“Залатым векам” у гісторыі дабрачыннасці па праву лічыцца XIX стагоддзе. Аднак традыцыі дабрачыннасці на беларускіх землях маюць свае глыбокія карані ў выглядзе мецэнацтва. Мецэнацтва, як культурная з’ява, атрымала сваю назву ад імя рымскага дзяржаўнага дзеяча Гая Цыльнія Мецэната, апекуна паэтаў Вяргілія і Гарацыя. Таму ў той час пад мецэнацтвам разумелі ў асноўным апеку (патранаж) над асобным творцам – літаратарам, мастаком.
Некаторыя формы мецэнацтва, а менавіта заснаванне манастыроў, цэркваў і пры іх жывапісных майстэрань, асяродкаў па перапісу кніг, стварэнню летапісаў, назіраліся на тэрыторыі ВКЛ яшчэ ў XIII – XIV стст. пры дварах Алелькавічаў і Гаштольдаў. Справай гонару не толькі вялікіх князёў літоўскіх і магнатаў, але і прадстаўнікоў не вельмі заможных колаў насельніцтва стала падтрымка творцаў у галіне літаратуры, жывапісу, музыкі і архітэктуры. У залежнасці ад носьбітаў мецэнацтва ў ВКЛ можна падзяліць на вялікакняжацкае, магнацка-шляхецкае, царкоўнае і мяшчанскае. Прычым з сярэдзіны XVI ст. усе большае значэнне набывае шляхецкае мецэнацтва, асабліва яго свецкія напрамкі [31, с. 62-64].
У Рэчы Паспалітай развіццё высокай культуры і звязанага з ёй тыпу мастацтва і літаратуры адбывалася ў рамках царкоўнага і каралеўскага мецэнацтва. Сярод арыстакратычных мецэнатаў выдзяляліся В. Жэвускі (1706– 1779) – грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст, М.К. Радзівіл і яго жонка Уршуля Радзівіл. Пазней мецэнацкую дзейнасць бацькоў працягнуў К.С. Радзівіл. Вядомымі мецэнатамі былі і браты Залускія – Анджэй Станіслаў (1695–1754) і Юзэф Анджэй (1702–1774) – біскупы, грамадскія дзеячы, якія стварылі першую ў краіне публічную бібліятэку (1747 г.) [23, с. 77-81].
Прыхільнікам філантропіі і мецэнацтва з’яўляўся і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764–1795), які дапамагаў у арганізацыі навучальных устаноў, аказваў матэрыяльную падтрымку мясцовым інтэлектуалам. Кароль аказаў дапамогу у зборы крыніц вядомаму гісторыку і літаратару А. Нарушэвічу – аўтару працы “Гісторыя польскага народа”. Пры падтрымцы Панятоўскага многія гісторыкі і краязнаўцы атрымалі доступ у прыватныя архівы і бібліятэкі [10, с. 55].
Для Гродзеншчыны апошняй чвэрці XVIII ст. вельмі значнай была дзейнасць графа Антонія Тызенгаўза, які заснаваў у Гродне медыцынскую акадэмію – першую свецкую адукацыйную ўстанову (1755–1781), кадэцкі корпус, тэатр, друкарню і інш., а таксама Міхала Казіміра Агінскага, які заснаваў у Слоніме друкарню, оперны тэатр і капэлу [32, c. 129].
Мецэнацтва было тым інстытутам у структуры грамадскага функцыянавання духоўных каштоўнасцей, які спалучаў (развіваючы і распаўсюджваючы) высокую культуру з культурай іншых сацыяльных слаёў насельніцтва. Тым самым мецэнацтва садзейнічала як узаемадзеянню і ўзаемаўзбагачэнню розных сфер і ўзроўняў культуры, так і агульнакультурнаму развіццю народаў Рэчы Паспалітай, даючы магчымасць для праяўлення і развіцця мясцовых талентаў [23, с. 85-86].
Традыцыі мецэнацтва, дасягнуўшы свайго апагею ў канцы XVIII ст., працягвалі развівацца і ў першай палове XIX ст. набываюць новыя рысы. На змену буйным фундацыям і ахвяраванням прыходзяць больш дробныя ахвяраванні прыватных асоб, сярэдняга класу ўласнікаў. Гэта было звязана з пагаршэннем эканамічнага стану буйных уладальнікаў, падзелам спадчыннай маёмасці, канфіскацыямі і г.д. [1, с. 25].
Адным з цэнтральных паняццяў у дадзеным даследаванні з’яўляецца паняцце “дабрачыннасці”. Дабрачыннасць – гэта праяўленне спачування да блізкага і маральны абавязак маёмнага дапамагаць немаёмнаму, імкненне выканаць “пэўную рэлігійна-маральную патрэбу ” [18, с. 73].
Больш поўную фармуліроўку прыводзіць А.Р. Сакалоў: “Дабрачыннасць ёсць добраахвотная сацыяльная дзейнасць, звязаная з бязвыплатнай перадачай матэрыяльных каштоўнасцей, у тым ліку і створаных працай у працэсе самой дабрачыннай дзейнасці, і скіраваная на дасягненне большага сацыяльнага дабрабыту ” [10, с. 153].
У адрозненне ад мецэнацтва дабрачыннасць прадугледжвала, у першую чаргу, цесную сувязь з хрысціянскай ідэалогіяй. У гэтым выпадку кіраваліся матывамі выратавання душы і біблейскімі прыкладамі. Гэта з’ява існавала з часоў узнікнення хрысціянства і была накіравана на дапамогу “сірым і ўбогім”. Паняцце мецэнацтва значна шырэй, а ў некаторых выпадках можа ўключаць у сябе і дабрачыннасць. Да таго ж мецэнацтва як культурная з’ява мае некалькі іншыя карані і больш старажытная [31, с. 63].
Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расіі ў канцы XVIII ст. і да 60–70-х гадоў XIX ст. – перыяд станаўлення свецкай і саслоўнай дабрачыннасці ў медыка-сацыяльнай дапамозе насельніцтву. У гэты час адыходзяць у былое буйныя фундацыі і ахвяраванні, але дзеля канцэнтравання паступаючых сродкаў і акрэслення іх затрат на розныя патрэбы ствараюцца рознага роду дабрачынныя таварыствы, якія аб’ядноўвалі ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў розных саслоўяў.
Адразу трэба абазначыць сэнс паняцця “саслоўе”. Так, у энцыклапедычным слоўніку “Брокгаўз і Ефрон” даецца наступнае вызначэнне: “под термином “сословие” обозначают отдельную группу подданных, своим юридическим положением каким-либо образом отличающихся от остального населения, причём отличия эти передаются по наследству”. [21, с. 911]
У Расіі саслоўны лад аформіўся рэформамі Кацярыны II, галоўным чынам “Жалованной грамотой дворянству” і “Грамотой на права и выгоды городам Российской империи” (1785 г.). Паслядоўна праводзімыя рэформы Кацярыны II паклалі саслоўны пачатак у аснову ўсяго мясцовага кіравання і судаўладкавання. Рэформы стварылі чатыры “главных рода людей”: дваранства, духавенства, гарадскія і сельскія абывацелі [21, с. 912- 913].
Трэба адзначыць, што саслоўі падзяляліся на непадатныя і падатныя. Да першых адносілася дваранства і духавенства. Да другіх – саслоўі сельскіх і гарадскіх абывацеляў, але дзве групы сярод апошніх – ганаровыя грамадзяне і купцы карысталіся многімі правамі непадатных саслоўяў.
У грамаце на правы і выгады гарадам гарадскія абывацелі падзяліся на шэсць саслоўяў: “именитые граждане, купцы, обыватели, иногородние или иностранные гости, цеховые и посадские”. Па ўказу сената ад 1 верасня 1808 года да разраду “абывацеляў” адносіліся духавенства, дваране, разначынцы, купцы, мяшчане, сяляне казёныя і памешчыцкія, якія мелі нерухомую маёмасць у горадзе [24, с. 47].
У Рэчы Паспалітай да канца XVIII ст. склаліся тры саслоўі: шляхта, мяшчане і сяляне. Пасля падзелаў дзяржавы і далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі гэтыя саслоўі павінны былі ўвайсці ў склад адпаведных саслоўяў Расіі і карыстацца іх правамі.
Перад тым, як перайсці да асвятлення саслоўнай дабрачыннасці на старонках часопіса “Dzieje Dobroczynnosci”, коратка разгледзім яго структуру, аўтарскі склад і асноўную тэматыку публікацый.
Асноўнай крыніцай фінансавання часопіса з’яўляліся сродкі, якія паступалі за кошт падпісчыкаў. Трэба адзначыць, што сярод іх людзі розныя па свайму сацыяльнаму стану. Так, у студзеньскім нумары часопіса за 1820 год падаецца змест падпісчыкаў па паветах. Вось толькі некаторыя дадзеныя:
з Вілкамірскага павету – доктар Савіцкі, суддзя Петрыкевіч, асэсар дэпартамента Фелікс Якавіцкі, суддзя Харашэўскі і іншыя;
з Дзісненскага павету – біскуп Касакоўскі, маршалак Ясінскі, маёр Шэбека, губернскі сакратар Квяткоўскі, суддзя Людвік Хадзько, аптэкар Шульц, прафесар Мяноўскі, капітан Траяноўскі і іншыя;
з Ваўкавыскага павету – маршалак Грабоўскі, пробашч Залеўскі, капітан Ромер, былы маршалак Булгарын, суддзя Ельскі, суддзя Аскерка і іншыя;
з Навагрудскага павету – пробашч Усакоўскі, доктар Лаінскі, пробашч Сабалеўскі, каморнік Юрэвіч і іншыя.
Што датычыцца структуры часопіса, то яна не была аднолькавай. У першыя два гады выдання часопіс складаўся з пяці раздзелаў. У першым раздзеле “Сучасная дабрачыннасць” змешчаны ў асноўным звесткі аб распараджэннях уладаў і заканадаўчых дакументах, якія непасрэдна датычыліся спраў дабрачыннасці. У гэтым жа раздзеле асвятляецца дзейнасць дабрачынных таварыстваў (гісторыя іх заснавання і статуты). Змешчаны ў дадзеным раздзеле артыкулы аб ахвяраваннях прыватных асоб, іх біяграфіі, а таксама звесткі аб адкрыцці шпіталяў і дамоў для бедных пры дабрачынных таварыствах.
Другі раздзел – “Дабрачыннасць даўнейшых часоў” утрымлівае артыкулы, якія датычацца гісторыі дабрачыннай дзейнасці. Гэты раздзел часопіса змяшчае звесткі пра жыццё славутых асоб. Так, у майскім і вераснёўскім нумарах часопіса за 1823 год дадзены артыкулы аб жыцці Яна Бецкага і аб жыцці папы рымскага Пія VII [70, s. 28-33; 72, s. 82-91].
Часопіс утрымлівае таксама раздзелы – бібліяграфічны і “Розныя навіны”. Нумары, якія выходзілі ў наступныя гады, не маюць ужо такой выразнай структуры – артыкулы размешчаны па чарзе, прыводзіцца назва, аўтар або перакладчык.
Сярод даследчыкаў і аўтараў, якія публікавалі свае матэрыялы на старонках часопіса “Dzieje Dobroczynnosci”, трэба адзначыць Аляксандру Вольфганг, Аляксандра Багаткевіча, Леона Рагальскага, Мікалая Маліноўскага, Людвіка Ельскага, Ігнацыя Лахніцкага, Эдварда Адынца і іншых.
Так, Аляксандра Вольфганг узнімае на старонках часопіса праблематыку адукацыі ўбогіх дзяцей-інвалідаў. У сваіх артыкулах яна падрабязна апісвае ўстановы для навучання глуханямых дзяцей, падае іх гісторыю, каб заахвоціць чытачоў далучацца і прымаць актыўны ўдзел у адкрыцці падобных устаноў [67, s. 181-199; 69, s. 338-363].
Шмат увагі на старонках часопіса даследчыкі адводзяць асвятленню пытанняў дабрачыннай дзейнасці ў заходне-еўрапейскіх краінах. Так, у лютаўскім нумары часопіса за 1824 г. змешчаны артыкул А. Багаткевіча “Вядомасць аб таварыстве маральнага выпраўлення ў Страсбургу”, [76, s. 176-179], а ў жнівеньскім нумары за гэты ж год знаходзім артыкул “Таварыства хрысціянскай маральнасці ў Парыжы” [78, s. 767-768]. Дзейнасць дабрачынных устаноў у старажытных рымлянаў і грэкаў асвятляў у сваіх артыкулах М. Маліноўскі [66, s. 36-46; 71, s. 378-387]. Шмат артыкулаў у часопісе пададзена без вызначэння аўтара.
Неабходна дадаць, што гэта было адно з першых перыядычных выданняў падобнага роду не толькі ў Расійскай імперыі, але і на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Адзначым, што галоўным рэдактарам заснаванай ў 1813 г. расійскім філантропам П.П. Пезаровіусам асноўнай расійскай філантрапічнай газеты “Русский инвалид” з 1818 па 1823 г. быў выпускнік Віленскага універсітэта, наш зямляк Махаіл Марктанавіч [10, с. 60].
Трэба адзначыць, што ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. хуткімі тэмпамі пачынае развівацца перыядычны друк. У 1815 – 1822 гг. выдаваліся: “Kurier Litewski” пад рэдакцыяй А. Марціноўскага, прафесара Віленскага універсітэта, “Tygodnik Wilenski”, “Dziennik Wilenski”, “Wiadomosci Brukowe”, “Mesiecznik Polocki” і іншыя. Гэта было абумоўлена тым, што заснаванне перыядычнага выдання ў гэты час не было абцяжарана ніякімі адміністратыўнымі абмежаваннямі. Дастаткова было знайсці падпісчыкаў і атрымаць дазвол з Пецярбурга [20, с. 75].
У XIX ст. у Расійскай імперыі выдавалася таксама шмат дабрачынных газет і часопісаў з рознай перыядычнасцю: штомесяц, штотыдзень або два разы ў месяц. Па тыпу выдаўніка іх можна падзяліць на чатыры групы:
1. Выданні, якія з’яўляліся органамі спецыяльных дабрачынных таварыстваў або ўстаноў.
2. Рознага роду палітычныя, літаратурныя і іншыя свецкія выданні, у якіх праблемы дабрачыннасці былі вядучымі.
3. Духоўныя выданні, у якіх царква здзяйсняла праграму маральнага выхавання прыхаджан.
4. Прыватныя выданні, у якіх рэдактар абмяркоўваў з чытачамі сваю праграму і ўласныя ідэі паляпшэння дабрачыннай справы [8, с. 91].
Менавіта да першай групы можна аднесці часопіс “Dzieje Dobroczynnosci”, які выдаваўся ў даход дому для бедных пры Віленскім таварыстве дабрачыннасці. Значная частка артыкулаў у ім прысвечана асвятленню філантропіі (дабрачыннасць, дапамога немаёмным) з боку прыватных асоб, якія з’яўляліся прадстаўнікамі розных саслоўяў. Большасць з іх тычыцца ахвяраванняў сродкаў на навучанне.
У пачатку XIX ст. у сувязі з зацвярджэннем змяніўшыхся грамадскіх ідэалаў прыватныя дабрачынцы ўсё большую ўвагу ўдзяляюць падтрымцы навуковых устаноў. Хоць дзейнасць у сферы прыватнай дабрачыннасці была некалькі абмежавана “Палажэннем аб пансіёнах”, выдадзеным Эдукацыйнай камісіяй (1773–1794) у 1773 г., прыватныя дабрачынцы працягвалі выдаткоўваць немалыя сродкі на адукацыю, адкрыццё рознага тыпу школ, канвіктаў і пансіёнаў. Практычна ўсе навучальныя ўстановы дадзенага тыпу амаль не залежылі ад дзяржавы і дзейнічалі самастойна за кошт матэрыяльных сродкаў таго ці іншага філантропа.
Філантропы і мецэнаты былі зацікаўлены ў стварэнні ў першую чаргу акадэмічных навучальных устаноў у сваіх паветах. На іх сродкі купляліся будынкі пад школы, падручнікі, наймаліся настаўнікі, даваліся фундушы на ўтрымліванне вучняў. З найбольш уплывовых беларускіх дваран выбіраліся ганаровыя дазорцы для апекі і кантроля за дзяржаўнымі і прыватнымі навучальнымі ўстановамі, інстытут якіх быў уведзены ў 1811 г. распараджэннем Міністэрства народнай асветы. Сярод іх такія вядомыя ў тагачаснай Беларусі імёны, як К. Чапскі, А. Плятэр, А. Ракіцкі, І. Твардоўскі і інш. [10, с. 57-58].
Найбольш значнымі былі ахвяраванні графа Вікенція Тышкевіча, які ў 1805 г. у сваім радавым маёнтку адкрыў Свіслацкую гімназію, якая атрымала статус губернскай. Яна размяшчалася ў будынку, дараваным графам, мела багатую бібліятэку, фізічны і матэматычны кабінеты, працаваў школьны тэатр. В. Тышкевіч асабіста сачыў за паводзінамі і выхаваннем вучняў, заснаваў 2 стыпендыі для сваіх блізкіх [29, с. 40-57].
Нешта падобнае можна было назіраць у гэты час і ў Слоніме. Лістападаўскі нумар часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” за 1821 г. утрымлівае тастамент біскупа Гарбацкага аб заснаванні фундацыі. Так, 1 лютага 1804 г. згодна з воляй біскупа пінскай і тураўскай епархіі Яфіма Дашковіча-Гарбацкага і яго пляменніка, камер-юнкера былога польскага двара Ануфрыя Кастравіцкага, быў заснаваны канвікт для 10 выхаванцаў пры Слонімскім павятовым вучылішчы на грошы ў суме 120 тыс. злотых (110 тыс. ад першага і 10 тыс. ад другога), забяспечаныя на маёнтках Рэпнічы і Ягнешчыцы памешчыка Кастравіцкага. На ўтрыманне ішло 5% (6 тыс. злотых) у год. Выхаванцы павінны былі быць дзецьмі дваран Слонімскага павета беднага стану, ва ўзросце ад 8 да 12 год. Распараджэнне фундушам было даверана мясцовым ксяндзам-канонікам. Апекунамі гэтага фундуша былі прызначаны маршалак, віцэ-маршалак, падкаморый, падхарунжый і Слонімскі земскі суд, якія мелі права прызначаць вучняў у канвікт. Нагляд за дзейнасцю канвікта ажыццяўляў памешчык маёнтка Рэпнічы і штатны наглядчык [64, s. 2108].
Падобныя ўстановы для навучання дзяцей збяднелай шляхты – канвікты, меліся і ў Вільні. Так, граф Міхал Валіцкі, кавалер ордэна Св. Станіслава запісаў 1 чэрвеня 1808 г. на “вечны фундуш” 12 тыс. злотых гадавога даходу з мястэчка Азёры Гродзенскага павета на ўтрыманне і навучанне ў Віленскай гімназіі васьмярых юнакоў дваранскага паходжання. Выхаванцы павінны былі мець ад 8 да 11 год і заставаліся на забеспячэнні фундуша да 18 гадоў. Нагляд за навучэнцамі ажыццяўляў штатны наглядчык [54, s. 613].
Прызначаў выхаванцаў у канвікт сам уласнік фундуша, пасля яго гэта права перадавалася згодна з завяшчаннем прадстаўніку фаміліі Валіцкіх. Апека над фундушам (на кожнага выхаванца ад агульнай сумы прыходзілася па 1 500 злотых) давяралася імператарскаму Віленскаму універсітэту, які пасля заканчэння тэрміна навучання выдаваў выхаванцам пасведчанне і рэкамендацыі на грамадзянскую службу або службу ў войску [58, s. 315-322].
Падобны фундуш заснаваў ксёндз Феліцыян Матэуш Ган, які запісам ад 24 студзеня 1812 г. склаў 60 тыс. злотых для навучання чатырох выхаванцаў дваранскага паходжання, пераважна з фаміліі Ганаў. На ўтрыманне вучняў ішло 6% ад агульнай сумы. Прымаліся ў канвікт дзеці, здольныя да навучання, тэрмінам на 6 гадоў. Распараджэнне фундушам было даверана віленскім ксяндзам-місіянерам. Апека над ім перадавалася Віленскаму універсітэту [59, s. 433-439].
Трэба адзначыць, што ахвяраванні на развіццё школьнай справы з боку духоўных асоб былі нярэдкімі. Сярод іх і мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які заснаваў Магілёўскую друкарню, шэраг беларускіх школ [10, с. 59], трэба назваць і біскупа Давіда Пілхоўскага, віленскага дэкана, які 19 сакавіка 1803 г. склаў фундуш на суму 6 701 чырвонец на ўтрымліванне 12 выхаванцаў у парафіяльнай школе. Прычым шэсць вучняў павінны былі быць з дваран, а астатнія з бедных мяшчан. Тэрмін навучання складаў 6 гадоў. Распараджэнне фундушам фундатар даверыў ксяндзам з парафіі Св. Юрыя [57, s. 205-212].
Прэлат Станіслаў Шантыр, ганаровы сябра Віленскага універсітэта, член-карэспандэнт навуковага камітэта па справах дабрачыннасці ў Вільні, апякун Слуцкага дому міласэрнасці і заснавальнік Слуцкага камітэта апекі бедных (1822 г.), адкрыў 9 лістапада 1809 года за свой кошт парафіяльную школу ў мястэчку Мілейчыцы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Настаўнікам ён запрасіў з Любліна Паўла Крупінскага. У 1810 г. колькасць вучняў у школе складала 120 асоб, а ўжо ў 1811 г. іх колькасць ўзрасла да 172, пераважна дзяцей шляхецкага паходжання [47, s. 143].
Ксёндз Ян Гейн у сваім тастаменце ад 16 ліпеня 1808 г. ахвяраваў 500 чырвонцаў на ўтрыманне пры Гродзенскай школе трох хатніх дазорцаў для нагляду за беднымі вучнямі. Гэту суму ён даверыў купцу Далкоўскаму [64, s. 2099].
Неабходна адзначыць, што шмат артыкулаў часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” утрымліваюць фундацыйныя дакументы – часткі завяшчанняў, або ўвесь тастамент прыватных асоб, якія ахвяроўвалі сродкі на навучанне бедных дзяцей.
Сярод філантропаў першай чвэрці XIX ст. было шмат прадстаўнікоў чыноўнікаў і мяшчан. Так, гродзенскі стараста Храптовіч у 1801 г. прызначыў 2 000 чырвонцаў, забяспечаных на маёнтку Бажэнцкіх Мількаўшчына на ўтрымліванне і навучанне 10 выхаванцаў з дваран беднага стану ў ксяндзоў-піяраў. Спачатку канвікт утрымоўваўся пры Гродзенскай школе, а ў 1805 г. быў пераведзены ў Шчучын [64, s. 2102].
Ігнацый Карп у сваім тастаменце 29 лютага 1808 г. прызначыў 40 тыс. злотых, забяспечаных на фальварку Краўкяны на адкрыццё школы для бедных у Ёханішкелях, непадалёку ад Шаўлеў. У школе вывучаліся: чыстапісанне, чытанне, польская і руская мовы, арыфметыка, асновы хатняй гаспадаркі і інш. Апека над фундушам была даверана Віленскаму універсітэту [71, s. 387-389].
Мацей Манюшка ў сваім завяшчанні ад 17 мая 1810 г. склаў фундуш у суме 200 чырвонцаў на навучанне ў Ладзенскай школе (Мінскай губерні) двух бедных вучняў шляхецкага паходжання. Гэты фундуш быў забяспечаны на радавым маёнтку Леона Ашторпа, маршалка Ігуменскага павета з умовамі, каб 6% ад гэтай сумы (12 чырвонцаў) выплачваўся рэгулярна 1 верасня ганароваму дазорцы Ладзенскай школы. У выпадку, калі гэта школа перастане працаваць, Віленскі універсітэт павінен быў вызначыць іншую бліжэйшую школу [65, s. 2218-2221].
Юзэф Крацкевіч, каваль, 4 студзеня 1813 г. склаў фундуш у суме 400 чырвонцаў на парафіяльную школу ў Брэст-Літоўску пры кляштары базыльян. Гэты фундуш ён аддаў пад апеку Яну Раманоўскаму, былому асэсару надворных судоў. Кожны год 7% ад гэтай сумы, які складаў 28 чырвонцаў, прызначаўся на ўтрыманне дому для бедных дзяцей, а таксама настаўніка для іх [55, с. 113-116].
Віктар Кужанецкі 13 снежня 1815 г. склаў суму ў 41 тыс. злотых, забяспечаную на маёнтку Жыдчы Пінскага павета Мінскай губерні, у якасці фундуша на навучанне ў піяраў пяці юнакоў з 5% ад гэтай сумы. Прызначаць выхаванцаў у канвікт дазвалялася прадстаўніку фаміліі Кужанецкіх. Тэрмін навучання складаў 6 гадоў [65, s. 2214-2215].
Доктар Якуб Шымкевіч ахвяраваў сваім тастаментам ад 3 красавіка 1818 г. фундуш на суму 1 070 чырвонцаў віленскім музыкам і 1 500 чырвонцаў прызначыў на навучанне трох студэнтаў рознага сацыяльнага паходжання ў Віленскай гімназіі, тэрмінам на 6 гадоў. Права распараджэння фундушам ён даверыў Віленскаму універсітэту [60, s. 572-573].
Такім чынам, наяўнасць школ і канвіктаў, заснаваных на сродкі прыватных дабрачынцаў, спрыяла развіццю адукацыі сярод маламаёмных слаёў дваранства. Прычым сярод вучняў былі і дзеці некаторых чыноўнікаў, якія з-за сваёй беднасці не мелі магчымасці даць дзецям адукацыю.
У майскім нумары часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” за 1820 г. прыводзяцца звесткі з “Пецярбургскай акадэмічнай газеты” за 18 мая 1820 г., у якой даецца пералік ахвяраванняў на навучанне ў Віленскай навучальнай акрузе ў 1819 годзе. Так, куратар Віленскай навучальнай акругі князь А. Чартарыйскі дараваў Падольскай гімназіі гадзіннік коштам 300 руб. серабром. Ганаровы дазорца школ Мінскай губерні І. Твардоўскі ахвяраваў Любешоўскай школе фізічны інструмент коштам 527 руб. сер. Ксёндз Ян Ігнатовіч запісаў на ўтрымліванне з працэнтаў ад сумы 2 700 руб. сер. пры Валочынскай парафіяльнай школе пяці бедных вучняў. На кожнага ў год прыходзілася па 30 руб. сер. Абывацель Віленскай губерні Росінскага павета Юзэф Радвіловіч ахвяраваў 1 500 руб. сер. на адукацыю з працэнтаў ад гэтай сумы двух бедных вучняў пры Крожскай школе [48, s. 275].
Жаночая адукацыя ў першай чвэрці XIX ст. як і раней канцэнтравалася ў руках святарства. Актыўна на гэтай глебе працавалі марыявіткі. Кароткая гісторыя існавання гэтага закону змешчана ў сакавіцкім нумары часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” за 1823 г. [68, s. 209-221].
Фундушы на адкрыццё школ і пенсій для вучаніц ахвяроўвалі марыявіткам не толькі мясцовыя магнаты – Агінскі, Валадковіч і іншыя, але і сам імператар Аляксандр I. Згодна са статутам гэтага закону яны абавязваліся бясплатна вучыць дзяўчынак “не зважаючы на ўзрост, стан і рэлігію”. Аднак насуперак дэклараванай усесаслоўнасці жаночай адукацыі, марыявіткі падзялялі сваіх вучаніц па сацыяльнаму стану, утвараючы пры школах спецыяльныя “аддзяленні адукацыі дзевак”, якія рыхтавалі наймічак [20, с. 70].
13 сакавіка 1821 г. Разалія Сеўрук склала фундуш на навучанне адной дзяўчынкі шляхецкага паходжання ў Слуцку. Сума капітала складала 3 тыс. злотых і была забяспечана ў графа Адама Гюнтэра, працэнты ад гэтай сумы прызначаліся марыявіткам на ўтрыманне шляхцянкі з фаміліі Сеўрук, тэрмінам на 6 год [59, s. 473-476].
У канцы XVIII – першай чвэрці XIX ст. адной з найбольш распаўсюджаных формаў прызрэння бедных, састарэлых, хворых, удоў і сірот па-ранейшаму працягвала заставацца арганізацыя і матэрыяльная падтрымка “шпіталяў”.
Шпіталі засноўвалі асобныя грамадскія групы – праваслаўныя брацтвы, цэхі рамеснікаў, магістраты, каталіцкія “брацтвы міласэрнасці” і інш. У шпіталях немаёмныя атрымоўвалі дах над галавой, нагляд і лячэнне.
Каб утрымліваць людзей у гэтых установах, за шпіталямі замацоўваліся зямельныя надзелы, вёскі, маёнткі і іншае. Бедныя забяспечваліся прадуктамі, адзеннем, абуткам, дровамі і г.д.
Шпіталь уяўляў сабой дом з адным ці некалькімі памяшканнямі. У невялікім шпіталі жылі ад 3 да 8 чалавек, а ў большым – да 20.
Жыхары шпіталя выбіралі з свайго асяроддзя аднаго ці некалькі старэйшых, якія адказвалі перад апекунамі шпіталя за падтрыманне ў ім парадку. Лячэбную дапамогу ў адных шпіталях аказвалі манахі, у другіх спецыяльна нанятыя медыкі.
Першакласным для свайго часу быў шпіталь на 60 ложкаў пры Гродзенскай медыцынская школе ў 1775 – 1781 гг., дзе кожны хворы меў асабісты ложак [15, с. 56-58].
У пачатку XIX ст. некалькі шпіталяў існавала і ў Вільні. Так, шпіталь пад назвай “Паннаў міласэрнасці”, утрымліваўся дванаццацю асобамі. У якасці служачых тут працавала 35 асоб, якія абслугоўвалі хворых. На працягу 1805 г. у гэтым шпіталі ўтрымлівалася 1 695 бедных, з якіх 1 400 асоб паправілася, 174 памерла і на пачатак 1806 г. у ім заставалася 201 чалавек.
Крыніцы фінансавання шпіталя складаліся са сталых і аднаразовых ахвяраванняў. Так, у 1805 г. сталы даход шпіталя складаў суму 4 292 руб. 52 кап. сер., у якую ўваходзілі: працэнты ад фундушавых капіталаў – 2 077 руб. 35 кап. сер., чынш з двух фальваркаў – 165 руб. сер., ад імператарскай фаміліі шпіталь атрымаў 1 624 руб. 30 кап. сер.
Сярод аднаразовых ахвяраванняў у 1805 г. больш значнымі былі наступныя:
1. З дабрачыннага канцэрта, арганізаванага паннамі Бенінгсен і Франкавай шпіталь атрымаў чыстага даходу на суму 1 885 руб. 50 кап. серабром.
2. З тастаментаў ад Юліяны Зянкоўскай і Марыяны Абрамовіч па 590 руб. сер. і 230 руб. сер. адпаведна.
3. Ад дабрачынцаў, не назваўшых свайго імя – 567 руб. 20 кап. сер.
4. З тэатральных пастановак і іншых публічных дабрачынных мерапрымстваў – 194 руб. сер.
Усяго аднаразовыя выплаты і ахвяраванні склалі ў касе шпіталя суму 4 667 руб. 20 кап. сер. Увесь гадавы прыход шпіталя “Паннаў міласэрнасці” склаў у 1805 г. 8 959 руб. 72 кап. сер. У гэтым жа годзе шпіталь выдаткаваў на кармленне і забеспячэнне хворых, аплату дактарам і хірургам, служачым, а таксама на дровы, утрымліванне капліцы пры шпіталі і на іншыя гаспадарчыя патрэбы – 8 769 руб. 18 кап. сер. [49, s. 288-289].
З сярэдзіны XVIII ст. у Навагрудку, Гродне і Мінску дзейнічалі шпіталі, заснаваныя баніфратамі (з лац. браты міласэрнасці).
Шпіталі баніфратаў абслугоўвалі ніжэйшыя немаёмныя слаі насельніцтва. Статут баніфратаў прадугледжваў наведванне шпіталя дактарамі і хірургамі [15, с. 59].
Шпіталь баніфратаў у Вільні фінансаваўся ў асноўным за кошт дабрачынных ахвяраванняў і міласціны пры касцёле за набажэнствы па памерлых родных. У 1805 г. прыход у гэты шпіталь ад аднаразовых ахвяраванняў склаў 1 723 руб. 14 кап. сер. Так, віленскі біскуп Касакоўскі даслаў шпіталю 30 руб. сер. Сталы даход з працэнтаў ад капіталаў складаў 9 117 руб. сер. Сума ж выдаткаў на ўтрыманне хворых і іншыя патрэбы складала 1 822 руб. 13 кап. сер. [49, s. 287].
Мінскі шпіталь баніфратаў за тры гады (з 1818 па 1820) утрымліваў 694 асобы, з якіх памерла 64. Прычым акрамя бедных у шпіталі ўтрымліваліся арыштанты. На кожнага з іх баніфраты атрымоўвалі па 16 кап. сер. на дзень. Прыбытак шпіталя складалі прыватныя ахвяраванні, працэнты ад капіталаў, арэнда склепаў і іншых памяшканняў. Толькі ў 1820 г. прыход шпіталя скдадаў 5 608 руб. 43 кап. сер. [57, s. 265-275].
У пачатку XIX ст. пачала развівацца сістэма апекавання патрабуючых дзяцей. На тэрыторыі пражывання этнічных беларусаў першы выхаваўчы дом (“Дзіцяці Езуса”) быў заснаваны княгіняй Ядвігай Агінскай ў 1791 г. у Вільні. Гэты дом ці “шпіталь” прызначаўся для выхавання сірот. Так, на працягу 1805 г. у ім знаходзілася 531 хлопчык і дзяўчынка, з якіх памерла 75 асоб. Гадавы даход складалі сталыя капіталы і аднаразовыя ахвяраванні. Сталы даход шпіталя ў гэтым годзе складаў суму 3 714 руб. 18 кап. сер., з якой 1 217 руб. сер. склалі ахвяраванні ад імператара.
Сума аднаразовых ахвяраванняў складала 8 246 руб. 41 кап. сер., з якой найбольш значную суму грошаў шпіталь атрымаў ад кавалераў ордэна Св. Станіслава (2 275 руб. 50 кап. сер). Сума ж гадавога выдатку на розныя патрэбы складала 7 734 руб. 46 кап. сер.
Падобны шпіталь для выхавання сірот утрымліваўся ў Вільні марыявіткамі пры касцёле Св. Стэфана. На працягу 1805 г. у ім утрымлівалася 34 асобы, з якіх сем дзяцей былі аддадзены ў сем’і. Гадавы даход складаў 1 453 руб. 65 кап. сер. Ахвяраванні ад імператара склалі 498 руб. сер. На кармленне і забеспячэнне выхаванцаў у доме была выдаткавана на працягу года сума, роўная з прыходам – 1 453 руб. 65 кап. сер. [49, s. 290].
Аналагічныя выхаваўчыя дамы былі арганізаваны і ў іншых губернскіх гарадах: у Магілёве (1804 г.), пры Гродзенскім Прыказе грамадскага прызрэння (1804 г.), у Віцебску (1808 г.), якія з-за высокай смяротнасці дзяцей у хуткім часе былі пераўтвораны ў дзіцячыя прытулкі [10, с. 61].
Яскравым сведчаннем актывізацыі прыватнай дабрачыннасці ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. з’яўляецца арганізацыя публічных забаў, маскарадаў, музычных вечароў і канцэртаў, тэатральных прадстаўленняў, сродкі з якіх цалкам прызначаліся на дабрачынныя мэты.
Пра маштаб і папулярнасць дабрачыннай дзейнасці у форме відовішчаў сведчыць пастаноўка славутай араторыі Ё. Гайдна “Стварэнне свету”. Грандыёзнасць праекта патрабавала значных грашовых укладанняў, таму выдаткі на арганізацыю гэтага канцэрта ўзяло на сябе Віленскае таварыства дабрачыннасці. Канцэрт адбыўся 29 студзеня 1809 г. у вялікай зале віленскай ратушы пры ўдзеле 130 акцёраў з дзвюх бліжэйшых губерняў.
У 1810 г. была пастаўлена опера “Рамэо і Джульета”, у якой акрамя пані Франкавай удзельнічалі і іншыя аматары. Фінансаванне гэтай акцыі (каштоўныя дэкарацыі і строі) зноў было з касы Таварыства дабрачыннасці [47, s. 138-141].
Пачатая ў Вільні мода на публічныя дабрачынныя канцэрты распаўсюдзілася па іншых гарадах.
Так, 11 сакавіка 1821 г. у губернскім горадзе Мінску адбыўся дабрачынны канцэрт дванаццацігадовай Антаніны Багдашэўскай, “якая прысвяціла свой цудоўны музычны талент на патрэбу людскога цярпення”. Чысты даход з канцэрта склаў 108 руб. сер. [58, s. 429].
У гэтым жа годзе адбыўся дабрачынны фартэп’янны канцэрт дачкі гродзенскага грамадзянскага губернатара, адзінаццацігадовай Меланіі Андржэйковіч, даход з якога складаў 57 чырвонцаў, 232 руб. 10 кап. сер., 195 руб. асігнацыямі. Усе сабраныя сродкі пайшлі на дом бедных у Гродне [57, s. 307-308].
21 снежня 1822 г. у гонар аднаго з членаў Віленскага таварыства дабрачыннасці, Тамаша Ваўжэцкага, быў даны канцэрт у зале палаца грамадзянскага губернатара пад кіраўніцтвам маэстра Палані. Сродкі з канцэрта прызначаліся на ўтрымліванне бедных пры дабрачынным таварыстве. У ім прымалі ўдзел Эліза Балбані, Барбара і Юзэфа Рэвенскія, жонка губернатара Франкава, а таксама аматары музыкі: Чарноўскі, Гастэль, Урбановіч, Брамацці і Жылінскі. Даход з канцэрта склаў 450 руб. сер. [66, s. 18].
16 снежня 1823 г. у Вільні адбыўся музычны вечар у зале ратушы, які далі Тэрэза Казлоўская і яе вучаніцы: Кульвінская, Дамброўская, Абрамовіч, Канцэвіч і іншыя. Прымалі ў ім удзел гарадскі і вайсковы аркестры. Даход з вечара склаў 285 руб. сер. і быў таксама прызначаны на патрэбы немаёмных у доме пры Віленскім таварыстве дабрачыннасці [75, s. 444].
Дабрачынныя канцэрты-відовішчы зрабілі больш разнастайным свецкае жыццё і адначасова сталі крыніцай на патрэбы дабрачыннасці. Іх можна разглядаць як адну з формаў жаночай дабрачыннасці, бо жанчыны не толькі ўдзельнічалі ў культурных акцыях у якасці выканаўцаў, але выступалі спажыўцамі гэтых мерапрыемстваў, і пры гэтым з’яўляліся своеасаблівай фінансавай крыніцай дабрачыннасці.
Больш развітай формай удзелу жанчын у свецкай дабрачыннай дзейнасці былі жаночыя дабрачынныя таварыствы (гэта не выключала іх шэраговага членства ў агульных дабрачынных таварыствах). Для тагачаснага грамадства такая з’ява была надзвычайнай, і спачатку ставіліся да яе скептычна.
Першая жаночая дабрачынная арганізацыя ўзнікла ў структуры Віленскага таварыства дабрачыннасці. У лістападзе 1809 г. было ўтворана жаночае таварыства пад назвай Інстытут мацярынства. Асноўнай мэтай гэтай арганізацыі быў клопат і апекаванне цяжарнымі жанчынамі, якія не мелі сродкаў існавання. Таварыства аказвала стацыянарную дапамогу, што прадугледжвала прафесійную акушэрскую дапамогу. На час побыту ў Інстытуце мацярынства жанчыны забяспечваліся харчаваннем, пялюшкамі для немаўлят і неабходнымі лекамі. Прэзідэнткай гэтага таварыства была баранеса Бенінгсен, віцэ-прэзідэнткай – Касакоўская, сакратаркай Франкава. У арганізацыі працавалі 4 акушэркі. Членамі таварыства былі: княжна Гедройц, Гурская, Грабоўская, Корбутава, Гутт, Лахніцкая, Любашынская, Мірская, Ромер, Раманоўская, Снядэцкая, Залеская, Ваўжэцкая, Шумская і інш.
Прыбытак таварыства складаўся з членскіх узносаў, а таксама з дабрачынных канцэртаў і відовішчаў. Аднак пасля вайны 1812 г. Інстытут мацярынства не змог аднавіць сваю дзейнасць [47, s. 139-142].
Трэба адзначыць, што дзейнасць жаночых арганізацый насіла выключна практычны характар і была арыентавана, у асноўным, на медыцынскую дапамогу і апекаванне беднымі. Прадстаўніцы набілітэту пачалі выступаць у якасці міласэрных сясцёр і апякунак хворых, пасоўваючы у гэтай сферы жаночыя рэлігійныя ордэны.
Аднак паступова дабрачыннасць прымае “безыменныя” рысы, калі вызначаць сваё імя не лічыцца ўжо абавязковым. Яна праходзіць у шэрагу яднання розных сацыяльных слаёў на шляху нацыянальнага атаясамлення і аб’яднання дзейнасці. Гэтым можна растлумачыць доўгатэрміновасць яе існавання, пры адначасовай падтрымцы ўлад. У 10-20-я гады XIX ст. значна павялічылася колькасць ахвяраванняў ад невядомых асоб на дапамогу ўбогім пры таварыствах дабрачыннасці, якія аднак агучвалі імёны сваіх ахвярадаўцаў, каб прапагандаваць сваю дзейнасць. Святары прымалі ў гэтым актыўны ўдзел, па-ранейшаму пад іх апекай заставаліся шпіталі і навучанне.
Развіццё прыватнай дабрачыннасці ў названы перыяд паказвае аб зменах грамадскай думкі, найбольш перспектыўная тэндэнцыя грамадскай дапамогі патрабуючым на тэрыторыі Беларусі аж да 1917 года.
Вялікай была ў гэты час і роля жанчын, якія займаліся зборам сродкаў на дабрачынныя мэты. У адрозненні ад расійскіх губерняў, дзе існавала “Патрыятычнае таварыства дам”, на беларускіх землях яна насіла форму простага жадання дапамогі і міласэрнасці ў выглядзе аб’яднанняў дабрачынных дам [74, s. 301-303].
Так, напрыклад, кожны год частку даходаў Віленскага таварыства дабрачыннасці складалі грашовыя сродкі, сабраныя ў час вялікіх рэлігійных святаў (на Каляды і на Вялікдзень), якімі займаліся выключна жанчыны. Сярод іх трэба назваць Тэрэзу Салтанаву, Актавію Кубліцкую, княжну Альжбету Гедройц, Элеанору Гелгудаву, Марыяну Малецкую, Саламею і Аляксандру Бэцу, Канстанцыю Корсакаву, Людавіку Горскую, Альжбету Рагоўскую і інш. Толькі ў 1820 г. яны ахвяравалі ў касу Таварыства дабрачыннасці 2 112 руб. 26 кап. сер. [49, s. 277].
Падобнае аб’яднанне дабрачынных дам існавала пры Слуцкім камітэце апекі бедных, якія добраахвотна абавязаліся збіраць міласціну і ахвяраванні сярод абывацеляў Слуцкага павета і прызначаць іх на ўтрымліванне дому міласэрнасці. Актыўнымі членамі яго былі княжна Радзівіл, графіня Чапская, Адынцова, Кабылінская, Непакаечыцкая, Валоўская, Баранава, Раецкая, Чарноцкая, Дамашкевічаўна і інш. [73, s. 149-155].
Трэба адзначыць, што арганізаваная форма жаночай дабрачыннасці была не толькі карыснай грамадству, але мела і значэнне для грамадзянскай супольнасці. Маючы трывалую структуру і грашовыя сродкі, жаночыя арганізацыі рабіліся дастаткова ўплывовымі.
Прыкметную ролю ў жыцці грамадства ў даследуемы перыяд адыгрывала каталіцкае духавенства. Яно мела магчымасць здзяйсняць розныя віды харытатыўнай дзейнасці, арганізоўваць прытулкі і шпіталі, удзельнічаць у дабрачынных таварыствах, ахвяраваць грашовыя сродкі на сацыяльныя патрэбы.
У першай чвэрці XIX ст. пачынаюць арганізоўвацца прыватныя дабрачынныя таварыствы і ўстановы сацыяльнай дапамогі, а таксама прыказы грамадскага прызрэння ў губернскіх гарадах. Большасць устаноў была прызначана для інвалідаў, састарэлых, убогіх і цяжка хворых. Дзейнасць іх больш падрабязна разгледжана ў наступнай главе.
Такім чынам, можна зрабіць выснову аб шырокім распаўсюджванні на Беларусі дабрачынных традыцый, жаданні дапамагчы бліжнім, выратаваць ад духоўнага і матэрыяльнага заняпаду. Пры гэтым дабрачынная дзейнасць ахоплівала разнастайныя слаі грамадства і спрыяла захаванню і падтрымцы мінулых традыцый.
Сыч М.