Для жыхароў рэгіёна гэта вельмі значнае свята. Рэлігійная складаючая і галоўны атрыбут – грамнічная свечка – захаваліся да нашых дзён. Напярэдадні Г. рыхтавалі свечкі для асвячэння. Рабіць іх патрэбна было з воску, які яшчэ нідзе не выкарыстоўваўся. Свечку запальвалі ў храме і неслі дадому запаленай. Калі дорога была няблізкая, свечку тушылі і хавалі пад вопратку кнотам уніз. Дома запаленую свечку гаспадар (пры яго адсутнасці – гаспадыня) спачатку падносіў да ўсіх сямейнікаў, крыжападобна падпасмальваючы валасы, потым са свечкай абыходзілі ўсе вуглы хаты і дымам ад свечкі капцілі крыж на кожнай бэльцы, на дзвярах, потым ішлі ў хлеў, дзе абносілі ўсю жывёлу, выпісвалі крыжы на сценах, вушаках. Такім чынам абыходзілі ўсе гаспадарчыя пабудовы. Пасля свечку загортвалі ў тканіну і затыкалі за абразы альбо клалі ў куфар. Грамнічная свечка павінна была прысутнічаць у кожнай хаце. Яна выкарыстоўвалася як атрыбут важнейшых абрадавых дзеянняў як гадавога кола, так і сямейнага цыкла падчас усіх важных падзеяў у жыцці чалавека ад нараджэння да смерці. Грамнічная свечка выкарыстоўвалася таксама як універсальны апатрапей (асабліва важнымі лічыліся ахоўныя функцыі яе ў абароне ад навальніцы і пажараў), а таксама як лекавы сродак. На Г. таксама прадказвалі надвор’е і будучы ўраджай. Да таго, гэты дзень лічыўся небяспечным для паходаў у лес. Лічылася, што ў гэты час ваўкі нападаюць на чалавека.
І.С. Чарнякевіч