Категории

Гродзенскія яўрэйскія навучальныя установы

5 минут на чтение

Значнае месца ў адукацыйнай сістэме Гродна займалі разнастайныя яўрэйскія навучальныя установы (рэлігійныя і свецкія; дзяржаўныя і прыватныя; пачатковыя і сярэднія; агульнаадукацыйныя і прафесійныя; мужчынскія, жаночыя і змешаныя). Так, у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у горадзе дзейнічалі: казённае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду (у 1885/1886 г. тут навучаліся 76 хлопцаў); Талмуд-Тора (адкрылася ў 1842 г., колькасць вучняў у 1885/1886 г. – 88 хл.); ешыва (заснаваная ў 1817 г., колькасць вучняў у 1885/1886 г. – 222 хл.); яўрэйскае прыватнае жаночае вучылішча Тэафаніі Астрагорскай (заснаванае ў 1852 г., колькасць вучаніц у 1885/1886 г. – 115, у 1907/1908 навучальным годзе называлася Гродзенская прыватная сямікласная з падрыхтоўчым класам яўрэйская жаночая гімназія Л.С.Вальдман і Т.В.Астрагорскай); Занёманская школа рускай граматы (адкрылася ў 1878 г., 20 вучняў); аднакласнае жаночае вучылішча Бейлы Гальперн (заснаванае ў 1884 г., у 1885/1886 г. 63 вучаніцы); яўрэйскае рамеснае вучылішча пры Талмуд-Торы (адкрылася 12 снежня 1902 г. на сродкі Л.М.Брэгмана); яўрэйскае двухкласнае народнае вучылішча (з трохгадовым курсам) з жаночаю зменаю (заснаванае ў 1902 г.); прыватныя жаночыя прафесійныя рахункаводчыя курсы Марыі Шмеман (упершыню ўзгадваюцца ў 1908 г.); прыватнае яўрэйскае мужчынскае пачатковае вучылішча Шапіры; прыватнае яўрэйскае мужчынскае пачатковае вучылішча Давідзона; прыватнае яўрэйскае жаночае вучылішча Тамарынай; двухкласнае вучылішча пры тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага; прыватнае яўрэйскае вучылішча пры Гродзенскім яўрэйскім прытулку; 44 хедара (на 1912 г.). Яўрэйскія хлопцы і дзяўчаты вучыліся і ў агульнаадукацыйных дзяржаўных установах горада. Так, у 1875 г. у Гродзенскай жаночай гімназіі налічвалася 237 вучаніц, сярод якіх было 98 іўдзеек (41,3 %). Гродзенская мужчынская гімназія ў 1875 г. мела 313 вучняў, з іх 86 іўдзеяў (27,4 %).Будынкі некаторых яўрэйскіх навучальных устаноў захаваліся да нашых дзён. Хедар Захарыя Фінкеля, ешыва “Шаарэй Тора”(у перакладзе з іўрыта азначае “Вароты да Торы”) знаходзіліся да 1939 г. у трохпавярховым мураваным доме па сучасным адрасе:вул. Калючынская, 23. У ешыве хлопцы ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў набывалі талмудычныя веды. У 1920 – 1930-х гадах гарадзенская ешыва набыла вялікі аўтарытэт. Колькасць вучняў дасягала 300 чалавек. Сярод яе настаўнікаў і вучняў было шмат знакамітасцей – рабін Шымон Іегуда Шкоп (1860 – 1940), вядомы талмудыст (яго кнігі шмат разоў перавыдаваліся і актыўна вывучаюцца), грамадскі дзеяч, арганізатар рэлігійнай адукацыі; Ісер Іегуда Унтэрман (1886, Брэст – 1976, Іерусалім), быў рабінам Гродна ў 1921 – 1924 гг., ашкеназскім вярхоўным рабінам Ізраіля (у 1964 – 1972 гг.), яго галахічныя працы з’яўляюцца ўзорам яснасці і лаканічнасці, на іх спасылаюцца многія рабіны.У 1939 г. савецкія войскі занялі Гродна, і ешыва была зачынена, многія яе выкладчыкі і вучні пераехалі ў Вільню, дзе пазней загінулі ад рук нацыстаў.Гэты будынак унікальны ў гісторыі Гродна яшчэ і таму, што пасля пажару 1885 г. ён быў адзін з нямногіх ацалеўшых дамоў у цэнтры горада, і гарадскія ўлады размясцілі тут каля сямідзесяці сямей пагарэльцаў (іўдзейскіх і хрысціянскіх).Ёсць падставы меркаваць, што сённяшнія гарадскія ўлады плануюць знос гэтага будынку (аб гэтым паведамлялася ў “Гродзенскай праўдзе” ад 28 чэрвеня 2006 г.). Восенню 2009 г. апошнія жыхары дома былі выселеныя, а ўваходы ў яго замураваныя пенаблокамі.Дом Янкеля Лапіна, дом Эйхгорна,хедар Захарыя Фінкеля, ешыва “Шаарэй Тора” (суч. адрас: Гродна, вул. Калючынская, 23).  Вул. Вялікая Траецкая, 57. У гэтым доме, пабудаваным у канцы ХІХ ст. у стылі цаглянай эклектыкі, у розныя часы знаходзіліся яўрэйскія малітоўныя дамы і розныя навучальныя ўстановы: малітоўны дом для дзяўчынак “Кляўз”, малітоўны дом Левінсона “Хаім-Іцка”, Талмуд-Тора. У 1920-я г. тут працавалі настаўніцкія курсы, сямікласная Талмуд-Тора пад кіраўніцтвам С.Бадылькеса, некаторы час – рамесная школа Э.Брэгмана. На 1950 г. – кааператыўны тэхнікум. У 1960 г. – інтэрнат кааператыўнага тэхнікума.Будынак малітоўнага дома і розных навучальных устаноў (Вялікая Траецкая, 57). Талмуд-Тора і рамеснае вучылішча Элізара Брэгманапа вул. Вялікай Траецкай, 2.Будынак быў узведзеныў 1888 г. у стылі цаглянай эклектыкі. Тут працавала Талмуд-Тора, дзе бясплатна атрымлівалі адукацыю хлопчыкі і дзяўчынкі з самых бедных сем’яў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. У міжваенны перыяд тут набывалі веды каля 200 яўрэйскіх дзяцей. Рамеснае вучылішча імя Элізара Брэгмана было заснаванае ў 1902 г. на сродкі, пакінутыя па завяшчанні Э.Брэгманам, пры ўдзеле Таварыства па распаўсюджванні рамяства сярод яўрэяў. З гэтага вучылішча выходзілі кваліфікаваныя слесары, кавалі і механікі, у сярэдзіне 1920-х гг. тут дзейнічала аддзяленне краення і шытва для дзяўчынак. Агульная колькасць навучэнцаў дасягала 100 чалавек. У 1925 г. пры школе адкрыліся прафесійныя курсы для дарослых, дзе рыхтавалі сталяроў, слесароў і электратэхнікаў. Кіраўніком курсаў быў прызначаны дырэктар рамеснай школы М. Гажаньскі. На курсы прымалі асобаў мужчынскага полу старэйшых за 16 гадоў, якія скончылі 5 класаў агульнаадукацыйнай школы. Выкладанне вялося на ідыш, навучанне доўжылася два гады і складалася з тэарэтычнага і практычнага курсаў, пасля заканчэння якіх здаваўся іспыт. Будынак былой Талмуд-Торы і рамеснага вучылішча Элізара Брэгмана па вул. Вялікай Траецкай, 2.. Гімназія “Тарбут”па вул. Кірава, 40.“Тарбут” (з іўрыта “культура”) – гэта педагагічны рух, які ўзнік ў Польшчы пад уплывам сіянізму ў 1920-х гг. Яўрэйскія дзеці абодвух палоў маглі наведваць вучэбныя ўстановы Тарбут, якія прапаноўвалі поўную адукацыю – ад дзіцячага садка да настаўніцкага інстытута. Усё, акрамя польскай мовы і гісторыі Польшчы, выкладалася на іўрыце, а закон веры вывучаўся не столькі ў рэлігійным, колькі ў культурным кантэксце. У якасці замежных вывучаліся ангельская і нямецкая мовы. Школы Тарбут рыхтавалі да жыцця ў яўрэйскай дзяржаве ў Палесціне. Амаль усе дзеці з гэтых школ прымалі актыўны ўдзел у дзейнасці сіянісцкіх арганізацый. У Гродне філіял Тарбут быў заснаваны ў 1922 г. У яго склад уваходзілі дзіцячыя садкі, пачатковыя школы, гімназіі і настаўніцкая семінарыя. У будынку па сучасным адрасе вул. Кірава, 40, узведзеным на пачатку ХХ ст. у цагляным стыле, знаходзіліся гімназія Тарбут (на другім паверсе) і настаўніцкая семінарыя Тарбут (на першым паверсе). Падчас фашысцкай акупацыі некаторыя вучні Тарбута ўваходзілі ў групу супраціўлення ў гета №1. Акрамя будынка на вул. Кірава, 40 (тут сёння знаходзіцца музычная школа імя Ю.В.Семянякі), у Тарбута былі яшчэ два – на цяперашняй вуліцы Сацыялістычнай, 19 (сёння тут вячэрняя школа), а таксама на вул.Кірава,5 (у гэтым доме ў 1893 – 1897 гг. жыў урач-акуліст, стваральнік мовы эсперанта Лазар (Людвік) Заменгоф, будынак з 2005 г. знаходзіцца на “рэстаўрацыі” і працягвае інтэнсіўна разбурацца).

Іна Соркіна.

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

“Салахмонес” (“Падарунак”) – самадзейны вакальны ансамбльствораны пры грамадскім аб’яднанні “Гродзенскі яўрэйскі дабрачынны фонд «Нохум». Кіраўнік – Раіса Барысаўна Вострыкава, рэпертуар – яўрэйскія песні на ідыш і іўрыце, а таксама беларускія і польскія песні...
Самастойная работа – гэта спецыфічны педагагічны сродак арганізацыі і кіравання самастойнай дзейнасцю вучняў. З аднаго боку – гэта навучальныя заданні, г.зн. тое, што павінен выканаць вучань, гэта аб'ект яго дзейнасці. Заданне прапануецца настаўнікам або р...