмовых крыніцах
Час |
Назва і дата |
Колькасць |
ІХ ст. |
Полацк (862) |
1 |
Х ст. |
Tураў (980); Віцебск (974 (?), 1021); Ізяслаўль (каля 985) |
3 |
ХІ ст. |
Бярэсце (1017, 1019); Друцк (1001, 1078); Копысь (1059, 1060); Браслаў (?) (каля 1065); Менск (1067); Орша (1067); Галацічаск* (1071); Лагойск (1078, 1127/1128); Лукомль ( 1078); Пінск (1097). |
10 |
ХІІ ст. |
Бaрысаў (1102, 1127); Слуцк (1116); Наваградак (1117 (?), 1119 (?), 1228, 1235); Гародня (1127); Клецк (1127); Стрэжаў* (1127); Мсціслаўль (1135), Прапошаск (1136); Крычаў (1136); Гомель (1142), Рагачоў (1142); Брагін (1147); Мaзыр (1155); Чачэрск (1159); Гарадзец* (1162); Мeжымосць* (1170) |
16 |
ХІІІ ст. |
Рэчыца (1213, 1214); Слонім (1252); Ваўкавыск (1252); Здзітаў (1252); Tурэйск (1253); Свіслач* (1256); Капыль (1274); Камянец (1276); Кобрынь (1287) |
9 |
Сённяшні ўзровень нашых ведаў дазваляе нам вылучыць 4 этапы ўрбанізацыі беларускіх земляў у сярэднявеччы. Натуральна, мы ўсвядамляем пэўную гіпатэтычнасць нашай пазіцыі і схематычнасць аргументацый. Дадзеная праблема вымагае асобнага манаграфічнага даследавання.
І) На Беларусі пасля працяглага “безгарадзішчанскага” перыяду першыя ўмацаваныя паселішчы з’яўляюцца ў VIII – IX ст. На поўдні найбольш вядомым помнікам з’яўляецца Хатомель, на паўночным захадзе – Свіла І, Гарадзец на Мнюце, на паўночным усходзе – “Гарадзішча Рагвалода” у Полацку, Віцебск, Лукомль, на усходзе – гарадзішчы Кісялі, Чаркасава, Нікадзімава, у цэнтры – Гарадзішча на Менцы, на захадзе – Радагошча. Абмінаючы балючае і важнае пытанне больш дакладнай храналогіі (асабліва атрыманне дэндрадатаў), застаецца праблема іх функцыянальнага прызначэння. Частка з іх магла выконваць функцыю сімвалічна-рэлігійную, бо на іх адсутнічаюць выразныя археалагічныя сляды сталага пражывання значнай папуляцыі. Аналагічныя пункты, лепей даследаванныя, знаходзяцца на тэрыторыі Падляшша – Гацькі і Мазоўша – Шэлігі [30,s.150-154; 38, s.98-102]. Іншыя выконвалі рэпрэзентатыўныя функцыі фармуючыхся палітычных эліт правадырскага ладу. Падобныя вывучаны на тэрыторыі Велькапольскі – Банікова, Брушчэва, Геч, Каліш і інш [32, s.258-261]; і Мазоўша – Насельск, Рацёнж, Воля Шыдлоўска, Завада Ляскороньска[26, s.314-315]. Меншая частка – Полацак, Віцебск –пазней пераўтварыліся ў сярэднявечныя гарады, княжацкія цэнтры, аднак пераважная большасць з іх у выніку працэсаў утварэння дзяржавы і пашырэння феадальных адносінаў перастала існаваць. Яшчэ некалькі слоў адносна Полацка. З’яўленне яго на старонках летапісаў пад умоўнай датай 862 г. у кантэксце з палітычна-адміністрацыйнай дзейнасцю Рурыка, як раз пацвярджае значэнне знешняга (скандынаўскага) ўплыву на лёс умацаванага паселішча на Палаце. Рурык пасылае свайго “мужа” у Полацак у сувязі з дацкімі паходамі па Дзвіне ў сярэдзіне ІХ ст. і магчымым яго захопам [15, с.34-47].
ІІ) Другім храналагічным этапам ў працэсе ўрбанізацыі беларускіх земляў з’яўляецца апошняя чвэрць Х – першая чвэрць ХІ стст. Час уваходжання “княства Рагвалода” ў дзяржаву Уладзіміра Святаславіча (пасля вядомых трагічных для Полацка падзей) і распаўсюджання панавання кіеўскага князя на Палессе, а таксама Пабужжа і часткова Панямоння. Гэта перыяд будавання ўмацаваных “градаў” з ініцыятывы кіеўскага цэнтральнага палітычнага асяродка, які новапабудаваным градам дэлегаваў частку ўладных паўнамоцтваў у рэгіёнах – Полацак, Заслаўль/Ізяслаўль, Тураў, Віцебск, верагодна, Бярэсце.
ІІІ) Наступным этапам горадабудаўніцтва на Беларусі неабходна лічыць доўгі, амаль 250 гадовы перыяд. З узмацненнем палітычнай самастойнасці рускіх княстваў – Полацкага, Кіеўскага, Чарнігаўскага, Наўгародскай зямлі ў другой палове ХІ ст., пазней Смаленскага, Тураўскага, Валынскага ў ХІІ ст. – ініцыятыва будавання “гарадоў” як палітычна-адміністрацыйных, вайсковых, гаспадарчых, у некаторых выпадках культурна-рэлігійных цэнтраў пераходзіць да мясцовых дынастый. ХІ – ХІІ стст. – гэта час татальнай урбанізацыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы (26 пунктаў), якая на старонках летапісаў працягвае фіксавацца яшчэ ў ХІІІ ст (9 пунктаў) (гл. Табліцу 1). Дазволім выказаць ўласнае меркаванне па праблеме пачаткаў панёманскіх і пабужскіх гарадоў. З’яўленне Гародні, Ваўкавыска, Слоніма, Наваградка на Панямонні і Драгічына, Мельніка, Бельска, Суража ў Пабужжы трэба аднесці да 40-50 гадоў ХІ ст. Іх з’яўленне – хутчэй за ўсё вынік палітычна-дзяржаўнай дзейнасці Яраслава Уладзіміравіча Кіеўскага і яго нашчадкаў у названых рэгіёнах. Рускія летапісы і польскія хронікі адзначаюць паходы кіеўскага князя на Яцьвягаў (1038 г.), Літву (1040, 1044 г.), Мазаўшанаў (1041, 1047 г.), якія дазволілі замацаваць Верхняе Панямонне і Пабужжа за Кіевам [39, s.143-157; 11, с.99-105]
Менавіта “грады”, якія паўсталі на беларускіх землях на дадзеным этапе былі ўжо сталымі сядзібамі рэальнай ўлады не прысутнага штодзённа, але заўсёды гатовага да інтэрвенцыі ўладара, які, дарэчы, пастаянна быў у руху . Як палітычна-адміністрацыйныя цэнтры яны вызначалі новую сістэму палітычных адносін і ўплывалі на фармаванне новай структуры грамадскіх адносін. Як сталыя сядзібы лакальных эліт генеравалі эксклюзіўны попыт, які са свайго боку прыцягваў да “градаў” вытворцаў розных спецыялізацый і купцоў. Для апошніх найважнейшым былі гарантаваныя дзяржавай стабільнасць і бяспека. Такім чынам, росквіт гаспадарчай сферы быў не прычынай ўзнікнення гарадскіх пунктаў, а вынікам арганізацыі сіламі цэнтральнай ўлады лакальных асяродкаў палітычнага нагляду. Уласна такія цэнтры палітычнага кіравання дзяржаўнымі тэрыторыямі, са спецыфічнай тапаграфічнай і планіровачнай структурамі, у якіх знаходзяцца сляды далёкасяжнага гандлю і высокаспецыялізаванай прадукцыі, прынята прызнаваць першымі гарадамі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая не была ў зоне непасрэдных уплываў рымскай цывілізацыі [40, s.123 – 124]. Набыццё шматфункцыянальнага аблічча гэтымі ўмацаванымі асяродкамі было адным з важнейшых элементаў працэса канчатковага пераафармлення традыцыйных грамадскіх структур у дзяржаўную арганізацыю. Без сумнення, гэтыя раннебеларускія “гарады” былі плацдармамі еўрапейскай цывілізацыі з яе рэлігійнымі, мастацкімі, праўнымі і літаратурнымі традыцыямі. Больш таго, яны з’яўвіліся ў пэўным сэнсе зонай кантактаў паміж візантыйскай і заходнееўрапейскай культурамі. Палітычныя практыкі, хрысціянізацыя і фіскальныя патрабаванні стваралі ўмовы для развіцця пісьменнасці сярод гарадскога насельніцтва, спрыялі фармаванню новых накірункаў аздаблення і моды.
ІV) З ХІV ст. пачынаецца чарговы перыяд сярэднявечнай “гарадской гісторыі” Беларусі. Ён адбываецца ў межах новай палітычна-дзяржаўнай структуры – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Гэта тэма асобнага даследавання. Толькі хочацца звярнуць увагу на адзін момант: менавіта пад уплывам “раннебеларускіх урбанізацыйных працэсаў” распачынаецца аналагічны на этнічна літоўскіх землях.
Генадзь Семянчук
Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 25 – 26 верасня 2009 г.) / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.Крэнь, І.Соркіна (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.
[1] Па прычыне выдавецкіх абмежаванняў літаратуру, прысвечаную гарадской тэматыцы прапануецца глядзець у бібіліяграфічных выданнях, падрыхтаваных Сяргеем Дубінскім [8], Тацянай Каробушкінай [5], Алай Ілюцік [1] і артыкуле Генадзя Семянчука [37].