Драматычны тэатр Беларусі і яго мастацкая школа (акцёрская і рэжысёрская) на працягу ХХ ст. прайшлі адметны, – з разнастайнымі своеасаблівымі жанрамі, формамі, стылявымі напрамкамі, – шлях творчага развіцця. Асабліва значнай з’явай нацыянальнага тэатральнага мастацтва другой паловы ХХ ст. стала адкрыццё ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце кафедры рэжысуры, якая стала падмуркам узнікнення і развіцця нацыянальнай рэжысёрскай школы. На ёй сфарміраваліся адмысловыя, шырокія ідэйна-творчыя і навукова-метадалагічныя падыходы і характэрныя прынцыпы ў вырашэнні галоўнай задачы тэатральнай адукацыі – падрыхтоўкі і выхавання высокакваліфікаваных прафесійных творцаў.
Дысертацыя з’яўляецца першым ў айчынным тэатразнаўстве комплексным даследваннем рэжысёрскай адукацыі ў сістэме драматычнага тэатральнага мастацтва Беларусі. Шматгранны і ўсебаковы аналіз нацыянальнай рэжысёрскай адукацыйнай сістэмы спрыяў выяўленню індывідуальных вучэбна-выхаваўчых стыляў, напрамкаў і педагагічных метадаў. Абапіраючыся на факталагічны матэрыял, сабраны з розных тэатразнаўчых і архіўных крыніц, аўтар цэласна аналізуе праблемы генезісу беларускай рэжысёрскай школы.
Значная гістарычная адлегласць (ад другой паловы ХХ ст. да 2010 г.) дазваляе паслядоўна і сістэмна даследаваць складаныя творчыя працэсы развіцця беларускай рэжысёрскай школы, выявіць і абагульніць як заканамернасці, так і асаблівасці гэтай адукацыйнай з’явы ў нацыянальнай тэатральнай культуры.
Актуальнасць тэмы даследвання звязана з няспынным развіццём і трансфармацыяй тэатральнага мастацтва, пастаянным з’яўленнем новых напрамкаў у драматычным тэатры, і, адначасова, перайманнем «модных» тэндэнцый ў рэжысуры і тэатральнай педагогіцы, што ў сваю чаргу пагражае занядбаннем, а ў магчымым будучым і нівеліроўкай нацыянальнай рэжысёрскай школы і аўтэнтычнай беларускай рэжысуры ўвогуле. Станоўчае вырашэнне гэтай праблемы патрабуе пошуку новых падыходаў і методык да падрыхтоўкі прафесійных рэжысёраў, што, у сваю чаргу, немагчыма без дэталёвага вывучэння вытокаў узнікнення нацыянальнай рэжысерскай школы. Праведзенае даследванне дзейнасці шэрагу слынных рэжысёраў-педагогаў з пункту гледжання суаднесенасці іх дасягненняў з сусветнымі рэжысёрска-педагагічнымі працэсамі другой паловы ХХ – першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. стане карысным дапаможнікам у падрыхтоўцы маладых беларускіх рэжысёраў ХХІ ст., і для тэатральных школ увогуле.
Сохар Максім Юр’евіч