Категории

Духоўна-хрысціянскія матывы ў паэзіі Дануты Бічэль

10 минут на чтение

Данута Бічэль – аўтарытэтнае імя для нашага горада. Аўтарка больш як дваццаці паэтычных зборнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож». Муза паэтэсы знаходзіць апірышча ў самым святым і непераўзыдзеным ва ўсе часы – спадчыннай памяці. Вера ў адраджэнне нацыі, яе суверэнітэту бярэ ў натхняльнікі і высокі дух продкаў, і вялікую міласэрнасць Бога.

Актуальнасць даследавання відавочная. Па-першае, гэта кроўнае далучэнне да нацыянальнай гісторыі, да святынь тутэйшай зямлі. Па-другое, наша зямлячка Д.Бічэль – нястомная захавальніца культурнай спадчыны Гародні: усё яе жыццё было звязана з Гародняй, што неўзабаве прымушала задумацца аб духоўна-высокім, боскім. Нездарма ж і Караткевічаў Хрыстос прызямліўся ў Гародні. I, па-трэцяе, гэта богашуканне Дануты Бічэль як апантанай ахоўніцы беларушчыны, калі беларуская мова ўваходзіць у касцёл. Духоўнае ачышчэнне і прычашчэнне яе існасці ўзнаўляецца праз святыню малітвы. Сапраўды, як заўважыў Паскаль, зямную навуку трэба зразумець, каб палюбіць, боскую навуку трэба ж палюбіць, каб зразумець. «Больш не баюся анічога, // Iду сцяжынаю да Бога» [1, с. 6], – моліцца паэтэса-верніца ў катэдры Францішка Ксаверыя, свайго ахоўніка.

Зварот да біблейскіх матываў у беларускай паэзіі асабліва відавочны на памежжы ХХ-ХХІ стст. Тэма Веры, Уваскрэсення, філасофскае асэнсаванне біблейскіх матываў родніць вершы-малітвы, літанія, пацеры, ясачкі, ахвярынкі многіх аўтараў: гэта Алег Бембель (Зніч), Рыгор Барадулін, Данута Бічэль, Анэля Тулупава, Галіна Тварановіч, Алена Яскевіч, Ларыса Раманава, Ала Нікіпорчык і многія іншыя. Найперш гэта высокая спавядальнасць перад Богам і Беларуссю.

Ад старажытных мясцінаў Гародні, ад журботных спеваў рачулак, ад шуму лясных дуброў бярэ свой пачатак творчасць Дануты Бічэль. Любоў да роднай зямлі, да любых воку мясцінаў, да роднай мовы і культуры беларусаў пабудзілі жаданне ў паэткі «сказаць свету пра тых, каго іншыя не ведаюць, аб тым, аб чым іншыя за мяне не скажуць» [2, с. 26]. Пачатак біяграфіі Дануты Бічэль, як і яе вершаў, цалкам ляжыць у песенным вытоку, у песні нашага народа, бо ў вясковай мясцовасці, дзе нарадзілася паэтка, песня з’ўяўлялася неад’емнай часткай жыцця, песня народа – працяг яго жыцця.

Жыццёвы шлях Дануты Бічэль пачаўся ў нялёгкія перадваенныя гады на хутары Загасцінец, які ў Лідскім раёне. Паэтка нарадзілася ў сям’і каталікоў. Менавіта адсюль бачыцца пачатак, начынне сапраўднай веры, адсюль у вершах паэтэсы такі шчыры, балесна-выпакутаваны дыялог з Айцом нашым Нябесным. Нарадзілася Данута Бічэль у 1938 годзе ў вёсцы Біскупцы на нашай Гарадзеншчыне, акурат перад пераменай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэта быў час імклівых перамен, калі будучая паэтэса скончыла ў Навагрудскую педагагічную вучэльню, а ў далёкія 60-ыя гады мінулага стагоддзя, закончыўшы аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні.

У друку Д.Бічэль выступае з 1958 г.. Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Ты не самотны» (1997), «Снапок» (1999). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985). Аўтар мастацка-дакументальнай кніг эсэ «Хадзі на мой голас» (2008), «Мост Святога Францішка» (2012). Вершы Дануты Бічэль перакладзены на 13 моў свету, у тым ліку – англійскую, польскую, літоўскую, украінскую, хіндзі і інш. Выйшлі кнігі паэзіі на польскай мове «Ty to ty» (1981), на рускай – «Белая Русь» (1969), «Там, где ходят босиком» (1990). Паэтка актыўна займаецца перакладам з польскай мовы. Гэта найперш творы духоўнай паэзіі. У яе перакладзе выйшла кніга пра знакамітага святара айца Мельхіора Фардона, пераклала паэзію Яна Паўла 2, пераклала (разам з Хрысцінай Лялько) кнігу польскага паэта – ксяндза Яна Твардоўскага «Разам з табою».

Духоўныя вершы Д.Бічэль нараджаліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя і ўвайшлі ў кнігі: «Божа, мой Божа» (1993), «На белых аблоках сноў» (2002), «Стакроткі ў вяночак Божай Маці: Да 500-годдзя Будслаўскага касцёла» (2004), «Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы: Вершаваная батлейка» (2005), зборнік вершаў «Нядзелька» (1998), цыкл вершаў  «Ойча наш…» (2008), «Іду сцяжынаю да Бога» (2012).

Біяграфія Д.Бічэль звязана з Гародняй, з яе старажытнымі мясцінамі, з Нёманам. У самым цэнтры яе лірыкі відавочны вобраз Нёмана. «Прынёманская спявае», – так гаварылі ў 60-я гады пра нашу зямлячку. Вобраз Нёмана ўспрымаўся пісьменніцай вельмі глыбока, па-філасофску мудра. На пачатковым этапе творчасці Нёман намаляваны чыстымі, светлымі, радаснымі і жыццясцвярджальнымі фарбамі. Чаго не скажаш пра вершы позняга часу: у іх неспакой, трывога, душэўная нестабільнасць. Разам з тым найбольш яскрава ў Д.Бічэль выяўляецца імкненне паказаць усю панараму сваіх пачуццяў. Гэта і боль, і радасць, і нялёгкае жыццё жанчыны. Сёння ў творчасці паэтэсы пераважаюць духоўны-хрысціянскія матывы. Відаць, гэта невыпадкова, бо кожны чалавек у сталым веку свайго жыцця звяртаецца да Бога, пачынае шукаць адказы на вечныя пытанні. І, зразумела, дыялог з Богам набывае іншы, сакральны сэнс.

Натуральна, многія даследчыкі не абыходзілі асобу Дануты Бічэль. Сапраўды, бібліяграфія паэтэсы зайздросна багатая на вядомыя літаратурныя імёны: Генадзь Бураўкін, Рыгор Бярозкін, Вячаслаў Рагойша, Рыгор Семашкевіч, Юрый Сураўцаў, Валянцін Тарас, Любоў Тарасюк і інш. «Увогуле ж імя паэткі Дануты Бічэль бясспрэчна і даўно – сярод тых, хто вызначае літаратурнае быццё Беларусі. І напісана пра яе! І якімі пёрамі!» [3, с 40], – праўдзіва адзначае крытык Ала Сямёнава ў сваiм артыкуле «На белых аблоках сноў». Тут, у артыкуле, робiцца акцэнт на спалучальнасцi народнага i глыбока-фiласофскага складу вершаў паэткi Д. Бічэль. Больш за тое, А. Сямёнава заўважае метафiзiчны падзел паэткай iснавання дабра i зла, iх знаходжанне адносна Бога i разам з тым у чалавечым быцці: «Не так спазнаная гістарычная рэальнасць, як мастацкі свет паэткі, вызначаныя ёю этычныя і эстэтычныя арыенціры мінулага – паэтычныя светапоглядныя пункціры: прыгадвайце, памятайце, вучыцеся! Не. Барані Божа, ніякай дыдактыкі. Высокія імгненні учынкаў, волевыяўленняў, памкненняў...» [3, с. 41]. Мела рацыю даследчыца Л. Тарасюк у наступным выказванні: «Цяжка назваць другога паэта з такой прывязанасцю да геаграфіі роднай зямлі, з такой канкрэтнасцю бачання, з такой павагай да кожнага – не безыменнага! – куточка Бацькаўшчыны» [4, с. 172]. Або, у сугалоссе сказанаму, гарадзенская паэтэса, літаратуразнаўца А. Нікіпорчык слушна заўважыла: «Гісторыя ў Д.Бічэль не нешта мёртвае, застылае, а хутчэй – паяднанне з днём сённяшнім: лірычная гераіня верша (в. «Вандроўка па Гародні з Уладзімірам Караткевічам вясной 1965 года». – Дз.Н.) нават знаходзіць падабенства паміж апосталам, што з раскрытай кнігай, у фарным касцёле і Уладзімірам Караткевічам. Гісторыя ў яе – як залог будучыні, нават – як абавязковая ўмова гэтай будучыні» [5, с. 98]. Гісторыя – яе маральнае апірышча. Як няўрымслівая зберагальніца пошук свайго радаводу вядзе яна ад святой падзвіжніцы Ефрасінні, Ф.Скарыны і С.Полацкага, Давыда Гарадзенскага і Ягайлы, братоў-друкароў Мамонічаў і Б. Тарашкевіча, Т. Касцюшкі і К. Каліноўскага (в. «Ефрасіння Полацкая», «На пляцы пятлі», «Вера», «Вулка Паўстання», «Літанне» , «Балада Полацкага гарадзішча», «Балада пра князя Усяслава Чарадзея» і інш.).

Асэнсаванню духоўна-хрысціянскіх матываў у паэзіі Д. Бічэль належыць крытычнае слова Алы Петрушкевіч і Аляксея Пяткевіча, Марыі Новік і Алы Нікіпорчык, Ніны Мацяш і Алы Сямёнава, Тамары Чабан і Леаніда Галубовіча і многіх іншых. Так, напрыклад, М. Новік у сваім артыкуле «З намі Нёман, з намі Бог» бачыць значэнне вершаў-малітваў паэткі ў наступным: «І песня-малітва яднае Неба і Зямлю, блізкае і далёкае родным словам душы беларусаў, кліча да вышыняў Духу, да якіх дадзена Богам узняцца чалавеку» [6, с. 57].

Для паэткі-верніцы, каталічкі Дануты заўсёды было ўсведамленне, што Бог – Творца, і толькі Ён усё стварае, акрамя зла і ўсяго, што знішчае духоўнае светаадчуванне чалавека. Паэтка разумее, што ёсць выйсце, але каб знайсці яго, трэба быць самаахвярным і з пакутніцкім святлом у душы. Светаўсведамленне вернiцы-каталiчкi, сапраўднай хрысцiянкi Дануты, выразнае i дакладнае, павучальнае i мудрае:

цуд абнаўляе абраз аж святлее хаціна

проста і шчыра на мове суседняй зямлі

долі і шчасця просім у Божага Сына [7, с. 15].

Абраз i вобраз – цi не падобныя па гучанні, цi не падобныя гэтыя паняцці семантычна?.. Вобраз абнаўлення абразу цi не ўсведамляецца як зварот наш да вытокаў, усiх нас разам, беларуса ?...

А вобраз спалучэння нябеснага з зямным! Цi не знаходка гэта для аўтарскага, балеснага ў вершы «Малітвачка ў ціхай патрэбе»:

Малітвачка ў ціхай патрэбе             

Божа будзь са мной у сне  

сёння заўтра і калісьці… [7, с. 8].

Ужо адно слова «калiсьцi» азначае смяротную сутнасць чалавека i адначасова яго бессмяротнасць – у дачыненні з Боскім. Малiцца ў «цiхай патрэбе» – найбольш выразны i сумленны выраз дыялога з Богам. Малiтва сцвярджаецца ў сваёй пакорлiвасцi, паслухмянасцi. Унутраны стан звароту ў «цiхай патрэбе» – непасрэдна i менавiта такое, якому якраз і павучае Хрыстос у этыцы малiтвы да Айца Нябеснага – у адзiноце пакою, ў адсутнасцi сведкаў, без рэкламнай пампезнасцi. «Цiхае» – значыць сарамлiвае, сапраўды набалелае, калi ўжо не iснуе іншага выйсця, калi няма асабiстых сiл для вырашэння.

Дануту Бічэль на працягу ўсяго жыцця суправаджае вера шчырая, надзейная, неўміручая. «Вера гэта заўсёды надзея на цуд». На цуд быць пачутай Богам, таму з такой шчырасцю і адкрытасцю звяртаецца да яго лірычная гераіня:

Ты о Мой Божа і Збаўца да Цябе працягваю рукі

Ты супакой мае думкі ды не трывож мае мукі

Ты не карай сваім гневам заходзь да мяне як дадому [7, с. 33].

Набліжае чалавека да Усявышняга моц малітвы, якая мае сакральнае значэнне. Малітва, як вядома, вельмі індывідуальна-інтымная для кожнага чалавека; у кожнага яна гучыць па-рознаму, мае розныя матывы гучання: гучанне жалю, прашэння, адчаю, падзякі. Гэта сугучча розных матываў, якія маюць непаўторную песенную форму. Так, яскрава выразнае гэтае сугучча ў цыкле вершаў Д. Бічэль пад назвай “Ойча наш”:

На ўзроўні навяртання, аддання, адхлання,

маўчання, дыхання, благання,

літаніі, ахвяраскладання,

малення да самаспалення... [7, с. 32].

Праз пакуты – набліжэнне да Бога. Бо нешта новае адкрываецца, нешта новае спазнаецца, нейкія глыбінныя сутнасці быцця, глыбіні Божыя... Перастварэнне, навяртанне – праз пакуты, асвячэнне – праз пакуты. Бо для хрысціяніна аснова тая вызнаецца ў добраахвотнай ахвяры, у прынятых на сябе пакутах Сына Божага... Гэта пачатак прысутнасці Боскага ў нас: праз Крыж Пана. На працягу ўсяго жыцця – гэтага высокага Божага дару:

Паспрыяў жа нам Бог нарадзіцца,

прытуліцца, уцелавіцца

у жыцейка ускрай гасцінца...

Бы ў шчаслівы сон — у жыццё.

Дзякуй, мілы Божа, за ўсё [7, с. 40].

Духоўна-хрысціянскія матывы ў паэзіі Дануты Бічэль – гэта не даніна модзе, а зусім натуральны водгук, спавядальны кліч-заклік любіць усё жывое, годнае, беларускае: маці, бацьку, сябра, нашу рачулку Нёман, нашу святыню Каложу, нашу спеўную мову. Каб умець бачыць і рабіць прыгажэйшай нашу Бацькаўшчыну, каб самому, урэшце, імкнуцца быць лепшым:

можна выйсці з духовай галечы

перад Богам высокім укленчыць

і згарэць перад Ім без агню [7, с. 13].

Душа паэтэсы далікатна датыкаецца да сакральна прыгожага пачуцця і ў вабным падарунку гродзенцам – зборніку вершаў «Нядзелька» (1998), дзе павучальна апавядаецца пра сям’ю, край, мову, Бога, што павінен вучыцца шанаваць маленькі беларус (гэта вершы «Каляды», «Анёлы Гародні», «Мама і тата», «Мой анёл», «Краю мой Нёман» і інш). Заўважым, як узнёсла-міла звяртаецца дзіцячая душа да Нябеснага Айца, што панавіта гучыць з вуснаў дзіцячай грамады:

Мы не можам жыць без Краю.

Мы не можам – хата з краю.

Наша хата, наш парог!

З намі Нёман, з намі Бог! [1, с. 81]

Хрысціянскія матывы ў дзіцячай паэзіі Дануты Бічэль (як і для дарослых) гэта «святая зямля нашых продкаў», «апора нашчадкаў», гэта зямля самой паэтэсы – руплівай зберагальніцы-абаронцы беларускага, духоўна-спадчыннага.

Такім чынам, Данута Бічэль паказала шляхі выйсця з духоўнай пустэччы: праз любоў, веру і надзею. У паэтычных радках Дануты боль і самота, а перадусім – любоў. Толькі праз боль, любоў і веру могуць нарадзіцца творы, сатканыя з прастаты і чысціні.

Духоўная лірыка і сама постаць паэткі Дануты Бічэль пабудзілі да стварэння ўласных паэтычных радкоў:

Малітоўнае слова Дануты,

Зберагло мяне ад пакуты,

Закранула ў душы святло

І праменьчыкам разлілося яно.

 

Белакрылы анёл сеў на плечы

Збараніў мяне ад пустэчы

І ад духоўнай галечы

Няўжо слова так лечыць?

 

Зберагу я любоў у сэрцы,

Каб ісці з Богам па сцежцы

Да вытокаў духоўнае веры

Незалежна ад стану Сусвету!

 

This article is devoted to christian motive in the poetry of Danuta Bichel. We have seen the advancement of lyric personage and his intimate world in Bichel poetry. We have heared her dialogue with God. The main aim of this work is the human world and his soul. This article is actual in our time. The necessity of discussing of this problem has been dictated faith and national language in modern society.

Н.М.Дзямчук

Наука-2015 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. М. Третьяков (гл. ред.)  [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2015. – 291 с.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

“Абнімаюць рукі  Беларусь…”:   Творчы партрэт Дануты  Бічэль Бязродная песня паэтава, што птах са сляпымі вачыма. Данута  Бічэль-Загнетава – якая паэтка айчынная! Анатоль Сыс Ад роднай беларускай зямлі, ад яе бяздонных крыніцаў і рэкаў, ад спеўнага пошуму л...
Далучанасць да высокіх хрысціянскіх ідэалаў, узнёслае ўслаўленне святыняў, прасветлены малітоўны настрой – гэта характэрная асаблівасць паэзіі Наталлі Арсенневай, знакамітай беларускай паэткі ХХ стагоддзя, аўтаркі духоўнага гімна-малітвы «Магутны Божа». Ужо ў ...
З матывам балю, бяседы, ігрышча непасрэдна звязаны арфічныя матывы, якія ў беларускай паэзіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. прагучалі надзвычай выразна, яскрава. Утварыўся праўдзівы аркестр, што мэтай свайго грання меў абудзіць заснулую душу беларускую да новага, ...