Лейба Найдус пражыў усяго 28 год, з іх 11прысвяціў паэзіі. Пасля яго засталася вялікая колькасць вершаў, песень, перакладаў еўрапейскіх паэтаў, літаратуразнаўчых артыкулаў. Ён пражыў мала, але стварыў многа па колькасці і па якасці. Творчасць Найдуса была якасна новым крокам у развіцці яўрэйскай літаратуры. “Яго песні былі свайго роду перапевам сусветнай паэзіі, не копія, а дасягненне, доказ магчымасці, што ён і зрабіў з яўрэйскім вершам. На працягу 11 год, якія ён пісаў і перакладаў сусветную паэзію, гэтаму маладому гродзенцу атрымалася даказаць нашы магчымасці ў галіне вытанчанай яўрэйскай паэзіі, якая да яго была ў пялёнках” – так адклікаўся аб паэзіі Найдуса літаратурны крытык Я.Гладштэйн [1, с. 213-218]. Лейба Найдус быў песняром радаснага аптымізму. Ён прынёс у яўрэйскую паэзію непаўторную прыгажосць прыроды, багатую палітру фарбаў і не сустрэтую да яго выключную сентыментальнасць да прыроды.
У яўрэйскай літаратуры Л.Найдус быў з’явай экзатычнай. Экзотыка Лейбы заключалася ў тым, што яго эстэтычныя густы фарміравала не гарадское яўрэйскае асяроддзе, тыповае для “рысы аседласці”, а прырода гродзенскага краю. Сын арандатара, сваё дзяцінства ён правёў у сядзібе Кусцін, якая знаходзілася ў маляўнічых мясцінах за 20 км ад Гродна. Таму ў яго паэзіі няма месца карчме, гандляру “мылам і павідлам”, рамеснікам з іх праблемамі. Уся яго паэзія – гэта гімн прыродзе, апяванне яе гармоніі і прыгажосці.
Сядзіба Кусцін належала вядомаму шляхецкаму роду Сержпутоўскіх. У 1870 годзе Юзаф Сержпутоўскі выставіў яе на продаж. Купіла сядзібу Соф’я Паўлаўна Ханенка, дачка калежскага саветніка. Пазней Кусцін перайшоў да генерал-маёра Апалона Фаміча Кардашэўскага, а ад яго – да калежскага саветніка Мікалая Мікалаевіча Апехціна. Згодна “Лексікону яўрэйскай літаратуры”, выдадзенаму ў 1927 годзе ў Вільні, бацька Лейбы, Ісаак Найдус, арандаваў сядзібу Кусцін з 1870 года.
Лейба Найдус нарадзіўся 6 кастрычніка 1890 года ў багатай адукаванай сям’і. Яго бацька, Ісаак Львовіч Найдус, быў чалавек адукаваны, у маладосці цікавіўся літаратурай і спрабаваў пісаць вершы на іўрыце. Ажаніўся ў канцы 60-ых гадоў 19 ст. з прыгожай дзяўчынай Рахель з Граева, якая таксама мела добрую адукацыю, ведала некалькі моў і была добрай піяністкай. За першыя 10 гадоў шлюбу яна нарадзіла пяцярых дзяцей, а праз некалькі гадоў – яшчэ дваіх. Лейба быў апошнім, сёмым дзіцем у сям’і. Ісаак Найдус быў не толькі арандатарам, але і буйным фабрыкантам. У заяве на адкрыццё гандлёвага крэдыту ў Гродзенскім аддзяленні дзяржаўнага банка ён указаў, што мае гарбарны завод у Кусціне, частку гарбарнага і цагляны заводы ў Гродне. Прыкладная лічба прыбытку складала: гарбарнай прадукцыі каля 100 тысяч рублёў у год, сельскагаспадарчай – 10 тысяч. Тавары прадаваліся ў Маскве, Адэсе, Бярдычаве, Курску. Каб атрымаць крэдыт, трэба было назваць нерухомасць і яе кошт. Ісаак заявіў, што разам з братам валодаюць каменным домам пры Саборнай вуліцы ў Гродне (цяпер вул. Савецкая) коштам 7000 рублёў, а таксама дамамі на вуліцы Станіслаўскай – 6000 рублёў і Хлебным завулку – 7 400 рублёў (цяпер вул. Ціміразева і Найдуса). Апошні дом названы як месца пастаяннага жыхарства [2, а. 2, 5].
Шмат увагі Найдус удзяляў адукацыі дзяцей. У адным з пакояў сядзібы ён зрабіў школьны клас, а настаўнікам быў запрошаны студэнт. Вясной дзеці здавалі экстэрнам ў дзяржаўнай школе экзамены і залічваліся ў наступны клас. Ва ўзросце 13 год дзеці атрымалі пасведчанне аб сканчэнні школы. Дзяўчынак (Ганну, Марыю, Рахель) аддавалі ў жаночую гімназію, паколькі адукацыя была нейкім чынам пасагам. Хлопчыкі павінны былі набыць практычную спецыяльнасць, каб забяспечыць сабе жыццё. Так, старэйшы брат быў памочнікам бацькі, таму папаўняў свае веды ў галіне сельскай гаспадаркі і гандлю. Два іншыя браты – Давід і Шымон – былі вучнямі аптэкара, пазней адзін стаў медыкам, другі – хімікам [3, с. 178].
Не падпарадкаваўся волі бацькі толькі малодшы сын Лейба. Да 10-гадовага ўзросту ён выхоўваўся ў Кусціне пад апекай бацькоў і бабулі, якая была вельмі рэлігійнай, любіла прыроду і перадала гэтую любоў малому Лейбу. Калі ён нарадзіўся, у сям’і ўжо не было дзяцей, каб арганізаваць вучобу дома, таму яго адправілі ў пачатковую школу ў Гродне. У 11 год Лейба паступіў у камерцыйнае вучылішча ў Радоме, затым у рэальную школу ў Беластоку, адкуль яго ў 1905 годзе адлічылі за ўдзел у сацыялістычным руху. Не доўга пратрымаўся будучы паэт у Коўна, куды яго ўладкаваў бацька. Нарэшце ў пачатку 1908 года Лейба паступіў у рэальную гімназію Паўлоўскіх у Вільні. Асаблівых поспехаў у вучобе ён не меў і ў 1911 годзе, нават не дачакаўшыся вынікаў выпускных экзаменаў, вярнуўся ў Кусцін і насуперак волі бацькі поўнасцю прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці [3, с. 180].
Пісаць вершы Лейба пачаў рана. У 10 год былі напісаны першыя радкі, прычым пісаць ён пачынаў па-руску, спрабаваў па-польску, на ідыш і на іўрыце. Частка яго вершаванага зборніка на рускай мове “Полевое панно” была апублікавана ў розных часопісах і газетах Вільні і Гродна. Пазней пад уплывам каханай дзяўчыны Лейба поўнасцю перайшоў на ідыш. Яго дэбют на ідыш адбыўся ў 1907 годзе ў варшаўскай раман-газеце з песняй “Маладая арфа”. Пасля гэтага ён стаў друкаваць арыгінальныя песні і пераклады ў часопісах “Навука і жыццё”, “Новая краіна”, “Яўрэйскі свет”. Пісаў Найдус і лёгкія гумарыстычныя творы ў вершах і ў прозе – “Лебке Райхлес”, “Леанарда”, “Лёля” і іншыя.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Л.Найдус выехаў з сваякамі ў Кацярынаслаў, дзе правёў першы год вайны і ў 1915 годзе выдаў сваю першую кнігу – зборнік песень “Лірыка”. Аднак распаўсюдзіць яго праз вайну і нямецкую акупацыю не змог. Яго першае выступленне ў літаратуры адбылося без увагі літаратурных колаў, пры жыцці яму не ўдалося пачуць натхняльных слоў крытыкаў. Малады паэт вымушаны быў задаволіцца ўзнёслым водгукам сярод моладзі, перад якой ён выступаў з уласнымі творамі, а пазней як лектар на літаратурныя тэмы на так званых “Эстэтычных вечарах”.
Пасля вяртання на Радзіму і да самай смерці Лейба Найдус многа працаваў. Ён не толькі пісаў вершы, але і многа выступаў з лекцыямі ў розных гарадах і мястэчках Гродзеншчыны і Віленшчыны ( што моцна адбілася на яго здароўі). У гэты час на беларуска-польска-літоўскім паграніччы адчыняліся свецкія яўрэйскія навучальныя ўстановы. Для іх выдаваліся падручнікі, хрэстаматыі, іншая вучэбная літаратура. У яе ўвайшлі і творы Лейбы Найдуса. Дзеці лёгка запаміналі меладычныя спакойныя вершы і песні маладога паэта. Яўрэйскіх дзяцей ён клікаў з душных пакояў у сад, на прыроду, каб пазнаёміць са светам, з сябрамі:
Rzucmy, dzieci, duszny pokoj,
Spojz, jak swiezy jest ten sad,
Wszyscy chwycmy sie za raczki,
Korowodem idzmy w tan,
Oto tak i oto tak
Korowodem idzmy w tan!
(Пераклад на польскі – В. Найдус)
Рэальнай небяспекай для невялікіх культурных цэнтраў быў правінцыяналізм, запозненая рэакцыя на ўсё новае. Такое становішча падтрымлівалася царскай уладай, якая алергічна рэагавала на ўсякі, у тым ліку і культурны, уплыў Захаду, намагаючыся ізаляваць сваіх грамадзян ад Еўропы. У гады вайны гэтая культурная ізаляванасць яшчэ больш узмацнілася, і Найдус імкнуўся супрацьстаяць гэтаму, перакладаючы на ідыш найбольш значныя творы еўрапейскай літаратуры. Ён рабіў пераклады Персі Шэлі, Генрыха Гейнэ, Эдгара По, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава. Пераклад “Сказки о мертвой царевне и семи богатырях” быў выдадзены перакладной камісіяй імя Пераца ў 1917 годзе ў Вільні ў журнале “Кіндэрфрай”. Асабліва многа Лейба перакладаў французскіх паэтаў: Альфрэда Мюсэ, Тэафіла Гацье, Шарля Бодлера, Эдмана Растана, Поля Варлена. Л.Найдус не толькі даў доступ сваім чытачам да твораў перадавых паэтаў, але і сам эвалюцыянаваў пад іх уплывам [1, с. 214].
У 1918 годзе ў Гродне выйшаў другі і апошні пры жыцці паэта зборнік паэзіі “Флейта Пана”. Ён уяўляе сабой вясеннюю сімфонію – 48 васьмірадковых песень, сплеценых паміж сабой. Гродзенскі літаратар і блізкі сябра Найдуса Абрам Зак так характарызаваў гэтую кнігу: “Гэта 48 лёгкіх, акрыленых, па-вясенняму ўзвышаных вершаў – інтымны вясенні дзённік, паэт знайшоў шчасце ў свабодным, неабмежаваным, вечна квітнеючым, вечна маладым царстве палёў ляснога бога Пана” [4, с. 3]:
Сhce wyniosle gorskie szczyty
Spryskac ogniem mlodzienczosci
Plomieniami blyskawicy
Wstrzanac serc zwatpialych krag
Chce dosiegnac dumne slonce
Chce uslyszec skoczne dzwiek
I namietny krzyk pragnienia
co w mym sercy stale tkwi.
Яшчэ адзін зборнік “Інтымныя мелодыі” паэт сам падрыхтаваў да друку, але выдалі блізкія сябры ў 1919 годзе пасля яго смерці. Песні гэтага зборніка ўяўляюць сабой змягчэнне рытму, пастаяннага памеру верша. У пралогу да гэтага зборніка Найдус так пракаментаваў сваё новаўвядзенне ў паэзіі:
Czesto shce pozwolic strofom plynoc wolno
Nie wciskac serca w jamb lub chorej
Niech muwi nieskrepowany jezyk prosty
Nie chce szlifowac i wygladzac moj bol i szczecie.
Найвышэйшай ступені паэтычнай сталасці Найдус дасягнуў у паэме “Зямля абуджаецца”, якая была напісана ў апошнюю вясну яго жыцця ў Кусціне (май 1918 года). Сам паэт абазначыў гэтую паэму пад загалоўкам “Патэтычная саната”. Гэта глыбокае выражэнне радасці, зачаравання і зліцця з самой прыродай. Ад кожнага радка зыходзіць свежасць з пахам зямлі. Шырока вядомы фрагмент з паэмы, які часта публікуецца як самастойны твор – “Сонца з дажддзём” (на ідыш – “А зун міт а регн”):
Slonce i deszcz, slonce i deszcz,
Zlocistych kropelek chichoczacy roj
Mieni sie tecza z lak,
I owija mnie skier zaczarowany krag.
Slonce i dtszcz, slonce i deszcz,
Przy drodze drza trawy omyte zielenia,
I smieje sie kwiat, jak dziecko przez lzy,
Zcalowal mu wietrzyk mienionce sie skry.
Slonce i deszcz, slonce i deszcz,
Niebieskosc swa marszczy jeziorko wsrud traw,
Zlocistymi kregami spadajace,
Rozlewaja sie kropelki tancujace.
Slonce i deszcz, slonce i deszcz,
Z dalekich dali, z glebin niebieskich
Mostem wystrzela promienistym wrozka,
Jakby ku szczesciu prowadzaca drozka.
(Пераклад на польскі – Н.Таненбаўм)
Існуюць пераклады гэтага верша на рускую і беларускую мовы. Выдатны пераклад на рускую мову, вельмі блізкі да арыгінала па настрою і форме, зрабіла ў 1999 годзе ізраільская паэтэса Святлана Аксёнава-Штэйнгруд:
Солнце с дождем, солнце с дождем!
И капли звенят золотистым огнем.
Смеются, кружатся и падают вниз–
На шелковых нитях мерцающих искр.
Солнце с дождем, солнце с дождем!
И в травах зеленых дороги проем.
И ветренный ветер целует цветок–
Улыбка ребенка – сквозь слез ручеек.
Солнце с дождем, солнце с дождем!
И с берегом речка танцует вдвоем.
И капают капли, и тонут легко–
Круги золотые бегут далеко.
Солнце с дождем, солнце с дождем!
А в небе, грохочущем и голубом,
Построен цветком удивительный мост–
К бездонному счастью, мерцанию звезд [6, с. 267].
З дапамогай удавы пісьменніка Аляксея Карпюка Іны Карпюк удалося знайсці пераклады вершаў Л.Найдуса на беларускую мову, якія зрабіў Максім Танк. У апублікаваных дзённіках паэта есць запіс, які датуецца 23 мая 1994 года: “Амаль цэлы дзень была ў нас Валя Найдус. Як заўсёды дзялілася ўспамінамі, навінамі. Пакінула некалькі вершаў свайго гродзенскага сваяка-паэта, каб я пераклаў іх на беларускую мову” [7, с. 87]. На копіі рукапісу перакладаў М.Танка стаіць дата 24.05.1994. Гэта значыць, што ён адразу на наступны дзень зрабіў гэтыя пераклады (рукапіс перакладаў М.Танка захоўваецца ў архіве І.Карпюк):
Дождж і сонца, дождж і сонца
Кроплі ў залатых праменнях
У сваім палёце ззяюць,
Быццам злучаныя іскры.
Дождж і сонца, дождж і сонца
Не калышацца ўсе кветкі
Пад ласкавым цёплым ветрам,
У слязах смяюцца дзеці.
Дождж і сонца, дождж і сонца
Рэчка ў берагах гайдае
Злягка кроплі толькі б’юцца,
Іх кругі нясуцца ў далеч.
Дождж і сонца, дождж і сонца
Адбіваюцца на небе
Каляровы мост блакітны
Шчасця вечнага дарога.
Яшчэ некалькі вершаў Л.Найдуса ў перакладзе Народнага паэта Беларусі Максіма Танка:
Ногі ў стрэмя. Скачы ў поле!
Не патрэбны тут парады.
Вольна цуглі апусціўшы
Шумам ветры захлыніся
І крычы: - Вясна настала!
І герольдам каралеўскім
З усёй сілы дзьмі ў стары рог.
***
Шкада, што мой народ у песні
Незначнае займае месца.
Чужыя вершы піша людзям,
Што сярод дальніх зор блукаюць.
***
Хацеў бы памагчы народу,
Бо гіне ў болі і самоце.
Хачу яму вярнуць я веру
У бязмежнасць хараства на свеце,
Каб стала будучыня лепшай.
Крыніцай творчасці Л.Найдуса была родная зямля Гродзеншчыны, берагі Нёмана. З сардэчным замілаваннем гаварыў ён пра сваю любоў у вершах: “Люблю пясчаныя палі Літвы”. Тут можна адзначыць уплыў Міцкевіча, які ў сваіх вершах называе Літвой сваю Радзіму – Беларусь. Зборнік “Літоўскія арабескі”, выдадзены ў Варшаве пасля смерці паэта, прасякнуты народнымі матывамі. У вершы “Мой народ” Найдус апявае лёс народа і надзею на лепшую долю [4, с. 4-6]:
Dusza i cialem tkwisz biernie
w badaniu ksiag martwych
swiete przekazania
A zadnego z was nie masz
co odwaznie wypowie
Ja chce...i ja smiem...!
Wierz w swe sily !
Nawet gdy cialo twe zdeptane,zranior
Wierrz w twa przysloszlosc!
z nadzieja pelna mocy
Wierz w zwyciestwo
Wierz w swe sily!
Zydowskie pienia ukochalem
Gdzie w szcescie jest wmieszany bol
Gdzie modlitewny glos sierocy
zmienia sie w radosc dumny chor.
У пачатку 1918 года Л.Найдус адчуў сябе кепска. Урачы вызначылі, што ў яго сардэчны неўроз, і параілі спыніць пісаць і паехаць адпачыць. Але Лейба не хацеў сядзець без працы. У Гродне ён жыў з вялікім напружаннем: з творчымі вечарамі, візітамі, лекцыямі і літаратурай. Калі сілы яго пакідалі, ён ляжаў дома, не могучы нават гаварыць. Як толькі паэт адчуў сябе лепш, ён зноў вярнуўся да свайго звычайнага жыцця. Аднак настрой быў у яго кепскі. Сябрам Найдус сказаў, што ён моцна хворы і хутка памрэ, таму спяшыць напісаць як мага болей. Каб ніхто не перашкаджаў працаваць, ён знайшоў пакой ў старога яўрэя, куды ніхто не заходзіў. Адзінота, адарванасць ад літаратурнага асяроддзя, разлука з каханай дзяўчынай і яе смерць, амаль поўнае знішчэнне роднага Кусціна – усё гэта цяжка паўплывала на жыццярадаснага паэта. Прадчуванне блізкай смерці знайшло сваё адлюстраванне ў шэрагу яго вершаў. Сваю смерць паэт хацэў сустрэць у лунную ноч, у садзе, на лавачцы пад дрэвам. Але ўсё сталася па-іншаму.
Памёр Лейба Найдус у Гродне ў канцы 1918 года – 23 снежня. У гэты месяц ён многа ездзіў з лекцыямі па розных гарадах. У перапоўненым халодным вагоне паэт заразіўся дыфтэрыяй. Прыняўшы недамаганне за звычайную прастуду, ён нават не запрасіў урача, жадаючы хутчэй скончыць працу над перакладам “Яўгенія Анегіна”. І калі літаратурны крытык і сябра Абрам Зак прывёз яго на санках у шпіталь, было ўжо позна. Сэрца не вытрымала. На крэсле каля ложка засталіся ляжаць закончаныя рукапісы з аформленымі загалоўкамі: “Літоўскія арабескі”, “Кніга паэм”, “Інтымныя мелодыі”, пераклад Бодлера “Кветкі зла”. У пахаванні прынялі ўдзел тысячы паклоннікаў творчасці таленавітага паэта новай хвалі яўрэйскай літаратуры. Сучаснікі ўспаміналі, што людзей было не меней, чым на пахаванні А.Ажэшкі ў 1910 годзе [1, с. 216].
У 20-ых гадах у Варшаве пры Саюзе яўрэйскіх літаратараў і журналістаў быў створаны Камітэт імя Л.Найдуса з мэтай выдаць яго творы і паставіць помнік на магіле. У 1923 годзе выдавецтва Левін-Эпштэйн па заказе Камітэта прыступіла да выдання збораў сачыненняў паэта, але выдала толькі адзін том пад назвай “Кніга паэм”. У 1924 годзе ўжо ў выдавецтве Ячкоўскага выйшаў том “Літоўскія арабескі”, куды ўвайшлі “Флейта Пана”, “Мой народ”, “Інтымныя мелодыі”, “Штосьці ўсходняе” “З пісьма”. З пераходам выдавецтва да Х.Бжозе ў 1926-1928 гадах былі выдадзены наступныя кнігі – “Лірыка”, “Руская паэзія” (941 верш А.С.Пушкіна, 4 главы “Евгения Онегина”, “Сказка о мертвой царевне и семи богатырях”, 43 вершы М.Ю.Лермантава), "Жемчужное ожерелье" (змешаныя творы – вершы, мініяцюры, артыкулы, фельетоны), “З свету Парнаса” (Ш.Бодлер “Плады зла” і анталогія французскай лірыкі, а таксама цыкл песень Э.Верхарна, Ж.Родэнбаха, Г.Гейнэ, Гётэ, П.Шелі, Э.По). Было запланавана выданне яшчэ некалькіх тамоў, у якія ўвайшлі б лекцыі, эсэ, артыкулы па літаратуры, аднак эканамічны крызіс спыніў выдавецкую дзейнасць. Рукапісы Найдуса яго блізкія перадалі ў Яўрэйскі інстытут літаратуры ў Вільні, дзе яны разам з інстытутам былі знішчаны ў час вайны. Рэдактарам усіх тамоў быў блізкі сябра, пісьменнік і літаратуразнаўца Абрам Зак. Менавіта Заку належыць выраз, які мы вынеслі ў загаловак – “віртуоз яўрэйскай паэзіі”. Успаміны А.Зака пад такой назвай выйшлі ў 1956 годзе ў Аргенціне. Дзясятая гадавіна смерці паэта (1928 год) ў Гродне была адзначана перайменаваннем вуліцы Пясчаная, дзе жыў да смерці Найдус, у вуліцу імя Найдуса. Носіць яна гэтае імя і цяпер.
Лёс рукапісаў раздзяліла і магіла паэта. Л.Найдус быў пахаваны на старых яўрэйскіх могілках паміж ранейшымі вуліцамі Рэзніцкая, Каліноўскага, Грандзіцкая. У 1925 годзе на магіле быў пастаўлены помнік вядомага варшаўскага скульптара Абрама Астрэгі – фігура анёла з апушчанай галавой і сумна паніклымі крыламі. Пры закладцы гэтага помніка П.Маркіш сказаў: “Калі б Найдус сёння быў жывы, ён быў бы галоўнай постаццю ў нашай паэзіі” [5, с. 170].
У 50-ых гадах савецкія ўлады ліквідавалі гэтыя могілкі і пабудавалі на іх месцы стадыён, вядомы гродзенцам пад назвамі “Чырвонае знамя” ці “Нёман”. Вынутыя рэшткі людзей кудысьці вывезлі, помнікі знішчылі. У 1992 годзе па ініцыятыве прыхільнікаў паэзіі Найдуса ў Варшаве на яўрэйскіх могілках быў устаноўлены сімвалічны помнік паэту замест знішчанага ў Гродне. Сродкі былі сабраны сярод грамадскасці: частку сумы прыслалі суайчыннікі з Ізраіля, астатнія ахвяравалі прыватныя асобы з Варшавы. На надмагільным камені высячана чатырохрадкоўе з верша Найдуса на мове ідыш і ў перакладзе на польскую мову Віктара Варашыльскага:
lubie zydowskiej piesni tony –
Melodie szcescia i cierpienia.
W nich skarga sierot, zal skrzywdzonych
W dume i radosc sie zmienia.
Няма магілы паэта на гродзенскай зямлі, не захаваліся рукапісы, а выдадзеныя кнігі – бібліяграфічная рэдкасць. І толькі таблічкі на вуліцы з яго імем нагадваюцьпра тое, што ў Гродне жыў і ствараў новую літаратуру незвычайна таленавіты “віртуоз яўрэйскай паэзіі” Лейба Найдус.
Сяргей Піваварчык