Категории

Беларуская славістыка ў агульнаславянскім і сусветным кантэксце (да XV Міжнароднага з’езда славістаў)

16 минут на чтение

Сучасная славістыка (славяназнаўства) аб’ядноўвае цэлы комплекс гуманітарных навук, якія вывучаюць мовы, матэрыяльную i духоўную культуру, паходжанне (генезіс), гісторыю, фальклор i літаратуру старажытных i сучасных славян. Як самастойны навуковы напрамак славістыка ўзнікла ў канцы XVIII – пачатку XIX стст. на базе параўнальна-гістарычнага мовазнаўства (кампаратывістыкі). Пазней да яе далучыліся літаратуразнаўства, этнаграфія, мастацтвазнаўства, а таксама агульная гісторыя і гісторыя рэлігіі ў славян. На працягу ўсяго існавання славістыкі ў цэнтры ўвагі даследчыкаў розных яе адгалінаванняў знаходзіліся ў першую чаргу менавіта праблемы кампаратывістыкі, што, па сутнасці, і выдзяляла славістыку ў шырокім дыяпазоне даследаванняў асобных славянскіх моў, літаратур, фальклору і г.д.     

Асноўнай прычынай выдзялення славістыкі як самастойнага адгалінавання філалагічнай навукі ў цэлым, з’яўляецца, такім чынам, роднасць славянскіх моў, блізкасць іх традыцыйнай культуры, захаванне генетычнай роднасці большасці сучасных славянскіх народаў.

Галоўнай жа ўмовай узнікнення славістыкі як асобнага напрамку гуманітарных даследаванняў трэба лічыць моцны ўздым нацыянальна-вызваленчага i культурнага руху заходніх, паўднёвых і ўсходніх славян, якія на той час не мелі сваёй дзяржаўнасці i знаходзіліся пад уладай Аўстрыйскай i Асманскай (Атаманскай) імперый, а таксама ў складзе Расійскай імперыі.

Сёння славістыка як комплексная навука, што займаецца паходжаннем, развіццём і перспектывамі генетычнай славянскай супольнасці ў яе моўных, літаратурных і культурных аспектах з прычыны значнай ролі, якую адыгрывалі і працягваюць адыгрываць славянскія народы ў гісторыі чалавецтва і сучасным свеце, займае трывалыя пазіцыі ў навукова-гуманітарнай сферы не толькі ў большасці  славянскіх краін, але і іншых краінах свету, дзе вывучаюцца славянскія мовы і літаратуры.

Каля вытокаў славістыкі стаялі такія вядомыя вучоныя, як чэх I. Добраўскі, славенец В. Копітар, рускі (па паходжанні прыбалтыйскі немец) А. X. Вастокаў, славак П. I. Шафарык і інш. Ix даследаванні не толькі заклалі яе фундамент як параўнальна-тыпалагічнай гуманітарыстыкі, у першую чаргу мовазнаўства, але і вызначылі кола найбольш значных славістычных праблем, якія захоўвалі сваю актуальнасць на працягу ХІХ і ХХ стагоддзяў. У галіне славянскага мовазнаўства – гэта параўнальнае даследаванне славянскіх моў, гісторыя старажытнаславянскай мовы, пытанні ўзнікнення славянскага пісьменства, кірыла-мяфодзіеўская традыцыя; у сферы літаратуразнаўства – гісторыя славянскіх літаратур.

Заснавальнікамі славянскай фалькларыстыкі па агульным прызнанні  з’яўляюцца беларускі, украінскі i польскі збіральнік i даследчык З. Я. Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі) i чэшскі вучоны Ф.Л. Чалакоўскі.

Пачатак славяназнаўства ў Расіі звязваецца з мовазнаўчымі працамі М.В. Ламаносава, гістарычнымі – В.М. Тацішчава i M.M. Kaрамзіна. Актыўнае развіццё славістыкі ў Расіі пачынаецца ў 1840-я гады з узнікненнем першых славянскіх кафедраў у Маскоўскім (прафесар В.М. Бадзянскі) і Пецярбургскім (прафесар П.I. Прэйс, з 1847 г. акадэмік I.I. Сразнеўскі) універсітэтах. Пазней такія кафедры з’явіліся ў Кіеўскім, Харкаўскім, Казанскім, Новарасійскім, Дэрпцкім (зараз Тартускі) i Варшаўскім універсітэтах.

У другой палове XIX ст. славяназнаўчая праблематыка пачынае актыўна даследавацца і ў неславянскіх краінах, што, з аднаго боку, было абумоўлена яе актуальнасцю і павелічэннем уплыву славянскіх народаў і краін на агульнапалітычную і культурную сітуацыю не толькі ў Еўропе, але і ў цэлым у свеце. З другога боку, гэта садзейнічала пашырэнню кола славістычнай тэматыкі і больш актыўнаму ўключэнню яе гуманітарнае навуковау поле. У XX ст. славістыка пераўтвараецца ў комплекс навук сусветнага значэння.

Пра значэнне і ролю славістыкі ў сучаснай сусветнай гуманітарнай навуцы сведчыць той факт, што сёння ў свеце па праблемах славяназнаўства i балта-славянскай філалогіі выдаецца каля паўсотні спецыялізаваных навуковых часопісаў, сярод якіх высокім аўтарытэтам вызначаюцца “Славяноведение”, “Проблеми слов'янознавства”, “Slavia” і інш., рэгулярна праводзяцца шматлікія навуковыя канферэнцыі міжнароднага значэння. У сістэмах многіх Акадэмій навук працуюць асобныя інстытуты славістыкі (Інстытут славяназнаўства i балканістыкі Расійскай акадэміі навук, Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук), а ў буйнейшых універсітэтах свету маюцца кафедры ці інстытуты славістыкі.

Беларуская славістыка бярэ свой пачатак з ХІХ стагоддзя і на працягу ўсяго свайго існавання развівалася ў агульным рэчышчы міжнароднай славістыкі. Ужо ў XIX ст. славяназнаўчай праблематыкай займаліся гісторыкі, археолагі i этнографы Я.П. i К.П. Тышкевічы, T. Нарбут, А.Г. Кіркор, мовавед С.П. Мікуцкі і інш.

Пачатак сучаснага навуковага беларускага славяназнаўства звязаны з імем выдатнага беларускага вучонага-філолага акадэміка Я.Ф. Карскага, аўтара фундаментальнай шматтомнай філалагічнай працы “Беларусы”, у якой прыведзены звесткі не толькі пра беларускую мову ў шырокім славянскім кантэксце, але і пра гісторыю, культуру, народныя традыцыі і звычаі беларусаў.

У 20-я гады ХХ ст. цэнтрамі беларускай славістыкі становяцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (створаны ў 1921 годзе) і Інстытут беларускай культуры (створаны ў 1922 годзе,  з 01.01.1929 – Акадэмія навук Беларускай ССР). Славістычныя праблемы ў гэтых установах распрацоўвалі гісторык У.I. Пічэта, моваведы П.А. Бузук, I. В. Воўк-Левановіч, археолаг А. М. Ляўданскі і інш. .

У 2-й палове ХХ ст. асноўнымі цэнтрамі славістычных даследаванняў у Беларусі з’яўляюцца акадэмічныя Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы (зараз функцыянуюць у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), а таксама філалагічныя кафедры БДУ, у першую чаргу кафедра агульнага і славянскага мовазнаўства.

Галоўнымі напрамкамі сучасных беларускіх славістычных даследаванняў традыцыйна з’яўляюцца параўнальнае даследаванне беларускай і іншых славянскіх моў, літаратур, фальклору, гістарычных і культурных помнікаў, высвятленне  агульнага і спецыфічнага ў развіцці беларускай мовы і літаратуры на агульнаславянскім фоне, даследаванне і прагноз тэндэнцый моўнага, літаратурнага і культурнага развіцця ў кантэксце сусветных, а таксама рэгіянальных грамадска-гістарычных працэсаў. Усё гэта дапамагае ўсведамленню месца беларусаў, беларускай мовы, літаратуры і культуры ў агульнай славянскай прасторы, садзейнічае пашырэнню навуковых і культурных сувязей з іншымі славянскімі народамі. На сённяшні дзень у многіх беларускіх універсітэтах сфарміраваліся ўласныя напрамкі славістычных лінгвістычных даследаванняў: стараславяністыка, кірыла-мяфодзіеўская пісьмовая традыцыя і параўнальнае даследаванне сістэм славянскіх моў, сацыялінгвістыка і праблемы сучаснага маўлення ў славянскіх народаў у БДУ, анамастыка у Віцебскім ДУ імя П.М. Машэрава, словаўтварэнне і намінатыўная дэрывацыя, лексікаграфія ў Гродзенскім ДУ імя Янкі Купалы, фразеалогія ў Гомельскім ДУ імя Ф. Скарыны і Магілёўскім ДУ імя А. Куляшова і інш. У Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы праводзяцца даследаванні ў галіне славянскай этымалогіі, дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, славянскай арэалогіі і балканаславістыкі і г.д.[1]    

Нягледзячы на шматлікія праблемы, звязаныя з развіццём гуманітарнай навукі як у нас у краіне, так і ў сучасным глабалізаваным грамадстве ў цэлым, кола славістычных праблем у Беларусі пашыраецца, актывізуецца ўдзел беларускіх вучоных у міжнародных славістычных праектах. 

Напрыклад, дыялектолагі Інстытута мовы і літаратуры на працягу больш чым паўстагоддзя актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы такога буйнейшага міжнароднага славістычнага праекта ХХ–ХХІ стст., як “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас”. Беларускія вучоныя ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы ўсіх 12 выпускаў атласа, а таксама падрыхтавалі і выдалі выпуск “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас. Серыя лексіка-словаўтваральная. Раслінны свет. Вып. 3” (Мн., 2000) і зараз працуюць над выпускам “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас. Серыя фанетыка-граматычная. Рэфлексы *а” і “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас. Серыя лексіка-словаўтваральная. Метэаралогія і вымярэнне часу”.

Знакавай славістычнай працай Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі дзяржаўнага маштабу з’яўляецца 16-томны “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”, у якім даследуецца паходжанне лексікі беларускай мовы на шырокім славянскім і індаеўрапейскім фоне і праца над якім уступіла ў завяршальную фазу. Выданне гэтага слоўніка стане выключна важнай падзеяй у славянскім мовазнаўстве і выведзе беларускую славістыку на сусветны ўзровень, паколькі гэты слоўнік стане, па сутнасці, самым буйным сучасным этымалагічным слоўнікам асобнай славянскай мовы.  

Выключна важнае значэнне для беларускага мовазнаўства і сусветнай славістыкі мае шматтомны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, у якім адлюстравана лексіка помнікаў старабеларускага пісьменства XIV – XVII стст., што дазваляе не толькі паказаць узровень развіцця тагачаснага беларускага грамадства, але і дыяпазон культурных, дзелавых і іншых сувязей продкаў сучасных беларусаў са славянскімі і неславянскімі народамі.

Беларускія вучоныя-славісты прымалі ўдзел у выкананні многіх буйнейшых славістычных праектаў канца ХХ – пачатку ХХІ стст.  Прыкладам плённага супрацоўніцтва беларускіх вучоных-мовазнаўцаў з лінгвістамі іншых славянскіх краін стала падрыхтоўка 14-томнага выдання “Najnowsze dzeje współchesnych języków słowiańskich” (Новыя працэсы ў сучасных славянскіх мовах), у якім кожнай сучаснай славянскай мове прысвечаны асобны том. Кніга гэтай серыі “Беларуская мова” (Opole, 1998), падрыхтаваная акадэмічнымі і ўніверсітэцкімі лінгвістамі, дазваляе сцвярджаць, што развіццё сістэмы беларускай мовы ў канцы ХХ ст. у цэлым адбываецца ў рэчышчы тых асноўных тэндэнцый, якія характарызуюць сучаснае развіццё ўсіх славянскіх моў.

Беларускія лінгвісты-славісты прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы таксама шматтомнага славістычнага праекта “Komparacja systemów і funkcjonowania współchesnych języków słowiańskich” (Параўнанне сістэм і функцыянавання сучасных славянскіх моў). З удзелам беларускіх вучоных падрыхтаваны том “Словаўтварэнне/Намінацыя” (Opole, 2003). У гэтым выданні працэсы развіцця лексікі і словаўтварэння ў беларускай мове ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стст. разгледжаны на шырокім славянскім фоне з пазіцый тэндэнцыі да інтэрнацыяналізацыі і тэндэнцыі да нацыяналізацыі. Як паказваюць матэрыялы даследавання, менавіта гэтыя дзве тэндэнцыі, спецыфічна ўзаемадзейнічаючы і перасякаючыся, вызначаюць сутнасць сучасных працэсаў у лексіцы і словаўтварэнні фактычна ўсіх славянскіх моў. Для беларускай мовы, якая развіваецца і функцыянуе выключна ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, асаблівую актуальнасць набывае тэндэнцыя да нацыяналізацыі, якая з’яўляецца своеасаблівай рэакцыяй на папярэдні этап развіцця сістэмы беларускай мовы і мае выразнае адценне “дэрусіфікацыі”.  

Беларускія славісты прымаюць актыўны ўдзел у працы многіх камісій, што акрэдытаваны пры Міжнародным камітэце славістаў. Гэта садзейнічае ў першую чаргу ўвядзенню беларускага матэрыялу ў шырокі славістычны кантэкст, Напрыклад, толькі Камісія па славянскім словаўтварэнні пры МКС, у рабоце якой удзельнічаюць і беларускія моваведы, за 17 гадоў свайго існавання правяла 14 міжнародных канферэнцый, падрыхтавала і выдала ўнікальны цыкл прац па актуальных праблемах славянскага словаўтварэння: Новыя шляхі вывучэння словаўтварэння славянскіх моў (Neue Wege der slavistischen Wortbildungsforsghung: 2. Tagung der Internationalen Kommission für slavische Wortbildung, Magdeburg, 9.–11.10.1997, Sonderdruck, 1999); Словаўтварэнне ў яго адносінах да іншых сфер мовы (Словообразование в его отношениях к другим сферам языка: Materialen der 3. Konferenz der für slawische Wortbildung beim Internationalen Slawistenkomitee Innsbruck, 28.09.–1.10.1999. Innsbruck, 2000); Словаўтварэнне і іншыя спосабы намінацыі (Słowotwórstwo a inne sposoby nominacji: Materiały z 4 konferencji Komisji Słowotwórsrwa przy Międzynarodowym Komitecie Slawistów. Katowice 27–29 września 2000. Katowice. 2000); Славянскае словаўтварэнне: семантыка і камбінаторыка (Slavische Wortbildung: Semantik und Kombinatorik: Materialen der 5. Internationalen Konferenz der Kommission für slavische Wortbildung beim Internationalen Slavistenkomitee. Luterstadt Wittenberg, 20–25. September 2001); Праблемы тэорыі і гісторыі славянскага словаўтварэння: Даклады Шостай Міжнароднай канферэнцыі Камісіі па славянскаму словаўтварэнню пры Міжнародным камітэце славістаў. Мінск/Беларусь. 2 – 6 сакавіка 2003 г. Мн., 2004; Моўныя катэгорыі і славянскае словаўтварэнне: Даклады VІІІ Міжнароднай канферэнцыі Камісіі па славянскаму словаўтварэнню пры Міжнародным камітэце славістаў (Берлін, 13–18 лістапада 2005) (Sprahcliche Kategorien und die slawische Wortbildung. Hanna Burkhardt/Alicja Nagόrko (Hg.). Hildesheim – Zürich – New York, 2007); Функцыянальныя аспекты словаўтварэння: Даклады ІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі Камісіі па славянскаму словаўтварэнню пры Міжнародным камітэце славістаў. Мінск / Беларусь 9 – 14 кастрычніка 2006 г. – Мн.: ВТАА “Права і эканоміка”, 2006); Словаўтварэнне і лексікалогія (Словообразуване и лексикология: Доклади от Десета международна конференция на Комисията по словянско словообразуване при Международния комитет на славистите, София, 1 – 6 октомври 2007 г. – София: Университетско издателство “Св. Климент Охридски”, 2009); Новыя з’явы ў словаўтварэнні: сістэма і функцыянаванне. (Новые явления в словообразовании: система и функционирование: Доклады ХІ Международной научной конфереции Комиссии по славянскому словообразованию при Международном комитете славистов.   24–26 марта 2009 г., МГУ им. М.В. Ломоносова // Славянские языки и культуры в современном мире : труды и материалы : дополнения, Москва, 24–26 марта 2009 г. / Моск. гос. ун-т ; сост. О.В. Дедова, Л.М. Захаров; под общ. рук. М.Л. Ремневой. – М. , 2009); Адлюстраванне гісторыі і культуры народа ў словаўтварэнні (Відображення історії па культури народу в словотворенні: Доповіді ХІІ Міжнародної наукової конференції Комісії зі слов'янського словотворення при Міжнародному комітеті славістів (25 – 28 травня 2010 р., Київ, Укриїна) / Упорядкування та наукове редагування Н.Ф. Клименко і Є. А. Карпіловської – К.: Выдавничий дім Дмира Бураго, 2010); Славянскае словаўтварэнне: сістэма і тэкст (Słowotwórstwo słowiańskie: system і tekst: Prace Komisji przy Mędzynarodowym Komitecie Slawistów. Seria 13. Pod red. Jerzego Sierociuka. – Poznań, 2012); Словаўтвварэнне і яго рэсурсы ў славянскіх мовах (Творба речи и ŋени ресурси у словенским jезицима: Зборник радова са четрнаесте меħународне научне конференцjе Комисиjе за творбу речи при Меħународном комитету слависта. – Београд, 2012).  

Беларускія вучоныя таксама актыўна працуюць у такіх камісіях, як камісія Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа, Этымалагічная камісія, Камісія па славянскай лексікалогіі і лексікаграфіі, Этналінгвістычная, Фразеалагічная, Граматычная камісіі, Камісія літаратурных моў, Біблейная камісія і інш. Усяго пры Міжнародным камітэце славістаў акрэдытаваны 35 камісій, што сведчыць перш за ўсё пра шырыню дыяпазону славістычных даследаванняў у пачатку ХХІ ст.    

Таму цалкам заканамерна і зразумела, што беларускія вучоныя заўсёды прымалі актыўны ўдзел у міжнародных з’ездах славістаў, якія маюць выключна важнае значэнне для развіцця славістыкі ў ХХ – ХХI стст. Як вядома, гэтыя з’езды – буйнейшыя навуковыя славістычныя форумы, якія рэгулярна праводзяцца адзін раз у пяць гадоў па чарзе ў славянскіх краінах. Першы з’езд адбыўся ў Празе (Чэхаславакія, 1929), другі – у Варшаве (Польшча, 1934), трэці – у Бялградзе (Югаславія, 1939. З’езд быў падрыхтаваны, але не адбыўся ў сувязі з нападзеннем 1 верасня 1939 года фашысцкай Германіі на Польшчу. Арганізатары адмянілі з’езд у знак салідарнасці са славянскай краінай, якая падверглася агрэсіі. Пасля вайны быў выдадзены зборнік дакладаў і ў 1955 годзе ў Бялградзе праведзена Міжнародная славістычная канферэнцыя, якая лічыцца працягам і завяршэннем ІІІ МЗС), чацвёрты – у Маскве (СССР), пяты – у Сафіі (Балгарыя, 1963), шосты – у Празе (Чэхаславакія, 1968), сёмы – у Варшаве (Польшча, 1973), восьмы – у Заграбе – Любляне (Югаславія), дзявяты – у Кіеве (СССР), дзясяты – у Сафіі (Балгарыя, 1988), адзінаццаты – у Браціславе (Славакія, 1993), дванаццаты – у Кракаве (Польшча, 1998), трынаццаты – у Любляне (Славенія), чатырнаццаты – у Охрыдзе (Македонія). За час, што прайшоў з першага Міжнароднага з’езда славістаў вельмі істотна правялічылася колькасць, а таксама геаграфія ўдельнікаў гэтых аўтарытэтных  навуковых форумаў.

Міжнародныя з’езды славістаў, у рабоце якіх прымаюць удзел вучоныя усіх славянскіх краін, большасці еўрапейскіх, а таксама ЗША, Канады, Ізраіля, Аўстраліі, Японіі, садзейнічаюць не толькі пашырэнню славістычных даследаванняў, але і дапамагаюць распаўсюджанню ва ўсім свеце ведаў пра славянскія народы, іх мовы, літаратуры і культуры. Рэгулярнае правядзенне з’ездаў славістваў садзейнічае таксама аб’яднанню славянскіх народаў, захаванню і ўмацаванню славянскай ідэнтычнасці ў сучасным глабалізаваным свеце. 

Міжнародныя з’езды славістаў арганізоўвае Міжнародны камітэт славістаў, які быў створаны ў 1955 годзе. Яго асноўнай задачай з’яўляецца каардынацыя славістычных даследаванняў у свеце і падрыхтоўка і правядзенне Міжнародных з’ездаў славістаў. МКС дзейнічае на падставе Статута, прынятага на 28 пленарным пасяджэнні МКС (Італія, Урбіна, 21 кастрычніка 1994 года). На сённяшні дзень у склад МКС уваходзяць прадстаўнікі 40 нацыянальных камітэтаў славістаў з розных краін свету.

  Беларускі камітэт славістаў існуе з 1959 года. Яго старшынямі былі акадэмік П.Ф. Глебка, члены-карэспандэнты M.P. Суднік і А.I. Жураўскі, акадэмік I.Я. Навуменка. Зараз Беларускі камітэт славістаў узначальвае член-карэспандэнт НАН Беларусі А.А. Лукашанец. Пры Міжнародным камітэце славістаў працуюць 35 спецыялізаваных камісій, якія вядуць пастаянную даследчую работу па розных галінах славяназнаўства. Камісіі рэгулярна праводзяць навуковыя нарады і канферэнцыі ў розных славянскіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

У першым з’ездзе славістаў у Празе (1929) прымаў удзел добра вядомы ў славістычных колах беларускі мовавед прафесар П.А. Бузук, які выступіў з наватарскім дакладам “Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы”. Яго даклад, а таксама “Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі” (Мінск, 1928) і першы ў славянскім свеце дыялекталагічны атлас, выдадзены ў якасці дадатка да вышэй названай працы, заклалі падмурак новага навуковага напрамку ў славянскай дыялекталогіі  - лінгвагеаграфічнага. Менавіта ў рэчышчы гэтага напрамку пад эгідай Міжнароднага камітэта славістаў распрацоўваецца буйнейшы славістычны праект ХХ – ХХІ стст. “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас”, у выкананні якога прымаюць удзел вучоныя ўсіх славянскіх краін і Германіі.

Пачынаючы з ІV (Масква, 1958) Міжнароднага з’езда славістаў беларускія вучоныя ўдзельнічаюць у іх рабоце рэгулярна. Асабліва значным гэты ўдзел становіцца з канца ХХ стагоддзя, што можна разглядаць як сведчанне высокага ўзроўню славістычных даследаванняў у Беларусі і іх прэстыжу ў славянскім свеце.

Таму невыпадкова, што чарговы, ХV-ы Міжнародны з’езд славістаў адбудзецца менавіта ў Мінску (Рэспубліка Беларусь) у жніўні 2013 года. Рашэнне аб яго правядзенні прынята на пленарным пасяджэнні Міжнароднага камітэта славістаў у Охрыдзе ў час работы  ХІV Міжнароднага з’езда славістаў. У яго рабоце па папярэдніх заяўках павінны прыняць удзел каля 800 вучоных  больш чым з 30-ці краін Еўропы, а таксама Аўстраліі, Ізраіля, Канады, ЗША і Японіі, якія выступяць з дакладамі на пленарных і секцыйных пасяджэннях, на пасяджэннях тэматычных блокаў, круглых сталоў і камісій, акрэдытаваных пры МКС.

Тэматыка ХV Міжнароднага з’езда славістаў адлюстроўвае як традыцыйныя праблемы славістыкі (напрыклад, славянскія мовы ў параўнальна-гістарычным і арэальным аспектах і іх гісторыя ў сувязі з праблемамі этнагенэзу і глотагенэзу, праблема лакалізацыі славянскай прасторы, славянская этымалогія і анамастыка, гістарычнае апісанне славянскіх моў і дыялекталогія, гістарычная граматыка славянскіх моў, славянскае пісьменства на розных этапах яго развіцця і кірыла-мяфодзіеўская традыцыя ў славян, супастаўляльныя даследаванні розных узроўняў сістэм сучасных славянскіх моў; славянскі фальклор, міфалогія і традыцыйная духоўная культура славян, праблемы і перспектывы кампаратыўнага даследавання славянскага фальклору, аўтэнтычны фальклор і адлюстраванне ў ім ментальных асаблівасцей славянскіх этнасаў, гісторыя славянскіх літаратур і аналіз мастацкага тэксту, славянскія літаратуры ў кантэксце еўрапейскага і сусветнага культурна-гістарычнага працэсу, праблемы літаратурнага ўзаемадзеяння ў рамках Slavia Orthodoxa і Slavia Romana, сінтэз фальклору і біблейскіх традыцый у славянскіх культурах, біблейскія пераклады і інш.), так і сучасныя актуальныя напрамкі сусветнай славістыкі (напрыклад, моўныя сітуацыі ў славянскім свеце, стан сучасных стандартных (літаратурных) моў, унутраныя і знешнія фактары ў фарміраванні і трансфармаванні славянскіх стандартных моў, тэндэнцыі развіцця славянскіх моў у пачатку ХХІ стагоддзя, моўная палітыка і экалінгвістыка, праблемы глабалізацыі і выкладання славянскіх моў, дыскурсіўны аналіз сучасных славянскіх моў, моўныя карціны свету ў славян, камп’ютарная і корпусная лінгвістыка і корпусы славянскіх моў, стварэнне і выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў; сучасныя формы фальклору і постфальклор, узаемасувязь і ўзаемадзеянне традыцыйных і сучасных форм славянскага фальклору, эстэтычнае і этычнае, нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў славянскіх літаратурах новага часу, значэнне літаратурных часопісаў у сацыяльна-палітычных зменах ў славянскіх краінах Новага і Навейшага часу, месца пісьменніка ў сацыяльна-палітычным жыцці эпохі; постмадэрнізм у прасторы традыцыйнага грамадства і класічнай кульутры, літаратура дыяспары і змены літаратурнага канону ў славянскіх краінах, роля маладзёжных субкультур у славянскіх літаратурах апошніх гадоў і г.д.).

У тэматыцы з’езда знайшла адлюстраванне і актуальная для беларуксай нацыянальнай славістыкі праблематыка: Палессе ў этнагенетычных і лінгвагеаграфічных даследаваннях, літаратурна-лінгвістычная сітуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім, феномен «простай мовы» і літаратурнага шматмоўя, кітабістыка як раздзел славістыкі, праблемы моўнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі, змешаныя формы маўлення, спецыфіка фарміравання беларускай літаратуры і інш.

Пра актуальнасць і дыяпазон славістычных даследаванняўу славянскіх і неславянскіх краінах сведчыць таксама і праблематыка тэматычных блокаў, якія будуць прадстаўлены ў праграме ХУ Міжнароднага з’езда славістаў: Электронныя выданні нелітаратурных вусных і пісьмовых тэкстаў; Змешанае маўленне ці змешаная сістэма: спантаннае і канвенцыянальнае змешванне кодаў у межах моўнага кантакту ў субстандартных моўных разнавіднасцях – Беларусь, Україна, Сілезія; Нацыянальнае і агульнаеўрапейскае ў славянскай фразеалогіі; Спадчына духоўнай песеннай культуры паміж славянскім Усходам і Захадам; Вобразы герояў і іх эвалюцыя ў сучаснай славянскай драматычнай літаратуры; Фальклор і фалькларыстыка ў свеце постмадэрнізму; Інтэграваны электронны славістычны фонд бібліятэк свету;  Славянскія нацыянальныя стылі: сучаснасць і перспектывы;  Інфармацыйна-пошукавыя  мовы ў сістэме славістычнай інфармацыі iSibislav: сёння і заўтра; Каштоўнасці ў культурна-моўным вобразе свету славян і іх суседзяў; Лінгвістыка дыскурсу і перспектывы яе развіцця ў парадыгме сучаснай славістыкі; Словаўтварэнне і новыя функцыянальныя стылі славянскіх моў; Лінгвістычная эпістэмалогія: гісторыя і сучаснасць;  Месца македонскай мовы ў славянскім і балканскім моўным свеце; Сацыялінгвістычныя фактары і змены ў славянскіх мовах на мяжы ХХ і ХХІ стст.; Паралельныя славянскія корпусы; Беларуская літаратура як мадэль развіцця “малых” славянскіх літаратур; Лацінская спадчына і яе ўплыў на развіццё ідэнтычнасці ў землях Польскай Кароны і  Вялікага Княства Літоўскага (XVI-XVIII стст.): гісторыя, мова, літаратура, мадэлюючыя вобразы культуры і ментальнасці; Граматыкі славянскіх моў: аснова тыпалогіі і характаралогіі; Граматыка ў слоўніку і слоўнік у граматыцы; Моўнае права і славянскія мовы; Паэтычная крэатыўнасць: афірмацыя (ці негацыяцыя?) у нацыянальным феномене (Пушкін, Міцкевіч, Багдановіч, Прэшарн, Маташ, Конескі); Паўднёваславянскія мовы ў сучасных умовах (канец ХІХ – пачатак ХХІ стст.); Славянская перыферыя – балканскі центр; Славянская анамастыка ў кантэксце культурна-моўных пераўтварэнняў.

Правядзенне ХV Міжнароднага з’езда славістаў у 2013 годзе ў Мінску стане важнай навуковай і культурнай падзеяй для Рэспублікі Беларусь, будзе садзейнічаць умацаванню і пашырэнню кола славістычных даследаванняў у ХХІ ст. у Беларусі і ў свеце, пашырэнню і паглыбленню ведаў пра славянскія народы, іх мовы, культуры і літаратуры ў сусветнай супольнасці, дазволіць прадэманстраваць міжнароднай навуковай грамадскасці дасягненні беларускай гуманітарнай навукі і нацыянальнай культуры.

 


[1] Падрабязней гл.: Антропаў М.П., Цыхун Г.А. Беларуская мовазнаўчая славістыка на з’ездах славістаў // Беларуская мова ў культурнай і моўнай прасторы Славіі: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 24–25 лістапада 2009 г.) / Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2009. С. 10–21.

А.А. Лукашанец

 

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Як зазначаюць многія даследчыкі, беларуская літаратура з далёкай старажытнасці развівалася ў кантэксце біблейска-хрысціянскай традыцыі.  Многія з літаратурных жанраў арганічна ўспрынялі яе асноўныя тэндэнцыі. Пры гэтым кожны з літаратурных жанраў выявіў свае с...
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі   МІЖНАРОДНАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «Беларусь У кАНТЭКСЦЕ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ГІСТОРЫІ: ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА, АСОБА» (Рэсп...
Рэвалюцыйныя падзеі кастрычніка 1917 г.  iстотна змянiлі палiтычную сiтуацыю i ўмовы рэалізацыі ідэі дзяржаўна-палітычнага самавызначэння Беларусі. 24 кастрычніка ў Петраградзе пачалося ўзброенае паўстанне. Да раніцы 25 кастрычніка Часовы ўрад быў звергнуты. У...