Категории

Кавальства на Гродзеншчыне

15 минут на чтение

Ад традыцыі да сучаснасці. Кавальства з’яўляецца адным с самых старажытных рамёстваў. Чалавецтва доўгі час шукала яму замену, і, з’даецца, з гэтага нешта атрымалася ў XX cт., але неўміручая душа мастацтва дазволіла кавалям-рамеснікам пераадолець час. Сучаснае кавальства Гарадзеншчыны – гэта адметная з’ява, і не толькі ў Беларусі. Адсюль пачаўся рэнесанс амаль забытага рамяства. І вяртанне яго не выпадковае, паколькі грунтуецца на ўнікальных традыцыях металаапрацоўкі на гарадзенскай зямлі.

Пачатковая гісторыя прынёманскага краю была не вельмі інфарматыўная для ілюстрацыі стану кавальскага мастацтва. Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць вельмі нязначны адсотак вырабаў з жалеза. Але нават тое, што захавалася, выклікае цікавасць як у прафесіяналаў, так і ў аматараў. У Гарадзенскім дзяржаўным гістарычна-археалагічным музеі захоўваецца невялікая калекцыя кавальскіх вырабаў XI-XIII cтагоддзяў, сярод якіх замкі і ключы, крукі для дзвярэй, зброя, рыштунак для коней, нават прылады для сельскагаспадарчай працы. Ужо гэта сведчыць пра шырокі асартымент вырабаў мясцовых майстроў, магчымасць выконваць складаныя “слясарныя” замовы: навесныя і ўрэзныя замкі рознай велічыні, у тым ліку для куфраў і куфэркаў. Фактычна ж Гародня пачыналася з працы кавалёў: на тэрыторыі замка выяўлена вялікая колькасць каваных цвікоў, якія выкарыстоўваліся пры драўляным будаўніцтве [1]. Кавальства было тым рамяством, ад якога ўзнік шэраг іншых спецыяльнасцяў, у тым ліку ювелірная справа, прыклады развіцця якой сустракаем ў старажытнай Гародні [2].

Згадкі ў пісьмовых крыніцах пра мясцовых кавалёў адносяцца ўжо да 1526 г. Гісторыя цэхавага рамяства ў Гародні шчыльна і, можна сказаць, у першую чаргу, звязана з кавальствам. Справа ў тым, што першы ў горадзе цэх, зацверджаны ў 1570 г., аб’ядноўваў рамеснікаў наступных спецыяльнасцей: слесараў, кавалёў, кацельшчыкаў і мечнікаў [3]. Гэта было вынікам значнага развіцця ў галіне металаапрацоўкі, калі з’явіліся новыя прылады: ціскі, вінтарэзкі і іншае. Аналіз адшуканых у заходнебеларускіх гарадах кавальскіх вырабаў XIV-XVIII cтагоддзяў сведчыць, што яны адпавядалі і па якасці, і па асартыменту аналагічным вырабам з сумежных, у тым ліку польска-літоўскіх, тэрыторый, а ў больш шырокім кантэксце прадукцыя мясцовага кавальства мела агульнаеўрапейскія формы [4]. Гарадзенскія кавалі былі зарыентаваныя як на гараджанаў, так і на вясковы рынак, пра што сведчыць знаходка сярпа[5]. Цікавым прыкладам вырабаў мясцовых кавалёў былі распаўсюджаныя з XV-XVI стагоддзяў абутковыя падкоўкі, якія былі знойдзеныя ў Гародні і Лідзе [6]. Асобны кавальскі цэх у Гародні быў утвораны пасля 1639 г., калі рамеснікі прынялі рашэнне стварыць асобныя прафесійныя арганізацыі [7]. Пра цэх кавалёў згадваецца ў 1674 г., але ўжо ў 1690 г. і 1717 г. ізноў гарадзенскія кавалі былі ў складзе аб’яднанай металаапрацоўчай карпарацыі[8]. Самастойны цэх кавалёў быў зафіксаваны ў люстрацыі Гародні 1777 г. і існаваў да 1890 г., калі было прынята рашэнне аб яго скасаванні, але на гэтым яго гісторыя не скончылася[9]. Амаль праз 40 гадоў, 14 сакавіка 1926 г., гарадскія ўлады Гародні прынялі рашэнне аб аднаўленні самых старажытных цэхаў, у тым ліку цэха кавалёў, што з’яўлялася данінай павагі да традыцый і прафесійнай працы рамеснікаў [10].

Найбольш верагодна, што менавіта мясцовыя майстры гарадзенскага цэха вырабілі нешматлікія рэшткі помнікаў кавальскага мастацтва, што захаваліся ў Гародні ад XVII cтагоддзя: гэта жалезныя часткі такіх папулярных ў сучаснай Гародні турыстычных аб’ектаў, як лямус на тэрыторыі Брыгіцкага кляштара і Бернардынскага касцёл, дзвярныя краты якога зробленыя ў другой палове cтагоддзя. Узоры мастацкага кавальства XVII cт. можна сустрэць па ўсёй Гарадзеншчыне: у касцёле францысканцаў у Гальшанах Ашмянскага раёна – дэкор дзвярэй, у касцёле аўгусцінцаў у Міхалішках Астравецкага раёна – дзвярныя краты[11].

Паводле вядомага беларускага даследчыка Яўгена Сахуты, у XVIII cт. менавіта Гродна становіцца буйнейшым цэнтрам кавальства[12]. Магчыма, гэта не выпадкова, паколькі акурат у Заходняй Беларусі ўзнікаюць металургічныя прадпрыемствы: ля Берасця, заснаваны А. Тызенгаўзам, і ў Вішневе Ашмянскага павета, пабудаваны ў 1780 г. падканцлерам ВКЛ Я. Храптовічам[13]. Наяўнасць сыравіны стымулявала больш шырокае выкарыстанне працы кавалёў, а разгорнутае Антоніям Тызенгаўзам будаўніцтва ў Гародні і стварэнне мануфактур несумненна нельга ўявіць без працы кавалёў.

Да найбольш вядомых узораў кавальскага мастацтва XVIII ст. трэба аднесці ўязную браму Новага замка, якая была зроблена ў канцы cтагоддзя, а таксама каваныя дзверы Езуіцкага касцела, стварэнне якіх гісторыкамі датуецца 1744 г.[14].

Спадчына XIX-XX cтагоддзяў. Колькасць спецыялістаў у кавальскай справе на Гарадзеншчыне ў сярэдзіне XIX ст. была дастаткова вялікай: так, на 1860 г. іх налічвалася 1298 чалавек, гэта на чвэрць больш, чым у Магілёўскай губерні праз 20 гадоў. Рост колькасці кузняў у ХІХ ст. быў абумоўлены развіццём прамысловасці, якая пастаўляла на рынак гатовае жалеза. Сфера ўжытку метала таксама стала пашырацца. Напрыклад, кавальскія вырабы культавага прызначэння ў зоне міжэтнічнага ўзаемадзеяння маюць вельмі шмат падабенства. Вырабы мясцовых беларускіх кавалёў (шпілі касцёлаў, вільчакі званіц, брамы і царкоўныя агароджы) у ХІХ – пач. ХХ стст. былі асабліва блізкімі да аналагаў, распаўсюджаных у Жамойці і Падляшшы, на тэрыторыі сучасных Літве і Польшчы. Гэта сведчыла пра сінхроннасць у развіцці прыёмаў кавальскага мастацтва ў беларуска-літоўска-польскім рэгіёне, наяўнасць сталых сувязяў.

Гістарычнае аблічча Гародні немагчыма ўявіць без шматлікіх “металічных” разынкаў, якія аздабляюць архітэктурныя помнікі. Большая частка прыкладаў кавальскай працы ахавалася ад пазамінулага і пачатку мінулага стагоддзяў.

Гаўбцы. Каваныя гаўбцы ў Гародні з’явіліся пераважна ў першыя дзесяцігоддзі ХХ ст.: іх можна ўбачыць на будынках па вуліцы Замкавай,1; Сацыялістычнай, 4 і 6; М. Васілька, 4 і інш. Вялікая колькасць гаўбцоў і разнастайнасць іх аздобы стварылі Гародню спецыфічным, непараўнальным горадам. Каваныя гаўбцы выраблялі мясцовыя майстры з Яўрэйскага цэха і майстэрні Качаноў.

Казыркі, парапеты, парэньчы. Адметнасцю гарадзенскай архітэктуры XIX – ХХ ст. стала шырокае выкарыстанне каваных казыркоў над ганкам. Асабліва шмат гэтага кшталту архітэктурных дэталяў можна і дагэтуль сустрэць на вуліцах Акадэмічнай, Валковіча. Гістарычная каштоўнасць казыркоў заключаецца не толькі ў асаблівасцях мастацкай працы. У гарадзенцаў існаваў вельмі добры звычай пазначаць гады, калі былі выкаваныя казыркі: захаваліся даты – 1898 г., 1910 г., 1934 г. Дагэтуль можна сустрэць у Гародні старыя каваныя парапеты (дах сінагогі на Вялікай Траецкай вуліцы, дах будынка па вул. Студэнцкай, 6), балюстрады (ля Каложскай царквы, 1905 г.), а таксама парэньчы (вул. Акададэмічная, 10)[15].

Могілкі. Культуру горада відаць не гэтулькі па фасадах, колькі па могілках. Менавіта на некалькіх гарадскіх могілках Гародні, мачыма, як  нідзе, можна убачыць шматлікія прыклады кавальскага мастацтва. Па гарадзенскіх некропалях можна прасачыць і эвалюцыю мастацкіх густаў. Адметна, што каваныя агароджы вырабляліся мясцовымі майстрамі. Так, некаторыя з іх былі выкананыя кавалём Ігнаціям Сіліневічам, іншыя на фабрыцы Уладзіслава Гальскага, але найбольшая група агароджаў на гарадзенскіх могілках была выраблена ў знакамітай майстэрні Качаноў, заснаванай Васілём Андрэевічам Качаном[16]. Спецыфікай Заходняй Беларусі, у тым ліку памежжа, была большая колькасць каталіцкага насельніцтва, наяўнасць якога вызначыла некаторыя асаблівасці развіцця кавальскага рамяства. Менавіта беларускія каталікі, асабліва жыхары заможных вёсак і мястэчак, з канца XIX ст. больш актыўна сталі замаўляць ў мясцовых майстроў надмагільныя каваныя крыжы[17]. Распаўсюджанне такой моды спрыяла кавальскай справе на Гарадзеншчыне ў цэлым.

Нарэшце, варта адзначыць, што захаванасць і колькасць гістарычных помнікаў Гародні ХІХ-ХХ стст. дазволілі даследчыцы Любові Зорынай у 2012 г. падрыхтаваць спецыяльны каталог “Мастацкі метал у Гародні”, вялікую частку якога займае апісанне менавіта узораў кавальскага мастацтва.

Асобы. Імёны гарадзенскіх кавалёў вядомыя з XVI cт. У актавых кнігах захаваліся прозвішчы кавалёў: Мікалай Яновіч, Мацко Нарковіч, Стась Буткевіч і інш., а ў XVIII cт. сярод іх былі носьбіты “прафесійных” прозвішчаў: Павел Кавалеўскі [18]. Жыць і працаваць прыязджалі кавалі з-замежжа. Так, на пачатку ХІХ ст. у Гародні налічвалася сем майстроў і два вучні, выхадцы з Нямеччыны[19]. У 1920-1930-я гады ў Гародні працавалі такія майстры, як Аляксандр Бурын, Францішак Кузніцкі, Канстанцін Мышкевіч, Браніслаў Пяткевіч, Ян Араміновіч. Адметна, што яшчэ да сярэдзіны ХХ ст. сярод беларусаў Гарадзеншчыны бытавалі ўяўленні пра надзвычайныя здольнасці асобаў, якія займаліся гэтым рамяством, а каваль з памежжа надзяляўся традыцыйнымі рысамі чараўніка.

На тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны няма спецыялізаваных навучальных установаў, дзе можна атрымаць адукацыю па накірунку кавальства, для гэтага трэба ехаць у Пінск, Белаазерск ці Магілёў, але слава гарадзенскага кавальства з-за гэтага не меншае. Справа ў тым, што сучаснае беларускае кавальства фактычна бярэ свой пачатак з 1980-х гадоў, калі на Беларусі, па сутнасці, працавала некалькі майстроў, адзін з якіх – Валеры Атрашкевіч - жыў у Гародні[20]. Важкай акалічнасцю для Гародні стала тое, што фактычна з гэтым горадам звязаў свой лёс Юрась Мацко (нарадзіўся ў 1960 г. у Гародні), беларускі каваль, які з’яўляецца сёння найбольш заўважнай постаццю ў мастацкім асяроддзі ўсёй Беларусі. Пасля заканчэння Беларускага палітэхнічнага інстытута і чатырохгадовай працы рэстаўратарам у Мірскім замку ён вяртаецца ў родны горад, дзе з 1989 г. займаецца толькі кавальствам[21].

У 1990 г. у Гродна пачынае працаваць малое прадпрыемства “АКМА”, дзе была абсталяваная кузня. Сярод вядомых майстроў гэтага прадпрыемства варта назваць Юрася Мацко, Андрэя Міцкевіча. Да прыкладаў майстэрства гэтай кавальскай майстэрні варта аднесці элементы ўпрыгожання дома-музея Максіма Багдановіча і музея гісторыі Гарадніцы. Майстры гэтага прадпрыемства на падставе старых здымкаў аднавілі каваныя элементы дома на вуліцы Замкавай, 17.

Творчасць Юрася Мацко шчыльна звязаная з аднаўленнем гістарычнасці вобліку сучаснай Гародні. Уласна яму выпала адказная праца рэстаўрацыі каваных элементаў гарадзенскіх касцёлаў: Бернардынскага і Езуіцкага. Адной з галоўных адметнасцяў працы мастака стала выпрацоўка нацыянальнага беларускага стыля ў кавальстве. Цэлы шэраг вядомых прац майстра звязаны з пераасэнсаваннем падзей мінулага, беларускіх традыцый “Шлях вуніі”, “Беларусь”, “Калядны крыж”, “Дзяды”. У працах Юрася Мацко з перапляценнем хрысціянскіх і паганскіх матываў закладзены магутны патэнцыял самапазнання і арыенцір для творчых пошукаў беларускіх мастакоў. Выразная грамадзянская і патрыятычная пазіцыя Юрася Мацко праяўляецца ў яго творчасці, дазваляе казаць пра беларускае мастацкае кавальства як з’яву нацыянальнай і сусветнай культуры.

Дзейнасць Юрася Мацко з’яўляецца адным з важнейшых арыенціраў у культурным жыцці ўсёй Гарадзеншчыны. Каваныя святыні і музеі” Гародні – гэта, найперш, плён яго працы. Брэндам яго творчасці з’яўляецца беларускасць, што адрознівае яго ад іншых майстраў. У Беларусі добра вядомае яго ўнітарнае прыватнае вытворчае прадпрыемства “Крыга”, якое спецыялізуецца на дэкаратыўным мастацкім кавальстве. Актуальныя працы каваля даступныя на сайце[22] і ў галерэі “Крыга”, якая размяшчаецца ў цэнтры Гародні па адрасе Савецкая, 3-11.

Вялікай папулярнасцю на Гарадзеншчыне і ўсёй Беларусі карыстаецца каваль Юры Круш (нарадзіўся 20.10.1960 г.). Паходзіць ён з Грандзічаў, што сёння ўжо ў межах горада. Гэты майстар мае рэдкі ў сучасных кавалёў досвед працы ў Вільні, дзе ён вучыўся рэстаўраваць храмы і камяніцы. Пасля вяртання на Айчыну у 1997 г. майстар заснаваў майстэрню і неўзабаве здабыў кавальскую славу. У 1999 г. Юры Круш атрымаў спецыяльную прэмію Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” у намінацыі “Народны майстар года”. У тым жа 1999 г. Юры Круш атрымаў першае месца на конкурсе народных майстроў на “Славянскім базары” за каванае “Сонейка”, а ў наступным годзе дзівіў Віцебск каванай гарматай[23].

Вырабы гарадзенскага мастака аздабляюць прыватныя і грамадскія будынкі Гародні, але не толькі. У 2009 г. творчая майстэрня Круша выконвала буйную замову на выраб металічных скульптур, узброеных у адпаведнасці з вайсковай модай XVII cт. для экспазіцыі ў Мірскім замку. Крылатых беларускіх гусараў Юры Круш рабіў разам з Андрэям Вашкелевічам.

Гэта не адзіная “гістарычная” праца з майстэрні Круша: па замове Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея для экспазіцыі былі выкаваныя адмысловыя падсвечнікі.

Варта звярнуць ўвагу і на такую станоўчую тэндэнцыю, як складванне дынастый кавалёў. Юры Круш, сам унук майстра, далучыў да прафесіі і свайго сына Яўгена[24]. А ўвогуле, самай спрыяльнай для мастака з’яўляецца сямейная атмасфера, дзе жонка дапамагае.

Сучасныя кавалі, нават тыя, хто карыстаецца заслужанай павагай, несумненна вымушаныя працаваць з улікам густу замоўцы. Але відавочнай застаецца і жаданне сапраўднага прафесіянала захаваць арыенцір на традыцыю. Той жа Ю. Круш у адным з інтэрв’ю прызнаўся, што імкнецца схіліць сваіх кліентаў да класічных узораў. Кавалі атрымліваюць замовы як ад дзяржаўных установаў, так і ад прыватных асобаў і прадпрыемстваў.

Кавальскія паслугі. Сучасны рынак кавальскіх паслугаў Гарадзеншчыны дастаткова вялікі, нездарма мэтр Мацко заўважыў, што толькі гульцяй зараз не займаецца кавальствам[25]. Мода на неардынарны дызайн, рост прыватнай забудовы і прыватных установаў забяспечваюць няспынны попыт на вырабы з жалеза, у тым ліку і высокамастацкую прадукцыю. Гарантыяй гэтага з’яўляецца і ўніверсальнасць такога матэрыялу як метал, з якога можна зрабіць амаль усё.

Універсальны характар кавальскай працы добра ілюструецца прапановамі, якія існуюць на рынку. Да прыкладу можна ўзяць майстэрню фірмы “Солфеўр”, размешчаную ў падгарадзенскіх Падліпках[26]. Галоўны рынак фірмы – Гародня і Мінск. Асартымент вырабаў уражвае сваёй разнастайнасцю: гэта каваныя агароджы, казыркі, парэньчы, лесвіцы, кветачніцы, падсвечнікі, гаўбцы, мангалы, вільчакі, зэдлікі, мэбля. Стандартныя прапановы спалучаюцца з магчымасцю індывідуальных замоваў з улікам густу пакупніка. У ваколіцах Гародні дзейнічаюць і іншыя майстэрні. Якасныя вырабы па індывідуальных праектах прапануе кавальскі цэх кааператыва СПК “Прагрэс-Верцялішкі”[27]. Шырокі спект каваных вырабаў прапануюць і іншыя прадпрыемствы, у тым ліку прыватныя[28].

Кавальскія майстэрні ёсць у іншых рэгіёнах Гродзенскай вобласці, напрыклад, на Лідчыне. Так, у вёсцы Даліна Лідскага раёна дзейнічае “Майстэрня кавальскіх вырабаў”, якую заснаваў вядомы мясцовы каваль Юры Лянцэвіч. Асартымент яго майстэрні з’яўляецца тыповым для сучаснага рынка.

Сучаснае кавальства мае вельмі істотную асаблівасць: рынкавыя адносіны ў значнай ступені прадвызначаюць накірунак працы майстроў, але толькі некаторыя імкнуцца зарабіць на сваіх таварах, каб быць вольным у далейшым творчым пошуку, каб займацца сапраўдным мастацтвам, выходзіць за межы “рамяства”.

На Гарадзеншчыне кавальства стала не толькі запатрабаваным мастацтвам для задавальнення ўтылітарных і эстэтычных патрэбаў, але і адметным элементам турыстычнага бізнесу. У шэрагу аграсядзібаў вобласці, агулам іх у 2011 г. налічвалася 230, для адпачываючых адмыслова прапануюцца заняткі па кавальству [29].

Кавальскія дзівосы Гародні. Каваная спадчына Гародні падсвядома ўплывае на фармаванне густаў яе жыхароў, якія ўжо не ўяўляюць інтэр’ер без металічнага дэкора. Прыкладам такой руплівай арыентацыі на мастацкія традыцыі горада, запачаткаванай ў дэкоры былой езуіцкай аптэцы (“Аптэцы” ад каваля), з’яўляецца сетка гарадзенскіх аптэкаў, якія належаць рэспубліканскаму унітарнаму прадпрыемству “Фармацыя”. Дзякуючы фантазіі і густу гарадзенскага кіраўніцтва прадпрыемства шэраг аптэчных установаў ператварыўся ў сапраўдны выставу сучаснага кавальскага мастацтва : аптэка № 3 па вуліцы Антонава, 4, і аптэка № 143, па вуліцы Ажэшка, 41. І адметна, што зроблена гэта было самастойна. Гэта азначае толькі тое, што традыцыі дэкаратыўнага кавальства знаходзяць працяг у сучаснасці.

Адным з самых заўважных у сучаснай Гародні месцаў адпачынку з нядаўняга часу стала кавярня і пірожня “Раскоша”. Не выпадковая назва паклікана аднавіць пераемнасць з вядомай аднайменнай карчмой, пабудаванай у Гародні ў часы Антонія Тызенгаўза. Непаўторны і сапраўды ўнікальны выгляд сучаснай “Раскошы”, размешчанай на цэнтральнай, Савецкай, вуліцы горада, надае кідкае мастацкае аздабленне металічнымі вырабамі.

Своеасаблівым музеям, дзе можна ўбачыць узоры сучаснага кавальскага рамяства Гародні, з’яўляецца рэстарацыя “Карчма”, размешчаная на сутоку вуліц Ажэшкі і Савецкай. За адносна невялікі час існавання рэстарацыя стала адной з турыстычных атракцыяў горада. У значнай ступені гэтаму паспрыяла выкарыстанне дэкору з металу.

Архітэктура горада багатая на разнастайныя “Каваныя драбніцы”, якія канцэнтруюцца ў гістарычным цэнтры. Да “разынак” Гародні трэба аднесці дошкі аб’яваў у цэнтры горада пад агульнай шыльдай “Гарадзенская капэла”.

Яшчэ адным папулярным накірункам выкарыстання кавальскага рамяства стаў выраб разнастайных клумбаў, як стацыянарных, так і перасоўных. Сапраўдную “Экспазіцыю пад небам” можна пабачыць ў парку Жылібера.

Вырабы гарадзенскіх кавалёў можна ўбацыць не толькі на вуліцах. У горадзе існуе некалькі спецыялізаваных крамаў, дзе можна ўбачыць і набыць іх творы. Гэта арт-галерэя “Крыга”, галерэя “У Тызенгаўза”, “У майстра”. Сярод выстаўленых там прац дамінуе мастацкі дэкор.

Сучасная Гародня – гэта яе кавальства, а кавальства – гэта яе гісторыя ў метале. Нішто так сёння не падкрэслівае старажытнае аблічча горада, як яго жалезны дэкор, паколькі амаль нічога ў горадзе не паўстала за апошнія гады з нябыту, але створанымі каванымі аздобамі Гародня можа ганарыцца. Кавальства Гарадзеншчыны ў цэлым перажывае часы запатрабаванасці. Але асабліва выдатна, што ёсць майстры, чыя праца арыентаваная не толькі на рынак, але і на кадаванне ў метале беларускай ідэі. Бо зрэшты, хто больш зрабіў для беларусізацыі Гародні, як не Юрась Мацко.

 


[1] Воронин, Н.Н. Древнее Гродно (по материалам археологических раскопок 1932-1949). Москва: Издательсво АН СССР, 1954. С. 35-38, 54-56.

[2] Воронин, Н.Н. Древнее Гродно (по материалам археологических раскопок 1932-1949). Москва: Издательсво АН СССР, 1954. С. 68-72.

[3] Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI – первой половине XVII вв. Мн.: Наука и техника, 1966. С. 91.

[4] Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. С. 277.

[5] Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. С. 266.

[6] Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. С. 271.

[7] Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI – первой половине XVII вв. – Мн.: Наука и техника, 1966. С. 91.

[8] Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16-18 ст.).– Гародня-Wrocław: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczyńskiego Sp. z o. o., 2008. C. 292-293.

[9] Jodkowski, J. Cechy grodzieńskie w wiekach dawnych.– Grodno: Nakładem museum państwowego w Grodnie, 1926. S. 6, 11.

[10] Jodkowski, J. Cechy grodzieńskie w wiekach dawnych.– Grodno: Nakładem museum państwowego w Grodnie, 1926. S. 3.

[11] Сахута, Я.М. Беларускае народнае мастацкае кавальства.– Мн : “Полымя”, 1990. С. 20, 23.

[12] Сахута, Я.М. Беларускае народнае мастацкае кавальства.– Мн : “Полымя”, 1990. С. 31.

[13] Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. С.251-256.

[14] Зорина, Л. Художественный металл в Гродно. Католог.– Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2012. С.11.

[15] Зорина, Л. Художественный металл в Гродно. Католог.– Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2012. С.109-131.

[16] Зорина, Л. Художественный металл в Гродно. Католог.– Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2012. С. 33-42.

[17] Раманюк М. Беларускія народныя крыжы. Манаграфія. Мінск: “Наша Ніва” Дзяніс Раманюк, 2000. С. 117.

[18] Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16-18 ст.). Гародня-Wrocław: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczyńskiego Sp. z o. o., 2008. C. 293.

[19] Зорина, Л. Художественный металл в Гродно. Католог.– Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2012. С. 11.

[20] Сахута, Я.М. Беларускае народнае мастацкае кавальства.– Мн : “Полымя”, 1990. С. 170.

[21] www.k yznica.r u

[22] www .kryga. by

[23] www .bdg.by

[24] www .ctv.by

[25] www . ostmetal.info

[26] www .solfeur. by

[27] www. vcertelishki.com

[28] ПУП «Белэнергохимпром» у Гародні: www.belenergohimprom.belorussia.su

[29] www. nest .by

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Пра распаўсюджанасць кавальства сведчаць дадзеныя тапанімікі. Увогуле на Беларусі каля паўсотні мясцовасцяў маюць корань каваль-каваць. На Гродзеншчыне 17 населеных пунктаў маюць назвы  Кавалёўшчына, Кавалёўка, Кавалі, Кавалікі, Кавалічы, Каварыкі. З іх Кавалі...