Категории

Фальклорныя калектывы

8 минут на чтение

 “Адэльчанка” традыцыйнае «польскае» гучанне ва многіх раёнах Гродзенскай вобласці захоўвае свае карані, развіваецца ў натуральным нацыянальным каларыце. Гродзенскі раён, з-за блізкасці з мяжой, увабраў у сябе традыцыі беларускай і польскай культуры, таму некаторыя фальклорныя калектывы у сваім рэпертуары маюць як беларускія так і польскія народныя песні, лічаць іх сваёй традыцыяй. Так, напрыклад, фальклорны калектыў “Адэльчанка” Адэльскага Цэнтра культуры і народных традыцый Гродзенскага раёна. Калектыў быў створаны ў 2009 гадзе. Ініцыятарам стварэння фальклорнага гурта стаў мясцовы ксёндз, які і блаславіў іх творчасць. На сёняшні момант у складзе гурта 7 чалавек – жыхаркі мястэчка Адэльск. Усё жыццё працавалі і спявалі разам. Адметнасць дадзенага калектыву ў тым, што ў асноўным рэпертуар складаецца з польскіх песняў, якія з’яўляюцца для іх традыцыйнымі. Наогул, увесь традыцыйны быт удзельніц складаецца з двух культур – польскай і беларускай. У рэпертуары абрадавыя, вясельныя песні -  «Мяла баба когута», «В зеленым гаіку», “Дзевуля моя”, «Зяленывянэчэк», “Погнала волкі”, «Чэрвонэ яблушко», «Уплыва шібко жіце», «На вэсолы час», «Выйшла замуж маладая» і інш. Удзельніцы фальклорнага калектыву “Адэльчанка” не толькі спяваюць, але і зберагаюць традыцыйныя рамёствы – вышыўка, вязанне, у клубе пры дапамозе ведаў адной з удзельніц быў арганізаваны ткацкі станок. за якім працуе сама майстрыха і яе вучні. Дзякуючы традыцыйным ведам быў адноўлены, зафіксаваны і рэканструяваны абрад “Выпяканне хлеба”. Пад час гэтага абраду, кожны глядач можа стаць яго ўдзельнікам, навучыцца і паспрабаваць на смак духмяны бохан хлеба. Да фальклорнага калектыва “Адэльчанка” увесь час наведваюцца прыхільнікі традыцыйнай творчасці, турысты, журналісты з тэлебачання  і газет. Апроч удзелу ў мясцовых мерапрыемствах, калектыў запрашалі на фестываль нацыянальных культур, мерапрыемствы “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” і інш. “Вяргіня”. Амаль адзінай у сваім родзе з’яўляецца народная фальклорная група “Вяргіня Ракавіцкага сельскага Дома культуры Шчучынскага р-на. Арганізаваны калектыў у 1953 г. з 6 жанчын, адна з старэйшых у раёне. Удзельніцы ўсё жыццё разам спяваюць, працуюць і з’яўляюцца сваякамі. Падчас правядзення фальклорна-этнаграфічных экспедыцый сабраны багаты фальклорны матэрыял. Гэта не толькі песні, але і мясцовыя танцы, загадкі, народныя рамёствы. Запісаны матэрыял актыўна выкарыстоўваўся падчас правядзення раённых фестываляў фальклора і ў якасці рэпертуару на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Удзельнікі калектыву таленавітыя, чулыя, творчыя людзі, заўсёды з энтузіязмам адносяцца да запрашэнняў удзельнічаць у мерапрыемствах. Фальклорная група “Вяргіня” на працягу многіх гадоў выступае на раённых мерапрыемствах, неаднаразова ўдзельнічала ў абласных і міжнародных фестывалях, запісвалася на тэлебачанні. Прымала ўдзел у рэгіянальным фестывалі фальклора г. Сувалкі Рэспубліка Польша, дзе адбылася прым’ера паказу тэатралізаванага абраду “Заручыны”. У2009 г. “Вяргіні” пазнаёміла з рэгіянальнымі народнымі песнямі удзельнікаў свята, якое ладзілася ў самай вялікай з літоўскіх весак -Марцінконіс. Літва ахвотна падхапіла мілагучныя мелодыі Прынёманскага краю. Песні “Ішоў Ванька канаваю”, “Васіль сена косіць”, “Агурочкі” дружна падпявала добразычлівая публіка. Фальклорны гурт “Вяргіня” у 2011 г. прыняў удзел у II абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, дзе занялі першае месца ў намінацыі аўтэнтычны гурт і атрымалі вялікую адзнаку ад журы фестывалю, як лепшыя ў сваім родзе. Песенная культура дадзенага калектыву ўвабрала ў сябе ўсе асаблівасці рэгіянальнай песеннай традыцыі. Аўтэнтычныя касцюмы, непаўторнае шматгалоссе і традыцыйны мясцовы рэпертуар, які дастаўся ім ад продкаў – усё гэта з’яўляецца культурнай каштоўнасцю для нашчадкаў.  “Крынічанька”. Народны фальклорны гурт “Крынічанька” са Свіслацкага РДК працуе з 1985 г.. У 1994 г. за зберажэнне адметнай песеннай традыцыі свайго рэгіёна калектыў атрымаў ганаровае найменне “народны”. У складзе калектыву 12 вакалістаў, усе людзі сталага ўзросту. Многія з іх стаялі ў вытоках яго стварэння. Выканаўцы калектыву ўвесь час удасканальваюць свае веды і асвойваюць усё новы аўтэнтычны фальклорны рэпертуар розных рэгіёнаў Беларусі. Ансамбль таксама карыстаецца і сучаснымі апрацоўкамі беларускай танцавальнай музыкі, а таксама творамі беларускіх кампазітараў, якія блізкія па гучанні да народнай манеры выканання. У рэпертуары калектыву шмат абрадаў, адзін з такіх абрадаў - “Свіслацкае вяселле” надаў папулярнасці гурту. З ім калектыў прымаў ўдзел у праграме беларускага тэлебачання “Запрашаем на вячоркі”. За час існавання калектыў выступіў са шматлікімі канцэртамі перад насельніцтвам свайго раёна, вобласці, і іншых абласцей. Калектыў – жаданы госць у Рэспубліцы Польша. У ансамблі ёсць салісты-вакалісты. Сярод удзельніц гурта – Вольга Дарошына, якой споўнілася 92 гады. Вядомая сольная выканаўца на розных фальклорных фестывалях. Спявае з дзяцінства песні матулі і бабулі. Да яе ў госці за фальклорнай спадчынай наведваюцца фалькларысты з Расіі і Беларусі. Нягледзячы на сталы ўзрост, Вольга Дарошына заняла першае месца у 2011 г. ў рэгіянальным фестывалі фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, дзе разам з ёю ў намінацыі ўдзельнічалі маладыя выканаўцы. Народны гурт “Крынічанька” максімальна дакладна перадае характэрную для беларускага фальклору спецыфічную манеру выканання. “Кужаль”. На сённяшні час цяжка зберагчы сапраўдную аўтэнтыку асабліва ва ўмовах безгустоўнай стылізацыі і веку тэхналогій. Але апантанасць некаторых дзеячаў робіць вялікую працу па захаванні традыцыйнай нематэрыяльнай спадчыны. Так атрымалася ў заснавальніка і кіраўніка фальклорнага гурту “Кужаль” Наталлі Вікунні-Аррыетта. Калектыў існуе з 2010 г. на базе УА “Гродзенкі дзяржаўны каледж мастацтваў” з ліку навучэнцаў. Ансамбль створаны з мэтай запазычання, вывучэння і захавання беларускай песеннай традыцыі. Калектыў складаецца з 12 удзелькаў з розных курсаў навучання. Важнай адметнасцю калектыву з’яўляецца тое, што песні ўдзельнікі пераймаюць з аўдыё запісаў носьбітаў, тым самым дакладна трансліруюць  і перадаюць слухачам самабытнае гучанне. Рэпертуар ансамбля складаецца з аўтэнтычных песень розных рэгіёнаў Беларусі. Кіраўнік, Наталля Вікуння-Аррыетта, сама дакладна ведае і ўмее з голасу паказаць усе асаблівасці традыцыйных спеваў, валодае методыкай развіцця творчага патэнцыялу ўдзельнікаў калектыву. Для выканаўцаў былі адноўленыя, распрацаваныя і пашыты традыцыйныя касцюмы. На сённяшні момант ні адно фальклорнае мерапрыемства ў г. Гродна і вобласці не абыходзіцца без ансамбля “Кужаль”. За недоўгачасовае існаванне група ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах і мае шэраг узнагарод: Гран-пры XIII Фэсту нацыянальнага фальклору (Гародня, 2011);Дыплом I прыступкі Абласнога фэсту рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы"(Гародня, 2011);Дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі "Фальклорны спеў (ансамблі) СУЗы" расійска-беларускага адкрытага студэнцкага агляду-конкурсу народнага песеннага мастацтва "Как на речке было на Фонтанке" (г. Санкт-Пецярбург, 2012); Дыплом спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Рэспублікі Беларусь (2013). “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору і народных традыцый. Яскравым пераемнікам і транслятарам нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору і народных традыцый. Удзельнікі дадзенага калектыву – мясцовыя жыхары в. Дэмбрава розных узростаў (ад 5 да 17 год). З пакалення ў пакаленне ў дадзеным калектыве ідзе пераемнасць традыцый. Фольклорны калектыў “Дэмбраўская кадрыля” быў створаны на базе Дэмбраўскага ЦДК у 1996 г. Мэта стварэння: захаванне мясцовых танцавальных традыцый. З 2007 г. калектыў называецца – дзіцячы фальклорны калектыў “Скарбоначка”. У гэтым жа годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень, фальклорнаму калектыву “Скарбоначка” прысвоена ганаровае званне “узорны”. Матэрыял народных побытавых танцаў Шчучыншчыны, які выкарыстоўваецца калектывам, адносіцца да 30-50 гг. ХХ ст. “Дэмбраўская кадрыля” з’яўляецца візітнай карткай калектывау Танец быў адноўлен у 1972 г. Гэта пазаабрадавы парна-гуртавы танец, выконваецца без аб’яўлення музычна-харэаграфічных кален і фігур. Выконваецца на 6 пар. У рэпертуары калектыву ўваходзяць таксама пабытовыя танцы раёна, такія як “Лысы”, “Лявоніха”, “Кракавяк” і інш. Калектыў прымае актыўны ўдзел у раённым, абласных і рэспубліканскіх фестывалях фальклорнага мастацтва. Менавіта ад моладзі залежыць зберажэнне і развіццё фальклору ў будучым. “Чараўніцы”. Аўтэнтычны фальклорны гурт “Чараўніцы” Мацвееўскага цэнтра культуры і дасуга (ЦКіД) Ваўкавыскага р-на быў заснаваны ў 1972 г.. Ідэя стварыць аўтэнтычны гурт з мясцовых носьбітаў належала тагачаснаму дырэктару Прохару Міхаілу Антонавічу. Пад яго кіраўніцтвам калектыў працаваў аж да 1999 г. У калектыве налічваецца 6 пастаянных удзельніц з ліку вясковых жанчын в. Улезлы Ваўкавыскага р-на.  Мастацкі кіраўнік гурта - Талашка Надзея Міхайлаўна. Творчая дзейнасць  заснавана на выкананні двух- і трохгалосных спеваў. Прычым харавыя партыі жанчыны дзеляць абапіраючыся на своеасаблівае светаўспрыманне, спяваюць так, як падказвае ім адчуванне. Да спецыфікі спеваў гурта можна аднесці роўнае, спакойнае выкананне – без пад’ёмаў і  спаданняў, таму фальклорны гурт “Чараўніцы” выконвае пераважна лірычныя, бяседныя песні акапэлла, сольна, дуэтамі, трыа. У іх выкананні адчуваецца сувязь пакаленняў, як кажуць “гістарычная памяць продкаў”, якая такім жа шляхам перадаецца наступным пакаленням. Калектыў наведвае мясцовую школу, сумесна з дзецьмі праводзяць абрады – “Калядкі”, “Багач”, “Сёмуха” і інш. Першае выступленне народнага фальклорнага гурта “Чараўніцы” адбылося ў 1972 году. З гэтага часу пачалася папулярызацыя іх творчасці – гэта ўдзелы ў абласных фестывалях фальклору, Рэспубліканскіх фестывалях, такіх як “Беларусь – мая песня”, раённых святах. Кожны раз вынікам такіх выступаў былі лаўрэацкія месцы. Творчасцю дадзенага калектыву цікавіліся абласное і рэспубліканскае радыё і тэлебачанне. Менавіта ад носьбітаў гурта “Чараўніцы” спецыялісты Беларускага дзяржаўнага інстытута па праблемах культуры атрымалі бясцэнны фальклорны матэрыял для даведніка “Традыцыйная культура Панямоння”. Не абмінуў зрабіць апісанне дадзенага гурта і  прафесар Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры  А.М.Аляхновіч у сваёй кнізе “Беларускі музычны фальклор”. Народны фальклорны гурт “Чараўніцы” Мацвееўскага ЦДК за гады існавання набыў вялікую колькасць прыхільнікаў і па сённяшні момант з задавальненнем гатовыя падзяліцца з новымі слухачамі сваімі ведамі.Фальклорны Калектыў Хутара Збляны.На Лідчыне больш за 20 год пры Парэцкім сельскім Доме культуры працуе фальклорны калектыў хутара Збляны, калектыў носьбітаў мясцовай традыцыі. Многа гадоў удзельнікі дадзенага гурта прапагандуюць традыцыйную культуру, ахопліваючы сваёй творчасцю амаль усе яе аспекты: песня, танец і народная музыка. У скадзе гурта 14 удзельнікаў – 5 мужчын і 9 жанчын, во ўзросце ад 65 да 82 годоў. Жанчыны пяюць разам больш за 20 гадоў. Пад час сваіх выступленняў аўтэнтычны калектыў здзіўляе слухачоў рэгіянальнай песеннай культурай (ведаюць больш за 100 песняў сваёй мясцовасці), традыцыйнымі побытавымі танцамі і інструментальнымі найгрышамі, якія выконваюць удзельнікі калектыв без музычнай адукацыі на акардыёнах і скрыпцы. Уменні і навыкі яны атрымалі ад бацькоў, таму манера выканання асабліва каштоўная для нашчадкаў. Самабытнасць гутру надаюць і іх касцюмы, якія былі выкананы яго ўдзельніцамі. Да іх наведваліся з экспедыцыямі навукоўцы з усёй Беларусі, кожны раз знаходзячы новы каштоўны фальклорны матэрыял.  Са слоў удзельнікаў былі запісаны такія абрады, як “Каляды”, “Вялікдзень”, “Хрэсьбіны”. Дзякуючы фальклорнаму калектыву хутара Збляны быў адноўлен і зроблены відэафільм “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён” аб традыцыйнай ручной апрацоўцы ільну. У абрадзе спявачкі дакладна расказалі ўвесь працэс, паказалі як выкарыстоўваць прылады – пранік, трапаўка, прасніцы і інш., праспявалі песні, прымеркаваныя да ўсіх этапаў працэса апрацоўкі. Дзякуючы гэтаму дадзены абрад атрымаў вядомасць і папулярнасць не толькі на Лідчыне, але і за яе межамі. Нягледзячы на сталы ўзрост удзельнікаў, яны з задавальненнем прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх імпрэзах раёна, вобласці і рэспублікі, такіх як, “Кірмаш талентаў”, “Дажынкі”, “Зажынкі”. Да іх наведваецца тэлебачанне і радыё. Фальклорны калектыў хутара Збляны з радасцю сустракае гасцей і з натхненнем дорыць ім сваю творчасць.

Вольга Шлавенец.

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014

Facebook Vk Ok Twitter Whatsapp

Похожие записи:

Творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў абапіраецца на фальклорныя традыцыі, на фальклорныя спосабы і сродкі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія адпавядаюць народнаму светабачанню. Але мастацкае асэнсаванне фальклорных вобразаў, матываў, паэтычных срод...
“Салахмонес” (“Падарунак”) – самадзейны вакальны ансамбльствораны пры грамадскім аб’яднанні “Гродзенскі яўрэйскі дабрачынны фонд «Нохум». Кіраўнік – Раіса Барысаўна Вострыкава, рэпертуар – яўрэйскія песні на ідыш і іўрыце, а таксама беларускія і польскія песні...