Калі мы чуем пра Канстанціна Каліноўскага, то адразу ўяўляем хрэстаматыйныя характарыстыкі гэтай асобы: рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з аўтараў “Мужыцкай праўды” і яе распаўсюднік, кіраўнік паўстання 1863-1864 гг. на беларускіх землях ад лагера “чырвоных” і г.д. Але мала хто задумваўся і разважаў на конт таго, што змагар за незалежную краіну быў звычайным маладым чалавекам, які кожны дзень сутыкаўся з побытам, як кожны з нас нават і сёння, які меў нейкія цікавасці паміма прагрэсіўных думак аб свабодзе народа, які меў бацьку, старэйшага брата, сяброў і хваляваўся за іх, які таксама як і сучасная моладзь, кахаў і марыў аб светлай будучыні. Аднак, лёс распарадзіўся так, што адзін з самых выбітных юнакоў таго часу ў вельмі маладым узросце скончыў сваё жыццё на шыбеніцы і нават пасля пакарання расейскія карнікі паздзекваліся з цела рэвалюцыянера.
Мэта працы не пераказваць энцыклапедычныя факты з жыцця Канстанціна Каліноўскага, а паказаць як жа жыў той самы паўстанец, яго стасункі са сваякамі, з паўстанцамі або звычайнымі жыхарамі беларускіх зямель і проста расказаць пра невядомыя раней факты з яго жыцця.
Дзяцінства Канстанціна Каліноўскага было цяжкім, бо пасля смерці роднай маці бацька ажаніўся на іншай жанчыне, з якой у Канстанціна былі пастаянныя канфлікты, тым больш сям’я была шматдзетнай. Бацькі больш удзялялі часу малодшым дзецям, чым старэйшым [1, с. 32].
Кастуся ж выхаваннем займаўся старэйшы брат – Віктар Отан, які яго і прывёў у рэвалюцыйны гурток падчас навучання ў сталіцы Расійскай імперыі, таксама той жа Віктар пастаянна прыводзіў Канстанціна ў бібліятэку, дзе сам працаваў са старажытнымі дакументамі па даручэнні віленскай археалагічнай камісіі, каб малодшы брат даведваўся пра Родны край і яго гісторыю [1, с. 43]. Дарэчы, валоданне гісторыяй было на даволі добрым узроўні ў Кастуся, бо ў выданнях “Мужыцкай праўды” вельмі шмат параўнанняў тагачаснай соцыа-палітычнай сітуацыі ў грамадстве з часамі ВКЛ або РП. Бывала, Кастусь, нават афіцыйна, з дазвола дырэктара, падмяняў брата на працы [1, с. 44].
Станаўленне асобы адбылося падчас навучання ў Свіслацкай гімназіі з 1847 па 1852 [1, с. 38]. Пасля заканчэння вучобы некалькі гадоў жыў у Якушоўцы і дапамагаў бацьку па сямейнай справе, але частыя сваркі з бацькай і адчуванне таго, што рамесніцтва не яго справа спадвіглі Канстанціна ў 1856 г. паехаць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Пецербургскі ўніверсітэт. Там удзельнічаў у розных рэвалюцыйных гуртках, з цягам часу стаў вельмі важнай асобай у такім асяроддзі і меў вялікі аўтарытэт сярод сябраў патаемных рэвалюцыйных таварыств [1, с. 42].
Каліноўскаму, як і ўсім студэнтам таго часу і сённяшнім, пастаянна не хапала грошай, ён нават пісаў прашэнне на бесплатнае праслухоўванне лекцый, а потым і наданне яму разавай стыпендыі, як малазабяспечанаму, цікава, што рэктар задаволіў гэтыя прашэнні [2, 3]. Хаця бацька Сымон Каліноўскі меў 220 дзесяцін зямлі і 12 ткацкіх станкоў, абарот прадукцыі ў год быў каля 10тыс. рублёў срэбрам, а з 1851г. Сымон атрымлівае дазвол на выраб прадукцыі з фірменным клеймом [4, с. 50].
Летам 1860 г. Кастусь паспяхова скончыў навучанне і 17 лютага 1861 г. абараніў кандыдацкі дыплом права [5]. Праз два тыдні падаў прашэнне Віленскаму генерал-губернатару Назімаву прашэнне аб уладкаванні на працу, але Каліноўскаму было адмоўлена і аргументавана гэта адсутнасцю вакансій [6].
Як сведчаць паказанні бацькі – Сымона Каліноўскага, што браты вярнуліся дадому ў 1861г. Спачатку дапамагалі па гаспадарцы, але ў хуткім часе Кастусь пасварыўся з мачыхай і заявіў, што хоча шукаць працу і паедзе ў Гродна, бацька пагадзіўся з гэтым, наняў брычку і даў 12 руб. з сабой [6].
Таксама цікавы той факт, што Кастуся Каліноўскага мясцовая шляхта перад і падчас паўстання называлі хамам – бо выступаў за права сялян, адсюль і пайшоў адзін з псеўданімаў – Хамовіч [1, с. 54].
У 1862 г. Кастусь вяртаўся дадому двойчы: да і пасля каталіцкага вялікодня. Падчас другога прыезда Кастусь забраў некаторыя свае рэчы і заявіў, што едзе ўладкоўвацца следчым у Гродне, але трэба грошы на пражыванне: ежу і аплату кватэры [6]. Бацька ізноў наняў брычку і пазычыў сыну Кастусю 25 руб., але замест Гродна Кастусь скіраваўся на гэтай брычцы ў Слонімскі павет раскідваць “Мужыцкую праўду” [1, с. 55].
У хуткім часе, менавіта 5 лістапада 1862 г., памірае самы блізкі чалавек для Кастуся – старэйшы брат Віктар, які доўга пакутаваў ад сухоты [1, с. 42]. Нягледзячы на тое, што на дадзены момант маёнтак у Якушоўцы ўжо знаходзілася пад паліцэйскім наглядам, Кастусь употайку прыязджае на наступны дзень, каб развітацца са старэйшым братам. Прабыўшы дома некалькі гадзін, ён так жа патаемна пакідае маёнтак [7, с. 118].
Дарэчы, цікавы факт, што Каліноўскі падтрымліваў стасункі са сваімі стрыечнымі братамі, якія былі доктарам і ўнтэр-афіцэрам у атрадзе Стасюкевіча, які дзейнічаў на Падляшшы. У пачатку траўня 1863 г. Каліноўскі наведваў гэты атрад з інспекцыяй, дарэчы, адразу пасля інспекцыі атрада ў Мілавідах. Але загадзя ніхто з атраду не ведаў, што за важная асоба павінна прыехаць з інспекцыяй, бо Кастусь быў выдатным канспіратарам. Нават расейскія жандармы не маглі яго пазнаць, калі ён спакойна з чужым пашпартам ездзіў на цягніках або абедаў у кавярнях, перапоўненых расейскімі афіцэрамі. Тым больш і для паўстанцаў ён быў вельмі скрытнай асобай [1, с. 106].
Атрад вельмі сур’ёзна паставіўся да прыезду высакапастаўленага інспектара і доўга рыхтаваўся: чысціў стрэльбы і халодную зброю, падшывалі адзенне. Па прыезду інспектара камандзір паўстанцкага атраду Стасюкевіч скамандваў шыхтавацца паўстанцам. Невядомы ўважліва выслухаў даклад камандзіра і прывітаўся з паўстанцамі: “Шануе абаронцаў айчызны!”, а ў адказ паўстанцы выгукнулі: “Нех жые Польска!”. Потым інспектар абыйшоў увесь шыхт, падбардёзрваючы інсургентаў выразамі: “Добжэ, косінежы!”, “Дзенькую стшэльцы!”. Пасля гэтага людзей распусцілі, а таямнічая асоба доўга і фамільярна размаўляла з братамі-Каліноўскімі, якія, дарэчы, не сказалі баявым таварышам сапраўднага імя інспектара. Толькі пасля яго ад’езду камандзір Стасюкевіч паведаміў, што гэта быў Гродзенскі камісар [1, с. 107 – 108].
Дарэчы, Каліноўскі быў вельмі спецэфічна апрануты падчас інспекцыі: у паліто, шытай чамарцы, вялікіх ботах, з нажом і рэвальверам за поясам [1, с. 107]. Увогуле, апранаўся Кастусь своеасабліва: падчас навучання ва ўніверсітэце замест гальштука мог завязваць рушнік або кавалак абруса, а хадзіў, як і многія яго сябры, у падраным сурдуце і ботах [1, с. 49]. Рабілася гэта дзеля падкрэслення сваёй прыналежнасці да лагеру “чырвоных”. А падчас сваіх вандровак насіў на галаве фуражку Грамадзянскага ведамства і аўчынны тулуп, часта мяняў прычоскі, бывала, што хадзіў з вусамі, або з барадой, або ўвогуле паголены [7, с. 118].
Кастусь Каліноўскі быў вельмі эмацыйным чалавекам, аб чым сведчаць факты таго, што калі пры паседжаннях паўстанцкіх арганізацый чальцы не маглі знайсці паразумення, то Каліноўскі пакідаў памяшканне, пакуль усе не прыйдуць да адной высновы, а потым прыходзіў і спрачаўся з усімі, даказваючы свае погляды на разглядаемыя праблемы [1, с. 87].
Аднойчы Каліноўскі настолькі раззлаваўся падчас аднаго з паседжання Літоўскага камітэту, што Дзюлеран, які сцвярджаў, што землі Літвы і Беларусі – гэта спрадвечна польскія землі, быў наўпрост выцягнуты за каўнер і выкінуты з паседжання самім Кастусём [1, с. 186].
У Вільні Каліноўскі вельмі часта наведваў дом свайго сябра – Іосіф Яманта, пазней закатаваны расейскімі карнікамі, у якога былі дзве сястры – адна з іх Марыя Ямант – таксама паўстанка, удзельніца Жаночага камітэту, з якой Каліноўскі меў стасункі, яна і была той сама “чэрнабрэвай Марыськай”, менавіта ёй Кастусь пісаў “з-пад шыбеніцы” [1, с. 57].
Сам жа Каліноўскі з кастрычніка 1863г. пасяліўся ў Вільні ў будынку Светаянскіх муроў. У пачатку снежня, каб перачакаць паліцэйскую аблаву, Каліноўскі ўсю ноч хаваўся на даху будынка ў адных кальсонах [1, с. 119]. Таксама трэба было мяняць прозвішчы. Але доўга гэтак працягвацца не магло. Здраднік – член паўстанцкае арганізацыі В. Парфіяновіч – выдаў жандарам прыкладнае месца жыхарства Каліноўскага й імя, пад якім той хаваўся [1, с. 23].
З-за вялікае паспешлівасці знайсці прозвішча Вітажэнец у дамовых кнігах і ўдакладніць адрас не ўдалося. Таму браць галоўнага "коновода мятежа" былі пасланыя дзве роты салдат. Войскі ачапілі ўвесь Святаянскі квартал, і распачаўся планамерны вобыск памяшканняў. Калі жандары пагрукалі ў дзверы найманай Каліноўскім кватэры, Кастусь выйшаў да іх са свечкай у руцэ. На пытанне афіцэра "Хто вы?" ён упэўнена, не падазраючы пра здраду, адказаў: "Ігнат Вітажэнец", і быў схоплены. Адбылося гэта ў ноч на 29 студзеня 1864 г. [1, с. 23].
Падчас знаходжання ў турме Каліноўскаму далі стопку паперы і пяро з чарніламі, каб ён мог выказваць свае думкі. Менавіта на гэтых аркушыках былі напісаныя развітальныя “Лісты з-пад шыбеніцы”. Пастаянна ішлі допыты, вельмі часта па канвеернай сістэмею, але Кастусь спачатку не прызнаваўся, што ён апошні кіраўнік паўстання, але потым, пасля таго, як яго апазнала дачка ўладальніцы кватэры, дзе першы жыў, то прызнаўся хто ён насамрэч. Варта адзначыць, што паказанні Каліноўскага нікому з паўстанцаў не нашкодзілі [1, с. 24].
Сам Кастусь пісаў, што ў вароны за вакном, якая скача па снегу, свабоды больш, чым у яго. Але праз хуткі час расейскімі карнікамі быў вынесены вырак – смяротнае пакаранне праз расстрэл, але па асабістаму загаду Мураўёва расстрэл быў заменены на павешанне, а рухомая і нерухомая маёмасць Каліноўскага павінна была быць канфіскавана дзяржавай і прададзена з аўкцыёна [1, с. 120 – 121].
Нават маёмасць, якая магла яму перайсці па спадчыне. Але і пасля смерці Каліноўскі надурыў расейскіх карнікаў, бо асабліва нічога вартага не было ў яго, якрамя звычайнага стала, дзе, дарэчы, быў тайнік з дакументацыяй, якую паспела вынесці сябра Жаночага камітэру – Караліна Яцына, шахматны столік, прададзены за 2 рублі, некалькі шклянак і срэбная лыжка [8].
22 сакавіка 1864г. вырак быў прыведзены ў выкананне на Віленскім Лукішскім гандлёвым пляцы. Цела Каліноўскага спачатку закапалі на месцы пакарання, але ўначы адкапалі і перапахавалі,засыпаўшы вапнай, на гары Гедэміна, дзе была цытадэль расейскага гарнізону. Падчас навучання ва ўніверсітэце Кастусь Каліноўскі вельмі моцна захапляўся асобай не толькі Касцюшкі і Ясінскага, але і Шымана Канарскага, які таксама быў пакараны смерцю расейскай уладай [1, с. 41]. Аднак, на месцы яго пакарання быў створаны сапраўдны мемарыял: людзі вельмі доўгі час ускладалі кветкі да магілы Канарскага, а з яго кайданоў былі зроблены элементы чорнай біжутэрыі. Каб пазбегнуць такога ж эфекту пасля страты Каліноўскага, вельмі хутка было вырашана перавезці цела, а праз хуткі час на месцы магілы была зроблена пляцоўка для крыкету [1, с. 124].
Трэба адзначыць, што пасля пакарання смерцю Кастуся, расейская ўлада не пакнула і ў спакоі ані бацьку Канстанціна – Сымона, які быў арыштаваны на месяц і быў прымушаны даваць паказанні., ані, нават, памерлага ў 1862г. брата Віктара, які быў прыкладам для малодшага брата – Канстанціна.
Складальнік кніжных каталогаў, даследчык рукапісаў і фаліянтаў з часоў Вялікага Княства, адзін з аўтараў штодзённай польскамоўнай газеты “Słowo”, якая выдавалася ў Пецярбургу і фактычна працавала на будучыя кадры Паўстання [5]. Увосень 1862 года Віктар захварэў на сухоты, з’ехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, дзе напрыканцы кастрычніка і перарвалася ягонае кароткае жыццё [5]. Ужо існавала Гродзенская рэвалюцыйная арганізацыя, друкавалася і разыходзілася “Мужыцкая Праўда”, у фальварках ды маёнтках употай нарыхтоўвалася зброя, але ў 32 гады яго жыццё абарвала хвароба.
Віктар не дажыў да выбуху паўстання некалькі месяцаў, тым не менш, можна лічыць, прыняў у ім непасрэдны ўдзел. І няхай ягоныя рукі не сціскалі шаблі, ногі не тапталі эшафот, а імя не ўпрыгожыла падручнікі па гісторыі, увесь гэты шлях ён прайшоў праз асобу малодшага брата — Кастуся. Менавіта ён распавядаў падлетку пра рэвалюцыю ды прагрэс, падчас сваіх паездак да бацькоў у Якушоўку. Ён прывёў юнака ў расійскі рэвалюцыйны гурток у Пецярбурзе. Ён навучыў Кастуся любові да сваёй гісторыі і народу, які падымаў галаву на фоне еўрапейскага нацыянальнага абуджэння. Хто ведае, магчыма, калі б старэйшы брат працягваў жыць, менавіта ён стаў бы на чале паўстання ў Беларусі, а Кастусь стаўся б ягоным найбліжэйшым паплечнікам і правай рукой.
У канцы жніўня 1864 года, праз некалькі месяцаў пасля гібелі Кастуся, у Гродна з Вільні прыходзіць ліст, у якім настойліва патрабуюцца звесткі аб месцы ды сведках пахавання Віктара Каліноўскага. Такіх дадзеных гродзенскія губернскія службоўцы даць не змаглі. Таму ў хуткім часе ў Свіслач едзе прадстаўнік следчай камісіі, каб пацвердзіць факт смерці Віктара Отана [5]. Толькі пасля знаходкі магілы і чалавека, які яго непасрэдна хаваў, следства па справе Віктара лічыцца скончаным.
А.А.Кайрыс
Наука-2015 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. М. Третьяков (гл. ред.) [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2015. – 291 с.
This article organize and generalize the facts about Kastus Kalinouski, which concern his everyday life of studying in gymnasium and university, his relations with relatives and colleagues, and even his works, but only indirectly affecting his revolutionary activity.