Янка Купала па праву лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пры напісанні сваіх твораў пясняр старанна адбіраў з народнай гаворкі найбольш яркія, трапныя словы, цэлыя выразы, адшліфоўваў іх у адпаведнасці з літаратурнымі нормамі.
Сярод такіх разнастайных мастацка-выяўленчых сродкаў, як эпітэты, параўнанні, метафары і г. д., Янка Купала выкарыстоўвае для апісання кантрасных з’яў рэчаіснасці антонімы, значнае месца сярод якіх займаюць антонімы-назоўнікі.
Па сваёй структуры антонімы-назоўнікі, што сустракаюцца ў мове твораў Янкі Купалы, неаднародныя. Разам з рознакаранёвымі (лексічнымі) антонімамі ёсць аднакаранёвыя (граматычныя) і кантэкстуальныя (антонімы маўлення). Спынімся падрабязней на адзначаных тыпах антонімаў-назоўнікаў.
І. Рознакаранёвыя (лексічныя) антонімы-назоўнікі. Гэта словы розных каранёў, якія, як правіла, заўсёды нясуць большую экспрэсіўна афарбаваную эмацыянальную нагрузку. Асноўная прыкмета антонімаў – супрацьпастаўленне – у рознакаранёвых лексемах выяўляецца больш рэзка.
З прааналізаваных твораў відаць, што Купала часта ўжывае такія пары рознакаранёвых антонімаў-назоўнікаў, як дзень – ноч, дабро – зло, лета – зіма, радасць – гора, жыццё – смерць, маладосць – старасць і інш.: «Дык пець буду табе, людзе, Каб працёр свае ты вочы! – А шмат лепей табе будзе, Як адрозніш дзень ад ночы» [1, І, с. 233]; «Дабро і зло – ў аднолькай мерцы; Свіння святыя думы блоце, Вужакі сыкаюць на сэрцы, Душа валяецца ў балоце» [1, І, с. 189]; «Над ёй сінее неба І сее непрыветы: То студзяць яе зімы, То паляць яе леты» [1, І, с. 63]; «Без часу прыжме, апануе Цябе неадчэпная старасць І моладасць скрыша ўдалую, Адгоне ад працы няздарасць» [1, І, с. 287]; «Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы, А сэрца трасецца, баліць: Што будзе тут скора – Ці радасць, ці гора?.. Вось дзверы адпёр і глядзіць…» [1, І, с. 356]; «К табе ж, брат мой, вецер, звяртаюся З закляццем-прысягай такою: На смерць і жыццё прысягаюся, На шчасце сваё маладое» [1, ІІІ, с. 306].
У ролі лексічных антонімаў-назоўнікаў выступаюць і субстантываваныя прыметнікі: «Не ўздыхай, мой родны! Знойдзеш, – прыйдзе свята: Слаўным, роўным станеш З бедным і багатым!» [1, ІІ, с. 147]; «Зрокся трону і кароны Сумны, трудны той «Стары», «Новы» сядзе на пасадзе Да сваёй гуляць пары» [1, ІІ, с. 160]; «На балі жыцця шумнага Не ўсім адзін абед, – Для дужага і слабага Не адналькоў прывет» [1, І, с. 291]. Тут адбываецца супрацьпастаўленне аднаго субстантыва другому. Сустракаюцца і адзінкавыя выпадкі супрацьпастаўлення субстантыва назоўніку: «Што йдуць, каб бедным і галодным Дзянькі сыцейшы зацвілі, Зрабіць нявольнага свабодным, Даць беззямельнаму зямлі» [1, І, с. 85]; «Заліты потам горкім вочы; Ці я малы, ці я старык, – Працую, як той вол рабочы, – Бо я мужык, дурны мужык» [1, І, с. 17].
Часам адзін з назоўнікаў, што ўступае ў антанімічныя адносіны, побач з дамінантым словам мае сінанімічныя да гэтага слова лексемы. Напрыклад, да слова шчасце Купала ўжывае ў якасці антонімаў словы гора, бяда, нядоля, жальба, жалоба: «Шчасце не прыходзе, Хоць дней клічу шмат, Гора не ўцякае, Хоць і выгнаць рад» [1, ІІ, с. 266]; «Эх! б’ецца, б’ецца хтось нямала Гаротна ў шчасці, то ў бядзе» [1, ІІ, с. 272]; «Ад нядолі тады пеці Ўжо не будзем болей, І так шчасце будзем меці: Воля будзе доляй!» [1, І, с. 183]; «Мы блаславілі неба воблік сіні, Што нашы думкі ўзносіў да сябе, І ў думках кланяліся той часіне, Што нас злучыла ў шчасці і ў жальбе» [1, V, с. 123]; «Паважайце тую птушку, Што крыўды не робе; Не цурайцесь роднай песні Ў шчасці і ў жалобе» [1, ІІІ, с. 194]. Да слова смех аўтар падбірае сінанімічныя паміж сабой лексемы-антонімы слёзы, смутак, стогн: «Як зайграе ў лесе хохлік, – Замірае песень воклік; Як зачэпіць мох і лозы, – Аджываюць смех і слёзы… » [1, ІІІ, с. 23]; «Засталіся толькі песні, Ды што з імі будзе: Доля смуткам аплятае, Смехам бэсцяць людзі» [1, ІІІ, с. 55]; «Думы маркотныя, Думы гаротныя, Труціце быт мой сірочы, Смех стогнам крыецца, І ў сэрцы ныецца, І плачуць жаласна вочы» [1, І, с. 24]. «Такія варыянты, – адзначае Л. А. Новікаў, – адрозніваюцца адзін ад аднаго адценнямі свайго значэння, стылістычнай афарбоўкай… Варыянты звязаны паміж сабой сінанімічнымі адносінамі» [2, с. 16].
Асобна трэба разгледзець і прагматычныя антонімы, якія даволі часта сустракаюцца ў Купалавых творах. Гэта такія пары, як агонь – вада, суша – мора, сон – ява, неба – зямля, будні – святы, рай – пекла і інш. Л. А. Новікаў указвае, што «супрацьпастаўленне выражаецца тут не чыста семантычна, а шляхам частага вобразнага ўжывання ў мове ўзаемна супрацьпастаўленых лексічных адзінак» [2, І с. 16]. Напрыклад: «Мо і лёгкія дні… Не зачэпяць ані Ні бяда, ні нуда, Ні агонь, ні вада…» [1, ІІ, с. 138]; «Не шукай сабе, мой братку, З ветрам Бацькаўшчыну-матку Ні на сушы, ні на моры…» [1, ІІІ, с. 204]; «Мае думкі, быццам кумкі, Назаляцца любяць мне. То стыдліва, то пужліва, Тая ў яве, тая ў сне» [1, ІІ, с. 262]; «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа, Калі ты цар і неба, і зямлі!» [1, ІІІ, с. 132]; «Буду пець я свае песні Ці то ў будні, ці то ў святы!» [1, І, с. 233]; «Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе; Глянь, сягоння ўсё роўна – ці пекла, ці рай» [1, ІІІ, с. 28]. Прагматычныя антонімы вельмі блізкія да кантэкстуальных, аднак атаясамліваць іх нельга, бо кантэкстуальныя не валодаюць зыходнай спалучальнасцю і па-за кантэкстам не супрацьпастаўляюцца.
Такім чынам, як сведчыць фактычны матэрыял, рознакаранёвыя антонімы-назоўнікі з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі ў творах Купалы і служаць для пабудовы мастацкага прыёму антытэзы. Занатавана 58 пар лексічных антонімаў-назоўнікаў.
ІІ. Аднакаранёвыя (граматычныя) антонімы-назоўнікі значна радзей сустракаюцца ў паэзіі Купалы. Зафіксавана ўсяго 15 пар антонімаў гэтай групы. Супрацьлеглае значэнне ў іх выражаецца не супрацьпастаўленнем каранёў, а супрацьпастаўленнем далучальных да іх афіксальных марфем. Напрыклад: «У вас адаб’ецца нядоля і доля, Ўздыханні, што ходзяць з сахою, з сякерай, І холад, і голад, няволя і воля, І ў будучнасць ясну надзея і вера» [1, І, с. 87].
Амаль што ўсе граматычныя антонімы-назоўнікі ўтвораны прэфіксальным спосабам: «І пагодай, непагодай Не магу драмаць, чакаць: Так і хочацца заўсёды песню вечную спяваць» [1, ІІІ, с. 43]; «Пяе аб тым, як гэтыя байніцы Край сцераглі на захад і на ўсход» [1, ІV, с. 11]. Самым прадуктыўным прэфіксам з’яўляецца прыстаўка не- (ня): «Не знаю: шчасце ці няшчасце Ўе тут спакойнае гняздо…» [1, ІІ, с. 77]; «Ці з ласкі, ці з няласкі боскай, Не нашым гэта судзіць зданнем, – Стаяла вёска бліз Лагойска З сваёй нудой і нараканнем» [1, ІІ, с. 27]; «Ты ў жыцці вяло нас з хвалай і няхвалай; Быў час – свае правы чужым дыктавала» [1, ІІ, с. 209]; «І лічыш, і лічыш паволі Удачы свае і няўдачы» [1, ІІІ, с. 228]; «Эх, дзяўчынка, свет відзе Усю праўду, няпраўду усю» [1, І, с. 204] і інш.
Аднакаранёвыя антонімы-назоўнікі, утвораныя прэфіксальна-суфіксальным спосабам, не сустракаюцца. Занатаваны адзінкавы выпадак граматычных антонімаў-назоўнікаў, утвораных спосабам асноваскладання: «Калі бывае мне маркотна, – А я маркочуся часцей, Як гэта думае ахвота Мой дабрадзей ці ліхадзей» [1, ІV, с. 145].
ІІІ. Кантэкстуальныя антонімы-назоўнікі (антонімы маўлення) надаюць паэтычным творам Я. Купалы асаблівую эмацыянальнасць, ствараюць яркія мастацкія вобразы, вызначаюцца сваёй трапнасцю і непаўторнасцю.
Ужо сама назва гэтай катэгорыі антонімаў-назоўнікаў сведчыць пра тое, што словы ўступаюць у антанімічныя адносіны толькі ў строга акрэсленым кантэксце і па-за межамі яго не маюць супрацьлеглых значэнняў. Кантэкстуальныя антонімы – паняцце менш строгае, чым антонімы моўныя. У якасці кантэкстуальных антонімаў могуць выступаць словы з канкрэтна-прадметным значэннем, якія не валодаюць зыходнай спалучальнасцю і ў кожным кантэксце ўтвараюцца па-новаму. Напрыклад: «Песня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цвітучага вечна паўдня… Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыццё пасярод палыння» [1, ІІІ, с. 40]. У сваім звычайным сэнсе, без канкрэтнага кантэксту словы кветка і палын не з’яўляюцца антонімамі. Але паэт пад вобразам кветкі мае на ўвазе так званую «чыстую» паэзію, паэзію дзеля паэзіі, якая магла нарадзіцца сярод багатага, лёгкага, бесклапотнага жыцця. Купала вырас у сялянскім асроддзі, з маленства зведаў горкі прысмак кавалка хлеба, здабытага цяжкай працай, прапусціў праз сваё чулае сэрца боль і крыўду кожнага бедняка-гаротніка. Таму паэт і піша, што яго песня ўзышла сярод «палыння». Ці яшчэ аналагічныя прыклады: «Што прыносе: ці калоссе, ці благое зелле нам?» [1, ІІ, с. 160]. Тут кантэкстуальныя антонімы-назоўнікі калоссе – зелле адпавядаюць рознакаранёвым антонімам дабро – зло. «Каб было меней магіл, А вяселляў болей, Кожны рвецца з усіх сіл К святлу, славе, долі…» [1, ІІ, с. 326]. Антанімічная пара вяселлі – магілы ў дадзеным кантэксце выступае ў значэнні лексічных антонімаў жыццё – смерць. «Пусцее поле, моўкне птушка, Скідае жоўты лісць бяроза, Нямее песня-весялушка, Ліюцца з неба каплі-слёзы» [1, ІІІ, с. 166]. Аўтар стварае малюнак позняй восені, дзе выразна адчуваецца настрой ціхай тугі, развітанне з шумным, квяцістым, песенным летам. Адыходзіць весялосць (песні-весялушкі), а на змену ёй падступае сум (каплі-слёзы). Таму і дождж не спорны, доўгачаканы, як вясной ці ўлетку, а дробны, надакучлівы, нібы слёзы.
Як бачым, кантэкстуальныя антонімы ў пэўнай меры суадносяцца з «узуальнымі антонімамі, таму што ў іх значэнні на першы план выступаюць прыкметы, якія ўласцівы паняццям, выражаным антонімамі мовы» [3, с. 32]. Напрыклад: «Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах – магутны слон, а на дзеле – моль» [1, І, с. 59]. Кантэкстуальныя антонімы слон – моль суадносяцца з рознакаранёвымі антонімамі асілак – слабак. Відавочна, што для дасягнення такой іроніі, вобразнасці, дасціпнасці выкарыстанне кантэкстуальных антонімаў вельмі дарэчы.
Наогул сярод кантэкстуальных антонімаў-назоўнікаў у Я. Купалы часта сустракаецца супрацьпастаўленне аднаму слову цэлага словазлучэння: «Вы не зломкі, вы не зноскі, – Вы народ магучы: Ваша панства – вашы вёскі, Пан ваш – труд жывучы» [1, ІІІ, с. 137]; «Снілася дзяўчыне Квяцістае поле, А на яве выйшла – Палыны, гуголле» [1, ІІІ, с. 197]; «Ўвесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцця, Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам» [1, ІІІ, с. 290]; «Будзеш пан вялікі з віду і шэльма душой, Спатыкаць цябе я выйду, Ты махнеш рукой» [1, І, с. 54] і інш.
Звычайна кантэкстуальныя антонімы не ўжываюцца ў навуковым, афіцыйна-справавым стылях мовы. Іх месца ў паэзіі, мастацкіх творах, у гутарковай мове. І хоць у колькасных адносінах (занатавана 27 пар) кантэкстуальныя антонімы-назоўнікі саступаюць лексічным антонімам у вершах і паэмах Купалы, сваёй навізной, арыгінальнасцю яны заўсёды выклікаюць цікавасць чытача.
А.М. Асіпчук
Янка Купала и Якуб Колас : зб. навук. прац / рэдкал.: І.В. Жук (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ, 2012