Категории

Паэзія Юркі Голуба

4 минуты на чтение

Радзіма паэта – вёска Горна Зэльвенскага раёна. Дата нараджэнна – 20 кастрычніка 1947 года. Выпускнік Зэльвенскай СШ, Юрка Голуб закончыў філфак БДУ. З 1970 года жыве ў Гародні, працаваў на абласным тэлебачанні, у газеце “Гродзенская праўда”, выдаў некалькі нумароў  часопіса “Галасы”, куды ўключаліся творы з літаратурнай старонкі абласной газеты, якая па ягоным сыходзе змарнела. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Узначальвае абласную раду Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Як адзначае А.М. Пяткевіч, “вершам паэта ўласціва вострае адчуванне драматызму сучаснасці, шчодрасць душэўнага самавыяўлення, валоданне сваім творчым голасам, непаўторнай манерай пісьма, якая вызначаецца лаканічнасцю, багатай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю, натуральнасцю рытміка-інтанацыйнага прамаўлення”.

Месца гарадзенскага паэта ў нашай сучаснай літаратуры своеасаблівае, адметнае. Так, яно параўнальна сціплае ў шэрагу тых выбітных творцаў ягонага пакалення, што заявілі пра сябе гучна, ярка, з-за характару таленту і не ў апошнюю чаргу з-за чалавечай сціпласці. Мяркуецца яшчэ і з-за таго, што гучнасць славы хутчэй даганяе ў сталіцы. Абыгрываючы вядомыя кожнаму аматару паэзіі Юркі Голуба створаныя ім вобразы, паэтка Людка Сільнова слушна зазначае ў артыкуле “Рыцар Дажджу”: “Ён заўжды заставаўся ў сваёй паэзіі-магіі нешматслоўным, як бы ў ценю. У смузе дажджу, пад зялёным голлем дрэваў, кустоў. Не, ён не быў шэрым – быў хутчэй “серабрыстым”. Нібы закаваны ў латы Рыцар Дажджу. З верным, празрыстым, як вецер, крылатым канём Пегасам за аброць…”

Поруч з скразным вобразам дажджу аўтарка артыкула вылучае вобраз травы ў паэзіі Юркі Голуба, які мае шмат сэнсаў, адценняў: “Паэт прыпадабняе траву душам людзей: “На сцежках былых перамог / выраслі нашыя душы”. Ён вызначае далей гераічную трываласць трываласць травы пад вятрамі і навальніцамі: “Нішто яе з ног не саб’е, / і грае яна без упынку”.  Наш рыцар робіць ёй амаль рамантычнае прызнанне: “І голас травы, між тым, / хвалюе, / бярэ, / непакоіць… / І сцелецца голас, як дым, / па сэрцы…” Трава ў Голуба падобная да нейкага абагульненага жаночага вобразу, сімвалу Вечнага жыцця, Вечнай Жаноцкасці, а ў нашае сістэме вобразнасці – да Прыгожае Дамы… Паэт-рыцар нават чуе словы яе ў адказ: “І шэпча трава: “Беларус, / цябе анідзе не забуду”, – як дама сэрца кажа на развітанне свайму каханаму перад дальнім паходам”.

“Зажураны камень” – першы і пакуль адзіны ў беларускім пісьменстве паэтычны зборнік, які цалкам складзены з вершаў класічнага жанру – трыялетаў. Гэтая кніга паўстала пад уплывам Максіма Багдановіча, чыя творчасць заўсёды вабіла гарадзенскага паэта, пра што ён сам піша ў невялікай трохабзацавай прадмове: “Няма прычыны хавацца, што зборнік з розных гадоў у адной вершаванай раме – трыялеце – з’явіўся пад уладным заклікам Максіма Багдановіча… Выбіраю для сябе рызыкоўную спробу: адчыніць даўнейшую ваконную раму трыялета ўласным дотыкам”. Гэтая спроба ператварылася ў цікавую карціну, што ўбачана за вакном, у дарозе і ў бездаражы, у бязмежнай далечы, у сённяшнім і мінулым. Што напоўнена любоўю і пяшчотай, трывогай і клопатам, мілым гумарам і журбой.

Літаратуразнаўца І.В. Жук, рэцэнзуючы “Трыялеты”, адзначае дынамізм колераў і адчуванняў першай часткі кнігі Юркі Голуба і зрокавую прадметнасць другой, адметнасць метафары, “па заглыбленасці асацыяцый блізкай да ўмоўнасці сімвалічнай,…застаецца на звышузроўні апазіцыйнага супрацьстаяння гуку і не-гуку, колеру і не-колеру, фантазіі і рэаліі”.

Сэнс цэнтральнага вобраза, што даў назву ўсяму зборніку, (дарэчы, месца і форма верша вельмі арыгінальныя ў кнізе: на тыльным баку вокладкі ў выглядзе аўтографа) літаратуразнаўца тлумачыць надзвычай арыгінальна: “Зажураны камень” пачынае ўяўляцца не грувасткім і цяжкім валуном, а магічным крышталем, “зажуранае” свячэнне якога пераламляе і сагравае знябожаную і беспрытульную зямлю”.

На пытанне беластоцкай паэткі Міры Лукшы пра вытокі паэтычнага натхнення Юрка Голуб адказаў наступнае: “Гэта як рэха тваёй душы, гэта як рэха тваёй біяграфіі. Калі не будзеш стаяць над тваёю душою, над сабой, з такім прымусам, … то тады не з’явяцца шчырыя радкі, якія зацікавяць чытача, прыцягнуць чалавечае вока і сэрца… Здараецца, што вершы з’яўляюцца спантанна, і толькі тады, калі ў іх закладзена значная думка, тады яны прынясуць задавальненне і чытачу, аўтару…”

Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую (Е. Марцінкевічам), рускую (В. Шленскім, В. Чэкіным, І. Бурсавым, Н. Кіслікам, Л. Хауставым, Б. Пчалінцавым, І. Сяргеевым), украінскую (Л. Танюком, Г. Кочурам, Я. Брынцавым, С. Літвіным, М. Сінгаіўскім), польскую (Я. Леанчуком) мовы. На польскай мове у перакладзе Яна Леанчука ў 2006 г. выйшла кніга “З-над Нёманскіх старон”. Гэта яму, Яну Леанчуку, належаць словы: “Юрка Голуб не толькі ацаляе беларускую мову, але і ўзбагачае яе. Варты будзе ён помніка ў Зэльве ці Гродне!..”

 

Петрушкевіч, А.М.

Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах: Дапаможнік / А.М. Петрушкевіч. – Гродна: ГрДУ, 2009.

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Уплыў Адама Міцкевіча на беларускую паэзію такі значны, што водгукі ягоных твораў сустракаюцца ў вершах многіх нашых паэтаў. І гэта зразумела, бо “слова Міцкевіча … заўсёды любае там, дзе жыве і квітнее сапраўдная паэзія” [1, c. 4]. Задача нашага даследавання ...