Категории

Сватанне

3 минуты на чтение

Сватанне (сваты) (у якасці пастаноўкі выступае ў г. Масты) – першы з этапаў вясельнай абраднасці. Зрэдку яму папярэднічалі “пярэгляды” (узаемныя аглады гаспадаркі патэнцыяльных жаніха і нявесты). С. адбываліся часцей за ўсё восенню, а таксама ў зімовы мясаед альбо вясной пасля посту. Днямі, спрыяльнымі для сватання, традыцыйна лічыліся аўторак, чацвер і субота. Перавагу часце аддавалі ўсё ж субоце. Галоўнай фігурай у абрадзе С. быў сват, якога выбіралі са сваякоў альбо суседзяў. Сват павінен быць абавязкова жанатым, не надта маладым, па магчымасці заможным, а таксама вызначацца дасціпнасцю, гаварлівасцю і веданнем рытуала. Жаніх, хаця яго прысутнасць пры С. згодна рэгіянальнай традыцыі была абавязковай, не выконвае ў рытуале актыўнай ролі. У залежнасці ад таго, ці была папярэдняя дамоўленасць паміж сем’ямі, у С. ехалі альбо голасна, на ўпрыгожаных конях з падвязанымі хвастамі, са званочкамі (“шэлестунамі”, “бразгунамі”), альбо паціху, каб ніхто не бачыў, каб не было сораму ад людзей у выпадку адмовы. У некаторых вёсках, асабліва калі аб С. загадзя было вядома, моладзь бегла пад вокны паглядзець, што там за хлопец.

         Першым уваходзіў у хату сват, ён жа пачынаў размову. Пасля прывітання сватоў запрашалі ў хату (да гэтага моманту не можна было пераходзіць першую бэльку ў хаце). Пасля пачыналася размова, часцей за ўсё іншасказальная: пра падарожніікаў, што збіліся з дарогі, пра купцоў, што прыехалі па тавар. Дзяўчына пры гэтай размове не прысутнічае. Пасля таго, як бацькі пагавораць са сватамі, запрашаюць дзяўчыну. Ня гледзячы на тое, што яшчэ ў міжваенны час большасць шлюбаў заключалася па дамоўленасці паміж бацькамі, фармальная згода дзяўчыны была абавязковай. Сваты з сабой бралі бутэльку гарэлкі, рытуал прыняцця якой і вызначаў адносіны як бацькоў, так і дзяўчыны да магчымага шлюбу. У розных вёсках былі свае адметнасці рытуалу. Абагульняючы ўсе разнастайныя звычаі можна адзначыць, што засцедены стол (у залежнасці ад мясцовай традыцыі, гэта рабіў сват альбо бацькі дзяўчыны) быў добрым знакам. У выпадку, калі стол засцілаў сват, то ў знак згоды тую сурвэтку забіралі і выносілі пачастунак. Дзяўчына сваю згоду ці нязгоду выказвала піццём гарэлкі, прынесенай сватамі. Яна сама налівала сабе ў кілішак гарэлкі і ў выпадку згоды выпівала, трохі пакідаючы недапітай, пасля чаго звычайна пераварочвала той кілішак на бутэльку (гэта называлася “навярнуць чарку”). У выпадку нязгоды дзяўчына толькі прыгублівала гарэлку, а рэшту пераварочвала на стол. Часам дзяўчына проста адмаўлялася піць і выходзіла з хаты.  У выпадку адмовы сватам патрэбна было вярнуць гарэлку. Сяброўкі дзяўчыны, даведаўшыся аб адмове, рыхтавалі вянок з гарохавіння (накладваўся на шыю каню), утыкалі дзяркач у воз. Часам пакрыўджаня сваты рабілі пэўныя захады, каб тая дзяўчына як мага долей не прымала сватоў. Дзеля гэтага, напрыклад, імкнуліся зачыніць за сабой вароты.

Калі дзяўчына не падабалася хлопцу, то ён таксама мог адмовіцца піць пры сватанні, альбо потым заплаціць за пачастунак.

Свае адметнасці былі і пры першым прыездзе сватоў. Ім адмаўлялася ў мягкай форме яшчэ бацькамі: “дачка маладая”, “на гаспадарцы рукі птрэбныя”, “трэба падумаць”. Гэта азначала, што ў гэты вечар абяцанне дадзена не будзе, але сватоў прымуць іншым разам. Гэтая акалічнасць вынікала з уяўлення аб тым, што непрыстойна аддаваць дачку за першага, хто пасватаецца. Чым болей розных сватоў прыязджалі сватаць дзяўчыну, тым болей гонару яны ёй рабілі. Рэспандэнты ўспамінаюць аб “слаўных” дзяўчынах, што прымалі да 40 сватоў.

Здаралася таксама, што некалькі сватоў прыязджалі ў адну хату адначасова. У гэтым выпадку дзяўчына “наварочвала чарку” на бутэльку абранніка, а астатнія ўжо ад жаніха атрымлівалі кампенсацыю за выдаткі на сватанне.

Калі згода на шлюб атрымана, то пачыналася застолле, падчас якога прызначаўся час запоін, а таксама вызначаўся памер пасагу, што давалі за дзяўчынай.

І.С. Чарнякевіч

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp