Нацыянальна-моўная карціна свету адлюстроўвае свядомасць канкрэтнага грамадства, звязанага этнічнай роднасцю, звычаямі, спосабам і ладам жыцця. Даследаванне нацыянальна-моўнай карціны свету дазваляе выявіць канцэптуальную сістэму гэтага грамадства. Родная мова поўнасцю або часткова вызначае светаўспрыманне сваіх носьбітаў, паколькі, як сцвярджаў Вільгельм фон Гумбальт, «чалавек думае, адчувае, і жыве толькі ў мове» [1, с.378]. Мова забяспечвае найбольш эфектыўны спосаб апісання і вызначэння канцэпту, паколькі самыя важныя паняцці кадзіруюцца менавіта ў ёй, што пацвярджаецца існаваннем у канцэптасферы розных народаў глабальных паняццяў-канцэптаў – універсальных катэгорый [2, c. 17]. На думку кагнітыўных лінгвістаў, найбольш істотнымі, сэнсаўтваральнымі для пабудовы ўсёй канцэптуальнай сістэмы з’яўляюцца канцэпты «радасць», «смутак», «боль», «страх», а таксама «прастора», «час» і інш. Сцвяржаецца, што ўніверсальныя канцэпты з’яўляюцца агульнымі для зусім розных моў і культур, але пры гэтым валодаюць спецыфічнымі характарыстыкамі ў кожнай канкрэтнай мове і культуры, таму што прадстаўлены нацыянальнымі моўнымі сродкамі, якія даюць адметнае прырашчэнне да сэнсу і адлюстроўваюць «нацыянальны кампанент». Пытанні, звязаныя з канцэптуалізацыяй пазамоўнай рэчаіснасці, вылучэннем і апісаннем ключавых канцэптаў, у беларускім мовазнаўстве асветлены вельмі мала. Больш пільная ўвага гэтай з’яве надаецца з боку даследчыкаў рускамоўных наратыўных і паэтычных тэкстаў [3, c. 20-21]. Для сучаснага мовазнаўства даволі актуальным з’яўляецца пытанне вывучэння канцэптасферы вядомых паэтаў [2, c.23].
Для асвятлення гэтай навуковай праблемы звернемся да паэтычнай спадчыны Пімена Панчанкі, для якога характэрна па-сапраўднаму шчырае і адметнае выкарыстанне нацянальнага слова. Уласцівая аўтару канцэптуалізацыя рэчаіснасці дазволіла яскрава прадстаўлена двума агульначалавечымі канцэптамі – «радавацца» і «смуткаваць». Паэт арганічна выкарыстоўвае само прызначэнне дзясловаў – адлюстроўваць рух думкі чалавека, яго стан, эмоцыі. У творах паэта згаданыя антанімічныя канцэпты выступаюць як пэўная мера рэчаіснасці, як адзінка вымярэння і адчування акаляючага свету. Суцэльны аналіз яго паэзіі дазволіў уявіць, як змяняецца светапогляд паэта, яго светаўспрыманне на працягу пэўнага часу, улічваючы тое, што гэты адрэзак (ажно ў 26 гадоў!) быў вельмі няпростым і неадназначным з пункту погляду і чалавечага фактару, і гістарычнага. Выяўлены аб’ём фактычнага матэрыялу даў магчымасць уявіць даволі аб’ектыўную карціну адлюстравання нагаданых канцэптаў.
Варта адзначыць, што паэт не вельмі часта звяртаецца да тэмы «радасць» у акрэслены перыяд сваёй творчасці. Даследаване паказала, што аўтар выкарыстоўвае каля 130 лексем з неабходнай нам семантыкай, але толькі звыш 30 дзеясловаў і словазлучэнняў адлюстроўваюць канцэпт «радавацца». Астатнія – экспліцыруюць канцэпт «смуткаваць».
Большасць лексем з семай «радавацца» прыпадае на ранні перыяд у творчасці паэта. Яны перадаюць яго захопленасць, апантанасць жыццём. Для адлюстравання гэтага пачуцця паэтам выкарыстоўваюцца дзеяслоўныя лексемы, якія непасрэдна ўтрымліваюць сему ‘радавацца’ або вельмі блізкія да яе значэнні, напрыклад: весяліцца, смяяцца, усміхацца і інш. Звернемся да кантэкставых рэалізацый: А ты смяялася, не верыла, // Што будзе дождж, што будзе град. // Углыб, углыб усё імчалася // І за сабой мяне вяла; // Хавала вочы і смяялася // І нейкай дзіўнаю была. (Лясы нырнулі ў хмары шэрыя…); Дзяўчаты мыюць танк, // Смяюцца без прычыны, // Смяюцца проста так, // Бо сонца за плячыма. (Дзяўчаты мыюць танк…); Звоняць бубны, рэжа скрыпка, // Ввесяліцца наш народ, // Чутны жарты, піск і рогат. // Нехта песеньку вядзе (Ад’езд маладой) і інш. Асаблівай увагі заслугоўваюць уласнааўтарскія выразы, у якіх паэт выкарыстоўвае семантычныя грані дзеяслоўных лексем вырывацца, зайсціся, перапоўніцца, біцца, распіраць і інш., напрыклад: сэрца з клеткі проста вырываецца; зайшоўся ад радасці плачам; перапоўніцца радасным болем; распірала ад шчасця сэрца, грудзі, рукі, ногі; хацелася спяваць і кулдыкацца і інш.
Даволі эфектыўнымі спосабамі аўтарскага выражэння канцэпту «радавацца» з’яўляюцца спалучэнні кароткай формы прыметніка рад/рада з неазначальнай формай дзеяслова ці дзеясловам-звязкай быць, напрыклад: зямлі я фінскай пакланіцца рад; рад сябру памагчы ў нягодзе; рада кожнаму дрэўцу была і інш.
Паэт даволі часта звяртаецца да метафары як вобразнага сродку адлюстравання рэчаіснасці, дзе зноў сэнсавую і эмацыянальную функцыю ўтрымлівае і перадае менавіта дзеяслоўная лексема. Метафары выкарыстоўваюцца для адлюстравання наступных фрагментаў эмацыянальнай сферы: радасць, шчасце, душэўная адкрытасць, каханне, надзея, прыгажосць, спакой: напрыклад: радасць затапіла ўсю душу; упэўненасць і радасць б’ецца; скаланула радасная дрож; сэрца пяе; сэрца вырываецца; сэрца цёпла ные, радасна пушчы гамоняць і інш. Гэтыя індывідуальна-аўтарскія метафары з’яўляюцца сапраўднымі мастацкімі знаходкамі. Звычайна яны двухчленныя ці трохчленныя, разгорнутыя. Іх значэнне больш поўна раскрываецца менавіта ў кантэкце, дзе на семантыку метафарычнай канструкцыі працуюць і іншыя семантычна напоўненыя моўныя адзінкі:
Але быў салаўіны вечар,
І прытварацца не варта.
Стаю, які ёсць,
Перапоўнены радасным болем.
Урыўкам з паэмы «Маладосць у паходзе» хацелася б падвесці вынік у гаворцы аб канцэпце «радавацца», таму што лепш, чым сам аўтар, нельга перадаць гэта пачуццё:
Калі табе, малому, распірала
Ад шчасця сэрца, грудзі, рукі, ногі,
Хацелася спяваць і кулдыкацца
(Чорт ведае чаму!) па мураве…
У гэтых радках на канцэпт «радавацца» працуюць усе па-мастацку падабраныя лексемы. Такое ўражанне, што дзіцячае пачуццё радасці паэт пранёс праз усе гады цяжкасцей і выпрабаванняў і захаваў яго ў некранутым стане, а затым падарыў нам.
Канцэпт «смуткаваць» даволі выразна праходзіць праз увесь акрэслены перыяд творчасці паэта і прадстаўлены семамі ‘гараваць’, ‘перажываць’ ‘смуткаваць’, ‘сумаваць’, ‘журыцца’, ‘засмучацца’, ‘бедаваць’, ‘сохнуць’ а таксама семай ‘плакаць’, таму што яна вельмі набліжана сваім значэннем да семы ‘гараваць’ і завяршае прадстаўлены асацыятыўны рад. У даследаваны перыяд аўтар звяртаецца да згаданай тэмы больш за 90 разоў. Гэта дазваляе нам меркаваць аб тым, што думкі паэта ахоплены трывогай за лёс сваёй краіны ў часы ваеннага ліхалецця. Тэма смутку даволі яскрава прадстаўлена і ў больш позніх вершах Пімена Панчанкі. Ён непасрэдна гаворыць аб тым, што сумуе сам. Прычым, нагодай для яго суму могуць быць самыя розныя рэчы: гэта і сум па Радзіме, якую ён пакінуў, хоць і не на доўгі час, як у вершы «Нью-Йоркскія малюнкі» (Я бачыў Рым, Парыж і Прагу // І пакланіўся іх красе. // А на цябе гляджу са страхам // І ўжо сумую пакрысе). Сумуе паэт і па прычыне недахопу часу, які пазбаўляе яго звычайных чалавечых радасцей, як у вершы «Мінск едзе па грыбы» (Блукаюць грыбазбіры,// Якоча рэхам лес. // А я сумую шчыра, // Што ў пекла спраў залез.), і па прычыне перажытых раней радасцей і пачуццяў ад убачанага ці перажытага, якія сталі часткай самога паэта, як у вершах «Акіян» (На нашых палях — ледзяная зіма, // Я ў нейкай шпакоўні зімую. // Заву акіян, // А яго ўсё няма, // І сэрца па штормах сумуе) і «Няма на свеце земляў непрыгожых»: Я бачыў землі шчасця і пакут, // Іх лёс — іх шлях // Цяпер мяне трывожыць. Вядома, паэт сумуе і па сваёй малой радзіме: Я йшла за табой з магілёўскага бору, // Бо ведала: будзеш тужыць на чужыне // Па мне ты (Сустрэча з бярозай) і інш.
З мэтай перадачы пачуцця суму, тугі паэт зноў звяртаецца да метафары: адухаўляе прыроду, рэчы, робячы іх маніфестантамі сваіх думак і пачуццяў. Тут ужо метафары сімвалізуюць страх, боль, смутак, нянавісць, смерць. Пададзім некаторыя з іх: Загляне прамень залаты // У зорную прабоіну — // Тры месцы журацца пустых // Па трох адважных воінах. (Помнік); І Тарас у Пецярбург ішоў праз слёзы, // На яго шляху журыліся бярозы… (Край паэтаў); Ты чуеш, дружа мой, як плачуць журавы // Над зарывам асенніх журавін?// Зіма сцюдзёная іх гоніць з цёплых хатак, // Ад родных ніў, ад ціхае ракі (Журавы) і інш.
Для перадачы пачуцця суму аўтарам выкарыстоўваюцца і адпаведныя дзеясловы (плакаць, сумаваць, журыцца, тужыць, трывожыцца, пакутаваць, галасіць, стагнаць, кіпець і інш.), і словазлучэнні, дзе сэнсавую нагрузку бярэ на сябе дзеяслоўная лексема (растрывожыць душу; сядзець журботна; скалануцць ад горкае думкі; плакаць тужліва; плакаць ціха; плакаць ад сілы; плакаць уголас; галасіць то працяжна, то сіпла; заходзіцца ад плачу, ад жалю; галасіць нема; абмываць слязамі; стаць балюча; заламаць рукі ў тузе і інш.).
Выкарыстаныя паэтам метафарычныя канструкцыі найлепшым чынам дапаўняюць агульны малюнак канцэпту «смуткаваць», напрыклад: туга нахлынула; туга ляжыць на сэрцы; туга гняце; сэрцы заныюць у трывозе; наліваць сэрцы пакутай; сціскаць сэрца; балець зямлі; не гаснуць болю і суму; гаснуць, гаснуць ціха ад тугі; ныць сэрцу; налівацца салодкаю злосцю; разрывацца ад ярасці і інш.
Дыяпазон магчымасцей пералічаных моўных сродкаў – ад перадачы лёгкага пачуцця суму да ўсепаглынальнага пачуцця горычы і гора, дзе тэкставую і сэнсавую нагрузку выконваюць менавіта дзеясловы.
Пімен Панчанка выкарыстоўвае і індывідуальна-аўтарскія знаходкі для эксплікацыі сваіх пачуццяў, напрыклад: горбіцца ад гора; горбіцца ад адзіноты і смутку; гадаваць тугу; смылець вачам ад слёз; налівацца салодкаю злосцю; не гаснуць болю і суму; абсохнуць ад горкай расы і інш. Як бачна, большасць словазлучэнняў, якія звязаны з канцэптамі «радавацца» і «смуткаваць» з’яўляюцца індывідуальна-аўтарскімі і непаўторнымі. І ў гэтым увесь Пімен Панчанка: непаўторны і індывідуальны, сапраўдны носьбіт і знаўца нацыянальнага слова.
На наш погляд, верш «Схема жыцця», які напісаны паэтам у канцы 70-х гадоў, пераконвае нас у думцы, што канцэптуальная карціна свету паэта з цягам часу практычна не змянілася. Ён працягвае сумаваць і падсумоўваць пройдзенае, рабіць прагнозы....
Робім да стомы.
Цягнемся. Марым.
Век здаганяем. Героямі ходзім.
Ззяем, як сонца. Чарнеем, як хмары.
Нешта губляем. Амаль не знаходзім.
Моцна кахаем. Ад шчасця заходзімся.
Рады, як чэрці. Як людзі сумуем.
Сварымся. Мірымся. І разыходзімся.
Дзён не хапае. Тыдні марнуем.
Думаецца, што ў гэтым урыўку адлюстравана ўся фактуальная і падтэкставая інфармацыя, якая прасякнута радасцю і смуткам, роспаччу і надзеяй. Менавіта такім мы ўбачылі Пімена Панчанку і на пачатку яго творчага шляху, і пазней, і значна пазней. Толькі нацыянальна-самабытная асоба здольна на такія пранікнёныя словы, якія адрасаваны ўсім нам і кожнаму паасобку. Гэта словы чалавека, які шмат паспытаў на сваім шляху, але застаўся верным свайму асноўнаму прызначэнню – быць песняром самага «сакральнага», дарагога, без чаго нельга ні жыць, ні быць чалавекам... Яго паэзія, яго мова дэкларуе ісціны неабходныя і вечныя. У радках яго вершаў адлюстравана філасофія жыцця беларуса [4, c.233 - 239].
Відавочна, што канцэпты «радавацца» і «смуткаваць» можна аднесці да базавых катэгорый, з дапамогай якіх ажыццяўляюцца кагнітыўныя аперацыі па глыбінным пазнанні рэчаіснасці. Канцэптуалізацыя і катэгарызацыя гэтых паняццяў дапамагае здабыць веды не толькі аб асобна ўзятым чалавеку, паэце, пісьменніку, але і аб іх сучасніках і гістарычных абставінах. Мова твораў акумулюе ўсю энергію часу: як станоўчую, так і адмоўную. Яна становіцца маніфестантам думак і пачуццяў і асобнага чалавека і пэўнага народа. Такім чынам, відавочна, што асэнсаванне магчымасцей узаемадзеяння мовы і сучасных падыходаў да яе даследавання дазваляе больш дакладна ўявіць спосабы адлюстравання рэчаіснасці «чалавекам гаворачым».
І.С.Лісоўская