У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі дастаткова вялікіх памераў дасягнула яўрэйская эміграцыя. Яна была выклікана рознымі прычынамі, у першую чаргу эканамічнымі. На насельніцтве “крэсаў” асабліва моцна адбіўся эканамічны крызіс 30-х гадоў, які прывёў да рэзкага павелічэння колькасці жадаючых выехаць за мяжу.
У маі – чэрвені 1936 г. цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю пачалі расці, ажывіўся гандаль. Аднак гэтыя станоўчыя змены ў эканоміцы ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва былі паралізаваны антысеміцкімі выступленнямі часткі польскіх палітычных партый і рухаў. Такім чынам, да эканамічных прычын яўрэйскай эміграцыі далучыліся яшчэ і палітычныя.
Галоўнымі напрамкамі эміграцыі былі Палесціна і Аргенціна. У 1935 г. з Польшчы ў Палесціну эмігрыравала 25 тысяч чалавек. У Аргенціну ў тым жа годзе выехала 2022 яўрэя. Аднак ужо ў 1936 г. у выніку пагаршэння гаспадарчага становішча і актывізацыі арабскага руху эміграцыя ў Палесціну скарацілася да 11 тысяч чалавек [1; л. 2]. Эміграцыя ў Аргенціну была звязана з найбольш спрыяльнымі правіламі наведвання гэтай краіны, хоць яны ў 30-я гг. сталі больш жорсткімі. Улады Аргенціны вызначылі колькасць пасведчанняў на атрыманне эміграцыйных пашпартаў, якая залежала ад становішча на рынку працы. Аднак выдзяляліся пэўныя катэгорыі замежнікаў, якія маглі атрымаць права на пражыванне і працу звыш вызначанай нормы. У іх ліку былі і яўрэйскія кандыдаты, падтрыманыя Яўрэйскім Цэнтральным Эміграцыйным таварыствам “Jeas”[2; л. 96].
Іміграцыя ў ЗША, Канаду і еўрапейскія краіны была адкрыта для людей, якія мелі капітал для набыцця зямлі, або на існаванне на працягу доўгага часу, пакуль будуць шукаць працу.У сувязі з тым, што выязджалі з Польшчы ў асноўным прадстаўнікі маламаёмных слаёў насельніцтва, то для іх гэтыя абмежаванні былі сур’ёзнай перашкодай.
Характэрнымі асаблівасцямі эміграцыі ў Заходняй Беларусі з’яўляліся адсутнасць сезонных выездаў у суседнія дзяржавы (Германію, Літву і г.д.) і перавага заакіянскай эміграцыі над еўрапейскай.
Улады Польшчы імкнуліся да ўмяшання ў эміграцыйныя працэсы з мэтай зрабіць іх планамернымі і арганізаванымі. Пры Міністэрстве працы і сацыяльнай апекі існавала эміграцыйнае ўпраўленне, якое першапачаткова ажыццяўляла сваю дзейнасць праз урадавыя ўстановы апекі над бежанцамі. Першыя крокі па дзяржаўнаму рэгуляванню эміграцыйных працэсаў былі зроблены ўжо ў 1921 г., калі было выдадена распараджэнне аб філіялах параходстваў, у якім агаворвалісяпатрабаванні да іх і формы кантролю. На кіруючыя органы параходства была ўскладзена адказнасць за работуі падбор служачых аддзелаў, абавязак знаёміць філіялы з распараджэннямі эміграцыйнага ўпраўлення. Аддзелы не павінны былі браць ніякіх дадатковых аплат з пасажыраў, акрамя цаны за білет на карабель. Аднак на самой справе было шмат парушэнняў, пачынаючы з падробкі пячатак і вырабуфальшывых пашпартоў і заканчваючы нелегальнай перавозкай пасажыраў. Найбольш распаўсюджаннымі былі недаставернае інфармаванне аб эканамічных умовах жыцця ў іншых краінах, незаконная агітацыя работнікаў, хабар, перавозка пасажыраў без ліцэнзіі. З 1922 г. дзяржаўныя ўстановы пасрэдніцтва працы і апекі над бежанцамі пачалі весці рэгістрацыю эмігрантаў і рээмігрантаў, а таксама даследаваць праблему нелегальнай эміграцыі[3; л. 4].
Рэгістрацыя дазволілаўраду назіраць за эміграцыйнымі працэсамі і каардынаваць сваю палітыку адпаведна з імі. 11 кастрычніка 1927 г. выйшла распараджэнне прэзідэнта Польшчы, у якім вызначаліся органы па справах эміграцыі, іх функцыі, правілы перавозкі і найма польскіх грамадзян, жадаючых працаваць за мяжой. Цэнтральным органам было абвешчана эміграцыйнае ўпраўленне, на чале якога стаяў дырэктар, прызначаны прэзідэнтам. Яму, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся інспектары, а таксама дзяржаўныя ўстановы пасрэдніцтва працы і апекі над бежанцамі па справах, якія закраналі эміграцыю. Пры Міністэрстве працы і сацыяльнай апекі у якасці дарадчага органа быў створаны Дзяржаўны савет, які складаўся з дырэктара эміграцыйнага ўпраўлення, асоб, што працавалі над тэарэтычнымі або практычнымі пытаннямі ў галіне эміграцыі, прадстаўнікоў прафсаюзных або грамадскіх арганізацый. З 28 верасня 1928 г. былі адчынены прадстаўніцтвы ўпраўлення ў Варшаве, Кракаве, Львове, Беластоку і Брэсце (распаўсюджвала сваю дзейнасць на Палескае і Валынскае ваяводствы). У іх функцыі ўваходзіла выдача пасведчанняў на атрыманне пашпартаў, кантроль за арганізацыямі, якія ажыццяўлялі перавозку эмігрантаў, нагляд за спосабамі інфармавання і найма рабочых, вядзенне статыстыкі[4; л. 111].
Акрамя дзяржаўных органаў існавалі разнастайныя грамадскія арганізацыі, якія займаліся непасрэдна апекай над эмігрантамі. Яўрэйскае Цэнтральнае Эміграцыйнае таварыства “Jeas”з’яўлялася часткай сусветнага аб’яднання HICEM. Цэнтральнае кіраўніцтва апошняга знаходзілася ў Парыжы. Яно фарміравала зачную частку бюджета“Jeas” і давала інфармацыю аб умовах эміграцыі ў розныя краіны.
У ліпені 1936 г. ў Парыжы адбылася канферэнцыя усіх эміграцыйных і іміграцыйных камітэтаў, якія ўваходзілі ў складHICEM. Мэтай канферэнцыі была каардынацыя ўзаемадапамогі. Яўрэйскае таварыства “Jeas” наладжвала кантакты з дабрачыннымі арганізацыямі, дапамагала эмігрантаму афармленні патрэбных дакументаўі выкананні розных фармальнасцей, звязаных з выездам, прадстаўляла інтарэсы эмігрантаў перад уладамі, займалася пошукамі сваякоў, што выехалі за мяжу. Бюджэт “Jeas” складаўся з членскіх узносаў і платы эмігрантаў за білеты. Яўрэі, якія праходзілі праз таварыства, плацілі за білеты 80 долараў ЗША, у той час як ва ўсіх астатніх арганізацыях падобнага тыпу іх кошт вагаўся ад 107 да 112 долараў[2; л. 44].
Таварыства “Jeas” мела на тэрыторыі Заходняй Беларусі аддзяленні ў Брэсце, Беластоку (зарэгістрыравана ў снежні 1924 г.) і Вільні (зарэгістрыравана ў лютым 1925 г.). Пры кожным з іх працавалі інфармацыйныя бюро. Філіялы падтрымлівалі сувязі з мясцовымі органамі ўлады па пытаннях, што закраналі апеку над эмігрантамі. Аддзяленне ў Вільні, напрыклад, мела цесныя сувязі з “Таварыствам дапамогі беднаму яўрэйскаму насельніцтву” і “Таварыствам апекі над яўрэйскімі сіротамі”. Супрацоўнікі аддзялення арганізавалі курсы вывучэння англійскай мовы, якія аплочвала Цэнтральнае таварыства ў Варшаве. Адтуль атрымлівалі інфармацыйныя бюлетэні і зарплату супрацоўнікам аддзялення. Час ад часу весткі аб дзейнасці арганізацыі змяшчаліся ў мясцовай яўрэйскай прэсе.Яўрэйскае Цэнтральнае Эміграцыйнае таварыства “Jeas” знаходзілася пад непасрэдным кантролем з боку Міністэрства працы і сацыяльнай апекі, якое першапачаткова ўсяляк яго падтрымлівала, у тым ліку і фінансава.
11 студеня 1930 г. у Польшчы было створана аб’яднанне з абмежаванай адказнасцю – “Эміграцыйны сіндыкат”, які пачаў сваю дзейнасць з красавіка гэтага ж года. У яго склад увайшлі польскія і ліцэнзіраваныя ў Польшчы параходствы, а таксама Міністэрства фінансаў, якое валодала 70% акцый і мела рашаючы ўплыў на работу гэтай арганізацыі. Стварэнне “Эміграцыйнага сіндыкату”, магчыма, было звязана з павелічэннем колькасці парушэнняў эміграцыйных правіл у час сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. Асноўнымі задачамі гэтай арганізацыі з’яўляліся аказанне дапамогі эмігрантам і барацьба з іх нелегальнай перавозкай. Цэнтральнае бюро знаходзілася ў Варшаве і ажыццяўляла кіраўніцтва ўсёй арганізацыяй і разлікамі з параходствамі. Шматлікія аддзелы “Эміграцыйнага сіндыкату” былі адчынены у правінцыі. Яны аказвалі дапамогупры падачы заяў і ў набыцці білетаў, давалі бясплатную інфармацыю[2; л. 41].
У Палескім ваяводстве аддзелы “Эміграцыйнага сіндыкату”існавалі ў Брэсце і Пінску, агенствы – у Драгічыне, Кобрыне, Пружанах, Сарнах[5; л. 5]. Ад часу свайго ўзнікнення “Эміграцыйны сіндыкат” уступіў у жорсткую барацьбу з іншымі таварыствамі і інфармацыйнымі бюро параходстваў, у тым ліку і яўрэйскімі, якія мелі шырокую сетку сваіх прадстаўніцтваў у ваяводстве. Так, у адным з паведамленняў Пінскага аддзела адзначалася, што ў дадзенай мясцовасці існавала добра наладжаная яўрэйская эміграцыя, і каб “вырваць” яе з рук яўрэйскіх таварыстваў, спатрэбілася дапамога мясцовых улад. У лістападзе 1930 г. выйшаў загад палескага ваяводы аб падтрымцы “Эміграцыйнага сіндыкату” з боку мясцовых улад, якія павінны былі весці барацьбу з нелегальнай агітацыяй[5; л. 1-4]. Пасля выхаду гэтага дакумента “Эміграцыйны сіндыкат” заняў пануючае становішча ў ваяводстве. Аднак, негледзячы на тое, штояўрэйскія таварыствы былі выцеснены з правінцыі, яны працягвалі сваю дзейнасць у буйных гарадах.
У Палескім ваяводстве з дапамогай Яўрэйскага Цэнтральнага Эміграцыйнага таварыства “Jeas” з 1 красавіка 1932 г. да 31 сакавіка 1933 г. з чатырох паветаў (Брэсцкага, Кобрынскага, Пружанскага і Пінскага) выехала за мяжу на пастаяннае месцажыхарства 128 самотных грамадзян і 34 сям’і (у Палесціну эмігрыравала 86 самотных і 12 сям’яў, у Аргенціну 22 – самотных і 17 сям’яў. У наступны перыяд – з 1 красавіка да 31 снежня 1933 г.– паток легальных эмігрантаў, асабліва ў Аргенціну, зменшыўся і склаў 6 самотных і 7 сям’яў, а ў Палесціну – 52 самотных і 22 сям’і. У 1935 і 1936 гг. праз аддзел “Jeas” у Брэсце эмігрыравала 573 і 448 чалавек адпаведна[1; л. 7]. Усяго за перыяд з 1927 па 1937 гг. з тэрыторыі Палескага ваяводства ў Палесціну выехала 4600 чалавек. На жаль, вызначыць, колькі было яўрэяў сярод 11 тысяч эмігрантаў у Аргенціну, немагчыма, таму што статыстычныя дадзеныя па іх нацыянальнаму складу адсутнічаюць[6; s. 57].
Стецкевич П.Т.